Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Беларусь-БССР/Чырвоная радзіма

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Маладая Беларусь Чырвоная радзіма
Цыкль вершаў
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Беларуска
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чырвоная радзіма.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧЫРВОНАЯ РАДЗІМА

I

СЛУЧЧЫНА

Распасьцерлася раўнінаю,
Стройнаю распласталася…
Беларускаю Ўкраінаю
Не здарма ўсё-ж назвалася.

Лугам-поплавам мурожнымі
Полем нівамі ўроднымі,
Як ядвабам разложаным,
Пазіраеш ты, родная.

Паглядзець скрозь — неасяжная,
Вісьне неба паземамі,
Шмат палеткі твае ўражая
Абсякала рука крэменем.

Йшлі грамадамі нязьлічнымі
Белапанскія коньнікі,
Руйнавалі нашчэнт, нішчылі
Хаты, поле і хвойнікі.

Дымам-полымем курылася
Праца цяжкая, чорная!
За свабоду шчыра білася
Вёска скрозь — непакорная.

І крываваю мяжынаю,
І крываваю істужкаю
Пан граніцу ды раўнінаю
Пралажыў наўсьцяж Слуцкаю.

„Не загоіцца, не, шарая,
Беларусь бальшавіцкая;
Пакараў яе бог карамі
За бунтоўнасьць мужыцкую“.

Гэтак думалі, так радзілі,
Але думка — дарэмная!
Зноў адыме, што пакрадзена,
Наша Случчына зрэбная.

Працай цяжкаю сялянскаю,
Працай ўпартаю — рабочаю,
Яна гоіць зьдзекі панскія,
Выжывае аброчанасьць.

Ўся садамі поўна, бэрамі,
Поўна жытам, пшаніцаю,
У наступнае йдзе з вераю,
Б‘е адвага крыніцаю.

Не загіне, ды ня вечнае
Што ўрэзана адлучана.
Будуць, будуць яшчэ зьлечаны
Беларусь і ты, Случчына.

Слуцак, 18/I 1925

II

СЛУЦАК

Прытуліўся, прылёг пад садамі,
Новых дзён — ды вякамі ждучы.
А цяпер вось старымі дамамі
Мову іншую кажа Случы.
Ад князёў, ад паноў, ад няволі
Успаміны — гіньце ў пустэчы!
Не, ня будзе, ня будзе ўжо болей
Аб пары тэй ягонае рэчы.
Над будынкамі шэрымі сьцягі
Сьвету новаму значаць — цуды;
Разьлятаюцца пекныя сагі,
Звоніць гімн працоўнаму люду.
Ядранее, як лес, жыта ціха,
Нахіліла калосьсе удала…
Старадаўняя можа ткачыха
Вызваленьне працоўным прыткала?
Хай гудзяць ‘шчэ званы на званіцах
І спакусаю крыж у вочы;
Марсельезе ўжо ня зглушыцца,
Марсельезе ужо ня змоўчаць.
Ад усходу на захад далёкі
Яе вокліч звоніць завуча:
Сустракай, Слуцак, новыя векі,
Шумі радасьней рэчкай Случчу.

22/III 1925

III

КАПЫЛЬ

З сівых вякоў выглядае даўнасьць:
Замчышча, роў, курганы…
Ў казках-байках туманная слаўнасьць
Дзеяў яго старыны…
Вёрсты адгону, межы-дарогі
Мералі гала-абшар;
Сэрца ня чула дбалай трывогі,
Жыцьце ня мела ахвяр…
Праўда таму, ці мо‘ дымная здань?
— Байкі ўсё гэта чыесь…
Ведама, ведама добра, што пан
Цёнгля меў муштры свае.
Меў тую дзікасьць, якую посьле
Доўгія векі ўжываў;
Долю пакутную едкаю бросьняй,
Долю яго спавіваў.
Ведама, замчышча князя-пана —
Гэта быў страшны куток!
Плён свае працы ў яго сяляне
Доўга насілі ў аброк.
Сьлесара браклі ў крыві мазолі,
Мучыла боль катляра.
Колькі пагарды, зьдзеку, няволі
Несьлі князём да двара!..
Белыя коні пекнае княжны —
Чорная праца сялян.
Чуе-чуе андарак сярмяжны
Болі старых капылян.
Нёс свае хвалі бурлівы Нёман,
Мыў замкавы сьцены ён.
Ліпы-ж нашэптвалі: будзе зломан,
Будзе, ой, зломан прыгон…
Капля за капляй точаць каменьні,
Іскра разводзіць пажар…
Колькі свабодзе ўжо пакаленьні
Колькі прынесьлі ахвяр!
Ўгору высока расьлі магілы, —
Нёман у бок пахіліў,
Покуль над сівым буйным Капылем
Волю вяшчун пратрубіў.
Дымам на лес сухастой спусьціўся
Блутнае байкі павер…
Яў прыгажэйшы яе нарадзіўся,
Яў, які бачым цяпер.
Ў Янкавым лесе хвоі шапочуць
Новаму часу напеў…
Ўзрокам як зьмерыць, ня бачаць вочы,
Дзе-бы палац забялеў.
Роўнымі стужкамі поле-нівы,
Ворыва, сейба, жніво…
Плёны ад працы ратай руплівы
Звозіць сабе у гумно.
Едзеш дарогай — пан не староніць —
Проста, хай курыцца пыл!
Чуе ўсё-ж, чуе і добра помніць
Горкую праўду Капыль.
Помніць ён: вось канчаецца поле —
Ранай крывавай мяжа;
Там-жа, там за ёю — няволя,
Панскага зьдзеку цяжар.
Топчуць капыты ніву збажыну,
Рэжуць сялянскі загон.
Мараць дашчэнту зьнішчыць краіну,
Тую, што наша спакон.
Помніць Капыль, і поўны трывогі
Ўголас пытае: калі
Зьвяжуць суцэльна шляхі-дарогі
Часткі парванай зямлі?
Покуль жа будуць з гэтым гадзіцца
Родныя Слонім, Нясьвіж?
Ціха, нядоўга! Можна дзівіцца —
Промін чырвоны імжыць.
Паліць ён, паліць краты-завесы,
Туліць ён… чорную быль…
Скора руку працягне на красы,
Грозную руку, Капыль…
Мые-мые граніцу рэчка Мажа,
Рэжа, як грунт капачы…
Час прадраканьні добрыя кажа…
Хто ў іх ня верыць, ждучы?
З сівых вякоў выглядае даўнасьць,
Нікне на сьветлай мяжы…
Беражы, беражы, Капыль, дбайнасьць,
Волю сваю беражы!

Менск, 22/VII 1927