Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні працы ў прыгоне/Песьня жняі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Каваль Песьня жняі
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Калысная песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня жняі (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ ЖНЯІ

Пад сярпом маім крывым
Жыта хутка гнецца,
Сноп за снопам у радкі
Покладам кладзецца.

Не баюся сьпёкі я
Сонца агнявога
І ня чую, што баляць
Рукі, крыж і ногі.

Пот ліецца ручайком,
Смага забірае;
Я-ж вясёлая ўсё жну,
Жну ды падпяваю.

Час пасьпешна так ляціць —
Скора вечар будзе,
І я нівачку сваю
Так дажну, як людзі,

Ды пасьпею мо‘ яшчэ
У снапы зьвязаці.
Ох, люблю люблю сваё —
Сваё жыта жаці.

Як сажну яго я усё
І зьвязём дахаты,
Будзем хлеба на год мець,
Будзем мы багаты.

А салодак свой хлябок
(Каб-жа быў ён вечан!),
Хоць і чорны, і крупны
І няўмела сьпечан.

Эх, хутчэй-хутчэй рука
Ты з сярпом махайся!
Будзь ты, жыта, ядраным
І ўмалотным ўдайся…

Пад сярпом маім крывым
Хутка жыта гнецца,
Сноп за снопам у радок
Покладам кладзецца…

Вількамір, 1912