Засценак Малінаўка/Частка другая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Засценак Малінаўка/Частка першая Засценак Малінаўка/Частка другая
Раман
Аўтар: Аркадзь Чарнышэвіч
1965
Крыніца: https://knihi.com/Arkadz_Carnysevic/Zascienak_Malinauka.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ[правіць]

Гендарсан ішоў з бровара як не сваімі нагамі. Ён забыў пра ўсё: пра гера Пфэрдсана, які чакаў яго за сталом, пра дачку Эльзу, якая недзе валочыцца, занядбаўшы прыстойнасць і абавязкі паслухмянай дачкі. Забыў нават пра снеданне, якое ўжо, мабыць, згатавала жонка. І гэта было тым болей дзіўна, што аканом, як самы акуратны немец, снедаў, абедаў і вячэраў заўсёды ў пару. Цяпер усё гэта здавалася яму вельмі маленькім і дробязным у параўнанні з тым, што адбылося ў млыне.

Ён адчуваў, што яму нарабілі вялікага кепства, але даказаць гэтага не мог. Яго ашукалі рускія мужыкі. Ашукалі, як маленькага хлапчука. Машына сапсавалася не сама! Яны знарок сапсавалі яе. Хамы! Перш за ўсё хацелася зайсці ў млын, вылаяць Гарбатага Яся і даць яму некалькі аплявух. Не дагледзеў, абармот, машыны. Але калі ўспомніў звераватыя Ясевы вочы, яго доўгія рукі з цяжкімі, як гіры, кулакамі, то гэтае жаданне адразу знікла.

Каля свайго флігеля ён апынуўся нечакана, не помніў, калі да яго падышоў. «Гер Пфэрдсан...» — падумаў ён. Як бы ён быў рады, каб гера Пфэрдсана не было сёння ў яго доме, бо адчуваў, што пасля гэтага выпадку ў яго не хопіць вытрымкі павесці сябе так, як належыць паводзіць немцу і гаспадару, у якога і ў сям’і і ў гаспадарцы ўсё ў парадку.

На ганку ён крыху пастаяў, каб супакоіцца і каб не пазнаў гер Пфэрдсан, што ў яго вялікія непрыемнасці. Але, божа мой! Хіба ён не пазнае! Такі разумны чалавек!

Ён адчыніў дзверы ў сваю хату, нібы злачынец, які сам ідзе на пакаранне.

— Што здарылася, Пауль? — запытала яго Інга адразу, калі ён пераступіў парог.

Гендарсан махнуў рукою. Яму хацелася вылаяцца на жонку. Чаго яна, дурная фрау, лезе не ў свае справы! Што яна разумее! Хіба яна паможа яму сваімі ўздыханнямі і слязьмі!

— Эльза прыйшла,— шапнула яму Інга.

У Гендарсана трохі пасвятлела на душы.

— Дзе яна? — запытаў.

— Размаўляе з панам Пфэрдсанам.

— Гут! Ці даўно яна прыйшла?

— Адразу як ты пайшоў, Пауль. Гер Пфэрдсан нават хвіліны не сядзеў адзін.

— Гут! — паўтарыў Гендарсан.

— У цябе, мабыць, зноў непрыемнасці, Пауль? Табе трэба добра памыцца, бо ты на сябе не падобны, бедны мой Пауль.

— Праўда,— адказаў расчулены немец. Хто-хто, а жонка то яго разумее!..— Праўда, мая дарагая Інгеборг... Я буду мыцца, а ты налі мне кілішак старкі, бо не магу я гэтакі паказвацца геру Пфэрдсану.

Інга ніколі не пярэчыла мужу і, калі ён, памыўшыся, абцёрся калматым ручніком, падала яму кілішак старкі. Ён выпіў і падумаў, што пры такім жыцці лёгка зрабіцца п’яніцам, аднак прыкрая чарната, што засланяла яго думкі, знікла.

— У цябе гатова снеданне? — запытаў у жонкі.

— Скора будзе гатова, Пауль. Я чакала цябе.

— Гут! — зноў сказаў Гендарсан.

Ён рашуча пайшоў у той пакой, дзе сядзелі гер Пфэрдсан і Эльза.

Зубны ўрач зірнуў на Гендарсана з відочнай цікаўнасцю, а дачка акінула бацьку такім ледзяным позіркам, што таго траха не скаланула, але ён не падаў выгляду, што адчувае сябе няёмка.

— Ну, як вы тут бавіце час, гер Пфэрдсан? — запытаў ён, як нічога і не было.— Я павінен быў адлучыцца. На маіх плячах вялікая гаспадарка. Усюды патрэбна сваё вока.

— Вельмі правільна, гер Гендарсан,— сказаў зубны ўрач.— У вас непрыемнасці. Ваша дачка расказала мне.

Гендарсан адчуў сябе так, нібы яго аблілі халоднай вадой. «Дачка расказала... Што яна расказала? Няўжо яна ведае пра ўсё, што было ў млыне. Адкуль яна ведае?» — усе гэтыя меркаванні праскочылі ў галаве аканома за адну хвіліну. Ён з шалёнай злосцю зірнуў на дачку. Не хапала яшчэ, каб гер Пфэрдсан ведаў пра ўсе яго справы, непрыемнасці, няўдачы. Яна мо расказала і пра тое, як яе бацька ўцякаў з канторы праз акно! І напэўна ж ён здагадаўся, чаму Гендарсан прыязджаў да яго лячыць здаровыя зубы. Нягодніца дачка!

— У мяне няма ніякіх непрыемнасцей, гер Пфэрдсан... Проста ў мяне не хапае механікаў, і таму спыніўся млын... Трэба рамантаваць машыну, а хто яе адрамантуе! На ўвесь маёнтак адзін механік, якому я не вельмі веру. Рускія, гер Пфэрдсан, сапраўдныя дзікуны... Тут нельга знайсці чалавека, якому можна было б даверыцца. Яны не любяць чужаземцаў. Яны не разумеюць, што гэта мы, немцы, нясём ім машынную прамысловасць і наогул цягнем іх за сабою. Усе яны бунтаўшчыкі і свінні.

— Так, так,— мнагазначна пацвердзіў зубны ўрач.— Той, што прыходзіў вас клікаць, сапраўдная малпа.

— А-а, гэта Гарбаты Ясь!.. Але яму можна верыць, гер Пфэрдсан.

— Тата толькі і верыць такім пачварам,— холадна сказала Эльза.— Гэты Гарбаты Ясь б’е сваю жонку. Гэта звер, а не чалавек, і ён татаў сябра.

Гендарсан пазелянеў. Праклятая дзеўка! Чаго яна лезе куды не трэба! Ахоплены злосцю, ён гнеўна зірнуў на дачку.

— Іх усіх трэба біць да паўсмерці! У іх няма ўдзячнасці! Іх трэба караць так, як тут калісь было ў прыгонны час!

Гендарсан распаліўся да таго, што гатовы быў сам біць мужыкоў. Ён нават уявіў, як біў бы гэтую свінню Вярбіцкага лазовымі дубцамі. Рукі свярбелі, так хацелася пакараць мярзотніка, асабліва за тое, што ён, немец-аканом, вымушаны быў назваць рускага хама панам, за тое, што пайшоў з бровара як пабіты сабака. Але ў гэты момант Эльза ўстала і выйшла з пакоя.

Ваяўнічы настрой у аканома адразу апаў. Дачка нарэшце давядзе яго да вар’яцтва. Няхай бы лепш яна спрачалася, няхай бы абараняла сваіх хамаў! Дык не, яна ні ў грош не ставіць бацьку. Пусціла шпільку і знікла... «Хоць бы яна зноў не сышла з хаты, тады дзе падзецца ад сораму перад герам Пфэрдсанам...» І Гендарсан раскаяўся, што так не ў пару распаліўся.

Гер Пфэрдсан глядзеў на аканома глыбакадумна і мнагазначна.

— Я разумею вас, гер Гендарсан,— нарэшце вымавіў ён.— Я вас вельмі добра разумею.

— О-о! — ледзь не завыў Гендарсан.— Мне тут цяжка жыць!..

— Веру, гер Гендарсан, і рады вам памагчы.

Аканом вылупіў вочы. Чым можа яму памагчы гэты добры чалавек?

Гер Пфэрдсан добразычліва ўсміхнуўся.

— Я заўсёды рады памагчы зам, гер Гендарсан. І, здаецца, я вам памагу.

Гендарсан нічога не разумеў.

— Вам патрэбен добры механік, гер Гендарсан. Добры механік-немец.

— О-о! — сказаў аканом.— Але дзе я вазьму механіка-немца?

Гер Пфэрдсан зычліва ўсміхнуўся.

— Я вам дам механіка, гер Гендарсан. Добрага механіка і добрага немца.

— О, гер Пфэрдсан! Якое гэта было б шчасце! Але дзе вы возьмеце такога чалавека?

— Я вазьму яго з Рыгі, гер Гендарсан. Там у мяне ёсць брат. Не родны, а ўсё-такі брат! Добры механік. Ён працаваў на вялікім заводзе. Але вы не ведаеце, што цяпер робіцца ў Рызе! Там вялікія беспарадкі, гер Гендарсан. Ды не толькі ў Рызе, але і па ўсёй Курляндыі. На заводах забастоўкі, у маёнтках бунты. Гэтыя брудныя латышы, гер Гендарсан, ані не лепшыя за рускіх. Яны нават яшчэ горшыя. Што там робіцца! Яны, гэтыя брудныя латышы, паляць нямецкія маёнткі, выганяюць памешчыкаў-немцаў. Былі нават забойствы... А ў Рызе яшчэ горш. Мой брат, пра якога я вам казаў, працаваў на вялікім заводзе майстрам, то гэтыя брудныя латышы прымусілі яго кінуць работу. Ён добрасумленна выконваў свае абавязкі, то яны паставілі ўмову псред адміністрацыяй завода, каб яго звольнілі з работы. Вам патрэбен такі механік, гер Гендарсан?

— Патрэбен! — закрычаў аканом.— Ён мне патрэбен!

Гендарсан зноў распаліўся і грукнуў кулаком па стале.

— Патрэбен, гер Пфэрдсан! Давайце яго сюды! Я ім пакажу Якава Шэмета! Я іх расцісну, растапчу! Я пастаўлю вашага брата старшым механікам! О, гер Пфэрдсан! Вас да мяне паслаў сам бог!

Раптам настрой у аканома зноў пагоршыўся. Ён успомніў пра млын, і сэрца яго ўпала. Кожны дзень прастою каштаваў не капейкі, а рублі, частка якіх належала аканому. Гарбаты Ясь заўсёды сам сабе ўкрадзе, з ім аканом не думаў дзяліцца.

— Як далёка Рыга, гер Пфэрдсан! — прамовіў ён безнадзейна.— Як далёка Рыга! Каб ваш брат быў у Слуцку! Няхай бы ён быў нават у Мінску... А Рыга!..

Зубны ўрач дабрадушна ўсміхнуўся і зірнуў на аканома, як на малога.

— Рыга зусім недалёка, гер Гендарсан. Гэта вам толькі здаецца, што яна вельмі далёка. Вы, мабыць, ніколі не былі ў Рызе. Калі сёння адбіць тэлеграму, то мой брат будзе тут праз некалькі дзён.

— Праз некалькі дзён...— як рэха, паўтарыў Гендарсан.

— Так, так, гер Гендарсан. Хіба гэта многа, нейкія пяць дзён! Мой брат наладзіць работу ў вашым млыне так, што гэтыя няшчасныя дні не будуць мець ніякага значэння, як быццам іх і не было. Толькі тэлеграму трэба адбіць сёння.

— Мы яе адаб’ём! — бадзёра прамовіў Гендарсан.— Калі вы, гер Пфэрдсан, не супроць, то э-э-э... пасля снедання з’ездзім у Старочын. Гэта недалёка, каля дзесяці вёрст.

— Я буду вельмі рады памагчы вам.

— А я вас затрымаю тут на пару дзён. Вы ў мяне пагасцюеце, гер Пфэрдсан! У нас знойдзецца аб чым пагаварыць. Спадзяюся, што гэта не напсуе вашай практыцы.

— О не! У мяне шырокая і трывалая кліентура, гер Гендарсан. Гэта мяне не хвалюе.

— Як я вам удзячны, гер Пфэрдсан! — расчулена прамовіў аканом.

— Нічога! Мы — немцы — павінны заўсёды падтрымліваць адзін аднаго, памагаць адзін аднаму. Асабліва ў чужой краіне.

Не ведаў аканом, што зубны ўрач знарок прыехаў да яго, каб знайсці месца свайму беспрацоўнаму брату — штрэйкбрэхеру і здрадніку.

У пакой увайшла Інга і запрасіла гера Пфэрдсана і мужа на снеданне.


Перад самым абедам у бровар зайшоў заклапочаны Платон Шабуня. Павел Квітун стаяў ля топкі, а Станіслаў курыў, абапёршыся на варштат, і думаў пра Якава Шэмета. Нарэшце такі яны будуць разам. Скора сяляне пачнуць прадаваць у бровар бульбу, работы будзе па вушы. Павялічыць цану на сялянскую бульбу — вось якая задача стаяла перад імі.

— Хлопцы,— сказаў Платон.— Вы не ведаеце, што гэта за панок гасцюе ў нашага аканома?

Станіслаў узняў галаву.

— А які нам клопат да аканомавых гасцей, Платон? — запытаў ён.

— Вядома, да яго гасцей нам няма ніякага клопату, — адказаў Шабуня.— Але можа ёсць клопат да таго, што сёння аканом са сваім госцем паехалі ў Старочын?

— Вось як!

— І не на сваёй кабылцы, запрэжанай у бяду, а на стаенніку. Мы з Кірылам Вераб’ём ледзь запрэглі яго ў брычку, і сам Кірыла сеў за фурмана.

— Ого! — прамовіў Павел, зачыняючы топку.— Можа да ўрадніка пакацілі!

— От таму я і прыйшоў сказаць пра гэта. Калі што не ў парадку, хлопцы, то трэба падрыхтавацца.

— Усё ў парадку, Платон,— задумліва адказаў Станіслаў.— Па-мойму, да ўрадніка пакуль што ў Гендарсана інтэрасу няма. Тут нешта іншае. А што за госць у аканома?

— Нейкі панок. Не такі круглы, як Гендарсан, але гладкі. І вельмі вясёлыя абодва.

— Гэта горш,— зазначыў Станіслаў.— Сёння Гендарсану радавацца няма чаго. Скарэй за ўсё яму трэба плакаць. Можа п’яны?

— Не без таго. Але вясёлы ён не ад гарэлкі. Такога я дасюль яго не бачыў. Увесь аж свіціцца.

— От гэта ўжо зусім незразумела,— сказаў Станіслаў.— Што ж, будзем гатовы да ўсяго. Паглядзім, што за гасцінец ён нам прывязе. Трэба пільнаваць, калі вернецца. Ты, Платон, робіш на дварэ, то наглядай. Можа і сапраўды прывязе сюды ўрадніка.

— Я не прагледжу,— адказаў Платон.

Гендарсан са сваім гасцём вярнуліся са Старочына падвечар. Калі Кірыла Верабей завёў каня ў стайню і вярнуўся ў старожку, яго ўжо чакаў Платон Шабуня.

— Ну, дзядзька, добра пракаціліся на стаенніку? — запытаў ён.

Стары Верабей зморшчыўся.

— Няхай ён здохне, рукі паадрываў. Не ў мае гады фурманам быць. Да самага Старочына як чорт яго нёс.

— А куды ж гэта ездзілі паны?

— На пошту, каб яны падушыліся. Як зайшлі абодва, дык нібыта расталі, доўга там сядзелі. Што яны там рабілі, ліха іх ведае. Я ж каля каня круціўся, пільнаваў чорта, каб ён выдах. Не хоча стаяць, зямлю капытамі б’е... А гэты другі, што з нашым ездзіў, таксама немец. Усю дарогу па-свойму гергеталі, хіба я ведаю, пра што? Гергеталі і смяяліся, найболей наш. А другі той — зубны доктар са Слуцка, бо пытаў у мяне: «Ці маеш, стары, зубы?» — «Не,— кажу,— не маю, паны ўсе павыбівалі». Рагоча, свалата. «Прыязджай,— кажа,— да мяне ў Слуцак ды золата прывозь, я табе залатыя ўстаўлю». От і ўсё, Платон.

Так Шабуня нічога і не ўведаў ад Кірылы.

Загадка разгадалася вечарам. Павел Квітун ішоў да Станіслава Вярбіцкага. На дварэ падмарожвала. Растаптаная скацінай гразь ператварылася ў храпу. Ісці было слізка і няроўна. Павел збочыў з дарогі і ішоў паўз плот, што аддзяляў панскі сад ад двара. Раптам уперадзе ўбачыў жанчыну, якая ішла насустрач. Спачатку Паўлу здалося, што гэта Надзя. Мабыць, так бывае з кожным закаханым, якому ўсюды мроіцца каханая дзяўчына. Але ў тое ж самае імгненне ён зразумеў, што гэта не Надзя. Што магла рабіць тут Надзя ў такую пару!

— Гэта вы, Павел! — пачуў ён голас, яшчэ не параўняўшыся з жанчынай, і пазнаў Эльзу Гендарсан.

— Я, паненка,— адказаў ён.— Добры вечар.

— Мне трэба было сёння пабачыць вас, Павел,— прамовіла Эльза, не адказаўшы на прывітанне.

— Мабыць, тут не вельмі ўдалае месца для сустрэчы, паненка.

— Мы зойдзем у сад.

Яна пайшла наперад, адчыніла вароты і павяла Паўла асеннім садам, які ўжо атрос са сваіх галін усё лісцё. Цяпер гэтае лісцё, кранутае марозам, шамацела пад нагамі. Дрэвы стаялі голыя, як дзеркачы, праз іх рэдкае галлё віднеліся бліскучыя зоры на халодным начным небе. Усё навокал было зімовае, золкае, але па-свойму прыгожае і крыху патаемнае. Не хапала толькі снегу. «Спатканне,— падумаў Павел.— Цікавае спатканне ў панскім садзе з дачкой ворага...»

Эльза спынілася каля старой грушы, трухлявай і дуплянастай. Адсюль былі відны ярка асветленыя вокны аканомавага флігеля. Святло з іх шырокімі палосамі лажылася на мёрзлую зямлю, укрытую інеем. Паўла ахапіў нейкі дзіўны настрой, бо ўсё гэта не было падобна на яву.

— Я хачу вас папярэдзіць, Павел,— сказала Эльза, хутаючыся ў вялізную ваўняную хустку; гэтая хустка і рабіла яе падобнай на пажылую жанчыну, кволую і бездапаможную.— Я хачу вас папярэдзіць, што Якаў Шэмет не будзе працаваць у маёнтку.

— А што мне да Шэмета? — абыякава адказаў Павел, бо ўсё навакольнае страціла ў яго вачах сваю казачнасць.

— Не гаварыце мне гэтага, Павел. Я ведаю ўсё. Тата расказаў. Яны п’юць з зубным урачом са Слуцка, і тата расказаў усё, пра што вы гаварылі сёння ў бровары. Сёння яны ездзілі ў Старочын і адбілі тэлеграму ў Рыгу да брата гэтага зубнога ўрача. Ён скора сюды прыедзе і будзе старшым механікам. Я не ведаю, што там за брат, мабыць, добры прахвост, бо ў Рызе яму няма месца... Я павінна была папярэдзіць вас, Павел...

— Мне гэта ўсё роўна, паненка. Мае пасады той брат зубнога ўрача не зойме. Я не механік.

Гэта былі словы, а душу Паўла заліла гарачая хваля ўдзячнасці і прыязнага пачуцця да гэтай незразумелай чужой дзяўчыны.

— Не, вам не ўсё роўна, Павел. Гэта мне ўсё роўна, аднак я папярэдзіла вас... Бывайце, Павел...

Яна падала яму руку. Ён узяў у сваю гарачую далонь яе халодныя трапяткія пальчыкі і мімаволі пацалаваў. І яна пайшла да флігеля, ахінуўшыся вялізнай ваўнянай хусткай, як пажылая жанчына. Павел глядзеў ёй услед аж датуль, пакуль постаць яе не схавалася за сцяной флігеля.


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ[правіць]

На дварэ падаў снег. І ўдалечыні ўсё адсунулася назад, здрабнела і ледзь віднелася праз белую смугу зімовага дня. А сняжынкі падалі і падалі на мёрзлую зямлю, на палі і лугі, на лясы і гаі, на двары і стрэхі. Прырода паступова ўбіралася ў бель і ўвачавідкі прыгажэла, бо зіма хавала пад снегам увесь зямны бруд.

У гэты дзень Лісавета мыла бялізну. Учора выпарыла ў цэбры з гарачым лугам, а сёння мыла. Балелі расчырванелыя рукі. Палатняныя кашулькі, штонікі, бацькавы порткі, ручнікі, абрусы — усё цвёрдае, трэш яго, трэш, і з мылам, і з попелам. Пакуль адатрэш гразь, дык скарэй сатрэцца скура на далонях.

Цяжка жыць без маткі, а Лісавета ўжо два гады была за гаспадыню ў хаце. Маці памерла, калі Лісавеце ішоў пятнаццаты год. І от з той пары ўся хатняя работа звалілася на яе рукі. Вясной трэба было пасадзіць і дагледзець агарод, каб усё расло не горш, чым у людзей. Летам жніво, сенакос, потым лён, а ўсю восень і зіму, пакуль сыдзе снег,— прасніца і кросны. Ніхто за яе не напрадзе, не натчэ, а мужчын трэба адзяваць, ды і сабе ў скрыню нейкае палатно пакласці.

Цяжка без маткі. Няма ў каго парады папрасіць, ніхто не паможа. Толькі цётка Аксеня ды Алена не акідалі Лісавету. Навучылі снаваць кросны, накідаць у ніты і ткаць. Не толькі простае палатно, а і абрусы, ручнікі і капы. Дурыцца Лісавеце не было калі, старалася запомніць усё за адзін раз, каб потым не бегаць, не пытацца. Бо калі раз запытаеш, то яшчэ нічога, а калі два ды тры, то гаворка пачнецца: дурная, непанятлівая. Трэба быць панятлівай, бо благая слава пойдзе па засценку. І Лісавета была панятлівая. У семнаццаць сваіх сірочых гадоў яна ўмела рабіць усё, што трэба ўмець дзяўчыне-нявесце. А шыць ды латаць, мабыць, ніхто не ўмеў лепш за яе. Малодшыя браты Алесь ды Адам добрыя былі дзеруны, асабліва меншы, Алесь — што ні надзене, дык ляціць яно на ім, як з павуціння саткана. Чатырнаццацігадовы Адам памагаў ужо бацьку. Нават на Волю ездзіў. Бацька наладзіў яму невялікую касу, і Алесь быў і касец, і малацьбіт. Толькі яшчэ не араты. Цяжка плуг цягаць.

Лісавета мыла і думала, што цяпер будзе лягчэй. Зімой заўсёды лягчэй. Ведай толькі хатнія справы. Скаціну бацька з Алесем самі кормяць ды пояць. Толькі свінням яна замяшае, дык і то Адам або Алесь, або і сам бацька, падхопяць вёдры і занясуць. Берагуць яе ўсё-такі мужчыны. Толькі карову Лісавета сама даіла.

А летам было, калі затрымлівалася на жніве, то бацька і карову даіў.

Лісавета была рада, што лён сцёрты, а патрапаць яго яна і сама здолее. Цяпер пачнуцца вячоркі. Самы лепшы час для маладых. Дзяўчаты будуць прасці, спяваць песні, а потым можна скласці прасніцы і пагуляць. Хлопцы таксама збіраюцца: яны ў карты рэжуцца, кураць або дурэюць, не даюць прасці. Асабліва Тамаш Сташэвіч такі жартаўнік... Ах, гэты Тамаш...

Лісавета, напраўшы дзве ручайкі, заўсёды спяшалася дамоў. Нельга было ёй заседжвацца дапазна. Добра таму, у каго маці ёсць, раніцай можна даўжэй паспаць. Маці сама ўстане, печ запаліць, а дачцэ дасць вылежацца. А хто заменіць Лісавету! Самой трэба прачнуцца ўпору, газоўку запаліць, бульбы свінням намыць, снеданне згатаваць. Добра, што бацька і Адам памагаюць. Цяжэйшыя чыгуны бацька сам у печ ставіць, сам і вымае. Адам заўсёды вады і дроў прынясе, падпалкі дробнай насячэ ды насушыць, каб печ можна было скора распаліць. Адам дык з выгляду зусім дзікун, а сэрца мае добрае. Лісавета бялізну мые, а ён сядзіць, частыя граблі майструе, амецце пераграбаць — цяпер яны малоцяць з бацькам.

А на дварэ снег. Ужо не сыплецца дробнымі сняжынкамі, а падае буйнымі камякамі, і ўвесь свет нібы ў малацэ. На дрэвах у садзе абвіслі галіны, снег наваліўся на іх і прыгнуў. Лісавета зірнула ў акно. «Божачка, зіма!» Невядома, чаго больш было ў галаве гэтай дзяўчынкі, дзіцячага ці дзявочага. Яна ўзрадавалася, што прыйшла зіма. Узрадавалася шчыра, як радуюцца дзеці першаму снегу, першым зімовым дням, калі можна праехаць на санках, зляпіць бабу, кінуць снежку. Ох, прайшла гэтая шчаслівая пара... Прайшла і, мабыць, больш ніколі не вернецца.

— Вынесі, Адам, памыі,— папрасіла яна брата.

Адам паклаў граблі, вынес на двор памыйніцу і, вярнуўшыся ў хату, сказаў, як сталы мужчына:

— Ну і снег! Скора з татам па сена паедзем.

Лісавета ўздыхнула. А дзе ж бялізну пасушыць?

На двор не вынесеш, такі снег лепіць. Каб марозік... Прыйдзецца на гарышча лезці. А тут певень у падпечку нібы ачмурэў ад седні — калі гаркнуў узапар разоў пяць: «Ку-ка-рэ-ку!»

Адам усміхнуўся і сказаў:

— Мароз чуе! Бач ты яго!

Лісавета кончыла мыць, папрасіла Адама:

— Можа б ты нанасіў вады ў цэбар, Адам. Паласкаць трэба.

— Дзе твой цэбар? — запытаў ён, надзяваючы шапку.— Той жэўжык Алесь недзе на лёд пайшоў коўзацца, а то мы б табе адразу поўны цэбар прывалаклі... Давай вёдры.

Пакуль Лісавета кончыла паласканне, рукі сталі як граблі, аж не гнуцца. Але к гэтаму часу прайшла снегавая хмара, і на чыстым небе выбліснула халоднае зімовае сонца. І памацнеў мароз. Дзяўчына адагрэла рукі, апранулася і панесла вешаць на платы бялізну. Няхай вымерзне добра, тады ў хаце скора дасохне.

Такая любата на дварэ. Усё навокал белае, снег іскрыцца на сонцы, паветра такое здаровае, што не надыхацца. Вароны кінулі свае гнёзды, бітком набітыя снегам, і цэлай чарадой расселіся на бярозе, абляпілі ўсе галіны. Лісавета павесіла бялізну, а рукі зайшліся ад холаду. Яна схапіла снегу і нацерла рукі. Снег спачатку апякаў голае цела, балюча стала, потым горача. Лісавета зляпіла снежку і шпурнула ёю ў варон. Яны ўзняліся і паляцелі шукаць другога месца. Лісавеце шкада стала бедных птушак.

— Варон ганяеш? — пачула Лісавета і здрыганулася. Яна адразу пазнала гэты голас.

Каля варот стаяў Мікалай Халуста і ўсміхаўся. Лісавета не адказала, яна нібы скамянела.

— Давай у снежкі пагуляем!

— Не лепяцца снежкі,— не сваім голасам адказала дзяўчына.

— Не лепяцца? — Мікалай сагнуўся, набраў поўныя прыгаршчы снегу, памяў яго, зляпіў здаравенную снежку.

— Бачыш! Чаму ж не лепяцца? Хочаш, у цябе пацэлю!

— Дзіва што... Так блізка...

— Кажаш, блізка? Ну, дык пакажы, куды далёка пацэліць!

— Ай, Мікалай... Ідзі лепш дадому...

— Ну, пакажы, куды далёка пацэліць! Ну, вунь у тую таполю, што на Янавым завулічным агародзе стаіць?

— Ты туды і не дакінеш.

Мікалай быў добра выпіўшы, гэта адразу пазнала Лісавета. Ёй трэба было ісці ў хату, а не разводзіць гаворку з гэтым... Лісавета не ведала, як назваць яго. Тата яе зваў Халустаў зладзеямі, але Лісавета не магла так назваць Мікалая... Не то каб ён ёй падабаўся, яна пра гэта баялася і думаць... Але ён быў не такі, як усе засцянковыя хлопцы. Халусты ўсе былі інакшыя, і іх баяліся ў засценку. Асабліва баяліся Мікалая. Яго не асмельваліся зачапіць, бо ён мог адпомсціць. Але як адпомсціць? Прастадушная дзяўчына яшчэ не разумела жыцця. «Ён жа нікому нічога благога не зрабіў»,— думала яна. Наогул, яна шмат чаго не разумела. Вунь Андрэй Сташэвіч яшчэ дужэйшы за гэтага Мікалая, але ж пра яго не кажуць так, як пра Халустаў. Або Тамаш... Аднагодкі ж яны — і Мікалай, і Андрэй, і Тамаш... Але Андрэй і Тамаш інакшыя. З імі можна жартаваць, гаварыць, бо яны свойскія. Яны не такія, як Мікалай, яны на віду, іх ведаюць з маленства. А Мікалай не свойскі. Ён чужы, у ім нешта іншае, не такое, як ва ўсіх... І вось яно, гэтае чужое, цягне, заманьвае... Хочацца ведаць, а якое ж яно, гэтае невядомае, чужое...

— Кажаш, не дакіну да Янавай таполі? Ну, дакіну ці не?

— Не ведаю, Мікалай.

— Ну, дык глядзі!

Мікалай размахнуўся. Снежка вылецела з яго рукі, аж загула ў паветры і ўдарылася ў ствол таполі на вышыні чалавечага росту.

— Бачыла! А ты казала — не дакіну!

Лісавета зірнула на яго з захапленнем.

— Ці знойдзецца ў вашай задрыпанай Малінаўцы хлапец, які дакіне датуль снежку або камень? — хваліўся Мікалай.— Не знойдзецца такіх! Я левай рукой дзесяць малінаўцаў скручу і ў кулаку сцісну.

Ён гаварыў так упэўнена, што Лісавета верыла яму і баялася яго.

— Чаму ты ўчора на вячоркі не прыходзіла?

— Часу не было...

— А сёння прыйдзеш?

— Не ведаю...

— Прыйдзі, дурная. Я табе нешта дам.

— Ай, Мікалай...

— Прыйдзі, я табе кажу. Не будзеш каяцца.

Мікалай не бачыў, што на ганку стаяў Адам. Ён пачуў, што Лісавета з некім гаворыць, і выйшаў паглядзець.

— Ідзі дадому, Лісавета,— загадаў ён.

Лісавета адразу пайшла ў хату.

— Бач ты яго! — прамовіў Мікалай.

— А табе чаго тут трэба? — па-гаспадарску запытаў Адам.— Чаго трэшся каля чужых варот ды, як злодзей, у двары заглядаеш?

— Глядзі ты на яго, на малінаўскага байструка! — агрызнуўся Мікалай.— Пападзешся ты ў мае рукі, я табе вушы адарву.

— Глядзі, каб я табе не адарваў.

— Ты? Мне? — Мікалай ледзь не паваліўся з рогату.— Падшывалец, смаркач, ха-ха-ха! Ён мне вушы адарве! Бачылі вы такога!

Тым часам, пакуль ён смяяўся і лаяўся, Адам не спаў у шапку. Не паспеў Мікалай узняць галавы, як у яго паляцелі снежкі. Адна папала ў грудзі, а другая проста ў твар.

— Я табе пакажу! — зароў Мікалай, ірвануўшыся ў вароты, але Адам ускочыў у хату і замкнуў дзверы.

— Што ты там нарабіў, Адам? — спалохана запытала Лісавета.

— Нічога. Гэткі ён цалец, зладзюга! Няхай ведае! «Няма ў Малінаўцы такога хлопца, што ў таполю пацэліць!» От я дык пацэліў яму ў самую зладзейскую храпу.

— Ён жа цябе зловіць як-небудзь ды наб’е...

— Не зловіць! А няхай паспрабуе набіць, то я Андрэю і Тамашу скажу, яны яму пакажуць!

— Ён жа старэйшы за цябе...

Адам зірнуў на сястру і чмыхнуў носам.

— А ты не вельмі з ім стой ды размаўляй... Што ён табе даць абяцае, злодзей гэты, і за што?

Лісавета пачырванела.

— Ён жа п’яны, Адам. Хіба ты не бачыў?..

— Глядзі, Лісавета!.. Калі ты ад яго нешта возьмеш, тату скажу.

— Што ты, Адамка!..

— Будзе табе што! Яго ж Андрэй з Тамашом вязалі, рэзаліся яны з бацькам. Якая ж ты дурная, Лісавета!

— Гэта ты дурненькі, Адамчык...

— Я не дурненькі! Але калі ўбачу, што ты стаіш з ім ды гаворыш, то глядзі!

Бедны Адам! Хіба ён ведаў, што Лісавета не толькі тут, у сваім двары, гаварыла з Мікалаем. Ён праводзіў яе з вячорак, ён ужо абяцаў ёй залатыя горы. Ніхто гэтага не ведаў, акрамя яе і Мікалая.

У жыцці чалавека бываюць гадзіны адзіноты і тугі, калі жыццё здаецца не такім, як трэба, няпоўным, пустым, непатрэбным. Тады чалавек прасочыць кожны свой крок, абмяркуе яго, ацэніць, і часта, вельмі часта позняе раскаянне сцісне яго сэрца. Былі такія хвіліны і ў Лісаветы апошнім часам. Прыходзіла раскаянне, але яна не хацела прымаць яго ўсур’ёз, не магла прымаць і зварочваць з таго шляху, па якім пачала ісці.

Ноччу, калі ўсе ў хаце спалі, Лісавета ляжала без сну і думала пра Мікалая. І сустрэчы з ім, і думкі пра яго былі яе таямніцаю. І таямніца гэтая падчас адбірала яе спакой.

Першы раз яна сустрэлася з Мікалаем вясной на свята Міколу. У засценку хлопцы наладзілі вечарынку. Танцавалі на дварэ. Моладзі сышлося шмат — і з Жывіцаў, і з іншых блізкіх засценкаў. Вечар стаяў ціхі, цёплы і зорны. Пахла бэзам, што рос каля платоў і расцвіў. Лісавета ніколі не забудзе таго вечара. Ёй здавалася, што быў ён асаблівы, не падобны на іншыя. Так прыгожа было на дварэ, так хораша навокал, што ёй хацелася ісці адной цераз поле, цераз лугі ў незнаёмую, але такую прывабную далечыню... Тады яна ўпершыню танцавала на вечарынцы. Не з хлопцамі. Барані божа! Яна ўцякла б, каб яе запрасіў хлопец. Яна танцавала са Сташэвічавай Аленай і з Асіеўскай Ганнай з Жывіц. І от тады яна пачула словы: «Якая хвацкая дзяўчына вырасла ў Талімона!» Яна не ведала, хто гэта сказаў.

— Чуеш, што пра цябе хлопцы гавораць? — запытала ў яе Алена.

— Ай, Аленачка...

— Гэта Халустаў Мікалай.

— Ай, Аленачка...

— Дурненькая, чаго ты саромеешся!

— Не трэба мне ніякія хлопцы...

— Пачакай, галубка! Спачатку ўсе так гавораць.

Лісавета адразу ж забыла і Мікалаевы словы і гаворку з Аленай. Яна танцавала і забыла пра ўсё на свеце! Так лёгка і хораша было ў яе на душы, што хацелася ўзняцца і ляцець.

Вечарынка кончылася пад раніцу. Свежа стала на дварэ, лёгкае стамленне ахапіла ўсё цела. Лісавета дадому пабегла адна. І вось каля двара яе сустрэў Мікалай Халуста. Яна і не заўважыла яго, бо стаяў ён каля слупа, нібы зліўшыся з ім.

— Чаму ж ты адна, Лісаветка? — запытаў ён.

— Ай! — ускрыкнула яна.— Хто гэта?

— Не крычы, дурненькая, гэта я,— ён стаяў каля варот, не даючы ёй праходу.

— Пусці, Мікалай... Мне дадому трэба...

Яна спалохалася не на жарт, бо ніколі так не сустракалася з хлопцам адно на адно. Ды яна так і не спалохалася б, каб быў нехта другі, а не Мікалай Халуста. Свайго засцянковага хлопца яна таўхнула б, аблаяла. Але гэта быў Мікалай Халуста, і Лісавета нават не магла крыкнуць, каб некага паклікаць.

— Пусці, Мікалай... Мяне дома чакаюць...

— Ніхто цябе не чакае, усе спяць.

— Ох, божачка мой, божачка...

І яна заплакала наўзрыд, закрыўшы далонямі твар.

— Дурненькая! Чаго ты плачаш? Я ж табе нічога дрэннага не раблю. Ну, чуеш? Хіба ты мяне за звера лічыш?

Лісавета не адказала. Яна плакала, і постаць яе была такая бездапаможная, такая кволая, такі шчыры быў яе плач, што пакрыўдзіць яе не мог нават сам Мікалай Халуста.

— Сціхні, чуеш! Эх, і дзіцятка ж ты...

— Пусці мяне, Мікалай, дадому...

— Ідзі, дурненькая, хіба я цябе трымаю.

Мікалай адышоў ад каліткі. Лісавета шмыгнула ў яе, але ён перахапіў дзяўчыну, прытуліў да сябе і моцна пацалаваў. Яна нават не паспела крыкнуць.

— Ну што? Жыва асталася? Бяжы цяпер на здароўе.

Яна рванулася, ускочыла ў двор і, не аглядаючыся, пабегла да хаты. Ён пастаяў, паглядзеў ёй услед і паволі пайшоў па вуліцы.

— Што за дзеўчанё! — сказаў ён сам сабе.

Гэта была першая сустрэча. Лісавета думала, што яна будзе і апошняя, але яна не ведала Мікалая Халусты. Дарэмна яна старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Мікалай падпільноўваў яе тады і там, дзе яна і не думала, што сустрэне яго. Ён яе не крыўдзіў, стараўся быць ласкавым, уважлівым і чулым, трымаў сябе сціпла і толькі на развітанні цалаваў. І пазбегнуць гэтых пацалункаў Лісавета не магла. Да таго часу яна ўжо асвойталася, і Мікалаевы пацалункі не былі ёй агідныя.

Яна не разумела, любіць Мікалая ці не. Гэтае новае пачуццё яшчэ не зусім авалодала яе сэрцам. Яна толькі адчувала, што прыемна, калі ён, такі дужы і магутны, якога ўсе баяцца, сустракае яе, слухае і шкадуе. Ёй было прыемна, калі ён браў яе ручкі ў свае вялізныя шурпатыя рукі і песціў іх, прыкладаў да губ і цалаваў. Яна і сама адчувала сябе каля яго не такой ужо нікчэмнай і бездапаможнай. Яна саромелася яго пяшчотаў, але сэрца яе трапяталася і замірала, калі ён прыціскаў яе да сябе і цалаваў... Але яна ведала, што калі ён захоча, то зробіць з ёю усё, што яму ўздумаецца... І ў доўгія асеннія вечары, калі яна сядзела за шыццём ці латаннем, да яе прыходзіла раскаянне... Нешта адбылося ў яе жыцці не так, як трэба. Зусім не так. Трэба было адразу гэта кончыць...

І цяпер не сустракацца з ім. Хіба ў засценку мала добрых хлопцаў? Вунь Тамаш Сташэвіч... Хіба ён дрэнны? Лісавета ведала, што ён заглядаецца на яе, але, мабыць, яшчэ маладзенькай лічыць. Ах, Тамаш, Тамаш! Не ведае ён, што гэтая маладзенькая з Мікалаем Халустам цалуецца...



РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ[правіць]

Андрэй з Іванам узяліся за малацьбу. Трэба было аслабаніць у гумне месца пад сена, бо салому можна скласці на прыгуменні, а кулі пад страхой, сена ж на дварэ не складзеш.

Далася ў знакі малацьба. Уставалі ад першых пеўняў, не хапала сну. Іван, калі садзіўся адпачыць, пакуль Андрэй курыў, дык адразу і засынаў, а Андрэя і ноччу не браў сон. Ён цяпер глыбока адчуў, як дорага яму Ганна. Пасля бацькавай смерці сустрэўся з ёю толькі адзін раз у Старочыне. Нават не пагаварыў як след і, мабыць, пакрыўдзіў. Як жа ўбачыцца з ёю, расказаць пра ўсё, каб зразумела яна яго, каб ведала, як цяжка яму жывецца?

Не менш трывожныя былі і думкі пра Алену. І шкада было сястры і злосць брала на яе. Знайшла ў каго закахацца, у Юзіка Грома! Няўжо ж яна думае, што Андрэй аддасць яе замуж за яго? Не, гэтага не будзе! Старэйшая ж сястра, Аляксандра, і весткі аб сабе не падае. А без яе Алену з хаты не выпхнеш за першага сустрэчнага. Ды тут яшчэ жалоба гэтая замінае: пакуль яна не кончыцца, і жаніхі да Алены не паедуць. Трэба ледзь не год чакаць. А тады хоць сам жаніся, хоць сястру замуж аддавай, бо на два вяселлі ў год і гаспадаркі не хопіць. Аддасі замуж Алену — самому яшчэ год чакай, а за гэты год стары чорт Асіеўскі аддасць за некага Ганну... Ажаніцца самому — то трэба адразу цэлую псарню сабак разводзіць, каб упільнаваць Алену ад Юзіка Грома. Куды ні кінь, усюды клін... Не, трэба самому ажаніцца на тое лета, бо без Алены прыйдзецца наймаць работніцу. А чым плаціць?

У галаве круцілася ад гэтых праклятых думак, і Андрэй не знаходзіў выйсця з таго становішча, у якім апынуўся.

У суботу раней кончылі малацьбу. Трэба было адпачыць трохі, бо назаўтра Андрэй збіраўся з’ездзіць у Крушнікі да Юркі Хмялеўскага. Яшчэ нябожчык бацька сані яму заказаў і задатак даў.

— Мо ты дамоў сходзіш, Іван,— сказаў Андрэй парабку.— Заўтра я ў Крушнікі паеду, да Хмялеўскага.

— Чаго?

— Сані прывязу. Скора мароз балота і раку закуе, па сена паедзем, а ў нас толькі адны сані.

— Хмялеўскі нядаўна тут быў, да Халусты прыязджаў.

— Чаму ж ты не сказаў мне? Я запытаў бы пра сані, мо ён яшчэ не зрабіў.

— Адкуль я ведаў! Мне Якаў гаварыў, што сваркі там было — не давядзі бог, ледзь не пабіліся яны. Халуста гатовы быў на сцену лезці. Нешта ашукаў ён Хмялеўскага, а той яго і прыціснуў.

Андрэй у адказ толькі хмыкнуў.

— Дык ты пойдзеш дадому?

— Не. Лепш адасплюся... Ага! Халуста ў маёнтку малатарню купіў. Немец яму прадаў нейкую старую, то цяпер абодва Халусты ў кузні поркаюцца, малатарню тую ладзяць.

— Не дурны, сукін сын... Малацьбітоў наймаць не будзе...

Андрэй упершыню адчуў зайздрасць да Халусты, да яго гаспадаркі, багацця, да гэтай малатарні, якой за тыдзень абмалоціць усё... А яму, Андрэю, да вялікага посту хопіць малацьбы.

Назаўтра Андрэй устаў раней за ўсіх. Разбудзіў маці, каб згатавала снеданне, а сам пайшоў у свіран, насыпаў у мех асьміну жыта і пачаў рыхтаваць сані.

На дварэ яшчэ і не падобна было на дзень, а Каштанка ўжо была запрэжана і стаяла каля ганка, прывязаная да слупка. Андрэй апрануў новы кажух, памазаў боты, каб не мерзлі ногі, і пайшоў да дзвярэй.

— Пачакай, сынок,— сказала старая Аксеня.— Я наклала торбу яблык, завязі Хмялеўскаму. У яго дзетак многа.

— Давайце сюды.

— Толькі ў салому пакладзі, каб не змерзлі.

— Добра. А вы тут Івана не будзіце, пакуль сам не ўстане.

Андрэй выйшаў, адвязаў лейцы, сеў у сані і цмокнуў на кабылу. Яна весела пайшла з двара.

Зіма! Андрэй у гэтым годзе першы раз запрог кабылу ў сані. Прыемна было ехаць па гладкай вуліцы, калі цябе не страсяне, не стукне, калі сані плывуць, нібы човен па рацэ. Для поўнага здавальнення Андрэй закурыў. Ён выехаў з вуліцы і завярнуў на шлях. Толькі ўзняў пугу, і кабыла рванулася ў рысь.

Да самага Старочына ехаў па соннай дарозе. Нікога не сустрэў, не дагнаў. Калі ўехаў у мястэчка, на дварэ пачало шарэць. Але ні на вуліцах, ні на рынку не было яшчэ ніякага руху.

За Старочынам пачалося сапраўднае Палессе. Спачатку Андрэй ехаў па доўгай грэблі цераз балота, потым пачаўся лес. Не такі, як у Маргах, а векавы бор. Сосны стаялі адна ў адну; здаецца, крані каторую — і зазвініць. Потым мясцовасць пайшла пад ухіл. Сасновыя бары кончыліся і замяніліся ельнікамі, якія далей перайшлі ў дубровы. Андрэй ехаў, ахоплены незнаёмым пачуццём бездапаможнасці перад магутнай прыродай. Яму здавалася, што з гушчыні гэтых лясоў вее далёкім старажытным жыццём, незразумелым і патаемным. І цішыня невераемная. Ні гуку, ні шолаху, як у казачным царстве, у краіне вечнага змроку.

Прасторы палескія! Пушчы, балоты бяскрайнія! Колькі сцежак-дарог працяло вашы нетры глыбокія! Якія таямніцы хаваеце вы ў гушчыні бароў і непраходных балот! Андрэю здавалася, што яму сніцца гэты дзівосны лес у снежным убранні, ахутаны казачнай цішынёй.

Наперадзе паказаліся падводы. Палешукі везлі ў Старочын на продаж сваё багацце: дзежкі, ліпаўкі, цабры, вёдры. Нават прасніцы; верацёны і лыка. Палевікі ўсё купяць. Прывязі воз аглабель, дуг, абадоў — і нічога не астанецца, усё расхопяць ды яшчэ папросяць, каб прывозілі больш.

Старочын стаяў у выгодным месцы, на мяжы Палесся. Сюды з’язджаліся і палешукі, і палевікі. Палевікі прывозілі хлеб, садавіну, а палешукі — драўляныя вырабы. Тут і гандаль быў своеасаблівы, скарэй за ўсё не гандаль, а абмен, бо палешукі ахвотней прадавалі сваё дабро на пашню, чым на грошы.

Калі паляшуцкія вазы пад’ехалі бліжэй, Андрэй звярнуў убок. Трэба было даць людзям дарогу, у іх вазы гружаныя, а ён ехаў улегцы.

— Дзень добры!

— Дзень добры!

— Куды так рана?

— У Крушнікі.

— А-а! Да Юркі!

— Да яго!

На Случчыне падарожныя вітаюцца, знаёмыя ці незнаёмыя. Прыемней становіцца на душы, калі сустрэнешся з чалавекам, павітаеш яго і ён цябе павітае, хоць і ўбачыўся ты з ім першы і апошні раз.

Абмінуўшы палешукоў, Андрэй падагнаў кабылу. Усё казачнае і дзівоснае, што з’явілася ў душы, цяпер прайшло. Нічога таямнічага няма ў гэтым Палессі. Гаруюць людзі. Зямля — пясчаныя выспы, акружаныя балотамі, лясамі. Ёсць такія хутары і вёсачкі, што летам на кані ні туды ні адтуль. Гной вясной на сваё поле ў чаўнах возяць. Цемра, глуш. Улетку заедзь жыцця не дае ні чалавеку, ні скаціне. Кароў многа трымаюць, а малака яны па шклянцы даюць. Зямлю палешукі і цяпер яшчэ сохамі аруць і запрагаюць у іх не коней, а валоў. Як сто гадоў назад было, так і цяпер вядзецца...

Хмялеўскі быў якраз на дварэ, калі прыехаў Андрэй. Ён сам адчыніў вароты, узяў кабылу за аброць і павёў у двор.

— Мо распражэш, Андрэй? Няхай бы кабыла адпачнула.

— Не. Адпачне і так. Ды не вельмі яна замарылася, у хляве стаіць.

— Ну, то хадзем у хату.

Андрэй падкінуў кабыле канюшыны.

— Пачакай, Юрка. Я прывёз асьміну жыта, то вазьмі ды высып.

— А братачка! Адкуль жа ты ведаеш, што я табе сані зрабіў? А мо яны яшчэ не гатовы!

— Не зрабіў, то зробіш. Толькі мне трэба скарэй, сена вазіць пара.

— Гатовы, братачка, твае сані. У гумне стаяць. Вечныя сані я табе зрабіў, а аглабель аж тры пары.

— Гэта добра. У нас аглоблі — тавар. Бяры жыта.

Хмялеўскі забраў жыта, занёс яго ў сенечкі, высыпаў і прынёс Андрэю пусты мех. Тады Андрэй узяў з воза торбу з яблыкамі, і абодва пайшлі ў хату.

Хата ў Хмялеўскага была вялізная, печ такая, што хоць скачы па ёй, лаўкі тоўстыя і шырокія, прасторны ясеневы стол і высокія ложкі з бярозы.

— Усё сам парабіў,— зазначыў Хмялеўскі, заўважыўшы, што Андрэй з цікаўнасцю аглядае ўбранне яго хаты.

Прастору ў хаце было шмат. Пяцёра дзяцей, старэйшаму гадоў дзесяць, гулялі на падлозе. Калі ў хату ўвайшоў чужы чалавек, яны нібы зніклі. Большыя палезлі на печ, а меншыя знайшлі прытулак каля маткі.

Жонка Хмялеўскага была яшчэ не старая, прыгожая маладзіца, толькі выглядала яна вельмі прыгнечана і няшчасна.

Андрэй сеў і яшчэ раз агледзеў хату. Усюды былі чысціня і парадак, але беднасць лезла з усіх куткоў. Увесь адзетак і абутак быў свой, даматканы і самаробны. Сама жанчына — у андараку ў клеткі і лыкавых лапцях; двое малодшых дзяцей у доўгіх зрэбных кашулях, босыя; старэйшы сын, невялікі прыгожы палешучок, як мужчына, у штанах, у новых лапцях з белымі анучамі.

— Глядзіш на маіх дзяцей, што голыя ды босыя,— прамовіў Хмялеўскі.— Лён у нас дрэнна расце. Ведаеш, якая зямелька: голы пясочак. Маёй Настасі прасці няма чаго, а то б і яна напрала і наткала.

Настася ўздыхнула.

— Ой, Андрэй! Хоць бы лёну добрага папрасці... У нас жа такі малы, такі кароценькі, а слабы-слабы... Прашу свайго — купі...

Хмялеўскі нездаволена зморшчыўся.

— Купі! Хіба сама не ведаеш, куды нашы грошы ідуць!

Андрэй тым часам развязаў торбу з яблыкамі.

— Ну, дзеці, я вам гасцінца прывёз.

Дзеці з усіх куткоў ласа паглядалі на яблыкі, але ніхто з іх не адважваўся падысці да чужога дзядзькі. Тады Андрэй аддаў торбу Настасі.

— Я не дзіўлюся, Юрка, што дзеці твае голыя, бо яны і не голыя, але думаю: як ты жывеш у лесе адзін?

— Не думай, што я тут вельмі адзін. Людзі ў лесе штодзень бываюць. От жонка — то праўда, што адна. Толькі з дзецьмі.

— Ой, божачка... Каб не дзеці, звар’яцела б я тут...

— Дзядзечка! А ўчора ўвечар так ваўкі вылі! — паскардзіўся хлопчык гадоў шасці.— Каля самае хаты. А таты дома не было. Мама казала, што ваўкі тату з’ядуць. Але не з’елі!

— Маўчы, дурненькі,— сказала яму маці.

Хмялеўскі горка ўсміхнуўся.

— Ваўкі твайго тату не з’ядуць, сынок,— і, павярнуўшыся да Андрэя, дадаў: — Не ваўкі мяне з’ядуць, а Халуста, мабыць, такі даканае.

— Ты ў яго быў нядаўна?

— Быў. Каб ён не дабыў сённяшняга дня.

— Чаму ж да мяне не заехаў?

— Не да таго было, Андрэй.

Хмялеўскі расказаў Андрэю пра сваю бяду.

— Ну і што мне цяпер рабіць? — запытаў ён.— Я ж увесь у яго зубах. Яму толькі астаецца праглынуць мяне. Былі мы з ім у Гендарсана, з дубамі тымі ўладзіліся. Дык я ж, братачка, дагадаўся. Гэта ж ён і ўдаў мяне таму немцу. Сам дубы забраў, а мяне ўдаў! Ведаў, што нідзе я не дзенуся, да яго прыйду, а яму таго і трэба... Трэба яму, каб я поўзаў перад ім, ногі яго лізаў... Так што, братачка, жыву я на гэтым хутары, як госць. Вэксаль ён мне і не думае аддаваць. І калі захоча, дык выганіць мяне як міленькага.

— Нічога я табе не параю, Юрка. Каб я быў на тваім месцы, то прыціснуў бы яго недзе ў кутку так, што ён сам ногі мне лізаў бы! І прынёс бы ён мне вэксаль у зубах.

— Дзе ты бачыў, Андрэй! У турме згнояць, а ў мяне дзеці.

— Ой, Андрэй! — сказала Настася.— Не хацела я гэтага хутара... І Юрку не раз казала. А ён як надумаўся... Надакучыла парабкам быць, трэба на гаспадарку ўзбіцца. От і ўзбіўся...

— Маўчы ты, жанчына...

— А я і маўчу. І лета маўчу, і зіму, год за годам... Няма каму слова сказаць... Сам ты кожны дзень у лесе, а я адна... Васільку ўжо адзінаццаты год, вучыць трэба, каб хоць распісацца ўмеў... А дзе тут яго вучыць? Сэрца маё ўжо збалела ды зныла ад такой жыткі.

— Ты зноў пачала, Настася, сваю песню. Хіба я сам гэтага не ведаю і ў мяне душа не баліць? Госпадзі божа мой! Ды каб я ад Халусты адкаснуўся, то чалавекам бы стаў. Тут жыць можна!

Чалавек наўмысна падбадзёрваў сам сябе.

— Тут можна жыць, братачка Андрэй... Зямля няўдалая, то ліха яе бяры. Затое пашы хапае, скаціну трымаў бы летам чужую. Просяцца людзі з поля: вазьмі на пашу, той цялушку, той бычка. А я чалавек майстравіты. Я і абады, і калёсы, і дугі... Пабачыш, якія сані я табе зрабіў! У лесе дзічыны хапае. Можна тут, братачка, жыць. А Васілька б я ў Мелкавічы завёз на зіму, няхай бы вучыўся... Ды дай ты лепш паабедаць чалавеку, Настася, а то ж яму дадому трэба.

Настася пачала даставаць з печы чыгуны...

Андрэй выехаў ад Хмялеўскага рана. Меркаваў дамоў заехаць змрокам. Да сваіх саней прывязаў ззаду новыя, тыя, што зрабіў Хмялеўскі. На іх ляжалі тры пары аглабель і смаловы чурбак. «Цётцы Аксені печ распальваць»,— сказаў Юрка. У торбу з-пад яблык Настася паклала дзічынага мяса ды перавясла сухіх баравікоў. «Дзеці назбіралі, каля хаты растуць. У пост поліўку варыць добра...»

— А пра лён я пагавару са сваімі жанкамі, Настася,— сказаў, ад’язджаючы, Андрэй.— Лён у гэтым годзе ў мяне вельмі добры. Усяго не папрадуць.

Хмялеўскі праехаў з Андрэем з паўвярсты. Тады папрасіў суняць кабылу.

— Я табе не ўсё сказаў, Андрэй,— прамовіў ён.— Але павінен сказаць, братачка... Васіль і Юрка Шымкевічы ў мяне.

— Што? — ледзь не крыкнуў Андрэй і адчуў, што гарачыня ахапіла ўсё яго цела.

— Не крычы, братачка... Што я мог зрабіць?.. У Юркі прастрэлена рука. Паліцыя іх лавіла. Як пераначавалі яны ў цябе, то адразу і прыйшлі сюды. Ноч у лесе спалі, потым мяне сустрэлі.

— Яны табе казалі, што ў мяне былі? — з жахам запытаў Андрэй.

— Казалі, братачка. Бо каб не сказалі, то я іх не пусціў бы. Я іх і не пускаў. Тады Васіль сказаў, што іх не такі чалавек, як я, не выгнаў, а ён жыве не на хутары, а ў засценку. Я запытаў, хто такі той чалавек. Ён не хацеў прызнацца, але я настояў.

— Дзе ж ты іх схаваў?

— У лесе, братачка. Можна сказаць, у мядзведжым берлагу. Сякую-такую нару зрабілі. Днём мне ў лесе памагае Васіль, а Юрка ж хворы... Я дровы рыхтую. Ноччу, калі дзеці спяць, у хату прыходзяць. Людзі ўсё ж такі, братачка... І іх Халуста са свету зжыць хацеў.

— Доўга яны думаюць у цябе прабыць?

— Пакуль у Юркі не зажыве рука.

— Як ты мне асмеліўся сказаць пра гэта?

— Каб я не ведаў, што яны ў цябе былі...

— Яны ў мяне не былі. Яны цябе ашукалі.

Хмялеўскі збялеў, як марцвяк.

— Што ты кажаш, братачка! — Язык ужо не слухаў чалавека.— Тады я прапаў, як муха... як муха...

— Нічога ты не прапаў. Супакойся, Юрка.

Андрэю было шкада гэтага няшчаснага чалавека, але не мог ён прызнацца яму, што Шымкевічы і сапраўды ў яго начавалі.

— Супакойся, Юрка. Тое, што ты мне сказаў, памрэ разам са мной, а ты не будзь такі даверлівы. Сымона Ашакевіча ўжо ўраднік дапытваў. Яны Хаіма Ножыка абрабавалі.

— Яны мне казалі... Юрка мне тыя грошы аддаваў...

— Хто ў цябе пытае пра гэта?

— Я толькі табе, братачка Андрэй... Усё роўна ўжо я ў тваіх руках, рабі са мной што хочаш... Але калі пачаў, то і кончу...

Раптам валасаты яго твар сутаргава скрывіўся, і з вачэй пакаціліся слёзы. У Андрэя сціснулася сэрца, і ён адвярнуўся.

— Ён мне аддаваў тыя грошы, але я не ўзяў...

— Добра зрабіў. Не бяры... Што ж думаюць рабіць далей гэтыя хлопцы?

— У Амерыку выехаць... Грошы ў іх ёсць.

— Няхай едуць. Абы ім удалося.

— Дык што ж мне цяпер рабіць?.. Прагнаць іх?..

— Не. Маўчаць. У хату прыводзь асцярожна, каб дзеці не ўбачылі.

— Я святла не запальваю... Пагрэюцца трохі моўчкі і ізноў у лес... Братачка Андрэй!

— Супакойся, я табе кажу. Я хоць і не маю дзяцей, але сёння на тваіх паглядзеў. Клянуся табе, Юрка!

Калі Андрэй развітаўся з Хмялеўскім, яго апанавалі чорныя думы. У жыццё яго, і без таго несалодкае, увайшлі яшчэ і гэтыя два дурні Шымкевічы. Што, калі іх зловяць? Ці можна верыць, што яны не скажуць і пра яго, і пра Ашакевіча, і пра Юрку Хмялеўскага... Тады бяда!..

У Старочыне кірмаш быў яшчэ ў самым разгары. Андрэю тут не было чаго рабіць, ён думаў, не спыняючыся, ехаць проста дамоў, але ўбачыў кабылу Асіеўскага. Зноў незразумелае пачуццё падказала яму, што Ганна тут. Андрэй убачыў вольнае месца каля жалезнай крамы Брадоцкага і тут суняў кабылу, а сам пайшоў да воза Асіеўскага, які стаяў поруч. Але Ганны каля воза не было. Андрэю нельга было адыходзіць далёка, сабакі маглі пранюхаць і звалачы мяса, а ліхі чалавек — украсці аглоблі. Не толькі аглоблі. Адыдзі далей, дык і новыя сані адвяжуць... А дзе ж усё-такі Ганна? Напэўна, з бацькам па крамах ходзіць, а што яна тут, то бясспрэчна.

...Асіеўскі заўдавеў гадоў сем назад. Тады Ганна была яшчэ дзіцем. Бывала, стары шляхціц у нядзелю ці ў якое-небудзь свята запрагаў сваю кабылу, такую слаўную ў ваколіцах, у воз на жалезным хаду, садзіў сваю жонку, садзіўся поруч сам і ехаў на кірмаш у Старочын або ў Слуцак. Глядзіце, маўляў, які я гаспадар! Якая ў мяне кабыла! Які ў мяне воз! Якая ў мяне жонка! А жонка яго ладная была жанчына, і ўдалая, і прыгожая. Ганна кропля ў кроплю на яе падобна. Калі жонка памерла, то Асіеўскі пачаў вазіць дачку. Глядзіце, маўляў, якая дачка ў мяне расце. Ганна і недаросткам была красуня, а як падрасла! Асіеўскі, вядома, ездзіў не толькі для таго, каб пахваліцца сваёй кабылай і дачкой. У яго былі большыя меркаванні. Жаніхі! Хто не прыедзе ў сваты да такой прыгожай дзяўчыны! У якой багаты бацька! Які дасць за дачкой добры пасаг! Пасаг!.. І жаніхоў у Ганны хапала. Пачалі прыязджаць, калі Ганне не было і пятнаццаці гадоў. Старыя, гнілазубыя, але багатыя. Бедных Асіеўскі не пусціў бы ў двор. Ад думкі пра жаніхоў Андрэй пахмурнеў і хацеў ужо ехаць дамоў, але ў гэтае імгненне ўбачыў Ганну. Яна ішла адна, з нейкім скрутачкам пад рукой, лёгкая, імклівая, дарагая дзяўчына. Андрэй зірнуў на яе і адразу забыў пра яе жаніхоў. Яна сама была перад ім, прыгожая, мілая, такая, якой ён заўсёды ўяўляў яе, такая, якая яна была яму патрэбна.

— Дзень добры, Андрэй,— сказала яна і ўсміхнулася. Гэта ўразіла Андрэя, бо мінулы раз яна не смяялася.

— Дзень добры, Ганна,— ён узяў яе руку, і яна не адняла яе.— Пакажы, якую сукенку купіў табе бацька.

— Гэта не сукенка, Андрэй. Гэта Міхал сабе корту купіў кажушок пакрыць.

Міхал быў старэйшы Ганнін брат, але Андрэй з ім не сябраваў.

— А бацька хіба не прыехаў?

— Не. Мы з Міхалам прыехалі.

У Андрэя ўсярэдзіне ўсё заспявала. Таму сёння Ганна і ўсміхнулася яму. Значыць, яна баіцца бацькі.

— Скора дамоў паедзеце? — запытаў Андрэй.

— Як прыйдзе Міхал.

— А дзе ён?

— Да шаўца пайшоў, панёс боты шыць.

Андрэй сёння не знаходзіў, аб чым гаварыць з Ганнай. Радасць заліла яго ўсяго. Не было той звычайнай злосці, якая заўсёды апаноўвала яго, калі Ганна была ў мястэчку з бацькам.

— Ты цяпер, Андрэйка, нікуды не ходзіш?

— Нікуды...

— Усё дома і дома...

— Усё дома... Ах, Ганна, у мяне ўсё гарыць усярэдзіне. Гэта проста шчасце, што я сустракаюся з табой тут, у Старочыне... А то б наўрад ці калі ўбачыў бы я цябе. І нічога я пра цябе не ведаю. Можа ты замуж выходзіш...

Яна зірнула на яго з недаўменнем.

— А я пра цябе ўсё ведаю, Андрэй...

— Адкуль ты ведаеш?

— Тамаш расказвае.

— Ён табе нагаворыць, шэльма!

— А ён нічога дрэннага не гаворыць, Андрэй. І ён не мне гаворыць, а ўсім. Ах, як смяяліся ўсе, калі ён расказваў, як вы Халусту вязалі, а потым як ты Халусту пугай біў.

— От свіння.

— Ах, Андрэй... Гэтыя Халусты... Я проста баюся...

Андрэй не верыў сваім вушам.

— Ты баішся, Ганка? — запытаў ён, гатовы схапіць яе і задушыць у сваіх абдымках.

— Вядома, баюся... Яны ж маглі і цябе зарэзаць...

— Не нарадзіўся яшчэ такі чалавек!

Андрэй сказаў гэта і сапраўды адчуў у сабе неймаверную сілу і адвагу: такую сілу, што перавярнуў бы горы, такую адвагу, што адзін рынуўся б у бойку з цэлым войскам.

— Ганна... Ты не забыла таго, што я табе казаў мінулы раз тут, у Старочыне?

— Не, Андрэйка.

— Не забыла?

— Не, Андрэйка, не забыла...

— Будзеш чакаць мяне?

— Андрэйка...

— Будзеш чакаць?

— Ну, нашто ты пытаеш?..

— Не! Ты скажы мне, Ганна... Будзеш чакаць?

Яна апусціла вочы.

— Буду, Андрэйка.

Ён забыў пра ўсё на свеце, абняў яе, пацалаваў у губы і, нават не азірнуўшыся, каб паглядзець, бачыў хто гэта ці не, пайшоў да свайго воза.

Цяпер яму было ўсё ніпачым: і Халусты, і ІІІымкевічы, і розныя там ураднікі. За мястэчкам ён заспяваў.



РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ[правіць]

У Чыжэвічах, у Малінаўцы, ва ўсіх навакольных сёлах і засценках ужо ведалі, што Гендарсан ашуквае сялян на бульбе, якую яны прадаюць у бровар. Спачатку гэта былі толькі чуткі, якія выйшлі з Чыжэвіч, а потым знайшліся дасужыя людзі, што пабылі ў бровары ў маёнтку Астроўкі, за пятнаццаць вёрст ад Малінаўкі, аж пад Слуцкам. Чуткі сталі праўдай: у Астроўках куплялі бульбу ў бровар па адзінаццаць капеек за пуд, а не па восем, як у чыжэвіцкім маёнтку.

Селяніна лёгка ашукваць датуль, пакуль ён не ведае, што яго ашукваюць, але калі ён уведае пра гэта, то ў яго ніколі не будзе веры да таго, хто яго ашукваў раней. Ужо выпаў снег, лягла санная дарога, самая была пара вазіць бульбу ў бровар, але ніхто не пракладаў яшчэ следу ў чыжэвіцкі маёнтак. Гендарсан менш за ўсё думаў пра гэта. Ён ведаў адно: калі прывязе мужык воз бульбы па марозе, то нідзе не дзенецца, аддасць за тую цану, якую вызначыць аканом. Не павязе ж назад, калі яна падмерзла! Што з ёю рабіць дома, куды дзяваць! Хіба толькі пад плот высыпаць. Акрамя таго, аканом больш думаў пра млын, чым пра бровар. Бровар ішоў на поўны ход, а млын стаяў, і рыжскі механік недзе ўвяз у дарозе.

Пра ашуканства Гендарсана першы ў Малінаўцы ўведаў Нічыпар Мартыневіч. Ён, як дзесяцкі, часцей за іншых бываў у Чыжэвічах, там яму і ўвялі ў вушы пра цану на бульбу. А трэба сказаць, што Мартыневіч і Нарбутовіч прадавалі бульбы ў бровар больш за кожнага малінаўца. Мартыневіч ужо і збіраўся завезці пару вазкоў і напэўна завёз бы, каб не пабыў у Чыжэвічах. Пануры і злосны, ён прыйшоў да Лявона Нарбутовіча.

— Ці чуў ты, Лявон? Гэта ж немец на бульбе ашуквае. Па тры капейкі на пуд недадае!

— Ну ты, сугней, скажаш! — грэбліва прамовіў Лявон, які і ў грош не ставіў свайго стрыечнага брата.

— Хіба я сам выдумаў? — ускіпеў Нічыпар.— Вунь і стараста Вырвіч — кавалак хама — і той зубы выскаляе. «Добра,— кажа,— нагрэў вас Гендарсан за гэтыя гады». Падумай ты сам, Лявон, тры капейкі на пуд! А я ж да дзвюх соцень пудоў прадаю, лічы, што з усёй Гарасімаўшчыны...

Лявон спачатку фыркнуў, потым задумаўся. Ён прадаваў больш за Нічыпара. Было пра што падумаць.

— А адкуль гэта вядома, што ён ашуквае? — усё яшчэ не верыў ён.

— А людзі ў Астроўкі хадзілі. Там плацяць па адзінаццаць капеек за пуд, хоць сёння вязі.

— Гм,— буркнуў Лявон.— Сукін жа ён сын! Ну, дык і павязём у Астроўкі. Коні свае, а дзень усё роўна страціш, ці ў Чыжэвічах, ці ў Астроўках.

— І я гэтак думаю.

Міхаліна такую навіну вельмі скора разнесла па ўсёй Малінаўцы.

Гарбаты Ясь — праныра і хцівец — ведаў, якую скулу рыхтуюць мужыкі Гендарсану, і надумаў папярэдзіць яго. Ён, вядома, больш баяўся за сябе, чым за Гендарсана, бо калі б Гендарсан страціў месца аканома, то і ён страціў бы месца аканомавага памочніка. Але калі ён сказаў Гендарсану, што цану на бульбу трэба павялічыць да адзінаццаці капеек, той ускіпеў і гатовы быў пляснуць свайму млынару па мордзе. Ён не мог яму дараваць, што млын стаіць дзесяты дзень.

— Як хочаце, пане аконам,— сказаў Ясь.— Бульба ў маёнтку канчаецца, а на колькі нам хопіць бярозаўскай? Кончым яе — і прыйдзецца зачыняць бровар.

— Як гэта зачыняйт бровар? — закрычаў Гендарсан.— А бульба з мужык! Самі яе не сажрайт!

— У Астроўкі павязуць, пане аконам. Там плацяць па адзінаццаць капеек за пуд. Вы, пане, не ведаеце, што робіцца ў сёлах. Памятаеце, летась у гэтую пару каля бровара стаяла па паўсотні і больш падвод, а цяпер ні адной. Калі мужыкі не прывязуць бульбы, бровар прыйдзецца спыніць да паўзімы. А што на гэта скажа пан Крупскі? Ён жа не атрымлівае гэтых трох капеек, якія вы недадаяце мужыкам на кожны пуд.

Гендарсан пабялеў. Ясь гаварыў праўду. Спыніць бровар! Мала таго, што стаіць млын. А што скажа пан Крупскі, які ў Варшаве спраўляе баль за балем і патрабуе грошай? А ўласны даход! Усё паляціць к чорту разам з пасадай аканома.

Гутарка гэтая вялася ў кухні аканомавага флігеля; мужчыны былі ўдвух, зрэдку заходзіла Інга, але яна ні слова не разумела па-беларуску.

— Я раю, пане, неадкладна аб’явіць новую цану на бульбу, пакуль яшчэ ніхто з мужыкоў не павёз яе ў Астроўкі,— гаварыў Ясь, не спускаючы звераватага позірку з аканома.— Вы, пане, не ведаеце мужыкоў. Варта толькі аднаму павезці бульбу ў Астроўкі, як за ім павязуць усе. Мужыкі, пане, як авечкі: куды адна, туды і ўсе. А тады хоць вы і па дванаццаць станеце плаціць, усё роўна павязуць не да вас, а ў Астроўкі. Пан Залеўскі забагацее, а мы згалеем.

— Да Астроўкі далёка, да нас блізка! — Гендарсан выставіў апошні свой доказ.

— У мужыкоў, пане, свае коні, за падводы яны не плацяць, за пошар таксама.

— Што ест такое пошар?

— Сена, пане, канюшына, мякіна і салома.

— Гэта ест корм для скаціна,— зразумеў нарэшце немец.

— Але, пане,— адказаў Ясь і падумаў, што гэты немец зусім дурны. «Што ест такое пошар?» Яму гаворыш пра справу, а ён цікавіцца глупствам.

Аднак Гендарсан збавіў тон і запрасіў Гарбатага сесці.

— Інга,— сказаў ён жонцы,— дай нам па чарцы старкі.

Калі Інга паставіла на стол пузатую бутэльку, Ясь скрывіўся, як серада на пятніцу.

— Не час цяпер, пане, займацца гэтым,— занудлівым голасам прамовіў ён.— Трэба рабіць справу, пакуль не позна.

— Мы яе будзем рабіць,— адказаў аканом.— Па дзесяць капеек за пуд.

— Не, пане, позна ўжо,— рашуча сказаў Ясь.—

Каб тыдзень назад аб’явілі па дзесяць капеек, быў бы інтэрас, а цяпер толькі па адзінаццаць. І то добра, калі выйдзе, бо мужыкі злуюцца за мінулыя гады.

Гендарсан памаўчаў.

— Што ест мінулыя гады, што ест тыдэн назад,— нездаволена, але не павышаючы голасу прамовіў ён.— Тыдэн назад, дэн назад, то есть адно.

Ён пачаў наліваць кілішкі.

— Не, не адно, пане! — злосна адказаў Гарбаты і падумаў, што з гэтым дурным немцам, прагным і скупым, мабыць, нельга дамовіцца. Не чакаючы аканома, ён узяў кілішак і перакуліў яго ў рот.

— Не, не адно, пане! — паўтарыў ён.— Трэба напісаць аб’явы за вашым подпісам, што бровар купляе бульбу па адзінаццаць капеек за пуд. Аплата адразу пасля здачы. Аб’явы гэтыя трэба павесіць у кожным сяле і ў кожным засценку. За вашым подпісам, пане, бо мужыкі яшчэ не забылі, што было, як выбіралі бульбу, і на слова не павераць. Толькі так мы выратуемся з бяды, пане, інакш прапалі.

Гендарсан пачырванеў, залыпаў вачыма і пачаў наліваць па другім кілішку. Ён адчуваў сябе так дрэнна, што гатовы быў напіцца, як тады, калі ўцёк з канторы праз акно.

— Дык як, пане? — гудзеў Гарбаты Ясь, вочы якога не пацяплелі і пасля другога кілішка.— Аб’явы трэба павесіць у Чыжэвічах на браме старасты Вырвіча і на слупку каля варот Арлоўскага Казіміра, у яго заўсёды людзі бываюць. А ў іншых сёлах і засценках, дзе ёсць соцкі, то на варотах соцкага, а дзе дзесяцкі, то на яго варотах. Бо інакш нам канец.

Гендарсан разумеў, што Гарбаты Ясь кажа праўду, але зрабіць так у яго не хапала мужнасці. Колькі ён ужо страціў за гэты год і колькі давядзецца страціць! Маёнтак, які ён меркаваў купіць праз два-тры гады, знік, як у тумане.

— Інга, Інга! — сказаў ён жонцы.— Ты не ведаеш, як мне цяжка!..

— Бедны мой Пауль...— адказала верная жонка.

У гэты самы момант на ганку загрукала некалькі пар ног, і ў кухню ўваліліся тры мужыкі з Чыжэвіч. Сярод іх быў і Пракоп Крываблоцкі. Яны не абцерлі ботаў, на якія наліпла нямала снегу, затое спыніліся каля парога і ўсе тры знялі шапкі.

— Ну, што? — звярнуўся да іх Гарбаты Ясь.— Хоць бы ногі абмялі.

— А мы не да цябе,— адказаў Пракоп.— Мы да пана аконама. Каб ён быў у канторы, то мы не пайшлі б да яго ў хату.

Гендарсан ужо трохі ахмялеў, але зразумеў, што мужыкі гэтыя прыйшлі да яго па той самай справе, пра якую яму гаварыў Гарбаты Ясь. Трэба было прымаць нейкае рашэнне.

— Што ві мне можаце сказайт? — запытаў ён.

— Пан будзе купляць бульбу ў бровар? — у сваю чаргу запытаў Пракоп.

— Будзе, будзе...

— А па якой цане?

Гендарсан зірнуў на Яся і ў вачах яго прачытаў тое, што павінен быў сказаць гэтым хамам.

— Адзінаццаць капеек пуд! — выпаліў ён.

Пракоп пераглянуўся з таварышамі.

— А пан не ашукае, як увосень? — запытаў Пракоп.— Бо мы прыйшлі не ад сябе, а ад усяго сяла. Пан можа ашукаць нас траіх, то гэта невялікая бяда, але калі ашукае ўсё сяло, то будзе вялікая бяда і нам, і пану.

Гэтыя словы былі сказаны звычайным тонам, але Гендарсана ад іх скаланула.

— Гэта ест цвёрда! — паспешліва сказаў ён.— Сёння будзе аб’ява ў стараста і Арлоўскі на варота за мая подпіс.

— І разлічвацца адразу за кожны воз, без адкладаў на заўтра.

— Без адкладаў! Гэта ест цвёрда!

— Глядзі, пан аконам! Ты нас ашукаеш толькі адзін раз, і мы астатнюю бульбу павязём у Астроўкі, але ашуканства не даруем. Ты ўвосень мог ваяваць з бабамі, а з намі не паваюеш! Сёлета, пан аконам, не мінулыя гады.

Гендарсан зрабіў выгляд, нібы не звярнуў увагі на гэтыя словы, але за душу яго яны ўзялі.

— Пішы аб’ява! — загадаў ён Гарбатаму.— Пішы, як мы гаварыць, я даю подпіс.

— Які я пісар, пане! — адказаў Ясь.— Толькі для сябе што-кольвек запішу. І то яго ніхто не прачытае, акрамя мяне. Тут патрэбен пісьменны чалавек.

— Хто тут ест пісьменны па-руску? — запытаў Гендарсан.

— Трэба пазваць Стася Вярбіцкага, пане аконам,— прапанаваў Пракол.

— Во, во, Вярбіцкага! — мужыкі заківалі галовамі.

Гарбаты Ясь устаў, уссунуў шапку і пайшоў у бровар па Станіслава.


У Гендарсана быў такі няўдалы настрой, што ён хадзіў па маёнтку як ашалелы. Нават першыя падводы з бульбай не вельмі ўзрадавалі яго. Ён ужо каяўся, што паабяцаў плаціць па адзінаццаць капеек за пуд; яму цяпер здавалася, што мужыкі вазілі б бульбу і па старой цане. Злаваўся на Гарбатага Яся, бо лічыў яго ва ўсім вінаватым, і даручыў прымаць бульбу. Аднак не мог, каб не праверыць, бо не давяраў нікому. Прыбег да вагаў і адразу астыў, калі ўбачыў чыжэвіцкіх мужыкоў. Злосна паглядалі яны на аканома і на Яся, прыдзірліва сачылі за вагамі, бралі ў рукі гіры, нібы і гіры былі фальшывыя. Толькі цяпер зразумеў пан аканом, што Ясь гаварыў праўду, і паціху пасунуўся далей ад бровара.

На другі дзень раніцай з’явіўся рыжскі механік. Гэта быў чалавек гадоў пад трыццаць, трохі вышэйшы за Гендарсана, але з такім непрыметным тварам, што ад яго аставаліся ў памяці толькі касаватыя вочкі ды рот, поўны залатых зубоў. Апрануты ён быў у чорны гарнітур і ў чорнае драпавае паліто, трохі ўжо выцертае, але зашпіленае на ўсе гузікі. Каракулевая шапка таксама была палінялая. У адной руцэ ён трымаў чамадан, а ў другой палку. Адным словам, гэты чалавек быў гарадскі ад галавы да пят.

Калі Гендарсан, прыбегшы на снеданне, убачыў яго ў сваім доме, то ледзь не самлеў ад радасці.

— Э-э, выбачайце, гер... забыў ваша прозвішча...

— Шварцкопф. Ганс Шварцкопф з Рыгі,— адказаў новы механік прастуджаным голасам і ўстаў з крэсла. У руках ён усё яшчэ трымаў палку, нібы з гэтай зброяй пільнаваў свой чамадан, які стаяў каля крэсла. Гэта Гендарсану не спадабалася: здавалася, што рыжскі механік зайшоў у хату толькі пагрэцца на нейкую гадзіну і зараз зноў рушыць у дарогу.

— Гер Шварцкопф, распранайцеся. Інга, чаму ж ты...

— Я запрашала гера Шварцкопфа распрануцца і памыцца з дарогі, але ён чакаў цябе.

Калі механік распрануў паліто і зняў шапку, то Гендарсан убачыў, што ў гэтага Шварцкопфа чорны толькі гарнітур, а сам ён увесь белабрысы і пачаў ужо лысець.

Шварцкопф рухаўся памалу, нібы абдумваў кожны свой крок, і гэта таксама не спадабалася быстраму Гендарсану.

За сталом Шварцкопф чаркі не ўзяў, але еў добра, як чалавек з дарогі. Гаварылі аб сім-тым. Гендарсану хацелася пачаць гаворку пра сваю сапсаваную машыну, а Шварцкопф усё расказваў пра рыжскія справы і пра брудных латышоў, праз якіх немцам у Рызе зараз зусім не будзе жыцця. Відаць было, што механіка глыбока і незаслужана пакрыўдзілі латышы.

Пасля снедання Гендарсан параіў Шварцкопфу адпачыць з вялікай дарогі, але той рашуча адмовіўся. Ён захацеў пазнаёміцца з гаспадаркай, каб ужо заўтра дамовіцца аб жалаванні. Напамінак аб жалаванні таксама не спадабаўся Гендарсану, але, будучы немцам, ён ведаў, што акуратнасць — якасць станоўчая.

Спачатку яны пайшлі ў млын, пры гэтым Ганс Шварцкопф не забыў узяць сваю палку. А на дварэ Гендарсан заўважыў, што яго новы механік накульгвае на правую нагу.

Станіслаў Вярбіцкі і Павел Квітун нават не падазравалі, што ў маёнтку ўжо ёсць новы механік, таму абодва крыху здзівіліся, калі Гендарсан прыйшоў у бровар з незнаёмым чалавекам. Аканом і новы механік не павіталіся з імі, але ўсцешаны і вясёлы аканом падбег да Станіслава і па-сяброўску ляпнуў яго па плячы.

— Пан Вярбіцкі, гэта ест механік у млын! Ён з Рыга!

Шварцкопф тым часам, прыгнуўшыся, стаяў ля лакамабіля і рабіў выгляд, што прыслухоўваецца, як ён працуе. Вярбіцкі з цікаўнасцю наглядаў за ім.

— Машына старая,— глыбакадумна прамовіў рыжскі механік,— а ў млыне яшчэ старэйшая,— не звяртаючыся ні да каго, дадаў ён.

— Там трэба замяніць некаторыя часткі. Вы не заўважылі, пан механік, якія? — запытаў Станіслаў.

Шварцкопф нават не зірнуў на яго.

— Яе трэба адрамантаваць. Яна патрабуе добрага рамонту.

Шварцкопф чыста гаварыў па-руску, але фразы будаваў своеасабліва.

— Мне патрэбен памочнік. І ты мне будзеш памочнік,— звярнуўся ён да Станіслава.

У Вярбіцкага ад гневу пацямнела ўваччу.

— Мяне сам пан аконам заве на «вы», і я не прывык, каб кожны смаркач на мяне тыкаў.

І тут адбылося такое, чаго не чакаў і сам Станіслаў: высакамерны выгляд новага механіка адразу знік, тупы тварык расплыўся ў вінаватай ухмылцы, ашчэрыліся залатыя зубкі.

«Ды ён ці баязлівец, ці вельмі напалоханая істота!» — падумаў Станіслаў.

Гендарсан тым часам паспяшаўся памірыць механікаў. Млын трэба было пускаць у ход, а новаму механіку ён яшчэ не вельмі верыў, таму крыўдзіць старога было зусім нявыгадна.

— Гер Шварцкопф,— прамовіў ён.— Гэта механік Вярбіцкі. Ён, як гэта? Спецыяліст! Ён ест добры спецыяліст! О-о-о! Вы два скора пускайт машына ў млын! Вам трэба, як гэта? Мір!

— Я, пан Вярбіцкі, прашу прабачэння,— прамовіў Шварцкопф, хаваючы вочкі.— У нас у Рызе ўсё было так проста. Я са сваімі рабочымі быў на «ты».

— То яны вас і выкацілі з завода на тачцы.

Шварцкопф пабялеў, і яго касаватыя вочы забегалі, як у злодзея.

— Пане Вярбіцкі,— звярнуўся Гендарсан да Станіслава.— Заўтра з новы механік вы ў млын.

— Гэта іншая рэч, пане аконам. Тады ў бровары на маім месцы астанецца Павел Квітун.

— Так-так! Квітунь. Эй, як гэта? Цёзка! — гукнуў аканом Паўла, які рагатаў, зайшоўшы за топку.— Кожны вечар тшарка спірытус за два работа: качагар і машыніст.

— Дзякую, пане аконам, я не п’ю.

Калі Гендарсан і Шварцкопф пайшлі, Станіслаў і Павел некаторы час маўчалі. Новы механік ім не спадабаўся.

— Асадзіў ты яго, Станіслаў. Я ледзь са смеху не кончыўся. Нейкая слізкая пачвара,— прамовіў нарэшце Павел.— Як слімак, глядзець агідна.

— Вельмі небяспечная асоба. Ты не працаваў на заводах, таму табе гэта не кідаецца ў вочы. Закончаны тып гаспадарскага халуя. Ён не толькі таварыша, а і бацьку роднага прадасць.

— Падсунуў нам Гендарсан ліха...

— Я ўпэўнены, што з завода яго выгналі не гаспадары, а рабочыя. І па зубах папала некалі, бо ўсе пярэднія выбітыя. Таму ён і падаўся сюды, што ў Рызе месца не было.

— А машыну, мабыць, ведае: прыслухоўваўся ўважліва.

— І машыну ён ведае дрэнна. Ён ведае станкі, а не рухавікі.

— Хіба нам лягчэй ад гэтага, Стась! — горка ўсміхнуўся Павел.— Усё роўна Якава мы ўжо сюды не перацягнем.

— Хто ведае, чым усё кончыцца, Павел. Будзем спадзявацца на лепшае,— задумаўся Вярбіцкі.


РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ[правіць]

Змяркалася. Хмурны зімовы вечар спускаўся на зямлю. Гарасім Жукоўскі ў кажуху і ў валёнках з галёшамі стаяў на ганачку свае хаціны і глядзеў, як засцянкоўцы рыхтуюцца да ночы. Вунь са Сташэвічавага гумна выйшаў парабак Іван з вязанкай канюшыны ў рэзгінах. У некаторых гумнах яшчэ стукаюць цапы. Рыпяць калодзежныя жураўлі, вароты хлявоў, дзверы хат. Чуваць галасы жанчын, смех дзяцей. І так кожны дзень. Усё гэта знаёма Гарасіму з маленства і здаецца цяпер такім мілым, дарагім і непаўторным. І яму самому дзіўна, чаму ён кінуў у свой час і гаспадарку, і родны засценак, чаму ён адрокся ад гэтага жыцця, чаго шукаў па свеце і што знайшоў... Усё жыццё правандраваў. Дзе не быў! Абышоў усе святыні ў Расіі, пачынаючы ад Салаўкоў і канчаючы далёкім Новым Афонам. У некаторых месцах затрымліваўся, жыў па году і больш, шукаў святога, бязгрэшнага жыцця, і не знайшоў яго. Усюды грэх. Ён прасачыўся за сцены манастыроў у келлі манахаў і манашак, у цэрквы і саборы, у пакоі архімандрытаў і архірэяў.

Тады Гарасім пайшоў аж у Ерусалім. Не такой ён убачыў Палесціну, якой хацеў бачыць, пра якую так многа думаў. Не такой рысавалася ў яго ўяўленні святая зямля. І чаму яна называецца святой? Вельмі ж яна непрыветная і дзікая: пяскі, пустэльні ды голыя скалы. Гарачыня неміласэрная; куды ні зірні — усё жоўтае, выпаленае сонцам. Пракляў бог святую зямлю. Насяліў яе людзьмі, якія не любяць ні Хрыста, ні старога яўрэйскага бога Ягве. У іх свой бог Алах і свой прарок Магамет. Яны не любяць ні хрысціян, ні яўрэяў і завуць іх нявернымі. Чаму дапусціў бог гэтых жорсткіх і злых людзей на святую зямлю? Яны ў свае мячэці не пускаюць іншаверцаў, чаго не робіць ні адзін народ. Там не відаць божых храмаў з крыжамі, нават у самім Ерусаліме іх мала. Там, як слупы, уздымаюцца круглыя мінарэты і замест крыжа тырчыць на мячэці месяц-маладзік. Гарасім ішоў туды з вялікім хваляваннем душы, думаў астацца да канца сваіх дзён і не астаўся. Нават святыя мясціны, дзе нарадзіўся, прапаведаваў, пакутаваў і памёр Хрыстос, падзелены між католікамі, праваслаўнымі, коптамі і іншымі хрысціянамі. Гэта вельмі не спадабалася Гарасіму. Хіба Хрыстос быў не адзін? Дык нашто ж яго дзяліць! І не тое, каб пахіснулася вера ў Гарасіма, але нешта абарвалася ў ёй. І са святой зямлі яго са страшэннай сілай пацягнула дамоў, у родную Малінаўку. Далей ад гэтай жоўтай, спаленай сонцам, гарачай і сумнай краіны. На памяць аб святой зямлі набраў вады з Іардана. Яна і цяпер стаіць у куфэрку, цэлая бутэлечка. Зірнуўшы на яе, Гарасім успамінаў свае вандраванні і думаў, што ад іх толькі і асталося, што гэтая бутэлечка з вадой. І вада гэтая нічым не лепшая, чым вада са Случы.

Гарасім і да Палесціны ўспамінаў радзіму, але тады яна не клікала яго так упарта. У Палесціне яна снілася яму кожную ноч, і, прачнуўшыся, ён плакаў. У вачах стаялі бацькоўская хата ў садзе, родны засценак і неаглядная далеч прастораў. Яго пацягнула дадому, і ён паслухаўся гэтага ўладарнага голасу. Ён прыйшоў на родную Случчыну і гатовы быў цалаваць зямлю, якой так доўга цураўся.

Першы год ён шчасліва жыў у сваёй хаце. Арэнды, якую давала яму радня, хапала на жыццё. Ён быў не вельмі патрабавальны, хіба толькі любіў чай. Аб тым, што жыццё пражыта бескарысна, абы-як, што ён хадзіў па зямлі, нікому не патрэбны і ўсім чужы, Гарасім не думаў. Думкі гэтыя прыйшлі пазней, але і яны спачатку не вельмі вярэдзілі яго душу. Ва ўсякім разе, ён спаў спакойна.

Слава святога прыйшла да Гарасіма вельмі скора. Да яго пачалі хадзіць жанчыны з навакольных вёсак, каб параіцца і палячыцца, і тады ён сам убачыў, што нечага варты. Гарасім нікому не адмаўляў. Даваў парады і лячыў. Жыццё ён ведаў, бо быў сведкам і ўдзельнікам розных выпадкаў, і парады яго былі неблагія. І лячыў лепш, чым вясковыя знахары і шаптухі. Ён ведаў травы, збіраў іх, рабіў настойкі. Акрамя таго, купляў сёе-тое ў Старочыне і ў Слуцку, а самае галоўнае — меў градуснік. Жанчыны не прыходзілі з пустымі рукамі, прыносілі сала, кілбасы, хто што меў. Гарасім спачатку нічога не браў, потым пачаў патрохі браць, каб акупіць расходы, нарэшце, як кажуць, увайшоў у смак і пачаў браць усё.

Так пакрысе Гарасім пачаў прывыкаць да аселага жыцця. Але іншы раз яго цягнула ў дарогу. Ён успамінаў тыя дні, калі з торбай за плячыма, з кіем у руцэ крочыў па неабсяжнай Расіі то адзін, то ўдвух з такім жа бадзягам, як сам, а то і ў гурце багамольцаў і багамолак. Сустракаліся ўдалыя багамолачкі. Гарасім спачатку цураўся іх, але час зрабіў сваю справу. Бунтавала маладая кроў, і нельга было яе ўтаймаваць. Гарасім саграшыў першы раз мімаволі. Спакусіла маладая ўдавіца. Потым ён доўга адмольваў свой грэх, але, не паспеўшы адмаліць, зноў саграшыў. Тады ўсё пайшло як па масле. Грэх ішоў за грахом. Тады ён быў малады і дужы, жыў без клопату і працы, а сілы было шмат.

Потым Гарасім адчуў набліжэнне старасці. А за ёй што? Смерць. Не хацелася Гарасіму паміраць дзе-небудзь у дарозе або пад плотам. І ён панёс сваё грэшнае цела ў святую зямлю. Але святая зямля сустрэла яго так непрыветна, што сум па радзіме ўспыхнуў у яго душы пякельным агнём. Думаў, што на радзіме не будзе адзінокі. А выйшла не так. Адзінокі ён і тут. Нідзе не прырос, бадзяючыся па чужых землях, а ад сваёй адарваўся і тут цяпер нікому не патрэбны і чужы...

З суседзяў ніхто да яго не заходзіў, акрамя Нарбутовіча і Мартыневіча, але і тыя, як відаць, нецярпліва чакалі яго смерці. І можа ён памрэ адзін у сваёй хаце і будзе ляжаць некалькі дзён, пакуль яго не знойдзе Мартыневіч, які прыйдзе не каб праведаць, а каб нешта ўкрасці...

Сям’я... Свая сям’я. Бачыць каля сябе блізкіх людзей, сваіх кроўных, вось чаго хацелася Гарасіму. Адчуваць, што ты некаму патрэбны, што цябе шкадуюць, што разам з табой не канчаецца жыццё, што пасля цябе астаецца тваё пакаленне... Хіба гэта не бяссмерце! Позна, позна... Вось цяпер зразумеў Гарасім, якую непапраўную памылку зрабіў у жыцці, і сон яго не браў. Да позняй ночы Гарасім сядзеў над кнігамі і не раз лавіў сябе на тым, што не разумее, аб чым чытае. А ноччу сніліся дзіўныя і страшныя сны. Ён прачынаўся, абліты халодным потам, і сэрца яго шалёна калацілася ў грудзях. Адзінота давіла яго без жалю.

...Вунь выйшаў з гумна Андрэй Сташэвіч, зачыніў вароты, павесіў і замкнуў замок і накіраваўся да хаты. Ён нават не зірнуў на Гарасімаву сядзібу. Што яму да Гарасіма, да яго жыцця, да таго, што яму цяжка і сумна, што ў яго баліць душа. У Сташэвіча свае клопаты, сваё гора і радасць. А Гарасіму было б лягчэй, каб сусед зірнуў у яго бок і сказаў «добры вечар». Ён правёў Андрэя доўгім позіркам аж да самай хаты і толькі цяпер заўважыў, што з коміна ідзе дым. Там паляць у печы, гатуюць гарачую вячэру. А ноччу будзе цёпла спаць, не так, як у Гарасімавай хаціне, якую ён паліць раз у суткі. «Хоць бы зайсці ды пасядзець у людзей,— падумаў Гарасім.— Дык прычыны ж ніякай няма...» Чацвёрты год жыў ён у Малінаўцы і не быў у хаце ні ў аднаго засцянкоўца, акрамя Нарбутовіча і Мартыневіча.

А хто гэта там туляецца каля Андрэевага гумна? Не стаіць, не ідзе, а, сагнуўшыся, нешта выцікоўвае. Гарасім добра прыгледзеўся і пазнаў Яўхіма Халусту. Сэрца яго здрыганулася. Ён не любіў Халусту і падумаў, што той хоча нешта благое зрабіць. «Што тут трэба гэтаму абармоту?» Гарасім пачаў прыглядацца лепш і зразумеў, што Халуста сочыць за Андрэевай хатай. Гэта яго зацікавіла. «Падпаліць гумно!» — падумаў Гарасім. Але Халуста, мабыць, прыйшоў сюды з іншай мэтай. Ён проста не хацеў сустракацца з Андрэем, таму і чакаў, пакуль той зойдзе ў хату. Тады выйшаў з-за вугла і пакрочыў проста да Гарасіма. «Што яму ад мяне трэба?» — з трывогай падумаў Гарасім і, зайшоўшы ў сені, замкнуўся.

Аднак гэта яго не выратавала. Праз некалькі хвілін Халуста пачаў грукаць у дзверы так моцна і смела, нібы то была не Гарасімава хата, а яго ўласная.

— Хто там? — запытаў Гарасім.

— Адчыніце, пане Жукоўскі, адчыніце! Гэта я!

— Хто гэта «я»?

— Ды я, Яўхім Халуста, вы ж бачылі мяне, пане Жукоўскі, а я вас. Я каля гумна стаяў, а вы на ганку... Я таго злодзея Сташэвіча баюся, ліха яго матары!

Гарасім адсунуў засаўку. Халуста рынуўся ў дзверы так імкліва, што ледзь не збіў з ног гаспадара, і з сянец уляцеў у хату першы. Услед за ім увайшоў і Гарасім.

— Пане Жукоўскі! Ая-яй! Ая-яй! — закрычаў Халуста, хапаючыся за шчаку.— Ая-яй...

— Што з вамі? — запытаў Гарасім.

— Зуб!.. Ая-яй, ая-яй!.. Зуб, зуб, зуб... Ліха матары яго, зуб!..

— Пакажыце ваш зуб, пане Халуста,— прамовіў Гарасім, запаліўшы лямпу.

Ён падышоў да Яўхіма, каб зірнуць у яго рот, знайсці той зуб, упэўніцца, што з ім, але Халуста адляцеў ад яго, як апараны.

— Ай-яй! Баюся! Баюся, пане Жукоўскі!

— Я не буду рваць, пане Халуста. У мяне няма такіх інструментаў. Можа кроплі запусціць у той зуб?

— Кроплі? Ая-яй!.. Кажаце, кроплі. У вас ёсць такія кроплі?

— Ёсць.

— Ото добра, пане Жукоўскі, ото добра...

— Толькі дзе той ваш зуб? Уверсе ці ўнізе?

— Унізе, пане Жукоўскі... Мудры зуб... Ая-яй!

— То дайце я зірну. Разяўце рот, пане Халуста.

Халуста разявіў сваю вялізарную зяпу, у якой ужо не было ні аднаго здаровага зуба, усе яны выгнілі і выкрышыліся; тырчалі толькі пеньчукі. Зубоў мудрасці не было там і следу. Гарасім увапхнуў у рот Халусту чайную лыжачку. Кратаў Халуставы зубы і пытаў:

— Гэты?

Халуста адмоўна ківаў галавой.

— Гэты?

Нарэшце Халуста зароў, як дзікі звер, і стуліў рот з такой сілай, што каб у яго былі такія зубы, як у маладосці, то лыжачку ён перакусіў бы, як саломінку.

— Значыць, гэты, пане Халуста?

— Ён! — закрычаў Халуста.— Ай-яй! Ён, ліха матары яго, шэльма, гад, абармот, гіцаль, злодзей, а не зуб!

Гарасім дастаў з куфэрка бутэлечку з кроплямі, выстругаў цурачку, абкруціў яе ватай, намачыў у кроплі, загадаў Халусту шырэй разявіць рот і сунуў цурачку ў дупло зуба.

Тут Халуста зароў, як раз’юшаны бык. Зароў так, што Гарасім ажно скалануўся ад страху.

— Нічога, пане Халуста,— спрабаваў ён супакоіць ашалелага Яўхіма.— Скора пройдзе ўвесь боль.

— Ідзі ты к ліхой матары! Ай-яй! — крычаў Халуста, носячыся па хаце.

Нарэшце такі боль пачаў праходзіць, хоць яшчэ і садніла спаленая кіслатой дзясна.

— Ну от, ужо і лягчэй... Дзякуй жа вам, пане Жукоўскі, а то я каторую ноч вачэй не стульваў.

— Цяпер будзеце спаць,— заспакоіў яго Гарасім.— Цяпер вас і гарматамі не разбудзіш, пане Халуста.

Гарасім чакаў, калі ж пойдзе з хаты такі непажаданы пацыент, але Халуста, мабыць, не збіраўся так скора ісці. Ён сеў на лаву, зірнуў на кнігі, што ляжалі ў куце за сталом, і запытаў:

— Усё чытаеце, пане Жукоўскі?

— Калі ёсць час...

— Гм... І то праўда...— а сам падумаў: «Ліха матары тваёй! Гэта ў цябе часу няма! Каб ты так дыхаў!»

— Многа грошай аддаяце вы на кнігі, пане Жукоўскі,— сказаў ён.

— Раней купляў...

— А цяпер не? Вядома, пане Жукоўскі. На ўсё трэба грошы! Ая-яй! А я ж забыў вам заплаціць!

Ён палез у кішэнь, каб дастаць свой кашалёк, але Гарасім адмовіўся ад грошай.

— Не трэба, пане Халуста. За такія лекі я грошай не бяру, бо нічога яны мне не каштуюць.

— А кроплі!

— Глупства, пане Халуста. Не вазьму я з вас нічога.

«Ліха матары тваёй! — падумаў Халуста.— Увесь рот спёк ды яшчэ грошы табе плаціць!»

— Ну, дык дзякуй жа вам, пане Жукоўскі.

Ужо трэба было яму падавацца дадому, але тады ўсё пайшло б на вецер. Не таго ж ён сюды ішоў, каб усё ў роце спаліць.

— Але, але, пане Жукоўскі... Ну, як вы ў гэтым годзе, многа коп нажалі са свае паўвалокі?

Халуста зразумеў, што не так ён пачаў гаворку, як яму хацелася, але адступаць было позна.

Гарасім зморшчыўся.

— А я сам не сею, не жну...

— Але, але... У вас арандатары — Нарбутовіч і Мартыневіч. Ай і хітрыя ж, пане Жукоўскі, ай і хітрыя! Вы на мяне не крыўдуйце, а што яны хітрыя, то ліха матары іх.

Гарасім хацеў нешта сказаць. Халуста ведаў, што гэты святы дурань, безумоўна, будзе яму пярэчыць, таму ён не даў яму гаварыць.

— Маўчыце, пане Жукоўскі, маўчыце! Паслухайце мяне! Я нічога не маю да вашай паўвалокі і да вашых сваякоў-арандатараў. Што мне да ўсяго гэтага! Я тут, як той казаў, прышый кабыле хвост. Але ж, ліха матары іх, у мяне душа баліць... У мяне баліць душа, пане Жукоўскі...

«Наўрад ці ў цябе яна ёсць»,— падумаў Гарасім.

— Я не ведаю, колькі яны вам плацяць, але ж яны ашукваюць вас, злодзеі! Нарбутовіч ашуканец, каб яго зямля не насіла, а Мартыневіч злодзей, якіх свет не бачыў.

— Яны плацяць, як зрахаваліся... У нас дамоўленасць ёсць...

— Ай, маўчыце, пане Жукоўскі! Слухаць не хачу! Як зрахаваліся! Што яны зрабілі з вашай зямлёй! Спустошылі паўвалоку! На маргах лепш расце, чым на вашай паўвалоцы! Чалавек чвэрць мае і жыве, а каб яго цяпер пасадзіў на вашу паўвалоку, то ён бы воўкам завыў ад голаду! Ад голаду, пане Жукоўскі! Божа мой! Цяпер ваша паўвалока і чвэрці не варта, каб прыйшлося вам яе прадаваць. От чаго яны нарабілі, злодзеі!

— А я і не думаю яе прадаваць,— аскірзнуўся Гарасім, хоць і ведаў, што ў Халуставых словах ёсць доля праўды.

— Бо яе ніхто не купіць! Яны знарок так робяць! Яны яе звядуць да таго, што зарасце яна пустазеллем, тады кінуць! Тады яе, пане Жукоўскі, ніхто ў арэнду не возьме і ніхто не купіць! А ім лацвей! Тады вы папросіце іх, пане Жукоўскі, каб яны забралі вашу зямлю дарма, а вас хоць бы кармілі да смерці! Ха-ха-ха! А чужы хлеб! Вы ведаеце, які смачны чужы хлеб? Хаха-ха! Горкі ён, пане Жукоўскі!

Смех Халустаў быў жудасны. Ён аддаваўся ў Гарасімавай душы пякучым болем і рваў сэрца.

— Яны вас накормяць, пане Жукоўскі! Яны накормяць, ліха матары іх! У старцы вы пойдзеце на старасці гадоў, ха-ха-ха!

Тут Халуста ўстаў і кінуўся да дзвярэй.

— Аставайцеся здаровенькі, пане Жукоўскі, ха-ха-ха! Зуб вы мне палячылі добра!

Жукоўскі стаяў каля стала, як аглушаны абухам. Ён адчуў, што яму горача, хоць цела яго білі шалёныя дрыжыкі. «А гэта ж праўда,— думаў ён.— Горкая праўда...» І ён успомніў, што гэтую праўду чуе другі раз. Першы раз нешта падобнае сказаў Андрэй Сташэвіч. Не маглі ж яны згаварыцца, такія два ворагі — Халуста і Сташэвіч. Але дзеля чаго гэта было сказана? Андрэй, вядома, гаварыў адкрыта, а гэты злодзей! Аб чым думае гэты злодзей? Збіраецца купіць яго зямлю! Так, толькі так! Але Жукоўскі лепш пойдзе ў старцы, чым прадасць Халусту сваю зямлю...

Халуста тым часам ішоў дамоў і паціраў рукі. «Няхай падумае, ліха матары яго, няхай падумае! Нідзе ён ад мяне не дзенецца, не выслізнецца з маіх рук, трасцы!»


РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ[правіць]

Ціхую плынь Случы спыніў мароз. Першы кволы лядок укрыў нешырокую раку. Парабкоўская дзятва даўно чакала гэтага дня. Гурт хлапчукоў у бацькоўскіх світках і шапках стаяў на заснежаным беразе. Ярка свяціла халоднае зімовае сонца; пад яго промнямі зіхацеў малады лёд; вачам было балюча глядзець на гэтую бліскучую чысціню і снежную бель.

Амаль каля самай ракі стаяла камяніца бровара, складзеная з чырвонай цэглы, крыху далей быў высокі трохпавярховы гмах паравога млына. Чорны густы дым вылятаў з высокіх жалезных каміноў, віўся клубамі ў празрыстым паветры і рассцілаўся над стрэхамі будынкаў і дрэвамі.

У гэты ясны зімовы дзень усё пахарашэла і выглядала па-святочнаму, нават дым. Толькі лес, што стаяў за лугам на другім беразе ракі, быў змрочны і пануры.

Хлапчукоў заманьваў лёд, але ніхто з іх не адважваўся першы ступіць на яго.

— А от я і не баюся! — сказаў камлюкаваты хлопчык, відаць, самы завадатар.

— А мама што казала, Міхась? Толькі паспрабуй! — папярэдзіў другі, відаць, меншы брат.

— Мама і ведаць не будзе.

— А як лёд праломіцца?

— Не праломіцца! Гэта калі ўзыдзеш на яго і будзеш стаяць, тады праломіцца, а калі прабяжыш, то нічога. Хіба я не прабаваў летась? Ён толькі ўгінаецца і трашчыць.

— Глядзі, Міхась!..

— А вунь зірніце! Паненка на раку ідзе! — крыкнуў самы меншы, паказваючы пад аканомаў дом, які віднеўся воддаль.

Эльза ішла ад свайго дома проста да ракі.

— Знайшоў паненку! — зняважліва прамовіў Міхась.— Сказаў бы, што нямецкая цытра.

— Цыбатая, як сталюга!

— Можа і яна хоча пакоўзацца на лёдзе?

— Яна адразу лёд праломіць!

— А тут неглыбока! Такая доўгая не патоне!

Эльза была ўжо недалёка. Яна не звяртала ўвагі на хлапчукоў. На самым беразе яна спынілася і зірнула ў далеч, туды, дзе за ракой чарнеў лес.

Хлапчукі на некаторы час забылі пра лёд. Яны з цікаўнасцю глядзелі на гэтую дзяўчыну, так не падобную на іх сясцёр: яна заўсёды чыста апранута, ніколі не працуе і нават улетку не ходзіць босая. А цяпер што на ёй было? Белыя зграбныя валёначкі з галёшамі на нагах, доўгае футра з белым каўнерыкам на плячах, а на галаве шапка. Дзяўчына была непатрэбная і ненавісная тут, у чужой для яе старане.

Вось гэтую цікаўнасць сваіх сяброў і выкарыстаў Міхась. Ён азірнуўся, момант стаяў у нерашучасці, раптам нібы нешта падхапіла яго і ўзнесла на лёд. Ён, мабыць, сам не ведаў, як апынуўся тут. Лёд пагрозліва трэснуў і асеў. Міхась спачатку ўздрыгнуў, а потым пабег, лёгка, як малады звярок, без падскокаў. Пад кожным яго крокам лёд патрэскваў і ўгінаўся. Небяспеку Міхась адчуў тады, калі ўбачыў, што ўсюды, дзе ён ступаў, выступіла вада. Сэрца яго напоўнілася жахам, ён павярнуўся і рынуўся на бераг.

— Ма-а-ма-а-а-а! А-а-а!

З ракі ўжо тырчала толькі Міхасёва галава.

На беразе ўзняўся лямант. Хлапчукі таўкліся і галасілі. Не менш крычаў і бедны Міхась. Ён не мог узабрацца на лёд, які абломваўся, калі хлопчык спрабаваў легчы на яго грудзьмі.

Эльза скамянела ад жаху. У яе жыцці не было выпадкаў, каб трэба было так хутка прыняць нейкае рашэнне. Калі яна ачулася і рынулася да хлапчукоў, яшчэ не ведаючы, што будзе рабіць, да ракі ўжо імчаўся Павел Квітун. У руках ён нічога не меў, але раздумваць не было часу. Ён скочыў на лёд, які адразу ж абламаўся. Павел апынуўся амаль па пахі ў вадзе. Так ён дайшоў да Міхася, узяў яго на рукі і вынес на бераг. Бедны хлапчук скачанеў у сцюдзёнай вадзе. Павел, не выпускаючы яго з рук, бягом памчаўся ў бровар. Дзятва рассыпалася па хатах. На беразе ракі асталася адна Эльза.


Павел ляжаў, укрыўшыся і сваім і Платонавым кажухамі. У каморцы быў паўзмрок. Павел абсох і не думаў ісці дамоў і лажыцца, але не так думалі Станіслаў і Платон. І Павел пайшоў у барак. Не паспеў ён легчы, як з’явіўся Платон Шабуня.

— Так ляжаць то гэта глупства. Спярша трэба выпіць лякарства,— прамовіў ён і паставіў на стол бутэльку з нейкай вадкасцю.

— Такі ты доктар! — пасмяяўся Павел.

— Ад такой хваробы доктар. Толькі от шклянкі ў нас чорт мае. Жывём на свеце!..

Ён узяў той кубак, што заўсёды стаяў каля вядра з вадой. Кубак быў вялікі, паўквартовы. Платон наліў у яго з бутэлькі амаль да паловы і паднёс Паўлу.

— На, патрымай, а я табе часныку аблузаю, закусіш. У нашай хаце каб і вадзіліся мышы, то ўсе падохлі б. У рот няма чаго ўзяць.

— Нешта я ніколі не бачыў і не чуў, каб адразу па столькі лякарства пілі. Іх п’юць кроплямі.

— Гэта не такое, каб кроплі лічыць. Гэта спірытус, Павел. Выпі ды выграйся добра, каб і ад поту быў такі мокры, як з ракі вылезшы.

— Дзе ты ўзяў спірытусу?

— У Гарбатага Яся.

— Вось як! Пайшоў да Гарбатага... пакланіўся!

— Ды не! Ён сам мне даў! Пі, Павел, а пагаворым пасля, бо цяпер мне часу няма.

Пасля «лякарства» ў Паўла закружылася ў галаве. Прыемнае цяпло разлілося ўсярэдзіне, і ён задрамаў. Разбудзіў яго нясмелы стук у дзверы. «Хто там такі далікатны?» — падумаў ён і сказаў:

— Ды заходзьце, чаго там!

Ён не паверыў сваім вачам, калі ўбачыў у дзвярах Эльзу. Яна стаяла, трымаючы ў руках пакуначак.

— Вы не туды трапілі,— прамовіў Павел, падымаючы галаву.

— Вы тут жывяце!..— сказала яна не то са здзіўленнем, не то з расчараваннем ці жалем.

— Як бачыце. Вы не туды трапілі! — настойліва паўтарыў Павел.

— Не! Я трапіла туды, куды хацела,— адказала яна, і яе халодныя вочы пацяплелі.

Яна зрабіла некалькі крокаў уперад і палажыла на стол пакуначак.

Павел з нянавісцю глядзеў на гэтую загадкавую паненку, з якой некалькі разоў нечакана сустракаўся. Што ёй трэба? Ён ненавідзеў яе за тое, што яна лезе ў яго жыццё, што прыйшла да яго іменна цяпер, калі ён ляжыць у гэтай бруднай нары — раздзеты, накрыты рыззём. Ён упершыню з болем адчуў, што саромеецца сваёй беднасці, што яму брыдка глядзець у вочы гэтай дзяўчыне. Ён адчуваў сябе, як голы, калі яго выставілі напаказ. Каб прыйшла да яго Надзя, ці саромеўся б ён? Мабыць, саромеўся б... І тут ён зразумеў, што сорам яго — гэта сорам мужчыны перад жанчынай.

— Сядайце, паненка,— прамовіў ён.— Там ля стала стаіць зэдлік. І скажыце, што вам трэба?

— Я прынесла вам лякарства, Павел...— пачырванеўшы, адказала яна.

— Я не хворы, паненка...

— Ах, не завіце мяне паненкай! — перапыніла яна.— Мне проста прыкра чуць ад вас гэтае слова... Завіце мяне проста Эльза...

У словах яе адчувалася сапраўдная шчырасць, і гэта кранула Паўла.

— Я не хворы,— паўтарыў ён.— А лякарства ад халоднага купання я ўжо прыняў.

— Якое лякарства? — здзівілася яна.— Які доктар вам яго даваў?

— Доктар? — Павел усміхнуўся.— А вы хіба доктар?

— Я не доктар, але ў нас дома ёсць цэлая аптэчка і хатняя медыцынская кніга... Нямецкая кніга.

Павел засмяяўся, і ўвесь яго сорам знік. Божа мой! Хіба ён для яе чалавек! Ды яна проста чужаземка, а ён рускі дзікун, і яна цікавіцца ім гэтаксама, як цікавілася б самаедам ці неграм. Нямецкая кніга! Нават нямецкія кнігі лепшыя за рускія! І Паўла разабрала злосць.

— Нямецкія лякарствы не пойдуць на карысць рускаму мужыку.

— Я вас не разумею, Павел...— пакрыўджана адказала Эльза.— Вы не хочаце лічыць мяне за чалавека... А я ж не толькі чалавек, я дзяўчына, і вы са мной так груба гаворыце. Паверце, што я ад чыстай душы...

— Выбачайце, я дрэнна выхаваны. Хіба можна навучыцца ветлівасці, нарадзіўшыся і вырасшы ў такіх вось норах? Прайдзіце па бараках, паглядзіце, як жывуць сямейныя людзі.

— Ах, Павел, я ўсё гэта ведаю, я была... І я разумею, чаму вы так гаворыце. Вам цяжка жывецца, і вы злосны.

— Не тыя словы. Вы гэтага не зразумееце.

— Не, не! — горача прамовіла Эльза.— Я ўсё разумею і сёе-тое ведаю... Тут не толькі вам, тут усім жывецца дрэнна... Ва ўсёй Расіі дрэнна.

— Гэта падобна на праўду. Толькі не ўсім у Расіі дрэнна жывецца. Ваш бацька, напрыклад, гэтага не скажа. А вам хіба дрэнна жывецца ў Расіі?

Эльза паглядзела на Паўла доўгім позіркам.

— Не папракайце мяне бацькам, Павел. А я самастойным жыццём яшчэ не жыла і цяперашняе сваё жыццё не лічу. Я, Павел, скора, вельмі скора паеду ў Пецярбург...

— Вось як! А што вы там будзеце рабіць?

— Не думайце, што весяліцца за бацькавы грошы! Там ёсць жаночыя курсы, вучыцца буду. І на жыццё зарабляць урокамі. Я ведаю французскую і нямецкую мовы, акрамя рускай. Ведаю латынь. Работа знойдзецца, а мне многа не трэба.

Павел раптам адчуў незразумелую павагу да гэтай не вельмі прыгожай дзяўчыны з халоднымі вачыма.

— Рад за вас, Эльза! — нечакана для самога сябе прамовіў ён.

У яе заблішчалі вочы.

— Вы гэта кажаце шчыра, Павел?

— Вельмі шчыра, Эльза!

— Я рада... А цяпер я пайду. У гэтым пакуначку вы знойдзеце парашкі. Прыміце адзін на ноч, другі заўтра раніцай.

— Гэты пакунак залішне вялікі для парашкоў!

— Там ёсць крыху салодкага, Павел... Хворым трэба салодкае... А парашкі вельмі горкія...

— Эльза, занясіце гэты пакунак таму хлопчыку, што сёння выкупаўся,— рашуча і сурова прамовіў Павел.

— Я яму ўжо занесла, а гэта ваша. Нават не думайце пярэчыць, бо вы мяне пакрыўдзіце. Мужчына не мае права адмаўляцца ад маленькага падарунка жанчыны.

Яна ўсміхнулася, і ў бялесых яе вачах бліснула нешта прывабнае, чыста жаночае, хітраватае і прыязнае.

— У такім разе мушу прыняць. Дзякую вам, Эльза.

Яна ўстала.

— Вы, Павел, павінны прыйсці да мяне ў нядзелю падвечар, бо пасля нядзелі я паеду. У мяне ёсць некалькі рускіх кніг, вельмі добрых кніг, я іх вам аддам.

— Ну, ведаеце...

— Пачакайце. З сабою іх забраць я не змагу, а дома яны дарма будуць ляжаць. Мама мая па-руску не ведае ні слова, а тата і нямецкіх кніг не чытае. Дык от вы павінны іх забраць.

— Не ведаю, Эльза...

— А я ведаю! Павінны забраць! Абяцайце, што прыйдзеце. Вы павінны вярнуць мне візіт. Я ў вас была.

— Не разумею я гэтых тонкасцей, але... калі павінен вярнуць вам візіт, то вярну.

— Гут, Пауль! — усміхаючыся, сказала яна.— Бывайце здаровы!

Яна выйшла з пакоя.

«Чорт яе прынёс,— падумаў Павел.— Зразумець нельга, што гэта за дзяўчына і чаго яна шукае...» Ён успомніў той вечар, калі яна папярэдзіла яго пра новага механіка. Дзеля чаго? Цяпер запрашае да сябе, аддае кнігі... Тут ужо пра мэту і гаворкі не можа быць, бо яна ж едзе ў Пецярбург. Вучыцца і працаваць. Цікава і зусім незразумела... З такімі думкамі Павел заснуў моцным сном.

Яго разбудзіў Платон, які прыйшоў з работы і ўжо запаліў лямпу, што вісела над сталом. Платон памыўся і выціраўся зрэбным ручніком. Павел зірнуў на яго і адчуў, што і сам увесь мокры, толькі ад поту.

— Што, маё лякарства памагло? — запытаў Платон.

— Мокры, як пацук. І выспаўся на дзве ночы наперад. Падай штаны, буду ўставаць.

— Пакуль не абсохнеш, ляжы.

— Я вячэраць хачу.

— Сам прынясу з харчэўні. І скажы ты мне, што гэта такое ляжыць на стале?

— Гэта маленькі падарунак жанчыны, Платон...

— Што-што?

— Эльза прынесла...

Платон не паверыў сваім вушам.

— Павел, Павел! Нашто ты яго браў?

— Не мог не ўзяць. Не мог, разумееш?.. А тут яшчэ той выпадак у садзе... Не мог я абысціся з ёю па-хамску... Ну і от... Разгарні яго, Платон, там павінна быць нешта салодкае.

Платон нехаця пачаў разгортваць пакунак. Ён вылажыў на стол круг кілбасы, кавалак паляндвіцы і бутэльку гарэлкі, загорнутую ў паперу.

— Горкае ёсць, а салодкага чорт мае,— прамовіў ён.— І нават кавалка хлеба не палажыла. Ага... А гэта што ж такое ў пакеціку?

— Гэта парашкі. Яна мне гаварыла, што ад прастуды...— адказаў Павел.

— Прымаць іх я табе не дам,— рашуча сказаў Платон і, скамячыўшы пакецік, усунуў яго ў кішэню.

— Навошта ты так, Платон?

— Не веру я ў панскія лекі. Можа гэта не лекі, а хвароба.

— Ну, гэта ты залішне...

— Няхай сабе. Пайду ў харчэўню і паклічу сюды Станіслава, бо бачу, што без яго нельга абысціся.

Калі Платон выйшаў, Павел устаў і памыўся. Тады падышоў да стала. Кольца кілбасы і кавалак паляндвіцы ляжалі на паперы незагорнутыя. Платон разгарнуў пакунак і так пакінуў. Не хацеў кранацца да панскага падарунка лішні раз. А ад гэтага падарунка ішоў такі прыемны і смачны пах... Пах часнаку, кмену і ядлоўцавага дыму. І Павел адчуў страшэнны голад. Ён каўтнуў сліну і пачаў закурваць. Можа тытунёвы дым пераб’е гэты спакуслівы пах. Але тут яму прыйшло ў галаву, што трэба ўсё загарнуць і палажыць у іншае месца, бо калі нарвецца нехта чужы... І калі ён нагнуўся над сталом і ўзяў у рукі белую паркалёвую анучку, у нос яму ўдарыла тонкім і кволым і такім трывалым водарам вясновых кветак. «Духі»,— зразумеў ён. І ўжо болей не чуў паху кмену, часнаку і ядлоўцавага дыму. У счарнелым змрочным пакоі пахла вясновымі кветкамі, пахла жанчынай з чужога, варожага свету. Гэта было і незразумела і дзіўна. «А мы? Мы не пахнем! Мы смярдзім гноем і потам, брудам і зямлёй...»

Платон вярнуўся са Станіславам і паставіў на стол пачарнелы кацялок.

— Вячэрай, Павел,— прамовіў ён.— Пакуль не астыла, еш.

— Не хачу.

— Нанюхаўся кілбасы?

Павел не чакаў такіх слоў і зірнуў на Платона са здзіўленнем.

— Думаеш, я не нанюхаўся, як разгортваў? Здорава пахне, каб яно згарэла.

Станіслаў сеў на зэдлік.

— Ну, дык расказвай свае прыгоды.

Павел падрабязна расказаў пра ўсё.

— Прыйдзецца табе схадзіць да яе ў нядзелю,— прамовіў Станіслаў.— Паглядзім, якія кнігі яна табе дасць і аб чым павядзе гаворку. Яе варта паважаць нават толькі за тое, што яна хоча жыць незалежна ад бацькі.

— Не веру я гэтаму! — рашуча прамовіў Платон.— Панскія дочкі ўсе аднолькавыя. Тут нейкая хітрасць. Заманіць хоча Паўла, от і ўсё.

— Дарэмна так кажаш, Платон. Яна ж папярэдзіла нас, што ў маёнтак прыедзе новы механік. Хоць мы і не мелі ад гэтага карысці, але з яе боку гэта ўсё-такі высакародны ўчынак. Заўваж, што мы змагаемся не з Эльзай і нават не з яе бацькам асабіста, а з тым несправядлівым ладам, які пануе ў нашай краіне. І калі хочаш ведаць, з багатых інтэлігентных сем’яў выйшлі такія выдатныя рэвалюцыянеркі, як Соф’я Пяроўская і Вера Засуліч. Так што не будзем крыўдзіць бедную Эльзу, якая закахалася ў нашага Паўла.

— Скажаш ты!..

— Не бойся, Павел! Надзі я гэтага не скажу. Разлівай гарэлку, Платон.

— У што я яе разалью, калі ў нас толькі адзін кубак? Піце вы з Паўлам па чарзе, а я вып’ю тую, што ад Паўла асталася.

— Дык як гэта Ясь табе спірытусу даў? — пацікавіўся Станіслаў.

— Ён пачаў паддобрывацца да мяне, як толькі прыехаў гэты немец з Рыгі. Сёння нават раіў перайсці ў млын на работу. «Не магу,— кажа,— глядзець на гэтага немца. А так мы двое рускіх будзем. Ты пісьменны, калі і перапісаць што ці напісаць, то зможам».— «А што я магу запісаць у млыне?» — пытаюся. — «Чаму,— кажа,— што! Колькі мяхоў і пудоў жыта або пшаніцы прывезена, колькі змолана. Колькі якой мукі выйшла, крупчаткі, першага ці другога гатунку або простага памолу. Работа лёгкая, спакойная і зарабляць будзеш больш. І каля мукі, вядома, запылішся». Бачыце, як лоўка намякае! Пераходзь, маўляў, у млын, будзем разам красці.

— А што ты яму адказаў? —запытаў Станіслаў.

— Я сказаў, што можа аконам не згадзіцца, то ён запэўніў мяне, што аконам будзе згодны. Я сказаў, што падумаю. Тады ён пытае: «А як там Квітун пасля купання?» Кажу: «Пайшоў у барак, напэўна, ляжыць».— «Добры,— кажа,— хлопец Квітун, але можа схапіць запаленне лёгкіх. Хадзем да мяне. У мяне спірытус астаўся яшчэ з таго часу, як падвальным быў. Няхай вып’е Квітун ды сагрэецца добра». А я падумаў, што ласкі ён мне не зробіць, калі спірытусу дасць, бо грошай за яго ён не плаціў.

— Спірытус — гэта глупства,— сказаў Станіслаў.— А што ты думаеш наконт млына?

— Тое, што вы мне параіце.

— Ну, дык пераходзь у млын. Немцы сапсавалі нам усю справу. Няскора ўдасца нам перацягнуць сюды Якава. І мне здаецца, што Гарбаты зацікавіўся табой не проста так. Не! Нам трэба быць пільнымі, хлопцы. Пераходзь, Платон, у млын, там павінен быць наш чалавек. Скажы Гарбатаму, што надумаўся. Бачыш ты, ён упэўнены, што аконам будзе згодны. А цяпер нясі той кубак...


РАЗДЗЕЛ СЁМЫ[правіць]

Ад самай раніцы каля Халуставага гумна стаялі гоман і тлум. Сам Яўхім бегаў каля вялізнага драўлянага прывада, прысядаў каля яго, заглядаў уніз, пад кола, мацаў дубовыя кулакі і цмокаў ад задавальнення. Тады імчаўся ў гумно, дзе стаяла аблезлая малатарня, афарбаваная калісьці ў сіні колер. Халуста круціўся каля яе сам, круціў барабан, хапаўся за маслёнку, за ключы і ніяк не мог утаймаваць сваю драпежную радасць. Малатарню трэба было злучыць прантамі з прывадам, каб пусціць яе ў ход. Пранты гэтыя, таўшчынёй у чалавечую руку, адзін доўгі, другі кароткі, ляжалі каля гумна, як дзве дохлыя змяі. Яўхім сагнуўся, схапіў доўгі прэнт, падняў да пупа і кінуў.

— А цяжкі! Ліха матары тваёй! Няма дурных цягаць цябе!

Мікалай і Якаў устанаўлівалі прывад. Трэба было паставіць яго так, каб не было перакосу. Яны падважвалі яго, падкладвалі падніз чурбакі і замацоўвалі іх.

— Ліха матары вашай! Партачы! — крычаў Халуста.— Не ўмееце! Вы да вечара яго на месца не паставіце!

— Не замінай, бацька! — спакойна адказваў Мікалай.— І не згінайся пад руку, а то знячэўку па пыцках дастанеш!

— Знячэўку! Ліха матары тваёй! Ты знарок мне зубы выб’еш!

— Пазаві лепш Юзіка, бацька. Гэты бок трэба падважыць, ён ніжэй стаіць,— загадаў Мікалай.

— Юзік каля коней! — закрычаў Халуста.— Яму няма часу, ён вупраж папраўляе.

— Па-панску. Тады сабак карміць, як на паляванне ісці. Дык сам бяры кол ды падважвай.

Лявон Нарбутовіч і Нічыпар Мартыневіч стаялі воддаль, баючыся падысці бліжэй да небывалай у Малінаўцы машыны, і глядзелі на яе, першы з захапленнем хітрага чалавека, другі з недаверам і страхам скнары.

Пачуўшы гаворку Халустаў, Лявон адышоў ад свайго няўдалага брата і сказаў Яўхіму:

— Можа б я, пане Халуста, падважыў?..

— О-то-то, братачка, о-то-то! Падваж! Ого! Ты малады і дужы! На карку, як той казаў, абады гнуць можна! Хі-хі-хі!

Лявон падняў кол і падышоў да Мікалая.

— То дзе тут, браце Мікалай, яго падважваць?

Мікалай зірнуў на Лявона з пагардай. Адказаў, памаўчаўшы:

— Пакладзі сюды вось гэтую калодачку... Так... Цяпер пхай пад станіну кол. Далей пхай, каб не сарвалася. Ну, так... Цяпер цісні ўніз кол! Няўжо ты, дурань, калод ніколі не варочаў? Добра націскай!

Нават у Мартыневічавых вачах бліснула цікаўнасць, і ён ступіў крок наперад. Лявон тым часам націснуў на вагу, і прывад падняўся.

— Лягчэй, дурань! — папярэдзіў Лявона Мікалай.— Не цісні так, а то стрэліць!

Хрроп!

Лявон выпусціў з рук кол, і прывад цяжка рухнуў на зямлю, а кол, як птушка, з гудзеннем узвіўся ўгару. Мартыневіч пабялеў, ступіў два крокі назад, зачапіўся нагой за нагу і грымнуўся вобземлю. Стары Халуста рагатаў, хапаючыся за бакі. Мікалай усміхаўся, а Лявон стаяў, вылупіўшы вочы, і дзіка аглядаўся.

— Пайшлі вы к чортавай мацеры з вашымі сабачымі жартамі,— вылаяўся Якаў.— Хіба ты не разумееш, што сам мог астацца без рукі, калі б на яе грымнуў прывад? — звярнуўся ён да Мікалая.— А кол жа мог галаву знесці табе або мне.

— Хіба я думаў, што гэты абух паверыць, што прывад можа стрэліць? — апраўдваўся Мікалай.— Дык от бачыш, паверыў!

— Ды не...— мармытаў Лявон.— Кол выслізнуў з рук...

— Бо ты спалохаўся.

Якаў зірнуў на Мікалая і зразумеў, што гэта быў зусім не бяскрыўдны жарт. Гэты гад не забыў, як калісьці Якаў са Сташэвічам хацелі яго звязаць. Гэта была помста, і толькі выпадкова ў Якава асталіся цэлыя рукі і галава.

— Устанаўлівай свой прывад з бацькам. Вы майстры абодва: жартуючы падушыце адзін аднаго, а я не наймаўся да вас, каб астацца калекам.

— Кінь ты, Якаў,— панура прамовіў Мікалай.— Хіба я знарок?

— Мабыць, знарок... Пускайце ў ход сваю малатарню, а я стану на любую работу, толькі не поруч з табой або з тваім бацькам. А вы акурат парка.

— Кінь ты, я табе кажу... Які з бацькі работнік!

— Дык вунь Мартыневіч з Нарбутовічам. Бяры любога.

— Хіба ты не бачыў, што Мартыневіч ледзь не забіўся? Я думаў, што не ўстане сам! Гы-гы-гы! А ў Лявона ледзь вочы наверх не павылазілі. Гэй, Лявон! Ну як, прывад страляе?

— Ты мяне сваімі жартачкамі не загаворыш,— сказаў Якаў.— Пакліч сюды Юзіка, каля яго я буду смялейшы, хоць ён і не такі разумны, як ты з таткам.

Мікалай плюнуў, потым высмаркаўся і пайшоў ад гумна. Неўзабаве ён вярнуўся з Юзікам. Цяпер ужо Юзік узяў кол і пачаў то падымаць, то апускаць прывад, так, як загадваў Мікалай. Якаў толькі памагаў, не папраўляў і не падказваў, хоць і бачыў, што нават у такой няхітрай механіцы, як гэтая, малодшы Халуста не вельмі моцны.

Нарэшце сяк-так устанавілі прывад. Юзіку ўжо не было чаго тут рабіць, і ён пайшоў да коней. Асталося толькі злучыць прантамі прывад з малатарняй. За гэта і ўзяліся Мікалай з Якавам.

Стары Халуста завёў Нарбутовіча з Мартыневічам у гумно і гаварыў ім:

— Вы дурні, ліха матары вашай! Ну, падумайце, як гэта цягаць малатарню з гумна ў гумно! Бачылі, колькі работы каля прывада? Цэлы дзень! А на колькі дзён у кожнага з вас малацьбы? Сама больш на тыдзень!

Мартыневіч паныла маўчаў. Ён быў не рад, што паслухаў Лявона і звязаўся з Халустам. Нашто яму тая малатарня! Змалоціцца хлеб, як і раней малаціўся. То сам, то сын трохі паможа, то нейкага хлопца найме на тыдзень. Да вялікадня доўгі час. Каб і ўдвая больш было таго хлеба ў гумне, то хіба ён астаўся б неабмалочаны без малатарні!

Халуста не ведаў яго думак.

— Каб гэты прывад быў на колах,— гаварыў ён,— то яго раз-два і перапхнуў на другое прыгуменне. Або каб нашы сядзібы былі поруч. А то ж блізкі свет да Мартыневіча, ліха матары яго! А да цябе, Лявон, аж на другі бок вуліцы трэба везці. Не-не-не!

Лявон круціўся і выгінаўся. Яму хацелася і калолася.

— Але ж, пане Халуста... Малатарню адзін раз перавезці, хоць і цэлы дзень на гэта страціш... Падумайце самі: вазіць да вас снапы — гэта ж на цэлы тыдзень работы. А потым ад вас трэба салому вазіць. Я ўжо не кажу пра пашню ды мякіну.

— Ая-яй! — крычаў Халуста.— А нашто вам перавозіць жытнюю салому? От каля гумна складзіце, а потым бярыце, колькі трэба. Ды яе ў рэзгінах перанасіць можна, тую вашу салому. А калі будзе час — каня запрог і вазі.

— Дзе вы бачылі, пане Халуста... На дварэ яе і снегам замяце, і дажджом абалье, а нам салома не толькі подсціл, але і пошар. На сечку яе перарэзаў ды з мякінай... А на дварэ яна згніе.

— Ніякі чорт не возьме яе! — запэўніваў Халуста.

Не, гэта было не ў нос Лявону. Кінуць сваю салому ля Хлуставага гумна, а потым хадзіць па яе, як па чужую, кожны раз папярэджваць Халусту, што ідзеш да яго гумна не красці, а сваю салому браць, ды слухаць яго лаянку. Не! Але не гэта было галоўнае. Пасля малацьбы кожны дзень прыйдзецца пакідаць у Халуставым гумне неарфаванае зерне, бо ніхто не вытрывае, памалаціўшы дзень, адразу яго арфаваць. Трэба ж адпачыць хоць пару гадзін, а за гэтыя дзве гадзіны да яго паспеюць прыкласці рукі не толькі сам Яўхім і яго сыны, але і крывая ведзьма Настуля.

— Ліха матары вашай! — крычаў Яўхім.— Хіба я вас прымушаю? Хіба я вас прасіў? Хочаце абмалаціцца скора, дык вязіце снапы, а не, дык...

— Пане Халуста...

— Ідзі ты ад мяне! Ты яшчэ не бачыў, як яна малоціць! Яна не малоціць, а іграе, як картап’ян у пана Крупскага ў пакоях. Ты як паглядзіш на гэтую музыку, то будзеш рукі ў мяне цалаваць ды прасіцца, каб я тваю збажыну абмалаціў. Але я тады фігу табе пакажу.

Мартыневічу было ўсё роўна. Ён амаль не слухаў Халусты. У яго на правай назе быў стаптаны лапаць; аціраючыся тут, ён прашмараваў і анучу і цяпер голай пятой стаяў на халодным таку. У пяту аж пякло. Мартыневіч рады быў ісці дамоў, але Лявону не хацелася ўступаць Халусту. Аднак і ад малатарні адмовіцца ў яго не хапала сілы. Не ў прыклад Мартыневічу, ён быў чалавек гультаяваты.

— То калі так, пане Халуста, то я...

— Што ты? Ліха матары тваёй, што ты? Што я плюнуў ды расцёр, от што ты! Але ты мые абяцаў памагчы малаціць. І з жонкай! І я на цябе спадзяваўся і не наймаў работнікаў.

Лявон скрывіўся.

— Чаго ты крывішся, як серада на пятніцу! Абяцаў ці не? Абяцаў!

— Я, пане Халуста, памагу, але жонка ў мяне...

— Ведаю, ведаю! Твая жонка з чэравам ходзіць, ведаю. То, думаеш, чорт яе возьме? Амецце будзе пераграбаць. Гультайская работа.

Лявон зразумеў, што папаўся. Заблытаўся, як муха ў павуціне.

Мартыневіч ужо меркаваў даць дралавіцы. Пята яго канчаткова змерзла, і ён паціху падыходзіў да варот, каб пры зручным выпадку вышмыгнуць праз іх на прыгуменне. Аднак нялёгка было ўцячы ад Халусты.

— А ты чаго туляешся? Ты хіба не абяцаў? Можа скажаш — не? Учора вы абодва, ліха матары вашай, прасіліся і маліліся, каб я ўзяў вас у хаўрус, а сёння хвасты падтулілі?

Ні сам Халуста, ні Нарбутовіч з Мартыневічам не бачылі, што амаль з самага пачатку іх гаворкі ў гумно ўвайшоў не хто іншы, як сам Хаім Ножык.

— Дзень добры, пане Халуста! — сказаў ён, як нічога і не было, і працягнуў руку Яўхіму. Той некаторы час стаяў разявіўшы рот.

— Якое ўтрапенне, ліха матары тваёй! Хіба ты з неба зваліўся?

— Не. Я прыйшоў і не хацеў вам замінаць. Уга! Цяпер у маім млыне будзе завоз! Уга! Такая малатарня! Яна ўсё перамалоціць і вымалаціць. А то мой млын стаіць, і я не маю работы.

— Як быццам з Чыжэвічаў табе не возяць, ды з Жывіцаў, ды з Півашоў, ды з Крывіч.

— Мала,— прамовіў Хаім.— Зусім мала. Больш возяць у маёнтак.

— Не хлусі, пане Хаім! — закрычаў Халуста.— Я калі ні зірну, то твой млын заўсёды круціцца.

— Толькі куццю таўку, пане Яўхім. Толькі куццю. Але цяпер у мяне будзе завоз, бо калі малінаўцы пачнуць малацьбу малатарняй, то яны скора абмалоцяцца і павязуць пашню ў мой млын. Чыжэвіцкія мужыкі больш возяць мліва ў маёнтак, а малінаўцам нашто ў маёнтак вазіць? Абы яны скарэй абмалацілі сваё збожжа.

— Чуеце, дурні! — ускінуўся Халуста на Лявона і Нічыпара.— Вы паслухайце, што кажа разумны чалавек! Пане Хаім! А яны не хочуць вазіць снапоў у маё гумно!

Халуста быў упэўнены, што Хаім яго падтрымае. Але Хаім зірнуў на яго, як, на малое дзіця, і сказаў:

— Нашто вазіць снапы — гэта такая доўгая і смутная песня, якую тылімкаюць у панскіх пакоях на картап’яне, як вы кажаце, пане Яўхім. Ці не лепш перавезці самую малатарню?

— Ліха матары тваёй! — заенчыў Халуста.— Ты мяне рэжаш!

— Не, пане Яўхім, я цябе не рэжу. Але нашто табе рэзаць суседзяў? Вазіць снапы, вазіць збожжа, вазіць салому і мякіну! Вазіць і вазіць! Уга! А ім жа трэба вазіць з Волі сена. То калі гэта ўсё перавозіш? А хіба табе, пане Яўхім, не трэба вазіць сена? У цябе ж цэлы свет сена! То лепш няхай яны памогуць табе вазіць сена.

Гэта толькі трохі супакоіла Халусту, але яшчэ і цяпер ён быў гатовы разадраць Хаіма на кавалкі. Ён абвёў позіркам Нарбутовіча і Мартыневіча і загадаў:

— Ліха матары вашай! Ідзіце дамоў снедаць. Знайшоўся ў вас заступнік, каб яму язык адгніў... А як будзе ўсё гатова, то я вас знайду-у! Вы ад мяне нідзе не схаваецеся!

Лявон і Нічыпар нібы і чакалі гэтага. Яны пайшлі моўчкі адзін за адным і толькі на вуліцы пачалі гаворку.

— От дзякуй Хаіму,— сказаў Лявон.— А то б гэты гад... Бачыш, што надумаўся: вазі да яго снапы...

Мартыневіч ужо не чуў свае пяты, зусім акалела.

— А па мне дык задавіўся б ён са сваёй малатарняй...— буркнуў ён.

— Бо ты дурны абэлтух! У цябе кожны год палову пашні мышы зжыраюць! Ты і пасля вялікадня малоціш!

— А калі снапы ў Халустава гумно вазіць, то тую самую палову Халусты зжаруць. І работа лішняя.

— Не будзем вазіць! — упэўнена сказаў Лявон.— Гэты Хаім хоць і злодзей, але разу-умны чалавек!

— А пра сена з Волі не чуў?

— Гэта яшчэ бабка надвое варажыла! Калі я заплачу за малацьбу, то за што я буду вазіць яму сена?

Тым часам Халуста ўзваліўся на Хаіма Ножыка:

— Ліха матары тваёй, злодзей, гад, шэльма! Які чорт прыгнаў цябе сёння сюды! Хто цябе зваў, каму ты быў патрэбен! Ну, скажы, чаго ты прывалокся?

— Няма ветру, млын стаіць. То я прыйшоў паглядзець, як будзе малаціць твая новая малатарня.

— Не загаворвай мне зубы, бо яны ў мяне не баляць! Ты мне помсціш за тыя тры рублі, што я вінен табе за Якава. Ты мне за іх свінню падкладаеш! От чаго ты прыйшоў!

— Ша, Яўхім! Нашто ты крычыш? Тры рублі! Што тыя тры рублі? Твой Якаў каштуе не тры рублі, а тры тысячы. Я табе потым скажу, бо ты цяпер крычыш.

— Я табе аддам тыя тры рублі адразу, як прывязу ў млын. Пашнёю возьмеш. У мяне цяпер грошай няма, бо я патраціўся на гэтую малатарню.

— Ат! Не вельмі ты патраціўся.

— Ты ж не быў у маёй кішэні! Але нашто ты сказаў тым дурням, што не трэба вазіць да мяне снапоў, лепш перавезці да іх малатарню! Нашто ты сказаў?

— І ты мне скажы за гэта дзякуй, Яўхім. Скажы мне дзякуй, бо ты дурны, як бот. Ты сваёй малатарняй і сабе яшчэ ні аднаго снапа не абмалаціў, а ўжо хочаш з людзей шкуру здзіраць. Адразу шкуру здзіраць, хіба так можна? Малінаўцы яшчэ баяцца твае малатарні. Дзіва што, такая навіна! Калі знайшліся два чалавекі, то ты беражы іх. А ты іх адразу палохаеш. Хіба я не бачыў, што Мартыневіч рады быў бы адкаснуцца ад цябе і ад твае малатарні? Уга! Ён ужо з твайго гумна хацеў уцякаць.

— А ты праўду кажаш, ён туляўся, як злодзей, па завуголлі.

— Ну, от бачыш! Табе трэба пачакаць, пакуль яны ўвойдуць усмак, а тады прыціснуць.

— Ото-то, братка Хаім. Так яно і ёсць.

— Ды што Нарбутовіч ды Мартыневіч! Іх у засценку не паважаюць. Каб гэта былі Сташэвічы, Ян або Андрэй, то я сказаў бы, што ты галава. Тады ты ўсю Малінаўку абмалаціў бы.

— Ліха матары іх, Сташэвічы гэтыя! Каб яны агнём пайшлі! Я на іх сабак нацкаваў бы.

— От за гэта ты і дурны. Са Сташэвічам Андрэем табе трэба памірыцца, бо ён будзе твой найгоршы вораг.

— Ён і так мой вораг.

— Ну, не! Тое, што ён вязаў цябе, то гэта жонка твая вінавата. А тое, што ён цябе пугай біў, то гэта ты вінаваты. Усё гэта глупства. Але калі ты захочаш купіць зямлю ў Жукоўскага, то Андрэй Сташэвіч першы табе нагу падставіць.

— Ліха матары тваёй! — завішчаў Халуста.— Адкуль ты ведаеш, што я хачу купіць у Жукоўскага зямлю?

— Я ўсё ведаю. Я ведаю, што робіцца ў Слуцку, Бабруйску і Мінску. Я нават ведаю, што робіцца па ўсёй Расіі. Ай-ей! Што толькі не робіцца ў гэтай Расіі... А ўчора я ехаў са Старочына, нагнаў Гарасіма Жукоўскага і падвёз яго да самага засценка. І мы гаварылі. І ён мне гаварыў, і я яму гаварыў. І ён мне расказаў, што ты лячыў у яго зубы і што ты гаварыў. Тады я і дагадаўся, якія зубы лячыць ты да яго прыходзіў.

Халуста падумаў і пашкроб патыліцу.

— Гэтак ты ўсё ведаеш... Але, мабыць, ты не ведаеш, што ў Андрэя Сташэвіча няма грошай.

— І гэта я ведаю. Ён без грошай лягчэй купіць, чым ты з грашыма. У яго ёсць багатая сястра. Яна за яго паручыцца, і ён возьме грошы ў банку.

Халуста схіліў галаву.

— Адкуль ты ведаеш, што Сташэвіч таксама хоча купіць Гарасімаву зямлю? — нарэшце запытаў ён.

— Я гэтага не ведаю. Але яшчэ летам ён казаў Гарасіму тое самае, што ты казаў яму, калі лячыў зубы. Я памаленьку, памаленьку і выпытаў у Гарасіма ўсё, што трэба.

— Ты ніколі не прыносіш мне добрых вестак. Ты, як крумкач, толькі на бяду каркаеш. Груган ты! Д’ябал! Ты не можаш забыць тых трох рублёў за Якава!

— Ах, які ж ты дурны, Яўхім. Я табе казаў, што Якаў каштуе не тры рублі, а тры тысячы, а ты нават не запытаў у мяне чаму.

— Ну, дык скажы, чаму ён каштуе тры тысячы.

— О! От гэта разумнае пытанне. Ён таму каштуе тры тысячы, што ім цікавіцца сам Гендарсан. Ён хацеў яго ўзяць у млын да машыны.

— Ая-яй, ая-яй! — залямантаваў Халуста.— І ты яму параіў?

— Не. Я яму не раіў. Нашто мне раіць? Ты сам ведаеш, што было ў маёнтку, калі выбіралі бульбу. І я думаю, што без твайго Якава там не абышлося. То нашто мне раіць пану такога чалавека? От бачыш, я раблю табе дабро.

— Ты мне заўсёды робіш дабро, каб яно табе ў рэбры. От і сёння распудзіў маіх хаўруснікаў.

— Ат! Ты так нічога і не зразумеў. Табе трэба самому пільнавацца іх. Бо твае коні ў прывадзе не пойдуць. Твае коні — як звяры. Калі загудзе малатарня, то яны стануць на дыбкі і так будуць ірвацца, што растрыбушаць тваю малатарню. А Мартыневічавы коні пойдуць. Мо і Нарбутовічавы пойдуць. А сама лепш пайшла б Ашакевічава Пярэстая, але ты з Ашакевічам грызешся.

— Хіба я не прывучу сваіх коней да малатарні?..

— Наўрад. Можа і прывучыш, але яны табе спачатку малатарню паломяць. І раз паломяць, і два паломяць, а на трэці зусім даломяць.

Адзічэлымі вачыма глядзеў Халуста на Хаіма.

— Ты на мяне як халоднай вады ўзліў, ліха матары тваёй... Я, мабыць, зусім здурнеў... Дык, кажаш, Гендарсан хоча забраць Якава?

— Ты гэтага не бойся, Яўхім. Не паспее Гендарсан забраць Якава. Пакуль ён збярэцца, то Якава і след прастыне.

— Што? А дзе ён дзенецца? Куды ён пабяжыць? Ты мне скажы...— Халуста схапіў Хаіма за грудзі.

— Пусці, Яўхім. Нам з табой загрудкі брыдка хапацца. Мы старыя людзі. І Якаў нікуды не пабяжыць. Ён пойдзе з тваімі сынамі ў войска.

— Куды?

— У войска, Яўхім. Ты паслухай мяне... Толькі нікому не гавары пра тое, што я табе скажу. Скора будзе вайна. Маладых забяруць у войска... От бачыш, я табе ўсё сказаў. І ты кажаш, што я табе дабра не жадаю!

— Якое ж гэта дабро! Ты прыйшоў, нагаварыў мне асьміну бяды і сам радуешся, што мне цяжка.

— Ах, Яўхім... Які ты ні разумны, а розум твой мужыцкі. Што ўбіў, то ўехаў... Я цябе папярэдзіць прыйшоў! Пакуль не пачалася вайна ды сыны твае дома і парабак на месцы, малаці скарэй. Ды не разяўляйся шырока, бо хоць вачыма і з’еў бы ўвесь свет, і рот шырокі, але горла, Яўхім, вузкае. Падавіцца можна... І не ўсё тое маё, што я бачу. Адмалочвайся скарэй ды вазі сена.

— То можа мне адкаснуцца ад гэтых сабачых хаўруснікаў, Хаім? Ты мне скажы...

— Не! Ты іх не праганяй! Яны памогуць табе сена вазіць! Бо калі не будзе Якава і сыноў, то цяжка будзе табе, Яўхім. Ох цяжка.

Халуста задумаўся. Даўно ён не думаў так упарта і даўно так не хваляваўся. А можа гэты злодзей проста здзекуецца з яго? А Хаім стаяў, прыпёршыся да тарпы, і ў хітрых вачах яго не было ні каліва здзеклівасці.

— Братачка Хаім... Ну, братачка Хаім... Прызнайся, гэта ж ты ўсё сам выдумаў, каб я вар’яцеў...

— Не, Яўхім.

— Братачка Хаім... Ліха матары тваёй! Няўжо ж ты сказаў мне праўду?

— Каб я так жыў, Яўхім.

— Дык скажы ты мне, за што ты мне яе сказаў? Ох, хітруеш ты... Ты ж у мяне за Якава пяць рублёў прасіў... А тут ні з таго ні з сяго...

— Абух ты, Яўхім,— адказаў Хаім і пайшоў з гумна.


РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ[правіць]

Калі Шварцкопф стаў у млыне механікам, становішча Гарбатага Яся трохі пахіснулася, і, пакуль рамантаваўся паравік, ён там быў зусім непатрэбны. Гендарсан паставіў беспрацоўнага млынара прымаць ад мужыкоў бульбу. Не падабалася такая работа Гарбатаму: не вельмі прыемна стаяць на марозе цэлы дзень, важыць мужыцкія вазы, поўныя і пустыя, запісваць, колькі хто прывёз. Ён счарнеў, як абгарэлы пень, не толькі ад холаду, але і ад нянавісці, бо думаў, што праклятыя іншаземцы зусім выжывуць яго з млына. Ці доўга! Навошта ён патрэбны, калі ёсць другі такі самы немец, як аканом? Хіба яны не падзеляць прыбыткі паміж сабой? Раззлаваны Гарбаты нават не ашукваў сялян на вазе. Наадварот, ён часта прыпісваў мужыкам лішнія пуды, і гэта ў некаторай ступені ўсцяшала яго, бо было своеасаблівай помстай, якую мог прыдумаць толькі Гарбаты Ясь. «А-а, халера,— думаў ён пра аканома і яго новага механіка.— Я вам пакажу лішні спірытус! Многа вы яго нагоніце! Няхай лепш астануцца вам лішнія пуды, тыя, якіх няма. Хапайце іх!..» — і ўсміхаўся злараднай усмешкай.

Зіма тым часам убіралася ў сілу. Кожны дзень быў халодны, марозны. Як пачалася зіма, не было ні адной адлігі. Калі мароз трохі адмякаў, то ўзнімалася завея або ішоў снег. Сяляне спяшаліся за добрай дарогай прадаць у бровар лішнюю бульбу, бо колькі яшчэ дарог чакала іх наперадзе. Зімой не было калі спаць: сена, дровы не прыходзілі самі, а хто не хацеў зарабіць капейку на кані! Летам гэтага не заробіш, бо свае работы хапала па вушы і сабе і каню. Таму кожны дзень ішлі ў маёнтак падводы з бульбай; каля бровара стаяў цэлы кірмаш, і беднаму Гарбатаму не было калі нават палуднаваць.

Платон Шабуня таксама працаваў на прыёмцы бульбы. Яе ссыпалі ў вялізнае сховішча каля бровара, і кіраваў гэтай работай Платон. Ён штодзень па некалькі разоў сустракаўся з Гарбатым і, узіраючыся ў яго счарнелы твар, думаў: «Нешта ж ты, пане Гарбаты, забыў пра сваю прапанову ды, мабыць, і сам, калі не зусім, то надоўга выскачыў з млына, і ніякі памочнік табе цяпер не патрэбны». Аднак уголас пра гэта не гаварыў. Нельга было самому набівацца на работу ў млын, каб не думаў Гарбаты, што Шабуня хоча ўлезці туды з нейкай мэтай.

Тым часам машына ў млыне стаяла. Дарэмна новы механік стараўся скарэй яе паправіць. Гэты пракляты паравік быў для яго незразумелай загадкай, поўнай розных нечаканасцей: не паспееш паправіць адно, як ужо другое выйшла са строю.

Станіслаў Вярбіцкі поўнасцю падпарадкаваўся новаму механіку і без яго загаду сам ні за што не браўся. У першыя дні Шварцкопф паглядаў на яго як на ніжэйшае стварэнне. Толькі пазней ён зразумеў, што зрабіў памылку, так ставячыся да старога механіка. Ён меркаваў адным махам пачаць і скончыць рамонт, а калі гэта не выйшла, уся яго самаўпэўненасць і ганарлівасць зніклі. Ён зразумеў, што Станіслаў Вярбіцкі знарок ухіляецца ад работы, прыкідваецца няўмекам, і надумаў падысці да яго, як да сябра.

— Чаму вы, э-э, пане механік, самі не, э-э... Я ж бачу, што вы лепш за мяне ведаеце, э-э... гэту праклятую ламачыну...

Станіслаў усміхнуўся.

— Вы старшы механік, пане Шварцкопф. Я магу памыліцца, бо ведаю толькі сваю ламачыну, тую, што ў бровары.

— Яны ж адной маркі...

— Ды не аднолькава зношаны.

Шварцкопф мыляў тонкімі губамі і бездапаможна аглядаў мёртвую машыну яшчэ раз. Аднак быў ён чалавек цярплівы, стрыманы і не траціў надзеі.

Аканом увесь гэты час ледзь не вар’яцеў, хоць і не падаваў выгляду. Кожны дзень ён далікатна пытаў у гера Шварцкопфа, як ідуць справы з машынай. Той, перш чым адказаць, бадзёра ўсміхаўся і плёў такую бязглуздзіцу, што аканом нічога не мог зразумець, і ў яго ўсё гарэла пякельным агнём. Ён разумеў, што справа даходзіць да таго, будзе ён аканомам у гэтым маёнтку ці не. У млыне ляжала нямала завозу. Завознікі хваляваліся, пагражалі, што забяруць з млына сваё збожжа і павязуць у Слуцак. А колькі людзей ужо мінула млын пана Крупскага! Цяпер жа самая пара малоць ды малоць, бо і паны і сяляне канчаюць малацьбу. Жах ахопліваў Гендарсана. Калі пра гэта ўведае пан Крупскі, Гендарсанавага і следу не астанецца ў чыжэвіцкім маёнтку.

Нарэшце ў Шварцкопфа зусім апусціліся рукі. Ён вымушаны быў прызнацца Станіславу, што не можа глядзець на гэту праклятую машыну. Праз яе ён страціў спакой, яго адцураўся сон. Якую дэталь ні крані, кожную трэба выкідаць, замяняць новай. Станіслаў асцярожна намякнуў, што ў вёсцы Малінаўцы ёсць добры механік і што ён адзін мог бы даць рады і гэтай ламачыне. Шварцкопф адразу павесялеў і на хвіліну ажывіўся.

— Як яго прозвішча? — запытаў ён.

— Якаў Шэмет,— адказаў Станіслаў.

— А што ён за механік? — пацікавіўся Шварцкопф.

Станіслаў расказаў яму пра Якава Шэмета. Пачуўшы, што Якаў працаваў у горадзе, Шварцкопф насцярожыўся, але, падумаўшы, сказаў:

— Я пагавару пра гэта з панам Гендарсанам.

— Пан аконам нешта мае да Якава Шэмета,— адказаў яму Станіслаў.

— А што ён да яго мае?

— Пра гэта вам лепш раскажа сам пан аконам. Справа ў тым, што Якаў Шэмет раней працаваў у маёнтку.

— Угу,— буркнуў пад нос Шварцкопф.— Я пагавару з панам Гендарсанам.

І пагаварыў.

Гендарсан пазелянеў, выслухаўшы пана Шварцкопфа. Уся злосць, якая таілася дагэтуль, раптам ускіпела. Ён затупаў нагамі, сціснуў кулакі і гатовы быў накінуцца на свайго новага механіка, як раз’юшаны бык. Даволі яму дурыць галаву! Ён пачаў брудна лаяцца — крычаць, што не для таго выпісваў Шварцкопфа з Рыгі, усадзіў на яго гэтулькі грошай, каб цяпер збіраць у маёнтак розную свалату, усіх бунтаўшчыкоў з наваколля. Не для таго ён плаціць Шварцкопфу такое вялікае жалаванне, забяспечыў дарэмнай кватэрай, прыняў, як сына, каб цяпер ісці кланяцца Якаву Шэмету, бо пан Шварцкопф не механік, а... тут ён ужыў брыдкае слова. Ды ці адно такое слова ён ужыў! Ён крычаў, што яго ашукалі, абдурылі, як малога хлопчыка, наздзекаваліся з яго, бо і пан Пфэрдсан таксама добрая свіння, і г. д. «Хам,— падумаў пан Шварцкопф.— Самы сапраўдны хам... Саксонская свіння... О-о! Самая брудная свіння...»

Назаўтра ён з’явіўся ў млын, як пабіты сабака, падтуліўшы хвост. Станіслаў зірнуў на яго і зразумеў, што гутарка ў механіка з аканомам атрымалася бурная і кончылася для пана Шварцкопфа вельмі няўдала. Калі ён запытаў ў пана механіка, што думае аканом пра Якава Шэмета, той скрывіўся, як ад зубнога болю, махнуў рукой і вылаяўся па-нямецку. Пасля гэтага ён яшчэ доўга нешта мармытаў сам сабе, потым плюнуў, аднак за работу ўзяўся з яшчэ большай упартасцю і цярплівасцю. Станіслаў зразумеў, што пан Шварцкопф баіцца страціць месца ў маёнтку, і яму стала крыху шкада гэтага непрыемнага чалавека.

Калі Станіслаў расказаў пра ўсё Паўлу Квітуну, той спахмурнеў і задумаўся.

— Чорт бы яго забраў, гэтага праклятага Шварцкопфа. Я быў бы рады, каб яго зусім выгнаў Гендарсан. Ён сапсаваў нам усю справу... Мабыць, толькі тады мы перацягнем сюды Якава, калі спыняцца абедзве машыны — і ў млыне, і ў бровары.

— Я ўжо думаў пра гэта,— усміхнуўся Станіслаў.— Але трэба пачакаць. Яшчэ не ўсю бульбу купіў у сялян пан Гендарсан. Трэба зрабіць гэта тады, калі аконаму будзе поўная нявыкрутка,— пад вясну. От тады, калі спыніцца бровар, прападзе ўся бульба, і сялянская і панская, і аконам вымушаны будзе папрасіць Якава, каб перайшоў у маёнтак.

— Твая справа,— адказаў Павел.

Станіслаў на хвіліну задумаўся.

— Бяда ў тым, Павел,— сказаў ён,— што машыну ў млыне прыйдзецца ўсё-такі пусціць у ход.

— Чаму?

— Ды таму, што Шварцкопф скора зразумее, чаму яна не працуе.

— Зразумее? — недаверліва запытаў Павел.

— У тым і справа. Каб ён меў трохі большы вопыт, то даўно зразумеў бы. Сам ведаеш, чым гэта кончыцца для мяне, калі да яго дойдзе, што гэта я ўсяму прычына. А мне не хочацца кідаць нашу справу і шукаць іншага месца. Усё-такі мы тут сёе-тое зрабілі, і робім, і будзем рабіць. У нас тут ужо цэлая група, а вясной можна будзе разгарнуць работу яшчэ шырэй. І наогул, падзеі насоўваюцца, як хмары.

— Якія падзеі, Стась?

— Страшныя падзеі, Павел. Насоўваецца вайна.

Павел чакаў гэтай нядзелі. Не то каб думаў, але напамінак пра яе трымаўся ў галаве неяк падсвядома. Запрашэнне Эльзы Гендарсан здавалася цяпер неверагодным сном. Павел не мог прызнацца сабе, што хоча гэтай недарэчнай сустрэчы. Недарэчнай? Чорт яго ведае... А кнігі?.. І тут ён зразумеў, што кнігі не галоўнае. Нават каб не было гаворкі пра іх, ён бы жадаў спаткання з Гендарсанавай дачкой... Жадаў бы. Чаму?

Млын учора малоў першы дзень. Малоў цэлую ноч. І доўга цяпер не будзе адпачынку парабкам у млыне ні ўдзень, ні ўночы. Гендарсан, ашалелы ад радасці, лётаў па маёнтку. Ён нават лаяўся менш. Работа цяпер кіпела: малоў млын, бровар гнаў спірытус, у гумнах ішла малацьба. Ад усяго гэтага працоўнага тлуму, які так саграваў аканомава сэрца, Паўлу рабілася сумна. Значыць, нічога яны не дабіліся. Дарэмная была барацьба за Якава. Гендарсан з Шварцкопфам перамаглі. Павел не ведаў, што такое ж адчуванне хвалюе Станіслава і Платона, але ў Станіслава яно не такое безнадзейнае, бо ён ведае, што гэта толькі часовае адступленне і барацьба за Якава зусім не галоўнае ў іх дзейнасці.

Нарэшце прыйшла нядзеля. Зімовая марозная раніца сінім святлом нясмела зірнула ў акно праз замёрзлыя шыбы. Платон яшчэ спаў. Яму цяпер даставалася больш, чым усім. Гарбаты перайшоў у млын, а Платон замест яго прымаў бульбу і ссыпаў яе. Праўда, завоз бульбы зменшыўся, але Платон рабіў дзве работы і позна ўвечары, прыйшоўшы дамоў, валіўся на нары і спаў як забіты. Павел даўно ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Думаў. Думаў пра Эльзу Гендарсан і з нянавісцю да самога сябе адчуваў, што думкі яго нячыстыя. Асцярожна, каб не разбудзіць Платона, ён устаў і выйшаў на двор мыцца. У паветры стаяў сіняваты марозны туман. Дымы з каміноў, не паспеўшы ўзняцца над стрэхамі, згіналіся і рассяваліся нізка над долам. Праз гэты дым і туман зырка палымнеў усход. Паўла ахапіла незвычайная бадзёрасць. Святочны дзень заўсёды здаецца працоўнаму чалавеку не такім, як усе, а нейкім своеасаблівым, урачыстым, не падобным на іншыя. Учора, напрыклад, быў такі ж самы ранак, але Павел не бачыў яго хараства.

Калі ён вярнуўся ў пакой, Платон сядзеў на нарах, абуваўся і курыў.

— Не спіцца табе, Павел,— сказаў ён сіплым прастуджаным голасам.

— Хораша на дварэ, Платон.

— Хораша, кажаш? Пастаяў бы ты на дварэ кожны дзень ад цямна да цямна...

— Ведаю тваю бяду, Платон.

— Хутка кончыцца гэта бяда. Учора Гарбатага бачыў. Пераходжу ў млын.

— А хто будзе бульбу важыць ды ссыпаць?

— Вы са Станіславам удвух каля машыны, а падвоз бульбы канчаецца. От ты і зоймеш маё месца.

— Халера! — вылаяўся Павел.

— Не бядуй, ненадоўга. Мне гарэй, чым табе. Ісці ў падначаленыя да гэтай пачвары, думаеш, вельмі мне хочацца? Але ж трэба! Можа і табе не хочацца ісці сёння ў аканомавы пакоі, аднак пойдзеш.

Нібы нож уваткнуў Платон у Паўлавы грудзі, такім горкім папрокам прагучалі гэтыя словы. «Не хочацца!» У тым і бяда, што хочацца. А Платон нібы ведаў, што робіцца ў Паўлавай душы.

— Жаніся, Павел,— сказаў ён.— Спакайней табе будзе. Давай украдзем у Пракопа Надзю, тады і я быў бы пры вас за бацьку.

Не, не ведаў Платон, як усё перавярнулася ўсярэдзіне ў Паўла. Надзя!.. Ці ўспамінаў ён яе ў апошнія дні? Бывала, чакаў нядзелі, каб ісці ў сяло, пабачыць яе... А цяпер чакаў нядзелі, каб сустрэцца з Эльзай... Што ж гэта такое? Утрапенне нейкае... І раптам воблік Надзі паўстаў у яго вачах і засланіў усё. Мільганула Эльза, пакрыўджана ўсміхнулася і знікла. Калі Павел расплюшчыў вочы, яму здалося, што ён сасніў цудоўны сон, які разбудзіў яго душу.

— Вазьмі такога за бацьку — і да жонкі стаў вартаўніка,— пажартаваў ён.

— Не жартуй, Павел. Цяжка жыць адзінокаму...


Удзень прыйшоў Якаў. Амаль да вечара прасядзелі ў Станіслава, чыталі, абмяркоўвалі падзеі, якія нарасталі ў краіне. Калі Станіслаў расказаў Якаву, чым кончылася справа ў млыне, Якава гэта ніяк не ўразіла.

— Іначай і быць не магло,— сказаў ён.— Халуста мяне аддаў бы, а Гендарсан узяў бы толькі па загаду Беразоўскага, а Беразоўскі такога загаду не аддасць. Ён мяне хоча абясшкодзіць, а я ў Халусты пад наглядам. Можа ён і рызыкнуў бы ўпхнуць мяне ў маёнтак, каб тут за руку ўзяць, але ён заняты цяпер важнейшай справай. Ураднік жэніцца.

Усе засмяяліся.

— А тут за табой хто-небудзь не сочыць? — не то запытаў, не то так сказаў Станіслаў.

— Гэта вы павінны лепш ведаць. Ёсць у вас такі чалавек.

— Ёсць, вядома. Гарбаты Ясь. Толькі яму цяпер няма часу: млын працуе круглыя суткі.

— Час у яго ёсць. Ён мяне сёння бачыў, нават павітаўся.

— Дрэнна,— пашкадаваў Станіслаў.— Сёння цябе павінны бачыць у маёнтку п’яным. Ядвіга! — звярнуўся ён да жонкі.— Схадзі да Арлоўскага, вазьмі пару бутэлек.

Ядвіга пачала апранацца. Павел таксама падняўся.

— І мне пара, хлопцы,— сказаў ён.

— Ідзі, Павел,— прамовіў Станіслаў.— Умей сябе трымаць. Разумееш? І ў хаце, і з аканомавай дачкой.

— Больш слухай і наглядай, чым гавары,— дадаў Якаў.

На дварэ вечарэла, калі Павел выйшаў ад Станіслава. Чырвонае сонца вісела над самым захадам. Мароз мацнеў, і ў паветры лёталі ледзь прыкметныя пушынкі інею. У маёнтку стаяла цішыня.

У той самы час, калі Павел падыходзіў да аканомавага флігеля, Ядвіга праходзіла каля млына. Гарбаты Ясь нібы знарок чакаў яе каля дзвярэй, і Ядвіга таксама знарок пайшла цішэй, каб з ім сустрэцца, бо зімой млын абмінуць было нельга, хіба толькі па цаліку.

— Куды гэта ты, маладзіца? — адказаўшы на прывітанне, запытаў Ясь.

— Ай, дзядзька, не пытайцеся,— нездаволеным голасам раззлаванай жанчыны адказала Ядвіга.— Да Арлоўскага іду.

— Госці ёсць?

Ядвіга кіўнула.

— А-а! Якаў Шэмет. Бачыў я сёння яго.

— Свая бутэлька была, дык мала ж!.. Такія прорвы...

— Гарадскі басяк! — прамовіў Гарбаты.— Што, ён кожную нядзелю прыходзіць?

— А каму ж ён патрэбны ў Малінаўцы! Хіба шляхта яго прыме! Унадзіўся ў маёнтак, як кот у смятану. Мабыць, дзеўку шукае.

— Гарадскі басяк,— паўтарыў Гарбаты.— А ты, маладзіца, другі раз да мяне прыходзь. У мяне спірытус ёсць, збярог трохі.

— Ой, дзядзечка, дзякую! Прыйду, а як жа! Пабягу ж, а то чакаюць, халеры.

Прамінуўшы млын, Ядвіга аж уздыхнула. «Скарэжыў цябе чорт, як бог чарапаху,— падумала яна пра Гарбатага.— Ліхадзей ты. Таму і паеў бы ўсіх ад злосці. А тут жа, як на бяду, ад млына хата відна як на далоні. Усё можна высачыць...»



Эльза сустрэла Паўла амаль на парозе.

— Я даўно вас чакаю, Павел,— проста і радасна сказала яна.— Распранайцеся, і пойдзем у мой пакой.

— Я ненадоўга, паненка...

— Не паненка, а Эльза. Забылі, Павел? І няма вам на каго аглядацца. Дома я адна: тата і мама паехалі ў Слуцак, у госці да зубнога доктара. Узялі з сабой і пана Шварцкопфа.

Эльзін пакойчык быў невялікі, але ўтульны. Тут стаялі маленькі столік і два крэслы, ля сцяны — шафа, поўная кніг у дарагіх пераплётах. На сценах віселі мініятурныя партрэты нямецкіх пісьменнікаў Гётэ, Шылера і Гейнэ, рускіх — Пушкіна, Лермантава, Талстога і Някрасава.

— Садзіцеся, Павел,— запрасіла Эльза.— Можаце курыць.

Павел апынуўся нібы ў іншым свеце, і калі Эльза сказала пра курэнне, ён адразу адчуў той самы водар веснавых кветак, які астаўся ў барачным пакоі пасля таго, як прыходзіла Эльза. Толькі тут ён быў яшчэ трывалейшы і проста ап’яняў.

— Дзякую, Эльза. Курыць я не буду.

— А мне падабаецца, як пахне папяросаю. У нашым доме не бывае такога паху, а я так яго люблю!.. Курыце, Павел.

— Добра, Эльза, закуру.

— А вы што-небудзь прынеслі? — запытала яна, калі Павел закурыў.

— А што я павінен быў прынесці? — здзівіўся Павел.

— Мяшок! — зарагатала Эльза.— У што вы забераце кнігі?

— Я не ведаў... Хіба іх так многа?

— Убачыце.

Яна адчыніла шафу і пачала выкладваць кнігі, адну за адной. Павел спачатку лічыў, а пасля дзесяці ўзяў верхнюю і разгарнуў. «Салтыков-Щедрин. Губернские очерки».

— О, Павел! У мяне няма дрэнных кніг!

Яна стаяла на каленях, няскладная, даўганогая дзяўчына, і калі ўзняла на Паўла вочы, ён не пазнаў гэтых вачэй: яны былі не халодныя і не пагардлівыя: цеплыня і шчырасць, і нешта большае за простую прыязнасць свяцілася ў іх. Яна зразумела, што Павел чытае ў яе вачах, і сарамліва схіліла галаву. І гэты чыста жаночы рух так упрыгожыў яе постаць!

— Тут ёсць кнігі нямецкіх і французскіх пісьменнікаў у рускім перакладзе. От, напрыклад, Беранжэ. Гэта французскі паэт. А гэта Гейнэ, нямецкі...

— Тут жа цэлае багацце, Эльза!— усклікнуў Павел, зірнуўшы на горку кніжак.— Я не магу іх узяць, яны каштуюць грошы! Чым я вам адплачу?

Халодны бляск раптам успыхнуў у Эльзіных вачах.

— Тады я іх спалю! Кнігі не павінны ляжаць мёртвымі! Іх павінны чытаць людзі!

— Даруйце, Эльза... Я іх вазьму, і паверце, што мёртвымі яны ляжаць не будуць.

— А цяпер я прынясу мех. Мы іх складзём вельмі асцярожна. І... не нясіце іх у свой пакой... Я думаю, што ў Станіслава Вярбіцкага знойдзецца шафа.

Гэтыя словы непрыемна ўразілі Паўла. «Няўжо яна нешта ведае пра нас?..»

— Выбачайце, Павел. Мне не хочацца, каб яны валяліся па нарах...— нібы ўгадаўшы Паўлавы думкі, спахапілася яна.

Потым Эльза прынесла вялікі новы мех, і яны склалі кнігі. Мех быў поўны; калі яго завязалі, астаўся кароткі гузыр, за які можна было ўзяцца.

На дварэ даўно сцямнела, толькі месячнае святло лілося ў вокны.

— Можа запаліць лямпу, Павел?

— Не трэба, Эльза... Такое святло!

— Вам падабаецца? Мне таксама...— Голас яе быў падобны на гарачы шэпт, які ішоў аднекуль здалёк.— Месяц, месяц... А цяпер закурыце, Павел. Мне хочацца, каб пасля таго, як вы пойдзеце, у пакоі астаўся пах махорачнага дыму.

Паўла ахапіў незразумелы настрой. Ён сядзеў, як у нейкім салодкім сне, нібы нехта перанёс яго ў казачную краіну, дзе ўсё не так, як у жыцці, дзе лёгка дыхаецца і бесклапотна жывецца...

Позні вечар быў на дварэ, калі Павел сабраўся ісці.

— Эльза! Я не магу растлумачыць, як удзячны вам. Не толькі за кнігі, а нават за гэты харошы вечар.

— Праўда, Павел? — узрадавана запытала яна.

— Шчырая праўда. Вы цудоўны чалавек, Эльза, і даруйце мне, бо можа я калі-небудзь пра вас дрэнна падумаў.

— Вы дазволіце мне пісаць вам з Пецярбурга?

— Я буду вельмі рады.

— Я вам буду пісаць пра ўсё. Лісты мае будуць карысныя, Павел... Ваша Надзя не пакрыўдзіцца... А цяпер скажыце Станіславу Вярбіцкаму і ўсім вашым сябрам, каб асцерагаліся Шварцкопфа і Гарбатага. За вамі сочаць, асабліва цяпер. Калі пачаў працаваць млын, яны расхрабрыліся.

Яна глядзела на Паўла затуманенымі вачыма, кволая, нібы пакрыўджаная, і нешта большае, чым звычайная жаласць, кранула яго сэрца. Ён мімаволі абняў яе, прыціснуў да грудзей і пацалаваў у гарачыя сухія вусны. Яна ледзь не задыхнулася і, адхіснуўшыся ад яго, усхліпнула.

— Ах, Павел, Павел...— прашаптала яна, закрыўшы далонямі твар.

— Я вас пакрыўдзіў, Эльза?

— Не, Павел, не... Я вельмі рада, Павел...

Праз хвіліну Павел з мяшком за плячыма ішоў па зімовым садзе, абсыпаным залатым інеем, ад якога іскрыліся і зіхацелі кожнае дрэва, кожная галінка...



РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ[правіць]

Два тыдні дзень у дзень гула малатарня ў Халуставым гумне. Яна ўскалыхнула засцянковую цішыню, і малінаўцы з незразумелай трывогай прыслухоўваліся да яе голасу. Моташна было яго слухаць: гудзе, як невядомы звер, нібы кліча ў засценак нейкую бяду — пажар ці паморак...

Якаў адчуў, што дарэшты зацягаўся: не насілі ногі. Не было адпачынку, ні днём, ні ноччу: удзень малацьба, а пасля вячэры арфавалі збожжа амаль да раніцы. Цяжка было цягаць мяхі з гумна на вазы, а потым з вазоў у свіран, рукі балелі пасля такой работы. На сон аставалася не больш за дзве гадзіны, пакуль крывая Настуля з глухой служанкай згатуюць снеданне. Юзік Гром нашто быў дужы і цягучы, і то пачаў скардзіцца:

— Згарэла б яна, гэтая малатарня... Так і здохнуць нядоўга. Ці не праўда, Якаў?

Калі кончылі малацьбу, Яўхім Халуста загадаў перацягнуць прывад да Нарбутовіча Лявона, а сам хадзіў, заклаўшы рукі ў кішэні, і пасміхаўся:

— Ну што, га? Ліха матары вашай! От што значыць машына! Цяпер я сам сабе пан! Уга! Што мне Крупскі! Бачыш, дурны Лявон? Праз тыдзень і ты такі будзеш! Ні табе клопату, ні бяды.

— Ды яно ж так, пане Халуста...

— Толькі глядзі, каб ты мне не сапсаваў машыну! Каб ты мне яе не зламаў! Бо ў цябе і гаспадаркі не хопіць.

Вечарам Якаў пайшоў у свой халодны пакой, лёг і заснуў, як забіты. Раніцай прачнуўся, пачуўшы голас Халусты. Яўхім роў так, нібы яго рэзалі.

— Ю-зік! Уставай, злодзей, гультай, абібок, лайдак! Думаеш, што сёння будзеш спаць цэлы дзень!

— Чаго ты ўсхадзіўся, бацька? — сонным голасам пытаў Юзік.— Яшчэ ж рана, усе людзі спяць.

— Кабылу мне запражы, ліха матары тваёй!

— Куды цябе чорт панясе, бацька! Ляж ды паспі... Адпачыць людзям дай.

— Уставай, гад, бо лейцамі перацягну! Ды разбудзі таго пана, што ў каморы спіць. Упраўляцца трэба, раніца на дварэ! А сам запрагай мне кабылу!

— Нашто табе кабыла сёння?

— У Старочын паеду.

— Сабачая жытка...

— Сціхні, а то таўкачом спляжу!

Якаву не хацелася, каб па яго прыйшоў Юзік Гром. Хоць стома і скоўвала ўсё цела, але ўстаў з нагрэтай пасцелі, і яго агарнуў шалёны холад.

У кухні палілася ў печы. Крывая Настуля пякла бліны. Стары Халуста сядзеў за сталом, мазаў тыя бліны счарнелым ад даўнасці здорам і еў з такім смакам, што аж за вушамі трашчала. Юзік абуваўся.

— Во, бачыш! — закрычаў Халуста, убачыўшы Якава.— Бачыш, сукін сын! Ён лепшы гаспадар за цябе! Яго не трэба будзіць, а ён жа — парабак, ліха матары тваёй!

— Бо ты і яго разбудзіў. Ты такі лямант узняў, што і на могілках усе пакойнікі ўсталі б!

— Во які ты разумны, злодзей!

Калі Юзік абуўся, Якаў пайшоў з ім у гумно. Гром ішоў ззаду і лаяўся.

— Хіба гэта жытка, га? Мабыць, і на катарзе не горш... Чуеш, Якаў?

— Чую. А ты ў свайго бацькі запытай. Яму ж было недалёка да катаргі.

— Што ты мяне да бацькі адсылаеш! Трасцы я сёння рабіць што буду. Няхай едзе, а мы хоць адаспімся.

Калі развіднела, Яўхім Халуста выйшаў з хаты ў новых юхтовых ботах, у новым жоўтым кажусе, паверх якога была апранута суконная бурка. На галаве была каракулевая шапка-стаўбун, трохі аблезлая, таму не вельмі самавітая. Ён сеў у вазок, узяў у рукі лейцы і паехаў са двара.

— Надумаўся, стары чорт, у будні дзень у Старочын,— сказаў яму ўслед Юзік.

Ён не ведаў, куды і чаго паехаў бацька.

Халуста тым часам выехаў на шлях, махнуў пугай, і калі кабыла пайшла трухам, заныў тонкім нудным голасам, як галодны шчанюк:

— І-і-і-і... І-і-і-і...

Ён сёння быў у настроі, і такая была ў яго песня.


Юрка Хмялеўскі вяртаўся дадому з палявання. За плячыма яго віселі стрэльба і вялікі стары глушэц. Няголены, у шапцы з казінай шкуры, у старой свіце і лыкавых лапцях, Юрка сам нагадваў звера ці дзікага ляснога чалавека.

Зіма стаяла над Палессем. На магутных дрэвах ляжаў снег і папрыгінаў іх галіны. Снег укрыў усё: і зямлю, абсыпаную старой ігліцай і счарнелым лісцем, пні, кусты ядлоўцу і маладыя дрэўцы; гэта былі ўжо не кусты і не дрэўцы, а загадкавыя белыя здані, ні на што не падобныя. Вецер не варушыўся, і лес стаяў моўчкі. Цішыня і спакой... Такі ж настрой быў і ў душы ў Юркі: ні радасці, ні весялосці, але і ні буры, ні трывогі... Цішыня і спакой... Даўно не было цішыні і спакою ў Юркавай душы. Турботы і трывогі не давалі яму жыцця, ірвалі на кавалкі сэрца. І хоць сёння нішто не сагрэла яго душы, але туды прыйшлі цішыня і спакой... А хіба гэтага мала? Чалавеку, які ніколі не ведаў шчасця ў жыцці.

Сёння Юрка не пайшоў бы на паляванне. Ён і так кожны дзень быў у лесе са стрэльбай і ні разу не прыходзіў дамоў з пустымі рукамі. Сёння ён хадзіў у лес па іншай справе, а стрэльбу ўзяў так сабе, на ўсякі выпадак. Ён выйшаў з дому цёмначы, яшчэ над лесам стаяла ноч. Пайшоў у гушчар маладога ельніку і знішчыў зямлянку, дзе хаваліся браты Шымкевічы. Хацеў знішчыць так, каб не асталося і слядоў ад яе, а выйшла наадварот: яшчэ і сваіх слядоў напакідаў. Цяпер патрэбен быў снег, які б засыпаў тыя сляды. Юрка ішоў дамоў, зрэдку паглядаючы ўгару на шэрае неба. Адчуваў: не сёння-заўтра павінен пайсці снег, узняцца завея.

Шымкевічы пайшлі больш за суткі назад, увечар, на ноч гледзячы. Дзе яны цяпер — бог ведае. Калі паспелі прабрацца ў бяспечнае месца, то дзякуй богу, а мо натрапілі ў дарозе на паліцыю, на благіх людзей. Хапіла хлопцам бяды, наеліся гора, такім усё дараваць можна. Калі выпхнуў іх Халуста з Малінаўкі, доўга ні на адно месца не маглі ўзбіцца і разбрыліся па маёнтках і хутарах хто парабкам, хто пастухом. Потым паехалі ў Сібір, пад самую Кітайшчыну,— туды акурат чыгунку вялі, і многія рушылі са сваіх родных мясцін новую зямлю абжываць. Было яе там, казалі, багата без меры — абрабляй колькі хочаш, а ўраджайная і тлустая, нібы тварог з маслам. Прадаў стары Шымкевіч усе мэтлахі, сабраў сям’ю і рушыў на ўсход. Эх і дарожка была!.. Расказваў Васіль у доўгія ночы, калі прыходзілі грэцца ў хату, як яшчэ ў дарозе матку пахавалі. Захварэла ад тугі і гора і сканала. Пахавалі на нейкай сібірскай станцыі, закінутай сярод панурых змрочных лясоў. Васіль і назву тае станцыі гаварыў, але Юрка забыў. Пасля матчынай смерці нібы нешта зламалася ўсярэдзіне ў старога Шымкевіча. Заныў чалавек. Калі жонка была жыва, то ўсё маладых падбадзёрваў: «Э, нічога, дзеткі! Спачатку цяжка будзе, а потым абжывёмся! Мы ж яшчэ ўсе, хваліць бога, дужыя!» А калі памерла жонка, дык хоць самога даглядай і ўгаворвай, як малое дзіця.

Нарэшце такі прыехалі. Высадзілі іх у тайзе на беразе ракі. Вакол некрануты лес, дзічына, чалавечага следу не відно, усё чужое, страшнае, а ў саміх за душой, акрамя рук, нічога няма. Куды прыкласці гэтыя рукі? Дзяржава трохі памагала, але якая гэта была помач! Тры гады біліся як рыба аб лёд. Лес палілі ды карчавалі, сеялі збожжа, лавілі рыбу, білі звера, калі маглі, і за тры гады траіх з сям’і страцілі. Малодшага брата дрэва забіла, сястра памерла ад нейкай невядомай страшнай хваробы, а бацька згарэў ад гора. З шасці чалавек двое асталося, нямілы ім стаў белы свет. І пацягнула іх на радзіму, у родную старану. І кінулі браты новыя землі, рушылі назад дадому, хоць не было ў іх роднага дома.

Усяго давялося зведаць у дарозе: і голаду, і холаду, і са смерцю нос у нос сутыкацца. Часам ішлі разам з беглымі катаржнікамі, варнакамі іх завуць у Сібіры, часам ехалі ў цягніку зайцамі. Нарэшце прыйшлі на родную зямлю і, здаецца, лягчэй стала на душы. Сунуліся туды-сюды, каб якую работу знайсці, дык дзе там! У горадзе сваіх беспрацоўных поўна. Паспрабавалі ткнуцца ў маёнткі, а там калі зірне які-небудзь пан аканом на такіх абадранцаў, дык і гаварыць не хоча. І тады зразумелі хлопцы, што яны адшчапенцы і не патрэбны нідзе і нікому, бо і родная зямля не сустрэла іх як маці, а як мачыха...

Адыходзячы, браты зноў давалі Юрку грошы.

— Бяры, чалавек ты! Заплаціш Халусту па вэксалю, бо ўсё роўна ён з цябе шкуру злупіць. Думаеш, што адбудзеш свой доўг дубамі ды футравінай? Не думай пра гэта, чалавек! Ён іх нават у працэнты не залічыць.

У Юркі сэрца зайшлося пасля гэтых слоў. Хіба не прыходзіла ў яго галаву страшная думка аб тым, што доўг яго Халусту расце і расце з кожным годам... І Юрка ледзь не спакусіўся, але ўспомніў гаворку з Андрэем Сташэвічам.

— Не, хлопцы, не вазьму... Не магу ўзяць,— сказаў ён цвёрда.

— Глядзі, пакаешся! Хоць за харчы вазьмі, ты ж карміў нас.

Эх, спакуса, спакуса! Якую вялікую моц маюць грошы! «А сапраўды ж,— падумаў ён.— Хіба я не карміў іх! Хлеб я купляю...» І ледзь ужо не сказаў: «Ну што ж, за хлеб вазьму». Але нейкая невядомая сіла замкнула яго рот. Ён памаўчаў і сказаў не тое, пра што думаў:

— Не, хлопцы, не вазьму... Хлеб у мяне свой, мяса я ў лесе здабываю. Ды і вы мне ці мала памагалі. Ідзіце здаровенькі з богам. Абы вам удалося дабрацца туды, куды вы хочаце.

На тым і развіталіся. І калі пайшлі хлопцы, спакойна стала на душы ў Юркі Хмялеўскага. Не таму, што кончылася яго трывожнае жыццё, што пакіне ён баяцца кожнага чалавека, які праязджае каля хутара, не будзе глядзець на кожнага паляўнічага з думкай: а можа ён знайшоў у лесе прытулак Шымкевічавых хлопцаў, але і таму, што можа хлопцы гэтыя таксама знойдуць спакой, сустрэнуць сваю долю ў чужой далёкай старане, бо не знайшлі яе на роднай зямлі...

З такімі думкамі ішоў Юрка дадому і пазіраў на шэрае зімовае неба, якое нізка вісела над зямлёй і дыхала на яе холадам. «Добра было б, каб сняжок пайшоў, ды гусцейшы, і засыпаў тое месца, дзе была зямлянка,— думаў ён.— Дай, божа, снегу...»

На дарозе каля хаты дзеці яго каталіся на санках. Саней ім Юрка нарабіў — у кожнага свае. Што ж, лапцюжныя ў яго дзеці, але ж не голыя і не босыя. «Ох, Настася ты мая, Настася... Хапае табе і работы і клопату... Не адпачыла ты за мною, за маёй галавой... Але ж падумай: хіба лёгка мне! А жыць тут можна, ох можна б жыць... Каб не звязаны быў доўгам, як вяроўкай... Дзе там як вяроўкай! Як ланцугом... Таму і жывеш як закуты ў кайданы за кратамі...»

У хаце аддаў жонцы глушца, распрануўся і падсунуўся да стала. З дому выйшаў не снедаўшы і захацеў есці. Настася ўжо адчыніла печ, але ў хату ўбег старэйшы сынок Васіль:

— Тата! Да нас нейкі пан прыехаў!

Юрку адразу расхацелася есці, усярэдзіне ўсё закалацілася.

— Пачакай, Настася... Пайду зірну, хто там...

— Можа ўраднік, Юрка?..— жонка трывожна зірнула на мужа, і ў вачах яе засвяціўся жах.

— Памаўчы...

Юрку заняло дыхаць: акурат сам падумаў пра гэта. Ён выйшаў на ганак і ўбачыў на сваім двары гладкую Халуставу кабылу, запрэжаную ў лёгкі вазок, і самога Халусту, які стаяў каля вазка і, крэкчучы, зашпільваў штаны.

— А-а! Ліха матары тваёй! Здароў, Юрка! — сказаў Халуста, паварочваючыся да Хмялеўскага.— Ну, ну, ну! У цябе, братка, цэлы маёнтак! Уга! Далібог, спраўней, як у Крупскага! Ая-яй! А ж у цябе не быў ад таго часу, як ты будавацца пачаў! А ты выбудаваўся! І дзецям і ўнукам хопіць!

— Якія там будынкі... Можа, пане Халуста, распражом кабылу?

— Распражы, браток! Ды падкінь ёй нечага пад нос, няхай жарэ, а то яшчэ стаяць не будзе.

«Чаго ён прыехаў? — думаў Юрка і не знаходзіў адказу.— Не па добрае ён прыехаў... Не, не па добрае... От табе і твой спакой, Юрка, от табе і спакой...»

У хаце Халусту распранулі, як сапраўднага пана. Спачатку сцягнулі бурку, тады кажух, ён астаўся ў суконнай бравэрцы і цяпер пакручваўся сярод хаты, хапаўся за вылінялыя вусы і здаволена хмыкаў. І Юрка Хмялеўскі глядзеў на яго і дзівіўся, што гэты звер і прайдзісвет можа прытварыцца сапраўдным панам. Толькі от далікацтва не хапала ды з языка што ні слова, то гразь і смурод.

Ён сеў на лаву, залажыў пальцы за пальцы, паклаў рукі на калені і пачаў круціць вялікімі пальцамі адзін вакол аднаго.

— Можа б, пане Халуста, папалуднавалі? Такі ж немалы кавалак сёння праехалі.

— Уга! А чаму і не? З твае печы, братка, я чую, бо нос у мяне такі, мясам пахне.

— То падсоўвайцеся да стала, пане Халуста.

Халуста не прымушаў сябе прасіць і залез за стол на самы покуць. Настася заслала стол новым абрусам, выняла з печы гаршкі з капустай і дзічынай, а Юрка прынёс бохан хлеба і пачаў кроіць.

— От толькі хлеб у нас, пане Халуста, няўдалы...

Хлеб сапраўды быў чорны, з мякінай, цвёрды і цяжкі.

— А што ў цябе, братачка, хлеба не хапае?

— Які там хлеб... Жыта не хоча расці. Пясок, пане Халуста... Жоўты пясок, а не ралля...

— А гной! Ліха матары тваёй, зямлю трэба ўгнойваць! Ты ж летам на пашу бярэш у палевікоў худобу.

— То які, пане Халуста, гной улетку! У лесе ён увесь і астаецца. А свае ў мяне колькі тае худобы! Ці многа яна настоіць за зіму... На агарод выкінеш некалькі вазоў ды на бульбу некалькі, а астатні на восень беражом пад жыта. Пацярушым трохі, і ўсё, а на пясок не церушыць трэба, а валам валіць... Сена ж у нас — асака. Калі стануць каровы на стойла, дык адразу і малако зарвуць. Зімой ад іх ні малака, ні гною. А вясной — як тараны сухія, ледзь выпхнеш з хлява на траву.

— Але, але... Ты, пане Хмялеўскі, не ўмееш жыць. Ты яшчэ не налаўчыўся жыць на Палессі. Ты яшчэ — та-та-та...— Халуста прыклаў палец да лба і пакруціў яго.— У цябе яшчэ галава не варыць.

Ён падчапіў на відэлец кавалак дзічыны, але той адарваўся і шлёпнуўся на абрус. Тады Халуста кінуў відэлец і схапіў мяса рукамі.

— Ты, братка, гэтага... як яго... Тут, братка, на стале калі не вяселле, то не менш як хрэсьбіны ці памінкі... Да такой закускі і чарка не замінала б.

Юрка зірнуў на жонку і апусціў вочы.

— Ты, братка, паглядзеў на сваю кабету, не раўнуючы, як сляпы ў торбу,— усміхнуўся Халуста.

— Няма гарэлкі ў хаце, пане Халуста... Можа б я пад’ехаў у Мелкавічы, тут жа ўсяго пяць вёрст, не так далёка.

— Не-не-не! Няма мне часу чакаць. Уга! Блізкі свет Мелкавічы!

Ён угрызся гнілымі, але драпежнымі зубамі ў мяса, доўга жаваў яго без хлеба.

— Я да таго кажу, пане Хмялеўскі... Але ж і прозвішча ў цябе — далібог, панскае! Падумаць: Хмялеўскі! Ого-го! Ліха матары тваёй, а табе і можна тут панам быць. Гэта ж такая пушча! Тут табе можна, не горш як Рэмезу на Сухой Мілі, цэлы бровар у лесе схаваць! От чаму я пра гарэлку ўспомніў. Тут, братка, можна разбагацець. Гарэлку гнаць ды прадаваць, брагай валоў выкармліваць! Уга!

— Што вы, пане Халуста,— спалохаўся Хмялеўскі.

— Я ж тое і кажу, што нічога ты не варты. Чалавек як чалавек, а галавы на плячах чорт мае... Ты не толькі гаспадар, але і ляснік. І ты шкадуеш панскага лесу! А каб ты быў разумны, то ў цябе і грошы не пераводзіліся б і гарэлкі поўная шафа стаяла б.

Хмялеўскі слухаў і не разумеў, да чаго вядзе гаворку Халуста, чаго ён прыехаў. Хмялеўскі ведаў толькі тое, што ўся гэтая балбатня пра гарэлку і пра валоў пустое, што Халуста мае на ўвазе нешта іншае і што прыехаў ён сюды не толькі дзеля таго, каб пацікавіцца, як жыве Хмялеўскі.

— Ешце, пане Халуста.

— А я, братка, ем... У цябе тут не жыццё, а, далібог, рай! Табе ж і свіней трымаць не трэба. Стрэльбу ў рукі ўзяў і страляй, колькі ўлезе. Тут жа і вяпроў да халеры.

— Хапае, пане Халуста. Усю бульбу парылі. Каб не абгарадзіў, то і аднаго каша не выбраў бы.

— От як!

Халуста гаварыў, але не забываў і есці. Ён спачатку налёг на мяса, потым падсунуў да сябе міску з капустай і вычарпаў яе да дна. Вочы яго асалавелі і глядзелі на Хмялеўскага больш-менш прыхільна.

— А ты, мабыць, думаеш, братка: ліха матары яго, Халусту гэтага! Чаго ён да мяне прыехаў?

— А што мне думаць, пане Халуста...— Хмялеўскі зірнуў на Халусту, і ў сэрцы ўспыхнула злосць.— Я нічога не думаю, пане Халуста. Вы, мабыць, вэксаль прывезлі. Усё, аб чым мы дамаўляліся, зроблена, усё я вам аддаў. Разлічыліся мы, пане Халуста, пара ўжо і знішчыць гэты пракляты вэксаль.

Твар Халусты пазелянеў, вочы бліснулі шалёным агнём.

— Ай-яй, ая-яй! Братка ты мой! У мяне і ў галаве пра той вэксаль не было! Я, пане Хмялеўскі, зусім забыў пра яго. А от ты не забываеш.

— Як жа я магу забыць, пане Халуста.

— Бо ты злы чалавек. Я да цябе ўсім тварам, а ты да мяне ўсім задам. Я от да цябе ў госці прыехаў, а ты мне: вэ-эксаль!

— То прабачце, пане Халуста.

— Не слухайце вы яго, дурнога, пане Халуста,— умяшалася Настася.— Ён адзічэў у лесе, не ведае, як чалавека прыняць.

— Ото-то, праўда, галубка, ото-то, праўда! Чуеш, ліха матары тваёй! — звярнуўся ён да Хмялеўскага.— Ты тут сапраўды адзічэў, як вепр. А жонка ў цябе разумная!

— А я падумаў, пане Халуста...

— Бо ты дурны...— перабіў яго Яўхім.— Ты нават не ведаеш, пра што думаць. Я проста прыехаў зірнуць, як ты жывеш, бо хіба ж не я ўсватаў табе гэты хутар і памог яго купіць? Ну, скажы, хіба не я?

— Вядома, вы, пане Халуста...

— Ну от бачыш. Дык от я і падумаў: сёння я час маю, а мне і ў Старочын трэба, дык з’езджу, думаю, зірну, як жыве Юрка Хмялеўскі. Такі ж я даўно ў цябе не быў. А ты мне адразу: вэ-эксаль!.. Я каб ведаў гэта, то знарок прывёз бы яго ды от тут і парваў на кавалкі.

Хмялеўскі не верыў ні аднаму слову гэтага страшнага чалавека, але сказаць яму пра гэта не мог.

— Прабачце, пане Халуста...

— От прыедзеш да мяне, то мы дамо таму вэксалю рады... А цяпер паказаў бы ты мне сваю гаспадарку. Гляджу я: будыніны ў цябе! Сядзібу парканам абгарадзіў. Ні звер, ні злодзей не ўлезе. Аж зайздросна мне стала.

— То хадзем, пане Халуста. Зірнём на маю пустую сядзібу.

Халуста апрануў кажух, надзеў шапку і пайшоў з Хмялеўскім на двор. І калі яны выйшлі, нейкі неймаверны боль апёк Настасіна сэрца. Хоць і накінулася яна на Юрку, але адчувала, што не з дабром прыехаў да іх Халуста. І чаму яму захацелася гаспадарку аглядаць? Што ён у ёй выгледзіць...

Хмялеўскі спачатку завёў Халусту ў гумно. Яно было новае, на тры пары сох; шулы дубовыя, таўстыя, вечныя, сохі таксама з дубу, высокія, простыя; сцены з жоўтай смаловай сасны, пасярэдзіне гладкі ток, не вельмі пабіты цапамі,— відаць, мала на ім малацілі. Гумно было вялікае, але ж амаль пустое. Са збажыны ўсё было абмалочана, акрамя бобу. Малаціць памог Васіль Шымкевіч, пакуль хаваўся з братам на хутары. Начамі цэпам грукаў. Увесь зад гумна быў закладзены сенам — балотнай асакой.

Затое начыння ў гумне хапала. У куце стаялі граблі, некалькі шуфляў і малых ручных веялак. Халуста аж рот разявіў, убачыўшы іх.

— А братка ты мой! Нашто табе столькі шуфляў?

— От зрабіў...

— А мне так патрэбны шуфлі. Я цяпер, братка, малатарню маю. Усё ўжо змалаціў... а от шуфляў ды грабель не хапае.

— То вазьміце.

— Ото добра! Ты іх мне ў воз пакладзеш.

З гумна пайшлі ў хлеў. Халуста мала глядзеў на худобу, што стаяла ў хлявах. Ён з аднаго позірку вызначыў ім цану: каровы былі няўдалыя, немалочныя, конь так сабе, толькі авечкі былі спраўныя. Затое ён агледзеў сцены, шулы, вароты, на дварэ зірнуў нават у калодзеж.

— Эге! Дык ён жа ў цябе дубовы!

— А як жа, пане Халуста. І пограб у мяне з дубу.

— От як! Ну, то пакажы мне і пограб.

Залезлі і ў пограб.

Халуста ўсё аглядаў гаспадарскім вокам, нібы прыцэньваўся, што чаго варта. Хмялеўскі глядзеў на яго, і сэрца яго ныла.

— А от свірна ў цябе няма, пане Хмялеўскі.

— Нашто мне свіран! Пашня мая ўся ў сенечках змясцілася ў скрынях ды кадаўбах...

— Угу... Але ў гаспадарцы і свіран патрэбен, пане Хмялеўскі.

Калі вярнуліся ў хату, Халуста сабраўся ехаць дамоў. Настася напакавала яму торбу сухіх грыбоў. Хмялеўскі прынёс дзежачку салёных рыжкоў, з пуд веправага мяса. Усё гэта разам з шуфлямі і іншым начыннем ледзь уклалі ў вазок. Халуста нават пашкадаваў, што прыехаў не ў развалках. Нарэшце ён крануўся з месца. Хмялеўскі з жонкай моўчкі стаялі і глядзелі яму ўслед. Гэтак жа моўчкі зайшлі яны і ў хату, не асмельваючыся ўзняць вочы адно на аднаго.

— Настася... Чаго ён да нас прыязджаў?..

— Юрка, Юрка... Сэрца маё крывёю абліваецца,— яна абхапіла рукамі яго плечы і залілася слязьмі.

— Сціхні, Настася,— супакойваў Хмялеўскі жонку.— Ты ж сама чула, што ён казаў пра вэксаль,— ён сваімі вялізнымі рукамі правёў па яе валасах.— Чула ж, Настася...

— Ох, чула... Але я бачыла, як ён зірнуў на цябе, калі ты ўспомніў пра вэксаль. Ён гатовы быў цябе жыўцом праглынуць.

— Здалося табе...

А сам-то ведаў, што не здалося.

— Па нашы душы ён прыязджаў, Юрка... Ах божа мой, божа... Бывае, калі чалавек зойдзе ў хату, дык нібы цяпло і святло ў яе прынясе... От як Андрэй Сташэвіч прыязджаў... А іншы заедзе, дык жыць пасля яго не хочацца...

Халуста тым часам мінуў паваротку і махнуў пугай. Кабыла пайшла трухам, а ён зноў заныў, як галодны шчанюк. Яму было весела, і ён спяваў.



РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ[правіць]

«Іван, мабыць, прыйдзе заўтра раніцай»,— падумаў Андрэй, кінуўшы позірк на акно. На дварэ ўжо даўно сцямнела, і праз замёрзлыя шыбы ў хату глядзеў зімовы вечар. Дома нікога не было: маці пайшла адведаць хворую Яніху, а Алена — да Талімонавай Лісаветы.

Андрэй разглядаў часопіс «Ніву» — цэлы камплект за мінулы год, пераплецены ў адну тоўстую кнігу. Марцін Крываблоцкі выпрасіў яе ў папа Сулкоўскага і прынёс Івану. Чытаць сёння не хацелася. Андрэй разглядаў малюнкі, чытаў подпісы да іх. Ён адчуваў, што не надоўга ў яго хопіць вытрымкі жыць так, як Гарасім Жукоўскі,— ціха, спакойна, пуста. Хіба яму не хацелася быць з Тамашом, з хлопцамі яго гадоў: хадзіць на вячоркі, смяяцца, жартаваць, абдымаць і цалаваць дзяўчат... А Тамаш! Раней часта заходзіў, расказваў засцянковыя навіны, успамінаў Ганну, а цяпер зрэдку толькі ў гумно зойдзе пакурыць. Перамяніўся Тамаш і аддаліўся ад яго... Андрэю самому хацелася распытаць у яго пра Ганну, бо яна цяпер не пакідала яго сэрца. І калі ён мог стрымліваць сябе, выносіць адзіноту, то толькі таму, што Ганна была з ім. Заўсёды з ім: Ганна і яго думкі, Ганна і праца, Ганна і кнігі, работа і адпачынак — усё было звязана з Ганнай. А яна, ці думае яна пра яго?..

Чорт! Ці не залішне доўга цягнецца гэтая жалоба? Каму гэта трэба? Ва ўсякім разе, нябожчыку бацьку яна не патрэбна, і ён не пакрыўдзіцца, калі яго сын пачне жыць поўным жыццём. Ён і сам не вельмі прытрымліваўся некаторых звычаяў, калі лічыў, што яны шкодныя.

Іван увайшоў у хату ўвесь абсыпаны снегам. Спыніўся каля парога і пачаў атрасацца.

— На дварэ снег? — запытаў Андрэй.

— Па лапцю падае.

— Я цябе і не чакаў сёння. Думаў, заўтра ранкам прыбяжыш.

— Дзядзька Марцін прыехаў са Слуцка... Кніжак прывёз.

Іван выняў з-пад палы кнігі, паклаў на стол і распрануўся.

— Паглядзім, што за кнігі... Максім Горкі... не чуў такога...— Андрэй разгарнуў кнігу.— «Челкаш»...

Незразумелае слова... «Старуха Изергиль»...

Ён перагартаў усю кнігу і ўзяў другую.

— Іван Бунін. І такога не чуў... «Деревня». Гм... «Деревню» пачытаем...

Іван, ружовашчокі, расчырванелы ад хады і холаду сеў на лаве каля стала.

— Ты павячэраць хочаш, але жанок няма дома, пачакай.

— Пачакаю. Калі не чытаеш «Ніву», то дай мне.

— Не чытаю... Спрабаваў днём, але тут усё пра графаў ды іншых паноў напісана. Цацкі разглядаў... Пішуць, браце Іван, пісьменнікі пра паноў ды пра іх прыгожую любоў... Чаму яны не напішуць пра сялян, пра іх жыццё і працу, пра бяду і гора? А хіба той, хто робіць, не ўмее любіць? Хіба любоў толькі ў палацах бывае, у садах ды ў парках, калі салавей спявае і месяц свеціць? А я, возячы гной, не ўмею любіць? Мне жанчына толькі ў ложак патрэбна? Ах, сукіны сыны... Растрывожылі мяне кнігі гэтыя, лепей бы іх не ведаць... Цікава, вядома, чытаць пра прыгожае жыццё, нават зайздросна: каб гэта стаць на месца тых панкоў! Толькі не веру я ў прыгожае жыццё. У паноў яно яшчэ бруднейшае, чым у нас. Жывуць людзі без работы, а гультайства ніколі не можа быць чыстае.

Іван з цікавасцю слухаў Андрэевы словы. Не таму, што яны былі яму новыя: новае было тое, што іх гаворыць Андрэй, што ў яго цяпер такія думкі, якіх раней не было.

— Чаго ты на мяне так глядзіш? Думаеш, што я дурны? Ну, не, брат! Ты, як відаць, і казкам верыш? Чытаеш і думаеш, што так яно і было? А мяне, брат, прыгожымі словамі не ашукаеш. «Ён яе абняў, прытуліў да сябе, і яны зліліся ў адну істоту». Вось у гэтай «Ніве» я такое вычытаў. У цябе, мабыць, слёзы паліліся б ад замілавання, а мне толькі смешна стала. А я ж, браце Іван, таксама люблю дзяўчыну... Моцна люблю, можа мацней, чым які-небудзь панок... Ды пра што мы гаворым! Малы ты яшчэ, Іван, такія размовы слухаць.

Іван пакрыўдзіўся і пачырванеў.

— Ты не думай, што я нічога не разумею...

Андрэй не звярнуў увагі на яго словы.

— От з работай управімся і пачнём мы з табою, Іван, патрохі ў людзі выходзіць, а то... Ну, расказвай пра свае Чыжэвічы, што там у вас новае?

— Новае? — Іван усміхнуўся.— Новага ў Чыжэвічах хапае. Вунь Кашч Бяссмертны дачку замуж аддае.

— Што ты кажаш? — Андрэй здзівіўся.— За каго ж ён яе аддае?

— За ўрадніка Беразоўскага.

— Ачмурэў ты!

— Праўда. За ўрадніка Беразоўскага.

— Не верыцца! А калі так, то чорт не адну пару лапцей стаптаў, пакуль іх разам сабраў. Калі ж яны паспелі знюхацца?

— Даўно! Яшчэ ўвосень, як бульбу выбіралі. Тады, як Гендарсан праз акно ўцякаў. Назаўтра Беразоўскі з Макарам прыязджалі. Тады і маму маю цягалі ды дапытвалі. Беразоўскі начаваў у Кашча, от тады яны і знюхаліся.

— Помню. Раніцай Беразоўскі да Халусты ехаў, я сустрэў яго на вуліцы. Значыць, ён ехаў тады ад Кашча. А калі ж вяселле?

— Пасля каляд. Цяпер жа пост, вяселле спраўляць няможна.

— Дзіўна... Значыць, Беразоўскі на пасаг паквапіўся.

— Ён у прымы да Кашча ідзе.

— Яшчэ большае дзіва.

Андрэй устаў і пачаў хадзіць па хаце.

— Значыць, Беразоўскі стане гаспадаром і кіне сваю пасаду. Будзе нашым суседам.

— Не ведаю. Але цяпер у Кашчавай хаце такая калатнеча кожны дзень, што аж вокны дрыжаць.

— Якая калатнеча?

— Адэля са служанкай Мар’янай за валасы адна адну цягаюць. Мар’яна кажа, што загрубела ад Кашча, хоча, каб ён з ёю павянчаўся. А Адэля кажа, што Мар’яна загрубела не ад Кашча, а ад стражніка Макара. Бо Макар такі і спаў з Мар’янай, як Беразоўскі да Адэлі сватаўся...

— Пацеха!

— Яшчэ якая! Мар’яна і Кашчу вусы павыдзірала. Ён кажа Мар’яне: «Я, гадаўка, з табою пяць гадоў спаў, і ўсё добра было, нічога з табою не зрабілася, а калі ты са стражнікам паспала, сука ты гэтакая, з хамам з тым, то ў цябе адразу чэрава пачало расці...»

Андрэй рагатаў ад усёй душы.

«Плодныя, кажа, вы, хамы, каб вас зямля не насіла. Абы адно з адным .збегліся ды панюхаліся, то абавязкова і шчанё знойдзецца».

— От бачыш, Іван, якое паскудства! Кашч не пан, а толькі падпанак смаркаты, а колькі бруду ў яго доме. А ў сапраўдных паноў гразі яшчэ больш. Як яны ні хаваюць яе, яна ўсё роўна праз усе шчыліны лезе. Ды не вельмі яны яе і хаваюць... Беразоўскі жэніцца на Адэлі. Хіба на ёй ён жэніцца? Яму патрэбна Кашчава гаспадарка, грошы яго...

— Слухай, Андрэй... Ты ж таксама Адэлю ў воку меў. Ці мо пасаг яе...

— У воку меў! Дурань! Пляцеш ты ні зіму ні лета! Я любіў Адэлю! У мяне і думак не было пра пасаг ці пра гаспадарку. Які я тады быў! Хлапчук такі, як ты, трохі старэйшы. У такія гады ў старую жанчыну закахацца можна, абы яна прыгожая была ды зірнула на цябе ласкава ды заахвотліва.

— А хіба Адэля так на цябе пазірала?

— Вядома! Ёй цікава было, што за ёю хлопцы бегаюць, любяць яе. Усе яны, браце Іван, жанчыны, такія. Яна пра цябе і не думае ніколі, а пры сустрэчы вочкі строіць, усміхаецца прыхільна, хоць ты ёй — пустое месца.

— Гэта толькі паненкі такія ды можа шляхцянкі...

Андрэй са здзіўленнем зірнуў на Івана.

— Я пра іх і гавару. А тады яшчэ Адэля з моды не выйшла. От я і папаўся быў, і нялёгка мне было забываць яе.

— А цяпер?

— У мяне, браце, дзяўчына ёсць не раўня гэтай Адэлі. Яна мне вочак не строіць, а то не была б яна мая. Я ўжо сёе-тое ведаю, апёкся раз на ўсё жыццё... Шкада, што не прыйдзецца пабыць мне на Адэліным вяселлі. Зірнуў бы я на яе і на будучага суседа гаспадзіна ўрадніка...

Дадому прыйшла старая Аксеня, дала Івану павячэраць, і ён палез на печ.

— Заўтра, Іван, да полудня без мяне будзеш малаціць,— сказаў яму Андрэй.— Хлеб з нашай хаты ўцёк, трэба ў млын ехаць. Пашні там не пакіну, бо гэты злодзей Хаім не муку, а крупы зробіць і ўкрадзе з паўпуда.

У тую ноч Івану не спалася. Ён не мог забыць гутарку з Андрэем. Здавалася, што Андрэй знарок хоча папярэдзіць яго: не вер ты, брат, ласкавым усмешкам і прыгожым вочкам... Іван сам падсвядома адчуваў гэта і не верыў... Ні ўсмешачкам, ні прыгожым вочкам... Але хіба гэта выратавала яго? Не! Ён ужо даўно зразумеў, што топіцца і нішто яго не выратуе... Ён любіў Алену — ганарлівую шляхцянку, сястру свайго простага і шчырага гаспадара. Ён любіў яе ўсёй сваёй чыстай, яшчэ не спакушанай душой, і цяжка яму было тут жыць, але ён ведаў, што не жыць тут яму было б яшчэ цяжэй. Ён чытаў, што першае каханне прыносіць радасць, дае шчасце, але яго каханне не давала яму ні радасці ні шчасця. Яно адабрала ад яго нават тое, што ён меў спакой і чысціню думак. І ён доўга ляжаў на цёплым чаране, і сон яго не браў...

Алена вярнулася ад Лісаветы позна. Ні старая Аксеня, ні Андрэй не чулі, калі яна прыйшла і запаліла лямпу. Толькі Іван з-за коміна сачыў за ёю. Яна была нейкая ўзрушаная і нібы адчувала, што за ёю сочаць. Не стала вячэраць, пастаяла каля стала, зірнула мімаходам у люстэрка, і ў люстэрку Іван убачыў яе вочы — гнеўныя, але прыгожыя. Потым яна патушыла лямпу і лягла. У хаце было цёмна, як у склепе, і ціха, як на могілках, а Івана ўсё не браў сон. Потым у засценку пачалі перагуквацца пеўні...

Раніцай Андрэй вынес са свірна мяхі, склаў іх у сані і выехаў са двара. Світала. Надвор’е стаяла цёплае, дзьмуў густы вільготны вецер, але за ноч наваліла столькі снегу, што нідзе не было ні сцежкі, ні дарогі, спрэс цалік.

Нічыпар Мартыневіч з рыдлёўкай у руках капаўся ў снезе. Двор яго быў крайні ў засценку, таму з якога боку ні дзьмуў бы вецер, заўсёды каля варот вырастала вялізная гурба снегу. Нічыпар і раскопваў гэтую гурбу, молячыся богу і праклінаючы чорта.

Каля млына стаяла некалькі падвод з Чыжэвіч. Андрэй кінуў кабыле жмак канюшыны і ўзышоў на першы паверх. На дварэ ўжо развіднелася, але раніца стаяла шэрая, падобная на позні досвітак. Хаім Ножык сустрэў Андрэя на ганку.

— А, гэта ты, пане Андрэй! А я думаю — хто гэта да мяне едзе з Малінаўкі! Ну, то добра. Злазь, а я спушчу вяроўку, ты прывязвай мяхі, я іх сам усцягну, і мы скора засыплем.

«Нешта ты добры сёння»,— падумаў Андрэй. Звычайна Хаім сам ніколі не ўсцягваў мяхоў, трэба было прасіць каго-небудзь з завознікаў, каб стаў на другім паверсе ля калаўротка.

Калі мяхі былі падняты на другі паверх, туды палез і Андрэй. На першым паверху было некалькі чалавек з Чыжэвіч. Андрэй заўважыў і Іванавага дзядзьку Пракопа Крываблоцкага. Спыняцца не было калі, на другім паверху яго чакаў Хаім.

— Ну, пане Андрэй, добра, што ты не аб’ехаў мой млын. Ты трохі пачакай, не больш за паўгадзіны. Я кончу малоць Крываблоцкаму Пракопу, тады засыплем тваё. Ты бачыш, пане Андрэй! Дурныя малінаўцы не вязуць да мяне малоць. Ну, ці не дурні! Млын пад бокам, а яны, падумай сам, гоняць коней то ў маёнтак, то ў Крывічы. Блізкі свет! Трацяць час.

Андрэй паціснуў плячыма.

— Не, ты толькі падумай, пане Андрэй, толькі ты падумай! Чыжэвіцкія мужыкі вязуць мліва да Хаіма, хоць ім і бліжэй у панскі млын, што ў маёнтку. Жывічане таксама вязуць да Хаіма, а ім жа далей да Хаімавага млына, чым малінаўцам. Чаму яны да Хаіма вязуць? Таму, што Хаім мякка меле. У яго мука — як пух! І Хаім на паўфунта менш бярэ за мліва! І Хаім не ашуквае на вазе і не крадзе. А ў маёнтку ў млыне сядзіць Гарбаты Ясь. Яго паставіў Гендарсан. Гэты Ясь такі злодзей, якіх свет не бачыў. Ён цяпер і на вальцах пачаў крупы драць. А я табе змялю так, пане Андрэй, што твая маці з тае мукі будзе пірагі пячы! Уга! Хлеб будзе — як пірог.

— Добра, пане Хаім.

— Хлеб будзе — як пірог... Ты з Малінаўкі першы прывёз да мяне воз новага хлеба. Тут не грэх было б і па чарцы выпіць... Але скажы ты мне, пане Андрэй, чаму малінаўцы не вязуць мне малоць?

Андрэй не разумеў, чаго ад яго хоча Хаім Ножык.

— Не ведаю, пане Хаім. Яшчэ сама малацьба ідзе. І я сёння не прывёз бы, каб у скрыні мука была.

— Я табе скажу чаму! Дурны Яўхім Халуста не павёз да мяне, а павёз у маёнтак. Там жа млынаром яго сябра Гарбаты Ясь! Ліха матары яго!

Хаім так удала перадражніў Халусту, што Андрэй усміхнуўся.

— А чаму ён да мяне не вязе? Можа ў яго які гешэфт з Гарбатым Ясем?

— Не ведаю я яго гешэфтаў, пане Хаім,— не вельмі прыязна адказаў Андрэй, бо яму ўжо абрыдла Хаімава балбатня.

— Няма ў іх ніякіх гешэфтаў, пане Андрэй! Няма ніякіх гешэфтаў. Ён мне, гэты злодзей, вінаваты капейку, то ён не хоча яе аддаваць і вязе мліва ў маёнтак. Няхай вязе! Няхай сабе вязе!..

Хаім зазірнуў у кош.

— Развязвай мяхі, пане Андрэй. Пракопава пашня канчаецца, зараз будзем засыпаць тваю.

Андрэй пачаў развязваць мяхі, а Хаім стаяў над ім і цягнуў сваю песню.

— Я табе так змялю, што ты век будзеш мяне помніць і ніколі не павязеш сваё мліва ў другі млын! Уга! Ты і суседзям скажаш: «Вязіце, дурні, да Хаіма! Ён добра меле і менш бярэ за памол». Ты ім нават можаш паказаць сваю муку. «Гляньце, дурні, якая мука! Хто вам так змеле, як Хаім!»

Андрэю хацелася зарагатаць.

— Я, пане Хаім, да суседзяў не хаджу, толькі да свайго брата Сташэвіча Яна.

— То што больш трэба! Скажы Яну! Калі Ян павязе да мяне, то за ім павязуць усе малінаўцы! Што за чалавек Ян Сташэвіч! — замілаваўся Хаім.— Такіх людзей на тысячу адзін! Што я кажу на тысячу! На мільён! На цэлы мільён. А твой бацька? Няхай яму дасць бог царства нябеснае. Што быў за чалавек! Такіх і ў свеце няма! Бывала, ён заўсёды да мяне: «Ты,— кажа,— пане Хаім, змялі мне мякка». То я і мялю! Уга!..

Млын калаціўся, гатовы рассыпацца на кавалкі, лётаў пыл, стукаў кош, гуў камень, і Хаім з рыжай барадой, пабялелай ад пылу, быў падобны на нейкі прывід. Нарэшце ён сціх і ўвесь час глядзеў у кош. Калі там стала пуста, Андрэй высыпаў сваё жыта.

— Ну, то я на цябе спадзяюся, пане Андрэй. А Халуста! Чорт яго бяры, Халусту!

Андрэй не адказаў. Трэба было злазіць на ніжні паверх абіраць муку, але Хаім яго затрымаў, схапіўшы за рукаў:

— Чаго ты спяшаешся? Скрыня прасторная, людзі адгорнуць, калі будзе вялікая куча. Давай лепш пасядзім, пане Андрэй.

— А ты Пракопаву муку не будзеш важыць?

— Нашто? Я за памол узяў ад яго зернем, а твае мукі Пракоп не кране. Ён добры мужык.

— Я гэта і сам ведаю,— адказаў Андрэй і падумаў, што Хаім паспеў ужо ўкрасці ў Пракопа колькі яму было трэба.

— Ну, то сядзь. Вазьмі ды закуры. Ты ж курыш?

— Куру.

— То куры, чаго там! А я от не куру. Чарку п’ю, а курыць не навучыўся. Мой і бацька не курыў.

— Не курыў і мой.

— І от так чалавек жыве, жыве, нечага хоча, некуды бяжыць, думае, што яму ні зносу, ні канца не будзе, а смерць... Ага! Ты не чуў, Андрэй, што сыноў Шымкевіча Тодара пазабівалі?

Андрэй адчуў, як па спіне яго пабеглі мурашкі, холад скаваў цела і дакаціўся да сэрца. Ён заўважыў, што Хаім сочыць за ім, і ўзяў сябе ў рукі, хоць і адчуваў, што прыкінуцца раўнадушным яму вельмі цяжка.

— Шымкевіча Тодара сыноў? Яны ж паехалі ў Сібір?

— Калі гэта было, Андрэй! Яны даўно вярнуліся з Сібіру. Толькі ўдвух вярнуліся. Сям’я асталася там. Навек... Памерлі. І сам Тодар памёр... Добры быў чалавек, нашто казаць. От так і сцерлася сям’я, як і на свеце не было. Хіба ты нічога не ведаеш, пане Андрэй?

— Нічога не ведаю.

— Калі не ведаеш, то не ведаеш, а я думаў, што ведаеш. Бо многія ведаюць — і пад Слуцкам, і пад Вызнай, і пад Любанню, і пад Старымі Дарогамі. Яны мяне абабралі, калі я ехаў са Слуцка яшчэ ўвосень. Сымон Ашакевіч ведае, ён у той дзень таксама са Слуцка ехаў. Хіба ён не казаў?

— Нічога ён мне не казаў.

— Яны не толькі мяне абабралі. Яны былі разбойнікі, пане Андрэй. Іх лавілі і аднаго паранілі ў руку. Юрку! Яны недзе хаваліся, пакуль у Юркі не зажыла рука, а потым пайшлі.

— Дзе ж іх пастралялі?

— Яны, мабыць, хацелі ўцячы ў Амерыку і пайшлі на нямецкую граніцу. Хацелі граніцу перайсці. От там іх і пастралялі. Юрку забілі на месцы, а Васіль трохі пажыў.

— Нашто ты мне пра гэта гаворыш, Хаім? — устаючы з месца, запытаў Андрэй. Яму хацелася схапіць гэтага гада за грудзі і выкінуць праз дзверы. Ён быў страшны, і Хаім закалаціўся.

— Ціха, пане Андрэй, ціха... Ты, як відаць, узлаваўся... Нашто злавацца... Хіба ты ім паможаш або я ім памагу!.. Я думаў, што табе цікава будзе пра гэта ўведаць... Ты ж такі сябраваў з Васілём, хоць ён за цябе і старэйшы быў... Таму ты і ўзлаваўся, дзіва што! Шкада такіх маладых хлопцаў... А хіба мне не шкада! Няхай бы жылі на свеце... Свет вялік...

Андрэй з нянавісцю глядзеў у д’ябальскія вочы млынара.

— Гэта праз вас яны загінулі, праз цябе і Халусту! Уся сям’я! Бо гэта ты памог Халусту прагнаць Шымкевіча з Малінаўкі.

— Ая-яй, пане Андрэй! Ну нашто так казаць! Я памог Халусту!..— Хаім замаргаў вачыма.— Як я яму памог? Хто яму можа памагчы або не памагчы, пане Андрэй! Гэтаму злодзею, гэтаму разбойніку? Ён і мяне ашукаў! Ён усіх ашукае! Няхай яго халера возьме!.. Але, пане Андрэй...— Хаім суцішыў голас...— Васіль Шымкевіч памёр і нікому нічога не сказаў.

— Гэта мяне зусім не цікавіць. А што ён мог сказаць?

— Чаму? Ён мог сказаць, хто яго хаваў. Але ён гэтага не сказаў.

— Не шукай дурняў, Хаім.

— Я іх і не шукаю, пане Андрэй.

— Ты нечага ад мяне хочаш, але я не веру ні аднаму твайму слову. Ты ўсё налгаў, набрахаў, як сабака.

Хаім стукнуў сабе кулаком у грудзі:

— Каб я так жыў! Каб жылі мае дзеці!

— Адкуль ты пра гэта ведаеш?

— Мне сказаў адзін чалавек, пане Андрэй... Адзін чалавек... А нам няма за што сварыцца, пане Андрэй... Ну, хадзем уніз, паглядзі на сваю муку, памацай яе! Уга! Я ведаю, што яна не сыплецца, а плыве, як вада.



РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ[правіць]

Усю дарогу ад млына да засценка Андрэй думаў аб тым, як сустрэцца з Сымонам Ашакевічам. Пабачыць яго трэба было цяпер, не чакаючы вечара. Схадзіць да Сымона Андрэй не мог, бо гэта было б вельмі прыкметна, асабліва Яўхіму Халусту, які са свайго двара мог бачыць усё, што робіцца на сядзібе ў Сымона.

Дома Андрэй распрог кабылу, завёў у хлеў і пачаў зносіць у свіран мяхі з мукой. Пасля гаворкі з Хаімам Ножыкам ён так быў узрушаны, што нічога не бачыў вакол сябе.

Калі ён высыпаў у скрыню апошні мех, позірк яго ўпаў на старую асьміну, што стаяла ў куце. І адразу знайшоў рашэнне: з усёй сілы стукнуў па асьміне нагой; струхлелыя абручы лопнулі, і клёпкі пасыпаліся на падлогу. Андрэй нават не зірнуў на іх; ён зачыніў свіран і пайшоў у гумно.

Іван малаціў, прычыніўшы дзверы, каб не падвяваў вецер.

— Ты палуднаваў? — запытаў яго Андрэй.

— Палуднаваў.

— То схадзі да Сымона Ашакевіча, скажы, каб прыйшоў да мяне. Старая асьміна рассыпалася, чорт яе збярэ без яго. Скажы, што ў мяне ёсць жалезныя абручы, хоць і ржавыя, але мо яшчэ патрымаюць. Няхай складзе, пакуль клёпкі не пагубляліся. Няхай возьме з сабой якую-небудзь бандарскую снасць.

— Цяпер ісці?

— Цяпер. Можа ён заняты, то няхай кідае ўсё. Тут работы нямнога, доўга я яго не затрымаю.

— Добра.

Калі Іван пайшоў, Андрэй дастаў з гарышча некалькі старых абручоў, абабіў з іх трохі ржу і панёс у свіран. Неўзабаве з’явіўся Сымон з гэблем і фуганкам.

— Кажаш, асьміна рассыпалася? — запытаў ён, павітаўшыся.

— Ад работы цябе адарваў. Сядзь. Не дзеля асьміны я цябе пазваў.

Сымон зірнуў на яго з недаўменнем:

— Я так і думаў, што тут нешта нейкае.

— Сёння быў я ў млыне. Хаім Ножык сказаў мне, што Васіль і Юрка Шымкевічы забітыя каля нямецкай граніцы.

У Сымона закалаціліся рукі.

— Адкуль ён ведае? — усклікнуў ён.

— Відаць, што ведае...

— Пабітыя... Такія хлопцы!..

— Юрка памёр адразу, а Васіль яшчэ трохі пажыў. Але ён перад смерцю нічога не сказаў... Не сказаў, у каго яны хаваліся, з кім сустракаліся. Пра гэта мне расказаў Хаім з такім выглядам, нібы хацеў супакоіць...

Толькі цяпер да Сымона дайшло, якая небяспека вісела над яго галавой. Ён сутаргава каўтануў паветра.

— Але ці можна верыць Хаіму? — гаварыў Андрэй.— Я не ведаю... Я разумею толькі тое, што ён хацеў мяне падлавіць, бо ён, мабыць, пра нешта здагадваецца ці нешта ведае... Гаварылі мы адзін на адзін, от як цяпер мы з табой. Ён мне проста сказаў, што табе вядома, як яны яго абабралі, і нават запытаў, ці не гаварыў ты пра гэта мне.

— А ты?

— Я сказаў, што ведаць нічога не ведаю і ведаць не хачу.

— Значыць...— Сымон закалаціўся.

— А ты супакойся, Сымон. Яшчэ няма нічога страшнага. Я пазваў цябе сказаць, каб ты от так не пачаў калаціцца, калі з табою пачне гаварыць пра Шымкевічаў Хаім Ножык або нехта другі. Ты — нічога не ведаеш, і справа з канцом. Калі Васіль нешта сказаў, то яго ўжо няма жывога. Адзін на адзін цябе з ім не паставяць, з таго свету яго не ўздымуць.

— Я не таго калачуся, што спалохаўся... Дай мне прыкурыць, Андрэй...— ён зацягнуўся і крыху супакоіўся.— Я таго дрыжу, што няшчасны я чалавек дый годзе. Думаў, што ўжо ўсё сціхла, і ў галаву маю больш ніколі не прыходзілі Шымкевічы. Без іх бяды хапае... І от іх ужо на свеце няма, а яны мне ўсё адгукаюцца... аж з таго свету.

— Хіба толькі табе! У цябе глупства, Сымон. Сустрэлі яны цябе ў дарозе, гарэлкі выпілі і ўсё. Хіба ты ў гэтым вінаваты ці шукаў з імі сустрэчы? Так з кожным магло здарыцца. А ў мяне, Сымон... А ў мяне яны начавалі ў тую ноч, пасля таго, як ты быў у мяне, помніш?

Гэта зусім ашаламіла Сымона.

— Не мог я іх выгнаць... У гумне яны начавалі. Што я мог зрабіць?

— Дзіва што! Прыйдзіся на мяне, і я не прагнаў бы.

— Яны ў мяне прабылі толькі адну ноч. Ні хатнія, ні мой Іван пра гэта не ведаюць. У Юркі была паранена рука, а я адрэзаў яму кавалак палатна. Маці, вядома, агледзіць... Але ўсё гэта глупства, Сымон. Ёсць чалавек, у якога яны жылі доўгі час, аж датуль, пакуль у Юркі загаілася рука... І таго чалавека трэба папярэдзіць. Ён павінен ведаць усё.

Андрэй зірнуў на Сымона і змоўк. Сымон спакойна слухаў яго гаворку. Бывае так, што чалавек, на якога нечакана зваліцца няшчасце, на некаторы час страціць здольнасць валодаць сабой. Так спачатку было і з Сымонам. Калі ён упэўніўся, што няшчасце кранула не толькі яго, але і іншых, і прытым у большай меры, чым яго, то ён ужо быў гатовы забыць сваё няшчасце і памагчы іншым.

— Кажы, Андрэй, да канца. Я калісьці табе таксама пра ўсё расказваў. Не баяўся ж я цябе.

— Я цябе не баюся, Сымон. Шымкевічы хаваліся ў Крушніках у Юркі Хмялеўскага.

— Адкуль ты ведаеш?

— Юрка Хмялеўскі вельмі даверлівы, ён мне сам прызнаўся, калі я да яго па сані ездзіў. І я за яго баюся... Яго трэба папярэдзіць, каб ён не толькі не прагаварыўся, але каб і выгляду не падаў, калі з ім нехта пачне гаварыць пра Шымкевічаў.

Сымон паволі падняўся з месца.

— Я да яго з’езджу, Андрэй.

— Сядзь, Сымон. Трэба спачатку падумаць. Хіба я не магу з’ездзіць? У мяне ж такі двое коней. Але ж трэба, каб прычына была. Што я скажу хатнім? Толькі з млына прыехаў — і раптам зноў у дарогу. Чаго? Як той казаў: ні села ні пала, прадай, баба, сала.

— А ў мяне ёсць прычына. Яшчэ ўвосень Хмялеўскі абяцаў мне дрэва на клёпкі. Я нядаўна і жонцы казаў, што мне трэба ў Крушнікі з’ездзіць. Дык от адвячоркам і паеду.

— Я вельмі рады, Сымон, што ты можаш паехаць... Ты яму ўсё скажы, добра скажы!

— Скажу, Андрэй... А клёпкі гэтыя і дно, за адным і абручы, забяру з сабой.


Хоць Хаім і казаў Андрэю, што яму ўсё роўна — прывязе да яго мліва Яўхім Халуста ці не прывязе, але са свайго млына ён часта паглядаў на Малінаўку. Страціць такога завозніка, як Халуста, Хаім не хацеў. Халуста малоў зерня больш за любога малінаўца. Некалькі кормных парсюкоў стаяла ў яго хляве; ім неабходна была вобмешка; сваім каровам Халуста таксама падмешваў муку; адным словам, завознік ён быў добры. Акрамя таго, Хаіму трэба было спагнаць з Халусты доўг. Але гэта былі не галоўныя прычыны. Яўхім Халуста быў стары Хаімаў сябра па цёмных справах. Калі недзе ў наваколлі каго-небудзь абкрадалі, то ўсе нітачкі цягнуліся ў Малінаўку да Халусты і ў сяло Чыжэвічы да Ножыка. Можна было без памылкі сказаць, што і Мікалай Халуста краў.

Накрадзенае дабро некаторы час ляжала ў Яўхіма, потым з’яўляліся Хаімавы агенты, і яно плыло ў Слуцак або ў Бабруйск і дасягала Мінска. Такім чынам, Хаім і Яўхім былі так звязаны, што адцурацца адзін аднаго не маглі. Дык чаму ж дурны Халуста пачаў цурацца Хаіма? Вось аб гэтым і думаў млынар Ножык. Няўжо праз тыя няшчасныя тры рублі Яўхім не хоча заязджаць у яго млын? Дурны Яўхім! У Хаіма ёсць да яго вялікая гаворка і яшчэ большая прапанова. Ён патрэбен Хаіму так, як Хаім патрэбен яму. Яны маглі б арганізаваць выгадную, хоць і небяспечную справу. Але Яўхім дрыжыць за свае тры рублі і не ведае, што праз іх страціць у многа разоў больш.

Аднак Хаім памыляўся. Халусту не было калі думаць пра тры рублі. Галава яго была занята большымі і важнейшнымі справамі. Пасля агляду хутара Хмялеўскага ён некалькі разоў пабыў у Старочыне і ў Слуцку, наведаў валаснога старшыню, урадніка Беразоўскага, доктара Пфэрдсана і адваката Рэпа, з якім меў доўгія нарады. Адвакат Рэп быў добра яму знаёмы. У свой час ён абараняў Халусту на судзе. Абараняў, праўда, не вельмі паспяхова, занадта многа было такіх доказаў, супроць якіх быў бяссільны і сам Рэп — слынны адвакат, і Халуста за сховань крадзенага трапіў усё-такі ў турму. Затое потым гэты самы Рэп памог Халусту расправіцца з Шымкевічам. Цяпер ён таксама абнадзеіў Халусту.

Аб усіх гэтых справах Хаім Ножык толькі здагадваўся, бо Яўхім Халуста не вельмі верыў свайму сябру, таксама як і той не верыў яму.


Калі сцямнела, Хаім замкнуў млын і падаўся не ў Чыжэвічы, а ў Малінаўку. Халусту ён застаў дома.

— А-а! Пане Ножык! — закрычаў Халуста, як толькі Хаім пераступіў парог.— Ліха матары тваёй! Як даўно я цябе не бачыў! Садзіся, братка, садзіся! Як я рады!

Хаім паважна сеў на зэдлік.

— Не вельмі ты мне рады, Яўхім.

— Што ты мне кажаш! Я сам хацеў да цябе бегчы.

— Чаму ж ты не прыбег?

— Не было часу!.. Заняты!.. Ну, як ты, братачка, жывеш? — запытаў ён, заглядаючы ў Хаімавы вочы.— Скажы мне, як ты маешся? Я цябе не бачыў... Мо ты захварэў, Хаім?

— Не. Я, дзякуй богу, здаровы. Але мне трэба пагаварыць з табой, Яўхім. Трэба пагаварыць.

Халуста, як злоўлены злодзей, залыпаў вачыма, зірнуў на «крывую кабылу», што поркалася каля печы, і ўскочыў з месца.

— То хадзем, пане Хаім... Пагаворым.

Праз некалькі хвілін яны сядзелі ў пакойчыку Якава.

— Тут жыве твой работнік? — абы-якім голасам запытаў Хаім.

— Тут ён толькі спіць, пане Хаім.

— А дзе ён цяпер?

— У гумне, пане Хаім, у гумне...

— Угу. Каб ён нас тут не застаў. Ты мне скажы, Яўхім, чаму ты павёз малоць не ў мой млын, а ў дворны? Хіба табе Гарбаты Ясь лепшы прыяцель за мяне?

— Гэта, братачка, не я... Гэта мой дурны Гром... Мяне і дома не было... Я акурат у Слуцак паехаў, а яму загадаў ехаць у млын. То ён, палена, паехаў не да цябе, а ў маёнтак да таго злодзея Гарбатага Яся... І дадому прыехаў п’яны.

Усё гэта была хлусня, акрамя таго, што Юзік Гром прыехаў з млына п’яны.

— Дзіва што. У Гарбатага Яся спірытусу хапае.

— Накраў! Ліха матары яго, накраў, калі быў падвальным.

— Угу.

— Але колькі там было таго мліва! Адзін вазок! Мне яго і на месяц не хопіць. Я цябе, пане Хаім, завалю млівам! У мяне ж свінні, у мяне ж каровы! Адной вобмешкі ліха ведае колькі трэба.

— Ты зноў мяне ашукаеш, Яўхім.

— Не! Далібог, не! Я сам буду вазіць у млын! Начорта мне ехаць да таго Яся, калі твой млын пад бокам.

— Я ў цябе не буду сыскваць, Яўхім, тыя тры рублі. Я табе іх падарую, дзе маё не прападала.

— А я іх табе аддам! Аддам! Нашто мне твае грошы? Як толькі прывязу ў млын, так адразу і адсыплю табе пашню.

— Ты так будзеш ехаць у мой млын, як пан Твардоўскі ехаў у Рым. Хіба я цябе на дарозе перайму ды зацягну ў свой млын. Ты лепш не думай пра тыя тры рублі, тады і сам прыедзеш. А то яны на тваёй дарозе стаяць і ў мой млын не пускаюць. Ты іх забудзь. Я іх у цябе не буду сыскваць. Ты, дурань, адбіваеш у мяне завознікаў. Нашто ты гэта робіш? Хіба мы з табой не сябры?

— Я... Я не адбіваю ў цябе завознікаў, пане Хаім.

— Гм... Не адбіваеш! Ён не адбівае ў мяне завознікаў! А Нарбутовіч Лявон і Мартыневіч Нічыпар мінулі мяне і паехалі па тваёй дарозе.

— Ліха матары іх!

— Нашто ты робіш мне зло? Якая табе ад гэтага карысць? Што ты за гэта маеш? Дурны ты, Яўхім, як халява, от што я табе скажу.

— Братачка Хаім...

— А цяпер скажы мне, дзе цябе чэрці носяць? Куды ты ездзіш і што ты робіш?

— Ай, братачка Хаім... Сколькі клопату...

Хаім міргнуў хітрымі вачамі і зірнуў на дзверы.

— Сказаць табе, які ў цябе клопат? То слухай...

Ён прыхінуўся да Халуставага вуха і пачаў шаптаць, не спускаючы позірку з дзвярэй, якія скарэй адчуваў, чым бачыў. Халуста слухаў спачатку спакойна, потым адхіснуўся ад яго, як апараны.

— Ліха матары тваёй! Адкуль ты ведаеш?!

— Я ўсё ведаю, бо ў мяне ёсць розум і ў мяне ўсюды свае людзі. Хіба я не ведаю адваката Рэпа ці каго яшчэ з тых, у каго ты быў!

— Маўчы, братачка Хаім, маўчы...

У голасе гэтага шэльмы ўжо не было прытворства.

— Я буду маўчаць, але помачы ад мяне не чакай. Мая хата будзе з краю, але цябе за гэта пакарае бог.

— Ая-яй, братачка! Каб не было большай бяды!

— Ух, які ты чалавек... А цяпер слухай яшчэ. Толькі я баюся, каб нас нехта не падслухаў.

— Не бойся, пане Хаім, не бойся.

Хаім зноў прыціснуўся да Яўхімавага вуха.

У баковачцы было цёмна і ціха, як ў бездані, і патаемны шэпт Хаіма Ножыка зачароўваў Яўхіма Халусту. Вочы яго заблішчалі, як у ваўка, калі Хаім кончыў.

— Добра, братачка, добра... Ая-яй, як добра! Мы з табой яшчэ пагаворым у млыне. Я заўтра да цябе прыеду. Мікалаю скажам тады, калі прыйдзе пара.

Хаім Ножык памаўчаў трохі.

— А цяпер, Яўхім, я табе скажу навіну.

— Якую, братачка?

— Шымкевічавых хлопцаў пастралялі на нямецкай граніцы.

Халуста ледзь не захліпнуўся ад радасці.

— Кхі-кхі... Ха-ха-ха! Што ты кажаш? Ая-яй! Нну! Ну-ну-ну! Кажаш, пастралялі? Абодвух? Ха-ха-ха! Не верыцца! На нямецкай граніцы? А чаго іх туды чорт панёс? Ая-яй! Значыць, ляснула ўся сям’я!

— Уся сям’я, Яўхім...

Хаім уздыхнуў і расказаў усё падрабязна.

— І гэта на тваім сумленні, Яўхім,— дадаў ён.— На тваім.

— Чаму на маім? — успыхнуў Халуста.— Ліха матары тваёй! Чаму на маім? Хіба я іх гнаў у Сібір або наслаў на іх паморак? Хіба я вучыў іх быць разбойнікамі? А можа гэта я хацеў адправіць іх у Амерыку? А ты кажаш — на маім сумленні!

— На тваім, Яўхім. Ты прагнаў іх з Малінаўкі. Выбіў у іх з-пад ног зямлю. А Тодар Шымкевіч не такі быў чалавек. Ён не мог без зямлі.

— Хіба ім у Сібіры мала было зямлі? І хіба ты сам не параіў мне?

— Ша, Яўхім. Я не ведаў, што так будзе.

— А я хіба ведаў?

— Ну дык і маўчы. Няхай ім дасць бог царства нябеснае...

— Калом ім зямля! Я яшчэ не забыў, як яны мяне малацілі ланцугамі! Я помню...

— Але яны не кранулі тваіх грошай. А мяне яны абабралі... Бог з імі.

Памаўчалі.

— Я не хачу, Яўхім, каб нас застаў тут Якаў Шэмет. Хадзем.

— Пачакай, Хаім. Ён нас не застане. Ён сюды толькі спаць прыходзіць. Ды яго яшчэ і з гумна няма.

— Угу. Ну, добрага я табе работніка даў, Яўхім?

— Упарты, ліха матары яго!

— Але робіць.

— Ро-обіць! Дзе ён дзенецца!

— Шэметы хлопцы спраўныя. Яго брат Піліп таксама мужык спакойны і ціхі.

— Каб яны так дыхалі, якія яны спакойныя! Ціхі! На вячоркі цягаецца з маім Юзікам, дадому прыходзіць у поўнач.

— Яны маладыя, Яўхім. Маладым трэба пагуляць. Ты і сам такі быў.

— Я-а? Не-е! Я такі не быў! Не, не! Я такі не быў, Хаім! Я рос без бацькі, сам па сабе... Хто толькі на мне не ездзіў, пакуль я ўвабраўся ў сілу. Але потым я ім паказаў, ліха матары іх!

— Можа быць, можа быць,— задуменна прамовіў Хаім.

— Я быў як агонь! Аб мяне не адзін апёкся!

— Можа быць, можа быць... Я не ведаю, які ты быў малады. І я не ведаю, ці прывязеш ты да мяне заўтра малоць. Ты пякучы, Яўхім, я гэта добра ведаю. Але помні, што нам трэба заўтра пагаварыць, усё абмеркаваць.

— Заўтра я буду ў цябе, Хаім. Калі я сказаў, то сказаў, так яно і будзе. Я да цябе прыеду раніцай.

— Добра, Яўхім.

— Толькі слухай, пане Хаім... Чуеш? — голас Халусты перайшоў у злавесны шэпт.— Ты мне скажы... Скажы ты мне, як чалавека зрабіць злодзеем?

Не бачыў Яўхім, якімі вачамі зірнуў на яго Хаім.

— Я ведаю, пра каго ты гаворыш.

— Ты мне пра гэта не гавары... Ты мне адкажы!

— Не пытай у мяне, Яўхім. Ты сам ведаеш... Каб чалавека зрабіць злодзеем, то трэба навучыць яго красці.

— О-о-о! Я гэта ведаю і без цябе! Але той гад красці не пойдзе! Не, ён не пойдзе... Дык як жа зрабіць яго злодзеем?

— Дурны Яўхім. Трэба падлажыць яму крадзенае.

— Во-во-во! — Халуста падхапіўся з месца.— Во-во-во! Я і сам так думаў! І я зраблю яго злодзеем! Ліха матары яго! Не будзе ён мяне вечна злодзеем абзываць! Я зраблю злодзеем і яго!

— Ша, Яўхім. Але тут я табе нічым не памагу.

І ты ні мяне, ні каго другога ў гэта не ўмешвай. Гэта справа толькі твая. І не забудзь, што Андрэй Сташэвіч разумны чалавек. Глядзі, каб ты сам аб яго не апёкся.

— Ён у мяне будзе вішчаць, як свіння ў плоце.

Я пасаджу яго ў турму-у, ліха матары яго! От тады ён будзе ведаць, хто злодзей, Яўхім Халуста ці Андрэй Сташэвіч.

— Ты здурнеў, Яўхім! А калі хто пачуе?

— Ніхто не пачуе.

— Ну, то хадзем, Яўхім... Я ў хату заходзіць не буду, можа там хто ёсць, нашто, каб нас з табой бачылі! Ну, то я цябе заўтра чакаю.

— Чакай, Хаім, я прыеду раніцай.

Халуста адчыніў дзверы, і яны выйшлі ў сені. Адтуль па-зладзейску ціха Хаім вышмыгнуў на двор.



РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ[правіць]

Пачаліся доўгія вечары, і Андрэй з Іванам па гадзіне-другой чыталі, седзячы за сталом адзін насупроць аднаго. Марцін Крываблоцкі прынёс аднекуль кнігу Салтыкова-Шчадрына «История города Глупова» і аддаў яе Івану. Была яна старая, страпаная, надрукаваная на шэрай паперы, зрудзелай ад часу. Андрэй спачатку не глядзеў на кнігу — вельмі ж несамавітая была яна. Іван таксама перакладаў яе з месца на месца, не адважваючыся адгарнуць першую старонку. Але неяк пасля вячэры яна трапілася пад рукі Андрэю. Ён прачытаў некалькі старонак, потым вочы яго загарэліся, і ён пачаў чытаць спачатку. Маці і Алена пралі моўчкі. Андрэй чытаў і то хмурыўся, то ўсміхаўся. Іван з цікавасцю глядзеў на яго: ён быў рады, што Андрэй — яго саюзнік.

— Мабыць, ніштаватая кніга? — запытаў ён.

— Ніштаватая! Залатая кніга! Дзе толькі яе адкапаў твой дзядзька!

— У папа Сулкоўскага, дзе ж больш.

— То, мабыць, і сам Сулкоўскі яе не чытаў.

— Чаму?

— Каб чытаў, то не аддаў бы Марціну.

— А ён і не аддаваў. Ён аддаў яе сваёй служанцы пліту распальваць, а дзядзька ўбачыў і забраў.

Аднак нялёгка было Андрэю чытаць гэтую кнігу. Ён не ўсё ў ёй разумеў, некаторыя мясціны перачытваў па некалькі разоў, затое, калі змест поўнасцю даходзіў да яго разумення, ён заліваўся рогатам. Алене гэта не падабалася, і яна раздражнёна гаварыла:

— Ну што ты такое смешнае вычытаў?

— Наўрад ці ты ўцяміш, хоць я табе і раскажу.

— Такая дурная, а ты такі разумны!

— Не, я так не казаў. Але бачыш... Ты лепш пачытай сама.

— Ёсць мне калі чытаць... Ні ў святы, ні ў будні хвіліначкі вольнай няма.

Гэта была праўда, і Андрэй змаўкаў, каб не дражніць сястру. Але не такая была Алена, каб, пачаўшы якую гаворку, не давесці яе да канца.

— Чытае моўчкі, потым ні з сяго ні з таго пачынае рагатаць. Гэта нават няхораша. Акурат як той, што сам сказаў і сам засмяяўся.

— Гэта, галубка, быў не той, а тая!

— Які ж ты разумны!

— Ды ўжо ж які ёсць. У суседа розуму не пазычаю.

— А я пазычаю? — ускіпела Алена.

— Сціхніце, дзеці,— супакойвала іх маці, як малых.

«Няма міру ў хаце,— думала яна.— Толькі тады і мір, калі маўчаць, а як пачнуць гаварыць, то адразу сварка». Сэрца балела ў старой, ведала яна, што гэта толькі пачатак, што ўсё благое яшчэ наперадзе, і чым усё кончыцца — толькі бог святы ведае... І калі Алена папрасіла ў яе дазволу хадзіць на вячоркі да Лісаветы Талімонавай, бо і тая таксама нікуды не ходзіць, то Аксеня адразу дазволіла. «Менш будуць глядзець адно на аднаго ды злавацца»,— падумала яна пра Андрэя і Алену.

Аднойчы вечарам пасля малацьбы Іван запытаў у Андрэя:

— Якаў Шэмет хоча прыйсці да цябе. Ці можна?

Андрэй зірнуў на хлопца са здзіўленнем.

— Цікава, а чаму гэта няможна? — ён раптам узлаваўся.— Чаго ты ўздумаў пытаць у мяне пра гэта?

— Якаў думае, што можа ты не захочаш, каб да цябе хадзіў парабак. А мы тут з ім удвух з аднаго сяла... У яго добрыя кнігі ёсць, Андрэй. Знарок для нас знайшоў.

— Дык ты ж сукін сын! І Якаў твой таксама. Няхай прыносіць тыя кнігі. Гэта ён мяне баіцца! Ён жа ходзіць на вячоркі разам з Юзікам Громам, і ніхто яго адтуль не выганяе. Дык гэта можа таму, што ён туды ходзіць з Громам? Можа ён і да мяне хоча з Громам прыйсці?

— Ды не! Што ты, Андрэй! І на вячоркі ён рэдка ходзіць. Ён, калі няма завеі, ходзіць вечарамі ў Чыжэвічы. Прыдумаў ты: з Громам!..

Андрэй памаўчаў.

— І ўсё-такі я не чакаў гэтага ад цябе, Іван... Каго гэта я выганяў з хаты? А можа я над табой панам стаю, толькі рабіць загадваю, кармлю асобна ў мыцельніку, га?

— Я не так табе сказаў, Андрэй... Помніш, як каля сушні з табой Якаў гаварыць пачаў, а ты...

— Ага, значыць, ён не забыў той ночы. Я таму з ім гаварыць не захацеў, што ён прыйшоў тады з Халуставымі сынамі, а я іх ненавіджу, як шалёных сабак, усіх да аднаго... Забойцы праклятыя...

Андрэй успомніў Шымкевічаў і пачаў гаварыць іншым тонам.

— Ты, Іван, яшчэ малады хлопец, амаль што дзіця, і жыцця не ведаеш. Я больш за цябе пражыў, больш бачыў і лепш за цябе ведаю людзей. Я, калі вырас і трохі ўвабраўся ў розум, то ніколі не дзяліў людзей на шляхту і мужыкоў. Хіба малінаўцы ці жывічане шляхта? Гэта, браце, самыя сапраўдныя лапцюжныя хамы! Але хамы з гонарам, заўваж! А хам з гонарам — гэта ў тысячу разоў горш, чым звычайны хам... Адзін Крываблоцкі Марцін — твой дзядзька — вартнейшы за ўсю нашу малінаўскую шляхту. А Якава я дрэнна ведаю. Ды што мне з табой, малакасосам, гаварыць! Скажы Якаву, няхай прыходзіць.

— Я сёння да яго збегаю.

Андрэю так надакучыла адзінота, што ён радаваўся, калі хто заходзіў у хату. Але, акрамя Яна Сташэвіча, у яе мала хто завітваў. Пажылыя малінаўцы пільнаваліся сваіх хат, таму Андрэй быў нават рады, што да яго прыйдзе Якаў Шэмет.

Печ цяпер палілі ў хаце два разы: раніцай і ўвечар. Дроў хапала. Малінаўцы рэдка кралі панскі або казённы лес, хіба толькі едучы з Волі ці з Крушнікаў; у іх былі свае Маргі. Дрэннавата было з харчамі. Парсюка Андрэй меркаваў закалоць к калядам, другога трэба было прадаць.

Калі Іван вярнуўся ад Халусты, у хаце зырка палілася ў печы. Старая Аксеня паставіла на стол вялізны чыгун бульбы, місу агуркоў з расолам ды місу капусты. Усе падсунуліся да стала. Вячэралі моўчкі, толькі Алена з цікавасцю паглядала на Івана. Пасля вячэры яна запытала:

— Куды ты хадзіў, Іван, сёння?

Іван пачырванеў, а Андрэй насцярожана зірнуў на сястру.

— Я нікуды не хадзіў,— адказаў Іван.

— Нікуды? А перад вячэрай?

— А-а! Дык гэта я да Якава Шэмета збегаў.

— А чаго?

— Што ты маеш да Івана? — злосна запытаў Андрэй.

Алена нават вухам не павяла.

— А што, Іван да цябе прывязаны? — запытала яна злым голасам.— Чаму ты яго не пускаеш на вячоркі? У яго ж няма жалобы! Якаў Шэмет, я ведаю, ходзіць на вячоркі, а Івану нельга.

— Адкуль ты ведаеш, куды ходзіць Якаў Шэмет? — Андрэй ледзь стрымліваў сябе.— То бачу я, што цябе кожны вечар дома няма. Можа і ты ходзіш туды, куды ходзіць Якаў Шэмет і дурнаваты Юзік Гром...

Алена ўспыхнула, як прысак, калі на яго дзьмухне вецер.

— Ты не варты Юзікавай нагі! А я не папытаю ў цябе, куды мне ісці, куды не ісці! У мяне яшчэ мама ёсць, і ты мне не бацька!

Алена знарок пачала апранацца.

— Не думай, што я буду цябе трымаць. Табе хочацца ўзняць у хаце лямант, каб збегліся людзі і ты магла сказаць ім, які вар’ят твой брат, як ты пакутуеш у хаце без бацькі. Не ведаў я, што ты такая шэльма, цяпер ведаю... І сцеражыся, сястра. Я даведаюся, хто цябе вучыць, каго ты слухаеш.

— Дзеткі мае...— узмалілася старая Аксеня.

Алена схапіла прасніцу і знікла за дзвярыма, а Андрэй сеў на лаву і адчуў, што ў душы ў яго стала пуста і холадна.

— Гэта вы дазволілі ёй хадзіць на вячоркі? — запытаў ён у маці.

— Яна да Лісаветы Талімонавай ходзіць. Тая ж таксама дома сядзіць... Удзвюх ім весялей... Хіба не нудна дзяўчыне сядзець вечарам дома? Са мной якая гаворка, а вы ж галоў не ўздымаеце ад кніг.

— Нашто ёй Іван? Што яна мае да Івана?

— Можа яна падумала, каб Іван хадзіў з ёю да Талімона. Такі ж Талімонаў Адам равеснік Івану, калі і малодшы, то мо толькі на год...

— Цікава.

Андрэй задумаўся. У матчыных словах была немалая доля праўды. Але хіба Алена не магла аб гэтым пагаварыць па-чалавечы? Магла. А можа Іван сказаў калі-небудзь, што яму сумна ў хаце? Андрэй зірнуў на свайго хлопца. Не! Не можа быць...

— Слухай, Іван... Можа ты хочаш хадзіць на вячоркі, то я цябе не трымаю.

— Што ты, Андрэй! Я без цябе нікуды не пайду! Я і не думаю пра вячоркі. Мне дык у многа разоў лепш чытаць.

— Ну дык і вымай свае кнігі.

Але ў той вечар чытаць ім не давялося, бо прыйшоў Якаў.

— У вас тут і цёпла і светла,— прамовіў ён.

— Няўжо ў Халусты горш?

— У Халуставым доме не па-людску неяк: і холадна, і няўтульна, і смуродна, як бы гэты дом не чалавечае жытло. Гаварыць у мяне з Халустам няма пра што, хіба толькі лаяцца. Дык от я вечарам і іду куды-небудзь: у свае Чыжэвічы, калі добрае надвор’е, або на вячоркі. Сплю я ў каморцы, а там холадна, як і ў свірне, дзе я спаў, пакуль снег выпаў, толькі што шчылін няма, вецер не дзьме. Закручуся ў клачаную коўдру, наверх кажухом накрыюся і сплю. А раніцай з ложка ўставаць страшна. Ты мо думаеш, што я да цябе са скаргай прыйшоў, то не думай так.

— Не! Я думаю, якая ж ён свалата, гэты твой Халуста,— прамовіў Андрэй.— Спаць цяпер у каморы тое самае, што і на дварэ. Хіба там печы няма?

— Печ ёсць, але ён дроў шкадуе.

— Сукін сын! — абурыўся Андрэй.

— Гаспадар.

— Дык, па-твойму, усе гаспадары такія, як твой Халуста?

— Усе, Андрэй.

— Пра мяне такога Іван не скажа.

— Ведаю, што не скажа. Бо які ж ты гаспадар!

— Дык што? Па-твойму, я старац!

Андрэю не спадабаліся словы Якава. Як жа гэта ён не гаспадар! Тады хто?

— Не, ты не старац, Андрэй. Але ты і не гаспадар. Ты са сваёй гаспадаркі толькі сам можаш сяктак жыць, прытым прыклаўшы да яе свае ўласныя рукі. А Халуста на сваёй гаспадарцы можа жыць не працуючы, як невялікі панок. Прасцей кажучы, ён можа жыць чужой працай, а табе і аднаго Івана нялёгка трымаць.

Андрэй яму нічога не адказаў, але адчуў у словах яго праўду.

— Ты на цэлую зіму работай завалены: пакуль абмалоцішся, ды сена навозіш, ды дроў запасеш, дык і вясна прыйдзе. А Халуста малатарняй усё абмалаціў і цяпер толькі ў Слуцак ды ў Старочын гойсае.

— Добрая рэч малатарня! — з зайздрасцю прамовіў Андрэй.

— Але ты яе не купіш: у цябе няма грошай і малаціць ёю няма чаго. А ў прывад трэба запрагаць дзве паркі коней, у цябе ж толькі адна.

— Ты, як бачу, знарок гаворыш мне пра тое, што я сам ведаю.

— Знарок. Бо ты хоць і ведаеш гэта, але сам сабе не сказаў бы так проста, як кажу я табе. Ты яшчэ ў думках суцяшаў бы сябе: нічога, от неяк пераб’юся, потым і я куплю.

Андрэй усміхнуўся.

— Што праўда, то праўда. Кожны жыве надзеяй, што з цягам часу будзе лепш. Нават жабрак думае, што ў другой хаце яму дадуць больш, чым у той, дзе ён ужо быў... Але я табе таксама скажу: у Халусты не так многа малацьбы, каб малатарню купляць ды каб гніла яна без работы,

— І гэта праўда. Але ў Халусты шырэйшыя думкі. Ён спадзяецца, што ўся Малінаўка будзе ў яго руках. Нарбутовіч і Мартыневіч ужо сталі яго хаўруснікамі.

У душы Андрэя змагаліся два пачуцці: прыязнасці і непрыязнасці да Якава Шэмета. Яму падабаўся Якаў, прыемна было з ім гаварыць, спрачацца, Андрэй адчуваў, што той разумны, але не мог дараваць, што той — Халустаў парабак. Андрэю здавалася, што кожны, хто мае нейкае дачыненне да Халусты, абавязкова і сам становіцца падобны на Халусту.

Якаў дастаў тытунь. Закурылі і некаторы час маўчалі. Іван сядзеў над разгорнутай кнігай, але чытаць яму сёння не хацелася. Не хацелася і спаць. Ён з цікавасцю слухаў гаворку старэйшых.

— Дык ты думаеш, што гады праз два ўся Малінаўка будзе малаціць Халуставай малатарняй? — запытаў Андрэй.

— Я думаю, Андрэй, што гады праз два-тры ў Халусты хопіць свае малацьбы і малінаўцы будуць перад ім шапкі здымаць.

— Ну, гэта ты сказаў! — Андрэй крыва ўсміхнуўся.— Цікава, дзе ж ён набярэ тае малацьбы?

— Не мой клопат табе гаварыць пра гэта, але калі пачаў, то кончу. Я ў Халусты жыву і сёе-тое бачу, шмат аб чым здагадваюся. Ён збіраецца купіць зямлю ў Гарасіма Жукоўскага.

Андрэй адчуў, што гэта да болю ўразіла яго. Такая думка раней не прыходзіла ў яго галаву, хоць, вядома, магла прыйсці. Але чаму яму здалося, што нібыта Халуста хоча не Гарасімаву зямлю купіць, а адабраць яго, Андрэеву, зямлю! Якое глупства!

— Гарасім не прадасць Халусту зямлю,— сказаў ён.

— Адразу можа і не прадасць, але Халуста сумее абысці яго. Ты яшчэ не ведаеш Халусты, а я за гэты час добра яго ўведаў. Ён знойдзе чалавека, падашле яго да Гарасіма, і той памуляецца-памуляецца і здасца.

— Падстаўны купец...

— Падстаўны купец. Ад яго зямля пяройдзе да Халусты.

— Так можа быць...

— Так і будзе! А тады ён вас, малінаўцаў, возьме ў рукі. Будзе вам і паша і каша.

— Няма праўды на зямлі!

— Ты пра гэта толькі сёння даведаўся?

— Даўно ведаю... У каго грошы, у таго і сіла і права... Такая свалата ўбілася ў наш засценак.

— Такая свалата не толькі ў вашым засценку ёсць. У Чыжэвічах ёсць такі самы Арлоўскі Казімір ды стараста Вырвіч, у Жывіцах падобны на іх Асіеўскі Лукаш.

— Асіеўскі Лукаш? Не-е! Ён не такі...

— Бо разгону не мае такога, як Халуста або Арлоўскі. У кожнай вёсцы, Андрэй, ёсць свае міраеды.

— Так, браце Якаў...

На дварэ даўно ўжо была ноч. Старая Аксеня прыкархнула каля печы, а Андрэй і Якаў усё сядзелі і разважалі. Не спаў і Іван. Ён сядзеў і слухаў, не прапускаючы ні аднаго слова.

— Лёг бы ты, Іван,— сказаў яму Андрэй.

— Не, я яшчэ пасяджу.

— Як хочаш, але я цябе заўтра рана ўзганю з ложка.

— Дык ты ўстанеш, а я хіба не змагу?

— От цяпер ты павінен зразумець, Андрэй, чаму ў краіне нарастае рэвалюцыя. Невыноснае жыццё! Сам ведаеш, як жывуць сяляне. А я пажыў тры гады ў горадзе і ведаю, як жывуць рабочыя. У нашай Малінаўцы яшчэ асвяціся, а зірні на Чыжэвічы: зямлі няма, хоць воўкам вый. Гэта я з дабра з маладых гадоў парабкую? Або Іван? А што ў маёнтку робіцца?

Андрэй не адказаў. У галаве ў яго было столькі думак, што ён не мог адразу ў іх разабрацца. Адчуваў толькі, што ў жыццё яго ўвайшло нешта новае і прынёс тое Якаў Шэмет.

— Я рады, што ты прыйшоў да мяне сёння, Якаў, і буду рады яшчэ больш, калі ты будзеш хадзіць да мяне часцей.

— І калі маеш кнігі, то прынось,— дадаў Іван.— Будзем разам чытаць.

Якаў усміхнуўся.

— Я ўжо бачу, што без кніг тут не абыдзецца. Добра. Прыходзіць да вас я буду. А цяпер скажы мне, Андрэй, як чалавека злодзеем зрабіць?

— Што? — здзівіўся Андрэй.

— Як зрабіць чалавека злодзеем?

— Не разумею. Чаму ты ў мяне пра гэта пытаеш?

— Значыць, ты не ведаеш. Ну дык я табе скажу: каб зрабіць чалавека злодзеем, трэба падлажыць яму нешта крадзенае.

— Не разумею, Якаў.

— Гаворка была пра цябе, Андрэй. Аднойчы я прыйшоў з гумна і хацеў зайсці ў сваю каморку пакласці адну рэч. Чую, там нехта ёсць. Аказваецца, Хаім Ножык і сам Халуста. Тваё прозвішча памянулі. Халуста запытаў, як зрабіць чалавека злодзеем. Хаім яму адказаў. Адказ яго я і перадаў табе. Так што пільнуйся, сачы за хлявамі, за гумном, за ўсімі будынкамі. Яны могуць табе нешта падкінуць.

— І ўсё-такі, мабыць, я яго заб’ю,— ціха сказаў Андрэй.— Сустрэну дзе-небудзь і заб’ю...

— Не гавары глупства. Я знарок прыйшоў сказаць табе гэта, а мы вунь як добра пагаварылі. Праз такога мярзотніка на катаргу ісці! Ужо калі ісці, то не праз Халусту.

— Зноў твая праўда! — павесялеўшы, сказаў Андрэй.

— Ну, дык я пайду.

Андрэй апрануў кажух, надзеў шапку, і абодва выйшлі на вуліцу. У гэты момант з Талімонавага двара вышмыгнуў чалавек і, туляючыся каля платоў, пайшоў па вуліцы. Ноч была хоць і зорная, але цёмная, пазнаць гэтага чалавека Андрэй не мог.

— Хто гэта мог быць, Якаў? — запытаў ён.

— Халуста Мікалай.

— Не можа быць!

— Ён. Я ж ведаю ўсю яго выхадку.

— Што яму тут было трэба?

— Не ведаю, але ты на ўсякі выпадак агледзь свае будынкі.

— Добра ж ты кажаш...

Якаў развітаўся і пайшоў, а Андрэй накіраваўся да Талімона. Калі ён увайшоў у двор, з хаты выйшла Алена з прасніцай.

— Гэта ты, братка, так мяне шкадуеш? — яхідна запытала яна, убачыўшы Андрэя.— Баішся, каб нехта не пакрыўдзіў сястру, насустрач выйшаў.

— Кінь сваю дурную злосць. Я праводзіў Якава. Ты скажы: Мікалай Халуста быў у Талімона?

— Ды не! Чаму ты пытаеш?

Відаць было, што пытанне гэтае яе здзівіла.

— Бо ён толькі што выйшаў з Талімонавага двара.

— Хлусіш.

— Маўчы, дурная!.. Што ён рабіў тут, калі не быў у хаце?

— У хаце Тамаш. Ён і цяпер там астаўся.

— Тама-аш?!

Алена пайшла, а Андрэй усё стаяў на вуліцы, і ў вушах яго гучалі словы: «Як чалавека зрабіць злодзеем... Падлажыць крадзенае». Не! Не ўдасца ім гэта, забойцам! Не ўдасца!



РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ[правіць]

Той вечар быў пачаткам сяброўства паміж Андрэем і Якавам, якое потым цягнулася многа гадоў.

Доўга трымаўся ў Андрэя яго шляхецкі гонар, хоць ён і не хацеў прызнацца ў гэтым нават сабе. Яму было дзіўна, што Якаў — чыжэвіцкі мужык, Халустаў парабак, ведае жыццё лепш за яго. Чым гэта растлумачыць? Што па свеце павалачыўся, у горадзе працаваў, людзей многа бачыў? Гэтага, мабыць, мала. Вунь Гарасім Жукоўскі паўсвета абхадзіў, дзе толькі не быў, ды і гады ў яго немаладыя, а пагутар з ім, што ён табе раскажа! Пра манахаў, пра паноў раскажа, а як людзі жывуць — не ведае, хоць, вядома, бачыў людзей. Або Нічыпар Мартыневіч: у войску служыў, аж у артылерыі. Як дваранін, нават чын меў — феерверкер, а сам — абух-абухом, двух слоў не звяжа. Запытай, дзе служыў, дык горада не назаве, чына свайго правільна не вымавіць, і што ён азначае — не ведае. Цялё хоць праз дваццаць губерняў правязі, усё роўна цялём і астанецца.

Цяпер Якаў амаль кожны вечар прыходзіў да Андрэя. Пры Алене гаварылі аб сім-тым, а старой Аксені не баяліся. Яна не цікавілася іх гаворкай, не разумела яе і звычайна сядзела каля прыпечка за прасніцай або з той жа прасніцай ішла да Яніхі, якая ўвесь час прыхворвала. А Алена вечарамі ніколі не была дома. Хоць Андрэю і не падабалася, што яна кожны вечар ходзіць да Лісаветы (а можа і не да Лісаветы, пільнаваць не будзеш), аднак ён быў рад, што яна ім не замінае. Не верыў ён сястры. Вельмі цікаўна паглядала яна на Якава, нібы вывучала, чаго ён варты. Затое калі жанок не было дома, хлопцы давалі сабе поўную волю. Абмяркоўвалі кнігі, спрачаліся. Іван спачатку толькі слухаў, потым у гаворку пачаў умешвацца і ён.

— Рабочыя! — пагардліва гаварыў Андрэй. — Што яны варты, твае рабочыя? Колькі іх? Адна жменька. У нашай краіне ўся сіла ў сялянстве. Уся Расія — сялянства.

— Так і народнікі гавораць,— растлумачваў Якаў.— Яны, як і ты, лічылі сялянства адным класам, не бачылі ні такога, як Халуста, ні беднага, такога, як Сымон Ашакевіч, ні парабка, такога, як я...

— Ні такога, як я,— перабіў Андрэй.

— Правільна! Але чаго дабіліся народнікі, калі пайшлі ў народ? Тыя самыя сяляне, якіх яны ішлі вучыць і ратаваць, аддавалі іх у рукі паліцыі.

— Бо сялянства цёмнае, непісьменнае. Дай яму асвету, дай яму зямлю, і яно возьме ўладу ў свае рукі.

— Вядома, тады Халусты будуць не такія хамы, як цяпер, а пісьменныя, далікатныя і будуць здзіраць шкуру з Сымонаў Ашакевічаў, гаворачы з імі на «вы» і прыемна ўсміхаючыся.

Іван рагатаў.

— Тады Халустаў не будзе! — горача абараняўся Андрэй.

— Няўжо ты верыш, што калі раздзеліш зямлю, то ўсе сяляне будуць роўныя? Расслаенне пачнецца адразу ж, з’явяцца новыя Халусты і новыя Ашакевічы. Гэта ж закон пры капіталістычнай сістэме. Пакуль будзе існаваць прыватная ўласнасць на зямлю, на сродкі, на матэрыялы, так будзе абавязкова. Толькі пралетарыят, рабочыя людзі, якія не маюць ніякай уласнасці, здольны ліквідаваць уласнасць і сацыяльную няроўнасць, калі возьмуць уладу, стануць на чале дзяржавы. Ніякі іншы клас гэтага не зробіць.

— Ты сам казаў, што ў Францыі рэвалюцыі ўздымалі рабочыя, а ўладу захоплівала буржуазія. А каб сяляне ўзнялі рэвалюцыю...

— У Францыі і іншых заходніх дзяржавах рэвалюцыю ўздымалі не толькі рабочыя, але і дробная буржуазія, гарадская, вядома. Каб ты ведаў: сялянства таксама з’яўляецца буржуазіяй, і багацейшая яго частка была лютым ворагам рэвалюцыі. Ты чытаў «93 год» Гюго, павінен сам разабрацца і ўявіць Вандэю, дзе амаль усё сялянства было контррэвалюцыйнае.

— Па-твойму, і я буржуазія?

Якаў смяяўся.

— Зусім дробненькая.

Пасля гэтых гутарак у галаве ў Андрэя пакрысе пачало праясняцца. Нямала гэтаму спрыялі і кнігі, якія ён літаральна глытаў. Дзякуючы незвычайнай памяці, усё прачытанае аставалася ў яго галаве.

Іншы раз прыходзіў Сымон Ашакевіч. Ён заўсёды сядзеў моўчкі, схіліўшы галаву, курыў і слухаў. Толькі адзін раз на адыходзе сказаў:

— Добра вы гаворыце, мужчыны... Слухаць хораша, але...

Так і выйшаў, нічога не дадаўшы да свайго «але».

Якаў спачатку асцерагаўся яго, помніў сустрэчу на могілках, калі Сымон агароджваў доччыну магілу. Не спадабалася тады Якаву Сымонава набожнасць. Сказаў пра гэта Андрэю. Андрэй усміхнуўся.

— Гэты чалавек, Якаў, калі і ўчыніць якую крыўду, то толькі сам сабе. Набожнасць бывае розная, тут ужо я цябе павучу. Ёсць набожнасць Нічыпара Мартыневіча і ёсць набожнасць Сымона Ашакевіча. Нічыпар моліцца, каб бог яму памог гладзей нешта ўкрасці, ну, хоць, скажам, грыўню са скарбонкі ў той самай царкве, а Сымон просіць бога, каб кавалак хлеба на стале не звёўся. Ды не вельмі ён і набожны, от што я табе скажу. Калі ён у нядзелю агароджваў магілу дачкі, то якая ж тут набожнасць!

— Можа і так,— згадзіўся Якаў.— А калі я пачаў гаварыць яму пра бога і святых, то ён так спалохаўся, нібы чакаў, што на мяне, ды заадно і на яго, пасыплюцца з неба перуны.

— Спалохаўся... Такое яго жыццё, што кожнага баяцца трэба. От бачыш, ён да нас прыходзіць, цягне яго да нас, і ўсё роўна ён нас баіцца. Гаворкі нашай баіцца, а паслухаць яе хоча.

— Згодзен з табою. У засценку трохі інакш, чым у нашым сяле. Не ведаю, як засцянкоўцы да бога ставяцца. Бачу, што ў царкву ходзяць. Нашы чыжоўцы не такія багамольныя, хоць і царква пад бокам.

— А Селівей Печка?

Якаў зарагатаў.

Селівей Печка быў другі Гарасім Жукоўскі, мужыцкі яго вырыянт. Ён быў не так пісьменны, як Гарасім, і не такі валачашчы, але ў Кіеўскую лаўру хадзіў і ён, хоць пасля гэтага і доўга пляваўся...

— Чаго ты смяешся?

— Выпадак адзін успомніў, што з Селівеем у царкве быў. Тады я яшчэ малы быў. Маліўся Селівей у царкве, стоячы на каленях, паклоны аж да падлогі адбіваў. А валасы ў яго даўжэзныя. Як паклоніцца, дык валасы і лягуць на падлогу. Наперадзе яго стаяў Марцін Крываблоцкі, тады яшчэ падлетак. Ведаеш жа ты, што за штучка гэты Іванаў дзядзька. Узяў ён ды знарок і наступіў абцасам на Селівеевы валасы. Паспрабаваў Селівей галаву падняць, дык дзе там, калі на валасах чалавек стаіць! Ён ціхенька кажа: «На валасы». А Марцін нібы і не чуе нічога. Тады Селівей ужо мацней: «На валасы!» Марцін і з месца не кратаецца. Бедны Селівей пачаў яго нагу рукамі пхаць, а Марцін толькі азірнуўся і не шманае. «На валасы, туды т-тваю маць!» — зароў тады Селівей на ўсю царкву. Што тут пачалося! Гармідар, рогат! Папом тады быў нейкі Дарашкевіч. Сабакаром яго звалі, бо вельмі сабак любіў. Бывала, перад калядамі збірае з парафіян трэбу, то абы сабаку ўбачыў на вуліцы — не вытрывае, каб не схапіць мёрзлы конскі камяк і не папусціць яго ў сабаку. Сабака брэша, а ён рагоча. Але сабакі яго не чапалі, таксама люлілі. Дык гэты Дарашкевіч пачаў выганяць Селівея з царквы, а Селівей да таго ўз’еўся, што абазваў яго сабакаром і паслаў да той мацеры. От які святы наш Селівей.

Андрэй смяяўся да слёз, а Іван пацвердзіў, што гэта сапраўды было, маці яго расказвала.

Звычайна пасля такіх вясёлых апавяданняў пачыналася сур’ёзная гаворка аб рэлігіі, і Якаў зразумеў, што тут Андрэя агітаваць не трэба.

Іншы раз Алена, прыйшоўшы з вячорак, заставала Якава. Гэтай дзяўчыне мала было Юзіка Грома і беднага Івана, які, яна ведала, закахаўся ў яе па вушы. Яна хацела, каб па ёй уздыхалі ўсе, нават Якаў. І асабліва Якаў.

— Ай-яй! — аднойчы, вярнуўшыся ад Лісаветы, здзівілася яна.— Няўжо вам траім так весела, што вы да поўначы нагаварыцца не можаце! Мабыць, і ў вас, Якаў, жалоба, што вы на вячоркі не ходзіце.

— А ў вас і жалоба, а вы ходзіце,— мякка папракнуў Якаў.

Алена пачырванела.

— Я на вячоркі не хаджу... Я да суседкі Лісаветы. І яна адна, і я, от нам удзвюх і весялей. А вы ж можаце хадзіць у гурт, на сапраўдныя вячоркі.

— Не, Алена, не магу.

— Чаму?

— Не вельмі я патрэбны на вячорках.

Алена зірнула на яго са здзіўленнем.

Недурная дзяўчына, яна падсвядома адчувала, што да гэтага Халуставага парабка — чыжэвіцкага мужыка — далёка не толькі Юзіку Грому, але і ўсім малінаўскім кавалерам, і яму сумна на малінаўскіх вячорках. Алене вельмі хацелася, каб Якаў зацікавіўся ёю. Першы зразумеў гэта Іван, і неспакушанае яго сэрца шчымела ад нязнанага болю. Паступова, калі яна знарок пачала прыходзіць ад Лісаветы раней, каб застаць Якава, зразумеў гэта і Андрэй. Ён абурыўся. «Павук,— думаў ён,— тчэ сваю павуціну, мяркуе, што кожны ў ёй заблытаецца. Глядзі, сястра! Многа на сябе бярэш, сама яшчэ заплачаш!»

Аднак нечакана Алена яго здзівіла. Аднойчы ў суботу вечарам, калі Іван пайшоў у Чыжэвічы, а Якаў у маёнтак, Андрэй быў дома адзін. Ён чытаў «Анну Карэніну». Калі прыйшла Алена, ён нават галавы не ўзняў ад кнігі, а Алену нешта зацікавіла. Яна падышла да стала і, нібы папраўляючы абрус, якім быў накрыты хлеб, нахілілася над кнігай.

— А-а! Анна Карэніна! — мімаволі вырвалася ў яе.

Андрэй імгненна ўзняў галаву.

— Ты што? Чытала?

— А хіба няможна? — з выклікам запытала яна, і чырвань заліла яе твар.

— Чаму няможна! Можна, але нашто чытаць хаваючыся! Калі ты чытала гэтую кнігу?

— Тады, калі ты ў гумне малаціў.

— Мо і да Талімонавай Лісаветы насіла?

Алена крутнулася і адышла ад стала.

— Не зліняла твая кніга. Ды і не твая яна, а Якава.

— Глядзі ты ў мяне,— без злосці, але з неймаверным здзіўленнем прамовіў Андрэй.

— Чаго там глядзець! Хіба мне нельга чытаць кнігі?

— Чаму гэта нельга! Але ж ты заўсёды смяялася з мяне і Івана, што кнігі чытаем. То я думаў...

— Не было чаго думаць.

— Дык ты... мо і іншыя кнігі чытала?

— А табе што? «Антона Гарамыкі» ды «Дзярэўні» не чытала, не бойся.

— І дарэмна. Варта было пачытаць.

— Што захачу, тое і пачытаю. Кнігі не твае, а Якававы і Іванавы.

Андрэй змоўчаў, бо сварка магла разгарэцца ўраз. Алена была гатова да яе. Варта было Андрэю сказаць адно грубае слова, і ён атрымаў бы назад па меншай меры сотню.

Пры першай сустрэчы з Якавам Андрэй расказаў яму пра сястру. Якаў спачатку ўсміхнуўся, потым задумаўся.

— Не ведаю, што прынясе Алене чытанне, дабро ці зло. Добра, каб дабро, і вельмі дрэнна, калі зло. Іншым людзям чытанне прыносіць не карысць, а шкоду... Вось я і думаю: пачне дзяўчына марыць пра тое, да чаго не зможа дапяць, пачне пра сябе многа думаць, вечна будзе жыць кніжным жыццём, жыццём раманаў, выдумкай. Каб яна чытала не толькі пра любоў, але і пра таго самага Антона Гарамыку, дык, бачыш, такія кнігі ёй не падабаюцца. Яна хоча салодзенькага... Аднак, Андрэй, мы з табой нічога ўжо не зробім. Чытаць яна пачала, няхай чытае. Толькі хавай ад яе тыя кнігі, якія я даю табе асабіста. Каб яна іх не знайшла.

— Не знойдзе. У хаце я іх не хаваю.

Потым Алена паказала Андрэю яшчэ большы фокус. Гэта было ў нядзелю. Андрэй накарміў у абед худобу і пайшоў у хату. Калі ён увайшоў у сені, то ўбачыў, што дзверы ў хату толькі прычыненыя, а ў хаце Алена з некім гаворыць. І гаворыць на чыстай рускай мове. І тое, што яна гаворыць, Андрэю было незразумела. Ад нечаканасці ён спыніўся і пачаў слухаць. Што гэта? З кім яна гаворыць? Хто такі з’явіўся сёння ў яго хаце? Ён паціху зірнуў у шчыліну між вушаком і дзвярыма і ўбачыў... што Алена ў хаце адна і што гаворыць яна... з люстэркам! Андрэй аслупянеў. Раптам яго разабраў смех: Алена любавалася ў люстэрку сама сабой. Яна сачыла, як выглядае яе твар, калі яна з кімнебудзь размаўляе. Яна дэкламавала цэлыя ўрыўкі з «Дваранскага гнязда» Тургенева: на розныя лады паўтарала фразы, надаючы свайму прыгожаму тварыку розныя настроі, адлюстроўваючы розныя пачуцці. Яна была то злоснай, то сур’ёзнай, то пагардлівай, то ласкавай, то гнеўнай. І гэта ёй удавалася. Андрэй са здзіўленнем наглядаў за ёю. «Ты вялікая дурніца і вялікая прытворшчыца,— думаў ён пра сястру.— Колькі ў цябе самаўлюбёнасці...» Аднак ён не мог не захапляцца. Гэтакая памяць! Няўжо яна завучвала тыя ўрыўкі, якія цяпер дэкламавала?! Не, на гэта не было ёй часу, бо, каб яна не напрала столькі, колькі трэба напрасці за дзень, маці ёй не даравала б.

Некалькі разоў Андрэя памыкала ўварвацца ў хату нечакана для сястры, захапіць яе на месцы, але ён стрымліваў сябе. Гэта было б вельмі жорстка, і ведаў Андрэй, што яна гэтага яму ніколі не даруе. Не, не! Трэба неяк адступіць, каб яна не здагадалася нават, што ён бачыў, як яна выкручваецца каля люстэрка. Але нешта трымала яго каля дзвярэй. Вось яна гнеўная, а вось пакрыўджаная, потым вясёлая, пяшчотная... «І гэта ты любіш Юзіка Грома! Што ты ў ім убачыла, што цябе захапіла? Хіба гэты абух, паўдзікун варты цябе! Адумайся, сястра, прыгледзься да яго лепш, тады цяплей і ўтульней будзе ў нашай хаце...» Што за чорт! Шпарыць на памяць цэлыя старонкі.

Доўга наглядаў Андрэй за сястрой, тады паціху адступіў да дзвярэй, што з сянец выводзілі ў двор, адчыніў іх, знарок моцна бразнуў і вылаяўся. Тады увайшоў у хату. Алена расчэсвала валасы і зірнула на Андрэя як нічога і не было. Такім жа позіркам адказаў і Андрэй. Ён сеў каля стала, дастаў з покуці кнігу, разгарнуў яе, але чытаць не мог. «Дык от, сястрыца, абодвух нас выхоўваюць мужыкі. Якаў Шэмет і Іван Аўсянік. Прывучылі чытаць кнігі і думаць. Што ты на гэта скажаш? Толькі не на дабро, не на карысць пайшло табе гэтае чытанне. Якаў што ў ваду глядзеў». Андрэй зірнуў на сястру. Яна сядзела непрыступная, калючая, як вожык з натапыранымі іголкамі, гатовая з першага слова рынуцца ў бойку. І Андрэй падумаў, што не ведае, што за чалавек яго сястра. Ці чакаў ён ад яе таго, што ўбачыў сёння? Ніколі. А цяпер зразумеў, што хаваецца ў ёй. Толькі нездаволенасць, злосць, можа нават нянавісць? А магчыма — ёсць у ёй і нешта іншае, лепшае, добрае... Адно толькі ведаў Андрэй, што лепшага і добрага Алена ніколі не раскрые перад ім, пакуль жыве ў яго хаце.


РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ[правіць]

Тым часам жыццё ў маёнтку ішло поўным ходам: малоў млын, бровар гнаў спірытус, у гумне парабкі канчалі малацьбу, свінаркі адкормлівалі парсюкоў, даяркі даілі кароў, у сыраварні рабілі сыры. Зусім бы цяпер лёгка і весела жылося Гендарсану, каб не Эльза. Калі дачка паехала ў Пецярбург, аканом хадзіў як аглушаны. Ён нават трохі пацішэў, пачаў менш лаяцца. Позірк яго пасумнеў, і на сэрцы не было спакою. Яму было крыўдна, што дачка не захацела лічыцца з яго жаданнямі; акрамя таго, ён сумаваў без яе і баяўся, што яна загіне ў чужым, незнаёмым рускім горадзе. Інга таксама сумавала і баялася. Гендарсан не мог глядзець на яе вечна кіслы, заплаканы твар, так ён псаваў яму настрой. Дамоў не хацелася ісці. Дурная баба не думае, што дачка скасавала ўсе бацькавы планы, а Гендарсана гэта хвалявала больш за ўсё. Цяпер не магло быць і думкі пра слуцкага зубнога доктара, а яны ж амаль дамовіліся. Праўда, адзін на адзін і трохі п’яныя, але хіба гер Пфэрдсан забыў пра гэта! О не! Як жа цяпер глядзець яму ў вочы! Сорам, сорам!.. Калі гэта было, каб немцы не трымалі слова? А ён не стрымаў.

Гер Шварцкопф аказаўся добрым механікам. Машына ў млыне ідзе, як спраўны гадзіннік. Зусім бы добра было, каб Эльза стала жонкай гера Пфэрдсана. Тады і гер Шварцкопф даводзіўся б аканому нейкай раднёй. Хіба гэта дрэнна? І от усё пайшло прахам... Аднак Гендарсан быў не такі чалавек, каб розныя непрыемнасці доўга трымаць блізка ля сэрца. Ён ведаў, што жыццё ідзе наперад і спыніць яго нельга, таму трэба ісці за жыццём, а калі іншы раз і аглянуцца назад, то толькі для таго, каб не паўтараць памылак, якія зрабіў раней. Аканом не ўлічваў толькі аднаго: што старыя памылкі паўтараюцца вельмі рэдка. Звычайна чалавек, баючыся паўтарыць старую памылку, робіць новую, яшчэ глыбейшую.

Кожны вечар, абышоўшы ўсе службы ў маёнтку, Гендарсан ішоў дамоў у нейкай меры ўсцешаны, таму лагодны і спакойны. Тады ў яго з’яўлялася жаданне разважаць, па-свойму філасофстваваць. «Заўсёды бывае так,— думаў ён,— чалавек сустракае ў жыцці і нягоды і радасці. Была паласа нягод: бульбяны бунт, прастой млына, але з намі бог! Усё гэта кончылася, прайшло і, калі дасць бог, ніколі больш не вернецца». Гендарсан лічыў, што яму шанцуе ў жыцці. Няшчасці яшчэ ніколі не збівалі яго з ног так, каб ён не мог падняцца зноў.

Заўсёды, падыходзячы да свайго флігеля, Гендарсан ведаў, што яго чакаюць цёплы, утульны пакой, смачная вячэра і мяккі ложак. Яго агортвала замілаванне. Ах, каб Інга была не такая дошка і трохі маладзейшая! Каб яна, нарэшце, менш плакала, бо яе слёзы атручвалі яму настрой. Аканом адчуваў, што яму патрэбна мякчэйшая і цяплейшая жанчына, чым гэтая плакса Інга. Ён ведаў, што яна сустрэне яго, як і іншыя разы, са скрыўленым мокрым тварам, чырвонымі мокрымі вочкамі. Няўжо яна не разумее, які непрыгожы становіцца яе твар пасля гэтых слёз!

У той вечар выйшла якраз наадварот. Як толькі Гендарсан увайшоў у кухню, жонка кінулася яму насустрач такая вясёлая і імклівая, якой не была ўжо не менш як дзесяць гадоў. Яна абхапіла мужа, абняла і пацалавала.

— Пауль! Мой дарагі Пауль! — задыхаючыся, лепятала яна.— Наша Эльза... Наша дарагая дачка... Яна, дарагі Пауль, прыслала нам пісьмо! Ах, Пауль... Яна, дарагі Пауль...

— Дзе яно? — коратка запытаў Гендарсан.

Інга кінулася да стала, потым да пісьмовага бюро, потым да шафы. А Гендарсан сядзеў, нецярпліва чакаў і думаў, што жонка яго і сапраўды крыху звар’яцела, калі не можа знайсці ліст, які нядаўна чытала.

Гендарсан надзеў акуляры, сеў каля стала і пачаў чытаць. І па меры таго, як ён чытаў, твар яго праясняўся, цяплеў і святлеў.

— Гут! — прамовіў ён нарэшце.— Гут, мая дарагая Інгеборг! Наша Эльза вучыцца ў Пецярбургу! Яна будзе выкладчыцай у гімназіі! І яна сабе знойдзе харошага мужа!

У гэтую хвіліну Гендарсан зразумеў, што нейкі там няшчасны зубны доктар са Слуцка, які наймае балагола, калі яму трэба некуды паехаць, не варты быць мужам яго дачкі.

— О, Пауль! — застагнала шчаслівая Інга.— Што гэта за школа, дзе вучыцца наша Эльза? Я не чула пра такія школы.

Гендарсан зноў разгарнуў ліст, знайшоў тое месца і задумаўся.

— Гэта называецца курсы, Інгеборг. Бястужаўскія курсы.

— Я не разумею, Пауль.

Гендарсан не мог прызнацца жонцы, што і ён не разумее. Трэба было трымаць сябе на вышыні, і ён сказаў:

— Гэта такая школа. Называецца курсы.

— Тут усё не так, як у нас дома, Пауль.

— Тут усё інакш,— пацвердзіў Гендарсан.

Так доўга разважалі яны і не маглі здаволіцца. На некаторы час Гендарсан забыў і пра вячэру. Але якая ні цікавая была гаворка, яна кончылася. Інга прынесла на стол вячэру і пузатую бутэльку са старкай. У апошні час Гендарсан не дазваляў сабе больш за кілішак, піў толькі дзеля апетыту і сну, але сёння ў яго быў не такі настрой, каб абмежавацца кілішкам. Аднак не паспеў ён сесці за стол, як загрукалі дзверы, і ў пакой, як і заўсёды без дазволу, уваліўся Гарбаты Ясь. Гендарсана адразу скаланула, калі ён убачыў каля дзвярэй злавесную пачварную постаць Гарбатага. Гэты чалавек ніколі не прыходзіў да яго з добрымі весткамі, і аканом падумаў, што ў млыне зноў нейкае няшчасце.

— Э-э-э... Што там ест, э-э? — запытаў ён, ледзь не страціўшы мову.

— Нічога, пане,— панура адказаў Гарбаты.— Пагаварыць прыйшоў. Бо днём вас дома не застанеш і на вуліцы не зловіш, ды мне няма калі лавіць. Хіба на вуліцы ўсё скажаш!

— Ага! — узрадаваўся аканом, адчуўшы незвычайную лёгкасць. Ён выцер на лбе халодны пот і ад радасці запрасіў Гарбатага за стол. Той не прывык адмаўляцца. Інга хоць і не разумела мовы, але як убачыла Гарбатага за сталом, то прынесла другі кілішак і другі прыбор.

Выпілі і закусілі моўчкі. Тады Гарбаты пачаў гаворку.

— Я от чаго прыйшоў, пане. Я не прасіў, каб мяне паставілі ў млын. Мне і падвальным было няблага. А калі паставілі, то хіба я ад вас нешта хаваў ці хаваю? Не даю вам даходу? Усё кладу ў сваю кішэню, а вас абыходжу?

— Я вас не разумейт,— прамовіў азадачаны аканом.

— Як гэта не разумееце? То нашто вы ставіце нада мной вашага механіка, каб ён цікаваў за мною, падглядаў, сачыў, не раўнуючы, як за злодзеем?

Гендарсан вылупіў вочы.

— Я яго не ставіль!

Гарбаты не паверыў.

— Калі ён пастаўлены глядзець за машынай, каб яна спраўна ішла, то няхай глядзіць. Я ж не лезу ў яго машыну, не папраўляю яму. То чаму ён увесь час тырчыць у млыне, а каля машыны нікога няма? Хіба яму там холадна? Нельга каля топкі пагрэцца? А ён увесь час не вылазіць з млына, сочыць, як я важу, вучыць: «Тут не так, там не гэтак».

— Ён ест швіня! — закрычаў Гендарсан.— Я яму паказайт!

Твар аканома зрабіўся такі злосны, выгляд такі ваяўнічы, што Гарбаты паверыў: аканом не прыкідваецца.

— А я, пане, думаў, што вы знарок падаслалі яго, каб падпільноўваць мяне. То хіба гэта добра, пане? То я лепш з млына пайду, бо я вам не жадаю зла. Вунь цяпер Платон у мяне робіць тое, што я яму скажу: насыпае мяхі, носіць іх, на вагу кладзе...

— Я знайт Платон Шабунь.

— З такім і рабіць добра. Ён ведае сваё месца і не пхае носа куды не трэба. А гэты ваш механік з Рыгі, бо ён кожны дзень хваліцца, што ён з Рыгі, нібы тая Рыга недзе на небе, блізка каля бога, то з ім рады няма! Ён жа вечна ў млыне. Я не ведаю, хто там за яго пільнуе машыну? І як яна дагэтуль яшчэ не стала?

Аканом пабялеў.

— А мне што там тая Рыга! Ведаем мы не толькі Рыгу, а трохі больш.

— Я паб’ю яму ўвесь морда! — закрычаў Гендарсан.

— Морду можна і не біць! — прамовіў узрадаваны Гарбаты.— А ўшчунуць трэба.

— Што такое ест «ушчунуць»?

— Трохі палаяць, выгаварыць усё як след. І загадаць строга, каб пільнаваў не вальцаў, а машыну.

— Гэта ест добра.

«У, свіння гладкая! Морду ад’еў,— падумаў Гарбаты.— «Што такое есть «ушчунуць»?» Але пачакай трошкі, я табе зараз яшчэ не такое падсуну».

— Добра то добра, пане, але я вам яшчэ от што скажу,— гаварыў далей Гарбаты.— Скажыце, няхай гэты механік з Рыгі добра пільнуе машыну. Бо гэта не жарты, пане. Па-мойму, не сама яна псуецца, а яе нехта псуе.

— Як гэта ест псуе? — спалохаўся аканом.

— Нехта порціць знарок.

— Хто есть такі? Хто смейт такую штуку?

— Ціха, пане. Я вам не скажу пра гэта дакладна. Але, пане... Я, пане, не веру Станіславу Вярбіцкаму.

— Станіслаў Вярбіцкі ест лепш механік!

— То ж і бяда, што ён лепшы механік за гэтага механіка з Рыгі. Ён што захоча, тое і зробіць, а гэты дурань з Рыгі будзе глядзець на машыну, як авечка на гадзіннік, і нічога не разумець.

— Не можа так быць...

— Можа я і памыляюся, пане, але машыну пільнаваць трэба. І не верыць Станіславу Вярбіцкаму. І гэтаму Паўлу Квітуну нельга. І нікому, пане, нельга. Цяпер не такі час. Успомніце, пане, восень і цану на бульбу і як млын стаяў колькі часу. Таму скажыце партачу з Рыгі, каб пільнаваў машыну, каб не адыходзіў ад яе і не лез туды, дзе працуюць вальцы.

Гендарсан глыбока задумаўся.

— Гут,— прамовіў ён.— Добра. Я яму сказайт.

У тую ноч ён доўга не спаў, успамінаючы ўсе падрабязнасці таго часу, калі стаяў млын, як пагражаў яму Вярбіцкі, што пойдзе з маёнтка, як гаварыў пра Шэмета, аднак ні да чаго не дайшоў. Каб ён умеў думаць лагічна, то з усіх падзей зрабіў бы нейкі вывад. Але вывад не атрымаўся, толькі разабрала злосць на гера Шварцкопфа.


Вечарам Станіслаў Вярбіцкі чакаў Паўла Квітуна, Платона Шабуню і Міхаля Рожку. Павінен быў прыйсці і Якаў Шэмет. Яму паведамілі раней. Станіслаў быў у Слуцку, прывёз новыя матэрыялы; трэба было пагаварыць з таварышамі, сёе-тое абмеркаваць. Ядвігу ён цяпер не выпраўляў з хаты, яна была разам з імі, хоць голасу ніколі не падавала.

Здарылася так, што Якаў Шэмет прыйшоў першы.

— Рана табе ўдалося вырвацца сёння ад свайго жываглота,— прамовіў Станіслаў, вітаючыся.

— Папрасіў Юзіка, каб управіўся без мяне. «Да дзеўкі бяжыш у маёнтак?» — пытаецца.— «Да дзеўкі, Юзік».— «Ну, то ідзі». Стары д’ябал цяпер мала бывае дома. Усё ездзіць то ў Старочын, то ў Слуцак. Няма дома і сёння. Адчуваю, што Юрку Хмялеўскага чакае бяда.

— Захацеў гаспадаром быць, з маёнтка ўцёк,— задумліва прамовіў Станіслаў.— Гаспадаром! Якое страшнае слова!

Якаў маўчаў. Закурыў. Настрой яго быў вельмі дрэнны: не то што дрэнны — безнадзейны.

— Не ведаю, Стась, як даслужу свой тэрмін у гэтага гада... не толькі таму, што цяжка рабіць, але я зненавідзеў яго. Глядзець не магу.

— Патрымайся трохі, Якаў. Выцягнем мы цябе адтуль, калі не здарыцца горшае.

— Вайна?

— Вайна, Якаў.

— Яе не мінеш... А я, Стась, не ведаю, калі цяпер буду ў вас. Пачалі вазіць сена, а дарога такая, што дамоў прыязджаеш як нежывы.

— Ведаю, Якаў. Ты раскажы пра сваю Малінаўку. Ці ёсць там людзі, з якімі можна хоць пагаварыць?

Якаў ажывіўся.

Ядвіга сядзела каля печы, пляла Стасю цёплыя пальчаткі і раз-пораз паглядала на Якава.

«Прыгажун, бяда жаночая, што з табой стала? Схуднеў, змізарнеў, толькі вочы блішчаць...» Успомніла, нашто грэх таіць, падабаўся і ёй Якаў... Тады яна малодшая была, а Якаў зусім маладзенькі. Калі ён запрашаў яе на танец, яна чырванела, як дзяўчынка... Не, яна любіла свайго Стася, заўсёды любіла, а от Якаў ёй падабаўся... Бывае так ці не? Ох, бывае, ды яшчэ як бывае... Яна цяпер глядзела ў яго глыбокія вочы, на яго шырокі лоб, перакрэслены маршчынамі, як у старога, і думала: «Ой, хлопчык... Сохнеш ты не толькі ад працы ў Халусты і ад яго благога харчу... Далібог, ты дзяўчыну маеш, і яна цябе сушыць».

— Есць, Стась, ёсць адзін цікавы шляхціц. Я ў яго іншы раз бываю, гаворым падоўгу. Каб у мяне было больш часу, то к вясне быў бы ён у нашай групе.

— Цікава. У яго ёсць нейкія погляды?

— Ніякіх. Ёсць нешта ад анархізму і ад эсэрства. З ім трэба многа працаваць. Ён шмат чытае цяпер. Але гэта не мая заслуга. Чытаць яго прывучыў парабак Іван Аўсянік з Чыжэвіч.

— Ты гаворыш пра Андрэя Сташэвіча?

— Пра яго.

— Ты часцей з ім сустракайся. Трэба, каб ён быў з намі.

— Я спачатку не разгледзеў яго як след. Здавалася, што ў яго вельмі многа шляхецкага гонару. Ён вельмі калючы, не ведаеш, як да яго падысці. Але я пачаў даваць яму забароненую літаратуру.

— Ці не паспяшыў ты, Якаў?

— Не, Стась, спазніўся. Трэба было раней звязацца з ім.

— Добра, Якаў. Перш за ўсё не пакідай яго без увагі. У нас мала людзей, і, хто ведае, калі пачнецца вайна, хто з нас астанецца на месцы?

Тым часам пачалі збірацца хлопцы. Гаварылі пра жыццё ў маёнтку. Якаў курыў цыгарку за цыгаркай і думаў. Думаў, што з таго часу, як наняўся парабкам да Халусты, то і не жыў. Работа бясконцая, жыццё тупое, толькі што іншы раз вечарам да шляхецкіх дзяўчат сходзіш. Успаміналіся тыя дні і вечары, калі тут у маёнтку быў, у сваіх хлопцаў. Ён мог прызнацца сабе, што зайздросціў ім. Яны жылі і змагаліся, як маглі і ўмелі, а ён тырчаў у Малінаўцы, забытай богам і людзьмі, як пахаваны жывым. І недагледзеў, не зразумеў, што і ў Малінаўцы ёсць людзі, якія маглі б стаць яго аднадумцамі. Дык што ж! Хіба цяпер пакаяцца перад таварышамі? Якая ад гэтага карысць! Цяпер трэба не спаць у шапку ды закасаўшы рукавы рабіць.

Ад Волькі з самай восені не атрымаў ніякай весткі. Чаму яна не адгукнецца? Страшная думка ўспыхнула ў галаве: мо арыштавалі? Не, ён бы пра гэта ведаў, паведамілі б таварышы... Зноў яго ўзяла зайздрасць. Не толькі ў горадзе — тут, у маёнтку, сябры змагаюцца, а ён, Халустаў парабак, толькі іншы раз лаецца са сваім страшным гаспадаром. «Дзе ты, Волька? Чаму не падасі голасу, мая настаўніца?»

«Што гэта са мной? — падумаў ён, калі безнадзейнасць і сум пачалі адступаць назад, даючы месца новым думкам.— Не, так нічога не будзе, Якаў Шэмет! Страсяніся трохі!»

Нарэшце прыйшоў Павел Квітун, які па нейкай прычыне спазніўся. Якаў толькі тады падняў галаву, калі павітаўся з ім.

— Аб чым ты задумаўся, Якаў? — запытаў Станіслаў.— Я ўвесь час на цябе гляджу. Ці не захварэў?

— Не, Стась. Проста, як ты кажаш, задумаўся. Успомніў сёе-тое...

— Разумею. Не бядуй, таварыш! Не бядуй! Мы з табой яшчэ пагаворым. А ты, Павел, што сёння надта вясёлы? — звярнуўся ён да Квітуна.

— Усё ты прыкмячаеш.

Платон Шабуня прамовіў не вельмі ласкава:

— Яму ёсць чаго весяліцца.

— «Не искушай меня без нужды...»

— Ты ўжо і гаворыш так, як у Эльзіных кнігах напісана.

— Гэта кнігі ўжо не Эльзіны,— строга прамовіў Станіслаў.— Гэта кнігі нашы. Забудзь пра гэта і нідзе не кажы, што ты чытаеш Эльзіны кнігі.

Платон змоўк.

— Ну дык раскажы, Павел, што цябе развесяліла?

— Ды не развесяліла. Ліст атрымаў з Пецярбурга ад Эльзы.

— Малайчына Эльза! — задумліва прамовіў Станіслаў.— Што яна табе піша, калі не сакрэт?

— Які там сакрэт? — Павел выняў з кішэні ліст.— На, пачытай уголас.

Эльза пісала, што жыве ў Пецярбургу. Ёй удалося паступіць на Бястужаўскія вышэйшыя жаночыя курсы на славесна-гістарычнае аддзяленне. Што яна, калі кончыць курсы, то зможа быць выкладчыцай у жаночых гімназіях. Што жыве яна на Васільеўскім востраве, займае каморку з адной сяброўкай. Што яна ўжо знайшла некалькі прыватных урокаў у багатых сем’ях і цяпер жыве на сваім хлебе. Што сяброўка, акрамя прыватных урокаў, выкладае вечарамі ў адным рабочым гуртку і што Эльза па рэкамендацыі сяброўкі таксама стане такой выкладчыцай.

— Ну, хлопцы, малайчына, аднак, гэтая Эльза і сяброўка яе! — з захапленнем прамовіў Якаў і ўспомніў Вольку, такую ж самую выкладчыцу рабочай вячэрняй школы.

— Добры ліст, Платон! — звярнуўся Станіслаў да Шабуні.— А ты быў нездаволены.

— Чытай далей,— непрыветна адказаў Платон.

— А далей можна і не чытаць...— прамовіў Павел.

Платон зірнуў на яго з пагардай.

— Чаму ж не чытаць? — запытаў Станіслаў.— Ты ж сам загадаў чытаць уголас!

— Ды чытай! Толькі гэты!..— Павел кіўнуў на Платона.— Але што ён разумее.

Далей Эльза пісала, што ніколі не забудзе таго вечара ў асеннім садзе і таго вечара, калі яна аддавала Паўлу кнігі. У канцы яна пытала, ці чытаюць тыя кнігі, і перадавала прывітанне ўсім Паўлавым сябрам.

— Цудоўны ліст! — прамовіў Станіслаў.

— Вядома! Калі яна не забудзе тых вечароў...— пачаў Платон.

— Ну як забыць!— перабіў яго Станіслаў.— Яны ж цалаваліся ў тым асеннім садзе...

Усе зарагаталі.

— Ну, даволі, таварышы,— нарэшце прамовіў Станіслаў.— У нас яшчэ шмат гаворкі. А ты, Павел, адпішы Эльзе, перадай прывітанне ад усіх нас.

— І яе сяброўцы,— дадаў Якаў.

— Так, і яе сяброўцы,— пацвердзіў Станіслаў.— А цяпер бліжэй да справы. Я атрымаў дадатковыя матэрыялы другога з’езда РСДРП аб рабочым і сялянскім руху ў апошні час, аб задачах арганізацыі РСДРП. Я павінен звярнуць вашу ўвагу на тое, што цяпер ідзе вельмі сур’ёзная барацьба між бальшавікамі і меншавікамі за ўплыў на рабочых і сялян. Наша група адразу стала на шлях Леніна, а не на шлях Мартава, але мы вельмі мала чаго зрабілі. Трэба канкрэтна вырашыць, што мы павінны зрабіць, абмеркаваць нашы задачы на бліжэйшы час.

Абмеркаванне цягнулася доўга. Усім было зразумела, што іх маленькая група і не магла зрабіць многа, аднак сярод сялян можна было весці агітацыйную работу, а яна, па сутнасці, не вялася. Група не вырасла, і ў гэтым вінаваты ўсе. Асцярожнасць у падборы людзей мяжуецца са страхам. Асцярожнасць, вядома, добра, а страх вельмі дрэнна. Сярод жанчын ніхто не працуе, а іх у маёнтку многа.

Калі дайшло да работы сярод жанчын, слова ўзяў Якаў.

— А Ядвіга як? Яна не член нашай групы?

— Афіцыйна не член.

— Як гэта афіцыйна? Яна прысутнічае на нашых нарадах, то чаму яна не член нашай групы? Як ты сама думаеш, Ядзя?

— А я — куды вы... Хіба я астануся без Стася, без усіх вас. Вы мо думаеце, што я не гавару з жанчынамі? Я ж кожны дзень то ў свінушніку, то ў кароўніку, то ў сыраварні...— яна пачырванела.— А вечарамі ў бараках бываю...

— А мне нічога не кажаш...— збянтэжана прамовіў Стась, які гатовы быў абняць жонку.

— Бо ты не пытаеш. Калі ўвосень ты сказаў...

— Усё,— прамовіў Якаў, які зразумеў, што трэба ўмяшацца.— Ядвізе мы аддаём работу з жанчынамі.

Потым вырашана было прыцягваць у групу новых членаў, і кожны атрымаў асабістае заданне. Якаву даручылі работу ў Малінаўцы, Паўлу — у Чыжэвічах.

Потым Станіслаў і Якаў выбралі кнігі для Андрэя Сташэвіча.

На адыходзе Станіслаў аддаў Якаву невялікі пакет з сіняй паперы, і Якаў пазнаў почырк Волькі. Сэрца яго затрапяталася.

— Чаму ты не аддаў мне яго адразу?

— Каб ты ў час нашай гаворкі не думаў пра Вольгу.

Якаў забраў кнігі і пайшоў. Час быў далёка за поўнач. Чорнае зімовае неба зіхацела тысячамі зорак. Пад нагамі свістала і спявала ўбітая гладкая дарога. Убілі яе і згладзілі мужыкі, возячы ў маёнтак бульбу. Якава цяпер не палохала нішто, нават тое, што доўга прыйдзецца стаяць каля дзвярэй Халуставага дома і стукаць, пакуль адчыніць Юзік Гром, бо глухая служанка не пачуе, а крывая Настуля нават тады б не адчыніла, калі б ён паміраў каля яе парога. І ён падумаў, што кожнаму чалавеку трэба хоць кропелька асабістага шчасця.


РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ[правіць]

Зіма была і сапраўды вузлаватая, з маразамі і страшэннымі завеямі. Завірухі бушавалі па некалькі дзён. Уся малінаўская вуліца была засыпана снегавымі гурбамі. Кожную раніцу расчышчалі двары, каб дабрацца да хлявоў. Было, што малінавец, устаўшы рана, адчыняў дзверы, а на двор вылезці не мог, бо снег ляжаў вышэй страхі. Асабліва не шанцавала Мартыневічаваму двару. Да яго варот намятала столькі снегу, што ён нарэшце не здолеў ваяваць з ім і пачаў ездзіць у двор не праз вароты, а поверх. Гарасімаву хату ледзь не зусім засыпала, толькі тырчала страха з комінам.

Вазілі з Волі сена, і гэта было не так лёгка, як у мінулыя гады. Кожны дзень трэба было нанова праціраць дарогу. Па сена выязджалі задоўга да світання і вярталіся позна вечарам. У дарозе часта куляліся вазы, ламаліся аглоблі, трашчалі дугі, прыставалі коні. Ехаць з вазамі па адным ніхто не адважваўся, бо пры няшчасным выпадку можна было прабыць у дарозе цэлую ноч. Хіба адзін падымеш воз, калі ён перакуліўся? А калі, барані бог, ён яшчэ і раз’ехаўся і яго трэба перакладаць? Або калі зломіцца дуга ці аглобля? Акалееш за ноч разам з канём, а завіруха навее над табой курган. Андрэй ведаў такую бяду і заўсёды браў з сабой запасную дугу і аглоблю.

Завея пераняла вазакоў на паўдарозе. Дарога была цяжкая, снег пад палазамі рассыпаўся, як пясок. Пачало змяркацца, і ўзняўся вецер. Мужчыны падганялі знясіленых коней. «Ну, будзе бяды,— думаў Андрэй, ідучы за сваім возам.— Да дому яшчэ ехаць ды ехаць...» Вецер усё мацнеў, нарэшце расхадзілася шалёная завіруха. Стала не відно белага свету, выў і скавытаў вятрыска, імкліва кружыўся снег, які ўзрывала з зямлі нейкая шалёная сіла.

Завіруха застала ў дарозе адзінаццаць падвод. Сярод іх былі і Халуставы. На дзвюх ехалі Юзік з Якавам ды Нарбутовіч з Мартыневічам вязлі Халусту за малацьбу два вазы сена. Пракляў Лявон Нарбутовіч і малацьбу, і малатарню, і сваю дурноту. Нічыпар Мартыневіч толькі маліўся і плакаў. Падумаць толькі: свайго сена на Волі многа, а ты вазі Халустава. Каб людская зіма была, то ліха яго бяры, хапіла б часу і сваё перавезці і гэтаму гаду памагчы, а тут такая бяда. Было, што за тыдзень і тры разы на Волю не з’ездзіш. Ускруціцца такая завея, што з хаты носа не выткнеш. А ў хаце якая работа! Хіба толькі што худобу дагледзець або лапці сплесці. Нават у лес, у свае Маргі не праб’ешся, каб лішнюю галіну з хвоі адсекчы ці якую крывуліну або сухастоіну зваліць...

Калі ўзнялася мяцеліца, Нічыпар усхліпнуў. «Божа мой, божа,— шаптаў ён пасінелымі ад холаду губамі. — Што гэта будзе... Каб не Лявон, то я ніколі б не ўлез у такую бяду... Ратуй нас, святы божа, бо загінем мы тут...» Вецер круціў снег з такой сілай, што ўвесь свет быў белы, як малако, за тры крокі нічога не відно; вазы, якія былі поруч, віднеліся як праз туман.

Юзік Гром ехаў пярэдні. Ён пацягнуў пугай сваю гладкую кабылу, яна рванулася і пайшла поўнай хадой, за ёй пасунуўся Нарбутовічаў конь. Мартыневіч не хацеў адставаць. Ён падганяў сваю Чорную, дужую, але ляную кабылу, тузаў лейцамі, цмокаў, крычаў, але яна не слухалася.

Андрэй з Іванам ніколі не стараліся ехаць наперадзе. Не такія ў іх былі коні, каб церці дарогу заднім. Але і ззаду аставацца Андрэй не хацеў. Лепш за ўсё ехаць у гурце, бо калі здарыцца якое няшчасце, то хоць пярэднія і паедуць не аглянуўшыся, затое заднія памогуць. Так ехалі яны і той раз услед за Якавам Шэметам. Ззаду за падводамі Андрэя ехаў Сымон Ашакевіч на сваёй Пярэстай, потым Ян з Тамашом, а за імі Талімон з сынам Адамам. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. У выпадку чаго можна ўтрымаць рубель, каб воз не перакуліўся, або падапхнуць ззаду, калі на гору прыстане конь.

Сымон Ашакевіч забег наперад свайго воза, каб ісці поруч з Андрэем. Пярэстая пачула наперадзе свайго гаспадара і пацягнулася да яго мызай.

— Нічога, мо неяк дацягнемся,— сказаў ён, як разумнай істоце.

— Дацягнемся, вядома,— адказаў Андрэй, падумаўшы, што Сымон гэта кажа яму.

— От бачыш,— сказаў Сымон,— што значыць, калі добрыя коні. Гром і Лявон ужо недзе каля засценка, а мы на сваіх бог ведае калі дапаўзём. Як жа гэта Нічыпар ды Якаў ззаду асталіся?

— Нічыпар не астаўся б, ды кабыла стамілася. А Якаў-то, мабыць, і сам не паехаў бы за імі. Я чуў, як ён на Мартыневіча крычаў.

— Ты думаеш, што яны не кінулі б цябе або мяне аднаго ў такую завіруху? — сказаў Сымон.

— Нават не азірнуліся б, зладзеі. Але я на іх плюнуць хачу. Вазы я кладу, мяркуючы па дарозе: добрая дарога — большы воз, а такая, як сёння,— меншы.

І мае коні цягнуць. Ды і твая Пярэстая не прыстане.

— Мая кабыла цягавітая... Але ж і завея, каб на яе халера... Толькі кабыла ў мяне аўса мала бачыць, ды і канюшыны я не так многа маю. А што ўжо цягне, то кожны дзень. Няма ёй адпачынку, як Халуставым коням... Жарабё трэба, Пярэстая ўжо немаладая. Дык дзве загваздкі замінаюць... Ну, заўтра нідзе ні следу не будзе...

— Заўтра, калі і завіруха сунімецца, то ўсё роўна трэба даць адпачыць коням. А якія ў цябе загваздкі?

— Чым я буду карміць парку коней? Пакуль жарабё канём стане, яго карміць трэба. Ну, нешта нейкае са светам зрабілася, такой мяцеліцы яшчэ не было...— ён зняў рукавіцу і абцёр снег, што набіўся ў бараду і вусы.— А перад жарабеннем кабыле трэба адпачыць даць, а хіба я магу даць ёй адпачываць, калі не я кармлю яе, а яна мяне...

Раптам вазы спыніліся. Мужчыны зайшлі наперад і ўбачылі, што дагналі пярэдніх. Громава кабыла стаяла распрэжаная, ён трымаў яе за повад і кляў на чым свет стаіць. Ён размахнуўся і выцяў кабылу па пысе. Яна рванулася, і, каб быў слабейшы, не ўтрымаў бы яе Юзік Гром...

— Што ты робіш, вар’ят! — крыкнуў на яго Якаў.— Кабылу знявечыш, абэлтух. Самога біць трэба, сукін ты сын!

— Што ў іх здарылася, Якаў? — запытаў Андрэй.

— Хіба ты не бачыш? Дуга паляцела к чорту.

— Зламалася?

— Папалам... Ты маеш, Андрэй, дугу?

— Маю, але не дам.

— Братачка Андрэй! — залямантаваў Лявон.— Выручы! Да засценка не так далёка...

— Не дам. Вы кінулі нас, шэльмы. Дык от цяпер бяжы ў засценак па дугу, ён жа, ты кажаш, блізка! Або сядзь верхам на кабылу.

— Братачка Андрэй! Што хочаш бяры, але дай Дугу!

— І не падумаю. Глядзець на цябе моташна, гад.

Юзік Гром стаяў унурыўшыся і маўчаў. Які дурны ён ні быў, але разумеў, што яму лепш памаўчаць, бо калі ён скажа хоць слова, нават самае найлепшае, то Андрэй будзе няўмольны.

— Андрэй!.. Братачка!.. Ды мы ж тут загінем па такой дарозе.

— Гіньце! Такім зладзеям туды і дарога.

— Андрэй,— сказаў Сымон.— Дык яны ж і нам дарогу загарадзілі.

— А што ў нас — сілы не хопіць? Перакулім іх вазы набок і праедзем!

Мужчыны маўчалі. Яны-то ведалі Андрэя Сташэвіча. Яго не ўпросіць ніхто... Калі ён вырашыў не даць Грому дугу, то не дасць. А навокал круцілася бурная завейная ноч, і здавалася, што гэтыя падводы зусім закінуты на край свету і няма дарогі ні наперад, ні назад.

— Слухай, Андрэй,— сказаў Якаў, крануўшы Андрэя за плячо.— Я таксама павінен астацца тут з гэтай свалатой. Як ні кажы, а мы з Громам з аднаго двара. Не магу ж я кінуць яго тут, а калі і кіну, то мне прыйдзецца несці сюды дугу.

Андрэй памаўчаў.

— Іван! Дастань з воза дугу і дай Якаву,— нарэшце загадаў ён.— Іван прынёс дугу.

— Бяры, Якаў,— сказаў Андрэй.— Я лічу, што гэта ў цябе зламалася дуга, а не ў Грома.

— Дзякуй, Андрэй. А ты і даеш яе мне, а не Грому. Заўтра прынясу.


Лісавета к вечару ўправілася з усёй работай. Падмяла хату, запаліла ў печы і паставіла варыцца на вячэру чыгун бульбы. Прыедуць з Волі мужчыны, то гарачай з’ядуць. Сама села проці чалеснікаў з прасніцай. Добра! І светла, і цёпла, лямпу паліць не трэба. Удзень мала выпадае прасці: няма часу — то латанне, то бялізна, то работа па гаспадарцы.

Алесь прыйшоў з гумна, каля парога атросся, абмёў з лапцей снег.

— Ну, я усё зрабіў. Даў каровам і авечкам, нават коням у жалабы палажыў. А на ноч няхай тата з Адамам даюць.

— Малайчына ты ў мяне, Алесік.

Алесь чмыхнуў. «Алесік»! Як на малога якога... Адам вунь ужо і косіць, і малоціць, і на Волю ездзіць, і вазы ўмее класці, а на колькі ён старэйшы? На якія тры гады. Але спрачацца з сястрой не стаў. Зірнуў пад лаву на пустыя кашы.

— Малайчына! От ты малайчына! Чаму бульбы не прынесла?

— Заўтра раніцай, Алесік.

— Заўтра раніцай! Ты заўтра раніцай без рыдлёўкі ў пограб не ўлезеш.

Забраў кашы і пайшоў з хаты.

— Можа памагчы табе? — гукнула ўслед Лісавета.

— Без цябе абыдуся.

Алесь прывалок два вялізныя кашы бульбы, засопся, пачаў дзьмухаць на расчырванелыя рукі.

— Пагрэй над агнём, Алесік.

— Разумная! Яшчэ зойдуцца! Лепш так.

Ён памахаў рукамі, як дарослы мужчына.

— Давай яшчэ вады прынясу.

Схадзіў па ваду, тады распрануўся і сеў ля стала.

— Ці скора твая бульба зварыцца? Вымерхаўся, як сабака.

— Ужо кіпіць.

Алесь павячэраў, узабраўся на цёплую чарэнь і скора заснуў. Лісавета ўправілася каля печы, зачыніла засланку і села прасці. Сёння яна не чакала Алены, а так хацелася, каб яна прыйшла. На душы было неспакойна, трывожна калацілася сэрца. На дварэ шалёным голасам скавытаў вецер, шалясцеў саломай на страсе. Здавалася, нехта чужы ходзіць каля хаты, заглядае ў вокны, стукае ў сенцы і ў дзверы, нясе бяду... Нейкі жах апанаваў Лісавету, страшна было зірнуць у акно: так і здавалася, што адтуль выглядае рагаты і чорны, той, што не дае людзям спакою... Скарэй бы прыехалі мужчыны або хоць Алесь не спаў бы. Дык яму і гора мала на цёплай печы. Ні клопатаў, ні бяды. А Лісавеціны шчаслівыя дзянькі прайшлі. Пахавала іх Лісавета ў адной магіле з мамай.

Калі ў сенцах бразнулі дзверы, Лісавета здрыганулася, але зараз жа ўсе яе страхі паляцелі прэч. «Прыехалі мужчыны!» — падумала яна і, ускочыўшы з месца, ледзь не кінулася насустрач. Але гэта былі не хатнія мужчыны. Каля парога стаяў Мікалай Халуста і ўхмыляўся. Лісавета ледзь не самлела, убачыўшы яго.

— Я так і ведаў, што ты адна,— сказаў Мікалай, быстрым позіркам акінуўшы хату.

— Ціха ты...—пабялелымі вуснамі прашаптала Лісавета.— Алесь жа дома...

— А дзе ён, той падшывалец? Няўжо не спіць?

— На печы...

— То спіць. А калі не спіць, то я яму цукерак дам, каб маўчаў.

— Ох, Мікалай... мабыць, ён ужо спіць.

— То на табе.

— Не трэба мне, Мікалай... Чаго ты прыйшоў, скажы... Ты ж удзень быў. Што пра мяне людзі скажуць...

— Дурная ты. Я ўмею так хадзіць, што ніхто мяне не ўбачыць ні днём, ні ноччу.

— А калі тата прыедзе ды застане... Ой, божачка мой, што тады будзе.

— Мяне нехта застане! От дурная!

Ён абхапіў дзяўчыну, прыціснуў да сябе і пачаў цалаваць. Яна спачатку вырывалася, потым нібы абвяла і не супраціўлялася.

— Ну што, дурненькая, нічога з табой не зрабілася.

— Ой, Мікалай... Прапала мая бедная галоўка... Ідзі дадому, Мікалай. Богам цябе прашу...

— Чаму ты мяне гоніш? Я з табой першы раз адно на адно сустрэўся. Хіба днём магу я цябе пацалаваць, калі тут Алена тырчыць, як скула пад носам. Нашто ты яе завеш.

Лісавета схіліла галаву. Сэрца яе трапяталася так, што гатова было выскачыць з грудзей.

— А вечарам тут Тамаш Сташэвіч раскашуецца. Думаеш, я не ведаю. Паламлю я яму, чорту, ногі.

— Ох, Мікалай... Тамаш табе нічога не зрабіў...

— Няхай не стаіць на маёй дарозе.

Ён падкруціў рыжаватыя вусы, падняў Лісавету і пасадзіў на лаву.

— Я цябе замуж вазьму, дурная ты, а яму чаго трэба?

— І ён возьме...

— Ага! Дык мо ты і хочаш за яго пайсці, а не за мяне?

Мікалай надзьмуўся і зрабіў выгляд, што гневаецца.

— Ён мне нічога не гаварыў пра гэта...

— От бачыш... Бо ён і не думае цябе замуж браць. А я гавару! Бо я пра гэта думаю! А хто з нас лепшы, ён ці я? Ці можна яму са мной раўнавацца? Я — каваль, у мяне, як ні круці, то паўвалока зямлі, а ў яго толькі чвэрць, бо іх на паўвалоку двое ў бацькі. Ды і так — і па сіле, і па ўсім...— Мікалай зноў падкруціў вусы.— Хіба ён спраўнейшы за мяне?

Лісавета ўздыхнула.

— Не ўздыхай. На лепш цукеркі еш.

— Не, Мікалай...

— Ну дык я іх на сметнік выкіну.

— Лепш я іх у куфар схаваю...

— І то праўда, таму падшывальцу, што на печы, калі-небудзь дасі, каб лепш слухаў і не замінаў.

Ён выняў з кішэні жменю цукерак у паперках. Лісавета занесла тую жменю ў куфар. Сама яшчэ дзіця, яна радавалася, як маці, што ў яе будзе чым парадаваць меншых.

А Мікалай расшпіліў світку, дастаў з верхняй кішэні камізэлькі гадзіннік, што быў прывязаны да жоўтага бліскучага ланцужка, адчыніў яго і доўга глядзеў на стрэлкі.

— Ого! Як яшчэ рана!

Ён прыклаў гадзіннік да Лісавецінага вуха і сказаў:

— Паслухай, які добры ход! Гэта Павел Бурэ. Такі гадзіннік дорага каштуе, затое прыслухайся, які звонкі ход!

Бедная Лісавета! Так ужо яна разумелася ў гэтых гадзінніках!

— Я, калі пажэнімся, і табе куплю дамскі гадзіннік. Маленькі такі. Добра, Лісавета?

— Нашто мне гадзіннік... Свінням даваць ды кароў даіць...

— Дурная ты. У нас служанка будзе.

— Ай, Мікалай... Маўчаў бы ты лепш...

— Значыць, ты мне не верыш?

— А ты мяне паняй зрабіць хочаш? — засмяялася Лісавета.

— І зраблю! Думаеш, не?

Гэты шэльма так загаварыў бедную дзяўчыну, што яна забыла ўсё на свеце: пра Алеся на печы, які мог прачнуцца, пра мужчын у дарозе, якія маглі нечакана прыехаць і застаць у хаце Мікалая, пра нядобрую славу, якая можа прайсці па засценку пра яе — маладую дзяўчыну. Але сам Мікалай нічога гэтага не забываў і быў напагатове. І, мабыць, толькі яму аднаму ўласцівае зладзейскае пачуццё падказала, што вазакі з сенам ужо ўехалі ў засценак. Ён пацалаваў Лісавету на развітанне і выскачыў з хаты.


РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ[правіць]

Андрэя разбудзіў сонечны прамень. Скупы і халодны, ён прасачыўся ў хату праз замёрзлую шыбіну і невялічкай плямкай лёг на твар. Андрэй расплюшчыў вочы. «Завіруха такі ўтаймавалася»,— падумаў ён, і спакой агарнуў яго душу. Ён пацягнуўся, як у маленстве, і ледзь не войкнуў ад болю. Усё цела было як разламанае: нылі рукі, ногі, плечы, паясніца. «Хапіла нам учора па вушы...» Здавалася, што так і ляжаў бы да вечара, не кратаючыся з месца.

Печ ужо была выпалена; у хаце пахла смажаным салам і яшчэ нечым смачным. Маці стаяла ў мыцельніку, поркалася каля шафкі з посудам, а Алены не было.

Пара ўставаць! Трэба даць коням, навесці парадак у гумне. Добра, што ўчора скінулі з вазоў сена; цяжка было б сёння брацца за гэтую работу.

Іван спаў на печы расхлістаны: мабыць, дацяла гарачыня; голыя яго ногі з бруднымі пятамі тырчалі з чарэні; печ такому доўгаму хлопцу была караткаватая. «Няма дзе чалавеку спаць,— падумаў Андрэй.— Хоць бяры ды яшчэ адзін ложак стаў у хаце... А куды яго прыткнуць!..»

Ён пачаў адзявацца.

— Ляжаў бы яшчэ,— сказала маці.

— Коні стаяць галодныя.

— Ядзяць коні. Канюшыны я ім дала.

— Ну, мама!.. Хіба я не мог сам!

І, расчулены, ён успомніў, як у маленстве, калі быў яшчэ толькі пастушком, маці вось таксама берагла яго сон: сама да ўсходу сонца выганяла на поплаў скаціну. І, як у маленстве, яго агарнула цеплыня і сыноўняя любоў, і з’явілася жаданне прытуліцца да старэнькай мамы, адчуць пяшчоту яе сухіх натруджаных рук... Але ён толькі сказаў:

— Я і сам даў бы коням...

— А я ім патрошку ўкінула, каб не стаялі над пустым жолабам.

— Нечым смачным сёння пахне з печы, мама!

— Аладкі бульбяныя са скваркамі... А на дзень перапечкі з сушанымі яблыкамі, грушамі і з макам.

— Ого!

— Гэта Алена падахвоцілася.

«От і ўся наша ласкавасць,— падумаў Андрэй.— Перапечкамі кончылася... з макам...» Ён зірнуў на маці і раптам зразумеў, што яна ведае яго пачуцці, што ёй самой хочацца прыгарнуць да грудзей яго непаслухмяную галаву.

— Нічога, мама! Будзем неяк жыць!..

І не знайшлося ў яго іншых слоў... Цяплейшых, шчырэйшых, раднейшых, лепшых...

На дварэ свяціла халоднае зімовае сонца, якое толькі ўзнялося над даляглядам. Мароз трымаўся моцны. Усё навокал, як скінуць вачыма, было ўкрыта некранутым снегам, па якім яшчэ не ступала нага чалавека і ні адзін звер не праклаў свой след. Снег зіхацеў пад першымі праменнямі сонца; ад яго нельга было адарваць позірку. Засценак пасля ўчарашняга нагадваў забытае богам і людзьмі паселішча, закінутае ўбок ад вялікіх дарог і жыцця.

Андрэй прывёў да парадку гумно, падмёў ток і набраў рэзгіны канюшыны. Не заходзячы ў хату, накіраваўся ў свіран: трэба было даць коням па мерцы аўса. Усё, што адбылося ўчора ў дарозе, аддалілася і было падобна на цяжкі сон.

Калі Андрэй зайшоў у хату, ён убачыў гасця: на лаве сядзеў Марцін Крываблоцкі і курыў. Ён узняўся насустрач Андрэю, павітаўся і сказаў:

— Не чакаў, Андрэй, такога гасця, як я?

— Табе заўсёды рады, Марцін. Распранайся, калі прыйшоў у госці.

Марцін скінуў новы доўгі кажух і павесіў яго на крук. Іван ужо мыўся, праціраючы заспаныя вочы.

— А вы з Іванам усё сена цягаеце з Волі?

— Няхай бы яна там захлынулася, тая Воля. Учора ледзь дамоў прыпхаліся. Сёння рукі і ногі як адбітыя.

— Ведаю.

— Нічога ты гэтага не ведаеш, Марцін... Да службы ў войску ты парабіў, можа і ў войску цяжка было, але як зволіўся са службы, то не наракай на жыццё. Гэта я кажу не са злосці ці крыўды, бо без такіх, як ты, зусім бы жыць нельга было, і я першы скажу табе сто разоў дзякуй. Але ці ведаеш ты, як чалавек можа замарыцца за дзень? І лягчэйшых вельмі мала; лічаныя яны — лягчэйшыя дні. От, скажам, Воля. Гніеш там паўлета ў багне, і бывае дарэмна, бо ўсё сена дажджы затопяць. А калі не затопяць, то паспрабуй перавязі яго па такой дарозе і ў такое надвор’е, як цяпер. Я не лічу дарогі ўлегцы... Пад’едзеш да стога, пакуль сапхнеш з яго мёрзлую шапку, накладзеш вазы ды дагледзіш іх, мёрзлага кавалка хлеба некалі ў рот узяць... Добра ехаць дамоў па роўнай дарозе і ў добрае надвор’е, тады і на возе пасядзіш, і за возам пройдзеш, каб сагрэцца. А вазьмі цяперашнюю дарогу ды яшчэ ў завею! Коні не цягнуць, вазы куляюцца, дугі ды аглоблі ломяцца...

Я цяпер з лёгкай Іванавай рукі чытаю трохі. Пішуць, што вельмі цяжка на фабрыках ды на шахтах. Не скажу, што лёгка, але ж там чалавек адбыў свае гадзіны, кінуў усё — і хоць трава не расці. А земляроб ніколі не можа кончыць свае работы. Адна адну даганяе, абганяе, пераганяе...

— Не тое кажаш, Андрэй,— прамовіў Марцін, кідаючы недакурак да печы.— Зусім не тое! На фабрыцы або на заводзе чалавек не разгінаецца амаль паўсутак. За кожным яго рухам сочыць наглядчык. А хто пры машыне робіць, той і без наглядчыка не разагнецца, бо за ім сочыць машына, паспрабуй не дагадзі ёй! А ты калі заморышся, то адпачыць можаш, ніхто цябе не аштрафуе і за карак не возьме.

— Эге, Марцін! У земляроба таксама наглядчык ёсць, ды яшчэ які! От паспрабуй спазніся з якой-небудзь работай, дык усё паляціць к чорту! Жыццю рады не будзеш, мудрэй усякага штрафу... Ды не пра тое мы гаворым! Як ні кажы, а ты ў мяне сёння госць.

— Не, Андрэй, не госць!

— То ты, мабыць, па справе?

— І не па справе. Развітацца прыйшоў.

— Што? А куды ж ты едзеш?

— Эх вы, малінаўцы! На свеце жывяце... Вайна пачалася, а вы як у бога за дзвярыма.

— Якая вайна? — запытаў Андрэй, адчуваючы, як сціснулася яго сэрца.

— Вайна з японцамі. Рускі цар надумаў пазабіваць японцаў, а японскі мікада рускіх.

— Ніхто ж не аб’яўляў, што будзе вайна! — недаўменна прамовіў Андрэй.

— У тым і справа! Японцы таксама не аб’яўлялі.

— От як... Значыць, такі вайна...

— А табе што! Ты льготнік, цябе не возьмуць.

Андрэй успомніў Тамаша.

— Схопяць маладых...— сказаў ён.— А ты ўжо і павестку атрымаў?

— Сёння досвіткам. Паслязаўтра ў далёкую дарогу... Быў ужо я ў тым баку... От і зайшоў з Іванам пабачыцца і развітацца. Я гэтага хлопца люблю, а з вайны не ўсе варочаюцца дамоў.

— Але, Марцін...

— Ты сёння пусці Івана дамоў. Я пакіну яму сёе-тое, дык перадаць трэба.

— Няхай ідзе.

— Газеты я выпісаў на ўвесь год, то перапішу на тваё імя ў Малінаўку. Будзеце з Іванам чытаць. У газетах многа хлусні, а ў вайну яе будзе яшчэ больш, але ж усё роўна сёе-тое ўведаеце. А потым навучыцеся праўду ад маны адрозніваць, жыццё само падкажа.

— За газеты я табе заплачу.

— Не, не заплаціш. Газеты будуць Іванавы.

У галаве Андрэя з’явілася столькі думак, а ў душы; столькі пачуццяў, што ён усё роўна як ап’янеў. Сеў ля стала і вылаяўся.

— А, чорт! Сабачае жыццё! Нібы ў склепе сядзіш і свету божага не бачыш...

Ён пачаў згортваць папяросу, але пальцы не слухаліся яго.

— Мама! — звярнуўся ён да старой Аксені.— Вымайце ўсё, што ёсць у печы! Не туляйся, Іван, у запечку, ідзі да стала! Даўно пара снедаць!

Марцін таксама закурыў.

— Табе вайна вялікаю навіною здалася?

— Не. Гаварылі пра яе з Якавам не адзін раз... Але ў мяне, Марцін, паўкварты ёсць. Маці прасіла, каб папу занёс, бацьку трэба ў царкве памянуць. Дык няхай потым... К ліхой матары такое жыццё... Ты быў для мяне добрым чалавекам, Марцін, і калі так, то вып’ем на развітанне. Дай божа, каб ты вярнуўся з вайны цэлы... Я цябе не забуду, Марцін.

Крываблоцкі натапырыў фельдфебельскія вусы.

— Добра, Андрэй, я рады. Не думаў, што ад цябе такое пачую. Цяпер я ўпэўнены, што Іван мой жыве ў разумнага чалавека, і спакойна будзе ў мяне на душы... А вайна пачалася не ўчора і не сёння. Шмат пойдзе хлопцаў шукаць свае смерці. У Вырвіча цэлая куча павестак, сёння раздае. Ваш дзесяцкі Мартыневіч павалокся ў Чыжэвічы да пана старасты. Не ведаю, каго бяруць з Малінаўкі, бачыў толькі павестку на імя Якава Шэмета.

— Значыць, і Якава бяруць?

— Мяркую, што не аднаго Якава.

— Эх, ліха... Чаму яны Халуставых сыноў не возьмуць. От каму трэба на вайну ісці, а не Якаву.

— Адзін пойдзе і з Халустаў,— адказаў Марцін. Андрэй нават выгляду не падаў, і ніхто не ведаў, як хацелася яму, каб тым адным быў не Мікалай, а Юзік.

— Дык вы, дзядзька, паслязаўтра? — ціхім голасам запытаў Іван.

— Паслязаўтра, Іван.

Марцін зірнуў на пляменніка і зразумеў, што робіцца на душы ў хлопца.

— Ты не бядуй! Вярнуся! Па-першае, я ўсё-такі фельчар, па-другое, не такі я дурны, каб падстаўляць галаву пад японскія кулі. На вайну іду не першы раз.

Маці разаслала на стале абрус, загадала Андрэю кроіць хлеб, а сама пачала смажыць сала і кілбасу.

— Схадзі, Іванко, у пограб, прынясі гуркоў і капусты,— папрасіла яна.

Андрэй пайшоў у каморку і вярнуўся з бутэлькай гарэлкі. Паставіў на стол.

— Падсоўвайся, Марцін.

Тым часам Іван прынёс капусту і гуркі. Старая Аксеня паставіла на стол патэльню.

— Садзіся, Іван, каля дзядзькі,— загадаў Андрэй.— Прынясіце, мама, чаркі.

Калі старая Аксеня прынясла чаркі і Андрэй узяў бутэльку, Марцін сказаў:

— Пачакай трохі, Андрэй. Тваёю мы канчаць будзем, а пачнём з мае.

Ён дастаў з кішэні паўкварту.

— Нашто ты, Марцін, ідучы да мяне, гарэлку браў? — папракнуў Андрэй.

— А што ж там такое! Ішоў акурат каля Арлоўскага, зайшоў ды ўзяў.

Калі выпілі па першай чарцы, Марцін абцёр вусы, закусіў гурком і скваркай.

— Ліха з ёю, з вайной. Не хачу пра яе ні гаварыць, ні думаць, бо вайна — зніштажэнне жыцця, а я жыццё люблю. Дык от пра жыццё і гаварыць будзем. Калі будзеш жаніцца, Андрэй?

Андрэй з цікаўнасцю зірнуў на Марціна.

— Чаму ў тваю галаву прыйшла сёння такая думка? — запытаў ён.

— Баюся, што не прыйдзецца выпіць чарку на тваім вяселлі.

— Чаму?

— Вайна можа зацягнуцца.

— Ага! Значыць, як ні гавары пра жыццё, то вайны мінуць нельга, калі яна ёсць на свеце, і ты да яе нешта маеш.

Марцін засмяяўся.

— Твая праўда!

У гэты час у сенцах нешта стукнула, адчыніліся дзверы, і ў хату ўвайшоў Якаў Шэмет. Ён прынёс дугу.

— Падыходзь, Якаў,— прамовіў Марцін.— Я цябе даўно не бачыў. Мы тут бядуем, што гарэлкі да вечара не пап’ём, дык от садзіся ды памажы.

— Няўжо ты, Марцін, нічога не ведаеш?

— Усё ведаю, Якаў. Вайна ад нас нікуды не ўцячэ. Павестка ў кішэні ляжыць. А ты яшчэ не атрымаў?

— Толькі што Мартыневіч аддаў.

— Ну, а з Халустамі як? — мімаволі вырвалася ў Андрэя.

— Мікалаю таксама ёсць павестка.

— А Юзіку няма?

— Няма.

Андрэй вылаяўся.

— Стары Халуста шалее. Сына бяруць — гэта раз, і парабка таксама — гэта два. Двух работнікаў! Збіраецца да Хаіма Ножыка і лаецца так, што слухаць моташна... Мне да брата Піліпа трэба ісці, так што я, хлопцы, не магу з вамі доўга сядзець,— сказаў Якаў.

— Разам пойдзем,— адказаў Марцін.— Налі яму, Андрэй, штрафную, каб з намі зраўнаваўся.

Калі выпілі па другой, гаворка ажыла. Іван пачырванеў. У галаве яго рабілася немаведама што, настрой стаў нейкі хваравіты, хацелася плакаць і смяяцца. Марцін заўважыў гэта.

— Больш не пі, нябож,— сказаў ён і звярнуўся да Якава: — Дык што ж, пойдзем для бацюшкі-цара Жаўтаросію здабываць!

— Вядома! Пашырым уладанні вялікай Расійскай імперыі! — у тон яму адказаў Якаў.

— Жарты жартамі, хлопцы, а колькі пральецца крыві!

— Нічога не зробіш, браце Андрэй; • нашаму цару іншага выхаду няма: або рэвалюцыя, або вайна. Ён з міністрамі вырашыў, што лепш вайна.

— Ты думаеш, Марцін, што вайна спыніць рэвалюцыю? — запытаў Якаў.

— А чаму і не! Усіх лепшых людзей забяруць у войска, адправяць на пазіцыі. Не будзе каму рэвалюцыю ўздымаць. Хіба не так?

— Не так. Вайна наблізіць рэвалюцыю.

— Можа быць, можа быць...— задумаўся Марцін.— Японцы нашых ужо б’юць, як відно з газет... А ты разважаеш як сапраўдны сацыял-дэмакрат.

— Ну, Марцін! Мы залішне разбалбаталіся,— папярэдзіў Якаў.

— Нікога я не баюся. Я ўжо салдат. І ты салдат, Якаў. Вып’ем, хлопцы!

— Мы салдаты, а Андрэй не салдат, Марцін. Пра яго трэба думаць.

— Не бойцеся, хлопцы. У маёй хаце пра ўсё гаварыць можна,— сказаў Андрэй.

— Дык налівай, брат, ты гаспадар у хаце.



РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ[правіць]

Калі мужчыны пайшлі, Андрэй раптам адчуў страшэнную адзіноту і пустату. Такога з ім ніколі не было. Яму здалося, што ён астаўся адзін на ўсім свеце. Цяжка нават было ўявіць, што не будзе больш тых цікавых вечароў, калі да яго прыходзіў Якаў. Не будзе больш цікавых размоў, спрэчак, жартаў. Якаў сёння нібы адарваўся ад яго душы... Андрэй не разумеў, што з ім робіцца. Можа такому настрою паспрыяла чарка, а мо тое, што не было Івана. Андрэй так прывык да гэтага хлопца, што не мог уявіць сабе, як бы ён жыў без яго. Яны цяпер мала размаўлялі, але разумелі адзін аднаго і без гаворкі. Іх зблізілі кнігі і агульныя думкі.

Андрэй прылёг на ложак, заплюшчыў вочы і ўспомніў, што на дзень не карміў і не паіў худобу. Устаў з ложка і выйшаў на двор. Каля парога сустрэў маці і Алену.

Алена прайшла каля Андрэя і нават не зірнула на яго! «Чаго яна злуецца? — падумаў ён.— Радавацца павінна: астаецца дома яе Гром».. Пайшоў у гумно, натрос аўсяніцы з сенам каровам, каб хапіла і на заўтра, падрыхтаваў коням на вечар і на ноч, і калі выйшаў з гумна, то сонца стаяла над самым захадам. Андрэй узяў сякеру і высек з карыта лёд. Якія з жанок гаспадары! Напояць скаціну, а вады з карыта не выльюць, от яно і абрасло лёдам і стала як шкляное. Занёс сякеру ў дрывотнік пад павець, а ідучы ўбачыў Гарасіма Жукоўскага, які з рыдлёўкай у руках капаўся каля свае хаты. А хата яго і сапраўды ўрасла ў снег. Нельга было і падумаць, што гэта снег яе завеяў — здавалася, што, як грыб праз ігліцу і мох, яна прабралася з-пад снегу. І ўверсе тырчыць яе шчарбаты комін. Нават падысці да яе не было адкуль, толькі ад вуліцы цераз двор вялі сляды па снегавых гурбах. І Андрэй падумаў: «Як жыве гэты чалавек, адзін у хаце!» Сёння Андрэй адчуў быў адзіноту, але як выйшаў на двор, рассеялася яна, знікла, бо як ні глуха ў гэтым засценку, але ж чутно, як на свеце ідзе жыццё. Сёння да Андрэя прыходзілі людзі, пасядзелі, выпілі і закусілі, пагутарылі. А як жыве гэты чалавек, да якога амаль ніхто не хадзіў, хіба толькі арандатары ды мо якая жанчына наведае, шукаючы лекаў? І захацелася Андрэю перакінуцца словам з Гарасімам. Ён падышоў да плота і гукнуў:

— Добры вечар, пане Жукоўскі!

Як і заўсёды, калі Андрэй з ім вітаўся, Гарасім здрыгануўся. Потым ён разагнуўся і стаў, абапёршыся на рыдлёўку.

— Дзень добры, Андрэй... Яшчэ ж не вечар, сонейка не зайшло.

— Толькі што сонейка відаць. А каб яно было за хмарамі, то цяпер такія дні, што ад раніцы да ночы адвячорак.

— Але,— адказаў Гарасім.— У мяне ў хаце без лямпы цёмна, як уночы. Нічога не відно.

— Завеяла вашу хату, пане Жукоўскі.

— Проста бяда. Ужо трохі быў раскапаў, а сёння за ноч зноў усё зраўняла. А снег так злёгся, што рыдлёўка яго не бярэ, хоць сякерай сячы.

— Праклятая зіма. Я хоць і нямнога пражыў, але за маю памяць такіх зім не было. Кожны дзень трэба дарогу нанова церці. Цалік наўкола, следу няма.

— От як...

— А вы чулі, пане Жукоўскі, што вайна пачалася?

— Вайна? Якая вайна?

«Жывеш ты на свеце, чалавек, таксама, як і я. Ды, мабыць, ты яшчэ горш за мяне здзічэў».

— З японцамі вайна, пане Жукоўскі. Людзей у салдаты бяруць.

— Дык што?.. І вас таксама бяруць у салдаты?

— Мяне пакуль што не.

Гарасім стаяў моўчкі, абапёршыся на рыдлёўку, далёкі і ад вайны і ад усяго таго, чым жывуць людзі. Што для яго вайна? Яму трэба адкапаць са снегу сваю хату... Андрэй ужо хацеў канчаць з ім гаворку, але ён раптам сказаў:

— Нічога я не ведаю, нідзе не бываю. А да мяне хоць бы сабака забег.

У словах яго Андрэй пачуў горыч.

— Вам трэба да суседзяў хадзіць, пане Жукоўскі. Тады б і да вас людзі хадзілі.

Жукоўскі схіліў галаву.

— Прызнацца вам, баюся я... Не ведаю, як на мяне глядзяць суседзі, што яны пра мяне думаюць. Прыходзіў аднойчы Халуста зубы лячыць... Але я мяркую, што не праз зубы ён да мяне прыходзіў. Гаворка яго такая, не то каб злосная, але шкодная... Я ноч не спаў... Чужы я тут і адзін як палец... Адвыклі ад мяне людзі...

Вечарам адзінота зноў ахапіла Андрэя. Дома была адна маці, Алена пайшла да Талімонавай Лісаветы, і гэта вельмі не спадабалася Андрэю. Тая постаць Мікалая Халусты заўсёды паўставала ў яго вачах, калі ён успамінаў Лісавету. «Чаго ён туляўся каля платоў, і чаму Алена так панадзілася хадзіць да Лісаветы?» Ён ужо сабраўся сам схадзіць туды, але прыйшоў Ян Сташэвіч.

— Ну от і добра, што ты прыйшоў,— сустрэў яго Андрэй.

— Прыйшоў...— стомленым голасам прамовіў Ян.— Тамаш мой... Ды што там казаць. Нямала я палаяў яго, што валочыцца кожную ноч... Дамоў позна прыходзіць, раніцай не дабудзішся яго... Усё сам, ці скаціне даць, ці што якое. Па сена ездзілі, то я раніцай сам і коням закладу, і сані падрыхтую, і запрагу. Ён, як пан, з ложка за стол, а з-за стала ў гатовыя сані... Думаў я, што прыйдзецца мне лейцамі яго вучыць, бо развалачыўся, як Лейзерава карова, усё па чужых дварах... А ён такі, мабыць, адчуваў, што гуляе апошняе.

— А што такое, Ян? — устрывожана запытаў Андрэй.

— На вайну ідзе... Павестку атрымаў на аўторак.

— Значыць, і Тамаш...— Андрэй здзівіўся, як дагэтуль нават і не падумаў аб тым, што і Тамаша возьмуць у салдаты.

— Зладзеі... У іх, мабыць, дзяцей няма... Вайна... Я сына на вайну гадаваў?.. Ён у мяне адзін... Траіх падгадаваных пахаваў, ды трое малых... Двое асталося, то хіба меншы работнік? У дванаццаць гадоў ні араты, ні касец, гэта яшчэ дзіця. Зладзеі...

— Каго ты лаеш, Ян? — запытаў Андрэй.

— Тых... Зладзеяў... Што майго сына забіраюць...

— То гэта ж цар забірае твайго сына, Ян.

Ян здрыгануўся.

— Цар, кажаш? Не, гэта не цар... Гэта нейкі злодзей, што каля цара сядзіць. Хіба цар ведае, што робіцца на зямлі? Не, гэта не цар. Гэта нейкі царскі Халуста.

Ян сёння быў не такі, якім яго прывык бачыць Андрэй. Гэты суровы чалавек ніколі не згінаўся, ён быў нават залішне суровы і сур’ёзны, і вось прыйшла бяда, што сагнула яго.

— Сена праз гэтае надвор’е яшчэ не перавезлі. А цяпер я адзін калі яго перавязу.

— Глупства, Ян! — узлаваўся Андрэй.— Выходзіць — не Тамаша ты шкадуеш, а сена.

— Сціхні! — крыкнуў Ян, стаўшы раптам тым самым Янам, які хацеў вучыць яго вяроўкай на сяўбе.— У мяне ўсярэдзіне гарыць, а ён мне: се-ена!

— Ты сам пра сена пачаў.

— Маўчы! Гэта толькі да слова! Ты яшчэ не меў дзяцей і не ведаеш, як яны дорагі! У маткі свае запытай, шкадуе яна цябе ці не.

Пры іншых абставінах Андрэй бы сказаў Яну некалькі слоў па-свойму, а сёння трэба было памаўчаць. Ён успомніў Аўрама Выпустка і яго жонку пасля таго, як яны адправілі сваіх сыноў у Аргенціну. Стары Ян нечым нагадваў Аўрама. Розніца была толькі ў тым, што Аўрам шкадаваў сыноў не як работнікаў, а толькі як сыноў, з якімі наўрад ці давядзецца больш убачыцца, а Ян шкадаваў сына не толькі як роднага чалавека — сваю плоць і кроў,— але і як работніка, без якога занепадзе гаспадарка. «Гаспадарка, каб яна згарэла. Зямля і худоба, будынкі і бацькоўская сядзіба, роднае котлішча — усё яно адбірае ў чалавека душу».

— То хіба толькі твайго сына бяруць, Ян? Бяруць жа і другіх хлопцаў. Няўжо ж ніхто з іх дадому не вернецца...— пачаў Андрэй і зразумеў, што гаворыць не тое...

— Што мне да некага! — сказаў Ян.— Ты мне можа Халусту яшчэ ўспомніш. То Халуста не чалавек, а звер, і сыны яго такія. Халуставых сыноў абодвух трэба было забраць, бо ім ёсць за што біцца. А ў мяне толькі што канцы з канцамі... А цяпер, калі забяруць Тамаша і сена на Волі зазімуе, то скаціна ў хляве падохне.

— Глупства кажаш. Я ж яшчэ не памёр! Няўжо такое надвор’е будзе стаяць цэлую зіму? Суцішыцца, разатрэцца дарога. Утрох будзем ездзіць на чацвярых конях: двое тваіх, двое маіх. Раз табе прывязём, раз мне. Раней выедзем, пазней прыедзем. Я пра Тамаша думаю... Каб яго можна было не даць, адкупіцца, ці што...

— Думаў я пра гэта,— прамовіў Ян.— Але чым адкупіцца? З гаспадаркі нешта збыць, дык нічога ж лішняга няма. Ну, астануся я з адной каровай, з адным канём, дык скажы ж ты мне, каму тыя грошы даць і як іх даць? Можа аддасі не таму каму трэба, дык от і выйдзе: і без гаспадаркі астанешся, і сына забяруць.

— Твая праўда... Гэтая справа не для нас. Не можам мы так рызыкаваць... А дзе ж Тамаш? Няўжо ён часу не мае прыйсці да мяне?

— Ён звечара з хаты пайшоў. Я меркаваў, што да цябе. Маці плача, вядома, а яму слухаць не хочацца.

«Што вы,— кажа,— па мне, як па нябожчыку, плачаце?» Хіба маладыя разумеюць бацькоў? Што ён ведае пра матчына сэрца!

«А каня і карову прадаць шкадуеш»,— закруцілася ў Андрэевай галаве, але ён прагнаў гэтую думку.

— Ты, Андрэй, нікуды не пойдзеш? — запытала маці.

— Не, не пайду.

— Ну то я да Яніхі схаджу... Цяжка адной пры такой бядзе.

— Схадзіце, дзядзіна! — Ян ажывіўся.— Я от таксама месца сабе не знаходжу, але хоць ёсць куды выйсці. А яна да каго пойдзе са сваім горам? Нарбутовічы ды Мартыневічы зубы выскаляць. Так злягліся з Халустам, што і вадой не разальеш.

Старая Аксеня апранулася і пайшла.

— Сабачы нейкі час настаў. Усё паскудства наверх вылезла. Злодзей Халуста, якому я «дзень добры» не даў бы, панам становіцца. Шымкевіча загубіў, разбойнік... Закону ніякага няма. Калі ў цябе грошы ёсць, хоць ты іх і нарабаваў, то табе і павага. З табою чыны за руку вітаюцца.

— Ты толькі сёння гэта ўведаў?

— Не сёння. Нашы бацькі жылі лягчэй. Можа рабілі больш, затое клопатаў менш мелі. І войнаў менш было, і ў салдаты ўсіх не бралі. Бацька мой яшчэ паншчыну помніў. Наш засценак паншчыны не рабіў, шляхта ж нейкая ўсё-такі. Тады ў салдаты рэкрутаў бралі, тых, каго пан назначыць. Тыя рэкруты хаваліся ў нашым засценку ў знаёмых. У майго бацькі таксама хаваліся хлопцы з Чыжэвіч. Зімой, было, на дварэ мароз-траскун, а яны ў авечым хляве спалі. Ноччу ў хату прыходзілі... Месяцы два хаваюцца, учарнеюць, вошай на іх — як у мурашніку мурашак, а потым рэкрутчына пройдзе, яны вылазяць на свет божы і жывуць, ніхто іх не чапае.

— Не хвалі паншчыну, Ян. Не дай бог... Я цяпер трохі чытаю... А ты не ўхмыляйся...

— Я не ўхмыляюся. Я чуў, як ты сёння з Гарасімам гаварыў. Я табе не Гарасім.

Андрэю было дзіўна, што ён узлаваўся на Яна.

— Ну дык от, я трохі чытаю і трохі інакш, як раней, гляджу. І, мабыць, такі не дарма ў Расіі народ узбунтаваўся. Надакучыла людзям жыць не па-людску. Бунты, забастоўкі... Забастоўкі,— паўтарыў ён.— То от таму цар і вайну пачаў, каб гэта спыніць.

— Гэта цябе Марцін Крываблоцкі баламуціць,— сказаў Ян.— Чуў я, што ён на памінках гаварыў.

Доўга сядзелі і гутарылі ўдвух. Ян разгаварыўся, паспакайнеў, пачаў успамінаць даўніну і, здаецца, на гэты час забыў сваё гора.

Калі Андрэй правёў яго, было ўжо нярана. Ноч стаяла месячная, марозная і ціхая.

— Калі дома Тамаш, то скажы, каб прыйшоў да мяне.

— Добра,— адказаў Ян.— То я пайду.

Снег заскрыпеў і засвістаў пад яго вялізнымі цяжкімі ботамі. Андрэй яшчэ пастаяў, гледзячы, як іскрыцца іней пад месячным святлом, і пайшоў у хату тады, калі снег перастаў рыпець пад Янавымі нагамі.

Не паспеў у хаце закурыць, як нехта увайшоў у сенцы.

Думаў — маці, але ў хату ўваліўся Тамаш.

— Здароў, дзядзечка,— сказаў ён, скрывіўшыся, і Андрэй пазнаў, што Тамаш добра выпіў.

— Здароў, пляменнічак. Садзіся.

— Можа вы мяне будзеце біць, дзядзечка...

Андрэй зірнуў на Тамаша, і шалёны гнеў авалодаў ім.

— Буду біць! Кінь свае сабачыя жарты. Жартаўнік! Усё крывішся, сукін сын!

Ён схапіў Тамаша за грудзі, падцягнуў да сябе і штурхнуў на лаву. Той цяжка плюхнуўся на яе і выцяўся галавой аб сцяну.

— Звар’яцеў ты, Андрэй? — цверазеючы, запытаў ён.

— Гэта ты звар’яцеў! Дзе ты валочышся? З кім паспеў набрацца? Апошнія дні дома пабыць не хочаш, мярзотнік? Маці слёзы пралівае па такім нягодніку, бацька нядаўна ад мяне пайшоў. Чалавек сабе месца не знаходзіць, а сынок вочы заліў і жартачкі строіць.

— Слухай, Андрэй...

— Не хачу слухаць дурня. Калі ты за ўвесь дзень не знайшоў часу зайсці да мяне і прывалокся толькі ноччу п’яны, то пра што мы з табой можам гаварыць?

— Я ў Чыжэвічах з хлопцамі выпіў. З мужыкамі! Але што гэта за хлопцы! Гэта не нашы малінаўскія ды жывіцкія абэлтухі! Але ў мяне душа баліць, Андрэй... У мяне ўсё гарыць усярэдзіне...

— Ты так спалохаўся вайны? Баязлівец! То ты не вернешся дадому, бо такіх, кажуць, першая куля не мінае.

— Ідзі к свінням! Я не баюся вайны. Ты не хочаш паслухаць, што я скажу... Вайна мне не страшная, і не возьме мяне ні першая, ні апошняя куля,— ён скрыгануў зубамі.— А от я шчасце сваё трачу, ты ведаеш гэта?

Андрэй глядзеў на яго і не разумеў, што сталася з чалавекам. Няўжо ён так многа выпіў?

— Якое ты шчасце траціш, дурань? Зусім звар’яцеў.

— Можаш лічыць мяне вар’ятам... Дай закурыць.

Андрэй падсунуў яму партабак. Ён пачаў скручваць цыгарку, а Андрэй уважліва разглядаў яго. Хлопец сапраўды змяніўся. У вачах гарэў шалёны бляск, было відно, што ён пакутуе, што ў душы яго нешта бурліць і віруе і не знаходзіць выхаду. Ён чыркнуў запалкай, прыкурыў і зацягнуўся ўзапар некалькі разоў.

— Ну, а цяпер гавары, што з табой,— сказаў яму Андрэй.

Тамаш падняў галаву.

— Беражы маю дзяўчыну, Андрэй.

— Тваю дзяўчыну? Хто яна, твая дзяўчына?

— Талімонава Лісавета.

— От як!

І Андрэй успомніў той вечар, калі ён праводзіў Якава: постаць Мікалая Халусты, які Выскачыў з Талімонавага двара і, туляючыся каля платоў, пайшоў па вуліцы, сустрэчу з Аленай, якая сказала, што ў Талімонавай хаце астаўся Тамаш,— і яму сёе-тое стала зразумела.

— Ты мне раней нічога пра гэта не гаварыў.

— Бо ты быў недаступны, а берагчы яе я мог і сам.

— Ад каго яе берагчы? У яе бацька ёсць, дзяўчына яна маладая, сціплая, ды ніхто на яе і не заглядаецца. Маладое яшчэ дзеўчанё. Ад каго яе берагчы?

— Ад Халусты Мікалая.

Андрэй зірнуў на Тамаша з недаўменнем.

— Апомніся, Тамаш. Халуста Мікалай разам з табой пойдзе ў салдаты.

— Пойдзе! У тым і справа, што нікуды ён не пойдзе! Ён смяецца з гэтага прызыву. Стары Халуста да Хаіма Ножыка хадзіў, а той пасля полудня сёння паехаў у Слуцак.

— Дык што, калі паехаў?

— Эх ты! А яшчэ лічыш сябе разумным. Выкупяць яны гэтага злодзея. Хаім у Слуцку ўсё ведае. Не пойдзе Мікалай на вайну.

І на твары і на ўсёй постаці Тамаша ад п’янства не асталося і следу. Ён ператварыўся ў цвярозага і вельмі няшчаснага чалавека. І Андрэй не ведаў, як яго супакоіць.

— Люблю я Лісавету, Андрэй. Так люблю, што выказаць не магу. З восені гэта пачалося. Ты сам ведаеш, не вельмі я за дзяўчатамі ганяўся. Не падкі да іх быў... От так павыскаляцца, пажартаваць, гэта я мог. Я дзівіўся з цябе, калі ты да гэтай Арлоўшчанкі прыліп быў. Ты ж проста высах тады, а мне гэта было незразумела і смешна... З Ганнай у цябе ўжо іначай пайшло. Пасталеў ты, розуму набраўся. Я нават зайздросціў табе. Табе хацелася, каб Ганна па табе сохла, а не ты па ёй. Што ў вас з ёю цяпер, я не ведаю... А цяпер от сам я папаўся... Ну, скажы, што на гэтай Лісавеце ёсць? Яна яшчэ, калі па-сапраўднаму разабрацца, не дзяўчына, а падлетак, а яна ж мілей за ўвесь свет.

— Разумею, Тамаш.

— Я ж, братка, пацалаваў яе толькі раз, у сушні, помніш, як лён церлі! Ну от, я зноў пра тое самае пачаў, а справа зусім не ў тым... Я зачапіць яе не адважваўся, яна для мяне як святая была. А гэты гад прыпільнаваў, калі яна з вячорак ішла... Лішняга ён не дазваляў, я гэта ведаю, бо і я пільнаваў яго, гада.

Андрэй зноў успомніў постаць Халуставага Мікалая, які сапраўды, нібы гад, туляючыся каля сцен і платоў, вышмыгнуў з Талімонавага двара. «Можа і Лісавета выходзіла з хаты на спатканне з ім?» — падумаў ён.

— Чаму ты не сказаў мне гэтага раней? Ды ён навек забыў бы дарогу да Талімонавай хаты. Ён бы яе абыходзіў за вярсту.

— Ну дык што? Усё роўна яны б сустракаліся на вячорках, на вечарынках. Каб ён дазваляў што-небудзь непатрэбнае, то не ведаю, што было б... Аднаго з нас панеслі б з вуліцы нежывога... Але ён не дазваляў сабе нічога такога, а што пацалаваў яе, то хіба мала я дзяўчат перацалаваў.

Андрэй хмыкнуў.

— Цікава. Ты хацеў падзяліць Лісавету з Халустам.

— Не разумееш ты мяне, Андрэй... А якое права я меў на Лісавету? Хіба яна мне слова давала? Але я люблю яе і павінен быў берагчы, хоць не сабе, але і не Халусту. А цяпер што ж!.. Калі ён астанецца дома, то яна прапала...

У Андрэя сціснуліся кулакі.

— Чаму ты не сказаў мне раней? Чаму ты не сказаў, дурань?

Тамаш яму не адказаў і пасля кароткага маўчання нечакана запытаў:

— Ты не заўважаеш, Андрэй, што Алена цяпер вечарамі не бывае дома?

— Кожны вечар яе дома няма! — насцярожыўшыся, адказаў Андрэй.— Яна ходзіць да Лісаветы...

— От гэта самая большая бяда.

— Чаму ты так кажаш, Тамаш?

— Таму, што Алена зводзіць Лісавету з Мікалаем. Сама з адным Халустам звязалася, а Лісавеце сватае другога.

— Заб’ю, гадаўку! — крыкнуў Андрэй.

— Я яшчэ не кончыў, Андрэй. Цяпер я ўжо ўсё ведаю. Ты сам разумееш, што Талімон не пусціў бы яго ў хату. Мікалай сам гэта ведае, таму вечарам, калі Талімон дома, ён туды не ходзіць. А ўдзень, калі Талімон з Адамам па сена паедуць, то Лісавета з Алесем астаюцца дома адны. Алесь хлапчук, яму абы на двор, на санкі па гурбах коўзацца. От тады да Лісаветы прыходзіць Алена, а ўслед за ёю і Мікалай. Ён замкне кузню, бо якая цяпер там работа, і пайшоў... Нядаўна я пра гэта ўведаў... Дык от Алена іх і зводзіць.

Андрэй ведаў, што, каб Алена раптам з’явілася ў хаце, ён не стрымаў бы сябе. Ад шаленства ў яго не было чым дыхаць, нібы нехта схапіў за горла і пачаў душыць.

— Сволач, сволач... Зво-одніца... Ды каб бацька быў жывы, ён бы адрокся ад яе, ён бы яе пракляў!.. Звяжу, гадаўку, і ўкіну ў камору на цэлую ноч.

— Дарэмна я табе расказаў пра ўсё, Андрэй. Ты пачаў вар'яцець, а гэтага акурат і не трэба. Так ты сапсуеш усё.

— Дык можа мне яе па галаве пагладзіць, калі яна прыйдзе дадому?

— Ні так, ні гэтак. Сама лепш памаўчаць. Заўтра мы з табой усё абмяркуем. Чуеш, Андрэй?

— Чую, Тамаш... А цяжка мне будзе стрымацца, калі я ўбачу яе.

— А ты ўсё-такі стрымайся... Вунь нехта ідзе, можа якраз яна...

У хату ўвайшла старая Аксеня.

— Ты тут, Тамаш! — сказала яна.— Ішоў бы ты дадому, хлопчык. Маці чакае.

— Іду. Я даўно ўжо збіраюся.



РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ[правіць]

— Дык, ліха матары тваёй, ты мо заўтра і рабіць нічога не будзеш, калі цябе на вайну бяруць? — спытаўся Халуста ў Якава, калі той вярнуўся ад Андрэя Сташэвіча.

— Не, не буду. Пайду ў Чыжэвічы да брата.

— Дык табе ж не заўтра ў Слуцак, а паслязаўтра. Каб марна прапаў дзень! Аплату ж ты папросіш!

— Мне сабрацца трэба. З братам развітацца, з раднёю. А братава жонка бялізну памые. Ды ці мала што перад адыходам трэба, і нічога нельга забыць.

— Ліха матары тваёй!

— І плату падрыхтуй, пане Халуста. Заўтра вечарам я прыйду. У аўторак завязеш у Слуцак Мікалая і мяне.

— Бачыш ты яго! А ты мне заплаціш за фурманку? Дарма цябе вазіць! Пехатою дойдзеш.

— Не, пане Халуста. Пехатою я не пайду. За заўтрашні дзень можаш не плаціць, хоць на фурманку да Слуцка я ў цябе і зарабіў. Ды не па сваёй справе я туды еду! Служыць іду цару-бацюхну, японцаў біць, кроў сваю праліваць за веру, цара і ацечаства.

— Бач ты яго! Сацыяліст — як ён шкілюе! От гад! Каб нехта збоку пачуў, дык і сапраўды падумаў бы, што ён такі верны цару, веры і ацечаству. Каб я яго не ведаў! А ён жа, гад, накольнік, арыштант, крамольнік, здзекуецца!

— Даволі, пане Халуста. Мне часу няма. І дрэнна будзе, калі мы, разыходзячыся, пасварымся.

Ён забраў свой куфэрак і пайшоў да дзвярэй.

— Дык ты, гад, заўтра прыйдзеш? — гукнуў наўздагон Халуста.

Якаў не адказаў. Шалёная злосць апанавала яго. Хацелася вярнуцца і даць па зубах старой малпе. Юзік ішоў услед за ім. Калі выйшлі на вуліцу, Юзік спыніў Якава.

— Ты сапраўды прыйдзеш заўтра? — запытаў ён.

— Вядома, прыйду. Думаеш, я жартам казаў, што паеду разам з Мікалаем у Слуцак? А можа я свае грошы падарую твайму бацьку?

— Ты прыходзь, Якаў,— неяк па-свойму ўзрадаваўся Юзік.— Я чарку падрыхтую на развітанне.

— Можаш не рыхтаваць.

— Прывык я да цябе, Якаў, хоць і не падобны ты на іншых... А я цяпер зусім прапаў...

— Чаму прапаў?

— Заездзіць ён мяне...

— Знойдзе парабка.

— Не знойдзе. Нялёгка яму знайсці. Не ідуць да нас хлопцы... Дзіва што! Такая жытка! А цяпер, калі вайна пачалася, то дзе тыя хлопцы! Усе на вайну пойдуць. А ён з мае шыі не злезе...

— А ты не вельмі бядуй, Юзік. Неяк абыдзецца. А мне пара ісці.

— Ідзі, Якаў. Толькі заўтра ўвечар прыходзь. Прывык я з табой рабіць, ты мне за роднага лепшы.

— Прыйду, Юзік.

Апошнія Юзікавы словы трохі расчулілі Якава. «От і прызнаўся мне Юзік у сваім шчырым сяброўстве,— горка падумаў ён.— А што бачыў гэты хлопец у жыцці?»

Якаў ішоў у свае родныя Чыжэвічы, і яму не верылася, што лёс так крута павярнуў у другі бок, якраз у той, якога ён так не жадаў. Малінаўка асталася ззаду. Здавалася, што ён назаўсёды расстаецца з ёю. Але нават каб і не хацеў, то павінен быў заўтра вярнуцца. У Халуставым гумне асталося некалькі кніг і брашур, у тым ліку творы Леніна «Да вясковай беднаты» і «Што рабіць?», якія неабходна забраць. Пакінуць іх там проста было немагчыма. Не таму, што Халуста мог знайсці іх, гэтага Якаў не баяўся. Шкада было кідаць такое багацце. Не так танна каштавалі гэтыя кніжачкі, не так лёгка было іх надрукаваць і распаўсюдзіць, каб ляжалі яны без карысці, мёртвыя, як казала Эльза. Сёння ён не мог забраць тыя брашуры. Каб ён пайшоў у гумно без дай прычыны, адзін, то стары Халуста адразу пабег бы ўслед за ім. Чакаць таго часу, калі прыйдзе пара карміць на ноч худобу, ён таксама не мог. Занадта было б позна, а яму трэба наведаць брата, а галоўнае — сустрэцца ў маёнтку з таварышамі. Гэтулькі гаворкі! А колькі недаробак! Не паспеў. Сена не давала жыцця. Але Якаў ужо быў упэўнены, што і Андрэя Сташэвіча і Івана Аўсяніка можна было прыняць у сваю групу.

Праклятая вайна! Як многа шкоды яна прынесла! Ужо наладзілася работа арганізацыі РСДРП, вясной атрымаў бы пан Гендарсан добры гасцінец, і от на табе...

Якаў Шэмет быў не баязлівец, але ісці і падстаўляць галаву пад японскія кулі за сваіх лютых ворагаў не вельмі прыемна. А хто ведае, можа бяруць на вайну і Паўла Квітуна! Тады арганізацыя адразу страціць двух членаў. Шмат аб чым трэба пагаварыць з таварышамі, расказаць усе свае меркаванні...

Думкі Якава былі невясёлыя, цяжкія, як сённяшняя дарога, не працёртая пасля начной завеі. Толькі адна падвода праехала па ёй з Малінаўкі да Чыжэвіч. Трохі людзі пешшу хадзілі, размялі сыпучы марозны снег. Куфэрак быў няцяжкі, але пасля ўчарашняй страшнай ночы ды па такой дарозе несці яго было і цяжка і няёмка.

Піліп і Лукер’я былі дома, чакалі яго. Піліп падняўся яму насустрач.

— Ведаю я, што бяруць цябе, Якаў. Ад Вырвіча чуў. І от чакаем ад самай раніцы, седзімо тут з Лукер’яй. Хацеў сам да Халусты бегчы.

— А нашто бегчы, Піліп! Я і сам прыйшоў! — бадзёра прамовіў Якаў.

— Трэба сабраць нешта на дарогу, Якаў. Не ў госці завуць, зладзеі...

— Нічога не трэба збіраць. Няхай толькі Лукер’я бялізну памые.

— Давай, Якаў, родненькі! — адгукнулася Лукер’я.— Сёння памыю, на святы дзень не пагляджу. Заўтра ўсё сухое будзе.

— Вазьмі ў куфэрку, Лукер’я, там усё маё дабро.

— Харчоў накладзеш торбу,— клапаціўся Піліп.— Знойдзецца яшчэ нейкі драбок сала.

— Дзяцей кармі. У мяне яшчэ капейка асталася ад гарадскіх заработкаў ды ад Халусты сваё вазьму, куплю ў Слуцку харчоў.

— Не, Якаў,— настойваў Піліп.— Ты ідзеш не проста ў салдаты, а на вайну. Салдат і ў спакойны час не вельмі сыты, а на вайне не давядзі бог! Капейка табе згодзіцца! Толькі глядзі, каб цябе Халуста не абдурыў, гэтакі злодзей!

— Не на такога ён нарваўся, брат.

Піліп зірнуў на Якава, нешта падумаў.

— Чаму ты не распранаешся? Мабыць, у маёнтак пойдзеш?

— Пайду.

— Хоць бы ты адзін вечар дома, у бацькавай хаце, пасядзеў, Якаў. Божа мой, калі яшчэ прыйдзецца сустрэцца!..— сказаў Піліп.

Лукер’я ўсхліпнула.

— Ну чаго гэта вы! Начаваць дадому прыйду і заўтра да вечара дома буду. А сёння я мушу быць у маёнтку. Ты павінен зразумець мяне, Піліп.

— То ж і бяда, што разумею, а то не пусціў бы з хаты. Давай, Лукер’я, вячэраць.


Калі Якаў выбраўся ад Піліпа, ужо сцямнела. На ганку Піліп яшчэ раз сказаў Якаву, каб абавязкова прыходзіў начаваць, бо ён нават хату не замкне на ноч. Якаў абяцаў. Вечар быў вельмі прыгожы і вельмі марозны. Заснежаныя палі пад месячным святлом зіхацелі, як абсыпаныя зоркамі. Старыя бярозы, якія сям-там стаялі на дарозе, нагадвалі нешта казачнае.

Шмат думак роілася ў галаве ў Якава. Ці давядзецца яшчэ ўбачыць гэтыя родныя прасторы? Можа толькі цяпер ён па-сапраўднаму ўбачыў іх непаўторнае хараство? Раней не прымячаў. Чаму? Часу не было ці не цікавіўся родным краем? А можа проста вельмі шэрым і непрыкметным здаваўся ён. А цяпер, калі прыйшла пара разлучацца, якім жа мілым і прыгожым ён паказаўся. Разлучыцца... Можа назаўсёды... Вайна. А з вайны не ўсе прыходзяць дадому. А колькі бязрукіх, бязногіх, сляпых, знявечаных. Што ж, і такія жывуць і змагаюцца. Заўтра трэба напісаць Вользе Іванаўне. Але што напісаць? Што яго бяруць на вайну? Дык яна і сама ўведае пра гэта...

Не, не ўдалося асабістае жыццё...

Чаму не ўдалося?

Думкі гэтыя так апанавалі Якава, што ён не заўважыў, як падышоў да маёнтка. «Не ўдалося? Не, якраз наадварот, удалося! Няма ўласнай сям’і? А Піліп з жонкай і дзеткамі! А хлопцы ў маёнтку, а таварышы ў горадзе!» Арганізацыя РСДРП — хіба гэта не вялікая родная сям’я, якая думае пра яго, клапоціцца аб ім і ніколі не забудзе, нават тады, калі давядзецца пакласці галаву на маньчжурскіх сопках! Бо, нарэшце, у Малінаўцы хіба ён не пакінуў следу! Андрэй і Іван заўсёды ўспомняць яго. Хіба гэта не жыццё, не шчасце! Не, лепшага шчасця ён не хоча.

«Дык вышэй галаву, Якаў Шэмет! Вольга Іванаўна таксама ўспомніць цябе. І ты яшчэ не нябожчык! І не будзеш нябожчыкам! Спачатку трэба пахаваць ненавісных ворагаў, з якімі ты змагаешся ўсё сваё жыццё».

Маёнтак яшчэ не спаў, але не было ў ім таго руху, які звычайна бывае ўдзень і асабліва прыметны адвячоркам, калі на стайні, у кароўніку, у свінарніку кіпіць работа, калі парабкі і парабчанкі даглядаюць на ноч панскую худобу, а аканом носіцца ад адной будыніны да другой і лаецца, як ашалелы.

У вокнах парабкоўскіх баракаў блішчала скупое святло, але нікога не было на дварэ, хоць быў святочны вечар. Раней у такія вечары маладым не сядзелася ў цёмных і брудных камяніцах. Хлопцы і дзяўчаты выходзілі на свежае паветра, на раку Случ, каб пакоўзацца на лёдзе, укачаць адзін аднаго ў снег, пажартаваць. У такія вечары нават тут, на гэтай катарзе, можна было пачуць не толькі дзявочы смех, але і вясёлую песню і гукі гармоніка. А сёння цішыня. Значыць, вайна не абмінула і маёнтка. Мабыць, не адна маці плача, рыхтуючы сыну торбу, бо ў невясёлую дарогу збіраецца ён, і хто ведае, ці вернецца назад... І тут Якаў зноў успомніў Паўла. «Яго ж, напэўна, таксама бяруць!..— з жахам падумаў ён.— Хто ж тады астанецца ў групе?» І ўсе астатнія думкі вылецелі з яго галавы. Ён хутчэй пайшоў да Станіслава.

Калі адчыніў дзверы ў хату, то ўбачыў, што ўсе ў зборы і яго, напэўна, чакаюць.

— Я меркаваў, што ты прыйдзеш раней,— сказаў Станіслаў, вітаючыся.

— Не мог. Прыйшлося затрымацца спачатку ў Малінаўцы, потым у Чыжэвічах у брата.

— Не бяда. Распранайся ды садзіся. Ты ў нас ужо госць, Якаў.

Гэта і кранула Якава і ўзрадавала. Са Станіслававых слоў ён зразумеў, што толькі адзін ён госць. Значыць, акрамя яго нікога больш не бяруць.

Усе селі за стол, і пачалася гаворка.

— Даўно ты не быў у нас, Якаў,— задуменна прамовіў Станіслаў.

— Не мог. Ніяк не мог. Сена задушыла. Ведаеш, якая цяпер дарога... Ногі ўжо не носяць.

— Ведаем, Якаў, усё ведаем. Толькі не ведалі, што вайна так скора выбухне і цябе адразу мабілізуюць. Раней трэба было сустрэцца. Вельмі шкада, што цябе забіраюць... Я ў пятніцу ў Слуцку быў, навіну добрую прывёз. Думаў: ну, цяпер толькі не спі ў шапку!.. Узрадую хлопцаў, думаў. А цяпер гэтая навіна і ўзрадуе цябе і болю дадасць.

— Якая навіна, Станіслаў? — нецярпліва запытаў Якаў. Ён па ўсіх бачыў, што гэтая навіна ім вядома.

— У Гомелі арганізаваны Палескі камітэт РСДРП.

— От як!..

— От так, таварыш. Хоць мы і далёка ад Гомеля, але кіруючы цэнтр усё-такі ёсць. Можам мы з імі трымаць сувязь? Можам і павінны трымаць. Слуцкая група накіравала ў Гомель аднаго таварыша, каб наладзіць такую сувязь. Лічу, што мы зможам атрымліваць адтуль дырэктывы, пакуль Камітэт РСДРП не арганізуецца ў Мінску.

Якаў схіліў галаву. Ён да болю зайздросціў таварышам і адначасова быў рады за іх.

— У Гомелі ў мяне знаёмая ёсць,— прамовіў ён.— Можа яна і не ўваходзіць у Камітэт, але ўсё роўна праз яе можна было б наладзіць сувязь вельмі скора.

— Гэтая твая знаёмая і паведаміла слуцкім таварышам пра Палескі камітэт.

— Вольга Іванаўна?

— Лічы, што я не ведаю, як яе завуць. Ты таксама не ведаеш. У яе ёсць партыйная клічка.

— Узрадаваў ты мяне, Станіслаў... І ведаеш, як крыўдна мне, што я ўжо ў вас як адрэзаны кавалак.

— Усё ведаю, таварыш. Калі ты і адрэзаны кавалак, то кавалак добры. Такія хлопцы і ў войску патрэбны, а цяпер асабліва. Мы спадзяёмся, што і там ты будзеш весці работу сярод салдатаў. Павінен весці, такі наш наказ. Нам горш: наша невялічкая група траціць аднаго чалавека.

— Я на сваё месца пакідаю чалавека. Нават двух.

— Андрэй Сташэвіч і Іван Аўсянік нам цябе не заменяць. Пры табе і яны раслі і былі б карысныя. З імі яшчэ многа трэба працаваць, Якаў, а цяпер яшчэ і сувязь нейкую наладжваць.

— Наладзіце сувязь, гэта не Гомель. От тады і папрацуйце з імі.

— Не ведаю я, як можна апрацаваць шляхціца, калі ён, можна сказаць, нарадзіўся мужыцкім ворагам.

— Не, Платон, так няможна гаварыць,— папракнуў Станіслаў.— Ніхто не нараджаецца чыім-небудзь ворагам. Жыццё робіць людзей ці сябрамі, ці ворагамі. Я, напрыклад, калі не шляхціц, то нейкі падпанак. Ва ўсякім разе не парабак. Дык можа я твой вораг, Платон?

— Ты іншая справа.

Ядвіга сядзела каля печы і глядзела на Якава. «Як ён змізарнеў!» — думала яна, і ёй хацелася падысці да яго, пагладзіць, як маленькага, па галаве, пашкадаваць.

Якаў з папрокам зірнуў на Платона.

— Ты няправільна думаеш пра людзей,— сказаў ён.— Сташэвіч — наш чалавек, і работнік з яго выйдзе нядрэнны.

Ён на хвіліну змоўк.

— От у чым справа, таварышы: у Халуставым гумне я пакінуў некалькі кніжак. Яны добра схаваныя, і забраць іх адтуль сёння я не мог. Сочыць ён за мной, стары злодзей. Заўтра я гэтыя кніжкі аддам Андрэю Сташэвічу. Некаторыя ён чытаў, некаторыя яшчэ не. Дык от няхай чытае з Іванам. Потым ён перадасць іх табе, Станіслаў.

— Які ты смелы! — зноў успыхнуў Платон.

— Супакойся,— нецярпліва сказаў Павел.— Ты некалі апёкся на шляхцянцы, дык думаеш, што ўся шляхта такая. Якаў зрабіў правільна. Наша група малая. У Чыжэвічах ёсць добрыя хлопцы, у нашым маёнтку таксама. Са многімі я гаварыў... Не палохайся, Платон, я гаварыў мала, найбольш яны гаварылі. Я ўведаў, пра што думаюць людзі, мяркую, што і ўсім нам трэба больш гаварыць з людзьмі.

— Правільна, Павел, але гэта мы абмяркуем другім разам. Як Андрэй Сташэвіч перадасць мне тыя кніжкі, Якаў?

— Трэба, каб вы пазнаёміліся. Табе да яго ісці нязручна і нават небяспечна. Можна было б перадаць праз Івана Аўсяніка, але я лічу, што Андрэй сам павінен прыйсці да цябе. Гэта неабходна. Каб не гэтая чортавая вайна, то я прывёў бы яго сюды. Думаю, што вам трэба сустракацца ў цябе, пакуль зіма, а ўлетку знойдзеце месца.

Гаварылі доўга, здаецца, усё абмеркавалі, пара было разыходзіцца, калі раптам пачаў гаварыць Міхаль Рожка, які дагэтуль маўчаў.

— Не, браткі, не баіцца нас Гендарсан. Забыў ужо ён і пра бульбу і пра млын. Бачыць, што справы яго ідуць як па масле, усе маўчаць, дык ён, гад, і шалее...

— Ну, канчай, чаго ж ты спыніўся,— падахвочваў Станіслаў, зразумеўшы, што Міхаль нечага не дагаварыў.

— Што тут канчаць? Ён ужо жанок па плячы паляпвае і гатовы ніжэй паляпаць. Вочкі строіць... Да мае Любы чапляецца, сукін сын.

— Ах, вяпрук смярдзючы! — ускіпела Ядвіга.— Надакучыла, мабыць, свая худая жэрдка, а ён жа раз’еўся! Няхай толькі паспрабуе крануць каторую, вочы яму выдзерам!

Мужчыны зарагаталі. Навіна сапраўды была цікавая і нечаканая.

— Чаму ты мне не сказаў, Міхаль? — папракнуў Платон.— Паказаў бы я яму!

— Я, Платон, і сам з ім рады даў бы. З вамі хацеў пагаварыць, каб не напсаваць чаго. Ведаеш, як крыўдна! Мая Люба плача. Ёй жа раджаць скора.

— Добра, Міхаль, што сам ты нічога не натварыў,— прамовіў Станіслаў.— Значыць, ты чалавек вытрыманы, і я вельмі рады. Толькі мне не верыцца, што ён усур’ёз пра нешта думае. Проста падгульвае, як жарэбчык.

— Вер ты яму! — успыхнула Ядвіга.— Далібог жа, ён у апошні час на кожную маладую жанчыну паглядае так ласа, як кот на смятану.

— Добра, таварышы,— сказаў Станіслаў.— Гэтую справу мы разбяром потым, а цяпер трэба разыходзіцца. Здаецца, мы дамовіліся пра ўсё. А ты, Якаў, павінен нам пісаць. Пра ўсё. Мы зразумеем, як ты ні напішаш, бо пісьмы будзе правяраць вайсковая цэнзура. Пішы так, каб нічога не было выкасавана.

Далёка было за поўнач, калі Якаў сабраўся дадому. Павел, Платон і Міхаль развіталіся з ім і пайшлі першыя. Ядвіга выняла з шафы напакаваную торбу і падала Якаву.

— Што гэта?

— Табе на дарогу!

— Не вазьму! — узлаваўся Якаў.— Брат рыхтуе торбу, тут торба. Не вазьму.

— Возьмеш,— рашуча сказаў Станіслаў.— Брата не крыўдзі. Сам ён з дзецьмі на мякіне сядзіць, брат твой.

— Пакрыўдзіцца, калі не вазьму.

— Растлумач, каб не крыўдзіўся.

Пры развітанні Ядвіга заплакала:

— Прывыклі мы да цябе, Якаў...

Марозная ноч стаяла на дварэ, калі Якаў выйшаў ад Станіслава. Марозная і здаровая. І не было на душы той прыгнечанасці і безнадзейнасці, што апанавалі Якава, калі ён ішоў сюды.



РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ[правіць]

Удзень было сонечна, марозна і ціха, а перад захадам сонца неба пачало хмурыцца, адмяк мароз, і з усходу павеяў вецер. Быў ён спачатку ціхі, нават цеплаваты, але Андрэй ведаў яго: усходнія і паўночныя вятры заўсёды прыносілі завею або мароз, а заходнія і паўднёвыя — адлігу або галалёдзіцу. «Няўжо зноў пачнецца завея?» — трывожна думаў Андрэй. Ах, як непатрэбна яна была, асабліва цяпер. Колькі падвод з навабранцамі пойдзе заўтра ў Слуцак! З кожнага сяла, з кожнага засценка. Да Слуцка — блізкі свет — больш за дваццаць вёрст, і ўсё па чыстым полі. Толькі сёлы на дарозе, а ў тых палявых сёлах гэтулькі гурбаў на вуліцах, хаты па самыя стрэхі ў снезе. Ехаць па такой вуліцы гора адно, і аб’ехаць нельга па цаліку. Хопіць бяды і людзям і коням, калі ўсходзіцца завея...

Андрэй упраўляўся па гаспадарцы адзін. Івана ўчора пусціў дадому, няхай правядзе дзядзьку на вайну. Пакуль усё зрабіў, звечарэла. Так скора змеркла, мабыць, таму, што неба зусім нахмурылася і, здаецца, стала ніжэйшае. Калі Андрэй прыйшоў у хату, там ужо гарэла лямпа. Алена, як і заўсёды ў святочныя вечары, круцілася каля люстэрка. Андрэй зірнуў на яе коса, са злосцю падумаў:

«Нішто яе не трывожыць. Што ёй людское гора! Тамаш на вайну ідзе, а яна ці падумала пра гэта. Абы Гром яе дома астаўся. Пабяжыць да Лісаветы».

— Можа павячэраеш, Андрэй?. — запытала маці.

— Давайце.

Пакуль Андрэй вячэраў, Алена паспела сабрацца, і толькі бачылі яе ў хаце. Маці прыбрала са стала і сказала:

— Схаджу да Янавых, Андрэй.

— Ідзіце. Я заўтра раніцай схаджу.

«Тамаша ўсё роўна дома няма,— думаў Андрэй.— Гуляе апошні вечар». Аднак гэта яго не супакойвала. Сёння яму не сядзелася ў хаце. Не хацелася ні чытаць, ні думаць, ні спаць. Бывае такі няўдалы настрой, калі нішто не міла, хоць у поле бяжы як ашалелы... І тут успомніўся Якаў. Няўжо ўчора было з ім апошняе спатканне? Не хацелася верыць. Як многа трэба было сказаць Якаву перад расстаннем! Нямала добрых кніжак, тых, на якіх не напісана, што яны дазволены цэнзурай, прачытаў Андрэй з рук Якава. Нямала аб чым гаварылі, але не ўсё яшчэ было ясна і зразумела Андрэю. Не аб усім перагаворана. Якаў быў яму неабходны, бо, як пачалі вазіць сена, сустракацца даводзілася рэдка.

У пустой хаце Андрэй адчуваў сябе вельмі адзінока. Хоць бы Іван быў дома, хоць бы прыйшоў хто-небудзь! Але хто сёння мог прыйсці? Маладыя на вячорках, можа ў таго самага Талімона, куды пайшла і Алена.

Якава Андрэй не чакаў, ведаў, што сёння ён да яго не прыйдзе. Напэўна, у Чыжэвічах у радні ці ў маёнтку ў Станіслава Вярбіцкага. А заўтра ранкам паедзе ў Слуцак, і не прыйдзецца нават развітацца з ім па-чалавечы. І горка стала ў Андрэя на душы... Аднак нешта падказвала яму, што не можа яго сяброўства з Якавам кончыцца так недарэчна. Тады нашто Якаў расказаў яму пра бальшавікоў, пра Леніна і Пляханава? Ці на такі пусты канец праседжвалі яны доўгія вечары, гутарылі і спрачаліся? Ведаў таксама Андрэй, што Якаў не адзін, што ў маёнтку ёсць у яго сябры-аднадумцы і першы з іх Станіслаў Вярбіцкі. Дык чаму ж Якаў не пазнаёміў яго з тымі сябрамі? Не верыў? Можа і цяпер не верыць! Ад гэтай думкі Андрэю стала горача. Усё пераблыталася ў яго галаве, толькі адно ён ведаў: Якава яму шкада больш, чым Тамаша...

Раптам (гэта было падобна на дзіва), калі ён падняў галаву, то ўбачыў Якава. Сагнуўшыся, ён стаяў каля парога і дзеркачом абмятаў з ботаў снег. Андрэй не чуў, калі ён увайшоў у хату.

— Ты мне нават на «добры вечар» не адказаў,— разагнуўся Якаў.

— Ну, брат... Я пра цябе думаў.

— Думаў, што Якаў і развітацца не прыйдзе.

— І пра гэта... Садзіся, Якаў.

Якаў сеў, уважліва агледзеў хату.

— Дома нікога няма?

— Адзін я.

— Значыць, нам шанцуе. І пакуль нікога няма...

Якаў засунуў руку за пазуху, выняў некалькі кніжак.

— Схавай гэта дзе-небудзь, Андрэй, у добрым месцы.

Андрэй узяў кніжкі абедзвюма рукамі, і вочы яго бліснулі радасцю. Ён з удзячнасцю зірнуў на Якава.

— Схаваю,— толькі і вымавіў ён.

— Чытай сам, Іван таксама няхай чытае. Тут дзве кніжкі Леніна: «Да вясковай беднаты» і «Што рабіць?».

— «Што рабіць?» — як у Чарнышэўскага?

— Але зусім не той змест. Гэтыя кніжкі прачытайце ў першую чаргу.

— Няўжо ж ты думаеш, што я іх запхну ў нейкую нару і...

— Толькі асцярожна, Андрэй. Сястра твая вельмі цікаўная.

— Вядома.

— Каб не трапіліся гэтыя кніжкі на яе вочы.

— Не трапяцца.

— Калі чаго не разумееш, звяртайся да Станіслава.

— Я з ім незнаёмы, Якаў. Ты ж...

— Не пазнаёміў вас? Не бойся, пазнаёміў. Даўно ён пра цябе ведае. З ім пра ўсё дамоўлена. Ён табе падкажа, што трэба рабіць, можа даручыць якую работу. Усё, што будзе незразумела, растлумачыць.

— Добра, Якаў. Ты што жывой вады на мяне ўзліў.

— Калі прачытаеце кніжкі, то адразу перадай іх Станіславу. У сябе дома не хавай. Занадта многа ў цябе ворагаў у засценку. Ёсць такія, што на вешальніцы цябе бачыць гатовы. А як сустрэцца са Станіславам, прыдумай сам.

— Няма пра што доўга думаць. Першы раз завязу воз бульбы ў бровар і зайду да Вярбіцкага як да майстра. А потым занясу яму рондзель, каб дзірку ён залатаў.

— Што гэта за рондзель?

— Я і сам не ведаю, чаму ён завецца рондзель. Такі вялікі медны посуд. Маці ў ім варыць варэнне. А чаму ён рондзель, а не кацёл, чорт яго ведае.

Памаўчалі трохі і пачалі закурваць.

— От табе і рондзель,— прамовіў Якаў.

— А потым прыйду, забяру яго ад Станіслава з залатым дном. Магу нават грошы дома забыць, каб прыйсці яшчэ раз і разлічыцца з майстрам.

Якаў засмяяўся.

— Хопіць, Андрэй. Я ўжо бачу, што рондзель табе службу саслужыць.

— Знойдуцца і іншыя прычыны. Але чаму ты раней не пазнаёміў мяне са Станіславам? Чаму раней не даў гэтых кніжак? — У Андрэевым голасе былі папрок і крыўда.— Пакуль на вайну цябе не паклікалі...

— А калі б чытаў ты гэтыя кніжкі? Хіба я не думаў пра гэта? Калі пачалі сена вазіць, то я і сам не чытаў нічога і ў маёнтак не хадзіў. Хіба вольны час быў? А з восені, ды і да самай возкі сена, хіба я мог табе даверыцца, Андрэй? Ты ж такога шляхцюка з сябе корчыў, што не падступіся.

— Няпраўда! — горача прамовіў Андрэй.— Шляхцюка я не корчыў.

— Але даверыцца табе адразу я не мог.

— Не мог...— згадзіўся Андрэй.

Сябры зірнулі адзін на аднаго, і кожны глыбока адчуў узаемную цеплыню і шчырасць, якая так зблізіла іх.

— Ну, здаецца, я ўсё табе сказаў, Андрэй,— нарэшце ўстаў Якаў.— Даруй, таварыш мой дарагі, мне трэба ісці.

Сябры моцна абняліся і пацалаваліся.


У аўторак Андрэй устаў рана, яшчэ далёка было да світання. Нейкая трывога ўсю ноч адбірала ў яго сон. Не ведаў, спаў ці не. Проста забываўся на некалькі хвілін, бо гэтага нельга было назваць нават дрымотай, потым нешта нядобрае, незразумелае стукала ў галаву, і ён усхопліваўся, абліты халодным потам, і чуў, як трывожна б’ецца сэрца. Што гэта? Хвароба ці нейкая іншая немач?

У хаце было цёмна, ён ляжаў з расплюшчанымі вачыма і глядзеў у гэтую цемень. Нават думак сапраўдных не было. А на дварэ нешта шалясцела, шаптала, шоргала па вуглах хаты, нібы там нехта хадзіў, нешта рабіў патаемнае, шкоднае...

У хаце ўсе спалі без клопату і трывог. Не, не ўсе. Зашавялілася маці. Мабыць, села. Пазяхнула і, вядома, перахрысцілася, як і заўсёды.

— Чаму ж ты не спіш, Андрэй? — запытала паўшэптам.

— Сам не ведаю, мама. І сплю і не сплю.

— На дварэ завея. Чуеш, як сыпле ў шыбы снег?

— Завея... А як жа правязе Ян Тамаша ў Слуцак у такое надвор’е?

— З людзьмі ехаць трэба. З чыжоўцамі.

Андрэй устаў, не запальваючы лямпы адзеўся, уссунуў на ногі боты, зняў з крука кажух і шапку, апрануўся і пайшоў з хаты.

Шалёная завіруха кружылася над засценкам. Вецер узрываў снег з зямлі, круціў яго і кідаў пад платы і сцены, намятаючы каля іх высокія гурбы. Секанула ў твар халодным ветрам і калючым снегам. Андрэй аж скалануўся. Ён глыбей насунуў шапку, наставіў каўнер кажуха і паволі пайшоў на вуліцу. Вецер спачатку дзьмуў у плечы, а на вуліцы нібы акруціўся і шалёнымі парывамі біў у грудзі.

Засценак спаў, забыўшы ўсе клопаты, крыўды і радасці. Толькі ў Янавай хаце цьмяна свяціліся вокны. Значыць, там яшчэ не лажыліся спаць. І не лягуць у гэтую ноч.

На ганку Андрэй трохі абтросся і адчыніў дзеры.

«Нават хаты не замыкаюць»,— падумаў ён. У сенцах трохі абабіў снег з ботаў.

Каля стала сядзеў Ян, схіліўшы галаву, нібы драмаў. Але калі Андрэй ляпнуў дзвярыма, то ён адразу падхапіўся з месца.

— Я так і думаў, што ты прыйдзеш. Чакаў нават... На дварэ не давядзі бог... Як да гэтага Слуцка дабрацца...

— Мама кажа, што трэба гуртам ехаць, разам з чыжоўцамі.

— А добра яна кажа! Усё такі не адзін. У гурце не загінеш.

У вачах у Яна патух ліхаманкавы трывожны бляск. Ён зірнуў на Андрэя, падумаў: «От, брат Андрэй... Як прыйшоў ты — і спакайней мне стала... І нічога не страшна. А то от сяджу адзін, і месца мне няма... Бег бы, як шалёны, куды вочы глядзяць. Адзінота... Не, нельга аднаму...»

— Можа б я замест цябе паехаў, Ян?

— Не, Андрэй. Сам павязу. Ты тут майму меншаму паможаш. Вунь бачыш, абодва спяць, і Тамаш і Зміцер. Старэйшы і не шманае, што заўтра на вайну пойдзе, а меншы — дзіцё... А мая старая толькі што лягла. Ды я проста загадаў ёй легчы. Кажу: лажыся, а то заўтра ног не пацягнеш. Ужо плач ці скач — усё роўна. Ні тое, ні другое не паможа... Дык ты, брат, паможаш тут майму Змітру, бо сёння ж дамоў я не вярнуся. Хоць бы за дзень да Слуцка даехаць. А там у воінскага начальніка колькі часу пройдзе... Можа толькі паслязаўтра дадому прыеду. Ты тут...

— Памагу.

— Добра, што прыйшоў, Андрэй. Цяжка мне.

— Аднак жа ты ў дарогу збіраешся, ды ў такое надвор’е. Прыляж хоць на лаве, можа задрэмлеш.

Андрэй зняў з цвіка світку, падаў Яну.

— Пад галаву пакладзі.

Ян зірнуў на Андрэя, на світку, якую трымаў у руках, палажыў яе на лаву і прылёг.

— Мабыць, такі і загадаць іншы раз трэба,— ціха сказаў ён.

Пад раніцу завіруха трохі ўтаймавалася.

Андрэй выйшаў на двор. У засценку перагукваліся пеўні. Ён пастаяў на ганку, слухаючы іх бадзёрыя галасы, якія будзілі людзей, і не адчуў ні бадзёрасці, ні радасці. А раней як ён любіў такі час, калі на дварэ яшчэ цемень, але ноч ужо адыходзіць і пеўні клічуць дзень...

Не хацелася будзіць Яна, які пасля ўсіх трывог і хваляванняў заснуў. Андрэй зайшоў у хату, знайшоў ліхтар, ключы і пайшоў у гумно. Як блізкі сваяк і сусед, ён ведаў усю Янаву гаспадарку. У гумне стаялі падрыхтаваныя развалкі. Андрэй натаптаў у іх пошару, каб хапіла не на адзін дзень, сабраў вупраж, наклаў у рэзгіны канюшыны і залажыў у жалабы. Сівая першая пачала хрумстаць, гультай Чорны не вельмі спяшаўся.

Калі Андрэй вярнуўся ў хату, Яніха падпальвала ў печы. Ян апранаўся.

— Я думаў, што ты дамоў пайшоў,— сказаў ён, убачыўшы Андрэя з ліхтаром і ключамі ў руках.

— На якім кані паедзеш?

— На Сівай.

— Я так і думаў. То ідзі ўсып ёй аўса і з сабой у дарогу вазьмі.

— Ведаю, брат,— адказаў Ян.— Пайду. А ты будзі Тамаша. Час збірацца.

Перад самым світаннем завіруха раптам сціхла, замёўшы ўсе дарогі і сцежкі. Куды ні зірні — белы цалік без канца і краю.

Праводзіць Тамаша прыйшлі старая Аксеня і Алена. Аднекуль з’явіўся Ладымер Баран-Заяц і пыхкаў люлькай. Світала. Усё навокал афарбавалася ў сіні колер. Ян з Тамашом выехалі са двара. Трэба было раней заехаць у Чыжэвічы, каб застаць падводы, якія пойдуць у Слуцак.

— Дык не забудзь жа, Андрэй! — гукнуў з вуліцы Тамаш.

У Андрэя нешта абарвалася ўсярэдзіне пасля яго слоў. Толькі цяпер ён па-сапраўднаму зразумеў усё, што адбылося сёння. Успомніў Якава. Моташна стала на душы. Але некалі было пра гэта думаць: Яніха павалілася на снег. Ён з Ладымерам падхапілі яе і панеслі ў хату.

— Сэрца слабое,— растлумачыў Ладымер.— Гады не тыя.

Андрэю хацелася даць яму па зубах. «Сэрца слабое! У цябе, вядома, конскае сэрца...»

— Вам прыйдзецца сёння пабыць тут, мама. Мне таксама. Няхай Алена і Іван упраўляюцца дома. Раніцай худобу сам накармлю, а потым няхай Іван. Павінен прыйсці скора. А мы тут са Змітрам худобу пакормім. Кінь плакаць, Зміцер, не маленькі! Пане мой! Адзінаццаць гадоў, скора жаніхом будзеш.

— Вядома! — падтрымаў Ладымер.

— Тамаша шкада,— усхліпнуў Зміцер.

— Вернецца Тамаш. Хадзем у гумно.

— Вядома, вернецца! А дзе ён, скажам, дзенецца! — зноў падтрымаў Ладымер.

Калі Андрэй са Змітрам пайшлі ў гумно, Ладымер увязаўся за імі. «Няўжо ён дома паспеў управіцца? — са злосцю падумаў Андрэй.— Валачэцца ў чужое гумно, а ў сваім можа і не бывае. Жонка з дачкой гаспадарку вядуць, а ён то ў лес са стрэльбай, то па чужых хатах». Андрэю не хацелася сёння гаварыць з Ладымерам, а той не разумеў гэтага. Так і прасядзеў у гумне ўвесь час, аж пакуль Андрэй са Змітрам не ўправіліся і трэба было ісці ў хату.

Думаў Андрэй, што нарэшце адчэпіцца ад яго Ладымер, але той услед за Андрэем і Змітрам пайшоў у хату.

— Невядома, як там старая Яніха,— сказаў ён Андрэю ў сенцах такім тонам, нібы для яго гэта было важней за ўсё на свеце. Андрэй не адказаў.

Яніха ляжала ў ложку. Старая Аксеня ўпраўлялася каля печы. Андрэй сеў на лаву, не запрасіўшы Ладымера. Той, мабыць, і не чакаў гэтага, бо нават і вухам не павёў. Ён набіў тытунём сваю смярдзючую люльку, хацеў прыкурыць.

— Не куры, Ладымер,— сказаў яму Андрэй.— У хаце хворая жанчына.

— О-о! А я і не падумаў! — Ладымер схаваў сваю люльку.— А я, Андрэй, паўкварты прынёс Тамаша правесці, але спазніўся. То можа мы, скажам, цяпер яе вып’ем.

«Дык от чаго ты хадзіў за мной услед!» — падумаў Андрэй.

— Няма за што піць, Ладымер,— адказаў ён.— Няма ніякай прычыны.

— Як няма! — усклікнуў Ладымер.— Каб Тамаш вярнуўся цэлы і неўрадзімы, каб там яму пашанцавала.

Пасля паўкварты Ладымер стаў вельмі гаваркі, але Андрэю не хацелася яго слухаць. Ладымера гэта не цікавіла, ён павінен быў выказаць усё тое, што было ў яго на душы.

— Ну, ці гэта праўда, Андрэй, скажы ты мне! Хаім Ножык учора са Слуцка вярнуўся і адразу прыбег да Халусты. На дварэ сустрэліся, адзін аднаму гаў-гаў, як сабакі, скажам... Так пагаўкалі трохі, тады Халуста пачаў рагатаць, аж з захлёбам, а Хаім яго па плячы паляпвае.

— Ну дык што?

— Ты не ведаеш што? — здзівіўся Ладымер.— А тое, што Хаім ужо выкупіў Мікалая Халусту —гэтага злодзея. Я ж, браце, па-суседску ўсё бачу і чую са свайго двара. У Слуцак сёння збіраюцца, як на кірмаш. Крывая Настуля не млела, як, скажам, цётка Яніха. Ды наўрад ці ўмее яна млець.

Андрэй зарагатаў.

— Ну чаго ты! Яна не з такіх людзей, каб млець. Я, браце, думаю, што яна і плакаць наўрад ці ўмее.

— Нагаворыш ты...

Аднак Андрэй адчуваў, што ў Ладымеравых словах ёсць праўда, бо помніў, як выглядала Настуля, калі прыбегла да яго і закрычала: «Нашы рэжуцца!»

— Я праўду гавару, Андрэй, я ж Халустаў сусед, то ўсяго нагледзеўся. Не дай бог нікому такога суседа. Каб капейка лішняя была, перасяліўся б я ў Маргі, абы мне яго не бачыць.

Так яны пагаварылі колькі часу, раптам Ладымер успомніў, што яму яшчэ ў Чыжэвічы трэба, і так заспяшаўся, што ледзь не забыў шапку. «Такі ж ты, брат Ладымер, добра ап’янеў. Мабыць, сёння яшчэ не снедаў,— падумаў Андрэй.— І чаго так зарупіла табе ў Чыжэвічы? Мабыць, пара хвоек пакацілася туды з Маргоў, а ты ўслед за імі яшчэ чарку выпіць. Пі, не шкадуй маргоўскіх хвоек...» Андрэй быў рады, што Ладымер нарэшце адкаснуўся ад яго.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ[правіць]

Яўхіму Халусту не спалася. Ён прачнуўся пасля другіх пеўняў, разбудзіў Настулю і, хутка апрануўшыся, памчаўся з хаты. Хто ведае, што можа здарыцца ў гаспадарцы за ноч! Абабраць могуць зладзеі, выцягнуць дабро са свірна. А ён жа, хіба гэта жарты, дзве ночы дома не быў, учора прыехаў позна, нічога не дагледзеў. Хіба дурному Юзіку можна даверыць гаспадарку! Усё праспіць, прап’е, прагуляе.

Спала яшчэ Малінаўка. Ні ў адным акне не было святла. А на дварэ стаяў мароз-траскун. На небе паблісквалі зоркі.

Яўхім перш-наперш пабег да стайні, зірнуў на вялізны замок, што вісеў на дзвярах, і памацаў яго рукамі. Халоднае жалеза апякло голыя далоні. Халуста крэкнуў, але супакоіўся: замок быў цэлы. Тады ён падаўся да свірна, адтуль да гумна і, асклелы і заспакоены, пайшоў у хату.

Настрой у Халусты быў не то што добры, але нават выдатны. Выйшла так, як ніколі не чакаў: Мікалая выкупіў, каштавала трохі, але чорт яго бяры. Мікалай у кузні адробіць. А Якава збракавалі! От чаго не чакаў! «Хі-хі-хі! Ліха матары яго, збракавалі! Па вачах не падышоў і руку некалі зламаў. Хі-хі-хі! Мабыць, у машыну ўсунуўся, калі ў дэпо рабіў. Дзіва што! Паніклы! Сослепу ў машыну ўлез! Але, трасца яго бяры, робіць! Парабка шукаць не трэба. Дабудзе тэрмін, гад!»

Настуля яшчэ толькі паднялася з ложка, і Халуста рынуўся да яе з кулакамі.

— Кабыла крывая! Чаму Якава і Юзіка не будзіш? — і кінуўся да дзвярэй баковачкі, дзе спаў Якаў.

— Ліха матары тваёй! — ён загрукаў кулакамі ў дзверы.— Уставай!

— Дзверы выламіш, пан Халуста! — адказаў Якаў.— Ды цішэй трохі крычы.

— От як! Паніклы чорт! Думаеш, калі ў войска не ўзялі, то такі ты вялікі пан! Ты мне адробіш гэтыя дні, што ў Слуцку агінаўся. Адробіш! І за падводу туды і назад вылічу.

Калі ўсе ўсталі і ў печы пачалі трашчаць дровы, Халуста загадаў Юзіку і Якаву ісці ў гумно, а сам пайшоў да Гарасіма Жукоўскага, да якога меў пільны інтэрас. Вось цяпер прыйшла пара здзейсніць тое пачварнае, што было раней спланавана ў яго галаве. Дарэмна яго палохаў Хаім Ножык, хоць, няма чаго казаць, трэба падзякаваць гэтаму яўрэю: ён памог выкупіць Мікалая. Падсунуў хабар, ведаў каму. І ўсё зрабілася так добра, што лепш нельга прыдумаць. Каму вайна, а каму ніякай вайны няма. Яму — Халусту — вайна не пашкодзіла. І сын дома, і парабак нідзе не дзеўся. «Хі-хі-хі! Сцеражыся цяпер, пане Хмялеўскі! Я табе пакажу Крушнікі! Выгарадзіўся, пане мой! Маё-оонтак!.. Два дні ў Слуцку праз цябе... Можа дарэмна я там агінаўся! І з вамі пагаворым, пане Жукоўскі, пане Жучок, пане Камарык, хі-хі-хі...»

Прачынаўся засценак. У вокнах блішчалі агні. Сямтам рыпалі дзверы, калодзежныя жураўлі. Халуста па звычцы трушком бег па вуліцы. Каля дома Андрэя Сташэвіча ён суцішыў хаду. «А, ліха матары тваёй, не спіш і ты! Я т-табе пакажу-у! От як стану тваім суседам, тады ты ў мяне заспяваеш! Не будзе табе ні сну, ні спакою!»


Гарасім прачнуўся рана. Першае, што ён пачуў, было тахканне гадзінніка і мурлыканне ката. Гадзіннік вісеў на сцяне, а кот ляжаў на падушцы, каля Гарасімавай галавы.

Гарасім пацягнуўся рукой да стала, абмацаў запалкі і запаліў лямпу. Тады злез з ложка, надзеўся, уссунуў на ногі валёнкі і, ускінуўшы на плечы кажух, выйшаў на двор.

Марозная зімовая ноч канчалася. Усё яшчэ спала навокал, толькі чуваць было, як па Старочынскім шляху праехала нейкая ранняя падвода.

Недалёка, у хаце Андрэя Сташэвіча, свяціліся вокны. Гарасім некалькі хвілін глядзеў на гэтыя вокны, і ў галаве яго мітусіліся розныя думкі. Яны былі блытаныя, супярэчлівыя і не вельмі зразумелыя, хоць і прыемныя. У вачах яго паўстала Андрэева хата, у якой ён ніколі не быў. Але ён мог уявіць яе. Усе засцянковыя хаты падобныя адна на адну. Толькі што ў адной чысцей, а ў другой брудней. У Андрэевай хаце павінна быць чыста. Над сталом вісіць лямпа, а на ўслоне сядзіць маладая дзяўчына і прадзе. Гэта Андрэева сястра Алена. У яе прыгожы твар і спрытныя поўныя рукі. Такую ён убачыў яе, калі аднойчы зайшоў да Талімона. Тады хварэў меншы Талімонаў сын, і Гарасім ставіў яму градуснік і даваў парашок аспірыну. Але гэта не асталося ў памяці. Толькі яна, дзяўчына гэтая, не выходзіць з галавы. Якія харошыя ў яе вочы! І яна так ласкава паглядзела на старога дурня... А верацяно круціцца на тонкай кужэльнай нітцы, і Гарасіму дзіўна, чаму яно не абарвецца. Яно такое тоўстае, пузатае, цяжкае, а нітка такая тоненькая...

Чаму так прыемна ўяўляць гэтую дзяўчыну? Што з ім зрабілася?

У хаце Гарасім пачаў ставіць самавар. Прыгнуўшыся, ён зняў яго з лавы, прымайстраваў каля печы на блясе, насыпаў вуголля і распаліў. Потым раздзьмухаў старым ботам і заспакоіўся толькі тады, калі пачуў вясёлае сіпенне. «Грэйся, грэйся!» — сказаў ён самавару і сеў пры стале. Пацягнуўся быў рукою па кнігу, але кот саскочыў з ложка, выгінаючыся прайшоў па хаце, цярнуўся аб гаспадарову нагу і ўзлез яму на калені. «Смятанкі хочаш, ласун? Няма смятанкі, цяпер зіма, каровы не дояцца».

Праз некаторы час самавар ужо сіпеў на стале. Гарасім прынёс шклянку, сподак і ўзяўся піць чай. Піў упрыкуску, дзьмухаючы ў сподак, і ад прыемнасці цмокаў языком.

Раптам адчыніліся дзверы, і ў хату ўсунуўся Халуста.


— Ай, дзень добры, пане Жукоўскі! Мароз, ліха ма-атары яго, мароз!

— Мабыць, пане Халуста, зноў прыйшлі зубы лячыць,— скрывіўшыся, запытаў Гарасім. Ён лепей бы на ражне бачыў гэтага Халусту, чым у сваёй хаце.

— Не, не, не, пане Жукоўскі! Вы таго гада, што не даваў мне спакою, як выпалілі нечым пякучым, цьфу... аж цяпер шчыміць... то ён больш і голасу не падае.

Калючымі драпежнымі вачыма ён зірнуў на Гарасіма і скрывіў на сваім д’ябальскім твары нешта падобнае на ўхмылку.

— Ай-яй, пане Жукоўскі! Якая вы ранняя птушка! У вас ужо чай!

Ён без запрашэння сеў на лаву і абвёў позіркам стол. Гэта для яго было зусім натуральна, бо, будучы некалі аканомам, прывык, каб яго ў кожнай хаце частавалі. А для Гарасіма гэта было зусім ненатуральна, бо пад старасць ён паскупеў. Аднак пачуццё гасціннасці перамагло. Гарасім прынёс кубак. Халуста заскарузлымі кароткімі пальцамі ўзяў яго, наліў кіпню з самавара, потым чаю з маленькага фарфуровага чайніка. Тады згроб тры драбкі цукру і ўкінуў іх у кубак. Гарасім ледзь трымаўся, гледзячы, як траціцца яго дабро. У ім усё пераварочвалася. Ён выпіў бы з гэтымі драбкамі тры шклянкі. Халуста тым часам шнарыў вачыма па стале, шукаючы лыжачку ці што іншае, каб памяшаць, бо цукар раставаў вельмі паволі. Лыжачкі на стале не было. Гарасім нават не глядзеў на Халусту. «Ага! — думаў ён.— Памяшай сваім брудным пальцам, то можа трохі адмыецца».

— Ая-яй, пане Жукоўскі! — пачаў Халуста.— Як гэта добра пасля марозу выпіць кубачак гарачанькага чаю!

Ён паглядаў то на свой кубак, то на Гарасіма, каб даць таму зразумець, што без лыжачкі ніяк нельга абысціся, але Гарасім рабіў выгляд, што нічога не разумее.

— Ліха матары яго! — не выцерпеў нарэшце Халуста.— Не паварушу яго, дык ён будзе ляжаць як калода і не падумае раставаць. Можа ў вас, пане Жукоўскі, ёсць нешта такое, каб там яго трохі павярнуць.

Гарасім зморшчыўся, але вымушаны быў лыжачку прынесці. Халуста памяшаў чай, і не паспеў Гарасім аглянуцца, як Халустаў кубак, пусты ўжо, зноў стаяў пад кранам самавара. Шкляная цукарніца апусцела, а Халуста наліваў трэці кубак... Прыйшлося Гарасіму адчыніць куфэрак і выняць яшчэ цукру. Сэрца яго шчымела. Як ні любіў ён чай, асабліва зранку, але знарок адставіў убок сваю шклянку, меркаваў, што гэты няпрошаны госць нарэшце пасаромеецца спустошваць яго запасы. Але ён не ведаў Халусты. Той нават не павёў вухам і скончыў чаяпіцце на шостым кубку, калі цукарніца зноў апусцела.

— Ну і дзякую, пане Жукоўскі, ну і дзякую! От што значыць далікатны чалавек, які пабачыў свет. Уга! У яго, пане мой, на стале чай! Самавар! Адным словам, па-панску. Як у Крупскага! І гэта ў будзённы дзень! А гэтая малінаўская шляхта, ліха ма-а-атары яе! Жывуць як свінні! Ты іх маслам маж, а яны дзёгцем смярдзяць!

Разагрэўшыся пасля чаю, Халуста расшпіліў свой кажух і абапёрся локцямі на стол. «Пусці свінню за стол, дык яна і ногі на стол»,— думаў у гэтую хвіліну Гарасім. Ён з нянавісцю глядзеў на расчырванелы Халустаў твар, на яго шырокі нос, на шчаціністыя рыжыя вусы і цяжкі раздвоены падбародак.

Халуста не здагадваўся, аб чым думае Жукоўскі, і нават не ўяўляў, як памыліўся, сеўшы піць чай. Не ведаў ён, што цяпер не паможа яму ніякая ліслівасць. Каб пагаварыць з Гарасімам, трэба было іначай трымацца.

— Я, пане Жукоўскі, прыйшоў да вас з гаворкаю. І з немалою гаворкаю, пане Жукоўскі. З немало-ою!

— То гаварыце...

— Вашы арандатары ашукваюць вас, пане Жукоўскі.

— Вы мне гаварылі пра гэта.

— І сто разоў скажу, і тысячу разоў скажу, бо я ўжо ўсё падлічыў, колькі яны вам недадалі. Яны вас абабралі! Гэты занудлівы Лявон, то ён і бацьку роднага ашукаў бы, не толькі што нейкага там стрыечнага брата. А Нічыпар, то ліха матары яго! Ён калі ў кузню прыйдзе, то толькі тое і рабі, што глядзі, каб не набраў у кішэню вухналёў.

Гарасім быў гатовы ўцякаць са свае хаты, а гэты шыбенік сядзеў сабе, як дома, і гаварыў.

— Ліха матары іх! Яны вам кожны год недадаюць па сто пудоў. А бульбы колькі! Я не лічу канюшыны, сена, саломы, мякіны! А можа яны грошай не каштуюць, га?

Гарасім толькі моршчыўся, слухаючы Халуставу гаворку.

— Я на вашым месцы, пане Жукоўскі, паказаў бы дулю абодвум браткам, няхай бы яны ведалі, як ашукваць старога чалавека.

— Як гэта дулю? — не зразумеў Гарасім.

— А вось так! — Халуста склаў фігу і падсунуў яе амаль да самага Гарасімавага носа.— Вось так, пане Жукоўскі. Я паказаў бы ім дулю, а сваю паўвалоку аддаў бы ў арэнду другому чалавеку.

Гарасім маўчаў, і Халуста падумаў, што святы дурань прыслухоўваецца да яго слоў і можа нават згодны з ім.

— Я аддаў бы яе ў арэнду другому чалавеку, гаспадару, сумленнаму, не ашуканцу.

«Гэта ты сумленны!—падумаў Гарасім.— Гэтакі злодзей, рабаўнік, супастат...»

— Дык як вы думаеце, пане Жукоўскі? Хіба я не праўду гавару, хіба я выдумляю?

— Я нічога не думаю...

— Бо вы дурны, пане Жукоўскі! Вы, мабыць, думаеце, што на свеце няма людзей з грашыма? Уга! Гэта ў малінаўцаў, ліха ма-а-тары іх, у кішэнях вецер гуляе. А знайшоўся б чалавек, які плаціў бы вам арэнду без ашуканства.

— Не ведаю я такога чалавека.

— Бо вы зусім дурны, пане Жукоўскі. Вы зусім як бот!

Халуста так усхадзіўся, што забыў усякую прыстойнасць. Ды наогул гэты чалавек мог трымацца ў рамках прыстойнасці толькі перад тым, ад каго залежаў, каго баяўся, а Гарасіму ён не пасаромеўся б і па мордзе пляснуць..

— Ая-яй, ая-яй! От вы ўжо стары чалавек, стары і не вельмі дужы. За вамі догляд патрэбны, вас ужо, як малога, трэба даглядаць, лепш карміць, смачнейшае нешта на стол ставіць. Ды хіба вы не бачылі, як жывуць людзі! Паўвалокі маеце на аднаго, чай п’яце, а ён у вас нішчымны! Гэта ж смех! А каб да гэтага чаю ды яшчэ кілбаска! Сухенькая такая, пахучанькая, хрусь, хрусь, а наверх гарачанькага чаю! Любата! Хіба вам нельга так жыць!

Гэты спакуснік ведаў, што гаворыць. Як ні ненавідзеў яго Гарасім, але адчуваў, што кажа ён праўду. Аднак быў упэўнены, што калі аддасць сваю паўвалоку ў арэнду Халусту, то не возьме і таго, што мае ад сваіх стрыечных братоў.

Тым часам Халуста гаварыў далей.

— Навошта вам гэтая зямля, пане Жукоўскі? Які вы гаспадар! Вы, пане Жукоўскі,— далікатны чалавек, вы свету пабачылі, ведаеце, як жывуць людзі. Вы — пан, пане Жукоўскі! Да вас і Крупскаму далёка! Уга! Ён вашай нагі не варты! Вам трэба прадаць сваю зямлю, палажыць грошы ў казначэйства і жыць на працэнты...

— Пад плотам, як сабака... бо тады і хаты свае не будзе.

— Не, не, не! Гэта трэба абгаварыць пры купчай. Пакінуць сабе хату і сядзібу да смерці. Свой садок, гародзік... Тады, вядома, за зямлю прыйдзецца менш узяць. Затое да смерці ў сваёй хаце, на сваёй сядзібе! Спакой, любата! Чаёк і кілбаска, калі-нікалі чарка... Па-ане Жукоўскі! Ліха матары... Вы яшчэ пакуль што трымаецеся, а пройдзе год-два, ну, пяць-дзесяць — і капыты ўгору!...

«Вельмі скора ты хочаш мяне пахаваць, гад,— з нянавісцю падумаў Гарасім.— Можа ты скарэй за мяне капыты задзярэш, гнілазубы д’ябал...»

— От тады, пане Жукоўскі, і зямля ваша, і хата, і такі ўдалы садок астануцца Мартыневічу і Нарбутовічу дарам, без капейкі. Прападзе ваша зямелька ні за нюх табакі. А яны таго і чакаюць, ліха матары іх! Я сам чуў. Шэпчуцца, гады. Ды мне і намякаў Нарбутовіч!

Халустава «праўда» Гарасіму вельмі не спадабалася. Па-першае, ён не лічыў сябе настолькі старым, каб паміраць. Не пра смерць ён думаў, іншыя меркаванні прыходзілі ў яго галаву, праўда, не зусім акрэсленыя і яскравыя, але прыемныя да замілавання. Па-другое, яго ўзяла шалёная злосць на Мартыневіча і Нарбутовіча. Няўжо яны чакаюць яго смерці? Вядома, чакаюць, пра гэта і думаць няма чаго... Зямля ж ім астанецца... Дармавая зямля! А за зямлю і забіваюць і атручваюць! Не давядзі бог!.. А хіба ў такога разбойніка, як Халуста, здрыганецца рука, калі яму будзе выгадна забіць чалавека? Не, яна і нож у грудзі ўваткне і атруту падасць... А Гарасім паміраць не хацеў. Прадай зямлю гэтаму вылюдку, то ён назаўтра ж адправіць цябе на той свет, каб сядзібу і хату прыбраць. І калі ў Гарасімавай галаве з’явілася думка прадаць зямлю, то толькі не Халусту. Хоць чорту лысаму, а не яму...

Халуста не ведаў, пра што думаў Гарасім, але ён заўважыў, што словы яго падаюць не на пустое месца.

— Дык от, пане Жукоўскі, падумайце.

— Падумаю...

— Так, так, пане Жукоўскі! Дождж за шыю не капае, часу хопіць. Трэба ўсё добра абдумаць, абмазгаваць, ліха матары яго! А такі чалавек, які можа ўзяць у арэнду вашу зямлю, ёсць! Ёсць, пане Жукоўскі! Ён нават можа яе купіць і грошы адразу заплаціць. Уга! Толькі не гаварыце вашым арандатарам, а то яны на дыбкі стануць.

Ох, як цяжка было Гарасіму! Ныла яго сэрца і балела душа. Гэты злодзей і прайдзісвет сваімі бруднымі лапамі схапіў яго за самае балючае месца. Скарэй бы ён ішоў з хаты, даў яму спакой. Ды і ў печы трэба было паліць, выстыла за ноч хата, на дварэ такі мароз, што дрэвы трашчаць.

— То я, пане Жукоўскі, яшчэ прыйду да вас. Уга! Мы яшчэ пагаворым, мы ўсё абмяркуем.

— Добра,— механічна адказаў Гарасім і, каб мог, схапіў бы гэтае слова і праглынуў яго.

У Халусты бліснулі вочы шалёным радасным бляскам. «Будзеш ты мой, пане Жучок! Божая кароўка! Пападзешся ты, пане Жучку, у маю ручку...»

— Ну, то бывайце здаровенькі, пане Жукоўскі! Мы яшчэ сустрэнемся і пагаворым! Уга!

Калі Халуста выйшаў з Гарасімавай хаты, то на ганку нос у нос сустрэўся з Нічыпарам Мартыневічам. Даўгалыгі, худы, сагнуўшыся ад холаду, ён спяшаўся, скарэй у цяпло і на ганку ледзь не збіў Халусту з ног.

— Што ты, аслеп, ліха матары тваёй! Чалавека перад сабой не бачыш, што прэшся, як бык!

— Не заўважыў, пане Халуста!..

— Спіш на хаду, абэлтух.

Ужо на вуліцы Халуста думаў: «Носам чуе сваю бяду! Чуе носам!»

Нядоўга грэўся Нічыпар у Гарасімавай хаце. Тут ён пачуў такое, што ўсярэдзіне адразу стала горача. Гарасім проста ўзбунтаваўся, а Нічыпар быў не такі разумны, каб супакоіць яго. Акрамя таго, яму і ў галаву не прыходзіла, што Гарасім больш злуецца на Яўхіма Халусту, чым на яго і Лявона, і ўсю сваю злосць узлівае на яго аднаго.

Растрывожаны, збіты з панталыку, пасунуўся ён з Гарасімавай хаты і ішоў, не бачачы перад сабой сцежкі, не ведаючы, што і думаць пра гэтага святога вар’ята.

Гарасім тым часам запаліў у печы, сеў пры ёй і пачаў абіраць бульбу на снеданне. Процьма думак была ў яго галаве. Прадаць зямлю! Ды яшчэ Халусту! Не, няма дурных. Прадай сучку ды брашы сам! Перамяніць арандатараў? А хто будзе лепшы? Прамяняеш быка на індыка... Не, не тое! Усё гэта не тое... І ў вачах яго паўставала дзяўчына з поўнымі спрытнымі рукамі і ласкавымі вачыма, у якія паглядзеў стары дурань.

І цяпер такія грэшныя думкі лезуць у галаву, што хоць сто разоў чытай малітву «на умерщвление плоти», няма ніякай рады. Не ўтаймоўваецца грэшная плоць. Божа мой, божа! Ды няхай бы гэтая дзяўчына толькі жыла ў яго хаце, абы ён мог глядзець на яе кожную хвіліну, любавацца ёю. Ды каб яна дала такую згоду, ён бы адразу перапісаў на яе ўсю гаспадарку да апошняй трэскі на дварэ. І грошы на яе перапісаў бы, бо ёсць трохі і грошай у казначэйстве. Ды ён бы наняў парабка і служанку, каб яна нічога не рабіла, толькі загадвала. А ён бы людзей лячыў, грошы зарабляў. Людзі ходзяць, хваліць бога, і ніхто не ідзе з пустымі рукамі... А потым... а потым, калі ён памрэ, яна яшчэ будзе маладая, то няхай прымака бярэ... Бо ўся гаспадарка будзе яе... Знойдзецца чалавек...

І тут Гарасім успомніў Юзіка Грома! Ён гаспадарыць у яго хаце, у яго двары, на яго нівах, на яго сенажацях. Госпадзі божа мой, колькі пакуты ў душы... Каб не гэты Юзік, пракляты Гром! Хіба не можа так быць, што пры яго жыцці Юзік будзе сустракацца з Аленай! Так жа і бывае, калі стары мужчына ажэніцца з маладой дзяўчынай... Толькі не Юзік, толькі не Халустава адроддзе... «Святы божа, ратуй мяне...»



РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ[правіць]

Нічыпар Мартыневіч выйшаў ад Гарасіма, калі ўжо развіднелася. Сумныя яго цялячыя вочы сталі яшчэ сумнейшыя, і выглядаў ён так, нібы моцна пабіты. Дарэчы, на гэты раз і ў кішэнях яго было пуста. Аблюбаваў быў сподак з такімі прыгожымі сінімі беражкамі, і забраць яго было вельмі спраўна, але Гарасім так агарошыў Нічыпара, што ён адразу забыўся пра ўсё. «Няйначай, Халуста закруціў галаву гэтаму вар’яту,— думаў Нічыпар.— Няйначай, ён — арыштант, зладзюга гэтакі. Не дадумаўся б сам Гарасім да такога. «Я, кажа, магу, каму захачу, сваю паўвалоку ў арэнду аддаць. Знаходзяцца, кажа, людзі, што плаціць будуць сумленна, не так, як вы, жулікі, ашуканцы. А то прадам». Пра кілбасу надумаўся... Хм... Халустава гэта работа...»

Адным словам, Нічыпар думаў, што трэба нешта рабіць, але што — ён не ведаў. Яго ўзяла трывога. Усё было ціха і добра, пакуль не з’явіўся ў засценку гэты пракляты Халуста. А цяпер усё дагары нагамі стала. Ніколі, бывала, Гарасім не гаварыў пра арэнду, і Нічыпар прывык думаць аб той чвэрці, якую арандаваў, што яна ўжо яго ўласная. А цяпер абы толькі Халуста пабудзе ў Гарасіма, дык той і шалее. Так было і ў пачатку зімы.

Нельга сказаць, што Нічыпар вельмі жадаў Гарасімавай смерці. Такая думка іншы раз і надакучала, але Нічыпар ведаў, што не вечна будзе жыць святы дурань, прыйдзе час, і выпрастае ён ногі.

Нават думалася, што гэта будзе скора. А от цяпер Нічыпар неймаверна зажадаў Гарасімавай смерці. Ён ужо прашаптаў «Багародзіцу», «Верую» і адначасова горка думаў: «Дзе ты бачыў, каб так скора здох! Чалавек усё жыццё згуляў. Хіба ў яго пуп трашчаў на рабоце ці ён напяўся калі!.. Бачыш, ручкі белыя, як у паненкі, а сам ходзіць проста, не сагнула яго ні бяда, ні работа. Ён яшчэ, калі хочаш, усіх нас перажыве... Дзіва што! Ніякая халера яго не возьме...» Нічыпар уздыхнуў і пайшоў да Лявона, каб расказаць яму пра ўсё, што чуў сёння ў Гарасіма.

Хата ў Лявона была вялікая, з прасторнымі сенцамі, палавіна якіх была адбіта тоўстымі дошкамі пад камору. У сенцах быў земляны ток, а ў хаце падлога, а такіх хат нямнога было ў Малінаўцы.

Калі Нічыпар зайшоў да Лявона, той, перш чым адказаць на прывітанне, міргнуў сваёй Міхаліне, каб прыбрала ўсё далей ад Нічыпаравых вачэй. Ён жа добра ведаў прывычку свайго стрыечнага брата. Ведала і жонка, таму не вельмі трэба было і падміргваць. Аднак у Нічыпара на гэты раз не было благіх думак. Ён сеў пасярэдзіне лавы, бліжэй да мыцельніка, акурат каля недаплеценага лапця, у які была ўваткнута спіца з гусінай косткі.

Лявон зірнуў на брата хітрымі маленькімі вочкамі і, весела ўсміхнуўшыся, запытаў:

— Што ты сёння як недапечаны, Нічыпар?

— Ай, Лявон... От толькі што ў Гарасіма быў. Ішоў туды і на самым парозе Халусту сустрэў.

— Халусту? — зацікавіўся Лявон.— Нешта ён пачаў туды лазіць... А што табе сказаў Гарасім?

— Што ён казаў!.. Каб ён тое праглынуў. Ён мне столькі нагаварыў, што і дагэтуль вушы вянуць. Вы, кажа, ашукваеце мяне, арэнды не плаціце. Я сваю зямлю, кажа, магу любому ў арэнду аддаць. Ёсць, кажа, такі чалавек, што сумленна плаціць будзе. Вы, кажа, спусташылі зямлю, толькі пустазелле на ёй расце.

— От як! Халустава работа,— здагадаўся і Лявон.

— Я ж і кажу. Падгаворыць гэтага вар’ята. Ці доўга! Бачыш, як спрытна ён Шымкевіча з Малінаўкі выпхнуў. Той і аглянуцца не паспеў.

Міхаліна таўкла ў карыце параную бульбу. Пара ад яе ўздымалася слупам і запоўніла ўсю хату так, што нічога не было відаць. І вось з гэтай пары пачуўся Міхалінін голас:

— Так табе і трэба! Даўно так трэба. Людзі не спяць у шапку так, як ты спіш. Толькі вочы прадраў, як кот. Халуста не спіць! От забярэ Гарасімаву паўвалоку, тады прачнешся, ды позна будзе.

— Памаўчы ты! — адказаў Лявон, калі ў хаце крыху праяснілася.— Забярэ, забярэ! Не так лёгка забраць, як думае твая дурная галава.

— Твая разумная.

— Сціхні!

— Я, кажа, прадам сваю зямлю, калі захачу,— расказваў далей Нічыпар.— Ёсць, кажа, людзі з грашыма.

— Прада-ам? — павесялелым голасам запытаў Лявон.— Ну, гэта, брат, дудкі! Не прадасць Гарасім свае зямлі.

— Чаму не прадасць? — безнадзейна прамовіў Нічыпар.— Калі пачаў мне пра кілбасу гаварыць, дык хоць вушы затыкай.

— Пра кілбасу? — зарагатаў Лявон.— Што ён пра кілбасу гаварыў?

— Я, кажа, на нішчымніцы сяджу, як старац. У мяне, кажа, кілбасы да чаю няма.

— Да чаю кілбасы? — заліваўся Лявон.— Бачыў ты яго, які панок!

— Смейся, смейся,— сказала Міхаліна.— Глядзі, каб потым не заплакаў.

— Плакаць то я не буду, бо зямлі Гарасім не прадасць. Не тое ў яго ў галаве, калі хочаш ведаць.

— Чаму не прадасць... Таму самаму Халусту...

— Абух ты! Не пра тое думае Гарасім. Ён сам жаніцца мяркуе.

— Жаніцца?! — у адзін голас вымавілі Нічыпар і Міхаліна. Пры гэтым Нічыпар падхапіўся з месца, а Міхаліна выпусціла з рук таўкач.

— А што ты думаеш,— ледзь не праз плач сказаў Нічыпар.— Возьме ды ажэніцца. Зямлю на жонку перапіша, знойдзецца на такую гаспадарку і маладая жанчына. А як здохне Гарасім, то яна прымака возьме, і трапіць зямля да нейкага чужынца. А хіба ён сам перарабіўся! Яму і зносу не будзе, сто гадоў пражыве...

— Ну і дурны ж ты, Нічыпар. Галоўка як макаўка, а розуму... Я ж не кажу, што ён ажэніцца, ён толькі думае пра гэта. Хіба ты не заўважыў, як у яго пачынаюць блішчаць вочы, калі пачынае хто гаварыць пра жанчын? У маладосці святы дурніла не ведаў гэтага, а пад старасць пачала бунтаваць кроў. От ён і аблізваецца, нібы блудлівы кот, абы пачуў пра спадніцу.

— Ого! — азвалася Міхаліна.— Цікава, хто гэта яму пра спадніцы гаворыць! Ці не ты сам?

— Можа і сам. Бо так трэба. Я, калі хочаш ведаць, і ў сваты яго павязу. Вялікая бяда! Да такіх павязу, што за яго не пойдуць, а ён хоць і кот, ды пераборлівы. Хто за яго пойдзе, тую ён не возьме.

— А добра ты кажаш! — раптам ажывіўся Нічыпар.

— А добра ты кажаш! — перадражніў Лявон.— Я не такі дурань, як ты. А што ты кажаш, што ён доўга пражыве, то гэта глупства. Яго першая хвароба так прыцісне, што ён ужо не ўстане. Такія далікатныя — гэта не наш брат, што яго і даўбнёй не заб’еш.

Усхваляваны Нічыпар не ведаў, што сказаць. Сваім кароткім розумам ён адчуваў, што ў Лявонавых словах ёсць нешта хітрае, але спасцігнуць яго не мог!

— Каб ён Халусту зямлю не аддаў у арэнду,— нарэшце вымавіў ён.

— Гэта іншая рэч,— згадзіўся Лявон.— Тут трэба быць напагатове, бо Халуста ўсё можа. Гэты змей любога спакусіць, не толькі такога дурня, як Гарасім.

— То ж і я кажу...

— Ты кажаш! Ты нешта разумнае скажаш, гэтакі няўдалы... Ты гаварыў, што Гарасім пра кілбасу ўспамінаў. Трэба занесці яму кілбасы. Не проста занесці: на табе, Гарасім, кілбасу, але зрабіць гэта з розумам, з падходам. Узяць гарэлкі, кілбасы, сала, сяго-таго ды прыйсці да яго ў госці. Ён хоць і скупы, але гэта любіць, галоўнае — каб госці з усім сваім прыйшлі. Гладзіць яго трэба па поўсці, гаварыць пра тое, што ён любіць, ну, хоць сабе і пра жанок ды пра жаніцьбу. Я нават і ў сваты б яго звазіў, пакуль мясаед не кончыўся. А там пачнецца пост, то тады ўжо ніхто не жэніцца. Як думаеш, Нічыпар?

— Я ўсё пра Халусту думаю. Забярэ ён ад нас гэтую зямлю...

— Не забярэ. Халуста з большай ахвотай купіў бы яе, чым у арэнду ўзяў. Яму арэнда нявыгадна. Яму, калі хочаш ведаць, трэба Грома аддзяліць, от ён і хоча накласці сваю лапу на Гарасімаву паўвалоку. А Гарасім зямлі не прадасць. Толькі нам трэба горла яму заткнуць. Трэба заўтра патрохі пашні яму завезці: на, маўляў, тваю арэнду; грошай патрохі даць.

— Добра ты кажаш...

— А ты, Міхаліна, масла яму занясі, малака гладыш ды здымі з-пад страхі пару сыраў — хто іх у нас будзе есці, цвёрдыя, як каменні, а Гарасім іх у чаі размочыць.— Лявон заліўся доўгім смехам.

Нічыпар тым часам сабраўся дахаты. Ён быў цяпер заспакоены і прыязна зірнуў на Лявона, якога не любіў. Ужо на дварэ ён абмацаў у кішэні спіцу з гусінай косткі і першы раз у жыцці здзівіўся: як яна туды трапіла!

Лявон тым часам высунуў з-пад лавы калодачку, сеў на яе і ўзяўся за лапаць, які меў падплесці. Спіцы не было. Ён сагнуўся, паглядзеў пад лавай, і там не было.

— Дзе ты яе дзявала? — звярнуўся ён да Міхаліны.

— Што?

— Спіцу, лапці падплятаць.

— Не бачыла я твае спіцы. Тут жа Нічыпар сядзеў.

— От сугней пракляты! — вылаяўся Лявон і без шапкі рынуўся на двор.

Нічыпар у гэты час зачыняў ад вуліцы вароты.

— Нічыпар! Вярніся! — гукнуў яго Лявон.

Нічыпар пачуў Лявонаў вокліч і пайшоў да брата, угадваючы, што цяпер той яму скажа. Вылае, вядома, як сабаку... У Лявона мерзлі вушы, ён не мог чакаць, пакуль да яго прыйдзе Нічыпар, і сам кінуўся насустрач.

— Давай спіцу, паскуднік.

— Якую спіцу, Лявон?..

— Не ведаеш якую?

Лявон засунуў руку спачатку ў адну Нічыпараву кішэню, потым у другую і выняў спіцу.

— От гэтую самую, свінтух!

Тады размахнуўся, пляснуў Нічыпару спачатку ў адну шчаку, потым у другую.

— От якую спіцу, паскуднік!

Памкнуўся быў ісці ў хату, але рашуча павярнуўся да Нічыпара:

— Дурань! Абух! Красці не ўмееш. Нашто табе гэтае г...? Ты можа і ў Гарасіма, што трапіць пад руку, то ў кішэню пхаеш? Глядзі, дурніла, каб гэтага больш не было!

Хацеў яшчэ нешта сказаць, але хапіўся за вушы і, як малады жарэбчык, памчаўся ў хату.


Вечарам Якаву трэба было пабыць у двух месцах: сустрэцца з Андрэем і абавязкова схадзіць у маёнтак да Станіслава.

Старога Халусты не было дома, і Якаў думаў: якая нячыстая сіла ганяе гэтага д'ябла ў апошні час, чаго ён шукае, якую пастку некаму рыхтуе? Аднак сёння Якаву было на руку, што старога злодзея няма дома.

Калі прыйшла пара карміць на ноч худобу, Якаў сказаў Грому:

— Можа б ты, Юзік, управіўся сёння адзін? Сам ведаеш, мне трэба ў Чыжэвічы схадзіць да брата.

— Ідзі. Упраўляўся ж гэтыя дні без цябе...— ён трохі падумаў, скрывіўся.— Мікалай, вунь бачыш, сёння ўвесь дзень у Чыжэвічах гарэлку п’е, а Юзіку і дыхнуць некалі... От якая праўда.

— Я табе прынясу паўкварты, Юзік.

— То ўжо кварту нясі, чаго там! Я табе заплачу.

— Добра, прынясу кварту.

— То ідзі, пакуль старога няма... А я тут упраўлюся.

— Адчыніш мне ноччу, Юзік.

— Адчыню, не бойся. Толькі ты ў акно стукні. Якаў першым чынам пайшоў да Андрэя. На дварэ яшчэ не змеркла, але вечар ужо набліжаўся.

Якаў цяпер іншымі вачыма глядзеў на засценак. Было ў ім ужо нешта сваё, прывычнае, такое, якога шкада пакінуць, хоць і жылося тут вельмі нялёгка. Да ўсяго можна прывыкнуць, і, мабыць, да дрэннага чалавек прывыкае гэтак жа скора, як і да добрага. І тут жа супрацьлеглая думка з’явілася ў галаве. Не! Каб не было тут Андрэя і Івана, нават няшчаснага Юзіка Грома, каб адчуваў сябе адзінокім і чужым для ўсіх, то хіба прывык бы!

З Андрэевага двара Якаў убачыў, што гумно адчынена, і накіраваўся туды. І не памыліўся: Андрэй і Іван былі ў гумне.

Павіталіся стрымана, але радасна.

— Значыць, адслужыў? — весела запытаў Андрэй, паціснуўшы Якаву руку.— Ты не ведаеш, як я рады!

— Я таксама рады, Андрэй. Сам не чакаў такога.

— А Халуста сюды рукі не прыклаў?

— Не, Андрэй. У Расіі яшчэ салдатаў хапае і не такіх, як я. От калі зацягнецца вайна, то не паглядзяць у зубы і мне, а можа і табе.

Якаў раптам перамяніў тон.

— Паклон вам абодвум, хлопцы, ад Марціна.

— Ну, як ён там, Якаў? — узгарэўся Іван.

— За яго баяцца нечага, воўк страляны, разумны і хітры. Толькі вусы падкручвае. Фельчар у войску, Іван, не апошняя спіца ў коле, асабліва такі, як твой дзядзька.

— Кніжак тваіх мы яшчэ не чыталі, Якаў.

— Дзе ты іх хаваеш?

— Запытай у Івана. У хаце мы іх не хаваем.

— Правільна. Я, Андрэй, іду ў маёнтак. Трэба выбраць час ды абодвум нам схадзіць туды.

— Сходзім. Я яшчэ сам сабе гаспадар, куды захачу, туды і іду. Але пакуль не кончым вазіць сена, нікуды мне няма дарогі.

У гэты момант ён успомніў Ганну, і туга запаланіла яго душу. Але цягнулася гэта нядоўга.

— Нікуды мне няма дарогі,— паўтарыў ён.— А цяпер трэба Яну памагчы сена вазіць. Чаго ён варты без Тамаша! Заўтра паедзем утрох на чатырох падводах. Ведаеш, як будзе лёгка на Волі ды з поўнымі вазамі ў дарозе... А ў гумнах скласці! На дзве гаспадаркі рабіць не лёгка. Хопіць і Івану, не толькі мне.

— Ведаю, Андрэй... Ну, пайду я, браткі.

— Ідзі, Якаў.

Калі Якаў пайшоў, туга зноў апанавала Андрэя. Колькі часу не бачыў Ганны. Як ад Хмялеўскага ехаў у пачатку зімы, то ў мястэчку сустрэўся. А хіба вельмі ўспамінаў, многа думаў? Ды ці было калі думаць! Абы зваліўся на ложак, дык адразу і заснуў... І можа так усё жыццё... Жыць без мэты! Не! Вунь і Якаў робіць, ды на каго робіць! На праклятага Халусту. Але ці прыходзяць да яго такія думкі, ці лічыць ён сваё жыццё бязмэтным? Вядома ж, не! Вунь ён пайшоў у маёнтак, вернецца пасля поўначы, а заўтра ўвесь дзень на Волі, хіба яму лёгка? Затое ў яго маёнтку ёсць таварышы, што памагаюць яму жыць, змагацца! Вось іменна, змагацца! І, мабыць, у гэтым шчасце: у змаганні, у барацьбе...

— Іван,— сказаў ён.— Вазьмі тыя кніжкі. Сёння пасядзім, пачытаем.

Якаў і сапраўды ішоў дадому пасля поўначы. Быў упэўнены, што нямала прыйдзецца пагрукаць у дзверы, пакуль прачнецца Юзік, бо стукаць у акно не хацеў: стары злодзей усшалее, не любіць, каб у акно стукалі. Аднак, яшчэ не дайшоўшы да брамы, ён зразумеў, што ў Халуставым двары нешта робіцца. І сапраўды: Юзік, лаючыся, распрагаў кабылу, а стары Халуста, п’яны, качаўся па снеге і лаяўся яшчэ адмысловей, чым Юзік.

— Падымі! Ліха матары тваёй, злодзей, Гром, раскол, сабака, падымі!

— Паспееш, бацька!

— Па-падымі-і-і, сукін сын!

— От кабылу распрагу ды ў хлеў завяду. Не здохнеш!

— Каму ты гэта гаворыш! Арыштант, разбойнік, абэлтух...

Халуста спрабаваў падняцца; іншы раз яму ўдавалася стаць ракам, але ён зноў валіўся на зямлю.

— Па-па-падымі, гад, бо-бо за-заб’ю.

— Не заб’еш. Кабыла ў пене прыйшла, так гнаў.

— Яна сама-ма бе-бегла.

Стары шэльма змёрз, бо язык не слухаўся яго. Юзік не звяртаў на бацьку ўвагі. Выпраг кабылу і павёў яе ў хлеў. Якаў падышоў да Халусты і паставіў яго на ногі. Халуста быў цяжкі, як зямля. Сам ён стаяць не мог, таму аберуч абхапіў Якава.

— А гэта-та ты, гад, са-сацы... накольнік, басяк, заба-баба... сто...

— Не лайся, а то кіну ў снег.

— Я ва-вам па-пакажу-у! Ю-юрачкі Хмя...леўскія ды Га-гарасімы Жу-жучкі... Вы-вы ў ма-маім кулачку-у!

Тым часам падышоў Юзік, які, відаць, не вельмі спяшаўся.

— Нясіце мя-мяне! — крычаў Халуста, павісшы на руках у сына і парабка.— Нясіце, ліха матары вашай!

— Не крычы, бацька.

— Бу-буду крычаць! Ха-хачу крычаць! Я вам папакажу-у! Жу-жучкі ды Ю-юрачкі! На, цю, на! Хі-хі-хі!

— Зусім звар’яцеў,— прабурчаў Юзік.

— Не бойся, не звар’яцеў,— адказаў Якаў.

Ён зразумеў п’яныя Халуставы словы пра Жучкоў ды Юрачкаў.



РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ[правіць]

У суботу вечарам, калі трохі сцямнела, Якаў зайшоў па Андрэя і Івана. Хлопцы яго ўжо чакалі і адразу пачалі апранацца.

— Куды ты павядзеш іх, Якаў? — запытала Алена не то жартам, не то ўсур’ёз.

— Пазнаёмлю хлопцаў з чыжэвіцкімі дзяўчатамі.

Можа Андрэй выбера якую мужычку ды замуж возьме.

Алена падазрона зірнула на Андрэя, потым на Івана і пагардліва хмыкнула.

— Хадзем, Якаў,— прамовіў Андрэй, каб кончыць гэтую недарэчную гаворку.

На дварэ пачало падмарожваць, і ісці было лёгка і весела, бо гэта ўжо быў не зімовы, а веснавы марозік, які толькі ноччу трохі і ўбіраўся ў сілу. Усё навокал было звонкае, бліскучае, як са шкла. Напалову вышчарблены месяц стаяў у небе, і ледзячкі пад стрэхамі былі жоўтыя, як адлітыя з золата. Снег трохі асеў у апошнія дні, і засцянковыя будынкі і платы ад гэтага нібы падраслі.

Дарога ніяк не сцягнулася. Здаецца, толькі што выйшлі з Малінаўкі, а вось ужо і Чыжэвічы, а ад іх да маёнтка менш за вярсту. Ён віднеўся як чорная пляма на беразе Случы.

Настрой у Андрэя быў узнёслы. Ні пра што не хацелася гаварыць і думаць; так ішоў бы і ішоў да нейкага лепшага берага, да яснай мэты, што так уладарна кліча наперад. Даўно не было ў Андрэя такога бадзёрага і шчаслівага пачуцця. Уся чарната і нэндза, клопат і трывога зніклі, нібы абтрасліся, калі яны выйшлі з засценка.

Маёнтак сустрэў хлопцаў незразумелай трывожнай цішынёй і затоеным сумам. Здавалася, што кожны будынак хавае ў сабе невыказнае гора, неймаверную тугу. Можа такое ўражанне стварыла ноч, цені ад камяніц, але ўзнёслы Андрэеў настрой адразу знік. «Я, мабыць, не выжыў бы тут...— падумаў ён.— Астрожнае паселішча...» Толькі прайшоўшы другі шырокі двор, утараваны скацінай, Андрэй адчуў сябе лепш. Хлопцы апынуліся каля самай Случы, і тут нібы пачынаўся іншы свет. Дом Станіслава стаяў убаку ад маёнтка ў невялікім садку і здаваўся вельмі ўтульным, цёплым і гасцінным, зусім не падобным да нізкіх панурых камяніц. За ракой ляжаў луг, укрыты снегам, за ім віднелася чорная палоса лесу ў начной смузе. Адчуванне прастору і свабоды раптам ахапіла Андрэя. «Што гэта са мной робіцца сёння?» — мімаволі падумаў ён. Тым часам Якаў неяк па-свойму пастукаў у дзверы, і іх скора адчыніла прыгожая маладая кабета.

У хаце Андрэй пазнаў усіх: і Паўла Квітуна, і Міхаля Рожку, і Платона Шабуню. Пазнаў са слоў Якава, які расказаў яму пра сваіх таварышаў. Ён іх і ўяўляў такімі. Павел глядзіць адкрыта, шчыра, радасна, з ледзь прыкметнай усмешкай; Міхаль са стрыманай цікаўнасцю, толькі позірк Платона быў цяжкі, не вельмі зычлівы. Гэты позірк не спадабаўся Андрэю, хоць ён і ведаў, што Платон інакш яго не сустрэне. Андрэй па звычцы нават насцярожыўся, не любіў недаверлівых людзей, але тут Станіслаў пачаў яго і Івана знаёміць з хлопцамі. Божа, як зачырванеўся сарамлівы Іванка! Ён гатовы быў успыхнуць і згарэць... Поціскі рук былі сяброўскія, моцныя — поціскі таварышаў, а не выпадковых знаёмых.

— Пазнаёмцеся, хлопцы, і з жонкай маёй,— звярнуўся да іх Станіслаў.— Ды скажы мне, таварыш,— звярнуўся ён да Андрэя,—дзе ж твой рондзель?

Усе зарагаталі. Нават Платон усміхнуўся. І гэты сяброўскі рогат, гэтая Платонава ўсмешка скасавалі ўсю Андрэеву насцярожанасць. Ён паціснуў Ядвізе руку і, павярнуўшыся да Станіслава, сказаў:

— А можа сёння як абыдземся без рондзеля?

— Сёння абыдземся, але ён нам яшчэ згодзіцца. Распранайцеся, хлопцы, і садзіцеся.

Гаворка пачалася адразу. Пытанні, якія Станіслаў задаваў Андрэю, датычыліся нібы толькі аднаго Андрэя, але калі той пачынаў адказваць, то мімаволі гаварыў пра ўсю Малінаўку. Пра зямлю, палова якой — маргоўскія пяскі, на якіх нішто не хоча расці; пра балота Волю, што захлынаецца ў вадзе, абы толькі прайшоў лішні дождж. Расказаў пра Яўхіма Халусту і Сымона Ашакевіча, пра засцянковую цемру і галечу. Ён адчуў такую прыязнасць да гэтых людзей, такі давер, што яму хацелася расказаць і пра сябе, пра свае клопаты і беды, што хоць ён і не апошні гаспадар у Малінаўцы, а ўсё роўна не можа цвёрда стаць на ногі, вылезці з нястач.

— Чуеш, Платон, як жыве шляхта? — запытаў Станіслаў.

— Чую... Але ўсё роўна гэта шляхта. З намі ёй не па дарозе...

І тут Андрэй успыхнуў.

— Не па дарозе, кажаш! Халусту не па дарозе! Нарбутовічу і Мартыневічу не па дарозе! А такім, як Сымон Ашакевіч і я, акурат па дарозе. І такіх у нас большасць! Чытаў Леніна «Да сялянскай беднаты»? Ён там паказвае дарогу беднякам. А ты запытай у Якава, як жыве бедната ў Чыжэвічах, хоць бы яго брат Піліп. А пра шляхту... То не яны вінаваты ў сваім лапцюжным шляхецтве. Цемра вінавата... ды можа гэтае самае шляхецтва і закрывае ад іх белы свет.

Станіслаў усміхнуўся і зірнуў на Якава, нібы хацеў сказаць: «Добрага хлапца выхаваў ты, таварыш». Толькі Платон не хацеў здавацца.

— Сам кажаш, што шляхецтва вам замінае...

— Дык ты большы шляхціц за мяне! — адрэзаў Андрэй.— Я абтрос сваё шляхецтва, а ты сваё хамства так узняў, што і носа фігай не дастанеш.

Усе зарагаталі, а Платон пачырванеў.

— Брава, Андрэй! — весела выгукнуў Станіслаў.— Што? Атрымаў, Платон?

Ядвіга з цікаўнасцю глядзела на Андрэя. «А, мабыць, такі і праўда, што з ім да трох не гавары,— думала яна.— Аднак які цікавы ў яго твар! Непрыгожы, нават грубаваты, але нейкі праўдзівы і шчыры. Такі твар запамінаецца назаўсёды, яго не забудзеш».

— Пра мяне і Якаў так думаў, як думаеш ты, Платон,— раздумліва і з гарчэчай сказаў Андрэй.—

Такая мая натура, і некаму здаецца, што я ганарлівы шляхцюк...

— Хопіць, Андрэй,— прамовіў Якаў, крануўшы яго за плячо.— Платон бачыць цябе першы раз, і ў яго свае думкі пра шляхту. Але ён ужо цяпер думае пра цябе іначай, чым думаў спачатку. Так, Платон? Ну дык і кінем гэтую гаворку. Што ў вас у маёнтку робіцца, хлопцы?

— Шмат чаго робіцца, Якаў. І не толькі ў маёнтку. Сёе-тое робіцца і ў сяле. Група наша расце і будзе расці. Ёсць людзі і ў маёнтку і ў сяле, якія пойдуць за намі. Скора ў нас пачнецца навальніца, загрымяць перуны. Надышла пара, Якаў, спыняць і бровар і млын. Гендарсан забыў пра восень. Пакажам яму і вясну.

— Вы ўсё прадугледзелі?

— Усё, Якаў, усё, да драбніцы. Мы ведаем не толькі тое, што робіць Гендарсан, але і тое, што ён думае рабіць. У нас усюды свае вочы, Якаў. Гендарсан сам дасць нам у рукі павадок. Ну, а кіраваць будзем мы.

— А гер Шварцкопф не замінае вам?

— Я сказаў бы, што не. Ён не такі дурны, не дарэмна быў у Рызе шпікам. Без работы ў Рызе ён, мабыць, нагаладаўся. Ён баіцца Гендарсана, бо аконам са старшым механікам не ў вялікіх ладах. Рыжскі майстар не хоча страціць работу ў маёнтку, аконам яго можа прагнаць. Гарбаты Ясь вяжа ім хвасты, бо Шварцкопф замінае яму ў млыне. А нас ён баіцца больш, чым аконам. Ён адчувае, што ў маёнтку нешта робіцца, шпікоўская натура! А крануць нас не асмельваецца, разумее, што млын і бровар у нашых руках. Ён не прыжыўся тут, гэты Шварцкопф. І не прыжывецца.

— Ты кажаш, што сам аконам дасць вам у рукі павадок. Растлумач, што гэта за павадок і ці ўтрымаеце вы яго ў сваіх руках.

— Утрымаем, Якаў. З маёнтка пайшло на вайну дваццаць тры работнікі, прытым лепшыя работнікі, маладзейшыя. Нават калі яны былі, парабкаў не хапала, людзі не мелі адпачынку. Уяві, што робіцца цяпер! Людзі працуюць за дваіх, за траіх, але пакуль што церпяць, бо спадзяюцца, што аконам усё-такі нойме людзей на месца тых, хто пайшоў на вайну. А аконам лічыць, што так і павінна быць, і зусім не думае некага наймаць. Людзі нашы цярплівыя, але кожнаму цярпенню прыходзіць канец. А мы ў шапку не спім, мы растлумачваем людзям, чаго хоча аконам, а веры яму ўжо даўно няма. Людзі пойдуць за намі. Тады мы спынім бровар і млын. Маёнтак пачне канаць.

— О чорт! Зайздрошчу вам, таварышы...

— Калі пачнецца, мы адразу паведамім табе, Якаў. Вы там у Малінаўцы павінны быць у курсе ўсіх спраў. І можа табе прыйдзецца самому кінуць пана Халусту. Гендарсан памчыцца ў Чыжэвічы па работнікаў, каб замяніць парабкаў і парабчанак, то ты павінен быць у сяле, Якаў. Туды мы прымацавалі Паўла, але ж ён парабак, ведаеш, як на нас глядзяць сяляне, а ты сам сялянскі сын.

— Я буду ў сяле. Я нават заўтра там буду і, вядома ж, не буду сядзець склаўшы рукі. Мне ж там уся моладзь знаёма.

— Добра. А ў Малінаўку Гендарсан не паедзе.

— Каб ён і прыехаў, то з Малінаўкі ніхто ў маёнтак не пойдзе. Усё ж такі шляхта, самі сябе панкамі лічаць... Але крыўдна, што я астаюся збоку... Проста крыўдна...

— Няма ніякай крыўды. Рэвалюцыя толькі пачынаецца, Андрэй, ты нам яшчэ спатрэбішся. А пакуль што мы павінны берагчы цябе. Павінны берагчы для большага.

Іван дагэтуль маўчаў. Ён саромеўся гаварыць з дарослымі, бо лічыў, што ўсе глядзяць на яго як на малога. Калі ж пачалася гаворка пра Чыжэвічы, ён не стрымаўся:

— А мая мама заўсёды ў маёнтак на заработкі ходзіць, абы толькі работа была... То хіба я не магу ёй сказаць...

— Не толькі можаш, а павінен. Толькі гаварыць трэба разумна. Твая мама, Іван, увосень нам здорава памагла.

Іван заліўся чырванню.

— Я ведаю... І пагаварыць я сумею...

Ён агледзеў усіх прысутных.

— Здаецца, мы аб усім дамовіліся, таварышы.

— Аб усім. І пара ўжо разыходзіцца. Не за гарамі мы жывём. Калі што якое, можна сустрэцца зноў,— зазначыў Якаў.

Андрэй узняўся з месца. Усе пачалі развітвацца.

— Дык ты не раскайваешся, Андрэй, што звязаўся з намі? — на адыходзе запытаў Станіслаў.

— Я? Ды я гатовы ўзняцца і паляцець! За ўсю восень і зіму першы раз адчуў, што на свеце жыву. Не гнію, а жыву.

Станіслаў здагадваўся, якія пачуцці перапаўняюць Андрэеву душу, якія думкі бушуюць у галаве. Успомніў, як сам першы раз быў на сходзе гуртка сацыял-дэмакратаў у Пецярбургу. Выйшаў на двор, і от таксама, як сёння Андрэю, захацелася ўзняцца і паляцець. Нібы крылы выраслі.

Ён развітаўся з Андрэем на ганку.

Хлопцы да самых Чыжэвіч ішлі моўчкі. Кожны думаў, і хоць думкі былі прыблізна аднолькавыя, але не хацелася іх нікому выказваць. Ды ці можна было выказаць такія думкі!

У сяле развіталіся. Якаў і Іван пайшлі да сваіх родных, а Андрэй пашыбаваў у Малінаўку. Ці першы раз быў ён ноччу ў дарозе! І на кані і пехатою!.. Але сёння было іншае падарожжа. І ноч іншая, не падобная на тыя. Тыя ночы былі шэрыя, сумныя, доўгія. Хацелася скарэй дадому, легчы ў ложак і забыць пра ўсё. А сённяшняя ноч была святочная! Такая, якой ніколі не забудзеш... Бо і снег, заліты месячным святлом, і неба, абсыпанае залатымі зоркамі, і марозная смуга, падобная на туман, што навісла над засценкам,— усё здавалася чыстым, светлым і ўрачыстым...

Ніколі не думаў Андрэй, што нехта абчэрніць, забрудзіць гэтую ціхую чыстую ноч, сапсуе яго шчаслівы дзівосны настрой.

Чалавечую постаць Андрэй убачыў нечакана. Хтосьці ішоў насустрач.

Пазбегнуць сустрэчы Андрэй не мог. «Хто гэта ў такі час?» — мільганула ў яго галаве. А чалавек тым часам набліжаўся, і нешта знаёмае было ў яго хадзе і постаці.

— Добрае здароўечка, пане Андрэй.

Хаім Ножык стаяў насупроць, і выгляд яго быў нейкі здзеклівы.

Андрэй не адказаў. «З Малінаўкі ідзеш, ад злодзея Халусты, гад ты печаны...»

— Адкуль так позна ідзяце, пане Андрэй?

У Андрэя ўсё закіпела ўсярэдзіне, але ён ведаў, што павінен стрымаць сябе.

— З сяла. Але што вам да таго, адкуль я іду? Я ж не пытаюся ў вас, адкуль ідзяце вы.

— Ну, але! — Хаім хіхікнуў, і ў яго прыглушаным смеху адчувалася здзеклівасць.— Ну, але, пане Андрэй! Што мне да таго, адкуль ідзяце вы! Альбо што вам да таго, адкуль іду я! Мы адзін аднаго не бачылі, пане Андрэй... Мы не сустракаліся на дарозе між Чыжэвічамі і Малінаўкай.

— Я не са зладзейства іду. Не з крадзяжу.

— Ну, але! Хіба я што кажу! Я нічога не кажу, пане Андрэй! Я вас сёння не бачыў.

— А я вас бачыў, пане Ножык. Мне няма чаго баяцца. І вы мяне бачылі. Але можа вам трэба хавацца ад людзей?

— Нашто так гаварыць, пане Андрэй! Нашто так гаварыць! Я вам нічога не зрабіў, і вы мне нічога не зрабілі... То нашто нам блага думаць адзін пра аднаго! Людзі і сустракаюцца, і разыходзяцца, і жывуць сабе паціху... Нібы нічога не было. Так бывае лепш, пане Андрэй. Так бывае намнога лепш...

Андрэя закалаціла пасля гэтых слоў. «Мярзотнік! Яшчэ запалохвае!..» Ён узяў Хаіма за грудзі і страсянуў яго.

— Дык от, Хаім Ножык, ідзі сваёй дарогай. Падзякуй свайму богу, што размінуўся са мной дабром. І помні: не сустракайся больш на маёй дарозе.

— Пане Андрэй... Вы з мяне вытраслі ўсе вантробы... Але я ўсё роўна нічога да вас не маю... Хіба я хацеў? Уй! Я гэтага не хацеў! Нашто мне было вас сустракаць!..

Андрэй не слухаў яго: ступіў убок і пайшоў да засценка, не азіраючыся.

«Прыгодлівы ты, мой брат»,— казаў яму калісьці Ян. «І сапраўды прыгодлівы,— думаў Андрэй.— Каб ішоў хто другі, то ніякага чорта не сустрэў бы, а тут на табе: нос у нос з Хаімам Ножыкам. Але ж гэты абармот нечага баіцца. Не хоча, каб нехта ведаў, што ён ноччу быў у Малінаўцы. У каго? Ды вядома ж, у Яўхіма Халусты. Справы ў іх цёмныя, зладзейскія».

З такімі думкамі непрыметна прыйшоў дадому. Маці, мабыць, здзівілася, так позна адчыняючы дзверы сыну, але нічога не сказала.

— Алена спіць? — шэптам запытаў Андрэй.

— Спіць, сынок.

— Не запальвайце агню. Вячэраць не буду.

«Дрэнна, калі ва ўласнай хаце трэба асцерагацца сваіх родных»,— падумаў Андрэй, кладучыся ў ложак.

У панядзелак раніцай расказаў пра сваю начную сустрэчу Івану, а вечарам загадаў яму пазваць Якава і чакаў яго нецярпліва. Якаў прыйшоў позна, затое Алены не было дома, а маці спала. Андрэй падрабязна расказаў яму пра гаворку з Хаімам, не мінуўшы і таго, што добра такі страсянуў праклятага злодзея.

— Не твая віна, што ты з ім сустрэўся,— сказаў Якаў.— Гэта выпадак. Няўдалы, вельмі няўдалы выпадак, але нічога не зробіш. Толькі дарэмна ты браў яго за грудзі.

— Не мог стрымацца.

— Дрэнна. Павінен стрымлівацца. Які ж рэвалюцыянер выйдзе з цябе, калі ты не можаш трымаць сябе ў руках. Станіслаў бы табе не тое яшчэ сказаў, а Платон — сам ведаеш.

— Ведаю, што я дурань...

— Позна раскайвацца. Улічы гэта наперад. А Хаім будзе маўчаць. Ён больш за цябе хоча, каб пра вашу сустрэчу ніхто не ведаў. Нам гэта на руку. Толькі помні, Андрэй: вытрымка — галоўная якасць рэвалюцыянера. Даволі адной памылкі, каб паставіць пад удар усю справу.

— Я і сам ведаю, Якаў... Каб ён не хіхікнуў, не пачаў запалохваць, то я стрымаўся б. Ён мяне паставіў нароўні з сабой, нібы і я, як ён, іду са зладзейскай работы. Яны ж з Халустам зноў нечую долю адабраць хочуць.

— А ты перашкодзіў ім, калі страсянуў Хаіма?

— Якаў! — раптам горача загаварыў Андрэй.— Ты ведаеш, які быў у мяне настрой, пакуль я не сустрэў Хаіма? Я гатовы быў спяваць, ляцець, у мяне ўсё свяцілася і ў самім сабе і навокал... А ён, гад...

— Ведаю, Андрэй. Ён апаганіў увесь твой настрой.

— Але, браце... Ён забрудзіў усё маё святое...



РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ[правіць]

Апошні паехаў судовы прыстаў. Двор Хмялеўскага і дарога каля хутара былі вытараваны конскімі капытамі і палазамі саней. Пад паветкай каля пограба стаяла толькі адна падвода; гэта Яўхім Халуста яшчэ раз аглядаў хутар, які з сённяшняга дня стаў яго ўласным. «Спаліць!..— думаў ён пра Хмялеўскага.— Ліха матары яго, спаліць!.. Хіба доўга? Суне вугаль у салому, і ўсё паляціць дымам да аблокаў...» Каб Халуста быў на месцы Хмялеўскага, то так і было б. Замест хутара лягло б тут папялішча. Халуста нават і не думаў, што акрамя пажару тут з ім можа адбыцца нешта горшае. Ён адчуваў сябе смела, упэўнена і самастойна, як гаспадар.

Юрка Хмялеўскі, нібы аглушаны, стаяў сярод хаты, якая ўжо была не яго. Ён нічога не бачыў і не чуў; чалавек аслупянеў ад гора і адчаю, страціў здольнасць нешта разумець.

Настася, збялелая і састарэлая за гэты дзень, сядзела на ложку, ашчапіўшы рукамі галаву. Слёз у яе не было; яна даўно выплакала іх, яшчэ да таго дня, калі Юрка прыехаў з суда са страшнай весткай аб тым, што Халуста адсудзіў у іх хутар. Але Юрка не разумеў усяе глыбіні таго, што адбылося, ён усё яшчэ на нешта спадзяваўся; чакаў, што ўмяшаецца нейкая сіла і выратуе яго. Настася ні на што не спадзявалася: яна помніла, як зірнуў стары Халуста на Юрку, калі той сказаў пра вэксаль: ён ужо тады гатовы быў праглынуць іх усіх.

Напалоханыя дзеці стаялі каля маткі, трымаючыся за яе. Яны не разумелі таго, што адбылося сёння ў іх хаце, але здагадваліся, што нешта нядобрае. Толькі старэйшы, Васілёк, ведаў: прадалі іх хутар. Хату, гумно, хлявы — усё...

— Мама! Яго трэба забіць! Гэтага злога Халусту...

— Сціхні, сынок...

— Яго забіць трэба, мама! — горача шаптаў ён.— Чаму наш тата яго не заб’е?

Гэтыя словы дзіцяці нібы абудзілі Хмялеўскага ад сну. Ён расплюшчыў вочы і зірнуў вакол сябе. У хаце ўсё было раскідана, рэчы валяліся на падлозе. Хату выстудзілі за дзень, бесперапынку адчыняючы дзверы. Людзей было нямнога, мала больш, чым начальства, і ніхто нічога не купіў. Усё купіў Халуста: зямлю, будынкі, нават паркан. Адным словам, за доўг Халусту была прададзена ўся гаспадарка таму ж самаму Халусту. Толькі худоба асталася Юрку. Каб аплаціць доўг, хапіла і без яе.

У гэты момант Халуста ўвайшоў у хату.

— А ты, братачка, жыві, жыві! — сказаў ён, падыходзячы да Хмялеўскага.— Жыві, братачка, арандуй мой хутар! Я цябе не праганяю. Уга! А ты ж акрамя таго і ляснік! Жыць будзеш, ліха матары тваёй.

«Людажэр! «Мой хутар». Быў тут хутар! Лес ды балота. Юрка з жонкай з лесу зрабілі раллю, а з балота сенажаць».

Юрка не адказаў. Ён зноў стаяў, схіліўшы галаву. Страшэнная нянавісць загарэлася ў яго сэрцы і высушыла яго. Усярэдзіне ўсё так зачарсцвела, што ён не мог вымавіць слова.

— Толькі, братачка, пільнуй маіх будынкаў. Каб не згарэлі. Бо калі што якое, то, братачка, вінаваты будзеш ты. Бо, вядома ж, у цябе цяпер поўна злосці, а калі чалавек у злосці, то ён...

— Па сабе судзіш, гад! — вырвалася ў Хмялеўскага.— А я от заб’ю цябе. Не выпушчу з хаты жывога.

— Што?..

Халуста пабялеў, як снег.

— Заб’ю. Ускіну на сані, і няхай вязе кабыла дахаты дохлага.

Юрка не крычаў, не пагражаў, ён гаварыў спакойна і ўпэўнена, нібы даўно надумаў гэта, і Халусту было яшчэ больш страшна.

— Ш-што?.. Т-ты мне п-пагражаеш?.. Я... я... ліха м-матары...— Халуста заляскаў бы зубамі, каб яны былі здаровыя. Ён заслініўся, але рынуцца наўцёкі не мог: не неслі ногі. І ведаў, што калі Хмялеўскі надумаў яго забіць, то нікуды ён не ўцячэ. «Чорт пакінуў тут мяне аднаго...» — ліхаманкава круцілася ў галаве.

— Т-ты п-пагражаеш...— лепятаў ён не сваім языком.

— Не пагражаю, а заб’ю.

— Юрка, Юрачка! — Настася кінулася да мужа, які не быў падобны на сябе.— Хіба ты не думаеш пра нас!..

Хмялеўскі затуманеным позіркам акінуў жонку, дзяцей, і вочы яго пасвятлелі.

— Не бойся, Настася, я яго не .крану. Я не душагуб.

Ён узяў Халусту за каўнер і страсянуў.

— Ты мяне загубіў, злодзей... Ведаеш ты гэта?

Халуста трохі пасмялеў, калі за яго заступілася Настася, але ніжняя сківіца яго дрыжала.

— А я, б-братачка, п-па з-закону...

— Па закону! — Хмялеўскі скрыгануў зубамі.

У гэты момант ён быў страшны.— Дык гэта ты прыязджаў той раз на мой хутар паглядзець? Ацаніць, чаго ён варты? А я цябе як госця прыняў... Гад ты печаны!

— А я, я, я...

— Як жа ты скора мяне з’еў, Халуста!

— А я, братачка, і раней...

— Гад ты, гад! Ты ўжо і раней капаў мне яму, як я табе дубы з панскага лесу краў. От калі ты праўду сказаў.

— Я цябе, б-братачка, не ганю...

— І не прагоніш! Бо калі ты мяне з дзецьмі выпхнеш за парог, то мне і маёй сям’і ўсё роўна гінуць. Усё роўна, гад! Я тады спалю не толькі гэтыя Крушнікі. Я спалю цябе і ў Малінаўцы. Так спалю, што ты і сам згарыш разам са сваім дабром. А не згарыш, то заб’ю! А мне ці турма, ці смерць — без розніцы.

Халуста разумеў, што Хмялеўскі кажа праўду, і на душы ў яго стала моташна. Ён думаў, Юрка падзякуе, што не гоняць з хутара, а выйшла зусім інакш. Ён памкнуўся нешта сказаць, але Хмялеўскі схапіў яго за каўнер, вывалак на ганак і шпурнуў у снег, паддаўшы ззаду нагой. Халусту гэта было не ўпершыню: поўзаць ён умеў. Ён нават рады быў, што кончылася так, а не горш. Падхапіўшыся са снегу, кінуўся да саней, адвязаў кабылу і паласнуў яе пугай. Больш за гадзіну паганяў кабылу і ўсё аглядаўся назад, ці не гоніцца за ім Хмялеўскі. «Ліха матары яго,— думаў ён,— трэба было мне аднаму там аставацца! Ну, ці не дурань!.. А ён што? Прагані яго, дык возьме ды спаліць! А што ж! І ў Малінаўцы ўсё спаліць... І заб’е... Уга! А цяпер паспрабуй дакажы, што ён пагражаў забойствам! Сказана адзін на адзін... Паспрабуй дакажы...» Горка было думаць пра гэта Халусту. Такім дурнем ён астаўся...

Толькі каля Старочына Халуста трохі супакоіўся. «Няхай жыве, ліха матары яго! Няхай трохі пажыве, папільнуе хутар. Калі сам будзе жыць, то не спаліць. А потым я найду яму месца! Найду-у! Я яго ўбяру-у ў свае зубы...»

Калі Халуста выехаў з двара, Хмялеўскі сеў на лаву і схіліў галаву. Значыць, ён зноў жабрак. Быў гаспадар, стаў парабак. Ды ці парабак! Хіба даруе яму Халуста сённяшняе? Гэтакі звер! Не даруе... І Хмялеўскі раскаяўся, што пагражаў яму, што выкінуў з хаты, як шчанюка. «Нашто гэта было?.. Звар’яцеў... Каб падобраму, то можа... можа і жыў бы на хутары...» Калі адолела злосць, усё было ніпачым, а як прайшла яна, то безнадзейнасць і бездапаможнасць схапілі чалавека за горла. Як жыць?..

Ён не адразу пачуў, што Настася задала яму такое ж самае пытанне.

Ён не адказаў.

— Няўжо зноў астанёмся тут? — з адчаем запытала жанчына.— Халуставымі парабкамі? У гэтым лесе, у гэтай цемры?..

— А дзе мы дзенемся, Настася?

— У маёнтак пойдзем! Да людзей!

— У маёнтак... Хто мяне цяпер возьме ў маёнтак! Якая там работа! Каб вясной, то ўсюды ўзялі б...

— А ты шукай месца да вясны.

— Буду шукаць,— пакорліва адказаў Хмялеўскі.— Але ён не даруе мне сённяшняга... Нагаворыць немцу і з леснікоўства прагоніць...

— Няхай праганяе. Многа ты меў з леснікоўства! Халуста меў, а не ты. А што не даруе, то няхай не даруе. Затое ты ўсім даруеш і Халусту гатовы дараваць...

Юрка, унурыўшыся, маўчаў.

— А што выкінуў яго, як сабаку, то і добра! Хоць адзін раз! Я толькі баялася, каб ты яго не забіў.


На дварэ даўно звечарэла. Андрэй сядзеў за сталом і чытаў. Ён чакаў Івана, які павінен быў прыйсці з Чыжэвіч. Нядзельныя вечары звычайна былі вельмі сумныя: не было чым іх запоўніць. З Іванам было б весялей. Удвух і чытаць прыемней.

Маткі дома не было. Цяпер яна кожны дзень хадзіла да Яніхі, бо тая хоць і пачала папраўляцца, але яшчэ нічога не магла рабіць. Алена прыбіралася каля люстэрка, але ў брата і сястры не знаходзілася гаворкі.

Яна Сташэвіча Андрэй не чакаў, і калі ў сенях нехта грукнуў дзвярыма, ён падумаў, што гэта Іван, але ў хату ўвайшоў Ян. Бяда не красіць чалавека: Ян прыгорбіўся за апошні час, цяжка сеў каля стала. Андрэй палажыў на покуць кнігу.

— Ну, як там у цябе? — запытаў у Яна.

— Хваліць бога. Патрохі ўстае, але наўрад ці стане цвёрда на ногі.

Андрэй пачаў закурваць.

— От думаю, што рабіць,— гаварыў Ян.— Вясна ідзе, што я адзін зраблю? Змітру дванаццаты год, які з яго работнік. Толькі па снезе лазіць. Хоць воўкам завый. Пааддаваў дачок замуж да чорта ў лазу — блізкі свет, усё праз Аляксандру... Ды яны свае сем’і маюць. Памаглі б яны мне так, як табе Аляксандра памагае. Ні на пахаванне, ні на памінкі бацькі не прыехала, халера... Каб Тамаш быў дома, то ажаніў бы. Так я і думаў.

Андрэй успомніў, як, адыходзячы на вайну, Тамаш гаварыў яму пра Лісавету. Нейкая трывога кранула сэрца. «Алена кожны вечар ходзіць да Лісаветы»,— немаведама чаму падумаў ён.

— Пра поле ты не бядуй,— сказаў Яну,— уробім поле і тваё і маё.

— Ведама ж, неяк уробім... Але ўсё роўна гэта не тое. Вайна... Каб першыя кулі не мінулі тых, хто яе пачаў! Ці вернецца яшчэ Тамаш... Маці і хварэе праз гэта. Каб Тамаш быў дома, то і яна жвавей бы хадзіла... Ты кажаш, поле ўробім, а агарод, а гаспадарка?

— Мае жанкі памогуць.

— Ведаю, што памогуць, але гэта не тое, я табе кажу... Трэба мне дзеўку нейкую наняць, пакуль Тамаш прыйдзе. У цябе ў Чыжэвічах знаёмства ёсць, памажы.

— Невялікае ў мяне знаёмства. Каб быў Марцін Крываблоцкі, той бы жыва найшоў. Запытаю ў Івана.

— Хлапчук яшчэ твой Іван, што ён ведае!

— Праз яго маці. Агапа жанчына хадавая, трэба ў яе запытаць.

— Хіба што так. То ты пагавары з Агапай.

— Чаму не. Каб ты раней сказаў, то я сёння схадзіў бы ў Чыжэвічы.

— Сходзіш у тую нядзелю... А ты скажы мне: Гарасім у цябе бывае?

— Ні разу не быў. Чаму ты пытаеш?

— Бо да мяне ён праз дзень, праз два і прыйдзе. Мая старая да яго прывыкла — абы горш ёй стане, дык просіць: пазаві Гарасіма. І заву...

— Дык што за бяда?

— Ніякая не бяда. Умее ён каля хворых... А, кажуць, дурны...

— Хто кажа? Арандатары яго кажуць, бо ў іх на гэта прычыны ёсць.

— Ведаю я тую ліхую прычыну. Ім патрэбна Гарасімава зямелька. Толькі сваю абэлтух Мартыневіч запусціў. А зямля ого!

— Добрая зямля,— сказаў Андрэй абыякава.

Тым часам з Чыжэвіч прыйшоў Іван.

— Ну і туман! — сказаў ён ад парога.— Проста ад снегу пара ідзе. Макрата ўсюды, і свету не відно. Каб хто насустрач ішоў, дык лоб у лоб стукнуліся б.

— Скора дарога зусім лясне, калі мароз не падхопіцца,— зазначыў Андрэй.

— Будзе яшчэ і мароз, і адліга,— разважаў Ян.— У Маргі трэба з’ездзіць, на лета галля прывезці.

— І я пра гэта думаю.

Іван распрануўся. Сеў на лаве, расчырванелы ад хады. Маладосць і бадзёрасць свяціліся на яго прыгожым твары. Алена крадком зірнула на яго. Запытала:

— Ты, мабыць, бег, Іванко?

— Чаму?

— Такі чырвоненькі.

Іван пачырванеў яшчэ больш і сарамліва апусціў вочы. Андрэю не падабаліся такія Аленіны заўвагі, бо Іван пасля іх быў як нямко, ад сораму не мог слова сказаць. Ён злосна зірнуў на сястру, а яна і не шманала.

— Дзіва што бег! Баяўся! На дварэ ж ноч, нічога не відаць.

Нават Ян зморшчыўся пасля гэтых слоў.

— Кінь свае жарты,— не змоўчаў сястры Андрэй.

— У нашай хаце і пажартаваць нельга. Можа табе, Іванко, павячэраць даць?

— Не хачу. Ты не чуў, Андрэй, што Халуста Хмялеўскага з хутара выгнаў?

— Што ты кажаш!

— У пятніцу. Адсудзіў за доўг у Хмялеўскага хутар і на таргах купіў зямлю і будынкі.

— За доўг! — крыкнуў Андрэй, збялелы, як палатно, і падхапіўся з месца.— Я ведаю, які гэта доўг! Юрка расказваў!

У гэты момант ён забыў пра Алену і не бачыў, як пакутлівая грымаса перакасіла яе прыгожы твар.

— За доўг!.. Спачатку садраў з чалавека шкуру, а потым папхнуў у вір... Дзе ж цяпер жыве Хмялеўскі?

— Там і жыве, у Крушніках. Халуста яго арандатарам хоча пакінуць там на некаторы час.

— Дык што, Хмялеўскі згадзіўся быць арандатарам?

— Не ведаю. А ў нас у сяле кажуць, што стары Халуста хутар Хмялеўскага аддае свайму Юзіку. Як толькі Гром ажэніцца, дык Халуста і аддзеліць яго туды, у Крушнікі.

Удар быў поўны. Каб і хацеў Іван лепш адпомсціць Алене, то не змог бы. Яна аж пазелянела. Андрэй зірнуў на яе з гневам, хацеў выказаць усё, але стрымаўся, шануючы яе дзявочы гонар. Каб адно на адно!

Ян устаў.

— От што робіцца на свеце. Дык дзе ж тая праўда? А мы, дурні, шукаем яе.

Ён павярнуўся да Алены:

— Дык запомні ж, сястра... бо ты мне хоць і не родная, але мы ў першым стрэчанні. Запомні гэты дзень назаўсёды.

І ён пайшоў да дзвярэй цяжкай хадой стомленага чалавека.

Андрэй хадзіў па хаце і думаў. Думаў, што зямля чалавеку вылазіць бокам.


Старога Халусту зусім не кратала, што на яго пасля справы з Хмялеўскім засцянкоўцы не толькі баяцца глядзець, але нават абыходзяць, не хочуць сустракацца. Гэта яму было глупства. Малінаўцаў ён не лічыў за людзей. «Пачакайце, ліха матары вашай! — думаў ён.— Вы яшчэ не тое з’ясце! Вы, задрыпаная шляхта, яшчэ такое пачуеце і ўбачыце, што вам млосна стане!»

Хаім Ножык і той сказаў Халусту, калі ён нарэшце пасля доўгіх збораў прывёз у вятрак два вазы мліва:

— Ну, Яўхім! Ты страшны чалавек. Уй! Я такога не бачыў.

— А ты? — пісклява выгукнуў Халуста.— Ты лепшы?

— Лепшы.

— А-ха-ха! — заліўся Халуста.— Ты лепшы? Гэта не ты параіў мне, як лепш падысці да Рэпа, такога самага жыда, як ты? І гэта не ты ўсунуў яму ў руку ад мяне тое, што ён хацеў? Не ты?

— Я. Але я не думаў, што так будзе, што ты так абяздоліш чалавека. Я думаў, што ты вернеш ад яго доўг, а хутара адбіраць не будзеш.

— То бяры адваж пашні на тыя тры рублі за Якава.

— Не. Я не прадаваў яго. Я не прадаю людзей так танна.

— Я ведаю! Ты можаш шкуру садраць! Уга! То можа табе трыста рублёў даць?

— Не. Я нічога не хачу.

Аднак гэтая гаворка, падобная на сварку, ніяк не сапсавала прыяцельскіх адносін паміж двума зладзеямі. Наадварот, яна яшчэ лепш умацавала іх. Сябры бліжэй уведалі адзін аднаго.


Мікалай, як і бацька, не зважаў на людскую гаворку. Ён проста не цікавіўся ёю. Ён ведаў, што кузню яго ніхто не міне. Калі прыпрэ чалавека бяда, то нідзе не дзенецца, прывязе ў кузню сапсаваны плуг, паламанае кола або яшчэ нейкую халеру, якую трэба правіць.

З усёй Халуставай сям’і толькі Юзік па-сапраўднаму адчуў людскую нянавісць. Яму часцей, чым бацьку і Мікалаю, даводзілася сустракацца з людзьмі. Ён наогул быў на віду, хадзіў на вячоркі і адразу ж убачыў, як адчужана глядзіць на яго засцянковая моладзь. Яго пачалі баяцца, і ён, які тупы ні быў, спалохаўся гэтага. Спалохаўся так, што ўжо не мог асмеліцца падысці да Алены. Дзе там! Калі ён убачыў яе гнеўны твар, то не мог зірнуць ёй у вочы. Ён не быў вінаваты за бацьку і ведаў гэта, але пачуццё віны не пакідала яго. І ён пакутаваў страшна. Алена зусім не прымячала яго. Калі ён пачынаў гаворку з кім-небудзь з хлопцаў, ад яго адыходзілі, ад яго не бралі закурыць, нават папярос; з жартаў яго не смяяліся, як раней. Нават на новыя карты, якія ён прынёс на вячоркі, ніхто не глянуў; гулялі старымі, страпанымі, а да яго ніхто і не далучыўся, каб пагуляць у дурня ці воза новымі картамі.

І Юзік жахнуўся. Ён і дагэтуль ведаў, што ў засценку не любяць бацьку, Мікалая ды і ўсю яго сям'ю.

Толькі ён адзін стаяў неяк убаку. Пра яго сур’ёзна ніхто не думаў. Ат, Юзік Гром — прастата, недалёкі чалавек, парабак у вар’ята-бацькі, не хітрэц, не злодзей, нікому не зрабіў добрага, але нікога і не пакрыўдзіў, пакуль жыве ў засценку. Ён быў нібы не з Халуставай сям’і. Яго не цураліся дагэтуль, і от на табе! Страшным холадам павеяла на Юзіка ад людзей, і яго ахапіў страх. А можа ў засценку ведаюць, што бацька адабраў у Хмялеўскага хутар, каб аддаць яму? Можа пра гэта ведае і Алена?! Што ж тады яна думае пра яго!.. Ён стаў адшчапенцам у засценку... Праз каго? І нянавісць, страшная нянавісць на бацьку агарнула ўсю яго істоту. Ён зразумеў, што назаўсёды страціў Алену. Праз каго?.. Ён не мог асмеліцца сказаць ёй, што ні ў чым не вінаваты. Ды хіба яна паверыць? Яна думае, што і ён такі самы гад, як усе Халусты...

З усяго засценка толькі Лявон Нарбутовіч, як і раней, не цураўся старога Яўхіма. Ён яшчэ больш захапляўся ім, бо трохі зайздросціў.

— Во гэта чалавек! — казаў ён сваёй Міхаліне.— Ён нікога не баіцца! Ве-едае, што трэба рабіць! Калі маеш доўг, плаці, нечага круціць хвастом. А не плаціш, то пайшоў вон! А як жа!

— Памаўчы! Ведаеш ты, хто каму вінаваты!

Міхаліна перш за ўсё была жанчына, і жаласць была ўласціва яе душы. Акрамя таго, яна наслухалася гаворкі пра Халустаў і пра Хмялеўскага.

— Што памаўчы! — крычаў Лявон.— А, думаеш, я лепшы быў бы?

— Ты! — пагардліва гаварыла Міхаліна.— Ты! Якая ты мацыя! Цябе куры заграбуць!

— От гадаўка! Пачула, што лейцы слабыя.

А Нічыпар Мартыневіч маліўся. «Няхай яго людзі не ведаюць,— думаў ён пра Халусту.— Гэтакі ідал! Барані божа! Жыўцом праглыне і не аблізнецца». Сам злодзей, Мартыневіч мог украсці толькі нешта дробнае, але каб так абрабаваць чалавека, то не. Ён верыў у бога.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ[правіць]

Калі па засценку пайшлі чуткі, што ў адну цёмную завейную ноч абакралі багатага хутаранца Зялёнку, Андрэю не было клопату ні да Зялёнкі, ні да тых зладзеяў, што яго абакралі. Хапала ў Андрэя сваіх клопатаў. Зялёнкі ён не ведаў, чуў, што пад Слуцкам жыве багацей — скнара і жулік Зялёнка Адам; каля хутара яго аднойчы праязджаў з нябожчыкам бацькам. Даўно гэта было, але Андрэй помніў той хутар, падобны на фальварак. Аднаго саду каля сядзібы больш за дзесяціну, будынкаў — як у панскім двары, зямлі цэлы абшар, ну, а зямля пад Слуцкам, кожны ведаў,— на Міншчыне лепшай няма. І от зладзеі агалілі таго Зялёнку. Патруцілі сабак і ачысцілі камору і свіран. Грошай, дурань, у банк не клаў, дык забралі і грошы і лепшую вопратку.

Гаворкі пра гэта ў засценку хапала, але Андрэю не было часу яе слухаць, і ніколі не думаў ёй, што будзе мець нейкае дачыненне да таго крадзяжу. На дварэ стаяў марац, запахла вясной, а ён усяго сена з Волі не перавёз. Калі пайшоў Тамаш на вайну, прыйшлося памагаць Яну, хапала бяды. Зіма была зусім бязладная, уся работа перамяшалася: і малацьба, і возка сена, і дровы. Маладому гаспадару нялёгка давалася жыццё. Але ж усё ўжо кончылася.

Цяпер на душы лягчэй стала, дні падаўжэлі, завеі сціхлі, адваліліся маразы. Удзень, калі прыпякала сонца, са стрэх ліўся капеж.


У панядзелак вечарам Алена з прасніцай пайшла на вячоркі, маці набрала маткоў пражы і выправілася да хворай Яніхі: жанкі кросны рыхтавалі. Андрэй з Іванам адны дома асталіся і хацелі раней легчы спаць, бо заўтра збіраліся на Волю па сена.

Цяпер Якаў быў часты госць у Андрэя. Чыталі свежыя газеты, якія траплялі ў Малінаўку раз на тыдзень. Андрэй пабыў у маёнтку, пазнаёміўся з Вярбіцкім, Квітуном, Шабунем. Цяпер яму прыходзілася хаваць у гумне нелегальную літаратуру, якую чытаў не толькі ён, але і Іван.

У той вечар Якава не чакалі. Ён прыйшоў пазнавата; прынёс ад Марціна ліст. Андрэй чытаў той ліст уголас і абураўся, што ён амаль напалову выкраслены.

— Правяраюць, сволачы,— зазначыў ён.

— Гэты ліст двойчы правераны,— сказаў яму Якаў.

— Чаму двойчы?

— Першы раз воінская цэнзура праверыла, а потым Яўхім Халуста з ураднікам Беразоўскім. Я па канверце пазнаў. Гэта ж Халуста і прывёз мне сёння яго са Старочына. Перш, вядома, да ўрадніка зайшоў. Я кажу яму: «Ты, пане Халуста, хоць і гаспадар, але маіх лістоў не чытай». То ён нават адгаворвацца не стаў. Выскаліўся, як шалёны сабака, і закрычаў: «Ліха матары тваёй! Праз мяне ты дома сядзіш, а то б недзе манжурскую зямлю парыў».

— От сукін сын! А можа ён і сапраўды адстаяў цябе ў воінскага начальніка? Дзе б ён цяпер знайшоў другога парабка!

— Ён мяне адстаяць не мог, мог толькі даць хабар, выкупіць. А хіба Халуста здольны на такое, калі ён свайго Мікалая поедам жарэ кожны дзень, што грошы за яго ўпёр. Але, браце, гэта яшчэ не канец. Я табе ўжо казаў: калі вайна зацягнецца, то не толькі мяне, але і цябе, ільготніка, забяруць, а цяпер, пакуль што, хапае ў нашага цара і здаровых салдатаў.

— Хапае,— задумліва сказаў Андрэй.— Але цікава, што яны павыкрэслівалі?

— Праўду аб вайне. Неасцярожны чалавек Марцін. Няўжо ён не разумее, што і за ім там будуць сачыць і тут за мной. Ды ўжо сочаць!

— А што яны высачаць? — запытаў Андрэй.

Якаў зірнуў на яго і адказаў не адразу.

— Ты да гэтай пары не разумееш самага простага. Няўжо ты думаеш, што Халуста не данёс бы Беразоўскаму і на мяне, і на цябе, каб ведаў, пра што мы тут гаворым, чытаючы газеты?

— Ну дык што?

— А тое, што ты быў бы «неблаганадзейны». Я дык ужо «неблаганадзейны».

— Пакуль што я яшчэ не баюся. іх.

Хлопцы пачалі закурваць.

— Я да цябе, Андрэй, з неадкладнай гаворкай

прыйшоў, а мы дарэмна марнуем час.

— То гавары,— з цікаўнасцю зірнуўшы на Якава, сказаў Андрэй.— Дома толькі мы з Іванам.

— Ты чуў, што абакралі нейкага Зялёнку?

— Гавораць людзі.

— Абакралі гэтага Зялёнку Халуставы і Ножыкавы сябры. І Мікалай быў там.

— То што мне да таго! — успыхнуў Андрэй.— Няхай яны хоць падавяцца! Я гада Халусту толькі за Хмялеўскага павесіў бы на горкай асіне, і рукі мае не здрыгануліся б. А з Зялёнкам, як відаць, яны роўныя зладзеі.

Якаў нібы і не чуў яго слоў:

— Ці помніш ты — я ў цябе пытаў, як чалавека злодзеем зрабіць?

Андрэй адразу асеў і недаўменна зірнуў на Якава.

— Да чаго гэта ты?..

— Не пераглядаў ты сваіх будынкаў?

— Не... Я і не думаў пра гэта ніколі...

— Дык перагледзь, Андрэй, не адкладаючы. Я цябе папярэджваю вельмі сур’ёзна.

— У мяне ўсё пад замком.

— Ад Халусты і Ножыка замкоў няма. Хіба ў Зялёнкі не было замкоў? Ён сам — шэльма, хутаранец — жыў адзін сярод поля, ён жа так замыкаўся, што і шчыліны нідзе не было. Аднак жа Халуста з Ножыкам падабралі ключы да яго замкоў. Ды ён жа і сабак трымаў, і, трэба думаць, нядрэнных. Памагло яму гэта?

— Дык ты думаеш, што яны мне што падсунулі?

— Не толькі думаю, а ўпэўнены.

Андрэй раптам абвяў, увесь яго запал знік. Пачуццё бездапаможнасці і безнадзейнасці ахапіла яго душу.

— Калі Халуста падлажыў мне крадзенае, то як жа я яго знайду?.. У хлявах, у свірне ўсё можна перагледзець. А ў гумне? Перакласці ўсё, што ляжыць у гумне,— і сена, і канюшыну, і салому!.. Тады лепш самому падпаліць будынкі, няхай згарыць усё разам з тым крадзеным...

Ён схіліў галаву над сталом і ашчапіў яе рукамі.

— Халуста — гад, злодзей, можа зрабіць з табой што захоча... Дзе ж тая праўда, тое права чалавечае, калі гад можа жыццё тваё загубіць!

— Вазьмі сябе ў рукі, Андрэй. Трэба нешта рабіць, а не гаворку разводзіць.

Андрэй падняў галаву.

— Ты думаеш, я баюся, што мяне Халуста злодзеем зробіць? Хоць сабе ў мяне і крадзенае знойдуць, ніхто не дакажа, што я Зялёнку абакраў... Але ж пакуль будзе ісці гэтая калатнеча, усё роўна згалееш, па судах нацягаешся, па допытах... Жыццё загубяць!.. Гаспадаркі не шкада, лепш запаліць усё — і справа з канцом...

— Давай падумаем, Андрэй. А ты ўжо гатовы паваліцца і лапы ўгору. Нельга так здавацца: «Будынкі спалю!» Я думаю, што далёка яны тых рэчаў не запхнулі, яны таксама спяшаліся, баяліся, каб хто не ўбачыў.

Іван увесь час уважліва слухаў, што гаварылі старэйшыя, і раптам вочы яго засвяціліся, ён увесь пацягнуўся да Андрэя:

— Андрэй! Далібог жа, наша новая тарпа пачэпана была, калі я сёння раніцай коням даваў. Праява дый годзе.

— Якая тарпа?

— Новая, што ўчора пачалі.

— Там толькі два вазы сена. Што ты мог пазнаць!

— Я ж таптаў яе! Вы з Янам скідалі, а я таптаў, то хіба не ведаю, як сена ўкладаў! Я да сцяны яго цягаў, а сёння гляджу: усюды роўна. Я тады падумаў, што злеглася, і табе нічога не сказаў. А цяпер паслухаў, што Якаў кажа, і падумаў, што не магло яно так роўна злегчыся. Каля сцяны павінна быць вышэй!

Андрэй падхапіўся з месца.

— Бяры ліхтар, Іван! Ты нам паможаш, Якаў?

— Гаворкі няма. Толькі ліхтар запалім у гумне, а не тут. І ў гумно разам не пойдзем.

— Я пайду першы,— сказаў Іван і, зняўшы з крука ліхтар, пайшоў з хаты.

На дварэ стаяла цёмная, як бездань, ноч. Неба вісела над зямлёй чорнае, як сажа. Мароз адлёг; з захаду падыхаў вільготны вецер. У засценку ўсхадзіліся пеўні, спявалі без пары,— напэўна, на перамену надвор’я.

Андрэй, ідучы ў гумно, зірнуў на хату Гарасіма Жукоўскага: святла ў вокнах не было, Гарасім спаў. Ды ўвесь засценак ужо спаў, толькі ў Яна Сташэвіча і ў Талімона Бялькевіча яшчэ не спалі: у Яна ў хаце хворая, а ў Талімона вячоркі.

Калі Андрэй прыйшоў у гумно, Іван ужо раскідваў новую тарпу. Сена выкладваў у пустую заперу. Ліхтар стаяў каля сцяны на таку, святла ад яго на дварэ не было відаць. Андрэй схапіў вілы і пачаў памагаць Івану. У галаве яго ўсё змяшалася, ён не мог думаць, бо думкі блыталіся. Ён адчуваў, што ў галаве яго стаіць нейкі туман і замінае глядзець на белы свет. «От да чаго дажыў... Не ведаеш, што робіцца ў тваім гумне... А калі тое крадзенае не ў гэтай тарпе... Можа яно пад саломай, а саломы поўны зад гумна... Усё роўна Халусту трэба забіць... Не, не знойдзем таго крадзенага...» Тое крадзенае здавалася жывым, коўзкім і агідным. «Так можна звар’яцець,— адумаўся нарэшце Андрэй.— Трэба ўсё рабіць разважліва, параіцца з Якавам, паклікаць Яна Сташэвіча...»

— Ёсць, Андрэй,— пачуў ён ціхі Іванаў голас і спачатку не паверыў, што чуе яго. Бо што не здасца чалавеку, калі ён падобны на вар’ята! А Іван падчапіў мех, нечым напханы, і выцягнуў яго з-пад сена.

— Цяжкі, халера! Нешта мяккае ў ім.

Толькі пасля гэтых слоў Андрэй зразумеў, што адбылося. Ён рыпнуўся да мяха, падхапіў яго і выкінуў на ток. У гэты момант прыйшоў Якаў.

— Знайшлі,— увесь абліты халодным потам, вымавіў Андрэй.— Дзякуй табе, Якаў... Каб не ты...

— Даволі, Андрэй. Трэба падумаць, што рабіць з гэтым мяшком. Тут яго пакінуць нельга.

— Занясу ў хату, запалю ў печы і спалю...

— Уночы будзеш печ паліць? А ты ведаеш, што ў гэтым мяху? Можа ў ім воўна. Смуроду з коміна будзе на ўвесь засценак, бо сёння дым не падымецца ўгору. А пакуль у печы запаліш — раніца прыйдзе.

— У Маргі завязу, закапаю ў снезе...

— Гэта ўжо лепш, але таксама не выхад. Хадзем у хату, абмяркуем усё.

— Мех я ўсё-такі з гумна выкіну, няхай ляжыць на дварэ.

— Выкідай, ды далей ад будынка. Запхай у снег.

— Добра ты кажаш. Збегай, Іван, у хату, паглядзі, ці прыйшлі нашы жанчыны. Мы пойдзем услед.

Пакуль Андрэй заграбаў у снег Зялёнкавы транты, у галаве яго зусім праяснілася. Ці было чаго вар’яцець? Было! Праз гэты няшчасны мех ён мог страціць Ганну. Нават каб і апраўдаўся, Лукаш Асіеўскі не аддаў бы за яго дачкі. Усё роўна празвалі б злодзеем, і з гэтай мянушкай памёр бы...

Іван сустрэў іх на ганку. Дома яшчэ нікога не было.

— А мне здалося, што мы былі ў гумне цэлую ноч,— прызнаўся Андрэй.

— Цяпер ты зразумеў, як можа адпомсціць Халуста?

Андрэй са злосці сціснуў кулакі.

— Скажы мне, Якаў, Дзе дзяваць гэтае дабро?

— Думай сам, Андрэй.

— Андрэй! — раптам загарэўся Іван.— А каб гэты мех ды яму назад, га?

— Халусту?

— А каму ж!

— У яго сабак поўны двор. Як узнімуць брэх, адразу пачуе...

— На Якава яны не брэшуць.

— Ты што гэта надумаў, хлопча? — здзіўлена запытаў Якаў.— Хочаш і мяне сюды ўмяшаць?

— А ты ўжо сам умяшаўся, Якаў, чаго там...

— Бачыш, які ты разумны!

— Каб дараваць такому гаду! Я на тваім бы месцы...

Якаў засмяяўся, і гэта надало смеласці Андрэю, які дасюль маўчаў.

— А што ж, Якаў! Яго дабро ды яму ў рабро. І падказаць урадніку, каб зрабіў вобыск у Халусты.

— У тваіх словах ёсць толк, толькі з ураднікам я звязвацца не буду.

— Гэта зраблю я, калі ты дасі згоду памагчы мне адкінуць гэты мех назад Халусту.

— Можа я такую згоду і дам, але і табе звязвацца з ураднікам таксама не варта. Ну хоць бы сабе... як шляхціцу. Ураднік, па сутнасці, мужыцкае начальства.

Гэтыя словы былі падобны на здзек, але Андрэя яны не кранулі.

— У тым жа і справа,— адказаў ён.— Халуста — бабруйскі мешчанін, а ў мяне ўраднік зробіць вобыск толькі з дазволу павятовага прадвадзіцеля дваранства!

— Не пацяшай сябе гэтым. Дазвол будзе. Гэтакія вы засцянковыя лапцюжныя дваране! Наўрад ці ведае вас ваш павятовы пастух. А калі Халуста за што бярэцца, то робіць яго моцна. Як з Юркам Хмялеўскім: расціснуў чалавека — і не лыс.

— То я перад ураднікам умову пастаўлю: рабі вобыск і ў мяне і ў Халусты.

— Гэта, брат, зусім не тое. Не паставіш ты ўмовы ўрадніку, і нельга ставіць такой умовы.

— Як бы ні было, я даб’юся вобыску ў Халусты.

— Гэта другая гаворка. Тады я памагу табе ўперці мех у Халустаў дрывотнік.

— Чаму ў дрывотнік? Ён жа сам яго там знойдзе!

— Не знойдзе. Там столькі ламачча, што пяць мяхоў схаваеш. Старыя дзежкі, брычкі, калёсы, усякай халеры поўна. І дрывотнік не замыкаецца. І калі б удзень, то туды можна ўкінуць мех з сядзібы БаранаЗайца, пад страху. Я таксама не хачу, каб на мяне ўпала нейкае падазрэнне, а потым валачыцца па допытах. Я, брат, таксама, як і ты, не люблю ўраднікаў. Парабкам будучы, лепш іх не ведаць.

— Ну, Якаў... Век цябе не забуду... Ты мяне сёння выратаваў. А калі паможаш пакараць гэтага злодзея...

— Потым будзеш дзякаваць, мы яшчэ нічога не зрабілі. Спакусілі вы мяне, хлопцы...

— Калі табе, Якаў, нельга, то я да Барана-Зайца занясу і пад страху ўкіну. А не, дык на прыгуменне яму завалаку і ў снег закапаю.

— Слядоў напакідаеш. А на прыгуменне трэба ісці па цаліку ў пояс. Там жа гурбы снегу каля платоў. Не данясеш мяха. Аднак трэба кончыць гэтую справу з музыкай.

— Андрэй,— азваўся Іван.— А можа табе не варта ісці? Я сам занёс бы мех... Прыйдуць дамоў цётка і Алена, што яны падумаюць! А я пайшоў бы нібыта Якава правесці. Толькі сабакі Халуставы...

— Я зайду ў двор першы і сабак супакою... Годзе, хлопцы, ідуць вашы жанкі. Давайце сюды газеты.

Калі Алена ўвайшла ў хату, усе трое сядзелі, унурыўшыся хто ў кнігу, хто ў газету.

Алена павіталася і прыязна ўсміхнулася Якаву.

— От якія ў іх вячоркі. Хлопцы называюцца! Няхай ужо наш дома сядзіць, у кнігі ўлюбіўся, а табе, Якаў, брыдка.

— Чаго ж такога брыдкага я натварыў? — усміхнуўся Якаў.

— Сядзіш над кнігай, як Гарасім Жукоўскі, а цябе сёння ўспаміналі на вячорках.

— Цікава. Хто гэта мяне не забыў?

— Нашы дзяўчаты.

— Ганаруся і радуюся.

— А ты ўжо і гаворыш як у кнігах напісана... То ж і бяда, што ганарлівы ты вельмі.

«А яна не дурная шляхцянка,— падумаў Якаў.— Яна і Гром! Не разумею!»

— Я зусім не ганарлівы,— сказаў Якаў.— Чаму ты так сказала?

— На вячоркі да нас не ходзіш, на вечарынкі таксама. Мабыць, у маёнтку прыгажэйшыя дзяўчаты... І цябе, Іванко, дома трымаюць.

Іван пачырванеў.

— Я з Андрэем...

— Будзеш глядзець на Андрэя, дык і састарышся без пары. Высушаць цябе кнігі.

«Эх, трохі не ў пару прыйшла ты, дзяўчына,— думаў Якаў.— Няхай бы яшчэ на хвілін некалькі забавілася там, дзе была...»

У гэты час прыйшла старая Аксеня. Замест маткоў прынесла вялікі клубок.

— Добра, што не спіце,— сказала яна.— Яніха зусім слабая. Гарасім там сядзіць. Парашкі нейкія даў, то нядаўна заснула. Схадзі, Алена, пасядзі каля яе. Ян зусім знябыўся, ледзьве ходзіць. Ды і я самлела...

— От так заўсёды і ўспомніш Марціна, калі хвароба ў хату ўваліцца,— зазначыў Андрэй.— Заўтра не па сена трэба ехаць, а па доктара ў Старочын. Найшлі лекара — Гарасіма!.. Ідзі, Алена, а пазней я прыйду, падмяню цябе.

Алена адрэзала лусту хлеба і пайшла.

Хлопцы памаўчалі.

— Маці ўжо спіць,— нарэшце шапнуў Андрэй.

— Што ж, пара,— Якаў падняўся з месца.

— Дык можа я пайду? — запытаў Іван.

— Пойдзем усе ўтрох.

І не раз потым усе трое ўспаміналі гэтую ноч. Кожны па-свойму.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ[правіць]

Хмурная раніца была на дварэ, калі Халуста разбудзіў Якава.

— А ліха матары тваёй, не вылежаўся? Спаткі хочацца? Валочышся, паніклы чорт, да раніцы, тады спіш на хаду! Уставай!

Пасля таго як Шэмета не ўзялі на вайну, Халуста інакш не зваў яго, як паніклы або сляпы чорт.

На дварэ ледзь шарэла. Над будынкамі і дрэвамі, амаль да самай зямлі, клубамі віўся густы туман. Не відаць было ні хлявоў, ні свірна, яны нібы расталі ў вільготным паветры. Зрэдку капала са стрэх: мароз зусім адваліўся, і цяжка было дыхаць.

Якаў прайшоў да дрывотніка; успомнілася ўчарашняе: цёмная ноч над засценкам, цішыня, слізкая раскоўзаная вуліца, а яны ўтрох, як здані з таго свету, і гэты мех... Не верылася самому, што гэта робіцца наяве. Халуставы сабакі ляніва адгукнуліся на голас, пазналі і адразу супакоіліся. Андрэй з Іванам у двор не зайшлі. Якаў сам забраў мех, запхнуў яго ў сядзенне старой брычкі, закрыў і закідаў розным ламаччам. Ці пазнае стары Халуста? Не. Ён нават не думае, што такое можа здарыцца. «А ці варта было ўмешвацца ў гэтую нячыстую справу? — падумаў Якаў.— Не мог не ўмяшацца... Простае чалавечае сумленне не дазволіла б астацца збоку і наглядаць, як гінуць невінаватыя людзі...»

Юзік абуваўся і соп, як дыхавічны, на ўсе грудзі, з прысвістам. Палілася ў печы. На веку ад дзежачкі ляжала гара жытніх бліноў. Настуля смажыла сала; нямая служанка секла ў карыце вараную бульбу свінням; з карыта аж да столі ўздымалася пара, пахла нечым кіслым, цвілым... Была раніца, як і ў кожнай хаце, але неставала тут тае цеплыні, якая яднае сем’і. Тут быў кожны сам па сабе, адзін аднаму калі не вораг, то і не прыяцель.

Халуста хадзіў ад сцяны да сцяны, залажыўшы рукі назад, і ныў пад нос: «І-і-і». Стары злодзей быў нечага рады.

— Скажы ты мне, паніклы чорт,— звярнуўся ён да Якава,— дзе ты ўчора валачыўся?

— Я табе не паніклы чорт, пане Халуста. У мяне ёсць чалавечае імя. І што табе да таго, дзе я ўчора валачыўся. Я ж не адсыпаюся сёння ўдзень за ўчарашнюю ноч.

— Ого! Які далікатны! А можа ты красці хадзіў? Я ж твой гаспадар! Я ж за цябе адказваю, ліха матары тваёй!

— Пільнуй сваіх сыноў і адказвай за іх. Я за сябе сам адкажу.

— Які ганарлівы! З табой і пагаварыць нельга. От выадукавалі гада! Ну? Нельга ў яго запытаць, дзе ён валачыўся!

Халуста быў не ў такім настроі, каб сварыцца, гэта адчувалася па тону, якім ён вёў гаворку; тон быў дабрадушны, падобны на сяброўскі: так Халуста жартаваў. Якаву таксама не хацелася ў гэты дзень вельмі аскірзацца.

— Я ў Сташэвіча быў, пане Халуста,— сказаў ён.

— Як? — стары Халуста аслупянеў, нібы ўпершыню даведаўся, што яго парабак ходзіць да Андрэя.— Ты быў у таго злодзея? У майго лютага ворага?

— Мне Сташэвіч не вораг.

— Ах, ліха матары тваёй! Паніклы ты чорт! Ён табе не вораг! Дык можа ён табе прыяцель? Можа ты яму на свайго гаспадара скардзіўся? Уга, чаму не! Халуста сякі ды такі! Выспацца не дае! Работай задушыў! Корміць абы-як! Га?

Якаў засмяяўся.

— Добра, пане Халуста, што ты хоць сам гэта ведаеш, а людзям гаварыць не трэба: усім вядомы твае пірагі. Я Івану ліст занёс ад Марціна Крываблоцкага, той, што ты са Старочына прывёз. Марцін жа Іванаў родны дзядзька. Ты ж чытаў! Марцін паклон Івану перадаў.

— Дык ты гэты паклон і занёс яму ў кішэньцы. Ха-ха-ха! І вы гэты паклон чыталі пад самую раніцу. Ха-ха-ха!

— Адпісалі Марціну ліст.

— Ая-яй! А гарэлкі не пілі?

— Не.

— Ліха матары яго! Каб прывучыць яго да гарэлкі, то я табе дзесяць рублёў не пашкадаваў бы!

— Каго прывучыць, Івана?

— Нашто мне Іван! Сташэвіча, разбойніка таго.

— Дзесяць мала. Каб прывучыць такога чалавека, як Сташэвіч, да гарэлкі, то з ім сама менш трэба тысячу прапіць.

— Ну, але! Цвёрды, гад! Цвёрды, злодзей, шыбенік! Але ўсё роўна згалее! Галечы ён не міне! Не, не, не! Ідзе на яго чорны дзень! Ідзе, ідзе! Ліха матары яго, ідзе!

Халуста пачаў рагатаць. Слухаючы гэты дзікі, зларадны рогат, Якаў думаў, што ўчора ён зрабіў правільна. Столькі жывёльнай радасці і здзеклівасці было ў гэтым рогаце, што па скуры як мурашкі бегалі. Якаў разумеў, на які чорны дзень намякае Халуста; ведаў ён і тое, што ў бруднай душы гэтага страшнага чалавека пануе трывога, точыць, як шашаль дрэва, і не дае спакою. І ніколі ў ёй не будзе спакою...

Нарэшце Халуста вырагатаўся. Зірнуў выцвілымі, але драпежнымі вачыма на Юзіка і сказаў:

— Ну, снедайце, гулякі, лайдакі, п’яніцы, абармоты! Снедайце і ў Крушнікі, на мой хутар.

«На мой хутар»! У Якава сэрца закалацілася, і злосць, як чорная хмара, запаланіла душу. «Мой хутар»! Так цяпер Халуста называў хутар Хмялеўскага. Цяпер Юрка сядзеў на сваім хутары як арандатар Халустаў. І яшчэ раз падумаў Якаў, што мінулай ноччу зрабіў правільна.

— Пабойся ты бога, бацька,— прамовіў Юзік голасам пакутніка.— Людзі, хто перавёз сена, ужо адпачываюць. Коням перадышку далі... Вясна ж прыйдзе, зноў запражэш і коней і нас... І цяпер ты з мяне ды з Якава не злазіш... Мікалай сабе як пан, а я...

— Сціхні, гад! — закрычаў Халуста.— Мікалай — каваль! Майстар! А ты — абух! Мікалай на Урэчча паехаў. Кузня без жалеза!..

«Зноў некага абкрадваюць»,— падумаў Якаў.

— Кузня без жалеза! — лямантаваў Халуста.— Вясна ідзе, сашнікі трэба, паліцы! Ты пра гэта не думаеш, бот!.. А пакуль санная дарога не развалілася, лес трэба вазіць! Хлявоў не хапае! Дошкі трэба, насцялю ва ўсіх хлявах столь, каб было як у маёнтку, каб худоба не калела зімой.

— Пра худобу думаеш... Мне ў Крушнікі ехаць як на той свет... Сам бы ты паехаў... Як я Юрку ў вочы гляну? Чалавека загубіў, а худобе каб цяплей...

Халуста наляцеў на сына як звер, замахнуўся, але Юзік падняўся і зірнуў на яго зверху ўніз такімі вачыма, што той адразу апусціў руку.

— Паспрабуй толькі, бацька, вытні.

— З бацькам біцца будзеш? — заенчыў Халуста.— З бацькам?

— Лепш не чапай мяне, бацька, то і я не крану. А кранеш!..

— Сукін сын! Гэта ж табе я адсудзіў хутар у Хмялеўскага! Табе, злодзей! Ажэнішся і выберашся ў Крушнікі! Няма тут месца табе!

— Не, бацька, гэтага не будзе. Ты з Мікалаем пойдзеш у Крушнікі, а не я.

— Я адракуся ад цябе! Ад-ра-ку-ся! Усё Мікалаю перапішу. А табе нічога! Ні шэлега, ні пядзі зямлі...

— Перапісвай! Пайду ў двор. Парабкам буду, але з людзьмі. У вочы людзям смела пагляджу. Ніхто не будзе ад мяне адварочвацца.

— А-а! Дык гэта Сташэвічава патаскушка ад цябе адварочваецца!

— Сціхні, бацька! — страшным голасам зароў Юзік.— Сціхні, а то я ўсю хату растрасу!

Халуста зразумеў, што тут непярэліўкі, і адступіў. Мабыць, першы раз у жыцці спалохаўся ён старэйшага сына.

— От я-ак! — злым шэптам, здзіўлена лыпаючы вачыма, прамовіў ён.— Бачыла, крывая кабыла, каго ты нарадзіла? Бачыла? Гэта ж тваё адроддзе, ліха матары тваёй! Твой вырадак, байструк, злодзей, катаржнік! Твой, твой, твой!

— Жарэце лепш, каб вас зямля не насіла, а то зноў за нажы схопіцеся. Вунь бліноў цэлая века,— замагільным голасам адказала Настуля.

«Прыпякло беднаму Грому»,— падумаў Якаў.

Выехалі з дому, калі зусім развіднела. Юзікава кабыла роўным трухам ішла па слізкай раз’езджанай дарозе. Сам ён сядзеў, схаваўшы нос у каўнер кажуха, і, мабыць, нешта зацята думаў, бо ніколі такім панурым Якаў яго не бачыў. На шляху гулі слупы нудным і надаедным гулам. Навокал бель; праз туман не відаць было нічога, і недзе было спыніцца вачам. На сэрцы ў Якава таксама было цяжка. Жыць у гэтай праклятай хаце так абрыдла, што гатовы быў ісці хоць куды. Хата без радасці, без цеплыні. Калі і засмяецца хто, то толькі страшным д’ябальскім смехам, нібы адпраўляючы некага на той свет. Усе ў палоне чужога дабра. Стары Халуста хавае сабе, Мікалай сабе, Настуля крадзе ў абодвух і таксама недзе хавае. Каб страсянуў гэтую хату, колькі вытрас бы з яе людскога гора, слёз і крыві!.. Толькі Юзік Гром — сапраўды вырадак, не хавае нічога. Украдзе са свірна пуд пашні, прап'е і спявае «Каробачку». Горкая твая доля, Юзік...

Каля Старочына сустрэлі Андрэя. Ён вёз доктара да хворай Яніхі, і Якаў падумаў, што Андрэй гэтую ноч нават вачэй не заплюшчыў.

Час у дарозе прайшоў скора і непрыкметна. Хутар Хмялеўскага, цяпер ужо Халустаў, нечакана з’явіўся з-за павароткі. Юзік спыніў кабылу.

— Зайдзі, Якаў... Скажы, што прыехалі. Можа хоць мяжу пакажа.

— Зайдзі сам, Юзік. Гэта ж твой хутар.

— Не магу... Хіба вочы затуліўшы... Дзетак там як дажджу...

— А мне нашто заходзіць? Я ж парабак.

— Якаў...— панура прамовіў Юзік.

З нялёгкім сэрцам зайшоў Якаў у хату. Юрка быў дома, майстраваў спіцы на колы. Такі ж аброслы, як і раней, толькі вочы паглыбелі, і ўжо свяцілася ў іх не толькі вечная жальба і затоены сум, але нянавісць, крыўда і незразумелая трывога.

— Прыехалі,— сказаў ён, як і раней.

— Прыехалі, Юрка.

Дзеці ціснуліся каля маткі, якая сядзела за прасніцай. Запалоханымі вочкамі глядзелі яны на Якава. Не было ў іх дзіцячай шчырасці і радасці, з якімі яны раней сустракалі чужога чалавека на хутары. Мабыць, даліся ім у знакі чужыя людзі, што хадзілі па хутары, ацэньвалі кожную будыніну. Гэта праз іх плакала маці, а бацька быў як непрытомны.

— То што да мяне мае Халуста? — запытаў Юрка.— Хутар жа яго. Няхай хоць увесь свой надзел ссячэ і ў Малінаўку завязе... Можа пасядзіш, Якаў?

— Юзік мяне чакае.

— Юзік? Я да яго нічога не маю.

— А што ты да каго маеш? — азвалася Настася, і гэта ўжо не быў голас памяркоўнай, спакойнай жанчыны.— Што ты да каго маеш, такі чалавек!.. Але з хаты не пойдзеш. Халусты — гаспадары, які ты ім праважаты!

— Але... Халусты — гаспадары. Не пайду,— пакорліва прамовіў Юрка.

— Значыць, сядзіш ты на сваім хутары арандатарам.

— А што мне было рабіць? Дзе было дзявацца з сям’ёй сярод зімы! Праглынуў ён мяне, як бусел жабу. Добра, што з леснікоўства немец не прагнаў. Лесніком я астаўся.

— Гэту ласку табе Халуста зрабіў. Не падказаў немцу, каб з леснікоўства прагнаў,— горка папракнула Настася.— Бо патрэбен ты яму: паможаш красці панскі лес... Ідзі, Якаў, бо Юрка нікуды не пойдзе.

— Не пайду,— згадзіўся Юрка.— Няхай сам Юзік выбера хвоі, якія яму трэба... Ты кажаш: арандатарам... Сам не ведаю кім...

Юзік, мабыць, і не чакаў Юркі. Ведаў, што не пойдзе ён цяпер хвоі яму паказваць, як калісьці паказваў дубы, бо, калі Якаў выйшаў з хаты, цмокнуў на кабылу і паехалі далей. Калі хутар схаваўся за дрэвамі, Юзік спыніў кабылу, злез з саней і падышоў да Якава.

— Каб я ведаў, дзе тут мяжа, дзе хутарское, а дзе панскае... Чорт яго разбярэ... Слупкі павінны быць, але ж усе яны пад снегам.— Юзік вылаяўся.— К чортавай мацеры! Ссячом лепшыя хвоі, і няхай бацька з немцам разбіраецца.

— Ідзі выбірай хвоі ды не марудзь.

Пакуль Юзік лазіў па снезе, Якаў паспеў закурыць. Прыйшоў і Хмялеўскі са стрэльбай.

— Настася выправіла,— сказаў ён.— Панскага секчы не дам. Няхай сячэ ў сваім надзеле. Бо Халусты панскага насякуць і на мяне зваляць. Скажуць, што некаму прадаў. Тады немец з леснікоўства прагоніць... Ды, божа мой, божа, чаго тут шукаць! Любое дрэва сячы і ў сцяну кладзі. А на бэлькі таўсцейшых хапае. Настася кажа: «Ідзі, а то яны табе зноў наробяць...» Ты, Якаў, тут ні пры чым.

«Няшчасны ты чалавек,— горка падумаў Якаў.— Раней табе Настася не падказвала, сам гаспадаром быў...» .

— Такі лес, такі лес... Глядзіш — і плакаць хочацца... Гэта ж мой лес, Якаў!.. Гэтакія хвоі каля самай дарогі, а ён пайшоў яшчэ лепшыя шукаць. Нашто?

Гэта была праўда. Выносістыя хвоі, адна ў адну, стаялі абапал дарогі. Гладкія ствалы, жоўтыя, як свечкі, цягнуліся ўгору, ледзь шавелячы верхавінамі.

Выпаўз на дарогу Юзік, увесь у снезе, вылаяўся і пачаў атрасацца. Падышоў да мужчын.

— Ты, Юрка... Я тут ні пры чым, запытай у Якава... А што бацька, то сам ведаеш... Я тут што?.. Я толькі раблю... Пакажы, дзе мяжа, толькі я не ведаю, як мы з коньмі ўваб’ёмся ў гэты снег. Тут і з пустымі саньмі не вылезеш...

— Снегу многа,— сказаў Хмялеўскі.— А мяжы вы яшчэ не пераехалі, далей яна. Нашто лезці ў снег! Заварочвайце коней ды валіце каля дарогі. Такі лес, такі лес...

— А добра ты кажаш, чаго тут шукаць! Няхай бацька сам прыедзе і пашукае.

Хмялеўскі нібы не чуў яго слоў.

— Такі лес! — гаварыў ён.— Думаў, прадам улетку трохі палевікам. Людзі будуюцца. Пажары ў палявых сёлах часта бываюць, густа людзі жывуць... Ды ўжо не адзін пытаўся. Прадаў бы лесу, грошай натаргаваў і аплаціў той вэксаль. Дык не... І разагнуцца ён мне не даў. Так і выпхнуў сагнутага... А колькі я пнёў выдраў, колькі лаўжоў спаліў! Не адно ляда вычысціў, раллю зрабіў. Крывавы пот з мяне цёк. А жонка! Божа мой, божа, ці жаночая гэта работа ў лесе. А нам ні дня, ні ночы не было. Жыта пасеяў — як рунела добра! Думаў, праз год свайго хлеба наемся. Усё пайшло к чорту ў зубы...

— Ты мяне, Юрка... Я тут што!..

— Я ведаю, Юзік. Я цябе і не кляну. Бацька твой — крывасмок. А ты што! Гарэтны ты чалавек. Пайду я, хлопцы, не магу глядзець.

З хвоямі ўправіліся скора: звалілі з пнёў, распілавалі і паклалі на вазы. Коні ішлі лёгка. Усю дарогу Якава не пакідалі думкі пра Юрку Хмялеўскага і пра Халусту. Перамяніўся Юрка. Выбілі з-пад ног зямлю, страціў чалавек надзею і ходзіць як ачмурэлы. Няма самастойнасці, упэўненасці. «Настася сказала...» Няма на што абаперціся чалавеку, апіраецца на жонку. Гэта ўжо другая Халустава ахвяра. Першыя былі Шымкевічы. Хто ж трэці? Андрэй Сташэвіч? Не, гэтага не так лёгка ўвабраць. Спачатку прыбярэ Гарасіма Жукоўскага, тады Сымона Ашакевіча...

У Старочын прыехалі рана. Якаў забег на пошту, купіў канвертаў, марак, паперы. Юзік чакаў каля Бэркавай манаполькі. Калі прыйшоў Якаў, Юзік, не падымаючы вачэй, сказаў яму:

— Пазыч саракоўку, Якаў...

— Выпіць хочаш?

— Вып’ю... Моташна ў грудзях...

Якаў даў яму грошы.

— Толькі не сядзі там.

— А я на хаду.

Юзік сапраўды скора выйшаў з карчмы, сеў на воз і пагнаў пугай кабылу. «Заспявае «Каробачку»,— падумаў Якаў і памыліўся. Да самай Малінаўкі Юзік маўчаў.



РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ[правіць]

Раніцай Сымон пайшоў у адрыну даць сена сваёй Пярэстай. На дварэ шарэла. Паветра было чыстае і трохі вільготнае. Неба стала глыбейшае. Весялей стаялі дрэвы ў засцянковых садах. Бадзёра пырхалі вераб’і, шукаючы пажывы на сметніках. Ва ўсім адчувалася набліжэнне вясны. Сымону захацелася нават пастаяць крыху, падумаць, гледзячы на белы свет, бо хоць ён амаль кожны дзень быў у дарозе, але свету не бачыў. Не прымячаў хараства, якое акружала яго. Прымільгаліся палі, лясы, лугавіны і здаваліся шэрымі, аднолькавымі. Ды ці думалася пра нейкае там хараство, калі жытка была чорная. Толькі вёрсты лічыў, колькі яшчэ да Слуцка або да Урэчча і колькі да дому.

У гэтым годзе неяк лягчэй жылося. Акрамя заробкаў у Арлоўскага памагаў людзям сена вазіць, хлеба зарабіў. Можа і да новага хопіць. Паўлік трохі акрыяў; не толькі па хаце хадзіў, але пачаў і на вуліцу выходзіць. Жонка павесялела. Хіба гэта не радасць, не жыццё, калі ў хаце здароўе, а на стале хлеба ўдастатку! Ды наогул, хоць і вайна пачалася і многа маладых у войска ўзялі, а людзі адчуваюць сябе вальней, смялей. Быў Сымон і ў Слуцку і на Урэччы, сустракаўся з людзьмі. Ніхто не глядзіць у зямлю, як раней. Ці ты скажаш «дзень добры» чалавеку, ці табе нехта скажа, то з нейкай прыязнасцю; пагаварыць хочацца, спыніць кабылу ды закурыць разам, словам перакінуцца. Толькі ў Малінаўцы нічога не прыметна. Жывуць людзі ціха, памалу. Далей сваіх ваколіц не бачаць нічога і бачыць не хочуць. Скажы ім якую навіну, дык хлусам зробяць ды яшчэ пасмяюцца. Дзіва што! Цемра гэтакая. Калі пабыў чалавек у кузні ці ў млыне ды калі яшчэ ў Слуцак раз за жыццё з’ездзіў, то ого! Ён ужо бывалы чалавек. От якая Малінаўка.

«Як падаўжэлі дні! — думаў Сымон.— Месяц назад да світання ўжо ўсе печы ў хатах былі выпалены, а сёння вунь з кожнага коміна дым валіць. Сама работа гаспадыням. А гаспадары толькі ўстаюць, пазяхаюць, чухаюцца, у гумны ідуць скаціну карміць. Нарэшце адпачынак і коням і людзям пасля такой цяжкай зімы. Мабыць, і Пярэстай трэба даць перадышку...»

Тым часам на дварэ зусім развіднела. Сымон не спяшаючыся пайшоў у адрыну. Сёння ён не збіраўся ў дарогу, можна было трохі і памарудзіць каля свае гаспадаркі. Але калі ён адчыніў адрыну, то яго адразу нешта насцярожыла. Ён і сам не разумеў, што гэта такое. У адрыне было нешта не тое, што ён прывык бачыць кожны дзень не адзін раз. У яго яшчэ не было такіх памочнікаў, якія маглі б нешта пераставіць або перакласці ў будынку, перайначыць той парадак, які ён вёў ужо не адзін год. І ўсё ж такі ў адрыне было нешта не тое, нібы тут пахадзіў чужы чалавек. На таку нацярушана сена! Сымон ніколі не дазваляў сабе гэтага. Не так многа ён меў пошару, каб абы-як абыходзіцца з ім. Ён учора вечарам падмёў ток, вілы, якімі ператрасаў канюшыну з сенам, паставіў у кут, а сёння тыя самыя вілы валяюцца на таку. Усё гэта было незразумела і загадкава. І ўвесь Сымонаў спакой адразу прапаў, у душу закралася трывога. Аднак ён, як і кожны раз, натрос сена з канюшынай і панёс Пярэстай у хлеў. Тады вярнуўся, натрос аўсяніцы з сенам і даў карове. Усё гэта рабілася механічна, бо галаву свідравалі іншыя думкі. З гэтымі думкамі ён і прыйшоў у хату.

— Аўдоля,— запытаў ён у жонкі,— ты ўчора вечарам пасля мяне не была ў адрыне?

Аўдоля зірнула на яго са здзіўленнем.

— Не, Сымон, не была. А што?

— Я і сам не ведаю... На таку нацярушана сена, валяюцца вілы. А я ўчора падмёў ток і вілы паставіў У кут...

Ён задумаўся.

— А можа я толькі падумаў так зрабіць і не зрабіў...

— Падумай добра, Сымон.

— От я і думаю.

— А нічога не ўкрадзена?

— Што ёсць красці ў нашай адрыне? Сена ды салома... Кожны засцянковы мае больш за мяне гэтага дабра.

Ён згарнуў папяросу, выграб вугаль з пячуркі і прыкурыў. Сеў каля стала і зацягнуўся некалькі разоў.

Не, сядзець ён не мог. Нешта гнала яго з месца, штурхала ў карак.

— Пайду.

— Куды ты, Сымон, пойдзеш?

— У адрыну. Пагляджу яшчэ раз... Нешта мне карціць, за душу бярэ... Не магу ўседзець.

Сымон устаў і цяжкай хадой пайшоў да дзвярэй.

У адрыне ўсё было так, як і першы раз. На таку нацярушана, але гэта ўжо ён сам нацерушыў, калі трос пошар кабыле і карове. Не падмёў, бо ведаў, што яшчэ вернецца сюды. І от вярнуўся і не ведае, што рабіць... Узяў граблі, згроб усю пацяруху і кінуў на тарпу. Дробнае смецце і пыл змёў у кут і стаяў, не разумеючы, што яго так трывожыць, адкуль чакаць бяды, бо падсвядома адчуваў, што бяда прыйшла ў яго двор... І тут яго позірк упаў на жытнюю салому, якая ляжала асобна каля самых дзвярэй. Раз у тыдзень, а можа і радзей, браў ён жытнюю салому, каб падаслаць у хлявах. Ва ўсякім разе, ён даўно яе не чапаў. Дык чаму ж яна ўскудлачана, нібы падвеяна ветрам! І ён рынуўся да тарпы з саломай.

Абліты халодным потам выйшаў Сымон з адрыны. Каб нехта ўбачыў яго ў тую хвіліну, то падумаў бы, што чалавек звар’яцеў. А Сымон і блізкі быў да вар’яцтва. Ён не разумеў, што падказала яму рыцца ў саломе, якую сам складаў, але ён перавярнуў яе амаль усю. Перавярнуў і знайшоў цяжкі клунак. У нейкай стракатай паношанай посцілцы былі ўвязаны палотны і нейкія лахманы... Хто яму падсунуў гэты скарб і навошта? І што цяпер рабіць з гэтым дабром?

На дварэ ён трохі ахалодаў, выцер з ілба пот і замкнуў адрыну. Можа трэба ісці па дзесяцкага Мартыневіча, пазваць старасту, урадніка, расказаць ім пра ўсё, аддаць гэтую посцілку з чужым дабром, няхай знаходзяць гаспадара, каму яно належыць, або робяць што хочуць... Але ад гэтай думкі цёмна і холадна стала на душы. Ураднік!.. А Шымкевічавы хлопцы!.. Тут жа ўсё звяжацца ў адзін вузел. Ураднік падумае, што гэта Шымкевічы далі яму плату за гарэлку пры той сустрэчы. Усім жа вядома, што яны рабавалі людзей. Цяпер ужо не адгаворышся, што не сустракаўся з імі, хоць іх ужо няма жывых. Чорт ведае што... У Сымона закруцілася ў галаве і пацямнела ў вачах. Ён прыхінуўся да дзвярэй і пастаяў некалькі хвілін, нібы праваліўшыся ў бездань. «Ці сказаць пра гэта Аўдолі? — была першая думка.— Не... Растрывожыць жанчыну, адабраць спакой, калі ёй і без гэтага хапае... Божа мой, божа!..» Ён зайшоў у свіронак, забраў Андрэеву асьміну, якую перад гэтым склаў і ўставіў новае дно, і панёс яе да Андрэя.

Андрэй з Іванам былі ў дрывотніку, пілавалі дровы, якія ўчора прывезлі з Маргоў. Сымон павітаўся, паставіў асьміну ўгару дном і прысеў на яе.

— А я, прызнацца табе, і думаць пра яе забыў,— сказаў Андрэй.

— Яшчэ паслужыць... Адвячоркамі ды досвіткамі зрабіў.

Андрэй зірнуў на Сымона і зразумеў, што не асьміна прывяла яго сюды, а нешта больш важнае.

— Закурым, Сымон... А ты, Іван, схадзі ў хату, прынясі мой кашалёк.

— А дзе ён ляжыць?

— Пашукай.

Іван недаўменна зірнуў на Андрэя і зразумеў, што той адсылае яго ў хату знарок, мабыць, на гэта ёсць прычына. Ён паставіў ля козлаў пілу і пайшоў.

— Бяда прыйшла ў мой двор, Андрэй...— прамовіў Сымон, згортваючы папяросу.— І я не ведаю, адкуль яна прыйшла...

— Што ў цябе за бяда, Сымон?

— Скарб знайшоў у адрыне.

— Які скарб?

Андрэй без тлумачэння зразумеў, што Сымон знайшоў у сваёй адрыне такі самы скарб, які і ён знайшоў у сваім гумне. У галаве яго круцілася толькі адна думка: «Сказаць пра гэта Сымону ці не? Не. Не сказаць». Каб Сымон быў не так усхваляваны і растрывожаны, то па Андрэевым твары пазнаў бы, што нешта падобнае адбылося і ў яго. Але, сам непрытомны, ён нічога гэтага не бачыў. Ён пачаў расказваць, як заўважыў непарадак у адрыне і як знайшоў чужыя рэчы.

— Што гэта такое, Андрэй, і скажы, што мне цяпер рабіць? — закончыў ён свой расказ.

— Хіба ты не ведаеш, што Зялёнку абакралі? — запытаў Андрэй.

— Чаму ж не ведаю! Але ж пры чым тут Зялёнка?

— Табе падкінулі Зялёнкавы рэчы.

Сымон пабялеў.

— Зялёнкавы рэчы... Навошта? Хто мог мне іх падкінуць? — як не сваім голасам запытаў ён.

— Той, хто абакраў Зялёнку або прыняў ад зладзеяў крадзенае.

— Халуста...— ледзь чутна вымавіў Сымон.

— А хто ж больш! Хоча зрабіць цябе злодзеем.

Сымон сашчапіў рукі, і вочы яго заплюшчыліся.

— Божа мой, божа...

З-пад заплюшчаных яго павек пакаціліся слёзы.

— Не час цяпер плакаць, Сымон. Трэба нешта рабіць,— сказаў Андрэй і ўспомніў, што сам гатовы быў ад роспачы крычаць і біцца галавой аб сцяну, калі яму пра такую ж навіну сказаў Якаў.

— А што мне рабіць, Андрэй?

— Цяпер паўбяды ўжо. Дзякуй богу, што знайшоў. Прыбраць трэба. Звезці куды-небудзь, бо назад Халусту ты яго не адкінеш.

— Дзе ты бачыў!.. Як я адкіну?

— Ну дык завязі куды-небудзь у лес, у балота, к чорту ў лазу ды не траць дарма часу, а то яшчэ з вобыскам наляцяць. Пакуль што якое, у турме насядзішся, сям’я лясне...

— Як жа сярод белага дня?..

— Запражы кабылу ў развалкі, сенам закладзі той звязак і едзь, нібы ў Старочын. Заедзеш у Маргі, звярні ў роў ды там у рове і закапай у снег.

— А калі нарвецца хто?

— Пільнуйся. Ды хто там нарвецца! Нашы малінаўцы цяпер з засценка і носа не высоўваюць.

«Як добра і лёгка даваць парады,— думаў Андрэй.— А як прыйшлося на самога, дык ледзь розуму не страціў».

— А каб пачакаць вечара?

— Хіба ты ведаеш, што можа зрабіцца за дзень? Увечар, калі выедзеш з двара, то кожны, хто ўбачыць, падумае: «А куды гэта ён выбраўся на ноч гледзячы?»

— Твая праўда, Андрэй... От якая навала звалілася на мяне... Толькі ж ты, Андрэй... Я, мабыць, і роднаму брату так не паверыў бы, як табе...

Сымон доўга не марудзіў дома. Сказаў Аўдолі, што паедзе ў Старочын, і пачаў збірацца. Жанчына хвалявалася, адчувала, што нешта адбылося, і звязана гэта з адрынай, але колькі ні дапытвалася, ён ёй нічога не сказаў. Праз паўгадзіны Сымон выехаў са двара.

Не паспеў ён заехаць у Маргі, як каля Халуставага двара спыніўся вазок урадніка Беразоўскага. Дома ў Халусты, акрамя самога Яўхіма, нікога не было, бо Мікалай яшчэ не вярнуўся з Урэчча, а Юзік з Якавам кожны дзень ездзілі ў Крушнікі, і ніхто не прыйшоў адчыніць урадніку браму. Ён злез з вазка і пачаў стукаць у браму пугаўём. На ўраднікаў стук адказалі спачатку сабакі, потым пачуўся голас і самога Халусты:

— Каго там трасца нясе? Ліха ма-атары!..

— Гэта я, пане Халуста, Беразоўскі! — адразу азваўся ўраднік.

— А-а! Гэта вы, гаспадзін ураднік! Я зараз!

Ён нейкім сабачым голасам гыркнуў на сабак, і тыя мігам супакоіліся і зніклі, падтуліўшы хвасты, нібы іх і не было на двары. Абедзве палавіны брамы адчыніліся. Халуста ўзяў каня за аброць і далікатна павёў у двор.

— Ая-яй, які добры конік! Можа распрэгчы?

— Не, пане Халуста, я ненадоўга.

— То мо аўса?

— Не пашкодзіць.

Халуста праворна заскочыў у свіран, даў каню аўса.

— Зладзеі, ліха матары іх! Таго і замыкаюся і сабак трымаю,— апраўдваўся ён перад ураднікам.

Потым яны сядзелі за сталом адзін перад адным і гутарылі. Дома была толькі нямая служанка.

— Дык вы сцвярджаеце, пане Халуста, што Андрэй Сташэвіч мае нейкае дачыненне да крадзяжу ў Зялёнкі?

— Якое там дачыненне, гаспадзін ураднік! Гэта ж ён і абакраў!

— Ну, ведаеце... Па-мойму, Сташэвіч не злодзей. Зялёнку абакраў не адзін чалавек. Там была цэлая хэўра.

— То вы думаеце, што ў Сташэвіча хэўры няма? Уга! А парабак яго, тае Агапкі сык, Марціна Крываблоцкага пляменнік! А Сымон Ашакевіч, той самы злодзей, што з Шымкевічамі сустракаўся! Вы кажаце, не злодзей...

— Гэта не даказана, пане Халуста.

— Не даказана, але было! А чыжэвіцкія мужыкі!

Гэта ж усё Сташэвічава хэўра! Шэметы розныя ды Крываблоцкія!..

— Усё гэта, пане Халуста, не тое. Чым вы дакажаце, што Андрэй Сташэвіч з парабкам і Сымонам Ашакевічам абакралі Зялёнку?

— А вы пашукайце ў іх, гаспадзін ураднік! Пашукайце! Зрабіце ў іх вобыск!

— Зрабіць вобыск — гэта адна справа... Для гэтага патрэбны доказы. Андрэй Сташэвіч і Сымон Ашакевіч — дваране. Рабіць вобыск без доказаў — гэта аскарбленне дваранскага дастоінства, пане Халуста. І наогул...

— Дваране! Эх, гаспадзін ураднік! Усе яны, гэтыя засцянковыя дваране, зладзеі, жулікі і абармоты! Хіба я не ведаю! Адзін у аднаго крадуць. Вунь дзесяцкі наш Нічыпар Мартыневіч. Той нават у царкве крадзе.

— Зноў жа не тое, пане Халуста. За руку ніхто яго не ўзяў. А што адзін у аднаго крадуць, то ў кожнай вёсцы ёсць дробныя зладзеі. Украдзе на ніве сноп, пярэбірак канюшыны.

— Каб жа дробныя! Сташэвіч ды Ашакевіч не дробныя! Гэтыя снапоў красці не будуць, ліха матары іх!

Беразоўскі задумаўся. Ён быў упэўнены, што ні Андрэй Сташэвіч, ні Сымон Ашакевіч Зялёнку не абкрадвалі, але чаму Халуста так настойліва патрабуе ў іх вобыску? У чым тут прычына? Адкуль у Халусты такая ўпэўненасць? З’явіцца да Сташэвіча з вобыскам, абвінаваціць яго ў зладзействе! Гэта здавалася Беразоўскаму зусім неверагодным. Ён ведаў Андрэевага бацьку, ведаў трохі Андрэя, ва ўсякім разе чуў пра яго многа, але што ён крадзе — не чуў. Ведаў таксама, што калісьці Андрэй заляцаўся да яго жонкі, калі яна была дзяўчынай. Прыйсці да яго цяпер з вобыскам, абвінаваціць у зладзействе — ці не падобна гэта будзе на запозненую помсту! Ды наогул ён не верыў, што Сташэвіч і Ашакевіч зладзеі. Сам Халуста быў здольны на такія справы, ураднік гэта ведаў, і каб ён меў хоць маленькае паведамленне, то не міргнуўшы вокам зрабіў бы ў яго вобыск. Страшная асоба. Пачвара... Сёння ён не прытвараўся. Недайграў ці перайграў. Не зразумееш такога тыпуса.

А Халуста зразумеў, што думкі ўрадніка хіляцца не ў яго бок.

— Гаспадзін ураднік,— пачаў ён зноў.— Вы, як відаць, мне не верыце. Але ж цяпер вы самі гаспадар. От як пажывяце ў сяле, тады ўсіх сельскіх зладзеяў будзеце ведаць, як я ведаю засцянковых. Бо пажыў з імі. Ліха матары іх, усіх ведаю! От запытайцеся ў свайго цесця пана Арлоўскага! Ён вам скажа.

Беразоўскі маўчаў, схіліўшы галаву. Халуставы словы яго не краталі. «Мой цесць ды ты! — думаў ён.— Падобныя вы...» Думаў ён і пра вобыск у Сташэвіча і Ашакевіча. На гэта трэба было браць дазвол у Слуцку. Складаная справа...

— Цяпер, гаспадзін ураднік, газеты. Гэты ж Сташэвіч газеты атрымоўвае.

— Нікому не забаронена атрымоўваць і чытаць газеты, пане Халуста.

— Гледзячы як чытаць! Ён жа не адзін чытае! Збірае сяброў!

— Каго? — ажывіўся ўраднік.

— Дык от мой парабак Якаў Шэмет да яго ходзіць.

— Яшчэ хто?

— Яго парабак Іван Аўсянік.

— Яны жывуць у адной хаце.

— Сымон Ашакевіч.

— І Сымон Ашакевіч ходзіць да Андрэя Сташэвіча чытаць газеты?

— Ходзіць! Цэлыя ночы там праседжваюць! — не міргнуўшы вокам, салгаў Халуста.

І тут з усёй яскравасцю паўстала ў памяці Беразоўскага сустрэча з Ашакевічам у двары Арлоўскага, калі ён туды заехаў з маёнтка і першы раз пасватаўся да Адэлі. «Гэты шэльма — ураднік...» Чырвань заліла твар Беразоўскаму, загарэліся вочы. Ці не прыйшла пара адпомсціць! А можа ў іх знойдзецца забароненая літаратура!

— Значыць, ходзіць да Сташэвіча?

— А як жа! Іх, гаспадзін ураднік, вадой не разальеш!

— Аб гэтым вы павінны былі паведаміць мне раней! — Беразоўскі падняў палец і паківаў ім каля носа ў Халусты.— Вы далі падпіску. Не забывайце гэтага!

— А я, гаспадзін ураднік, сам толькі нядаўна пра гэта ўведаў, ліха матары іх!

«Эх, і прахвост жа ты, сукін сын, прахвост!» — падумаў Беразоўскі пра свайго агента.

— Добра, пане Халуста. З вашым папярэднім данясеннем пра Сташэвіча і Ашакевіча я з’езджу ў Слуцак, і тады мы ў іх зробім вобыск. Вось так...

— А ці скора гэта будзе, гаспадзін ураднік?

— Што?

— Вобыск. Бо яны, калі што маюць, то могуць збыць!

— Гэта будзе не раней як у панядзелак. Не раней.

— Яно каб раней, то лепш было б...

— Раней я не спраўлюся. А вы, пане Халуста, сачыце за падазронымі людзьмі і паведамляйце мне неадкладна. Можа з’явіцца які-небудзь чужы чалавек, сачыце, у каго ён будзе. І паведамляйце. Крамольнікі не спяць!

— Хі-хі-хі! Я не прапушчу, гаспадзін ураднік! Ліха матары іх!

Правёўшы ўрадніка, Халуста гатовы быў заліцца смехам ад радасці. «А-а! Ліха матары вашай! Я вам пакажу-у! Я вас навучу-у!»



РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ[правіць]

Гарбаты Ясь прыйшоў у млын задоўга да світання. Ён быў нечым узрушаны і вельмі нездаволены. Гэта адразу пазнаў Платон, якому ў тую ноч не давялося і вачэй звесці. Яшчэ звечара аканом паклікаў Гарбатага да сябе, і Платону прыйшлося астацца ў млыне за галоўнага. Думаў, што Гарбаты нядоўга затрымаецца, а ён прабыў там цэлую ноч. А можа і не там, можа спаў дома, аднак ад гэтага Платону не было лягчэй: ён страшна змарыўся, рукі не хацелі служыць пасля шасціпудовых мяхоў, зліпаліся павекі.

Гарбаты моўчкі сеў на запыленую лаўку і пачаў закурваць. Тады зацягнуўся, плюнуў і сказаў скрыпучым злым голасам:

— Бачыш, што ён надумаў, халера гэткая! Гэтакі ён разумны. У млыне дык работы няма, усё само робіцца... І мяхі самі высыпаюцца і насыпаюцца, і за вальцамі глядзець не трэба, і нехта за нас важыць і піша, а мы тут пануем.

— Пра каго гэта вы, дзядзька? — запытаў Платон.

— Пра аканома. Цябе на стайню забраць хоча, от што.

— А мне ўсё роўна.

— Дык ты яму так і скажы! — вызверыўся Ясь.— Бяжы ды прасіся: на стайню хачу! Там табе лёгка будзе! Вылежышся на саломцы!

— Няма ў маёнтку такой работы, каб ляжаць.

— То ж бо то! Асабліва цяпер. Дваццаць тры чалавекі, пане мой, на вайну пайшлі. На стайні палавіна работнікаў асталося, а коней хіба паменшала? А хто жарабца даглядаць будзе? Андрэя ж здалі ў салдаты. То табе гэтую халеру ён і хоча ўвапхнуць. «Платон Шабунь ест дужы»,— перадражніў Гарбаты аканома.— А хіба ў млыне можа ўправіцца слабы чалавек? З такімі мяхамі цэлы дзень... Я кажу: «Як хочаш, пане, а Платона я табе не аддам».

Гарбаты зірнуў на свайго памочніка так, нібы хацеў упэўніцца, што той яму вельмі ўдзячны, але ніякай удзячнасці не ўбачыў у Платонавых вачах. Ад гэтага ён ускіпеў.

— Ты думаеш, што на стайні будзе лягчэй! Не, пане мой, не лягчэй. Катарга там цяпер пачнецца, бо канюхі будуць і кароў даглядаць. Ну што, як цяпер, смачна?

— А чаму і кароў? — нібы нічога не ведаючы, запытаў Платон.

— Я ж табе кажу: парабкоў не хапае. Дваццаць трох чалавек у салдаты здалі, ды самую сілу, маладых спраўных, а хто астаўся? З малодшых ты ды Павел Квітун. То за цябе я заступіўся.— Гарбаты зноў зірнуў на Платона, чакаючы ўдзячнасці.— Пайшоў бы і ты!.. А Павел, то ён жа нейкі памочнік Вярбіцкага.

Гарбаты хлусіў: не заступаўся ён за Платона, ды і не мог заступіцца. Не такая прыкметная асоба быў Гарбаты, каб нехта прыслухоўваўся да яго слоў ці шукаў яго парады. І Платон ведаў гэта.

— І дзякуй нават не скажаш,— папракнуў Ясь.

— А мне ўсё роўна, дзядзька.

— Цьфу! От дурань дык дурань! Яму ўсё роўна — ці млын, ці стайня, маёнтак ці вайна! Тут хоць галава на плячах цэлая будзе, а там! Кажуць, што японцы здорава нашых б’юць,— дадаў ён паўшэптам.

— Не ведаю я пра гэта, дзядзька.

Гарбаты шматзначна ўсміхнуўся.

— Ён не ведае!.. Лепш за мяне ты ўсё ведаеш, хлопча... Дык от як лёгка будзе на стайні. А жарабец табе рукі абарве горш, чым мяхі. Звер! Хіба не бачыў, як Андрэй з ім валаводзіўся?

— То няхай пан аконам нойме парабкоў замест тых, што ў салдаты здалі.

— Нойме! А дзе ён іх схопіць? З сёл хіба не пабралі хлопцаў? Ды не вельмі ён хоча наймаць, мяркуе гэтымі абысціся.

— Не абыдзецца. Каго ён вясною на сяўбу адправіць?

— Знойдзе каго! Да таго часу бровар стане, дык ён усіх з бровара і дашле на поле. Ці мала іх там! Давядзецца і самому пану Вярбіцкаму за плугам пахадзіць.

«От якія ў вас планы»,— падумаў Платон і сказаў:

— Разумны пан аконам...

— Не дурны!

Тут д’ябальская ўсмешка скрывіла Ясеў твар.

— А ты шапні пра гэта Вярбіцкаму і Квітуну. Няхай ведаюць ды, як тады на бульбе... бунт узнімуць...

Вочы ў Платона бліснулі гневам. «Ах ты, малпа гарбатая! Вось з якога боку ты да мяне хочаш пад’ехаць! »

— Вы, дзядзька, не рабіце мяне дурнем. Можа б вы самі шапнулі пра гэта Вярбіцкаму, каб я паглядзеў, як ён вам у горб накладзе.

— От які ты мацыя! — са злосцю вымавіў Ясь.— У горб! Не кожны смаркач кранецца майго гарба!

Гэтая гаворка кончылася б сваркай, калі б у млын не заявіўся новы чалавек. У шапцы з казінай шкуры, у старым кажусе і новых лазовых лапцях каля дзвярэй стаяў Юрка Хмялеўскі. І Гарбаты і Платон зірнулі на яго са здзіўленнем, бо ніхто ў такую раннюю пару не чакаў у млыне чужога чалавека, тым болей Юркі Хмялеўскага.

— Ты што ж,— мабыць, прывёз сваю пашню малоць у наш млын? То табе ж у Старочын бліжэй! — бліснуўшы вачыма, з насмешкай запытаў Гарбаты.

— Не здзекуйцеся, дзядзька... Дзе вы бачылі! Якая ў мяне пашня... Яе ўсю ў жорнах рукамі перакруціш...

— Я не здзекуюся... Але нешта ты вельмі ранні.

— А ў мяне цяпер усё роўна, што дзень, што ноч... Чарната адна наўкола, цемра ды бяда!..

— Ведаю, чуў... Уходаў-такі цябе Халуста з Ножыкам ды...

— Ды ўжо дагаворвайце, бо я і сам ведаю, што

без пана аконама тут не абышлося... Што я зраблю!..

— То куды ты едзеш так рана?

— От сюды прыехаў, у маёнтак... Да пана аконама... Спіць ён яшчэ, то я ў млын зайшоў...

— То сядзь пасядзі. Раскажы, як вы цяпер там, на хутары.

— Жыву пакуль што, бо няма дзе дзявацца... Пільную Халуставы будынкі. Кажа: «Арандуй мой хутар...» Начорта мне! Глядзець ні на што не магу, усё так збрыдзела... Хачу ў маёнтак наняцца, можа пан аконам возьме.

— А, мабыць, такі і возьме! — падхапіўся Ясь.— Чаму не возьме! Парабкоў не хапае, а цябе ён ведае. От і ў млын чалавек трэба. Ды і жонка твая работніца: ці каля свіней, ці каля кароў.

Гарбаты сказаў гэта больш для Платона, чым для Юркі, бо ў яго ўжо з’явілася думка адправіць свайго памочніка на стайню, а на яго месца ўзяць Хмялеўскага, як толькі той уладкуецца ў маёнтку. Платон гэта зразумеў.

— Каб даў мне бог скарэй выбрацца адтуль, бо не вытрываю я... Калі падумаю, што ўсё было маё, а цяпер нічога майго няма, то валасы на сабе рваў бы. Можа б вы, дзядзька, закінулі за мяне слова аконаму?

— Чаму я не закіну, каб ён мяне паслухаў. Пасядзі, пакуль ён устане.

Платон глядзеў на гэтага вялікага, дужага чалавека, які выглядаў так бездапаможна і няўпэўнена, нібы дзіця, якое толькі пачало хадзіць, і гнеў на Гарбатага запаланіў яго душу. Даўно ён ведаў Юрку Хмялеўскага — працаўніка і гаротніка, якога і тут, у маёнтку, папіхалі хто куды хацеў. Што ж за дзіва, што там, на хутары, астаўшыся адзін, ён не змог абараніцца ад такіх ваўкоў, як Халуста, Ножык і Гендарсан! Вось і цяпер ён ужо шукае дапамогі, нейкай апоры, і ў каго? У такога самага ваўка — Гарбатага. І крыўдна яму стала за гэтага няшчаснага. Хацелася сказаць яму: «Дурань! Ідзі да аконама, ён цябе і без Гарбатага прыме!» Але ці паможаш яму гэтым? Можа толькі напсуеш.

— Я, дзядзька, пайду трохі пасплю,— сказаў Платон Гарбатаму.

— Ідзі. Толькі не вельмі там вылежвайся. Не такі цяпер час, каб падоўгу спаць.

Шэры і вельмі непрыветны здаваўся маёнтак перад раніцай. Маўклівыя панурыя камяніцы з маленькімі вокнамі, у якіх блішчала жоўтае сумнае святло ад газовак, стаялі як злавесныя здані. У доўгіх нізкіх аборах для кароў і свіней у адчыненых дзвярах таксама мітусілася жоўтае скупое святло ад ліхтароў. Парабкі і парабчанкі пачалі карміць панскую худобу. Але не чуваць было ні аднаго жывога гуку, бадзёрага голасу, вясёлага смеху. Катарга... Самая сапраўдная катарга. І гэта стала прыметна асабліва цяпер, калі амаль уся моладзь пайшла на вайну. Маёнтак апусцеў.

Толькі каля стайні пачуў Платон моцную гаворку, якая нагадвала сварку. Платон спыніўся.

— Не, пане аконам, так не будзе. Я ўжо сваё адрабіў. Не ў мае гады з коньмі важдацца, няхай яны падохнуць.

— Як гэта ест: няхай падохнуць? Панскія коні, іх трэба даглядайт!

— Ну, дык і даглядай іх сам, пане аконам.

«Ага! — зразумеў Платон.— Кірыла Верабей сварыцца з Гендарсанам. Значыць, прыперла аконаму, калі старога вартаўніка прымушае працаваць на стайні».

— Як гэта сам! — крычаў Гендарсан.— А ты — як гэта? — дармаед! Ты ест дармаед!

— Не, пане аконам. Гэта ты дармаед, а не я. Я больш за паўсотню гадоў рабіў у маёнтку. І жыццё і здароўе палажыў тут. А ты, пане аконам, у маёнтку сённяшні. А заўтрашні можа і не будзеш.

— Ты мне пагражайт! Гэта ест бунт!

— Не палохай мяне бунтам, пане аконам. Я не баюся ніякіх бунтаў. Праз акно ад баб уцякаць не буду.

Платон засмяяўся. «Смелы ж ты, дзядзька Кірыла!» — падумаў ён.

Аканом пачаў лаяцца па-беларуску і па-нямецку, і хоць крычаў ён моцна, але ў голасе яго не было тае ўпэўненасці, якая гучала ў пачатку гаворкі.

— От на тым і кончым, пане аконам,— сказаў Кірыла.

Гендарсан плюнуў і пабег у кароўнік. Тады Платон падышоў да старога вартаўніка.

— Чаго гэта вы не падзялілі з панам аканомам? — запытаў ён.

— Не падзялілі!.. А што мне з ім дзяліць! Прыбег, як шалёны, і на стайню мяне гоніць, жарабца даглядаць. Гэта ў мае гады! Ну, я і адправіў яго к чорту. То ён сказаў, што паставіць мяне канюхом, каб я нараўне з маладымі на стайні рабіў. Ёсць на свеце праўда? Каб па-людску жылося, то мне ўжо на печы трэба ляжаць, косці выграваць, а то ж няма за кім... Адзін на свеце... Так і здохнеш тут, як сабака, у гэтай будцы. Выцягнуць за ногі, як падлу, закапаюць, і як на свеце не жыў.

Стары плюнуў.

— Дажыўся... Хоць у пятлю лезь.

— Ну, не, дзядзька! Калі каго і трэба ў пятлю, то не нашага брата. Нам і на гэтым свеце пятля.

— Ага!

Стары падышоў да Платона, схіліўся над яго вухам і злосна зашаптаў сіплым старэчым голасам:

— То чаму вы маўчыце, чаго чакаеце? На вас спадзяёмся, на маладзейшых, а вы...

— Хто гэта спадзяецца, дзядзька? — адхіснуўшыся ад нечаканасці, запытаў Платон.

— Я... Увосень жа маглі!

— То тады ж бабы...

— Эх ты! Бабы!.. Бабы і ёсць...

Кірыла Верабей адвярнуўся і, сагнуўшыся, па-старэчы, пайшоў у старажоўку.

Платон адчуў, што стома яго знікла і санлівасць прайшла. Значыць, людзі ведаюць, што ў маёнтку ёсць сіла, якая можа стаць у іх абарону. Можа не ведаюць, а толькі здагадваюцца. Чаму яны не маглі здагадацца! Хіба не дапытваў ураднік Станіслава і Паўла, не рабіў у іх вобыску, не ператрос заадно і яго, Платонаў, куфэрак? Хіба Станіслаў і Павел не былі ў канторы тады, як аканом уцёк праз акно! Людзей нельга ашукаць, яны з драбніц складаюць цэлае, хоць і не зусім такое, якое было ў сапраўднасці, але вельмі падобнае. А цяпер, калі прыйшоў цяжкі час, людзі спадзяюцца на іх, чакаюць іх дапамогі. Дык пара ж нешта рабіць! Ці недарэмна марудзіць Станіслаў?! Чаго ён чакае? І Якава Шэмета даўно не было ў маёнтку. І тут Платон успомніў д’ябальскую ўсмешку Гарбатага і яго словы: «А ты шапні Вярбіцкаму і Квітуну... Ды як тады на бульбе... Бунт узнімуць». Гэты вораг страшнейшы за Гендарсана і хітрэйшы. Гендарсан наўрад ці пра нешта здагадваецца, а гэты злодзей ведае, адкуль дзьме вецер. А хіба Гарбаты не мог сказаць Гендарсану? Ад гэтай думкі Платону стала горача. Не, адпачываць цяпер нельга. Трэба ісці ў бровар да хлопцаў. Платон ведаў, што яны ўжо там.


Гендарсан думаў. І думаць было пра што. Дагэтуль работа ў маёнтку ішла зладжана, без перабояў: так ідзе добры гадзіннік, які толькі трэба завесці ў свой час. А цяпер усё зблыталася, зламалася. Гадзіннік, здаецца, і цікае, але час паказвае няправільна. У бровары і ў млыне ўсё яшчэ ў парадку, а на стайні, у кароўніку і ў свінарніку не хапае работнікаў. Тых самых частак, якія сапсавалі ход гадзінніка. Моцна ўдарыла вайна па ўсіх планах аканома. А што будзе вясной, якая ўжо не за гарамі? На вайну пайшлі аратыя, сяўцы, касцы, малацьбіты — галоўныя рабочыя, без якіх вясной не абыдзешся. У аканома быў свой план, пра які ён расказаў Гарбатаму, а той Платону, але плана гэтага Гарбаты не ўхваліў, ды і сам аканом не быў упэўнены, што яму ўдасца яго здзейсніць. Ён помніў восень і баяўся, што нешта падобнае можа адбыцца і вясной. Але паспрабаваць трэба...

Калі ён ускочыў у парылку, свінаркі пачалі ўжо карміць свіней. Першую ён убачыў Любу, якая стаяла пры вялізных катлах. Люба павінна была неўзабаве раджаць. Сяброўкі бачылі гэта і бераглі яе. Яны не дазвалялі ёй насіць у запарнікі бульбу, ваду, цяжкія вёдры з паранкай. Яна павінна была пільнаваць катлоў, падкладваць пад іх дровы, каб не звёўся агонь, мяшаць паранку, каб не прыгарала знізу. Гендарсан і застаў яе пры катлах адну.

— Што гэта ест? — закрычаў ён.— А дзе астатнія сукіны доч?

Люба наогул была ціхая і баязлівая, а цяпер, сустрэўшыся з аканомам адно на адно, яна зусім разгубілася і нічога не адказала. Аканом, мабыць, і не чакаў адказу. Ён прабег па парылцы, спыніўся ля аднаго катла, падняў бляшанае века і, сагнуўшыся, панюхаў смярдзючую пару. Твар яго зморшчыўся.

— Што тут ест? Што вы парыль? Гэта ест атрута для швіня!

— Тут, пане, бульба, мякіна ды вобмешка,— нясмела адказала Люба.— І брага з бровара...

— Брага? А чаму ваняйт?

— Таму і ваняе, што брага... Ды бульба трохі падмерзла...

Аканом доўгім цікаўным позіркам акінуў маладую жанчыну. Яна даўно яму падабалася. Каб ён быў больш уважлівы, то ўбачыў бы, што яна цяжарная, хоць шырокая даўгаватая світка і хавала яе постаць.

— Хм,— хмыкнуў аканом і задумаўся. Не, не такі быў час, каб займацца непатрэбнымі штукамі. Аднак ён зрабіў крок да Любы і пагладзіў яе па плячы. Бедная жанчына гатова была заплакаць.

— Гут,— прамовіў аканом.— А дзе ест астатні?

— Свіней кормяць.

У гэты час з пустымі вёдрамі ўвайшлі ў парылку свінаркі. Яны ўжо трохі чулі пра аканомавы планы і зразумелі, што прыйшоў ён сёння да іх не з дабром.

Калі аканом зірнуў на іх суровыя твары, то адразу ўспомніў восень, і запал яго знік.

— Жанчын! — сказаў ён.— Канчайт карміт швіня. Пара... Вы позна спіт... Трэба карміт карова!

Парабчанкі добра разумелі яго гаворку, якая недарэчная яна ні была.

— Дакуль гэта будзе, пане аканом? — абурана загаварыла прыгожая жанчына, апранутая лепш за астатніх.— Як гэта карміць кароў? Дзве работы рабіць? Спачатку накарміць свіней, тады ісці карміць кароў? Ад поўначы да поўначы ў панскіх аборах? А калі спаць, даглядаць дзяцей? А адпачыць хіба не трэба?

Гендарсан не верыў сваім вачам. Жонка Станіслава Вярбіцкага ў свінарніку?! Хіба яна свінарка?

— Э-э, пані Вярбіцкі... Чаму ві тут? Ві ест жонка механіка.

— Дык што? Памагаю жанчынам. І ніякая я не пані, гэта ваша жонка пані. А тут столькі работы, што дыхнуць людзям некалі. А вы іх яшчэ ў кароўнік гоніце.

І тут нібы маланка асвяціла аканомаў розум. Ён раптам успомніў, што ўвосень, калі ўзбунтаваліся бабы, жонка Вярбіцкага выбірала бульбу, а сам Вярбіцкі прыходзіў атрымліваць за яе грошы. Яму здалося, што ён усё зразумеў.

— Вон, доннэрветтэр! — закрычаў ён і затупаў нагамі.— Вон! Ты не ест работніца! Ты ест бунтавец!

Ён крычаў, але разумеў, што справа яго не выгарала, што не прымусіць ён ні парабчанак, ні парабкоў рабіць за дваіх. І ніхто яму не паможа зрабіць гэта, бо нават Гарбаты адмовіўся. Але ён крычаў і лаяўся, тупаў нагамі і махаў кулакамі.

— Жанкі, выкінем яго на двор! — прамовіла свінарка Акуліна, жонка канюха Андрэя, які даглядаў жарабца. Канюх таксама пайшоў на вайну, пакінуўшы жонку з трыма малымі дзецьмі.

Гендарсан не стаў чакаць, пакуль яго выкінуць. Ён як куля вылецеў з парылкі, калі ўбачыў, што жанчыны пачалі на яго наступаць, і ледзь не збіў з ног Кірылу Вераб’я, які ішоў у бровар, каб параіцца з Вярбіцкім.

У бровары тым часам ішла кароткая нарада.

— Што будзем рабіць, хлопцы? — запытаў Платон.

— А як думаеш ты? — пацікавіўся Станіслаў.

— Што я думаю? Тушыць у маёнтку ўсе агні.

Станіслаў паківаў галавой.

— Рана, Платон.

— А калі Гендарсан прымусіць жанок са свінарніка рабіць і ў кароўніку? Хіба гэта можна дазволіць?

— Нельга. І ён не прымусіць. З канюхамі гаварыў Павел, а ў свінарніку мая Ядвіга. Гендарсан будзе шукаць работнікаў. Ты казаў, што ў маёнтак прыехаў Юрка Хмялеўскі. Гендарсан яго возьме з радасцю. Рана яшчэ тушыць усе агні ў маёнтку, Платон. І калі табе намякнуў Гарбаты, што гатовы ад цябе збавіцца, кідай млын. Ты нам будзеш больш патрэбны сярод простых парабкаў.

У гэты час адчыніліся дзверы, і ў памяшканне зайшоў Кірыла Верабей, ледзь трымаючыся, каб не зарагатаць.

— Ну і ляцеў аконам з парылкі, ха-ха-ха! — рагатаў ён.— Я думаў, што ім адтуль стрэлілі!

— Так і з конскай аборы паляціць,— сказаў Павел.



РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ[правіць]

Лісавета не разумела, што з ёю робіцца ў апошні час. Што з ёю робіцца?..

Яна ўжо не адчувала сябе дзяўчынкай, як раней. Цяжка жылося, але яна радавалася жыццю, якое яно ні было. Ні работа, ні клопаты — нішто не замінала. Ва ўсім знаходзілася нешта добрае, лёгкае, кавалачак шчасця, дробнай, але непаўторнай радасці.

Не хацелася раніцай уставаць, але ўяўляўся будучы дзень з усімі яго трывогамі, такі самы дзень, як і ўсе, але ўсё ж такі трохі іншы, і сон знікаў, яна бадзёра ўскоквала з ложка, запальвала газоўку і бралася за звычайную ранішнюю работу.

А цяпер?..

А цяпер ёй хацелася ніколі не прачынацца...

Бывала, калі надыходзіла вясна, нешта новае, незразумелае, але да болю салодкае і радаснае нараджалася ў грудзях. Радасна было, што даўжэюць дні, што са стрэх льецца капеж; што вечарамі пад тымі ж самымі стрэхамі растуць доўгія ледзячкі, а раніцамі, калі ўгрэе сонца і адваліцца мароз, яны пачынаюць плакаць і са звонам ляцяць на дол... Усё было радаснае ў тыя дні...

А цяпер?..

Зноў надыходзіла вясна, веялі вільготныя вятры, няслі цяпло. А Лісавеце здавалася, што ўсё гэта не для яе...

Дзятвы нельга было дазвацца ў хату; забывалі пра яду, пра хатнюю работу; да позняй ночы не браў іх сон. Наставілі снежных баб цэлую вуліцу, каля кожнага двара. У праезджых пужаліся коні. Дзіва што! Гэтулькі ідалаў у засценку. Не толькі Алеся, нават Адама як хто падмяніў. Прыходзілі дамоў мокрыя, асклелыя, а ў вачах столькі бадзёрасці і весялосці! У мінулыя гады ў такую самую пару і Лісавета забывала, што яна гаспадыня ў хаце. Хоць ка некалькі хвілін выскоквала на вуліцу, качала снежныя камы, гуляла ў снежкі. Было, што і пападала ад вулічных падшывальцаў, хавалася ў хату, каб вытрасці з-за шыі снег. Бацька жартаваў:

— Ну што? Занялася з малымі? Сама як маленькая.

Смешны тата! Ён лічыў яе дарослай... Балюча было ўспамінаць пра гэта цяпер, калі Лісавета адчула сябе і сапраўды дарослай... Божа мой! Хіба толькі дарослай!.. Сэрца сціскалася ад болю і жалю. Не!.. Сапраўднай вясны яна ўжо не прычакае і ніколі не ўбачыць...

Позна ўвечары, калі мужчыны спалі, а на дварэ стаяла цемра і скавытаў вецер, Лісавета пакідала прасці, праходзіла каля ложкаў, углядалася ў твары сонных хлопцаў, якім яна замяняла маці, спынялася каля таты, старога, змарнелага, якога і ў сне не пакідалі клопаты, і жаль гарачай хваляй уздымаўся ў яе грудзях. Нешта падсвядомае падказвала ёй, што скора яна навек разлучыцца з імі; што надыходзіць страшны час, які нясе яе сям’і нясцерпнае, несуцешнае гора; што гэты час надыходзіць праз яе, праз яе дурнату, праз яе беклапотнасць...

Ой, ці бесклапотнасць!

Што яна магла зрабіць сама з сабою — маленькая дзяўчынка са сваім вялікім каханнем? Яна не магла супрацівіцца яму, не магла сябе абараніць.

І ніхто не мог суцешыць яе, сказаць ласкавае слова... Ды каму яна прызналася б у тым, што з ёю зрабілася?

Каму?

Можа толькі яму... Мікалаю...

Не, і яму не прызналася б...

Ніколі...

Але пабачыць яго хацелася. Зірнуць на яго. Сказаць яму...

Што сказаць?!

Што любіць яго, нягледзячы ні на што?..

Як даўно яна не бачыла яго! Калі кончылі вазіць сена з Волі, кончыліся і іх сустрэчы. Бацька і Адам кожны дзень цяпер былі дома. Мікалай не мог прыйсці ўпотай, як прыходзіў раней. Хіба пусціў бы яго бацька ў хату? Асабліва цяпер, калі стары Халуста абрабаваў Хмялеўскага. А цяпер вялікі пост, кончыліся вячоркі. Дзяўчаты сядзелі дома, рыхтавалі кросны. Рыхтавала і Лісавета. Трэба было да вясны саткаць усё тое, што было спрадзена за зіму, каб не стаялі ў хаце кросны, каб не заміналі, калі растане снег і вясна пакліча ўсіх на поле і ў агароды. Бо які гэта сорам жанкам, калі кросны занялі хату ў той час, як трэба не ткаць, а бяліць палотны.

Ох, жыццё, жыццё... Горкае, сірочае...

А яшчэ ж людзі не ведаюць. Але ці доўга так будзе! Хіба можна схаваць тое, што само сябе пакажа?

Хоць бы ўгледзець Мікалая... Лісавета верыла, што калі хто і паможа ёй, то толькі ён. Абы ён захацеў...

Мікалай цяпер кожны дзень у кузні. Сяляне рыхтаваліся да вясны: ладзілі калёсы, плугі, бароны. У кузні было завозна, ад раніцы да вечара каля яе стаялі фурманкі. Лісавета іншы раз выходзіла на двор і слухала, як з кузні разносіцца па ўсім засценку звон малатоў. Уяўляла Мікалая, такога дужага і мужнага з молатам у руцэ. Ён, крыху сагнуўшыся, стаяў пры кавадле і каваў. Ад жалеза ляцелі гарачыя пырскі. Як гэта прыгожа і страшна!..

І ўспомніла Лісавета, як яшчэ дзяўчынкай, гадоў пяць ці шэсць назад, яна разам з аднагодкамі зазірнула ў кузню. Тады кузня была навіной, як цяпер малатарня. Халусты нядаўна прыехалі ў засценак і перш-наперш пабудавалі кузню. Некаторыя радаваліся: «Свая кузня ў засценку! Не трэба ехаць у Чыжэвічы з кожнай драбязой». А ўся дзятва хадзіла тады глядзець на гэтае дзіва. Лісавета не магла астацца збоку. Маці была жыва, і часу дзяўчынцы хапала. І тады каваў Мікалай, але які страшны ён паказаўся ёй! Вусаты, як і цяпер, чорны ад сажы, толькі вочы блішчаць, у скураным фартуху, ён быў падобны на д’ябла. Ніхто з малых не асмельваўся зайсці ў кузню, усіх апаноўваў нейкі страх. Тапталіся каля парога, цераз галовы адзін аднаго глядзелі ў гэтае вогненнае пекла. Такое ўражанне ад кузні было не ў адной Лісаветы.

— Гэй! Бізуняты! Пайшлі вон! — крычаў Мікалай.

Усе кідаліся ад кузні ўроссып, але скора зноў вярталіся назад: цікаўнасць брала верх над страхам.

— Я вам дам, шмаравозы!

Мікалай выхопліваў з горна распаленае жалеза і кідаўся да дзвярэй. Тут, вядома, былі не жарты, трэба было ратавацца. Адбегшыся далей, хлапчукі крычалі:

— Халуста-капуста, Шымкевіча з’еў і не патаўсцеў!

Прыгаворка складвалася экспромтам, таму была не вельмі складная, але Мікалая яна даводзіла ледзь не да шаленства. Ён вылятаў з кузні раз’юшаны, але не мог злавіць каго-небудзь. Малыя разбягаліся.

Лісавета ўсміхнулася, успомніўшы гэта. Ці магла яна думаць тады, што гэты самы Мікалай, які быў падобны на д’ябла ў пекле, стане ёй такі дарагі, такі патрэбны і неабходны? Але чаму ён не знойдзе выпадку пабачыцца з ёю?! Мог бы, каб хацеў... Яшчэ як мог...


Санная дарога пачала раскідацца. Стары Талімон надумаў з’ездзіць у Маргі. Трэба было сабраць галля ды ламачча, прывезці дамоў пару вазкоў, каб улетку не паліць добрых дроў. Улетку не патрэбен добры апал, абы зварыць якую страву. Меркаваў узяць з сабой толькі Адама, дык прывязаўся і Алесь.

— Та-а-та! Вазьміце і мяне-е... І я нейкую ламачыну прынясу-у. Адам і на Волю ездзіў, і ўсюды...

Пасля смерці жонкі Талімон адчуў нейкую хваравітую жаласць да дзяцей. «Сіраты... Усё роўна ж сіраты, без маткі»,— думаў ён.

— Збірайся.

Алесь аж падскочыў ад радасці.

Выехалі рана, да ўсходу сонца.

Лісавета кончыла паліць у печы, прыбрала ў хаце і села пры акне. Пуста і цёмна было ў яе душы. Рабіць нічога не хацелася. Не так, як у мінулыя разы, калі ўсякая работа гарэла ў руках. Адзінота... Такая страшная адзінота, што хоць бяжы ў белы свет. Няхай бы Алесь быў дома, можа не такая чарната запаланяла б душу. Нікога з чужых не хацелася бачыць. Лісавета баялася, што да яе прыйдзе Сташэвічава Алена. Сёння яна не магла б гаварыць з Аленай так, як заўсёды. Яна баялася б зірнуць ёй у вочы. А тая пачала б распытваць: а што з табою, а чаму ты такая? Добра гэтай Алене... Юзік баіцца яе, дагаджае... Яна з гэтага Юзіка ледзь вяровак не ўе.

Калі каго і хацела пабачыць Лісавета, то толькі Мікалая. Расказала б яму, якая бяда напаткала яе. Ох, божа мой, божа!.. І куды ўцячы ад гэтай бяды, дзе падзець сваё гора?

Раптам у сенцах стукнулі дзверы. Сэрца ў Лісаветы сціснулася, і млявасць пацякла ад грудзей да ног. Пацямнела ў вачах, і яна заплюшчыла іх. Здаецца, на нейкае імгненне правалілася ў бездань.

Калі расплюшчыла вочы, то ўбачыла, што каля парога стаіць Мікалай і ўсміхаецца.

— Што, заснула? Мабыць, рана ўстаеш, сну не хапае? — запытаў ён, падыходзячы да яе.

— Ах, Мікалай... Гэта ты...

— Я! Хіба са сну не бачыш? Ах ты, дурненькая! — ён сеў поруч і абняў яе за плечы.

— Не чапай ты мяне, Мікалай! — ледзь не крыкнула яна спалоханым голасам.

— Чаму? — засмяяўся ён.— Зліняеш?

Яшчэ нядаўна ёй хацелася сустрэцца з Мікалаем, а цяпер яна спалохалася, калі ўбачыла яго. Ён цяпер паказаўся ёй не такі, які быў раней. Тады ён адразу не ўзяў бы яе за плечы, не засмяяўся б так нахабна. Ён тады шанаваў і шкадаваў яе. А цяпер!.. Цяпер ён адчуваў сябе так, нібы яна ўжо належыць яму. І гэта было так прыметна і па яго твары, і па постаці, і па ўсіх яго рухах. Лісавеце стала страшна. Ён цяпер нагадваў драпежніка — лютага, няўмольнага, які нікога і нічога не баіцца.

— Пусці, Мікалай...

— Ну... Што гэта з табой стала?

— Нічога не стала, але пусці... Людзі прыйдуць...

— Хто прыйдзе? — запытаў Мікалай і прыбраў рукі.— Чакаеш некага? Можа тую пранцаватую Аленку?

Некалькі хвілін назад так хацелася Лісавеце расказаць Мікалаю пра ўсё, пачуць ад яго словы суцяшэння, а цяпер усё знікла. І яна адчула, што гіне, што яна пад яго ўладай і што прыйшоў ён не суцяшаць яе. Не, не суцяшаць...

Толькі рукі на сябе налажыць, от што асталося.

Яна ўстала, падышла да печы, адкрыла яе і пачала перастаўляць гаршкі.

— От якая ты,— дакараў Мікалай.— Столькі часу не бачыліся, а ты і гаварыць са мной не хочаш. А я гэтулькі чакаў, калі ты астанешся адна дома. Ледзь дачакаўся. Лёгка мне было?

Лісавета ведала, што ўсё гэта мана, што ён прытвараецца, але чуць гэтыя словы было прыемна.

— А сёння бачу: паехаў Талімон у Маргі разам са сваімі падшывальцамі,— гаворыць далей Мікалай.— Ну, думаю, прыйшла мая пара — і адразу сюды.

Лісавета не адказала.

— Ну, чаму ты маўчыш? Ідзі, цукерак дам.

— Не трэба мне твае цукеркі...

— От дурная! А што табе трэба?

— Нічога ўжо не трэба, Мікалай...

— Ага-а! Значыць, у цябе ўжо другі знайшоўся!

Словы гэтыя апалілі Лісавету як агнём. Як ён смее так думаць! Але хіба ён пра гэта думае! Ён проста гаворыць, каб падражніць яе. І сэрца яе заныла. Ёй хацелася крыкнуць, што ў яе і сапраўды ёсць другі, што ён расце ў ёй самой, што жыццё яе загублена. Але яна толькі ціха вымавіла:

— Ёсць, Мікалай... Ёсць ужо другі...

— Што ты сказала?

Мікалай не зразумеў яе намёку, але адчуў, што тут нешта не так проста, што з дзяўчынай нешта творыцца.

— Дык хто ж у цябе ёсць? — запытаў ён з абыякавым выглядам.— Тамаш на вайне, хто ж другі знайшоўся?

— О, каб Тамаш!

Гэты напамінак пра Тамаша канчаткова змяніў Лісавеціну душу. Хіба так было б, каб на месцы Мікалая быў Тамаш! І Лісавета выпусціла з рук засланку, якой хацела зачыніць печ, і зарыдала. Засланка са звонам грукнулася аб падлогу. Лісавета і сама асунулася б на дол, каб Мікалай не падхапіў яе. Ён ураз апынуўся каля печы, узяў Лісавету на рукі, занёс на ложак і пачаў песціць.

— Ну, дурненькая, ну што з табой? Хіба я цябе пакрыўдзіў? Я ж цябе люблю.

Ён цалаваў яе мокры ад слёз твар, які яна закрывала рукамі, цалаваў рукі і горача шаптаў:

— Харошанькая мая дзяўчынка, я ж цябе люблю, хіба ты не бачыш! А што доўга не быў, то хіба я вінаваты? Не любіць мяне твой бацька, а справы, каб зайсці да яго, няма. А сёння бачу: паехалі. Я нават кузню замкнуў, а ў мяне завозу поўна. Загрызе бацька! Я цябе ніколі не кіну, Лісаветка.

Ад яго слоў цяплела Лісавеціна сэрца. Раней ён так ніколі не гаварыў і не цалаваў так горача. Вусы яго калоліся, з рота смярдзела тытунём і гарэлкай, але Лісавета не прымячала гэтага: яна прывыкла да Мікалая, ад яго заўсёды так пахла. Яна думала, што ўсе мужчыны такія.

— Ну от бачыш, дурненькая! А ты надумала плакаць і млець. Нашто гэта, га?

— Хіба я надумала, Мікалай?..

— Ну дык чаго ж ты?

— Каб ты ведаў, як мне цяжка...

— Чаму ж я не ведаю. Ты падумала, што я цябе кінуў. Вядома, гэтулькі часу не бачыліся. Але ж хіба гэта мая віна? Я ж табе казаў, чаму не быў.

Ён высыпаў на падушку жменю цукерак, а сам пачаў закурваць.

— Еш, дурненькая, ды не думай ні пра што благое. Я цябе ніколі не кіну. От кончыцца пост, і пасля вялікадня пажэнімся. Забяру ў бацькі паўвалокі, аддзелімся. Грошы я маю і без бацькавых. Раз-два — і гатова, будынкі адразу пастаўлю.

Ён хваліўся, і Лісавецін твар святлеў пасля кожнага яго слова. Яна верыла яму і не верыла...

І ўсё роўна ён быў ёй любы...

Праз гадзіну Мікалай пачаў збірацца дамоў.

— А цяпер я пайду, Лісаветка. Трэба кузню адчыняць, а то бацька там звар’яцее. Ды і твае павінны скора прыехаць з Маргоў. А ты вечарам, як добра сцямнее, падыдзі да гумна. Як добра сцямнее, чуеш? Я цябе буду чакаць.

Лісавета ляжала як аплёваная. Стамленне ахапіла ўсё цела; думаць яна не магла, толькі адчувала, што цяпер ужо канчаткова загінула і выратаваць яе няма каму.

— Паперкі ад цукерак спалі, а то яшчэ бацька запытае, адкуль яны. Спалі, Лісаветка.

Ён надзеў шапку і, нават не зірнуўшы на Лісавету, павольна выйшаў з хаты.

Толькі цяпер Лісавета зразумела ўсё. Дык вось чаго ён прыходзіў. Ён не шкадуе яе сіроцтва, яе горкай маладосці, не думае пра яе бяду. Ён бярэ, што яму трэба, і ўцякае, як злодзей, нават не азірнуўшыся. Плакаць яна ўжо не магла. Усярэдзіне ўсё ссохла. Яна стала ненавісная сама сабе. Села на ложак, апусцелымі вачыма агледзела хату, але нічога не ўбачыла. Нібы аслепла... «Мама, мама! От што зрабілася з тваёй дачкой... А перад смерцю ты казала ей, каб даглядала брацікаў і татку. От як яна дагледзела іх... Яна сама сябе не магла дагледзець... Што ж мне цяпер рабіць, мамка, што рабіць? Навучы дурную дачку... Навучы, бо яна ўжо не ведае, як далей жыць, што рабіць... Гіне твая дачка, мамка, і няма ёй ратунку...»

Лісавета ўстала з ложка, падышла да кута, дзе віселі іконы, стала на калені і пачала маліцца. Малілася горача і доўга, не чула, што адранцвелі калені, але малітвы не прыносілі супакаення.

На дварэ тым часам неба ачысцілася ад хмар і зіхацела сонца. Яно праз вокны шырокімі палосамі цякло ў хату, і ў праменнях яго плаваў пыл. Са стрэх лілося цурком; такога капяжу не было яшчэ ў гэтым годзе. А на шыбе поўзаў матыль з цёмна-жоўтымі крыламі, аздобленымі буйнымі чорнымі кропачкамі. Адкуль узяўся гэты матыль, якому хацелася на волю, на сонца, каб распрастаць крылы і паляцець? Ён думаў, што на дварэ ўжо сапраўдная вясна, цёплае паветра, кветкі і зелень. Ён злаваўся на празрыстую цвердзь, праз якую ўсё відно, але ў белы свет яна не пускае.

Адкуль узяўся гэты матыль?..



РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ[правіць]

Талімон з сынамі вёз з Маргоў дровы. Удзень стала яшчэ цяплей. Дарога была мяккая, каня не падгоніш. Няхай паўзе памалу, спяшаць няма куды. Сам бацька з Адамам ішлі ззаду, а Алесь важна сядзеў на возе, трымаў у руках лейцы. Што, хіба ён не ўмее кіраваць канём? Калі на тое пайшло, то ён і адзін бы прыехаў з такім возам дадому. Яму хацелася скарэй з’явіцца ў засценку, няхай паглядзяць хлопцы, як ён сам дровы вязе. Не кожнаму гэта ўдаецца — у Маргі па дровы з’ездзіць, ды яшчэ зімой! А хіба ў лесе ён нічога не рабіў? Усе дровы да воза перацягаў. Бацька з Адамам толькі збіралі і секлі галлё ды валежнік, а ён насіў да воза.

Як усё-такі добра ў лесе, нават зімой! Цішыня, хоць бы якая птушачка чырыкнула. Дрэвы стаяць нерухома, маўкліва, нібы аб нечым думаюць. А дыхаць так здорава і лёгка! Дамоў бы да вечара не паехаў, а то і пераначаваў бы. Толькі, вядома, не адзін. І каб есці было што, бо есці здорава захацелася.

У засценку Алесю не пашанцавала: ні аднаго хлопца на вуліцы. Дакажы ім цяпер, што ад Маргоў да самага дому канём кіраваў, ды не ззаду ў некага ехаў, а адзін усю дарогу! Не павераць...

На Сташэвічавым двары стаяў Андрэй. Бацька павітаўся з ім. Андрэй адказаў, але на Алеся не зірнуў. Іван, дык той бы хоць усміхнуўся. А каб усміхнуўся Андрэй, то Алесь аж падрос бы! Бо толькі на Андрэя хацеў быць падобны Алесь, як вырасце. Нікога не баяцца, быць самастойным, дужым, мужным. Бачыў Алесь з таварышамі, як Андрэй ля капліцы лупцаваў старога Халусту пугай. Варта яго!

Няхай бы Лісавета на двор выйшла, паглядзела, як Алесь на возе сядзіць, з лейцамі ў руках! Не проста трымаецца ён за іх, а канём кіруе! Любіў ён Лісавету моцна. Патурала яна трохі яму. Асабліва ў апошні час: і падкорміць нечым смачнейшым, і пагуляць пусціць не ў пору, і цукерак дасць. Гэта зусім было дзіўна. Цукеркі! Рэдка іх бачыў Алесь. Калі бацька ў месяц раз у Старочын паедзе ды цукерак ці абаранкаў прывязе, то якая гэта была радасць! Ого!

— Дзе ты, Лісаветка, цукерак узяла? — аднойчы запытаў Алесь.

— Маўчы, дурненькі...— Лісавета нібы спалохалася, пачырванела.— Шмойла ў засценку быў, анучы збіраў... То я за анучы табе купіла...

— Угу,— адказаў Алесь.

— Бо ты мяне слухаеш, брацік, і я цябе люблю. Толькі нікому не кажы... Ні тату, ні Адаму... Нашто, каб яны ведалі. Тата яшчэ сварыцца будзе...

— Не скажу нікому. А многа ў цябе цукерак?

Лісавета горка і неяк хваравіта ўсміхнулася.

— Адкуль жа многа, Алесік!

— Ты і сама пакаштуй іх! Смачныя!

Лісавета адвярнулася і нічога не адказала.

«І калі гэты Шмойла ў вёсцы быў? — думаў Алесь.— Чаму я не бачыў яго? Можа ён тады праязджаў праз засценак, як мы з хлопцамі на Клінавым лужку коўзаліся?»

І от бацька адчыніў вароты ў свой двор, а Алесь завярнуў каня і ўехаў. Так і чакаў, што Лісавета адчыніць дзверы з хаты і зірне на яго.

Не, не адчыніла. «Нешта робіць у хаце, не чуе»,— падумаў Алесь. Каля дрывотніка ён спыніўся. Адам хацеў выпрагаць каня.

— Братачка Адам! — залямантаваў Алесь.— Я сам выпрагу.

— Чакай, пакуль ты выпражаш не ўмеючы.

— Я ўмею, Адам! Тата, скажыце яму! Няхай я сам выпрагу!

Талімону не цярпелася. Нейкая трывога цягнула яго з лесу, а цяпер тая ж самая трывога цягнула ў хату... «Што гэта за насланне...» Але ён сказаў:

— Ну няхай сам Алесь выпража.

Пакуль Алесь распрагаў каня, Адам з бацькам скідалі з воза дровы і складвалі іх у дрывотніку. Якія там былі дровы! Галлё, ламачча рознае, крывое, няўдалае. Потым бацька павёў каня ў хлеў, а хлопцы кончылі апаражняць воз самі.

— Да вечара мы іх і пасячом,— сказаў Адам.

— Дзіва што!

— А тады складзём, няхай сохнуць летам пад паветкай.

Адам адчуваў сябе гаспадаром, і думкі яго былі гаспадарскія.

— Лісавета будзе рада,— дадаў Алесь.

Хлопцы склалі дровы, зацягнулі пад паветку сані і не заўважылі, як да іх падышоў бацька і загаварыў:

— Лісаветы няма дома. І хата не замкнута.

У голасе яго адчуваўся непакой.

— Яна можа на хвіліну да Алены выйшла,— сказаў Алесь.— Я пайду паклічу.

— Схадзі, сынок.

Алесь пабег да Сташэвічаў, а Талімон са старэйшым сынам пайшлі ў хату.

У хаце было як заўсёды: дол падмецены, усё прыбрана, але Талімон аглядаў яе так, нібы ні разу тут не быў. Нешта не тое было ў хаце, нешта не тое, але што, ён спачатку не мог зразумець.

— Дзе яна?.. Чаму яна не замкнула хаты?..

— Прыйдзе, тата! У Алены яна,— супакоіў бацьку Адам.

І тут вочы ў Талімона зрабіліся круглыя. Ён убачыў тое, чаго адразу не мог прымеціць: Лісавецін ложак быў змяты, і на ім ляжалі рознакаляровыя паперкі. Не верачы сваім вачам, ён падышоў да ложка і ўзяў у рукі адну паперку.

— Адкуль яны?! Хто тут еў цукеркі?..

Адам здзівіўся не менш за бацьку. І тут у памяці яго паўстаў той дзень, калі ён пасварыўся з Мікалаем Халустам. Тады Мікалай гаварыў з Лісаветай, нешта ёй абяцаў.

— Гэта можа Мікалай Халуста...— мімаволі вырвалася ў яго.

— Што?! — як звар’яцелы, крыкнуў Талімон.— Мікалай Халуста! Бяда, сын!.. Бяда прыйшла ў нашу хату!..

У гэты момант ад Сташэвічаў вярнуўся Алесь.

— Няма там Лісаветы. І не прыходзіла сёння.

Талімон і Адам стаялі як аглушаныя.

Алесь убачыў паперкі ад цукерак, памкнуўся нешта сказаць, але, зірнуўшы бацьку ў твар, асекся. Паперкі былі акурат такія ж, як і тыя, што давала яму Лісавета. Цукеркі ад Шмойлы, купленыя за анучы...


Праз паўгадзіны на Талімонавым двары сабраўся амаль увесь засценак. Людзі не месціліся ў хаце. Нежывая Лісавета ляжала на лаве, накрытая белай посцілкай. Яе вынялі з пятлі ўжо адубелую. Яна павесілася на гарышчы, на той самай вяроўцы, на якую вешала сушыць бялізну, калі на дварэ ішоў снег або выла завея.

Счарнелы ад гора Талімон стаяў ля дачкі як непрытомны і шаптаў пасінелымі вуснамі:

— Дачка мая... дачка мая... От да чаго ён цябе давёў... Забойца! Чаму ты не сказала мне? Хіба я дапусціў бы да такой бяды!.. А цяпер... Загінула наша хата...

Раптам ён пахіснуўся і абсунуўся на дол. Жанчыны кінуліся да яго.

У сенцах заходзіўся ад крыку Алесь. Ён хацеў некуды бегчы, але жанчыны яго перахапілі.

— Лісаветка!.. Лісаветка!..— у роспачы галасіў ён.— Лісаветка!..— Сухія яго вочы здзічэлі, ён ірваўся з рук старой Аксені і Яніхі.— Заб’ю!.. Заб’ю!.. Я заб’ю яго!

— Супакойся, дзіцятка... Бацьку свайго пашкадуй,— угаворвала яго Яніха і не магла даць ніякай рады.

— Звар’яцее хлопец, дзядзіна,— сказала яна старой Аксені.— Трэба мужчын пазваць, бо мы нічога не зробім.

— Каб ён паплакаў,— гаварыла Аксеня,— лягчэй бы яму было. А то ж слёз няма... Згарыць хлопец...

Да іх праціснуліся Сымон Ашакевіч і Ладымер Баран-Заяц.

Ля печы, уткнуўшыся галавой у кут, стаяў Адам. Вострыя, яшчэ дзіцячыя яго плечы ўздрыгвалі. Рыданні рваліся з грудзей.

Плакалі жанчыны. Мужчыны глядзелі панура і злавесна. Усе ведалі вінаватага, хоць ніхто не назваў яго імя.

Алена, з сіняком пад левым вокам, увайшла ў хату як п’яная. Спынілася каля лавы, на якой ляжала Лісавета, падняла посцілку, зірнула на мёртвы пакалечаны твар дзяўчыны і самлела.

— Каб я ведаў... Каб я ведаў...— шаптаў Талімон, ледзь стоячы на нагах, сам мала падобны на жывога чалавека.

— Каб мы ведалі, што нас чакае! — прамовіў Сымон Ашакевіч.


Андрэй бачыў, што Талімон павёз дровы з Маргоў, і падумаў, што заўтра і сам паедзе з Іванам на дзвюх фурманках ды прывязе на лета ламачча. На дварэ было так хораша, што не хацелася ісці ў хату. Цеплыня. Са стрэх лілося цурком. Нават птушкі адчувалі надыход вясны. На таполях, што раслі на завулічных агародах, ад самай раніцы не змаўкалі вароны. Колькі іх распладзілася ў засценку! На кожнай таполі па дзесятку гнёздаў. Б’юцца між сабой, а ўлетку будуць куранят красці. Глупства рознае лезла ў галаву, хоць бы пра гэтыя вароны. Думаў не як дарослы чалавек, а як падлетак ці зусім хлопчык. Хадзіў па двары, зграбаў гной, сена, што нацерушылася з вазоў, падбіраў палянякі дроў. Снег асядаў і раставаў, і ўвесь бруд, прысыпаны ім з пачатку зімы, цяпер агаляўся.

Нечакана з’явілася думка пра Тамаша. Ліст ад яго нядаўна атрымаў. Пісаў Тамаш, што вязуць іх к чорту ў лазу, аж у самы Кітай, у нейкую Маньчжурыю. На вайну. Японцаў шапкамі закідваць. Тамаш вельмі рады, што разам з ім і Марцін Крываблоцкі. Ён — ротны фельчар. Марцін паклон Андрэю перадаў. «Не забудзь пра нашу гаворку, Андрэй»,— напомніў у канцы ліста Тамаш. Добра яму пісаць: «Не забудзь»... А тут галава трашчыць ад сваіх клопатаў... Ды каб Тамаш тады п’яны не быў... А то ж прывалокся з Чыжэвіч як бот.

— Андрэй...— пачуў ён прыглушаны голас.

Талімон стаяў насупроць. Андрэй не пазнаў суседа.

Што з ім зрабілася? Толькі што дровы вёз па вуліцы і от стаіць састарэлы, згорблены. З вачэй цякуць слёзы, а сам не можа вымавіць слова.

— Бяда ў мяне... Гора, гора... Прыйдзі, Андрэй... Не магу адзін. Маме скажы...

І пайшоў, хістаючыся, як п’яны, не бачачы сцежкі, як сляпы.

«Якая бяда? Чаго ён не можа адзін?» — ліхаманкава думаў Андрэй, ідучы ў хату.

— Мама! Ідзіце да Талімона. Там нейкае няшчасце.

— Якое няшчасце?

— Не ведаю. Хадзем скарэй. Ён прасіў...

Андрэй не бачыў, як пасля яго слоў здрыганулася і пабялела Алена, бо адразу выйшаў з хаты.

Ён памог Талімону зняць Лісавету з пятлі, знёс яе з гары, а сам пашыбаваў дадому. Усярэдзіне ўсё ў ім кіпела.

Калі ён адчыніў дзверы ў хату, Алена нібы чакала яго. Яна стаяла гатовая да ўсяго, нават самага горшага, і гэта крыху астудзіла Андрэя. Ён спыніўся каля парога і зірнуў на сястру так што яна закалацілася.

— Ссука!

— Андрэй!..

Ён наступаў на яе як навальніца.

— Андрэй!..— дзікім голасам закрычала Алена.— Што ты хочаш са мной зрабіць?

Яна пасінела ад жаху.

Ён размахнуўся, і дзяўчына адляцела ад ложка, як сноп, павалілася на дол. Андрэй не зірнуў на яе.

Праз хвіліну ён крочыў па засцянковай вуліцы.

«Забіць, гада... Толькі забіць... Смерць за смерць! А Тамаш? Што яму напісаць? Што недагледзеў, часу не было?.. А хіба можна было дагледзіць? Хіба пільнаваць дзень і ноч... Такога злодзея ўпільнуеш!..» І нянавісць, страшэнная нянавісць запаланіла яго ўсяго.

Да Талімона беглі людзі — жанкі, мужчыны, і Андрэй нават не здзівіўся, што ў засценку так скора ўведалі пра Лісавеціну смерць. Можа таму, што ва ўсіх была на ўме Лісавета, ніхто і ўвагі не звярнуў на Андрэя, які быў падобны на вар’ята.

Сымонава Аўдоля і Нарбутовічава Міхаліна ішлі дамоў. У Сымоніхі дома асталіся дзеці, а Міхаліне не цярпелася расказаць каму-небудзь пра ўсё, што яна бачыла і чула ў Талімонавай хаце.

— От да чаго даводзіць распуста! — гаварыла яна Аўдолі.— Падумаў бы нехта, што такое смаркатае хлопцаў прымае і паспела ўжо чэрава нагуляць!

— Пабойся ты бога, Міхаліна! — адказала Аўдоля.— Хто гэта распуста? Лісавета? Ды яна яшчэ дзіця была!

— Во, дзіця! А з хлопцамі ж спала! Добрае дзіця, калі мужчыну ў ложак прымае! Свет настаў!

— Халуста Мікалай згубіў яе. Ашукаў дзіцянё, злодзей.

— Халуста? А хіба Янаў Тамаш не хадзіў да яе? То і прыйшлі да Талімона ўсёй сям’ёй. На Мікалая Халусту віну зваліць. Як толькі што якое, то адразу Халуста. А мо і не Халуста!

— Нешта ты абараняеш яго.

— А мне ўсё роўна, ці Мікалай Халуста ці Тамаш Сташэвіч. Я не сварылася з Халустамі, нічога з імі не дзяліла, то нашто мне на іх брахаць, як іншыя са злосці брэшуць.

Аўдоля зразумела намёк.

— І я з імі нічога не дзяліла, а што яны зладзеі і душагубы, то ўсе ведаюць. І Шымковічаў згубілі і Хмялеўскага...

— Ай госпадзі божа мой! Тое адно, а гэта другое... Калі дзеўка не захоча, то хлопец не возьме. Гэта я добра ведаю!

— Мабыць, па сабе, суседка, ведаеш...

Міхаліна гатова была рынуцца на Аўдолю з кіпцюрамі, бо тая вельмі трапна пацэліла ў слабое Міхалініна месца. Саграшыла некалі Міхаліна дзеўкай будучы, і не мог Лявон адразу забыць гэта. У першы год пасля вяселля нямала паспытала яна Лявонавых кулакоў. Яшчэ і цяпер, калі пачнецца сварка, то Лявон іншы раз і выкіне жонцы ў вочы мінулае.

— Гэта можа ты такая! — закрычала яна, пасінеўшы ад злосці.— Бо ўсе вы, галата, такія, як сабачая гайня.

— Колькі я з Сымонам жыву, то ён мяне ніколі пальцам не крануў. А як ты на прыгрэбіцы галасіла, то людзі чулі не адзін раз.

— І ты чула?

— Чула.

— Цьфу, цьфу, цьфу! От дзе праўда, людзі добрыя! Паскудніца ты! Гадаўка!.. Падла здохлая!

Яна склала дулю, паказала яе Аўдолі.

— На табе, на табе, на табе! — і пабегла ў свой двор.


Мікалай Халуста збіраўся зачыняць кузню. Пакуль быў у Лісаветы, завознікі раз’ехаліся, мабыць, думалі, што яго няма дома. Доўга чакаў, можа хто прыедзе. Горан распаліў, пакаваў крыху, але ніхто не з’явіўся. Мікалай папырскаў вадою на вуголле ў горне, паклаў на паліцу сваё кавальскае начынне. Настрой у яго быў добры,.ён пачаў насвістваць кракавяк, а сам думаў, ці прыйдзе сёння Лісавета да гумна. Вядома, прыйдзе, нідзе не дзенецца. Там, у Талімонавых кулях, што стаяць пад страхой, будзе цёпла. Нічога, скора вясна, тады будзе прасцей...

Раптам Мікалая нешта кальнула ў сэрца. Чаму яна сёння была не такая, як мінулыя разы? Чаго яна плакала? Гэта, вядома, глупства. Ці доўга дзяўчыне заплакаць, ды яшчэ такой маладзенькай і дурненькай... А чаго яна пачала млець каля печы, калі засланку з рук выпусціла? Гэта горш... А што яна гаварыла? Што мае другога? Ну, гэта зусім глупства! Каго — другога? Хто ў яе знайшоўся другі? Не, тут нешта не тое... Не тое... Настрой у Мікалая пачаў ападаць. Яна сказаць нешта хацела.

Мікалай узяў мятлу і пачаў месці кузню. У гэты самы момант і з’явіўся Андрэй. У Мікалая выпала з рук мятла, калі ён убачыў каля парога Андрэеву постаць. Не ад страху, ад нечаканасці. Сташэвіч ніколі не быў у Халуставай кузні. З кожнай патрэбай ездзіў у Чыжэвічы.

Мікалай не помніў, стаяў Андрэй каля парога ці адразу ўварваўся ў кузню, бо адчуў страшны ўдар у грудзі і імгненна апынуўся пад мехам на кучы жалезнага лому. Ён выскачыў адтуль ашалелы ад злосці і схапіў молат, але ўдар пад вуха зваліў яго з ног. Ён узняўся са страшэнным болем у галаве, амаль глухі, і рынуўся на Андрэя па-бычынаму — галавой наперад. Андрэй сунуў яму кулаком у ніжнююю сківіцу, і ён абсунуўся на калені.

— Т-ты... забіць мяне прыйшоў? — хрыплым голасам запытаў ён, выплёўваючы з рота кроў.

— Забіць.

— За што?

Андрэй зірнуў на акрываўлены Мікалаеў твар, падбітыя губы, і нешта падобнае на жаласць шавяльнулася ў яго душы. Але ён адразу прагнаў гэтае прыкрае адчуванне. Перад ім стаяў акрываўлены забойца і душагуб.

— За Лісавету!

— За Лісавету? Яна не твая...

— І не твая! Яна ўжо нічыя! Нічыя, чуеш, сукін сын! Яе вынялі з пятлі мёртвую! Гэта ты ўвагнаў яе ў пятлю!

Андрэй размахнуўся, але калі зірнуў на бездапаможны і разгублены твар Мікалая, рука яго апусцілася.

— Бі! — крыкнуў Мікалай.— Забівай!

Андрэю хацелася плюнуць яму ў твар.

— Не выкрыўлівайся, сволач! Можа яшчэ заплачаш?

— Бі! — крычаў Мікалай, пырскаючы крывавай слінаю.— Бі! Але я не хацеў гэтага!

— Не хацеў! Яна грубая была! Дзве душы загубіў, забойца!

— Грубая...— Мікалай абапёрся на кавадла.— Дык от хто ў яе другі! — прашаптаў ён.— От хто другі... Чаму яна не сказала мне... не прызналася?

Андрэю было дзіўна, што гэты, па сутнасці не чалавек, а звер, раптам абвяў і стаў такі бездапаможны, што адмовіўся ад бойкі. Ды і ў самога Андрэя раптам знік запал, не мог ён біць чалавека, які не супраціўляецца.

— Не прызналася? Табе? Ты плюнуў бы на яе, як пляваў ужо не раз на многіх такіх.

— Не плюнуў бы. Ажаніўся б... Яна не такая, як тыя.

— Сволач! Можа заплачаш?

— Сціхні, бізун! — раптам зароў Мікалай, ашчэрыўшы драпежны рот.— Я яе любіў!

— Як воўк аўцу.

— Ты напаў на мяне знянацку, з-за вугла,— не зважаючы на Андрэевы словы, крычаў Мікалай.—А то не выйшаў бы з кузні! Пластом бы лёг тут ля парога!

— Ведаў ты, што я не з дабром да цябе іду. І не знянацку напаў. Гнілы ты яшчэ Халуста, каб забіць мяне. Гнілы! І аб такога паскудніка рукі свае апаганіў!..

Андрэй павярнуўся і, не аглядаючыся, пайшоў з кузні. Ён не бачыў, што Мікалай ускочыў з месца, зірнуў яму ўслед, схапіў молат і рынуўся да дзвярэй. Але невядомая сіла прыкавала яго да парога. У вачах стала зелена. Ён шпурхнуў молат вобземлю, замкнуў кузню і, не заходзячы дамоў, павалокся ў Чыжэвічы.

Андрэй ішоў і думаў. Нашто гэта было і каму гэта трэба?! Што ён даказаў Мікалаю? Што дужэйшы за яго? Якое глупства! Хіба кулакамі трэба ваяваць з Халустамі? Дурань тысячу разоў. А што скажа Якаў? Папракне і пасмяецца. Нічому ты не навучыўся, Андрэй Сташэвіч, хоць чытаеш кнігі і газеты, размаўляеш з разумнымі людзьмі. Кулакамі змагаешся. Чорт ведае чаго нарабіў...

На дварэ проста парыла. Снег увачавідкі асядаў. Пад ім ужо была вада. Неба, укрытае хмарамі, было нейкае злавеснае, як алавянае. Што за дзень! Да паўдня радасці не было канца, а цяпер змрок, безнадзейнасць, не глядзеў бы вакол сябе.

«Алену ўдарыў,— думаў Андрэй.— Зарабіла, вядома...»



РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ[правіць]

У хаце нікога не было, акрамя Івана, які нядаўна прыйшоў з Чыжэвіч. У Андрэя быў такі цяжкі настрой, што не хацелася нічога ні гаварыць, ні думаць. Усярэдзіне ўсё калацілася. Ён сеў каля стала і пачаў закурваць. Пальцы дрыжалі, як у хворага, цыгарка не хацела згортвацца. Моўчкі сядзеў і Іван, паглядаючы на Андрэя.

На дварэ пачало вечарэць. І без таго хаўтурны дзень зусім пахмурнеў. Пара было даглядаць на ноч скаціну. Андрэй ужо хацеў сказаць пра гэта Івану, калі раптам у сенцах бразнулі дзверы.

Не чакаў Андрэй Ладымера Барана-Зайца, але ў хату ўвайшоў ён. Андрэй нават здзівіўся трохі, бо з таго часу, як адпраўлялі Тамаша ў войска, ён не бачыў Ладымера. У зубах Ладымер трымаў сваю нязменную люльку, якая даўно патухла, і дарэмна ён ёю пыхкаў.

— Ці добры дзень, ці добры вечар,— не выпускаючы з рота люлькі, павітаўся Ладымер.— Такое надвор’е, што не разбярэшся.

Не чакаючы адказу, ён, як дома, падышоў да печы і пачаў у пячурцы варушыць попел.

— Э-э, такі ж няма жару. Патухлі ўсе вугалі, сатлелі. Значыць, такі вечар.

— Вазьмі запалкі,— сказаў яму Андрэй.

— А добра ты кажаш.

Ладымер сеў, прыкурыў сваю люльку і смачна зацягнуўся. У люльцы нешта сіпела, пішчала, хлюпала, дым з яе валіў, як з кастра, смярдзючы, цяжкі. Бедны Іван спачатку закашляўся, потым пачаў чхаць.

— Моцны тытунь,— сказаў Ладымер і запытаў у Андрэя:

— То скажы ты мне, што гэта будзе? Што гэта пачало рабіцца ў нашым засценку? Гэта ж не тое, што ты, скажам, зайца ў Маргах застрэліў ці, скажам, казу... Гэта ж ты дзяўчыну ў пятлю ўвапхнуў, і табе за гэта нічога-нічагусенькі?

— Пра каго ты, Ладымер?

— Хіба ты не ведаеш? Пра таго злодзея, каб ён сабе вочы ў кузні выпаліў ці, скажам, рукі і ногі паадбіваў... Пакуль іх у засценку не было, то і бяды не было. І я думаю: ці гэта канец! І ў мяне, скажам, дачка расце, і ў цябе сястра, ці мала дзевак у засценку! То хіба ў Халустаў сумленне ёсць, ці яны людзі? Ён, скажам, гад, па-добраму не возьме, то возьме сілай, напралом... Уга, такі гад! Каб дзе стрэў яго на вузкай сцежцы, скажам, у Маргах, ды зарад у чэрава — і справа з канцом.

— Эх, Ладымер! Халуста табе не заяц. А за забойства катарга ці вісельня.

— То чаму яму ні катаргі, ні вісельні? Для яго закон другі?

— Другі, Ладымер. Ды па цяперашніх законах такая справа і суду не падлягае.

— Не падлягае, кажаш?

— А хто дакажа, што праз яго Лісавета павесілася?

— Усе ведаюць!

— А хто бачыў? Ты бачыў?

— Не...

— От табе і ўвесь закон.

Ладымер зноў прыпаліў люльку, бо яна вельмі часта патухала, і трохі памаўчаў.

— А каб мы ўсім засценкам сабраліся і прыгаварылі: выселіць яго, скажам, з вобчаства. Хіба ты з Тамашом не вязаў яго! Яны не толькі паміж сабой рэжуцца. Ды ліха іх бяры, няхай, скажам, рэжуцца. Дык яны ж засценак усмаляць, людзей пакалечаць. Яны, скажам, вылюдкі... Вунь мая дачка, як рака разліваецца, галосіць. Гэта ж яна кажа, што Лісавета і Тамашу ў вока кінулася. А гэты воўк бачыш чаго нарабіў.

Напамінак пра Тамаша рэзнуў Андрэя па сэрцы.

Ён не думаў, што пра Тамаша і Лісавету ведае яшчэ нехта акрамя яго. Аказваецца, усе маладыя ведаюць, а ён нават не думаў пра гэта, пакуль не прызнаўся сам Тамаш. Сядзеў увесь час дома, як барсук у нары, а жыццё сабе ішло і ішло...

— Мы ж такі шляхта, дваранства, скажам,— гаварыў далей Ладымер, пыхкаючы сваёй люлькай, ад якой ішоў страшэнны смурод, і Андрэй з горкай усмешкай думаў: «Эх, дваранін, дваранін... Не па-дваранску ты пахнеш...»

— Дык от... паехалі б у Слуцак да прадвадзіцеля. Расказалі б яму пра ўсё... Толькі, скажам, людзей трэба выбраць хадавых, разумных. От, скажам, хоць бы і цябе, Андрэй.

— Не гавары глупства, Ладымер. З такімі дваранамі, як мы з табой, прадвадзіцель гаварыць не захоча. Той цяпер дваранін, хто багацце мае.

— Скажам, Халуста?

— Ён большы дваранін, чым мы з табой.

У хаце пачало цямнець.

— Іван,— сказаў Андрэй,— ідзі ўпраўляйся па гаспадарцы. Мабыць, сёння нам прыйдзецца і свіней карміць.

Іван пачаў апранацца. У гэты час ад Талімона прыйшла маці. Яна павіталася з Ладымерам і сказала:

— Талімон да бацюшкі пайшоў. Трэба заўтра пахаваць Лісавету, але... бог яго ведае...

— Не захоча поп яе адпяваць,— пыхнуўшы люлькай, сказаў Ладымер.— І на могілках хаваць забароніць.

Гэта ведалі ўсе. Пра гэта і хацела сказаць Андрэю маці. Ведаў і сам Андрэй такую бяду, але па-сапраўднаму зразумеў яе толькі цяпер. Жыла дзяўчына, нікому нічога не вінаватая, з яе наздзекаваліся, давялі да смерці, а пахаваць як чалавека не даюць. Яе можна закапаць у зямлю як скаціну. Андрэй разумеў, што Талімону перажыць такое не лягчэй, чым смерць дачкі. І ён жахнуўся. Не, большага гора нельга і прыдумаць для чалавека, чым тое, што напаткала Талімона. Нават не памянеш дачкі па-людску, на магілу яе не сходзіш, бо пахаваюць яе не на могілках, а недзе збоку, за могілкамі. А хіба яна зрабіла нешта такое, што не варта чалавечага пахавання? Гэтыя думкі ўскалыхнулі Андрэя, ён падняўся з лавы і пачаў хадзіць па хаце.

— Я, Андрэй, бачу, што і ты ўвесь загарэўся,— гаварыў Ладымер.— А я адразу падумаў, што смерць дачкі — не апошняе Талімонава гора. Будзе яшчэ і клопату і турботаў, пакуль пахавае яе. Трэба нешта рабіць, Андрэй.

— Што рабіць? Што я або ты можам зрабіць? І чаму ты да мяне прыйшоў? Хто я такі? Мяне і гаспадаром у Малінаўцы не лічаць. Можа Нарбутовіч ці Мартыневіч нешта зрабілі б. Такі ж Мартыневіч член царкоўнага савета.

Ладымер выпусціў цэлую хмару дыму і плюнуў.

— Не! Тады няма людзей у нашым засценку. Стары Юстынь, скажам, так не гаварыў бы. Ён бы і не ўспомніў Нарбутовіча і Мартыневіча.

— Тут і мой бацька не зрабіў бы нічога.

— Ён бы да папа схадзіў. І поп яго паслухаў бы. Бо, скажам, усяму засценку будзе сорам, калі мы гэтую няшчасную дзяўчыну, як сабаку ў зямлю закапаем.

— А мяне поп не паслухае.

— Паслухае, бо баіцца.

Першы раз за адвячорак Андрэй зірнуў на Ладымера іншымі вачыма, бо спачатку не верыў, што той гаворыць ад шчырага сэрца. «Ды ён жа добры чалавек»,— падумаў Андрэй. Не, ён не чакаў такога ад Ладымера Барана-Зайца — хлуса, выдумшчыка, крыху легкадумнага, не вельмі разумнага і не вельмі сумленнага.

— Пабачым, што скажа Талімону поп.

— От гэта ўжо іншая гаворка! — узрадаваўся Ладымер.

Маці тым часам пачала рыхтаваць свінням і ўвесь час прыслухоўвалася да мужчынскай размовы.

— А як жа ноч, мужчыны? — запытала яна.— Трэба ж, каб нехта пастаяў каля нябожчыцы, псалтыр пачытаў. Гэта ж было б усё роўна як і адпяванне, калі поп не захоча хаваць.

Мужчыны маўчалі, не ведаючы, што адказаць.

— Можа Гарасіма папрасіць? — нясмела запытала маці.

— Калі ён згодзіцца,— не пярэчыў Ладымер.

— Згодзіцца,— упэўнена сказаў Андрэй.

— То я занясу свінням х схаджу да яго.

Старая падхапіла вёдры і пайшла з хаты.

На дварэ тым часам змерклася, а ў хаце зусім сцямнела. Андрэй зняў з цвіка лямпу, што вісела пад бэлькай, павесіў яе над сталом і запаліў. Ладымер усё пыхкаў люлькай, зрэдку падсыпаючы ў яе тытунь і прыпальваючы. У хату прыйшоў Іван.

Андрэй думаў, што ў мінулыя дні шарай гадзінай прыемна было от так пасядзець у хаце, не запальваючы лямпы, падумаць або пагаварыць, успомніць мінуўшчыну, паслухаць пра чые-небудзь смешныя прыгоды або цікавую бывальшчыну. А сёння быў іншы настрой. І ён загаварыў:

— Некалі Тамаш казаў мне, што маці яго гаварыла, нібы ў Жывіцах спрадвеку не было пажараў, а ў Малінаўцы байструкоў. Байструка такі не будзе ў Малінаўцы, затое адбылося самагубства, і надоўга яно астанецца ў памяці. А па-мойму — лепш жывы байструк, чым самагубства... Я, Ладымер, чалавек не баязлівы, і нялёгка мяне чым-небудзь расчуліць, але калі я вымаў Лісавету з пятлі, то, павер, гатовы быў бразнуцца там на гары, як жанчына, страціўшы прытомнасць. А потым мяне ўзяла злосць.

— Дзіва што! Калі, скажам, чалавек памёр сваёй смерцю, то хоць і шкада яго, але ведаеш, што гэта законная смерць. Яна нікога не міне. Але калі чалавек жывасілам загубіў сябе, то гэта смерць не законная. Ёсць вінаваты.

Андрэй ледзь не ўсміхнуўся, пачуўшы пра законную і незаконную смерць, аднак яго здзівіў і ўразіў своеасаблівы погляд Ладымера на самагубства, у асноўным усё-такі правільны. «Глядзі ты на гэтага дзівака, хто ад яго чакаў такога! Як пачне расказваць пра зайцоў, як бараноў, дык за бакі можна хапацца ад смеху...» — думаў Андрэй.

У гэтую хвіліну ў хату ўвайшлі маці і Гарасім Жукоўскі з кнігай пад пахай.

— Добры вечар! — павітаўся ён і падаў руку Андрэю і Ладымеру.

— Сядайце, пане Жукоўскі,— запрасіў Андрэй.

— Не, дзякуй. Садзіцца я не буду... Я вам от што скажу, пане Сташэвіч. Я вельмі не люблю гэтага папа... Я вам і раней казаў... П’яніца, бабнік, карцёжнік. Які ён свяшчэннік! І я рады ўсю ноч чытаць псалтыр над гэтай няшчаснай. Я нават магу адпець яе на могілках, бо ўсю царкоўную службу ведаю лепш за гэтага папа. Але я не маю права. От гэта галоўнае... І калі ён пачне да мяне чапіцца за сённяшнюю ноч, то вы мяне, ну... вы за мяне слова закіньце.

— Ды не бойся ты, святы ду...— сказаў Ладымер, не падумаўшы, і трохі сумеўся. Зразумеў, што не варта было так няўдала ўтыкацца ў гаворку.— Не бойся, пане Жукоўскі,— ён пыхнуў люлькай.— Не бойся! Мы за цябе ўсім засценкам станем. У мяне, калі на тое пайшло, стрэльба ёсць. Зайцоў я без промаху б’ю...

Ладымер зразумеў, што зноў загаварыўся, і змоўк. Гарасім зірнуў на яго без злосці, але і без прыязні.

— Што мне ваша стрэльба, пане Некрашэвіч! Зайцоў яна б’е без промаху, ну і няхай б’е, а нам яна без карысці. То я пайду да Талімона, пара ўжо, скора змеркне.

— Пачакайце, Гарасім, і я з вамі пайду, там жа дзеці адны,— пайшла за ім старая Аксеня.

Калі яны выйшлі, Ладымер па-змоўніцку зірнуў на Андрэя і ўхмыльнуўся.

— А я траха дурнем не абазваў яго.

— Ды яшчэ святым. Але ж ён на цябе не пакрыўдзіўся.

— Бо яго так увесь засценак заве. Але, мабыць, не такі ўжо ён і дурань, бо каб я так абазваў Лявона Нарбутовіча, то ён на мяне з кулакамі кінуўся б.

Потым прыйшла Алена. Твар яе быў захутаны так, што віднеліся толькі вочы і нос. Яна моўчкі распранулася і, не зняўшы хусткі, адразу палезла на печ.

Андрэй думаў, што можа ён і няправільна зрабіў, вытнуўшы сястру, але не раскайваўся, хоць і ведаў, што сённяшні дзень надоўга сапсаваў іх адносіны. А можа і назаўсёды.

Ладымер тым часам не пакідаў курыць, і добра было, што люлька яго часта патухала, а то ў хаце нікому не было б месца.

Андрэю хацелася, каб Ладымер ішоў дамоў, але гэты чалавек упарта не хацеў ісці, нібы ў яго свае хаты няма і няма дзе пераначаваць.

— Можа хочаш есці, Іван? — знарок запытаў Андрэй, каб Ладымер зразумеў, што і яму пара ўжо ісці вячэраць. Але Ладымер нічога не зразумеў, а Іван адказаў:

— Потым.

Андрэю здавалася, што сённяшні дзень доўгі і цяжкі, як галодны год. Гэтулькі ўсяго адбылося за такі кароткі час. Не за дзень, а толькі за паўдня. І ўсё прайшло, як у цяжкім сне ці ў трызненні, калі ляжыш хворы, спалены гарачкай, і на цябе накачваецца нешта незразумелае, нейкая жудасная навала, і ад яе ніяк нельга выратавацца. Ды ён і адчуваў сябе хворым, балела ўсё цела, нылі косці, а ў галаве стаяў туман. Яму здавалася, што на дварэ не менш як поўнач, а можа і пазней, і здзівіўся, калі ў хату ўвайшоў Талімон. Толькі глянуўшы на гэтага чалавека, Андрэй зразумеў, што на дварэ нядаўна сцямнела, і адчуў сябе лягчэй. Аднак стамленне не пакідала, нібы цэлыя суткі варочаў калоды. Ніколі ў жыцці так не стамляўся, не адчуваў сябе дрэнна, хіба толькі як памёр бацька.

Талімона нельга было пазнаць: вочы запалі, і ў іх свяціўся не толькі страшэнны жаль, але і неймаверная безнадзейнасць. Чалавек зусім счарнеў, Сагнуўся. Ён цяжка сеў на лаву і схіліў галаву.

— Ну то што вы выхадзілі, дзядзька? — запытаў Ладымер.

Талімон махнуў рукой.

— А што ён кажа?

— Ён і гаварыць не хоча...

— Як гэта не хоча? — здзівіўся Ладымер.

— Не магу, кажа, от і ўсё...

— Ну і гад! Гэта ўжо гад дык гад!..

Ладымер, мабыць, вельмі расхваляваўся, бо пайшоў да печы, выбіў аб прыпечак усё, што было ў яго люльцы, усунуў яе ў кішэню, плюнуў у кут, дзе стаялі ажагі, і рашуча падышоў да Андрэя.

— То што будзем рабіць?

Андрэй ведаў, што зробіць усё, што можа, усё, што ў яго сіле.

— Пайду да Сулкоўскага сам,— прамовіў ён.— Пагавару. За горла яго не возьмеш... Таварыша ў мяне няма. Каб быў Марцін Крываблоцкі, той бы знайшоў рады папу. Не ведаю, што я даў бы, каб Марцін быў дома.

У Талімона на нейкі момант у вачах успыхнула надзея. Ладымер зноў палез у кішэню і дастаў люльку.

— Слухай, Андрэй,— прамовіў ён.— Яму трэба добрую чарку паставіць. Ён, скажам, так... у карты прагульваецца, а выпіць няма за што. Гарэлку ж ён любіць больш, чым кот смятану.

— Не тое ты гаворыш, Ладымер. Выпіць з ім, вядома, трэба, ды яшчэ на заўтра пакінуць, але гэта тады, калі будзе зроблена справа. А адразу ў хату з гарэлкай не пойдзеш.

— Маўчы ты! Ён, калі знюхае, што ў цябе ў кішэні гарэлка, то сам за табою пабяжыць, як сабака за косткай.

Тут Ладымер запусціў руку ў кішэню, выцягнуў адтуль самаробны кашалёк, такі стары і выцерты, што невядома, з чаго ён зроблены, са скуры ці з анучы, развязаў яго і выняў спачатку адзін рубель, потым другі, потым трэці. Рублі былі такія ж старыя, як і кашалёк. Ладымер пакруціў іх каля носа, каб лепш разгледзець, і працягнуў Андрэю.

— Бяры, Андрэй. Трэба, каб у кішэні грошы былі. Ісці без грошай да гэтага чортавага папа нельга.

Андрэй бачыў, як нялёгка Ладымеру расстацца з гэтымі пакамечанымі рублямі, якія немаведама колькі ляжалі ў кашальку. Аднак жа ён перамог сябе, аддае свой небагаты леснікоўскі набытак, які, напэўна, хаваў і ад жонкі, каб у Старочыне ці ў Слуцку, калі занясе яго туды бог, смела выпіць чарку з сябрамі. У горле ў Андрэя нешта заказытала. Ён адвёў Ладымераву руку і сказаў:

— Хопіць у мяне грошай, каб напаіць папа. Не грошы мне трэба, Ладымер, а таварыш. Марцін Крываблоцкі мне цяпер... Або хоць другі хто...

— То можа Ян пайшоў бы?

— Нельга нам, абодвум Сташэвічам, ды яшчэ братам, ісці.

— Ну то я пайду! — раптам узгарэўся Ладымер.— Не вялікі я гаварун, але калі, скажам, што якое, то па слова ў кішэню не палезу. Як ты думаеш?

— Ну, вядома...

Ладымер паспешліва закруціў свой кашалёк, запхнуў туды, дзе ён быў дагэтуль, і схапіўся за шапку.

Не вельмі быў рады Андрэй такому таварышу, але калі не было лепшага, то добра быў і гэты. Ён пачаў апранацца.

— Пачакайце, суседзі... Я па грошы дадому схаджу,— прамовіў Талімон такім голасам, нібы толькі прачнуўся пасля цяжкага сну.

— Потым, дзядзька,— адказаў Андрэй.— Нам некалі чакаць.



РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ[правіць]

Тая ноч надоўга асталася ў Андрэевай памяці. Часта ўспамінаў яе і Ладымер. Усю дарогу ад Малінаўкі да Чыжэвіч іх мачыў дождж. Быў ён дробны, але густы і спорны. Пад нагамі таксама хлюпала. Невясёлая была дарога, бо Андрэй не меў надзеі, што з іх хадзьбы нешта выйдзе.

Папа Сулкоўскага яны засталі дома. Ён прыняў іх вельмі непрыветна, на Ладымера нават не зірнуў, нібы той не чалавек, а пустое месца. Ладымеру гэта вельмі не спадабалася: мог поп быць са шляхціцам трохі ветлівейшы; ён ужо выцягнуў з кішэні сваю люльку і тытунь, але Андрэй таўхануў яго локцем, і ён хоць і нехаця, але схаваў свае курцоўскія прылады.

Гаворка вялася ў кухні, бо поп не запрасіў сваіх парафіян у пакоі; можа таму, што абодва былі мокрыя, а з ботаў нацяклі на падлогу цэлыя лужыны бруднай вады.

— Скажыце, Сташэвіч, а вы што маеце да гэтай дзяўчыны? Ці можа ваш таварыш мае? — з’едліва запытаў поп.

Ладымер фыркнуў і надзьмуўся, а Андрэй трымаў сябе ў руках.

— Я, айцец Сцяпан, самы блізкі сусед Талімона Бялькевіча. Ведаю гэтую сям’ю з малых год. Гарэтная сям’я, і мне шкада яе. Калі пахаваць дзяўчыну без адпявання і не на могілках, то бацька не перажыве такога гора. Астануцца сіраты. Вы свяшчэннік, пачуццё жаласці ў вас павінна быць.

— Пачуццё жаласці! Дорага б яно мне каштавала гэты раз! Беззаконіе! А Талімон Бялькевіч сам быў у мяне, і я яму растлумачыў, што беззаконія рабіць не магу.

Тут не стрымаўся Ладымер:

— Беззаконіе! Ды вы, бацюшка, гаварыць з ім не захацелі. От гэта ўжо беззаконіе.

Поп не мог пакінуць гэтых слоў без увагі.

— Вы мяне абражаеце, Некрашэвіч, і я мог бы паказаць вам на дзверы, але я гэтага не зраблю... Я гаварыў з Бялькевічам, колькі было трэба. А вам зусім няма чаго мяшацца ў гэтую справу.

«Не мог памаўчаць і ўсё сапсаваў»,— падумаў Андрэй пра Ладымера.

— Не, айцец Сцяпан, не тое кажаце,— загаварыў ён.— Вы нас адразу абразілі, мы змоўчалі... А ў справу гэтую мы павінны былі ўмяшацца, бо такое пахаванне будзе ганьбай для ўсяго засценка. І каб мы маглі, то знайшлі б таго, хто вінаваты ў смерці гэтай дзяўчыны. Дзіцяці, можна сказаць... Бо мы ведаем гэтага злачынцу. Вельмі шкада, што людзі адукаваныя, тыя, хто абавязаны стаяць на варце чалавечых законаў, разважаюць не так, як трэба.

— Вы гаворыце пра мяне, Сташэвіч?

— Пра вас.

Поп усміхнуўся.

— Што вы за чалавек, Сташэвіч? — прамовіў ён.— Не разумею. Гаворыце вы разумна, я нават здзіўлены, а дзейнічаеце неразумна. Хто такі я? Маленькі чалавек — сельскі свяшчэннік. Што я магу зрабіць? Нічога! Я павінен выконваць свае абавязкі і падпарадкавацца законам. А вы што мне прапануеце? Беззаконіе!.. А пільнаваць законы пастаўлены іншыя людзі. Ну от хоць сабе ўраднік Беразоўскі. Ды ён якраз і дома сёння, у свайго разбойніка-цесця.

Апошнія словы былі сказаны такім тонам, што Андрэй зразумеў: не любіць поп і Арлоўскага і яго зяця. Ці даўно гэта стала? Зразумеў Андрэй і тое, што поп хоць і можа што зрабіць, то ўсё роўна не зробіць, і можа толькі таму, што да яго прыйшоў Андрэй Сташэвіч. Сулкоўскі яшчэ не забыў споведзі і будзе за яе помсціць. Таму лепш канчаць гаворку.

— Скажыце, айцец Сцяпан, што трэба, каб вы адпелі і пахавалі Лісавету Бялькевіч, як усіх людзей?

— Настырны вы чалавек, Сташэвіч, але я скажу вам проста: трэба не вельмі многа, але вы гэтага не зробіце. Нават вы не зробіце,— з прыціскам сказаў поп.

У Андрэя пачало цямнець у вачах ад злосці, і ён, напэўна, абразіў бы папа, але тут азваўся Ладымер.

— Адзін не зробіць, то можа мы, скажам, удвух зробім,— ён засунуў руку ў кішэню, мабыць, хацеў дастаць свой кашалёк.— А то трэцяга і чацвёртага пашукаем.

Сулкоўскі зразумеў яго рух і скрывіўся.

— Не зразумелі вы мяне, Некрашэвіч. Не пра грошы я намякнуў. Мне трэба дакумент ад доктара аб тым, што гэтая дзяўчына не самагубца, а памерла сваёй смерцю. Вось тады я яе адпяю, як адпяваю ўсіх. Калі вам удасца купіць у доктара такі дакумент, купляйце яго хоць усім засценкам, калі зможаце. Калі зможаце! — паўтарыў ён і з’едліва ўсміхнуўся. Поп, вядома, быў упэўнены, што такія дзеячы, як малінаўцы, не змогуць зрабіць гэтага, ды і грошай пашкадуюць.

— Добра, айцец Сцяпан,— задыхаючыся ад гневу сказаў Андрэй.— І калі дакумент будзе, вы даяце слова, што не адмовіцеся пахаваць Лісавету Бялькевіч?

— Даю такое слова.

— І не будзеце пісаць даносаў на доктара, які прадасць такі дакумент, і на тых шляхцюкоў, што яго купілі?

Поп пабялеў.

— Як вы смееце так гаварыць са мною!

— Айцец Сцяпан, вы даяце такое слова?

— Я не ўраднік, да вашага ведама... Вы, Сташэвіч, залішне смелы, от што я вам скажу.

— Так, айцец Сцяпан, я не баязлівец, вы гэта даўно ведаеце. Хадзем, Ладымер. Ты чуў, што сказаў айцец Сцяпан?

— Чуў, не глухі яшчэ. Бацюшка абяцаў. Два разы абяцаў, я гэта чуў.

Калі яны выйшлі ад папа, на дварэ пасвяжэла. Вецер павярнуўся з паўночнага боку. На небе рассейваліся хмары. Абрыўкі іх яшчэ плавалі ў вышыні, але адтуль пазіралі на зямлю халодныя зоркі. Капеж са стрэх кончыўся, зрэдку толькі падалі з ледзячкоў апошнія кроплі і замярзалі на зямлі. Пад нагамі скрыпела.

Андрэй думаў пра папа. Сукін сын, адабраў у іх усю надзею. Куды цяпер пойдзеш! Сапраўды, хіба яны дастануць у доктара такі дакумент? Ці можна без знаёмства наогул дастаць яго? Эх, няма Марціна Крываблоцкага. Той бы нешта зрабіў... Доктарам у Старочыне быў нейкі Кнопф, не то паляк, не то немец. Гэта быў суровы чалавек, які вельмі мала гаварыў, але вельмі добра лячыў. Ён быў хірург, і не раз яго выклікалі ў Слуцак, калі там трэба было зрабіць сур’ёзную аперацыю. Акрамя таго, пра яго гаварылі, што ён не робіць розніцы між багатымі хворымі і беднымі. Для яго ўсе хворыя аднолькавыя. Андрэй ведаў гэтага доктара, як ведала яго не адна Старочынская воласць, але знаёмства з ім не меў ніякага. А што, каб звярнуцца да яго?! Можа што і выйшла б.

Раптам у Андрэеву галаву прыйшла думка: чаму гэта Сулкоўскі некалькі разоў памянуў урадніка? І памянуў не толькі без прыязні, але нават з нянавісцю. Што ж гэта такое? Проста не мірацца або ёсць нешта большае, глыбейшае?

— Ведаеш што, Ладымер,— сказаў ён.— Хадзем да Беразоўскага.

— Да ўрадніка?

— Але.

— Ачмурэў ты, Андрэй!

— Не... Ёсць у мяне думка, адна. І калі мы пачалі ўжо, то не будзем спыняцца на паўдарозе. Удасца ці не ўдасца, а паспрабаваць трэба. На папу свет клінам не сышоўся.

— А добра ты кажаш! — ажывіўся Ладымер.— Калі пойдзеш ты, то і я з табою. Можа, скажам, і ўраднік тое самае скажа, што і поп... А ў халернага папа і закурыць не прыйшлося...

Час быў не ранні. Андрэй не вельмі спадзяваўся, што ўраднік не спіць. Напэўна, ужо ў ложку з маладой жонкай.

На кухні іх сустрэў Арлоўскі і ўзрадаваўся. Адразу два чалавекі. Чаго яны прыйшлі так позна? Вядома, купіць гарэлкі. Менш за дзве бутэлькі не купяць. Справа ў тым, што як толькі Арлоўскі прыняў урадніка ў прымы, чыжэвіцкія мужыкі, ды і наогул усе, пачалі радзей заходзіць да сядзельца і купляць гарэлку. Гэта вельмі не падабалася Арлоўскаму. А тут прыйшлі два.

Андрэй адразу заўважыў, што рыжай Мар’яны ўжо няма. Замест яе ў мыцельніку кешкалася пажылая жанчына. Мабыць, у хаце нядаўна павячэралі, і яна мыла посуд.

— Чаму ж так позна, панове? — запытаў Арлоўскі.— Але вы не часта да мяне заходзіце.

— Мы па справе, пане Арлоўскі,— прамовіў Андрэй.— Нам трэба пабачыць пана ўрадніка.

У сядзельца выцягнуўся твар.

— Пана ўрадніка? — запытаў ён і памыляў тонкімі губамі.— Не ведаю, панове, ці прыме вас пан ураднік. Ён жа не на службе, а дома.

— А мы не па службовай справе, пане Арлоўскі,— растлумачыў Андрэй.— У нас прыватная справа.

— Але, пане сядзелец,— падтрымаў Ладымер.— У нас не зладзейства і, скажам, не рабаўніцтва.

— Вы яму скажыце, пане Арлоўскі.

Сядзелец нехаця выйшаў.

Ладымер нарэшце выняў тытунь і люльку.

— А я ўсё роўна закуру,— сказаў ён.— Горш не будзе... Бо калі мы ў папа нічога не выхадзілі...

Тым часам Арлоўскі сказаў свайму зяцю, які сядзеў за сталом з маладой жонкай і гуляў з ёю ў карты, што да яго прыйшлі з Малінаўкі Андрэй Сташэвіч і Ладымер Некрашэвіч. Гэта трохі здзівіла ўрадніка і вельмі зацікавіла. Ён павярнуўся да жонкі і, лагодна ўсміхаючыся, сказаў:

— Андрэй Сташэвіч — гэта твой былы кавалер, Адэля? Прыняць яго ці не прыняць?

Адэля састроіла нездаволеную грымасу, каб паказаць, што ёй не падабаецца гэты напамінак.

— Ён жа не да мяне прыйшоў, гэты мой былы кавалер.

— Не сярдуй, дарагая, я пажартаваў. Я прыму іх абодвух. Скажыце, хай зойдуць. А ты, дарагая...

Адэля нездаволена зірнула на мужа, устала з-за стала, крутнулася і выйшла ў суседні пакой.

— Вельмі ж у іх ногі брудныя,— буркнуў Арлоўскі.— Можа б у кухні прыняць...

— Яны шляхта. У кухні іх прымаць нельга.

Беразоўскі, не ў прыклад папу, прыняў малінаўцаў ветліва, ледзь не па-сяброўску, адразу запрасіў сесці. Ён уважліва слухаў, што расказваў Андрэй, і не менш уважліва вывучаў яго твар. «Не, ён не злодзей,— думаў ён, успамінаючы Халустаў данос.— А дазвол на вобыск у яго і ў Ашакевіча ўжо атрыманы... Складаная справа, чорт вазьмі».

Калі Андрэй кончыў расказваць, ураднік сказаў:

— Я ведаю, што адбылося ў Малінаўцы. Прыскорбны факт. А цяпер скажыце, чаму вы прыйшлі іменна да мяне? Што магу зрабіць я? Я толькі ўраднік, хіба я магу загадаць Сулкоўскаму? Яму можа загадаць архірэй. А ён жа проста адмахнуўся ад вас. Шэльма! Хто яго правяраў бы, калі б ён пахаваў палюдску гэтую няшчасную? Ніхто! Я са свайго боку пакрыў бы гэтую справу. Ён можа яе пахаваць, але не хоча. На злосць вам, пане Сташэвіч!.. А я разумею і вас і падтрымаў бы, але, паверце, я бяссільны.

— Тое самае сказаў нам і Сулкоўскі.

— І зманіў. Ён не бяссільны. А я што? Не магу ж я загадаць доктару Кнопфу, каб ён выдаў дакумент аб смерці Лісаветы Бялькевіч ад хваробы. А мне хочацца ад усёй душы памагчы вам.

Ён на нейкую хвіліну задумаўся, потым засмяяўся.

— Дык ён, шальмец гэты, наш поп, паслаў вас да мяне?

— Не, але ён некалькі разоў казаў, што ён не ўраднік, і мы падумалі, што вы, як ураднік, можаце нам памагчы.

— Ах поп, поп! Што ён меў на ўвазе, успамінаючы ўрадніка? Не разумею. Ад усёй душы хацеў бы памагчы вам, хоць бы на злосць духоўнаму пастыру, такому абыякаваму да свае паствы...

— Ты можаш, Антось! Ты можаш! — раптам пачуўся жаночы голас. Быў ён такі нечаканы, што Андрэй і Ладымер аж здрыгануліся. Каля іх стаяла Адэля, якая ўвесь гэты час стаяла каля дзвярэй у суседнім пакоі і падслухоўвала. Нарэшце не вытрывала і ўмяшалася.

Андрэй здзівіўся, што мова яе з птушынай ператварылася ў чалавечую. Дзе і падзелася яе тая дзявочая картавасць!

— Як я змагу памагчы ім, Адэля? — збянтэжана запытаў Беразоўскі.

— Зможаш, Антось,— стаяла на сваім Адэля.— Ты павінен узяць у доктара Кнопфа такі дакумент, які патрэбен.

— Яна звар’яцела, панове,— звярнуўся Беразоўскі да Андрэя і Ладымера.— Я сам шляхціц і заўсёды спачуваю шляхце. Але ў дадзеным выпадку я бяссільны.

— Я не звар’яцела, Антось. Ты возьмеш такі дакумент.

— Як я яго вазьму, неразумная жанчына?

— Паедзеш у Старочын і возьмеш. Ты ж заўтра едзеш. Кнопф табе дасць усё, што ты папросіш.

Андрэй з удзячнасцю зірнуў на Адэлю. Ніколі ён не чакаў, што яна падтрымае яго.

— Як гэта ён дасць! — запярэчыў жонцы Беразоўскі.— Неразумнае разважанне, чыста жаночае.

— Чыста жаночае разважанне? От як! Тады ты не мужчына. Сапраўдны мужчына не дазволіць здзекавацца з цела жанчыны, якая так трагічна загінула.

«Малайчына ж ты, Адэля», — з захапленнем думаў Андрэй.

— Яна — дзіця, а не грэшніца,— гаварыла Адэля.— Я яе бачыла на каляды, калі яна ішла ў царкву. Вунь бачыш, людзі прыйшлі ў такое надвор’е шукаць твае дапамогі, а ты... Ты павінен зрабіць гэта, Антось!

Беразоўскі слухаў, слухаў, нарэшце засмяяўся.

— Бачыце, панове! Хто тут ураднік, я ці яна? Ну, што мне цяпер рабіць? — жартам запытаў ён.

— Раніцай ехаць да Кнопфа,— адказала Адэля.— І ты гэта зробіш, Антось. Абяцай мне!

— Ну, як я магу абяцаць! А калі Кнопф адмовіцца? Чаму ты так упэўнена, што Кнопф гэта зробіць?

— І я з табой паеду! — рашуча заявіла Адэля.— Ён мне не адмовіць. Паеду!

— Тады я здаюся. Толькі я нічога не абяцаю. Не магу абяцаць, бо не веру, што нешта выйдзе. Не веру. А ты, калі верыш, то абяцай.

— Я абяцаю! Пане Сташэвіч! Заўтра я прывязу дакумент ад доктара. Гэта будзе падвечар. Мы заткнём рот гэтаму папу. Толькі Лісавету прыйдзецца пахаваць паслязаўтра. А заўтра вечарам няхай стары Бялькевіч прыйдзе да мяне.

— Ну от, панове,— яўна прыкідваючыся нездаволеным, сказаў Беразоўскі.— Вам трэба было адразу звяртацца не да мяне, а да мае супругі. Яна дала вам слова, няхай стрымае.

Калі, падзякаваўшы і развітаўшыся, Ладымер і Андрэй выйшлі ў кухню, Ладымер зноў палез ў кішэню і выняў не люльку з тытунём, а свой стары кашалёк.

— Чорт яго бяры, Андрэй, але нам хапіла сёння,— сказаў ён.— Возьмем бутэльку, а то пасля такой работы і захварэць нядоўга.

— Бяры,— абыякава адказаў Андрэй.

Дома ўжо, лёгшы спаць, ён думаў і думаў і ніяк не мог заснуць. Усё, што адбылося сёння, здавалася яму неверагодным. Ён думаў пра папа і ўрадніка, пра ўраднікаву жонку і не мог зразумець, чаму поп так рашуча адмовіў у іх просьбе, чаму нарэшце даў згоду Беразоўскі. Што, нарэшце, прымусіла Адэлю — гэтую ганарлівую палячку — так рашуча прыйсці ім на дапамогу. А ўсё тлумачылася вельмі проста. Калі Беразоўскі стаў зяцем Арлоўскага і пачаў праз дзень, а то і кожны дзень прыязджаць да жонкі, Сулкоўскі вырашыў, што знайшоў яшчэ адзін аб’ект, дзе можна пажывіцца, і загарэўся жаданнем пасябраваць з ураднікам. Гэта яму вельмі лёгка ўдалося. Поп, вядома, адразу прапанаваў пагуляць у карты. Беразоўскі быў рады: трэба ж неяк бавіць час, а якая інтэлігенцыя ў Чыжэвічах? Але не ведаў поп, з кім садзіцца гуляць. Ён лічыў гэтага ўрадніка праставатым. Аднак у першы ж вечар гэты праставаты ўраднік злавіў папа, як кажуць, за руку. Не такі быў Беразоўскі, каб ні за што ні пра што аддаваць свае грошы папу-шулеру.

— Як гэта вы называеце? — запытаў ён.

— Я вас не разумею, Антон Іванавіч...

— Не разумееце? Ды вы махлюеце, айцец Сцяпан!

— Што? Вы мяне абражаеце! — закрычаў поп.

— Не махлюйце!

— Што вы сказалі?! — абурыўся поп.

— Не махлюйце! От што я вам сказаў! — узлаваўся ўраднік.

— Я вас за аскарбленіе...

Беразоўскі не даў яму кончыць.

— А я вас за шулерства. Гэта ўгалоўнае прэступленіе, калі хочаце ведаць. У карты гуляць дазволена, гэта забава, а займацца шулерствам — не. Бо гэта вараўство. От у чым справа, айцец Сцяпан. Я, між іншым, і раней чуў пра такія вашы прадзелкі, а цяпер сам бачу.

— Вы не смееце! — закрычаў поп.

— Смею,— спакойна адказаў ураднік.

Разгарэлася гарачая сварка, і прыяцелі разышліся смяртэльнымі ворагамі. От гэта і паслужыла прычынай таго, што Беразоўскі на злосць папу згадзіўся памагчы малінаўцам. Тым болей, што, ажаніўшыся, ён вырашыў кінуць службу, стаць гаспадаром, а з будучымі суседзямі трэба жыць у згодзе. Акрамя таго, яму хацелася сёння дагадзіць Андрэю, бо рыхтаваў яму вялікую непрыемнасць у самы блізкі час. Як тады зірне на яго Андрэй, калі ён не будзе ўраднікам? Беразоўскі ведаў, што гэты чалавек смелы і помслівы. Адэля ж хацела паказаць Андрэю, як яе шануе і паважае муж, як ён яе слухае. Ды і сэрца ў гэтай жанчыны не зусім зачарсцвела ў хаце скупога сядзельца: яна шчыра шкадавала Лісавету, такую маладзенькую і такую няшчасную.

Поп Сулкоўскі, вядома, адразу даў бы згоду, каб яму паказалі сотню рублёў, але ніяк не менш. Поп са сваёй матушкай натрапіў у Слуцку на «добрую кампанію» і прагуляўся, не было за што выпіць, а цяпер, пасля сваркі з Беразоўскім, ён не мог узяць у сядзельца ў доўг. Ён быў упэўнены, што заўтра яму прынясуць грошы. Не дазволіць шляхта, каб пахавалі дзяўчыну без адпявання.



РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГІ[правіць]

Лісавету пахавалі на трэці дзень пасля яе смерці. Адэля Беразоўская стрымала слова: прывезла ад доктара Кнопфа даведку, якая так была патрэбна.

Сулкоўскі здзівіўся, калі Талімон прыйшоў да яго з гэтай даведкай. Ён не ведаў, як Талімон дастаў яе. Ён ніколі не думаў, што да гэтага прыклаў руку яго вораг ураднік і яго жонка. Ён меркаваў, што гэта работа Андрэя Сташэвіча і яго сяброў і сваякоў: сабралі грошай і купілі, а можа яшчэ і настрашылі доктара Кнопфа. Сулкоўскі нават раскаяўся, што не намякнуў тады Ладымеру і Андрэю пра грошы. Не далі б сотню, хапіла б паўсотні, і то грошы. А цяпер трапілі гэтыя грошы чорту ў зубы — католіку Кнопфу. Што яму да таго, як паміраюць праваслаўныя і як іх хаваюць! Сулкоўскі ледзь зубамі не скрыгаў са злосці і на самога сябе, і на Сташэвіча, і на Кнопфа. Ён, праўда, мог бы адмовіцца ад пахавання, падняць скандал, даказаць, што даведка фіктыўная, што тут цэлы падлог, калі не горш, але паспрабуй крані гэтых людзей, то выкрыюцца ўсе паповы грахі. І ён, сціснуўшы зубы, паехаў у Малінаўку хаваць Лісавету.

Хавалі яе ў другой палавіне дня. Дзень стаяў ясны, цёплы; раніцай трымаўся марозік, а ўдзень пачало раставаць. Маладзейшыя па чарзе неслі труну. За труной ішла ўся Малінаўка, за выключэннем Халустаў і тых, хто не мог выйсці з хаты. Каля могілак чакаў натоўп жывічан, таксама ўвесь засценак. І цяпер канчаткова ўпэўніўся Сулкоўскі, якую вялікую памылку ён зрабіў бы, калі б адмовіўся ад пахавання.

Калі насыпалі магілу і паставілі на ёй невялікі крыж, людзі пачалі разыходзіцца. Сулкоўскаму карцела сустрэцца з Андрэем адзін на адзін і давесці яму, што каб ён, Сулкоўскі, захацеў, то паставіў бы на сваім, і калі гэта не адбылося, то толькі па яго добрай волі. Нібы зразумеўшы яго жаданне, Андрэй адстаў ад гурту і пачаў закурваць. Сулкоўскі далучыўся да яго, і яны пайшлі ўдвух, ззаду ўсіх.

— І ўсё-такі, Сташэвіч, справа гэтая незаконная,— пачаў ён.

Андрэй зрабіў выгляд, што не разумее, аб чым гаворыць поп.

— Што незаконнае, айцец Сцяпан?

— Незаконнае вось гэтае пахаванне. Я ведаю, што вам удалося купіць дакумант у доктара, але ж гэта незаконнае дзеянне.

«Вось калі ты папаўся ў мае рукі!» — падумаў Андрэй і засмяяўся папу ў твар.

— Айцец Сцяпан! Дык гэта ж вы ўтварылі незаконнае дзеянне! Як вы смелі, свяшчэннік, адпяваць яе, гэтую грэшніцу, калі ведалі, што гэта незаконнае дзеянне?

Поп збянтэжыўся.

— Ну, ведаеце... гэта нахабства...

— Якое нахабства, айцец Сцяпан? Калі сёння ўтварылася нешта незаконнае, то вы галоўны вінаваты.

— Дзяўчына кончыла жыццё самагубствам...

— Вы бачылі? Былі пры гэтым? Не, не бачылі, айцец Сцяпан! А от вы запытайце любога чалавека з тых, што ідуць наперадзе, і ніхто вам не скажа, што яна кончыла жыццё самагубствам!

— Ну, ведаеце...

— Запытайце, айцец Сцяпан. Знарок.

У словах Андрэя было столькі ўпэўненасці, што Сулкоўскі не быў перакананы, што можа быць інакш, чым кажа гэты пракляты шляхціц.

— А я вам скажу сакрэт, айцец Сцяпан. Яе забілі.

— Каго?

— Лісавету Бялькевіч. І не адну яе, а і дзіцё, якое яна насіла.

— Я ведаю, што яна была цяжарная.

— Ведаеце? Дык у вас няма не толькі чалавекалюбства, а простай чалавечай жаласці, якая ўласціва тым людзям, якія ідуць наперадзе. Вы старэйшы за мяне і прытым свяшчэннік, але мне сорамна гаварыць з вамі, айцец Сцяпан. І не толькі сорамна, а гадка.

І ён шпаркімі крокамі пайшоў наперад, кінуўшы папа аднаго, і далучыўся да гурту, які падыходзіў ужо да засценка.

Андрэй так сапсаваў папу настрой, што той адмовіўся зайсці да Талімона ў хату выпіць чарку на памінках, не хацеў браць грошай, але ўспомніў, што ў кішэнях пуста, і ўзяў. Тады адразу бухнуўся ў сані, якія ўжо былі падрыхтаваны, і адправіўся да свае матушкі.

Дома Андрэй застаў адну Алену. Яна ляжала на ложку і горка плакала. Пад вокам яе было чорна. Андрэй зірнуў на сястру, успомніў дзень смерці Лісаветы, і злосць зашавялілася ў яго душы. Але калі ён падумаў пра ўсё, што адбылося за апошнія дні, пра сваю перамогу над папом, сэрца яго змякчылася. «Мабыць, і ты перажыла, сястра, і не вельмі лёгка табе». Ён не сказаў Алене ні слова, але аставацца з ёю ў хаце адно на адно не мог. Ён выйшаў. Гумно было адчынена, і ён накіраваўся туды. Іван з рыдлёўкай у руках адкідаў ад гумна снег.

— Ранавата ты за гэта ўзяўся,— сказаў яму Андрэй.

— А можа і заўтра пачне раставаць ці ўночы. Гэтулькі снегу, яшчэ нацячэ ў гумно вады.

— Лепш паспаў бы.

— У хаце Алена...

— Дык што?

— Плача...

— А табе якая бяда?

— Не магу я...

— От як...

Андрэй акінуў Івана доўгім позіркам. І падумаў: «Дык от які ты, Іванко... Не можаш, калі нехта плача. Значыць, і зла ты нікому не зробіш. А я магу! Няхай плача! Няхай!»

— Бяры рыдлёўку ды пойдзем.

Іван нехаця кінуў работу. Андрэй зачыніў і замкнуў гумно. Ён цяпер не пакідаў яго без замка на дзвярах нават днём.

У тую ноч Андрэй спаў як забіты і нічога не сніў. Дзве ночы перад гэтым прайшлі амаль без сну, але тады, здаецца, і спаць не хацелася, а цяпер, калі ўсё кончылася, стома канчаткова зваліла з ног.

Разбудзіў яго Ян. У хаце быў дзень, калі Андрэй расплюшчыў вочы. Маці ўжо выпаліла ў печы, Алена прала. Ян сядзеў каля стала.

— Нейкая напасць на наш засценак навалілася ў гэтым годзе. Кара божая.

— Пра што ты гаворыш, Ян?

— Сымона Ашакевіча трасуць, от пра што.

На душы ў Андрэя стала холадна і цёмна. Ён адразу зразумеў, у чым справа. Калі робяць вобыск у Ашакевіча, то скора прыйдуць і да яго. Упэўнены быў, што нічога не знойдуць, але адно тое, што яго будуць трэсці, як злодзея, было страшна. Андрэя Сташэвіча трасуць, як злодзея! Ён чакаў гэтага, ведаў, што не міне навалы, але не думаў, што на яго так падзейнічае гэтая навала. Ён не гаварыў Яну пра сваю знаходку ў гумне і глыбока раскаяўся. А цяпер не скажаш, позна. А як было б добра пагаварыць з Янам, параіцца. Цяжка, каб ты згарэла... Але ён зрабіў выгляд, што ўсё гэта яго мала цікавіць.

— Хто ж яго там трасе?

— Ураднік, хто ж болей. І стражнік тут. Панятых пабралі.

— А хто панятыя?

— Мартыневіч як дзесяцкі ды Баран-Заяц на вуліцы падвярнуўся. Некуды раніцай ішоў, каб пабалбатаць. Не ведаеш Барана-Зайца. Ён толькі начуе дома. От яго на дарозе і захапілі.

У Андрэя лягчэй стала на душы. Хоць адзін паняты ды чалавек, ну а Мартыневіч, то ён і сам свіння, і пасада яго свінская.

— Рана ўраднік пачаў сваю работу.

— Не вельмі рана. Сымона ж трэба было застаць дома, а то некуды з’ехаў бы. Хіба ўраднік гэтага не ведае. А Нарбутовічава сучка пра ўсё па засценку разбрахала...

Не цікавіла Андрэя цяпер ніякая дробязь. Яго мучыла тое, што падумае Ян, калі да яго брата прыйдуць з вобыскам.

— Няўжо Сымон нешта ўкраў, возячы тавар? Веры не дам!

— Сымон украў? Не пра тое гаворыш, Ян.

Андрэю хацелася пабыць аднаму, пакуль да яго

прыйдуць з вобыскам, і ён рады быў бы, каб Ян пайшоў, але той нібы знарок сядзеў і разважаў. Тым часам у хату ўвайшоў Іван, нечым усхваляваны. Ён паспеў ужо накарміць скаціну, і Андрэй зразумеў, што спаў-такі пазнавата.

Іван пакруціўся ў хаце, пайшоў у сені і адтуль гукнуў Андрэя. Андрэй адразу выйшаў.

— Да нас у гумно прыходзіў Якаў. Ён сказаў, што трасуць Ашакевіча і каб ты гэта ведаў і быў гатовы.

— Добра, Іванко, я ўжо ведаю.

— А я, Андрэй, зноў у гумне сям-там палазіў, агледзеў усё, дзе што можна ўсунуць. Нічога няма. Няхай трасуць!

— Малайчына, Іванко.

Андрэй гатовы быў пацалаваць гэтага шчырага хлопца.

— Якія там у вас сакрэты? — запытаў Ян, калі яны зайшлі ў хату.

— Ніякіх сакрэтаў. Іван пытаў, па колькі сыпаць вобмешкі коням. Я ім цяпер патрохі бульбы даю з сечкай. Не набярэшся аўса.

— Беражы авёс на насенне.

Пара было снедаць, і Ян сабраўся дамоў, але, мабыць, не паспеў ён саступіць з ганка, як павярнуў назад і ўляцеў у хату.

— Андрэй! Ідуць сюды. Калі мінуць твой двор, то да мяне.

На ганку тым часам затупала некалькі пар ног.

— Такі ж да цябе... Чаго ты нарабіў, Андрэй?

— Не бойся, Ян. Нічога я не нарабіў. Ідзе Халустава помста.

Цяпер, калі крокі чужых людзей пачуліся ў сенцах, Андрэй адчуў надзвычайны спакой і смеласць.

— Здрастуйце! — з націскам на апошнім складзе сказаў Беразоўскі, увайшоўшы ў хату.— Вымушаны, пане Сташэвіч, наведаць вас. Быў бы рады наведаць пры іншых абстаяцельствах.— Ён падаў Андрэю руку.— А гэта ваша мама? — ён схіліўся.— А гэта сястра! — зноў схіліўся.— А-а! Пане Сташэвіч! — ён паціснуў Яну руку. На Івана не звярнуў увагі.

Стражнік Макар, Ладымер і Мартыневіч стаялі каля дзвярэй. Ладымер вінавата пыхкаў люлькай.

— Чаго там туляешся, Ладымер? — сказаў яму Андрэй.— Ідзі сюды.

Ладымер павесялеў.

— Завалалі мяне, Андрэй, на вуліцы. Я да цябе ішоў...

Беразоўскі тым часам гаварыў Яну:

— Я, пане Сташэвіч, павінен выконваць свае вельмі непрыемныя абязаннасці. Вельмі непрыемныя. Але гэта не мая віна. Не мая! У Андрэя Сташэвіча ёсць недабражалацелі.

— Ведаем мы іх, пане ўраднік.

— Тым лучшэ... І паколькі вы аказаліся тут, пане Сташэвіч, то і павінны тут аставацца, пакуль мы не кончым аперацыю.

— Я, пане Беразоўскі, брат Андрэю. У першым стрэчанні.

— Гэта не мае значэння. Пасядзіце, пане Сташэвіч. Тым лучшэ, што вы тут. Вы ўвідзіце, што я не прыстрасна аднясуся да гэтага дзела.

— Пасяджу, калі на тое пайшло.

— Между прочым, у Андрэя Сташэвіча красівая сястра. Яна некуды сабіраецца ісці. Скажыце ёй, пане Сташэвіч, што ў такіх случаях з хаты выходзіць нельзя. Мне самому неудобно.

«Сукін ты сын,— падумаў Ян.— Табе неудобно...»

Беразоўскі павярнуўся да Андрэя, і позіркі іх сустрэліся. Андрэй глядзеў на ўрадніка з ледзь прыкметнай пагардлівай усмешкай, ураднік з пачуццём уласнай годнасці, нібы хацеў сказаць: «Я зрабіў для цябе ўсё, што было трэба, а цяпер сцеражыся! Калі ты вінаваты, то наракай на сябе».

— Я, пане Сташэвіч, па доўгу свае службы павінен зрабіць у вас вобыск,— ён выняў з сумкі, што вісела ў яго на плячы, паперы і падаў іх Андрэю.— От прадпісаніе і разрашэніе.

Андрэй нават не зірнуў на яго паперы, бо ведаў, што без дазволу ўраднік ні за якія грошы не зробіць вобыск у двараніна.

— Гаспадзін ураднік! Я ведаю, па чыйму даносу вы зробіце ў мяне вобыск. Па даносу майго ворага, лютага ворага Яўхіма Халусты. Я не ведаю, чаго вы ў мяне будзеце шукаць. Можа забароненай літаратуры...

— Не, пане Сташэвіч. Справа не палітычная. Але калі знойдзем такую літаратуру...

— Ведаю: то ў зубы мне не паглядзіце. Вунь мая літаратура! Бачыце, поўны покуць кніг.

Беразоўскі з цікаўнасцю зірнуў на кнігі, якіх раней не заўважаў, і гатовы быў рынуцца да іх.

— Чытаеце? — запытаў ён.

— Чытаю... Я, гаспадзін ураднік, не магу забараніць вам зрабіць вобыск, хоць гэта і найвялікшая абраза двараніну, калі падазраюць у забойстве ці крадзяжы. Аднак, як дваранін, я вам афіцыяльна заяўляю перад гэтымі добрымі людзьмі, з якіх трое таксама дваране: Яўхім Халуста і яго сын Мікалай зладзеі, зрабіце вобыск і ў іх.

— Гэта падобна на тое, што вы мне ставіце ўсловіе, пане Сташэвіч.

— Ні ў якім разе, гаспадзін ураднік! Я хачу абараніць сваю дваранскую годнасць.

— О, каб Халусту страсянуў! — азваўся Ладымер.— З яго б нямала вытрас.

Ураднік імгненна павярнуўся да яго:

— Вы падтрымліваеце Сташэвіча?

— Падтрымліваю.

— Калі на тое пайшло, пане ўраднік, то і я скажу,— дадаў Ян.— Калі трасяце дваран, то трасяніце і гэтага злодзея, сцягача з усяго свету. Вам на гэта ніякі дазвол не патрэбны. Ды вы самі павінны ведаць, што Халуста ўжо сядзеў у турме за крадзеж, і не адзін раз.

Беразоўскі сеў ля стала, бліжэй да кніг, і задумаўся. Потым пачаў перабіраць кнігі адну за адной, нібы рабіў гэта механічна, але перабраў усе. Нарэшце ён устаў.

— Добра, панове,— рашуча прамовіў ён.— Я яго абышчу... Толькі вам прыйдзецца напісаць пісьмовае прашэнне. Мы гэта зробім пасля таго, як абышчам вас, пане Сташэвіч. Мне патрэбен дакумент. А цяпер, пане Сташэвіч, мы прыступім да справы. Павінен паведаміць, што я ўжо зрабіў вобыск таксама ў двараніна Сымона Ашакевіча, і, к майму вялікаму здавальненню, ён не даў ніякіх рэзультатаў. Надзеюсь, пане Сташэвіч, што такія самыя рэзультаты будуць і ў вас. Я сам дваранін, панове, і ў такіх пячальных случаях чувствую так, будта сам нанашу сабе аскарбленіе. З вашага разрашэнія, пане Сташэвіч?

Андрэй не адказаў.

— Макар! — паклікаў ураднік.

Трэба сказаць, што ўраднік і сапраўды «не прыстрасна аднёсся да гэтага дзела». Напрыклад, скрыню старое Аксені і Аленін куфар толькі адчынілі, рыцца ў іх ураднік не дазволіў. І так было відно, што там, акрамя палацён, саматканых абрусаў, ручнікоў і кап, нічога не ляжала. Усё гэта было новенькае, непачэпанае, чужыя рукі не краналіся яго.

Макар з Мартыневічам злазілі на гару, але і там нічога не знайшлі. Аднак ураднік агледзеў усе будынкі: хлявы, свіран, паветку, тады ўсім гуртам пайшлі ў гумно. Сцежка праходзіла поблізу Гарасімавай хаты. Сам гаспадар стаяў у гэты час на ганку.

— Не там шукаеце, гаспадзін ураднік! — сказаў ён, калі з ім параўнаваўся прадстаўнік улады, і, мабыць, сам спалохаўся таго, што сказаў, бо адразу шмыгануў у сенцы.

— Хто гэта такі? — звярнуўся ўраднік да Яна Сташэвіча.

— Гарасім Жукоўскі.

— А-а! Чуў пра яго! Малінаўскі святы.

— Наш святы дурань,— пацвердзіў Ладымер.— Але добры чалавек. Ён дзве ночы над пакойніцай псалтыр чытаў. Лепш за папа. Вельмі граматны.

— Відаць, што граматны,— глыбакадумна зазначыў ураднік.

У гумне ў Андрэя, акрамя сена, канюшыны і саломы, нічога больш не было. Ні аднаго снапа ў тарпах, усё абмалацілі з Іванам. Салома ляжала ўзадзе, і было яе многа; канюшыны асталося толькі што на сяўбу вясной, ды і сена не такі вялікі завал, бо, возячы яго з Волі, кармілі худобу.

— Не вельмі багат і ты,— сказаў Ладымер Андрэю.

— Пароўну ў нас зямлі.

— Мае бабы канюшыну за зіму стравілі, зусім мала асталося,— паведаміў Ладымер.

— Пане ўраднік! — прамовіў Андрэй.— Вы, вядома, будзеце разварочваць салому, сена і канюшыну, то тут я пастаўлю ўмову: усё, што будзе развернута, павінна быць складзена на сваё месца. У мяне няма лішніх грошай, каб наймаць работнікаў, а сваіх рук я да гэтай работы не прыкладу. Не магу.

— А калі мы тут нешта знойдзем?

— Тады складу я сам.

Беразоўскі засмяяўся.

— Не будзем мы нічога разварочваць, пане Сташэвіч. Тое, што мы шукаем, ляжыць недзе неглыбока. Макар!

Стражнік, Мартыневіч і Ладымер з сахарамі пачалі рыцца ў тарпах. Хоць гэта і не быў абавязак панятых, але што ведала пра свае абавязкі цёмная засцянковая шляхта. Мартыневіч вельмі стараўся і аж потам абліўся, а Ладымер агінаўся сабе, прыпёршыся да сцяны.

Нарэшце Макар злез з тарпы.

— Так што нічога не абнаружана, гаспадзін ураднік! — далажыў ён.

— Добра, Макар! Я вельмі рад, пане Сташэвіч,— звярнуўся ён да Андрэя,— што так усё абышлося. Я сам дваранін, і мне было б прыскорбна... Ну, а цяпер я аформлю пратакол, а вы напішыце прашэнне, аб чым гаварылі. Панове, усе ў хату.

Калі нарэшце ўсе пайшлі з хаты, Андрэй адчуў такую млосць, нібы яму наплявалі ў душу. А маці, прыгорбленая, стаяла каля печы і маўчала. Маўчаў і Ян. Цяжка было ўсім.

Першая падала голас Алена:

— Навёў на Халустаў! От малайчына!..— з’едліва прамовіла яна.

Ян падняў галаву. Андрэй цяжкім позіркам акінуў сястру. На гэты раз яму было ўсё роўна.

— Навёў? — раптам закрычаў Іван, і чырвань заліла яго твар.— А ён не навёў? Злодзей гэты! Ён, калі хочаш ведаць...

— Сціхні, Іван,— загадаў Андрэй.

— Андрэй... сынок... Чаго яны ў нас шукалі? — запытала маці.

— Тых трантаў, што Халуста з сынам украў у Зялёнкі. Але яны іх знойдуць у самога Халусты.

— Ага! — сказаў Ян.— Цяпер мне ўсё зразумела. І калі яны знойдуць тыя транты ў Халусты, то наш род астанецца без плямы...


РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦІ[правіць]

Андрэй адчуваў, што сёння ён не зможа проста і смела глядзець людзям у вочы, хоць пры вобыску ў яго і нічога не знайшлі.

Страшная Халустава помста! Але яна магла быць яшчэ страшнейшая, каб не Якаў. Колькі дабра зрабіў яму гэты чалавек! І ніколі ён яму не аддзякуе, бо няма меры гэтай удзячнасці. Хто ён, па сутнасці, быў да знаёмства з Якавам? Ганарлівы засцянковы шляхціц, цёмны, як бот. Якаў адкрыў яму вочы, навучыў разбірацца ў жыцці, і, мабыць, не толькі праз Івана ён пачаў чытаць, але і праз Якава: цягнуўся за ім, не хацеў быць ззаду, ды і цяпер цягнецца, хоць адчувае, што доўга трэба яго даганяць...

Пакуль управіліся з Іванам па гаспадарцы, пачало цямнець. Іван быў узрушаны, вясёлы, усё аж кіпела ў ім, а Андрэй не глядзеў бы на белы свет.

Маці запаліла ў печы, паставіла варыцца бульбу на вячэру; аб’явіла ў хаце пост. Вялікдзень скора, у другую палавіну вялікага посту ніхто не есць скаромнага. Андрэй ведаў прычыну гэтага посту: сала з кубла ўцякло, а каровы, як на ліха, яшчэ не ацяліліся. Але адна ўжо на цяленні. Пачалося жыццё на бульбе, гурках і капусце. Іншы раз варэнікі з макам ды сушанай садавінай — гэта ўжо ласунак. Трэба завезці ў Крывічы льнянога семя ды алею збіць. Семя ў гэтым годзе дай божа! І прадаць можна будзе нейкі пуд. Тараноў ды селядцоў купіць трэба, а то галаднавата. Пакуль сена вазілі, маці скварку на стол падавала, а цяпер ешце, хлопчыкі, тое, што на стале стаіць.

Як толькі Якаў пераступіў парог, Андрэй адразу пазнаў, што з’явіўся ён з добрымі весткамі. Якаў павітаўся з Андрэем, кіўнуў Івану, як свайму, і сеў на лаве. Андрэй глядзеў на яго з нецярплівым чаканнем.

— Каб ты бачыў, Андрэй, што зрабілася з Халустам, калі Макар са старой брычкі ў дрывотніку выцягнуў клунак з Зялёнкавай вопраткай! — пачаў Якаў.

— Значыць, знайшлі! — не вытрымаў Іван.

— Можа б яны і мінулі гэты дрывотнік, каб не Ладымер. «Трэба паглядзець і тут, пане ўраднік». Халуста склаў на жываце рукі, паглядае на мяне, як на звера. Я потым зразумеў, чаму ён так на мяне глядзіць. Макар адразу палез у брычку і пачаў адтуль выкідаць рознае ламачча, потым выцягнуў з сядзення здаравенны клунак у нейкай посцілцы. Халуста вылупіў вочы, пабялеў. «Гаспадзін ураднік, гэта не маё... не, не, не...» Язык адабрала ў гада. Як мярцвяк зрабіўся, паваліцца гатовы. «Ведаю, што не ваша,— кажа ўраднік.— Гэта Зялёнкава».— «Мне яго падлажылі, гаспадзін ураднік!..» — завішчаў Халуста, як парсюк у плоце.— «Хто падлажыў?» — «Сташэвіч і Ашакевіч, пане ўраднік».— «Ну, ведаеце,— кажа ўраднік,— не ўзводзьце паклёп на чэсных людзей. У іх мы нічога не абнаружылі, а гэта знайшлі ў вас, і хто яго сюды паклаў, вам лепш вядома».— «Гэта яны, ліха матары іх, яны...» А сам калоціцца, як асіна. Соплі з носа пацяклі. А ўраднік паківаў пальцам каля яго саплівага носа і кажа: «Я вас арыштую, Яўхім Халуста». От тут і пачалося. Халуста пачаў плакаць...

— Ну, Якаў!..

— Не верыш? Пачаў плакаць горкімі слязьмі і выць, як якая-небудзь няўдалая баба. Гідка было на гэта глядзець і слухаць. Ладымер пачаў плявацца, а Макар пакаціўся з рогату. Тады Халуста рынуўся на мяне, як шалёны сабака. «Гэта ён — гад, злодзей, шэльма, нягоднік, сацыяліст, арыштант, крамольнік... Гаспадзін ураднік, гэта ён!.. Ён валочыцца кожную ноч, ён абакраў Зялёнку, не паспеў сплавіць крадзенае і падсунуў мне...» І схапіў мяне за грудзі. Я яго лёгенька адпіхнуў, а ён, гад, знарок паваліўся і пачаў лямантаваць, што я яго забіваю... Ну, брат, і чалавек! Ураднік кажа: «Устаньце, Халуста, ніхто вас не забівае». А ён, гад, усё роўна ляжыць. «Макар! — гукнуў ураднік.— Падымі Яўхіма Халусту». От тады ён ускочыў. «Гаспадзін ураднік... усё роўна гэта ён, гарадскі басяк, забастоўшчык...» — «Вы нядаўна сцвярджалі, што Зялёнку абрабавалі Сташэвіч і Ашакевіч, а цяпер кажаце, што ваш парабак Якаў Шэмет. Як тады вас зразумець?» — «А яны ўсе разам, гаспадзін ураднік, усе разам, ліха матары іх... Бо гэты Шэмет валочыцца кожную ноч».— «Не валіце з хворай галавы на здаровую, Яўхім Халуста,— кажа ўраднік.— Мы ведаем, куды ходзіць ваш парабак».

Андрэй усміхаўся, слухаючы Якава, а Іван качаўся са смеху. Старая Аксеня ўзняла галаву і павесялела, толькі Алена рабіла выгляд, што гэта яе не цікавіць, аднак лавіла кожнае слова Якава.

— Ну, а далей? — запытаў Іван.

— На тым і кончылася. Забраў ураднік той Зялёнкаў клунак, забраў Халусту і паехаў у Старочын.

— Значыць, такі арыштаваў,— прамовіў Андрэй.

— Арыштаваў. Але Халуста доўга сядзець не будзе. Мікалай адразу пашыбаваў да Хаіма Ножыка.

— Ну дык што? — не зразумеў Іван.

— Хаім на парукі Халусту возьме,— растлумачыў Андрэй.

— А як жа,— пацвердзіў Якаў.— Разам кралі, хіба Хаіму захочацца сесці разам з Халустам! Халуста ж такі, што калі прыпрэ, то і сына роднага прадасць, хіба ён Хаіма Ножыка пашкадуе!

— Але хоць трохі ды пасядзіць! — прамовіў Іван.

— Гэтага мала, што пасядзіць,— сказаў Якаў.— Каб выйсці чыстым з такога бруду, нямала будзе каштаваць. Хутара Хмялеўскага не хопіць, бо трэба будзе купіць не толькі паліцыю, але і Зялёнку рот заткнуць.

— Яны ж удвух з Хаімам,— зазначыў Андрэй.

— Ведаю. Адным словам, папаўся Халуста. Туды яму і дарога.

— Ты яшчэ не ведаеш, у чым тут справа, Андрэй,— сказаў Якаў, згортваючы папяросу.— Ураднік рабіў вобыск не ў Халусты, а ў мяне. Ён быў упэўнены, што ў мяне ёсць забароненая літаратура і ён яе знойдзе. А знайшоў ён тое, чаго не чакаў.

— А чаму ты думаеш, што ён іменна шукаў літаратуру, а не Зялёнкавы транты?

— Таму што, перш чым пачаць вобыск, ураднік гаварыў з Халустам адзін на адзін, і пасля тае гаворкі Халуста зрабіўся такі вясёлы, нібы гэты вобыск для яго — найвялікшая прыемнасць. Ён нават паглядзеў на мяне, як гадзюка на жабу, а ў гумне падганяў панятых: «Лепш шукайце, лепш, ліха матары вашай! От у гэтай шчыліне паглядзіце!»

Андрэй і Іван не маглі ўтрымацца ад рогату.

— Ён думаў, гад, што я такі дурань, кніжкі абы-дзе пакладу. Ды ён скарэй іголку ў стозе сена знойдзе, чым мае кнігі.

— Ён і нашы ўсе кнігі на покуце перагледзеў,— сказаў Андрэй.

— Да такіх кніг, як у вас, ён справы не мае. Не такіх кніг ён шукае.

— А сам, мабыць, ніякіх кніг не чытае,— зазначыў Іван.

— Яму часу няма,— адказаў Якаў.— Ён заўсёды «пры іспалненіі служэбных абязаннасцей».

— Як жа ты цяпер будзеш жыць у Халусты? — запытаў Андрэй.

— Служба мая ў яго канчаецца,— адказаў Якаў.— Як толькі Хаім возьме яго на парукі, ён мяне прагоніць. Я гэтага вельмі хачу і чакаю. Але сам не пайду, бо гэты злодзей не заплаціць за работу. А пакідаць яму свой заработак я не думаю. Я ў яго з горла вырву...

— А потым куды, Якаў? — запытаў Іван.

— Свет клінам не сышоўся. У мяне цяпер як у таго зайца: дзе ламок, там і дамок,— адказаў Якаў.

Пакуль яны так гаварылі, прыйшоў Гарасім. Быў ён у гэтай хаце другі раз і адчуваў сябе вельмі няёмка. Яго запрасілі сесці, і ён сеў каля самага мыцельніка. Якаў з цікаўнасцю агледзеў гэтага чалавека, якога дасюль амаль не бачыў.

— Я, ведаеце, вельмі рады, што бог пакараў таго нягодніка. Ён і да мяне прыбягаў зубы лячыць, то акінуў вачыма хату як самы спраўны злодзей, і цяпер ён лепш за мяне ведае, што ёсць у маёй хаце і дзе яно ляжыць.

Так сказаў Гарасім Жукоўскі, аднак з яго прыходам гаворка абвяла. Але адразу пасля Гарасіма прыйшоў Ян, за ім Ладымер са сваёй люлькай, нарэшце Сымон Ашакевіч. Прыходзілі яны ўслед адзін за адным, так, як людзі ідуць на сход. Кожны разлічваў пагаварыць з Андрэем адзін на адзін, асабліва хацелася гэтага Сымону. У іх бы знайшлося пра што пагаварыць. Абодва сёння пасля такой бяды ды трывогі нібы нанова на свет з’явіліся.

Усе слухалі Ладымера, ад яго хацелі пачуць нешта новае пра вобыск у Халусты. Аднак сам Ладымер не думаў пра сябе вельмі многа. Ён прыйшоў толькі для таго, каб парадавацца разам з Андрэем сваёй перамозе над Халустамі. Таму перш за ўсё ён выбіў са свае люлькі смярдзючы попел, напхаў яе новай порцыяй тытуню і прыпаліў.

— Ну, браткі, і Халуста! — сказаў ён, выпусціўшы першы дым.— Каб вы паглядзелі! Не то што плача, але проста лямантуе, скажам, як кот, калі яму на хвост наступілі. От тут і падумай: зірнеш на яго морду — звер зверам, нават глядзіць не па-чалавечы, а, не раўнуючы, як шалёны бык. Ці падумаў бы хто, што з яго слязу выціснуць!

— А як гэта табе ў галаву прыйшло, Ладымер, урадніка ў дрывотнік завесці? — запытаў Андрэй.

— А чорт яго ведае! Неяк прыйшло. Злосна мне стала, што не знайшлі нічога. Каб у Халусты не было крадзенага! А я ж, братка, рыўся ў гумне да поту ва ўсіх тарпах, скажам, як наняты. І каб нічога не было! Ды быць не можа! Няхай скажа Сымон: мы з ім Халуставы суседзі, ён з аднаго боку, а я з другога. Ці было калі, каб у Халусты ноччу не было чужых людзей?

— Я гэтага не бачыў, Ладымер,— сказаў Сымон.

— Я ведаю, ты не бачыў і Якаў не бачыў. Ты таму, што вечна ў дарозе, а пасля дарогі ад работы свету не бачыш. А Якаў малады, спіць моцна. А от я дык вечна на хаду. Бывала, у поўнач, а то і пазней дамоў ідзеш, дык і прыкмеціш, як з яго хаты людзі выходзяць. Але на вуліцу не ідуць, а ўсё каля гумён. Сам стары злодзей наперадзе, скажам, як гусак, а яны за ім. І сабакі прывучаныя, каб яны падохлі, хоць бы гаўкнуў каторы. Перад тым як Зялёнку абакралі, то ў Халусты ночы тры ўзапар збор быў, раіліся аб нечым. Зялёнка і сам не горшы злодзей за Халусту... Але калі да таго дайшло, што праз іх людзі гібеюць, як Хмялеўскі, ды паміраюць, як гэтая дзяўчына, то тут, браткі, цярпець ужо нельга.

Ладымер зацягнуўся, выпусціў дым, плюнуў пад самы парог і падумаў, што сказаў разумныя і добрыя словы. Але тут яго трохі ахаладзіў Сымон:

— Падзякаваць табе трэба, Ладымер, што навёў ты ўрадніка на Халустаў дрывотнік. А што цярпеў ты дагэтуль, Ладымер, як і ўсе мы цярпелі, то, мабыць, цярпеў бы і надалей, каб цябе панятым не ўзялі. А тут так выйшла: ты ўзлаваўся і па-гаспадарску завёў урадніка ў Халустаў дрывотнік.

— Што праўда, то праўда. Але калі ўжо я пачаў, то дрывотніка не мінуў!

Якаў непрыметна ўсміхнуўся. Гарасім яшчэ бліжэй падсунуўся да мужчын.

— Дык, кажаце, пане Некрашэвіч, ён плакаў. Значыць, у яго душа яшчэ ёсць...

— Дурны ты, Гарасім,— рашуча сказаў Ладымер.— У яго такая душа, як дым з мае люлькі. Толькі смярдзіць.

Усе засмяяліся.

— Халуста, пане Жукоўскі, праліваў кракадзілавыя слёзы, калі вы гэта разумееце,— сказаў Якаў.

— Разумею! Я чуў такую пагаворку. Жарэ сваю ахвяру, а сам плача... Добра вы кажаце...

— Цяпер Нарбутовічыха... У вочы кажа маёй жонцы: «Падсунулі Халусту Зялёнкаву вопратку. Падсунулі».— «Хто гэта падсунуў?» — пытае мая жонка.— «Вядома, хто. Уга! Усе людзі ведаюць! У каго ж першага вобыск рабілі? Не ў Халусты ж!»

У Андрэя са злосці перасмыкнуўся твар. «Ну, разлічуся я калі-небудзь з табою, Лявон...»

— Каго ты слухаеш? — закрычаў Ладымер.— Паталашку гэтую! Ты паслухай, што людзі гавораць, а не тое, што Паталашка брэша! Засцянкоўцы рады, што злодзея гэтага за шкірку ўзялі. Вунь Мартыневіч — абух абухом, і той казаў мне, як ішлі мы дадому: «Папаўся гад Халуста. Бог яго пакараў, шэльму. Ён жа з мяне за малатарню столькі пацягнуў!.. Каб ён задушыўся маёй пашнёй. Да гэтай пары я і сам бы абмалаціўся». І пачаў маліцца богу.

Мужчыны засмяяліся, акрамя Гарасіма.

Раптам адчыніліся дзверы, і на парозе з’явілася высокая постаць. Гаворачы, ніхто не чуў, як чалавек увайшоў у сенцы.

— Добры вечар, людзі! — сказаў ён.— Гэта я! Аўрам Выпустак!

— Хіба мы вас не пазналі, Аўрам? — прамовіў Андрэй.— Чаго вы там стаіце?

— Я доўга стаяць не буду. Як жыве старая Юстыніха?

— Дзякуй богу, Аўрам. Яшчэ трохі кратаюся,— азвалася з запечка старая Аксеня.

— Дзякуй богу, дзякуй богу!.. Я сёння позна, Андрэй. Дарога псуецца, дарогі няма. Пакуль прыпхаўся...

— Іван, запалі ліхтар. Воз у гумно, а каня пад паветку. Сена вазьмі каню.

— О! У мяне свой пошар ёсць.

Мужчыны падумвалі ўжо разыходзіцца, але калі прыехаў Аўрам, то, значыць, яшчэ не позна. Чаму не пачакаць, калі ён прыйдзе з гумна, можа нешта новае раскажа.

Скора прыйшлі з гумна Іван і Аўрам. Аўрам прынёс дзве ладныя торбы, паклаў іх на шафку ў мыцельніку і зняў свой шырокі і доўгі балахон. Высокі, чорнабароды, шыракаплечы, з вялізнымі шурпатымі рукамі, Аўрам быў больш падобны на старажытнага каваля, чым на гандляра цялятамі і авечкамі, скурамі і аўчынамі.

— У цябе сёння, Андрэй, поўная хата людзей,— вітаўся ён з кожным за руку.

— Сабраліся суседзі на вячоркі,— адказаў Андрэй.

— А чаму і не, чаму і не сабрацца! Вечары яшчэ доўгія.

— У нас тут такога нарабілася, Аўрам! — сказаў Ян.

— Хіба я не ведаю, пане Сташэвіч, чаго ў вас нарабілася! Пра гэта ведае ўвесь свет. Я быў у Чыжэвічах, у маёнтку і ў сяле, то там ужо кожны сабака ведае, чаго нарабілася ў Малінаўцы.

— Як скора! — здзівіўся Андрэй.

— Сарока калу, а кол усяму сялу,— зазначыў Ян.

— А што там пра Малінаўку ведаюць? — запытаў Сымон.— Бо знаю я такія навіны, асабліва калі іх перадаюць бабы. А тут, мабыць, без Нарбутовічыхі не абышлося.

— У Чыжэвічах ведаюць, што Яўхіма Халусту арыштаваў ураднік. Як злодзея! І людзі рады.

— А што вобыск у мяне ды Андрэя рабілі, пра гэта ў Чыжэвічах ведаюць? — зноў запытаў Сымон.

Аўрам зірнуў на Андрэя, потым на Сымона і доўга не мог вымавіць слова.

— У вас рабілі вобыск? — нарэшце запытаў ён.

— Рабілі.

— І ў цябе, Андрэй?

— І ў мяне, Аўрам.

— Не, я пра гэта не чуў. Пра гэта людзі не гавораць. Маўчаць. А калі людзі маўчаць, то трэба лічыць, што гэтага не было.

І Аўрам засмяяўся.

— Ратуйце мяне, добрыя людзі! Вобыск у Сташэвіча і Ашакевіча! Яны зладзеі! Чулі вы гэта? Не, я не чуў! Яны зрабілі вобыск у Сташэвіча і Ашакевіча. А чаму яны не зрабілі вобыск у Хаіма Ножыка? Чаму яны не зрабілі? І чаму яны не забралі Хаіма Ножыка разам з Яўхімам Халустам? Бо хіба яны не ў парцы ходзяць — Ножык і Халуста,— як коні ў плузе, хоць адзін чорны, а другі гняды? Бо хоць чорны, хоць гняды, але абодва кані, і хоць Яўхім, хоць Хаім, але абодва зладзеі. Ці не праўду я кажу?

Мужчыны кіўнулі, а Ладымер сказаў:

— Што праўда, то праўда, Аўрам, ты разумны чалавек.

— Чаму я не начую ў Хаіма Ножыка, калі мяне вечар застане ў дарозе? Такі ж мы з ім адной веры. Чаму я ў яго не начую? Чаму я мінуў яго двор у Чыжэвічах і паехаў да Андрэя Сташэвіча па такой няўдалай дарозе? Можа таму, што Хаім мацае, што ляжыць у маім возе? Не, не таму, хоць я ведаю, што ён памацаў бы. Я да яго таму не заязджаю, што ён злодзей. Ён жыдоўскі хам! І калі я да яго заеду, то людзі будуць глядзець на мяне коса. Яны падумаюць, што і я злодзей, калі ў злодзея начую. А хіба не так? Хіба сумленны чалавек да злодзея заедзе, будзе з ім сябраваць?

Тут Аўрам падхапіўся з месца і пабег да сваіх торбаў.

— Юстыніха! Я загаварыўся і забыў. Галава на плячах! Ідзіце сюды, Юстыніха. Я прывёз вам селядцоў і тараноў. У вас жа цяпер пост, хіба я не ведаю! От у гэтай торбе селядцы, а ў гэтай тараны.

Старая Аксеня ўзрадавалася, падышла да Аўрама, каб забраць і апаражніць яго торбы.

— Дзякуй жа вам, Аўрам. А я ўжо хацела Андрэя ў Старочын дасылаць, ды ўсё от так часу няма. А сёння такая бяда ўвалілася ў хату...

— Увалілася і вывалілася, няма чаго бедаваць.

— А грошы няхай Андрэй плаціць.

— Якія грошы, які Андрэй! — закрычаў Аўрам.— А я ў вас не начую, не вячэраю і не снедаю? І мой конь стаіць галодны? Не, Юстыніха, мы са старым Юстынем, няхай яму дасць бог царства нябеснае, так не гаварылі.

— Я дурная старая баба, Аўрам, нічога не ведаю.

— Што старая, то гэта так, а што дурная, то гэта не...

Ладымер намацаў у кішэні свой стары кашалёк і сказаў Аўраму:

— Можа ты, пане Аўрам, маеш на продаж тараны і селядцы?

— Не, пане Некрашэвіч, не маю. Я гэтым не таргую. Гэта не мой гандаль. Мой гандаль цяляты-выпусткі, авечкі, аўчыны, скуры, рознае паскудства. А тараны і селядцы прадае Мармур Бэня.

Якаў з цікаўнасцю глядзеў на гэтага волата, шчырага і простага, па-свойму разумнага, і думаў, што каб жыццё было не такое, якое яно ёсць, ці купляў бы ён цялят-выпусткаў?

Аўрам тым часам паклаў адну торбачку ў другую, павесіў яе на цвік і сказаў:

— Я зусім дурны, мужчыны. Я пра ўсё забыў. Вы мне расказалі пра Малінаўку, а я вам не расказаў пра маёнтак.

Якаў адразу насцярожыўся.

— А што такое ў маёнтку? — запытаў ён.

— У маёнтку? У маёнтку бяда. Стаў бровар і стаў млын. Аконам крануў нейкую маладую жанчыну, і яна радзіла без пары.

Якаў устаў.

— Я пайду, Андрэй,— сказаў ён.

Андрэй правёў яго да брамы.

— У маёнтак?

— У маёнтак, Андрэй.