Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Дзе вы?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У дарозе Дзе вы?
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Я помню, быў…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе вы? (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЕ ВЫ?

Быў у нас хаўрус,
Крэпка зьвязаны,
Дружбай моцнаю
Падпяразаны.

Жыў ён думкамі
І надзеямі
Сьмела ў бой ісьці
З ліхадзеямі,

З ноччу цёмнаю,
Беспрасьветнаю,
З доляй горкаю,
Няпрыветнаю,

Каб расчынен быў
Сьвет людзкім вачам,
Каб жылося лепш,
Весялей людзям,

Каб ярэм‘і іх
Былі зломаны, —
Крэпкі быў саюз,
Дружбай скованы.

Песьні вольныя
Разьліваліся,
Горы, лес, лугі
Адклікаліся,

Ды завыў, загуў
Вецер з поўначы,
Дзьмухнуў холадам
І пагрозаю.

Ўсё схавалася,
Затаілася,
Да зямлі ніжэй
Нахілілася.

Ўсё растрос-разьнёс,
Як мятлою зьмёў,
Ня мінуў і вас
Ён, маіх сяброў.

Распаўзьліся вы,
Пахаваліся,
І ад думак сваіх
Адцураліся.

З таго часу я
Адзін смычуся,
І ніяк я вас
Не даклічуся!

1909 г.