Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні змаганьня/Песьняру

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Першае мая Песьняру
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Ідуць гады
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьняру (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯРУ

Пясьняр-званар, чаму заціх
Твае душы салодкі сьпеў?
Дзе кліч ты свой завучы дзеў
Ў вялікі час, ў адказны міг?
Цябе спужаў грымотны стук —
Крывавы вобліск барацьбы,
Якую ўстаўшыя рабы
Ўзялі ў абоймы сваіх рук?
І бурным віхрам пранясьлі
Над трупмі катаў крывапіўц,
Адкрыўшы помсты дно крыніц
Супроць прыгону на зямлі?
Ці бурны, швыдкі, як віхор,
І моцны, зычны, нібы гром,
Жыцьця старога скрутны злом
Ідзе табе наперакор?
Ад ўздрыгу, пэўна, думак зьніз,
Душы абуранай настрой,
Дасталі цяжкі перабой,
Які балючым ўціскам зьвіс.
Ці ты зусім не падглядзеў
Красы у тым, што гэты час
Вялікіх дзей, адказных дзён
Жыцьцё кіпучае нясе?
Ці нет натхненьня ў тэй красе,
Што родзіць працы стан, закон?
Ці творчай чыннасьці праддзень
Ў тваю істоту не ўраніў
Зьдзяйсьненьня мар, зьдзяйсьненьня дзіў
Натхняўшых многа пакалень?
Пясьняр-званар, здымі з сябе
Часовай мяртвасьці натхлань
І песьняй радаснай літань
Пашлі працоўных барацьбе.
Сустрэнь ты гімнам бляск зары
У змаганьні ўстаўшых новых днёў,
Прыход Комуне спрарачы…
Або ў бяспогадзі памры,
Няймючы песьням новых слоў…
Ну, толькі далей не маўчы.

Менск, 29/I 1921