Ў небе зоры міргаюць, гараць
Ды зіяе яскравага месяца круг,
Дзе-нідзе кучкі хмарак вісяць
То сабраўшыся ў колка, то зьвіўшысь ў ланцуг.
Паміж лесу расьцёгся туман,
Нібы спушчаны з неба дыван.
Між шырокіх зялёных палёў
Ў‘ецца вёрткая вузкая сьцежачка-пуць,
Праз лясы каля гор ды равоў
Коні зважна па ёй дробнай рысьсю бягуць.
І ў спакойным прасторы кругом
Чуцен водгалас рэзьвенькіх бом.
У баку дзесь траскоча дзяргач,
Ды цвыркунчыка рэзкая рэч трапаціць…
„Но, малыя! старайцеся ўскач!“
Паганяючы коні, рамізьнік крычыць.
„Пасьпяшайце старэнна, гэй, гэй,
Каб да месца даехаць хутчэй!“
І ахвотныя коні сьпяшаць,
Чым хутчэй ды праворней ляцець ды ляцець…
І ўваччу маім нівы мігцяць,
Ды вятрыска супроцьны паціхеньку дзьмець!
„Гэй, запой што, фурман, для мяне,
Каб ды спаць не хацелася мне!“
Фурману я паціхай шапчу
І чакаю сьпяваньня на гэта ў адказ,
Прытаіўшыся чутка маўчу,
І вось чую, пяе: „Не апошні я раз
Цябе бачыў, радзімая, там!..“
Яму-ж рэха ўтуруе: га-ам!
І так лёгка на возе сядзець
Пад вясёлыя песьні рамізьніка й бом,
Ды удаль за дарожкай глядзець
Пад чароўным нябесным ў вагнёх дываном,
Паглядаці, як коні бягуць
У сівую туманную пуць!..
Магілеў н/Д, 1910
|