За маім акном — абрывы…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
За маім акном — абрывы…
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925
Крыніца: http://old.knihi.com/dudar/


 * * *

За маім акном — абрывы,
а на дне іх — пыльны брук.
Ў дротах мечацца пужліва
сонца — вогненны павук.

           Ліжа жоўтыя каменні
           ценяў шарая кайма —
           звонка ляскае аб землю
           іскрай звонкаю трамвай…

Ах, я знаю!.. Звонкім гулам
ўспеняць раніцу гудкі,
загудзіць завод, як вулей,
запыхцяць рухавікі…

           Гэй, далёкія палеткі!..
           Над ракой сутулы клён!..
           Наш пасеў жалезных кветак
           забуяніў над зямлёй…

Можа, заўтра паравозы
загудзяць паміж лясоў,
можа, звякне вербалоззе
намі зробленай касой…

           За маім акном — абрывы,
           пад балконам скача цень…
           Тут вясною гаварлівай
           сіні клён не расцвіце.

Не запеніць тут адценняў
жаўтатканая трава…
Звонка ляскае аб землю
векам будучым трамвай.

(1925)