Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/III/Арліхі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Браты Арліхі
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** І сотнямі тысяч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Арліхі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АРЛІХІ

І луналі ў бяскраі
Сталёвыя дзве
Самалёткі-арліхі.
То былі не палёты, —
А ліха.
І —
Скрыгаты,
Рогаты,
Рыпаты,
Хрыпаты
У лёце.
То былі не палёты —
Страхоцце.
Бы гулі
Плоймы гулкіх
Вялізных чмялёў.
Аж аглохнуць маглі-бы,
То былі не палёты —
Пагібель.
Яны
Бомбы кідалі
З гары —
З вышыні
Сотняў метраў.
Аж дрыжэла зямля
І паветра.
Грух і грух,
Грох і грох
На галовы людзей
І на спіны.
Што за страшныя, лютыя кпіны.
Непакоілі
Грудзі зямлі
Зусім новым,
Нязведаным страхам,
Непакоілі
Воблачным шляхам.
А гарматы
Зенітныя,
Нібы з вады —
З глыбіні —
Кракадзілы,
Падымалі насы што ёсць сілы.
І плявалі агнём —
Не траплялі
У магутныя крыллі.
Угару
Свой праклён гаварылі.
І ляцелі праклёны
Арліхам
У зычную летнюю просінь —
Нібы хмаркі-дымкі з папяросаў.
А тым часам
Арліхі мільгалі,
Бы уранне зарніцы.
Сваім гульням
Не зналі граніцы.
Іх смяшылі
З зямлі
Алавяныя грозныя гукі,
Іх смяшылі
Смяротныя мукі.
Эх, стральцы вы,
Стральцы!
Вы страляеце знізу
Дарэмна!
Хіба толькі на жарт
Ды нікчэмны…
Што ім значыць —
Асілкам —
З зямлі
Прытка-лёгкія пчолы?
Лепей кіньце —
Не выйдзе нічога!
..........
Але
Раптам,
О, шчасце,
О, лебедзік-шчасцейка,
Дзе ты?
Тым арліхам
Змяніла планета…
Нешта
Крыллем круць-верць…
Нешта
Цягне на пругкую глебу…
Ім апрыкрыла яснае неба?
Гэтак падае ўніз
Злы груган
На слабую афяру.
Так кідаецца
Воўк
На атару.
Ой,
Упалі
З высот!
Пацямнелі
Сталёвыя
Блескі…
Разляцеліся
Крыллі
У трэскі.
Аграмады абломкаў
Уткнуліся
Ў пухкае поле —
І з зямлі
Не паднімуцца болей.
Нежывымі ляжалі пілоты —
Адважныя людзі.
Пакалечылі
Твары і грудзі.
А наводчык-стралец
Паглядаў на здабычу
Паволі,
Нібы ведаў заране
Іх долю.

Вільня, 1914 г.