Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Наш родны край

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ноч Наш родны край
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Дарога
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наш родны край.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАШ РОДНЫ КРАЙ

Край наш бедны, край наш родны!
Лес, балота ды пясок…
Чуць дзе крыху луг прыгодны…
Хвойнік, мох ды верасок.

А туманы, як пялёнка!
Засьцілаюць лес і гай.
Ой, ты, бедная старонка!
Ой, забыты богам край!

Наша поле кепска родзіць,
Бедна тут жыве народ,
У гразі, жыве ён, ходзіць,
А працуе — льлецца пот.

Пазіраюць сумна вёскі,
Глянеш — сэрца забаліць.
На дварэ — паленьне, цёскі,
Куча сьметніку ляжыць.

Крыж збуцьвелы пры дарозе,
Кучка топаляў сухіх…
Сьцішна, нудна, бы ў вастрозе
Ці на могілках якіх.

А як песьня панясецца —
Колькі ў песьні той нуды!
Уцякаў-бы, бег, здаецца,
Сам ня ведаеш, куды.

Край наш родны, бедна поле!
Ты глядзіш, як сірата,
Сумны ты, як наша доля,
Як ты, наша цемната!

1906 г.