У бары сава рагоча,
Ля ракі чарот шапоча,
Цені спяць у пушчы ўночы, —
Здань заве мяне:
Прыхадзі таемным шляхам,
Прыхадзі паўночным страхам,
Прыхадзі пад хвойны гмах мой
Прыхадзі ка мне!
„Я — тваё жыццё і доля,
„Я — тваё пад небам поле,
„Я — твая, бы думка, воля,
„Я — твой вечны лёс.
„Без мяне ты жыць не можаш,
„Без мяне ты заняможаш,
„Без мяне душу стрывожыш,
„Шмат пральеш ты слёз…“
Не ісці загіну тут я,
Не ісці — адны пакуты,
Не ісці навек закуты,
Не ісці… — пайду!
Вышаў я на шлях далёкі,
Вышаў я у бор высокі,
Ды куды глядзела вока —
Што-ж я там знайду?
Над зямлёй палалі зоры,
На зямлі гулі віхоры,
На спіне ляжалі горы,
А душа ў бядзе.
Брыў там, лез па розных красках,
Па балотах топкіх, гразкіх,
Чуў пра лёс у песнях-казках,
Маску ён адзеў.
Зазвінела звонам зброя,
Слаўным быць магу героем,
Кіраваць пабедным боем
З гордасцю ў ваччу.
Выбірай на ўсе гатункі:
Веснавыя пацалункі,
Залатыя падарункі.
Не — я не хачу.
Не хачу я брата працы,
Я не ведаў, з кім змагацца,
Для каго на гуслях граці,
Хто тут свой, чужы?
Лесуны у пушчы звалі
На расістыя крышталі,
На русальчыныя балі
Без пуцін сцяжын.
Доўга брыў таемным шляхам,
Доўга брыў паўночным страхам,
Доўга брыў пад хвойным дахам,
Брыў уніз з гары.
Раніў грудзі да крыві я,
Былі сцежкі там крывыя,
Цёмныя і векавыя, —
Так аж да зары.
Вышаў я на сонца-ззянне,
Вышаў я з балота ўранне
Пад жаўронкавае гранне.
Вось і новы шлях. Там, дзе бедныя паўсталі,
Засвяцілі блізі-далі
І прапалі цені-здані,
І прапаў мой страх.
Вось каму спяваць павінен,
Вось каму я многа вінен —
Гэтым родным нізавінам
Тут мой новы лёс.
Вось дзе трэба быць героем,
Зазвіні ты звонам, зброя,
Заспявай ты, спеў, зарою,
Годзе плачу, слёз!
Тут сярпы насталяваны,
Малаты загартаваны,
Бой ідзе нарыхтаваны, —
Бой на цэлы свет.
Вось тваё жыццё і доля,
Вось тваё пад сонцам поле,
Вось твая, бы думка, воля, —
Калі ты паэт!
Менск, 1919—1932 г.
|