Мароз сунуў голаў у вецце,
А грудзі ў абшары упякаў.
Як п‘яўка, паветра ссе вецер,
Як смаглая п‘яўка.
Завея так слепіць гушчары
З нязнанай заядлаю злосцю.
Бы косці кідае ў абшары,
Зарыпалі косці.
І трэ сук аб сук сухастойка,
Галінамі дзынкае, грае.
Няма ёй прытулку, утойкі,
Ратунку няма ёй.
У хвойным шурпацістым шуме
Вандруе жалоба спрадвечна.
Аб нечым лес кажа ў задуме,
Спеў-шэпты аб нечым:
„Вунь слепіцца-ўецца дым снежны,
Вунь гурба ля рэчкі, як мамант.
Злы лямант напоўніў бязбрэжжа,
Мяцеліцы лямант.
„А потым ад вешняй залевы
Тут крыгі паймчаць карагодам.
Ад мёду захмеляцца дрэвы
І неба ад мёду.
„І зноў тое самае сонца,
Зямлі векавечны гадзіннік.
Так дзівіць штогод, як дазорца,
Штогод гэтак дзівіць.
„Балота заціснута ў жмені,
Вякоў карагоды абрыдлі.
Бі рыдлем па трухлых карэннях,
Завея, бі рыдлем!
Навошта нам вёсны і леты,
Дакучны нам восені, зімы.
Стаім мы далёка ад свету,
На месцы стаім мы.
„А далі — празрыстыя нетры —
Нас вабяць, як сінія вочы.
Мы хочам брысці з вольным ветрам,
На волю мы хочам“.
Пасадзец, 1916 г.
|