Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/З боку ад жыцьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сохну марна я… З боку ад жыцьця
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Вячэрнія хмаркі
Іншыя публікацыі гэтага твора: З боку ад жыцьця (Колас, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З БОКУ АД ЖЫЦЬЦЯ

Там, на волі, за сьцяною,
людзі чуюць, што жывуць,
І з вясёлай сумятнё
Вечароў калядных ждуць.

Ў хаце ўся сям‘я зьбярэцца
За сталом каля гаршка,
І прыветней мігатнецца
Бляск у вокнах бедака.

Ад каляд па вадахрышчы
Будуць весела гуляць,
Вечарамі на ігрышчы
Бубен, скрыпка зазьвіняць.

І сягоньня, як і ўчора,
Пойдзе ходарам сьцяна…
Хоць на момант сьціхне гора
Перад чаркаю віна.

Крык і гоман, шум і песьні…
Як разыдуцца ў мароз —
Не адно рабро там трэсьне,
Не адзін стаўчэцца нос.

П‘юць, гуляюць там багата,
Шум, ігрышчы, куцярма, —
Словам, там усім вам сьвята,
Толькі мне яго няма.

Тыя-ж краты, тыя-ж дзьверы
Дзень і ночку пад замком,
Той-жа звон, ліхі бяз меры,
Рэжа сэрца як нажом.

Што-ж? гуляйце! Безгалоўе
Бутлям, скваркам, куляшу!
Я-ж за ваша ўсіх здароўе
Пайку хлеба упішу.

1910 г.