Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/Пісьмо з астрогу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сьмерць арыштанта Пісьмо з астрогу
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Катаржнікі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пісьмо з астрога (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПІСЬМО З АСТРОГУ

— Напішы мне, калі ласка,
Пісямко да хаты!
Піша з дому мне Параска,
Што сын здан ў салдаты…

Охо-хо! — Пракоп ўздыхае
Джургае чупрыну,
А ў руках пісьмо трымае
І канвэрцік сіні.

Просіць шчыра грамацея,
Нават шапку скінуў.
Сам Пракоп пісаць ня ўмее —
Дзе? Ў бядоце гінуў!

Гадаваўся на мякіне,
Жыў з худобай змалку.
Смак жыцьця пазнаў на сьпіне,
Высах сам у палку.

А нарэшце, вось, папаўся
Ў сьпісак арыштанскі,
А за што? Нібы зьбіраўся
Падпаліць лес панскі!

— Што-ж табе пісаць старэнькі?
— А пішы, нябога!
Жонка, сын мой даражэнькі!
Шлю паклон з астрогу.

Сэрца мне баліць, і вас я
З думак ня спускаю.
Кожны божы дзень і час я
Дом успамінаю.

Жонка мая дарагая!
Ты ня скрыўдзь Івана.
Калі грошай не хватае,
Папрасі ў Сьцяпана.

Няхай Сьцёпка не баіцца —
Аддамо з падзякай.
Хлопцу-ж трэба хоць акрыцца,
А ня йсьці сабакам.

Спраў кажух яму і боты,
Выпраў, як і людзі.
Дай з сабою колькі злоты —
Весялейшы будзе.

Калі корму досыць маеш,
Падкармі больш сьвінку,
Мо‘ якую захаваеш
На вялікдзень шынку.

А калі на грош няхватка
Або корму мала,
Закалі і з поўдзесятка
Хунтаў прышлі сала…

Сын мой! снасьці рыбаковы
Добра ты прыпратай —
Згодзяцца, а венцер новы —
Маеш час — залатай.

І яшчэ, мой сын, прашу я
Човен кінь ў адрыну,
Няхай вецер ня сьвідруе,
Няхай так ня гіне.

Усё, што можна, захавайце,
Пакуль я вярнуся.
Нераток стары аддайце
Міхалю з Габрусем.

Кнігі ўсе, апроч псалтыра,
Вы аддайце Грышку,
Хай сабе чытае шчыра,
Бо ён любіць кніжку.

Дарагі сын! перад здачай
Да мяне зайдзі ты,
Можа болей і ня ўбачу,
Не пачую, дзе ты.

Не маркоцьцесь, не бядуйце —
Дасьць бог спосаб новы,
Што-ж ты зробіш? пагаруйце…
Будзьце ўсе здаровы!

1909 г.