Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Лезе ў вочы ззянне месяца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зімовая казка *** Лезе ў вочы ззянне месяца
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** Грала, грэлася заранка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лезе ў вочы зьзяньне месяца…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лезе ў вочы ззянне месяца.
Месяц яркі, як пажар.
Мне здаецца, стаіць лесвіца
З азярода аж да хмар.

А па лесвіцы па срэбранай
Нехта лазіць угару.
І кашуля на ім зрэбная,
І глядзіць ён на зару…

А зара яшчэ ледзь сцелецца,
Грае міскаю нябёс,
Сыпле іскры на аселіцу,
На вяршаліны бяроз.

А туман дыміць над грэбляю.
Млын, бы човен уначы.
Вецер носіць вільгаць глебную.
Птушка крыкне, замаўчыць.

1911 г.