Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/У імгле

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На чужыне У імгле
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Крыж
Іншыя публікацыі гэтага твора: У імгле.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ІМГЛЕ

Дрот на слупе гучна звоніць.
Слуп сакоча і дрыжыць…
Эх, аб чым, аб чым гамоніць
Гэта кованая ніць,

Што сталёваю асновай
Абвіла зямлі канцы?
Што сваёю звонкай мовай
Кажуць гэтыя ганцы?

І якія весткі людзям,
Краю нашаму нясуць?
Ці мы будзем ці ня будзем
Пад чужынцам шыі гнуць?

Ці ўздужае стаць на ногі
У прах зьнішчаны наш край?..
Сець сталёва ўздоўж дарогі!
Ты адказ мне ясны дай!..

Дрот гудзе, зьвініць, сакоча.
Слуп за слупам ў даль бяжыць.
Доля горкая, сіроча,
Як і тая даль маўчыць.

І навісла зноў бяз шуму
Нярухомая імгла,
І цяжэрная задума
Над балотамі лягла.

1919 г.