Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Пад новы год (1914)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На разьвітаньні Пад новы год (1914)
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Я хачу аб табе…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пад Новы год (Ноч глухая, цьма, завея…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАД НОВЫ ГОД

(1914 г.)

Ноч глухая, цьма, завея,
Ня відно і сьвету.
Толькі сьнег адзін бялее,
Ў шэрань лес адзеты.

Ні праезду, ні праходу,
Белы пыл у полі,
Як-бы тут дарожак з роду
Ня было ніколі.

Сьвішча, плача і галосіць,
Вые завіруха.
Хаты, гумны, — ўсё заносіць
Гурбамі наглуха.

Цісьне, крэпіць халадзішча,
Проста ліпнуць вочы.
Божа, што тут за ігрышча,
За сьмех патарочы!

А хто ходзіць полем-логам
Ў сьнезе па калені?
На пакуту, бачна, богам
Выгнаны два цені.

Чаго ходзяць? што шукаюць
Сярод цьмы-нягоды?
Гэта ходзяць, азіраюць
Божы сьвет два годы.

У старога за плячамі
Мех стары трасецца,
Малады год пад дарамі
Ажно крэхча, гнецца.

— Фу, мароз які пякучы —
У ваччу іскрыцца!
Мерзнуць ногі праз анучы,
Нос гатоў зваліцца!

Кажа новы год старому:
— Дык спыні шум буры —
Мо пляцецца хто дадому
Да свае пячуры,

Каб спаткаць мяне пачэсна,
Як вядзецца ў родзе,
З жонкай, з дзеткамі сумесна,
У ладу і згодзе.

Цяжка бедным і пахілым,
Зжалься над народам!
Я хачу быць для ўсіх мілым
Добрым новым годам:

Усьміхнуўся, ўзьняўшы плечы,
Год стары на гэта:
— Ты гаворыш не дарэчы,
Бо ня знаеш сьвету.

Слухай, дружа, і вучыся —
Я ўжо — госьць на сьвеце,
Ледзь хаджу я, трасучыся,
Ня жыхар я — сьмецьце!

Перабыў свой час і — квіта,
Ды я досьвед маю
І ў апошні час пабыту
Слухай, што параю:

Калі хочаш, ягамосьцю,
Ў памяці застацца,
Ўежся людзям добра ў косьці,
Хоць злым будзеш звацца…

— Што пляцеш, пустапарожны?!
Проста слухаць нудна:
Добры год больш помніць кожны!
— Гм! згадзіцца трудна. —

Заспрачаліся, як дзеці,
Блазан і старое.
Што жыве даўжэй на сьвеце:
Добрае ці злое?

Гоман, крык, бы зьвёў ліхі іх,
Проста, чуць ня б‘юцца.
Толькі торбы і мяхі іх
І кіі трасуцца.

— Ша! — сказаў стары — даволі!
Ты да спрэчак ласы.
Мы-ж ня згодзімся ніколі
Запытаем часы.

Змоўклі. Ідуць. Лес прад імі
Ўстаў сьцяной магутнай,
Хвоі лапамі старымі
Б‘юцца ў песьні смутнай.

І гудуць дубы нястройна,
Грозна жараламі,
Лес трасецца неспакойна,
Гойдае камлямі.

І чым далей, лес дзічэе,
Неба закрывае,
Нават вецер там ня вее.
Пушча — страх якая!

— Станьма тут, — стары гаворыць.
Глуха на палянцы.
Ціха дрэвы штось гутораць,
Веку выхаванцы.

Ціха ходзяць іх макушкі
Над палянкай з краю.
— Эй, вы, часы, божы служкі!
Я вас выклікаю!

Крыкнуў год стары, і дзіва:
З-за камлёў драўляных,
Нібы дым, ўстае маўкліва
Рад цянёў нязнаных!

Вышлі цені на палянку.
Ўсе пад нумарамі.
У беласьнежную катанку
Ўлезшы з галавамі.

На адных, бы кроў, гарэлі
Знакі агнявыя,
А з другіх чучь-чуць глядзелі
Напісы сьляпыя.

Год стары ўстае прад імі
І кажа ўладарна:
— Станьце, годы злыя, з злымі,
Хто ня згінуў марна!

І вы, добрыя гадочкі,
Вечнай праўды стражы,
Станьце бліжай у радочкі.
Няхай кожны скажа

Ці зьвялася, ці пануе
Памяць ваша ў сьвеце,
Як кахае, як шануе
Вас патомства-дзеці! —

Так сказаў стары, і годы,
Добрыя і злыя,
Замільгалі, бы ў нягоды
Лісьці залатыя.

Годы з напісам чырвоным
Паасобна сталі,
Множствам страшным, нязьлічоным
Пушчу запаўнялі.

А іх напісы гарэлі
Слупам агнявістым,
Ад іх неба чырванела,
Пушча з сьнегам чыстым.

Годы добрыя нясьметна
Сталі ўсе па чыну,
Цьмяна, бледна, чуць прыметна,
Зьліўшыся ў раўніну.

І выходзіць цень бясшумна,
Глуха дакладае:
— Я напоўніў людзям гумны,
Бо я — год Раджаю.

Людзі трохі падабрэлі.
Ураджай хвалілі.
Як дабро-ж мае паелі,
Дык мяне забылі.

Паліняла і зьвялася
Памяць між народаў. —
Так сказаўшы, адышлася
Цень Раджаю-году.

— А я голадам вядомы.
Я — год Галадоўлі.
Я спустошыў людзям долы,
Гумны і будоўлі.

Мерлі людзі і жывёла,
Як з атруты мухі.
Счысьціў я усё да гола,
Нарабіў разрухі.

А мяне дагэтуль людзі
Часта ўспамінаюць.
Так было і гэтак будзе:
Зла не забываюць. —

Сказаў гэтак цень з крывавым
Агнявістым знакам.
— Я быў згодаю, ласкавым,
Рассыпаўся макам,

Каб лагодзіць, жыць у згодзе.
Згода панавала,
Быў парадак у народзе,
Царствы сябравалі.

А прайшоў мой час, — як сьмецьце
Зьнішчылася памяць
Ці быў я, ці не, на сьвеце,
Нават і ня ўцямяць.

— Калатню я даў народу,
Меч прынёс, пажары,
Я забраў яго свабоду,
Я — год Помсты, Кары.

Я растрос зямлю дазваньня,
Я быў год няшчасны,
Аба мне-ж апавяданьні
Сьвежы, чоткі, ясны.

— А я сеяў зерні знаньня,
Праўды разуменьня,
Волі, радасьці жаданьне, —
Я — год Прасьвятленьня.

Мой агонь гарыць і зьяе;
Сэрцы людзям грэе.
Аба мне слых ня ўмірае
І жыве надзея.

— Я мрок сеяў у народзе,
Зацямняў галовы…
— Сьціхні голас часаў! годзі!
Год прамовіў новы.

І ўсё змоўкла, ціха стала,
Цені ўсе застылі,
Толькі пушча задрыжала,
Дрэвы ўзгаманілі.

І стары год стаўся ценем.
Поўнач падступала
І пячаці задуменьня
На ўсё накладала.

— Цені, згіньце! Я ўладарны
Гаспадар над вамі!
Мой прышоў час! — Цені марна
Зьніклі між камлямі.

Змоўкла пушча, сьціхла бура,
Зоры замігалі.
І зямля і лес пануры
Новы год віталі.

І ўсё поглядам пытае
Маладога году:
Што нясе нам, чым спаткае
Новая прыгода.

1913 г.