Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/«Асадзі назад»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Констытуцыя „Асадзі назад“
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Першае знаёмства
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Асадзі назад!».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„АСАДЗІ НАЗАД“

Дрэнна маё жыцьце,
Ўсё ідзе ня ў лад,
І крычаць мне ўсюды:
„Асадзі назад!“

Божа ты мой мілы!
Б‘юся я, як гад,
Толькі-ж дзе ні ткнуся —
„Асадзі назад!“

Помню я жаніўся.
Добры быў мой сват.
К дзеўцы нас паткнулі —
„Асадзі назад!“

Дзеўка была важна,
Ды сусед — Кандрат
Ногу мне падставіў —
„Асадзі назад!“

Трапіў раз у горад,
Быў якраз „парад“,
Лезу я наперад —
„Асадзі назад!“

У засеках пуста,
Жыта выбіў град,
— Дай, старшынька, „ссуды“
— „Асадзі назад!“

Я з капейкі зьбіўся,
Зарабіць я рад.
— Ці няма работы?
— „Асадзі назад!“

Сам я растрапаўся,
Лезе з плеч халат.
— Памажэце, людзі!
— „Асадзі назад!“

Сына свайго ў людзі
Вывеў-бы Ігнат.
— Вось мой сын, паночкі!
— „Асадзі назад!“

Ў вёску хлеб прыслалі,
Там галодных шмат.
Пруся я з мяшчэчкам —
„Асадзі назад!“

Галаву я маю.
Быў-бы дэпутат.
„Цэнзу“ ты ня маеш,
„Асадзі назад!“

Праўда, што таіцца,
Быў і мой чарод:
Два разы на жыцьці
Вышаў я ўпярод.

Ўзбунтаваў я вёску.
Ой, быў цяжкі год!
Прыяжджае прыстаў:
— Выхадзі ўпярод!

Гэта ты, мярзавец
Ўзбунтаваў народ?
Гэй, гарадавыя!
Даць яму ўпярод!

1908 г.