Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Урачыстасьць рэволюцыі/Дэмонстрацыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сельскі мітынг Дэмонстрацыя
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Рабфакавец-вясковец
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дэманстрацыя (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЭМОНСТРАЦЫЯ

Адзін, другі, дзесятак будзе
Чырвоных сьцягаў з надпісамі,
Лунаюць ўповерсе, дзе людзі
Йдуць вёскай стройнымі радамі.

Ў сярмягах, ў лапцях, ў белых сьвітках,
Старыя, юныя й кабеты,
Парадкам, чынна, нібы ў зьвітках,
Вясёлым настраем адзеты.

З адкрытых губ нясуцца зыкі
Галоснай трэльлю, стройна, ўдала:
„Вакол абдыме сьвет вялікі
Чырвонь Інтэрнацыянала.

Паўстануць сьпячыя к змаганьню,
Парваўшы скрэпы злой няволі
І будзе вечна панаваньне
Па ўсёй зямлі шчасьлівай долі“.

Пяюць, і здэцца, ў песьню душы
Яны ад радасьці ўкладаюць,
Клапоты буднічныя глушаць,
Чуцьцё самотнае зганяюць.

Абданы скрозь адным пазывам,
Які ўсіх лучыць і гуртуе
І прагу ў сэрцах к днём шчасьлівым
З адвагай кропкай ў іх гатуе.

З канца ў канец сяла, сьвятошня
Ідуць яны сягоньня к пляцу
Ваякам згібшым дань апошню
Аддаць натхненнай демонстрац‘яй.

Менск, 16/XII 1920