Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/I/Вечар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пастушка Вечар
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** Плача птушка ў пустыры
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вечар (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕЧАР

Нібы мяккія валокны,
Нібы цень густых кустоў,
Змрокі цэдзяцца праз вокны
На мой стол.

Бацька мой сядзіць пануры,
На спіне турбот гара.
Вось пад печ палезлі куры —
Спаць пара.

Цэбар пойла для каровы
Я занёс у гразкі хлеў.
Дзень сягоння хмурыў бровы
Ў хмурнай мгле.

Плача дождж па шыбах нудна,
На падворку многа луж.
І паўзе так час марудна,
Нібы вуж.

Бацька вохкае і квохча,
Богу лаянку задаў:
Гніе сена на балоце.
Вось бяда!

Як той шыбенік, на сценцы
Вісіць скрыпка на цвіку.
Сядзіць Лёлік ля акенца
На мяшку.

Стыдзіў бацька абадранца —
Струну — „рымку“ сын парваў:
Як на скрыпцы буду граць я?
Галава!

І жалобу хлопчык водзіць,
Вочы трэ ён кулачком.
Ноч крадзецца, нібы злодзей,
За акном.

А на прыпечку пад змрокам
На трыножцы чыгунок.
Залатым чаруе зрокам
Аганёк.

Трэба ліць у лямпу газы.
Ноч, як цёмны парасон.
Зараз скажа маці сказ свой
Нам на сон.

Пры вячэры прыкрым слоўкам
Маці часта нас кляне.
Тут знаходзіць і адмоўку:
Слова „не“.

„Лыжак сем — нішто цымбалы!
Каб вас д‘ябал не качаў!
Каб халера вас не брала!
Саранча!“

„Саранча“ пішчыць, як мышы,
Перад сном вядзе гульню.
Маці Сонечку калыша:
„А-лю-лю…“

У вясёлым гэтым хоры
Павячэраўшых гуляк
Бацька сам з сабой гавора,
Кажа так:

„Эх, каб заўтра раніцою
Ды яскравая зара“.
Ён ківае галавою.
Спаць пара.

Пасадзец, 1911 г.