Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Расьсьвітаньне/Озірк

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Ня хістайся, дуб зялёны… Озірк
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Вецер, падуй!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Озірк (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ОЗІРК

Акінеш вокам гал вакольны:
Палетак жытняй збажыны,
Зялёны пекны луг прывольны
Нязьмернай воку шырыны;

Аглянеш бор стары, драмучы,
І той разрыхлены курган,
Які пяском вакол сыпучым
Нібы-та рызаю вабран;

Супыніш ўзрок на тракце гразкім,
Што ўецца стужкаю кудысь;
На небе сінім ў зорных зразках,
Якія ўсеялі ўсю высь, —

І сэрца разам затрапеча,
Падыме, ўсхвале пачуцьцё:
Нячутнай роднай, здацца, рэччу
Наўкруг гавора мне жыцьцё.

Ўстае ў прыгожым дзіўным зданьні
Нязьмернай пекнасьці абраз,
Які стварыла будаваньне
Бягучых дзён — бягучы час.

І лічыш ты гадзінаў зьнізкі,
І ў даль пускаеш свой пагляд…
І, здэцца, час абноўны блізка —
А час стары ідзе назад…

Вількамір, 1913