|
Ціха калосьсе, схіліўшы галовы,
Шэпчуць у межах палёў.
Толькі-ж ня слухае неба іх мовы —
Скаргі ржаных каласоў.
Сіняе неба ўсё сонцам заліта.
Полудзень. Вар. Цішына,
Дожджыку просіць зялёнае жыта,
Прагне вады ярына.
Ша! Хмарка, хмарка дарагая
Паўзе па небе з-за лясоў!
Яна — надзея, радасьць гаю,
Жаданьне красак, каласоў,
Бо сонца-ж так пячэ бяз жалю,
Бо душна, горача ў палёх,
Смуга сухая крые далі,
Мальбы-ж расьлін ня чуе бог.
Нямее ўсё, маўчыць, чакае,
Надзеі тоіць усё вакол
І прагна вільгаць палыкае
Акамянелы, пылкі дол.
Глядзіць і лес і луг з мальбою,
Гадае, думае зямля,
Што хмарка дожджыкам-сьлязою
Спадзе, — ажывіцца ральля,
І ў неба дойдзе плач з туманам,
Што сівым дымам нема зьвіс
Над цёмным лесам і курганам,
І ліне дожджыкам на ніз.
Плыве хмурынка ў сінім полі,
Мінае лес, мінае гай —
Яна ня чуе крыку болі,
Бо вабіць хмарку іншы край.
1909 г.
|