|
Прайшло пяць гадоў з таго сумнага маю,
Як змоўк наш поэт, наш пясьняр хараства,
Але верш твой сталёвы зьвініць скрозь у краю —
Яго вучыць у школах вясковых дзятва.
Ты выведаў тайну гармоніі дзіўнай
І вывучыў хартыі роднай красы:
Твае вершы вясёлкай зіхцяць пераліўнай,
Нібы сонейка ў кроплях вясеньняй расы.
Магутнасьць і гібкасьць радзімага слова
Яскрава ты выявіў сьвету ўсяму.
Твая ліра сьпявала нам музыкай новай.
Яркім сьветачам стаўся ты краю свайму.
Ад думак крыштальных, што ўкладзены ў вершы
І мудрасьцю вее і блескам сьвятым;
Беларуская мова зіхцець стала ўперша
Сьветазорным магутным агнём залатым.
Чуцьцём сваім моцным і думкай крылатай
Ты часта ў чужыне свой край аблятаў;
З ім ты зьліўся душою, любоўю багатай.
З шчырых дум і чуцьця свой „Вянок“ ты сплятаў.
Ад ліры тваёй наша родная мова
Набралася сілы, аздобы, жыцьця…
Хай-жа вечна гучыць тваё моцнае слова
І чапае найлепшыя струны чуцьця!
|