Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/I/Рана засмуцілісь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Думкі Рана засмуцілісь
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Асеньні дождж
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рана вам журыцца…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Рана засмуцілісь
Думкі, сэрца дзеткі,
Рана вы завялі,
Веснавыя кветкі!

Ці мароз зьнячэўку
Вас прыбіў вясною,
Як на сьцежку жыцьця
З простаю душою

Стаў я, поўны веры,
Радасьці і сілы.
Што-ж на вас дыхнула
Холадам магілы?

Што-ж вы неспакойна
Кружыцесь, як пчолы?
Думкі, мае думкі!
Што вы невясёлы?

Ці краіны роднай
Балаты гнілыя
Смуткам вас акрылі,
Думкі маладыя?

Ці вас песьня-жальба,
Думкі, ўзгадавала?
Ці людзкое гора
Ў лесе вас спаткала?

Ці маё так жыцьце
Склалася няўдала?
Ці мая дарога
Ў туманы папала?

Рана спахмурнелі,
Думкі маладыя,
Рана вы завялі,
Кветкі веснавыя!

1909 г.