Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні змаганьня/Дар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чырвонаармейцы Дар
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Першае мая
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дар (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДАР

І ноч і дзень, і днём і ноччу
Сядзіць яна і пільна тчэ,
Хоць сон гняце яе ня ўмочу
І сьлепат рэе ля вачэй;

Хоць рэжа больлю вострай сьпіну
І тою больлю коле ў бок
Й ня раз губляецца дзяўчынін
Вяртлявы з цэўкаю чаунок;

Яна астатнія патугі
Сілком зьбірае і з рукі
З навою гоніць круг за кругам,
Шпіляе шчыльныя радкі.

Мінае час і чырвань нітак
Выходзіць ў гладкім дывану…
Каму-ж старэнна на прыбытак
Дзяўчына тчэ, і што? Каму?

А тчэ яна ўжо тыдзень трэці
З чырвоні зрэбнае штандар,
Братом аддаць чырвонармейцам
За іх пабору слаўны дар;

Аддаць за тое, што з напасьці
Яны пазбавілі народ,
Што ў бойцы цяжкай — панскай ўласьці
Спынілі новы узварот,

І край свабодным захавалі
І людзям волю зьбераглі,
Хоць многіх мёртвымі схавалі
Ў глыбі халоднае зямлі…

Падзякі поўная, дзяўчына —
Сама ткачыха й стала ткаць
Штандар чырвоны ад краіны
Ваякам слаўным дараваць.

І трэці тыдзень зраньня к ночы
За пільнай працаю ідзе…
Хутчэй, сястрыца! Прагнуць вочы
Твой дар ваякам паглядзець!

Менск, 1920