„За гарамі горы хмарамі павіты, Пасеяны горам ды крывёй паліты; Спакон веку Промэтэя там арол карае, Штодзень дзяўбе яго робры, сэрца разрывае“…З народнай песьні аб Промэтэю.
Калісь у старажытнасьці багі Алімпа
К скале, марскі што грэбень абмываў,
Так моцна прыкавалі Промэтэя,
Што нярухома ён, як-бы мярцьвяк ляжаў.
Як толькі ён, зьнямеўшыя ад болі рукі й ногі
Хоць крыху рупіўся заварушыць,
Яго пакутай злоснаю каралі.
Здавалася, што надта мала будзе ўжо ён жыць,
Як толькі ён хацеў падаць свой голас,
Яны хутчэй яму сьціскалі рот.
І хоць ён люду мілы быў, бо даў сьвятло жывое,
Але атратаваць яго бязмоцны быў народ.
І думалі памсьлівыя багі Алімпа,
Што ўмацавалася улада іх навек.
Але свае астатнія напружыў сілы
Магутны гэты чалавек —
І затрашчэлі і рассыпаліся з звонам,
Трымаўшыя яго так моцна ланцугі,
І вось, на дзіва ўсяму сьвету, вольны
Пакінуў ён марскія берагі. Багоў Алімпа захапіў спалох вялікі,
Замёрла сэрца ўладароў ліхіх
Ад думкі тэй, што Промэтэй ўжо хутка
На грозны суд пацягне іх…
...............
Лунаюць скрозь чырвоныя штандары…
Здаецца, згінула навек ліхое зло.
Зьлілося ўсё — сьцягі, народ і песьні —
Ў адно чырвона-бурнае сьвятло.
Цябе я сёньня ўсюды бачу, Промэтэй наш родны.
Хай ведае аб гэтым цэлы сьвет.
У шумных гарадох і ў ціхіх вёсках —
Твой скрозь відаць чырвоны сьлед!
Парваў навек ты ланцугі пакуты,
Нясеш аб сьветлай волі гучны клік.
На дзіва дзіўнае усім народам
Зьявіўся ты — магуч, вялік!
У вуснах ачуняўшага народу — Промэтэя
Цудоўнай новай песьні гук зьвініць,
І вестка аб жыцьці сьвятлістым, вольным
Наўкола шпаркая ляціць.
Ідзе народ бязьлічнай грамадою,
З вясёлым гімнам волі залатой,
Наперад дружнаю: магутнаю сямьёю —
Да працы ўцешнай, вольнай і сьвятой!
|