Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/I/Мара

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Маёй вясьне Мара
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Надрывайся і шумі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мара (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАРА

Шоў дарожны адзінока.
Поле голае шырока
Гладзьдзю роўнаю лягло.

Ні дзярэўцаў, ні кусточка,
Апроч жоўтага пясочка
Нічагутка ня было.

Сонца варам аблівала
І бяз жалю апаляла
Грудзі цьвёрдыя зямлі.

Уміраў бядак ад смагі,
А па твары поту рагі
За каўнер яму цяклі.

Пуста, ціха і макротна…
Кідаў вочы ён гаротна,
Ці ня блісьне дзе вада.

За далёкай сіняй граньню
Мільгатнула гожай зданьню
Пышных росьлін чарада.

Падарожны ажывіўся,
Бляск надзеі засьвяціўся
Ў яго стомленых вачах.

І цьвярдзей ступаюць ногі.
Цяжкасьць труднае дарогі,
Сьпёка, вар яму ня страх.

А дзярэўцы ўсё здалёка
Так і вабяць яго вока,
У цянёк яго завуць.

Падарожнаму здаецца,
Што крыніца там ліецца,
Хвалі ў радасьці пяюць.

Вось бліжэй, бліжэй расьліны.
Купы лозак і каліны
Акружаюць беражок.

А з зялёненькіх галінак,
З розных красак і травінак
Гожы сплецены вянок.

Скрозь лісточкі і галінкі
Ўлоньне ямы-азярынкі
Срэбрам зьзяе-аддае.

Падыходзіць падарожны
І на бераг, на мурожны!
Прагна воду дастае.

Ды адскочыў, небарака:
Там шыпяць, кішаць вужакі,
Твань прасьмердлая і бруд!

Усьміхнуўся горка-крыва,
Адышоўся, стаў маўкліва —
Чый-жа злы такі прысуд?

Галавой панік дарожны.
Жар паўднёвы, жар бязбожны
Горай стаў яго сьпякаць.

Тая-ж трудная дарога.
Між пяскоў ідзе убога
Тая-ж вымершая глодза!

1910 г.