Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/У вастрозе (Аб чым тут мне думаць у гэтай няволі…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня няволі У вастрозе
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
У вастрозе вясной
Іншыя публікацыі гэтага твора: У астрозе (Аб чым тут мне думаць у гэтай няволі…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ў ВАСТРОЗЕ

Аб чым тут мне думаць у гэтай няволі,
У гэтай магіле-турме,
Дзе радасьці сэрца ня знае ніколі,
Дзе жыцьце праходзіць у цьме?

І ўзыдзе і зойдзе высокае сонца,
І месяц устане ўгары,
І зорак далёкіх скрозь хмар валаконцы
Так ціха гараць ліхтары,

І белыя хмаркі кудры ваўністыя —
Сваю тонкарунную ткань —
Ціха расьцелюць па небе па чыстаму
І віснуць над сьветам, як здань…

Бяздоннае неба, неба раскрытае
Прасторам і воляй жыве
І жыцьце няўдалае, жыцьце разьбітае,
Прастор гэты неба заве.

Ўскалышуцца думкі, як лісьце на дрэве,
Калі на іх вецер дыхне,
І сэрца ўскіпае абурана ў гневе,
І душу маланка жахне.

І горка, так горка, нявесела стане,
І смутак на сэрца спадзе.
А жыцьце праходзіць, а моладасьць вяне
І вяне бяз толку ў нудзе…

Аб чым-жа тут думаць у гэтай няволі!
У гэтых крывавых мурох?
Эх, каты вы, каты народнае волі!
Нашто збудавалі астрог?

1910 г.