Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Настроі/Хочацца жыць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хочацца мне… Хочацца жыць
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Забушуй ты, рака!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хочацца жыць (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХОЧАЦЦА ЖЫЦЬ

Хоць нядоля мяне
Пагарджае, гняце
І бязжаласна кпіць —
Патом хочацца мне
Весяліцца і жыць!
Кожны дзень за сабой
Смутну вестку нясе,
І бяды неспакой
Ў жыцьцявым калясе,
Як-бы пена шуміць!
Патом хочацца жыць!..
Голас некі заве
На прыроду, на гладзь,
Спакусае мяне
Сонца й сьвет любаваць,
Пах і зелень любіць!
І так хочацца жыць!
Маладыя гады
Поўны сілы тае,
Што ня дбае бяды,
І пражэ заўсягды
Ўсё вакола любіць…
Мне так хочацца жыць!
На лугох у траве
Краскі зораць, цьвітуць,
А ў лясной зеляне
Птушкі граюць-пяюць,
Неба ўгору маніць…
І мне хочацца жыць!
Так нянадаўга ён,
Жыцьцявы гэты срок,
Як квадранец, як сон,
І праходны, як крок!
Што нам сьмерць падарыць?
О, як хочацца жыць!
Жыць у ветры начным,
З лёгкай хмаркаю там,
У прасторы глухім,
Мкнуцца ў даль, к ваблакам,
Зоры й месяц лавіць!
Мне так хочацца жыць!
Весяліцца і жыць!

Пецярбург, 1914