За што нішчылі Лесаўчыкоў?
← Пакута | За што нішчылі Лесаўчыкоў? Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1923 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 51-52 |
Полацкая сьв. Сафія → |
За што нішчылі Лесаўчыкоў? Лесаўчыцкі рух дагэтуль яшчэ чакае свайго дасьледчыка, які-бы выцягнуў на сьвет Божы з архіваў праўдзівую гісторыю гэтага беларускага казацтва. Бо ва ўсіх датыхчасовых польскіх (а іншых німа) працах аб лесаўчыках, як выражаецца польскі гісторык Стадніцкі „прыложана старэньня да таго каб праўду скрыць“. Аднак і з таго, што ў перакручанай постаці падаецца, відаць, што гэты вайсковы беларускі рух меў свае яркія страніцы. Не пазбаўлена цікавасьці з гэтага боку пастанова Варшаўскага сэйму з 1624 году: „Banitem kto-by był, a Lisowczykaby zabił eo ipso od banicyi ma być wolny“ (Volumina Legum Т. III., 463). (Хто-бы быў банітам, а забіў-бы Лесаўчыка гэтым самым мае быць ад баніціі вольны). Знача Рэчыпаспалітая шляхэцкая гатова была найгоршых прастувінаў унявінніць за забіцьцё беларускага казака-лесаўчыка, Што-ж паставіла шляхту ў такую непрымірымую пазыцію ў стасунку да лесаўчыкоў? Гэтай адповедзі чакае беларускае адраджэньне ад нашых будучых вучоных канчаючых цяпер вышэйшыя школы заграніцай і ў краю.
А.