Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Эй, скажы мне…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На крыжовых дарогах Эй, скажы мне…
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Дзяўчыне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Эй, скажы мне, небарача…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Эй, скажы мне, небарача,
Ты, каго ў ярме трымаюць,
Чыё жыцьце папіхаюць:
Сам гібееш, доля плача,
Ва ўсім чысьценка нястача,

Сееш многа ты і дбала,
Хоць скупое тваё жніва,
Адкажы ты мне праўдзіва:
Што цябе тут прыкавала?
Ці табе дарожак мала,

Або сьвет тут зачыніўся?
Ці ты глух на папіханкі?
Сьвецяць рэбры скрозь катанкі,
А праз шапку чуб прабіўся.
Ці ты век цярпець згадзіўся?

Ці ня чуў аб лепшай долі?
— Ой, даўно-б я ўсё пакінуў,
Толькі-ж многа сьлёз я лінуў,
Выліў поту ў тыя ролі
Дзе ўзыходзяць песьні болю.

Дык няхай сьвет хоць трасецца, —
Я тут вырас, тут і згіну,
А разорак тых ня кіну,
Дзе мой смутак, жаль снуецца,
Дзе мне шчасьце не даецца,

Бо я цьвёрда веру ў тое,
Што наш засеў ў полі дзікім
Гневам вырасьце вялікім
І затопіць усё злое,
Ўсё няшчасьце векавое.

1912 г.