Сьпі, дзіцятка, люлі, люлі,
Сьпі, сынок, адпачывай.
Ўсе дзеткі ўжо паснулі,
Ты таксама засынай.
Сьпі яшчэ пакуль маленькі,
Покуль сталым станеш быць.
Сьпі, сынок мой дарагенькі,
Ўсё жывое ужо сьпіць.
Будзь нядбалы, ты-ж ня знаеш
Ані гора, ні бяды,
Покуль бацьку сабе маеш
Ды сам бацька малады.
Ля цябе ён загаруе
На адзежу і на хлеб,
І на сталага ўзгадне,
Каб дарослым пусьціць ў сьвет.
Сьпі, галубе, ціха ў хаце,
Моцы, сілы набірай,
Цябе цешаць бацька й маці —
Іх уцесе патурай;
Бо як вырасьцеш, дзяцінка,
Не пасьпіш цішком тады,
Ня сустрэнеш і хвілінкі
Ты свабоднай ад вуды.
Гора сілаю загоніць
Ў цёмны горад, на завод,
Дзе машына енчыць, стогнець,
Нутр разьядае смурод.
Там ад раніцы да ночы
Ў цяжкай працы прастаіш…
Ну-ж, заплюшч, галубе, вочы
Ды засьні… Чаму ня сьпіш?
Там цябе прывяжа сіла
Да машынаў, да сталоў,
Дзе ты будзеш да магілы
Стаяць зьвязаным, бяз слоў.
Замест песьні над калыскай
Твае маткі дарагой —
Гуд машыны, рамнёў піскі,
Будуць вісець над табой.
Промень сонца цёплым летам
Да цябе не даляціць;
Ты разлучышся са сьветам,
Як ў вастрозе будзеш жыць.
Будзе дарма сэрца рвацца
На прыроду паглядзець,
Сіл і сьвежасьці набрацца,
Супачынку хвілю мець.
Ды ня выстачыць патоля
Адарвацца ад машын,
І ня ўбачыш мо‘ ніколі
Сонца й лесу, мілы сын.
Сьпі-ж, малы, спакойна ў хаце,
Моц і сілу сабірай —
Покуль цешаць бацька й маці,
Іх суцесе патурай.
Пецярбург, 1914
|