Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Расьсьвітаньне/Просьба

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Змагайся! Просьба
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Дружна з ахвотай…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Просьба (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРОСЬБА

Не пакінь мяне, надзея,
Ў чорную часіну,
Што я ўгледзець ‘шчэ сумею
Вольную краіну;
Што ў народзе хопіць сілы,
Хопіць цьвёрдай мочы,
Перажыць цішу магілы
І цем дзікай ночы.
Згартаваны цяжкай доляй,
Мук ліхіх ды жалю,
Не загубіць вольнай волі
Ён тваіх скрыжаляў.


∗     ∗

Не растанься з душой, вера,
Ў час, калі трывога
Зьявішч чорных прэ няўмеру
З краю дарагога.
Пад цалунам цяжкіх хмараў,
Зьвісшых над зямлёю,
Дай мне бачыць муляў чары
Сонца прад зарою.
У прыгоне, у нязгодзе,
Ў іх балючай ране,
Малюй думкі аб свабодзе,
Аб яе спатканьні.


∗     ∗

Сьветласьць веры, руж надзеі,
Дзей жывых кароны —
З вамі шчыльна я злыганы
Ўчора і сягоньня!
Разаб‘еце-ж цем тумана
І хай сонца зіхацее
Па-над вамі нясьціханна
Сьветласьцю чырвонай.

Пецярбург, 1915