Разлучыўся салдат з сваёй роднай сям‘ёй,
Разьвітаўся ён з домам сваім.
Знае лес баравы, дзе дыбаў ён ступой,
Што за думкі віліся над ім.
Замірала душа, млела сэрца яго,
Засьцілаліся вочы сьлязьмі.
Кінуў жонку адну і дзяцей… на каго?
Хоць ты з жалю разьбіся вазьмі.
Разважае бядак, дом ня йдзе з галавы,
Пахілілася з гора яна.
І, здавалася, з ім плакаў лес баравы,
Быццам думка была ў іх адна.
У нязнанай далі мы дажджэмся чаго?
Прападзеш, бы й на сьвеце ня жыў.
І ня скажа ніхто, дзе магіла яго,
Дзе ён косьці свае палажыў.
Скрозь прагалін лясоў былі хмаркі відны.
Ў сінім небе іх нікла руно.
І, здавалася, з ім смуткавалі яны,
Як-бы гора было ў іх адно.
Эх, за што? ну, за што, адкажэце вы мне,
Я павінен другіх зьніштажаць,
Ці калечыць сябе ў гэтай дзікай вайне
І пад кулі свой лоб падстаўляць?
Вы, што селі ўгары, як вас, каты, назваць?
Не шкада вам нявінных людцоў.
Самадурства сваё вы гатовы купляць
Міліёнамі нашых галоў!
1916 г.
|