Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Рольнік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Неба Рольнік
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Жыта
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рольнік (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РОЛЬНІК

Цёплы вечар. Ціха ўсюды.
На заходзе сонца.
Хмаркі захад чуць заслалі
Тонкім валаконцам.

Зьзяюць хмаркі ў пазалоце,
Пожарам палаюць.
За гарою ціха-ціха
Песьні заміраюць.

Вышаў рольнік з хаты ў поле
Ды па межах ходзіць,
Каб пабачыць сваім вокам,
Як бог жыта родзіць.

Твар сур‘ёзны ў селяніна,
Важны, задуменны,
Ходзіць, рукі залажыўшы
За той пас раменны.

Леглі гожымі радамі
Вузкія загоны,
Апранула зямля-матка
Кажушок зялёны.

Густа жыта маладое
Поле ўсё акрыла,
Лапушное, сакаўное —
Проста глянуць міла.

Сям-там колас раскрывае
Свой пучок зялёны,
Дзе-ні-дзе ўжо яго вусік
Блісьне на загонах.

Селянін глядзіць з уцехай,
Ходзячы ў тым дару…
Так ні поп, ні ксёндз ня ходзяць
Пры сваім аўтару.