Белым матылёчкам,
Лёгкім ды вяртлявым,
Па зялёных травах,
Па густых кусточках,
Ў руцяных лісточках,
Ясным днём і ночкай
Я-б хацеў лятаці,
Я-б хацеў лятаці!
Ўвышы і над долам,
Ўперад ды наўкола,
З рэзвасьцю вясёлай
Я-б хацеў насіцца,
Пчолкай рэзвай віцца.
І ў квятох пахучых
Мёдам саладжавым,
К кропелькам бліскучым,
К кропелькам расяным
Я-б хацеў спускацца,
Імі напівацца.
А напіўшысь ўволю,
Ў рожы ды ў куколю,
Ў паплавох і ў полі
З ветрам калыхацца,
З ветрам калыхацца;
З ветрыкам нячутным.
Ў промені мільгутным, Цёплым залацістым
Над травою рутнай
Доўга аставацца —
Сілы набірацца.
Ў гэтых зьявах-цудзе,
Ў гэтым жыўным пудзе,
Пакуль жыцьце будзе,
Я-б хацеў разьвіцца,
Я-б хацеў разьвіцца…
Матыльком вяртлявым,
Белым матылёчкам,
Ясным днём і ночкай,
Вечарам і раньнем
Ў лёце нясьціханным.
Пецярбург, 1915
|