Ноч без месяца, без зорак.
Вышла восень на падворак,
А на ёй сукенка з воўны.
Ці туман быў — усёроўна.
Колькі гора і пакут,
Мы гасцей чакаем тут.
Зараз будзе тры нядзелі —
Мы не спалі, мы глядзелі…
Аж дрыжыць у нас хаціна
Ад гарматнай страляніны.
Значыць хутка казакі
Зоймуць нашыя куткі.
Уначы відны пажары,
Дым удзень заместа хмараў.
То праходзіць гурт жывёлы,
То праедзе невясёлы
Доўгі бежанцаў абоз.
Многа гора, многа слёз.
„Што тут будзе? Што тут будзе?
Азвярэлі гэтак людзі.
Ходзяць чуткі-забабоны,
Нібы немцы мы, шпіёны.
Дзе-ж дзяцей схаваем, дзе?
Дзе-ж і бэбахі падзець?“
Маці шэпча ціха-ціха:
„Ну і гора, ну і ліха…
Ты парай нам, ты-жа пісар“…
Тут я ўспомніў: „рукапісы“…
Адна рада, адзін ход —
„Дай рыдлёўку! На гарод!“
Уначы капалі яму,
Бо тут блізка за лясамі
Чуваць грукат-стукат бойкі.
Хусткай трэ матуля вока.
Каля хаты на мяжы
Сядзіць лёлік і дрыжыць.
А пры ім малая Сонька:
— Скажы, Лёлік, я — жыдоўка?
Рэня, Геня, тата, мама,
Местачковыя таксама?
Я тут блізка, як на грэх.
Аж бярэ і злосць і смех.
Чорнавокая малая
Ад хлапца не адступае:
„Чым, кажы, мы вінаваты?..“
У мяне аж зубы сцяты…
„Дык завошта б‘юць жыдоў?“ —
Гэтай Соньцы пяць гадоў.
Бэбахі схавалі ў яме.
Бацька з ціхім сумам глянуў.
„Небяспечна, хоць і ноччу — Навакол чужыя вочы…“
Параўнялі пласт зямлі.
Хутка госцікі прышлі.
II
Ляманты і крыкі.
Востры свіст нагаек.
Лаянкі і рогат.
Звоны балалаек.
На крывавым гэтым,
На шалёным балі
Шмат чаго „героі“
Тут патрабавалі:
„Дай перш-на-перш выпіць!
„Дзе жанкі і дочкі?
„Будзеце вы помніць
„Нашы дні і ночкі…
„А жыццё і грошы
„Возьмем у вас самі.
„Мы-жа немалыя —
„Бачыце — з вусамі…
„Германы! Жыды вы!
„Нутраны наш вораг!
„Дзеля вас на фронце
„Нюхаем мы порах.
„Голаў ды за голаў.
„Можаце маліцца…
„Сам казаў наш сотнік —
„Нехрысці вы, гіцлі…
Можа горш за турка,
Можа горш за немца…
Разбярэм тут хаты
„Па адных паленцах…“
Ляманты і крыкі.
Востры свіст нагаек.
Лаянкі і рогат.
Звоны балалаек.
Раптам прычытанне:
„Ой, забілі дзядзьку…
„Бедны Мордха-Лейба,
„Цётка небарачка…“
Тут жа ўсёй сям‘ёю
За хлявом стаім мы.
Сонька шэпча з страху:
„Гора нам… Жыды мы…“
Вочы яе — процьма.
Ёй сто год, здаецца.
Гэткія пакуты
Ў гэткім малалецтве…
Маці кажа „цорэс“,
І бядуе тата.
„Што жа нам рабіці;
Як пакінем хату?“
Маю прапанову:
Пойдзем у сасоннік.
На маіх руках
Маленечкая Соня.
Лёлік мяне моцна
За руку трымае,
Трэба як хутчэй
Дабрацца нам да гаю.
Мы давай наўцёкі,
А за намі лямант.
Візгатлівы голас:
„Мама! Мама! Мама!“
Ляманты і крыкі,
Востры свіст нагаек.
Лаянкі і рогат.
Звоны балалаек.
III
Цішыня, цішыня паміж хвоямі…
Пад кашлатым карчом мы сядзім.
Нашы страхі ў пацёмках загоены
На пару самотных гадзін.
Выплыў месяц з-за хмарак закураных,
Бяльмом вокам пажоўклым зірнуў.
Сядзіць бацька маўклівы, нахмураны,
А Лёлік ля маткі заснуў.
Грае месяц над хвойнымі стрэхамі,
Срэбны вэлюм кідае на пні.
Шышкі падаюць з дрэва арэхамі,
І дзіравіцца шоўк цішыні.
Цені сінія ходзяць уводдалі
І мільгаюць, дрыжаць у ваччу.
То галінкі ад ветру загойдалі,
А Соня: „Я есці хачу…“
Мы сядзім, бы не чуем, аглохлі мы…
Мы забылі раней пра той хлеб.
Маці сумна сказала завохкала:
„Нямала йшчэ будзе патрэб…“
IV
Восеньская раніца над борам.
Бледная зара над касагорам. А вароны,кра" і "кра".
Недзе ды гарматныя грымоты,
Недзе ды стракочуць кулямёты.
„Ну і тарарам!“
Бацька гэта кажа жартаўліва.
Мы глыбока ў лес, далей ад ніваў,
Уцяклі усёй сям‘ёй.
Восень чырванеецца на клёнах,
Уцякае вецер ад праклёнаў,
Нібы мы, да хвой.
Вунь на небе сонца бледнай плямай.
Пругкі мох і верас пад нагамі.
Вунь бярэзнік малады,
Стукат-грукат, шум і крык на тракце.
Мы назад: глыбей-глыбей схавацца…
Гэта-ж мы „жыды“…
V
Над кустом лазовым
Жаўранак звініць
Сумна, жаласліва:
„Цірлі-цірлі-ніць“.
Матку жаль бярэ:
У гэтых чулых гуках
Маці чуе спеў,
Скаргу-плач аб муках.
Выцірае вочы
Ды глядзіць на нас:
„Учыні-жа цуд свой,
Божанька, хоць раз…“
Сонька знайшла грыб
І есці хоча, плача.
— Кінь, — кажу я, — кінь,
Бо гэты грыб сабачы!
Хлопчык-пастушок
Маленечкі, з трубою,
Пугай ляск і ляск
Над самай галавою.
Некалькі авечак
І кароўкі дзве,
Маці да хлапчыны
Потайкам ідзе.
Ад яго нясе
Малы кавалак хлеба,
Свой загад малой:
„Еш, бо есці трэба!“
„Уй, як смачна“, — кажа
Дзеўчынка ў адказ.
Нават забывае
Страх на гэты раз.
Над кустом лазовым
Жаўранак звініць.
Сумна, жаласліва:
„Цырлі-цырлі-ніць“.
VI
Ззянне жоўтае ад дрэваў,
Ад пажоўклых ад лістоў.
Серабрыцца рэчка злева,
А насупраць — шэпт кустоў.
Скупа лес прыгрэты сонцам.
Вунь гаёчкі, як сады.
Мы ідзем у нейкай гонцы.
Мы — „праклятыя жыды“…
Каб хаця ніхто не ўбачыў,
Бо ‘шчэ прыдуць з казаком…
Чуем раптам брэх сабачы,
Нейкі шолах за кустом.
І выходзіць стуль кабетка.
Стала. Здзіўлена глядзіць.
Кажа: Хаімка, суседка,
Далібог, ка мне не йдзі…
„Гаварылі з вёскі людзі,
Каля нашых тут стагоў, —
Калі вас прымаць хто будзе,
Дык зарэжуць і таго…“
„Зараз хлеба прынясу вам.
Вы-ж галодныя мабыць“.
Бацька ёй на гэта з сумам:
„Дык скажы мне, як тут быць?“
„Далібог, сама не знаю.
Памазгую з мужыком.
Эх, бяда, бяда такая…
Каб агонь тых казакоў!“
VII
„Чаму так бацька дзікім вокам
„На мяне глядзіць?
„Чаму аб ёлку хвойка бокам
„Трэцца і скрыпіць?
„Чаму так страшна ў лесе ў гэтым,
„Мама, мне скажы?
„Ой, хтосьці стрэльнуў з пісталета
„Вунь на той мяжы.
„Баюся… Нешта лезе ў горла…
„Душыць у грудзях…
„Глядзіце… птушачка памёрла.
„Вунь гуляе страх…“
VIII
Гэта Сонька, гэта Сонька
Раптам трызніць пачала.
У яе гарачы лобік,
У вачах блішчыць імгла.
Я бягом пайшоў да рэчкі.
У руках прынёс вады.
На мяне глядзіць мой бацька.
„Ну, што скажаш? Мы — жыды?..“
Над лясной малой палянай
Неба чыстае, як сталь.
Дрыжыць маці, як асіна.
Эх, і час у нас настаў!
Адчуваю моцны голад.
Мне здаецца — гэта сон.
Падышлі мы ўсе пад ёлку —
Пад зялёны парасон.
IX
Вось хлеб. Вось малако.
Вялізны белы кот.
То прытуліў нас бацька пастушка.
Тут хутарок адзін —
Знаёмы селянін.
Ён доўга у лесе нас шукаў.
У печы аганёк.
Агнёвы язычок
Са смакам ліжа ніз скаварады.
Яечня… Смачна… Эх…
А маці кажа: „трэф“.
„Няможна есці. Гэта-ж мы жыды…“
Здаецца, райскім пахам аддае…“
Смяецца гаспадар,
Да жонкі: „сала жар!“
А раптам — страх… Знайшлі нас казакі… „О, сёстры!“ — Гэта сон.
Вось ёлка-парасон.
Той самы лес. Заснуў я ля ракі.
X
Нам хлеба прынясла ранейшая жанчына.
Жбаночак малака стаяў тут на траве.
Тры тыдні мала спаў — прыемны адпачынак.
„Пад‘елі, дык хадзем!“ — жанчына нас заве.
„Хадзем да нас. Нам горш, як ёсць, не будзе.
Так мой мужык сказаў. О, літасцівы бог!
Суседзі мы. Мы-ж не ваўкі, а людзі“. —
Адважны такі тон… Адважнасць у вачох…
І мы туды пайшлі. Жылі там цэлы тыдзень.
Жылі, як у гасцях, у бедных тых сялян.
Мінуў той жудкі час, як нейкі злыдзень,
Як над ракой вільготны дым-туман.
Назад прышлі ў разбураны Пасадзец.
І маці ў нас: „ці выпіт келіх мук да дна?“
Зноў трэба ў хаце гаспадарку ладзіць.
Эх, вайна…