Перайсці да зместу

Зборнік «Нашай Нівы» (1912, кірыліца)/1/Хвароба над хваробамі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзьве дарогі Хвароба над хваробамі
Беларуская народная казка

1912 год
Кручэная авечка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хвароба над хваробамі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хвароба над хваробамі.

Жыў сабе адзін чэлавек. Быў ён ня тое, што каб багаты, а так сабе — добрs гаспадар; гараваў, не ленаваўся, дык і меў кусок хлеба і грош на патрэбу. Толькі даў Бог яму нешчасьце: быў у яго адзін сынок, гэтак хлапчук гадоў дванадцаці. Гожы быў, ціхі хлапчук. Радаваўся Сёмка, (так называўся той гаспадар), што скора яму будзе падмога. Дык не-ж, — захварэў Янка. Што ні рабілі Сёмка з жонкаю, якіх толькі варажбітоў не звалі, якіх зельлёў не давалі, — нічога не памагло. Праўду кажуць: калі Бог ня дасць, то людзі не памогуць. Пакачаўся Янка з нядзельку дый памёр…

Горка заплакаў Сёмка і с таго часу пачаў піць. А Матруна, Сёмкава жонка, з жалю аж білася аб сьцяну галавой. Каб добрые людзі не прытрымалі, то-б яна і голаў размажджыла.

Яна хоць была ешчэ і маладая, але ня даў Бог ей больш дзяцей. Ня можэ Матруна нават плакаць, сьлёз німа, вочы высахлі. Пойдзе яна на могліцы і сядзіць там цэлы дзянёк ды галосіць. А Сёмка усё часьцей ды часьцей паседжывае у карчме. Ведама, без гаспадара й гаспадыні стала гаспадарка нішчыцца.

Паглядзіць Сёмка на гаспадарку, возьме яго жаль і ешчэ горэй запье.

От, раз ужо мо ў самую поўнач вышоў Сёмка с карчмы. Быў ён падвыпіўшы; падыйшоў каля дарогі да крыжа, спатыкнуўся ды й сунуўся ў канаву. У канаве вады не было, толькі трохі гразі. Ночка цёплая. — Аддыхну, — думае Сёмка і палажыў голаў на траву. А трава мяккая, як падушка. Ляжыць Сёмка дагары і глядзіць, колькі зорак на небі. Вось адна зорка пакацілася й патухла. — Мо гэта душачка майго Янкі, — думае Сёмка.

Толькі ён гэта падумаў, бачыць, ажно Янка, от так, як жывы, стаіць каля крыжа.

Спужаўся Сёмка, а Янка падыйшоў да яго бліжэй дый кажэ: — „ня бойся, бацька, гэта мяне Бог паслаў к табе, каб я перэсьцярог цябе. Хадзем, я табе усё пакажу“.

Падняўся Сёмка і падыйшоў к сыну. Узяў Янка бацьку за руку і паляцелі яны, як віхар. Лятуць яны, аж вецер каля вушэй сьвішчэ.

Доўга яны ляцелі, ці каротка, толькі апынуліся на гарэ.

Тупнуў Янка нагой аб камень, і адчыніўся склеп. Паляцелі яны ў склеп, як у калодзезь; даляцелі да дна.

Стукнуў Янка кулаком у сьцену і атчыніліся дзьверы. Увайшлі яны туды.

Бачыць Сёмка, ажно гэта — вялікая хата, пасярод стаіць як-бы стол, зроблены с чэлавечых касьцей, а пры сьценах — лавы. Хацеў Сёмка прасіць сына, каб ён вывёў яго з гэтаго калодзезя, але бачыць, што Янка нет ведама куды дзеўся. Спужаўся Сёмка і схаваўся пад лаўку.

Сядзіць ён у самым куце і ня дышэ ад страху: душа ў пяткі схавалася, чуць с цела ня выскачыць. Сядзіць ён. Але вось разступілася земля, і выйшлі дзьве якіесь нечысьці ў пастаці чэлавека, толькі вельмі касматые і з рагамі, паскладвалі яны у кучу чэлавечые чэрапы, паветрылі насамі, бы сабакі, ці німа чаго непатрэбнаго, і ляглі каля кучы.

Па немалым часе трэснула сьцена і нарабіла такога гуку, што ў Сёмкі дух спёрла і ў вачу пацямнела,

Ачухаўся ён трохі, бачыць, ажно з дзіркі вылазіць такая страшная нечысць, што ня можна й сказаць. А чэрці уселякаго калібру вядуць гэтую нечысць пад рукі, шапкуюць, услугоўваюць, от — нераўнуючы, бы архірэя. Дагадаўся Сёмка, што гэта мабыць самы старшы чорт — Люцыпар, Хацеў перахрысьціцца, дык пад лавай так цесна, што нельга рукі пашэвяліць.

Вось Люцыпар узабраўся на кучу с чэлавечых касьцей ды ўсеўся, бы пан на крэсьлі. Сядзіць, а чэрці стаяць па баках ды зубы скаляць. Трэснула йшчэ адна сьцена, і пачалі вылазіць адтуль — наперад сьмерць с касою (от акурат, як малююць), а за ей уселякіе хваробы. Налезла гэтае пошкудзі поўна хата.

— Ну, — кажэ Люцыпар, — ты, сьмерць, садзіся каля мяне, а вы, мае пахолкі, кажэце, што вы зрабілі, ці многа людзей перэбавілі с таго сьвету? —

Разселася сьмерць каля Люцыпара на кучы касьцей так, што ўсе рэбры яе забражджалі.

— Ну, — кажэ Люцыпар, — падхадзіце ды кажэце, што вы зрабілі. І пацягнуліся хваробы бліжэй да кучы.

Перш падыйшла хондзя, ці, як кажуць, трасца, — зялёная, худая, от, бы тая жыдоўка, што анучы збірае. Дрыжыць, бы асіна,і кажэ тоненькім, пісклявым галаском: „кепская настала пара цяпер; зельлёў многа: трасу—трасу, гняту—гняту, нічога не параджу. Цяпер людзі кажуць, што пурымы не сьвята, а трасца не хвароба“. —

— Глядзі ў мяне! — закрычаў Люцыпар, — я дам табе такога дыхту, што с цябе й духі выпрэ. Пашла вон! —

Знікла трасца. Падходзіць хвароба сухоты. — „Я, — кажа, — многа атпраўляю людзей на гэты сьвет, многа падгатавала. Дзякаваць п’янству, — пры гэтых славах яна пакланілася якойсьці бочцы, а с тае толькі тырчыць аблезлая галава с сінім носам, — дзякаваць, яно мне шмат памагае“.

— Добра, добра, — кажа Люцыпар, — зраблю цябе старастаю.

Далей пашлі: воспа, рэзачка, халера, гарачка, водра і многа другіх хвароб. Усе яны кажуць, што вельмі памагало п’янство.

Слухаў, слухаў Люцыпар, дый пытае: — „Якое — такое там п’янство, што ўсе яму дзякуюць? Што-ж яно само зрабіло?“ —

Падсунулася бочка, ці бо тое самае п’янство, дый кажэ: „го-го-го! што я зрабіло? Я тое зрабіло, што цяпер, каб не я, то-б усе хваробы ніводнаго чэлавека не ўмарылі; сьмерці прышлося-б ці зубы палажыць на паліцу, ці суздром здохнуць“.

— Праўда, — кажэ сьмерць, — п’янство верна мне служыць: яно робіць больш, чым усе хваробы разам. А сколькі яно ешчэ прыгатаўляе. З ім што па гатоваму хадзіць! Пасьля п’янства возьме і трасца, і пухліна, і рэзачка, і ўселякая хвароба. Не, а от ты папрабуй к цьвярозаму прыступіцца! калі ты сунешся к яму у жывот, а ён цябе давай варыць; круцішся, круцішся, дый вон скарэй бяжыш бо ён і камень зварыць.

— Хвалю, п’янство! — закрычаў Люцыпар, — раблю цябе самай старшай хваробай над хваробамі. Цяпер усе цябе будуць слухаць. Хадзі, каханае п’янство, ка мне, садзіся каля мяне. —

Запішчалі, захрыпалі усе хваробы, сталі віншаваць п’янству, ды такі паднялі гоман, што дол разступіўся, і ўсе яны паляцелі ў тую пропасць.

Дрыжыць Сёмка пад лаваю, ня сьмее адтуль выпаўзці, але зірнуў, ажно Янка стаіць каля яго. Узяў Янка бацьку за руку і ўзноў яны паляцелі, Доўга ляцелі яны каля самых зорак, чуць не зачапіліся за месяц, пакуль не вярнуліся на тое-ж мейсцо пад крыж, дзе Сёмка ляжаў у канаўцы.

— Ну, бацька, бачыў? — пытаецца Янка.

— Вачыў, — кажэ Сёмка.

— А калі бачыў, то йдзі з Богам да гасподы і раскажы другім. —

Сказаў Янка і знік.

Глядзіць Сёмка, ажно ён усю ноч у канаве у гразі пралежаў, Сьцюдзёна, зуб на зуб не пападзе. Дрыжыць увесь, як-бы яго трасца трасе. Падняўся гэта ён, перахрысьціўся ды да гасподы сунуў, бы хорт. Але мабыць с тае пары Сёмка больш ня пойдзе ў карчму і ня будзе піць. Мо́ й гэтак.

А вы як думаеце?


(Сказки и разсказы Бѣлоруссовъ-Полѣшуковъ).