Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Ліпы старыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сябром Ліпы старыя
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Пад сьпеў ветру
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ліпы старыя.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІПЫ СТАРЫЯ

Ліпы старыя шумяць за сьцяною,
Жаласна, глуха шумяць,
Смутна ківаюць, трасуць галавою,
Толькі галіны скрыпяць.

Пышны убор іх, лісты, пазрываны,
Вецер разьвеяў, разьнёс,
Нудна і ім за астрожным парканам,
Цяжка ім зносіць мароз.

Плачуць гаротныя ліпы старыя,
Плачуць на долю сваю:
Пышна расьлі мы, цьвілі, маладыя,
Добра было у гаю.

Вольныя птушкі вакол шчабяталі,
Божыя пчолкі гулі,
Тоўстыя вязы ад бур нас хавалі,
Сеткі дубы нам плялі.

Белыя хмаркі над намі гулялі,
Беглі ў няведамы край,
Чыстыя росы, як срэба блішчалі,
Гоманам поўніўся гай…

Там-бы хацелі расьці, красавацца,
Дол дзе капае ральнік,
Родную песьню дзе ціха сьпявае
Сын Беларусі, мужык.

Нас перанесьлі на глебу чужую —
Сьвету, прастору няма.
Ўсе нас забылі, ніхто нас ня чуе,
Чуе нас толькі турма.

1908 г.