(З прычыны яго сьмерці 26 лютага 1922 г.)
Сумуй, краіна беларусаў,
Жалобны апрані убор,
Бо змоўк пісьменьнік твой яскравы,
Сьмяртэльны ўнёс яго віхор…
Ён шчыра зычыў долі краю,
Чакаў сьвятлейшага жыцьця.
І вось зара ўзыйшла ў краіне,
А ён — у царстве нябыцьця.
Але ў сваіх жывучых творах
Ты ў краі вечна будзеш жыць!
Таго радзіма не забудзе,
Хто шчыра ўмеў яе любіць.
На роднай глебе беларускай
Твая „Бярозка“ й „Васількі“
Тут будуць вечна красавацца,
Як чараўныя аганькі.
Агонь ня згасьне вострых словаў;
Іх беларусам не забыць,
Пакуль наш край існуе ў сьвеце,
Пакуль наш люд тут будзе жыць!
Ты гумарам, сатырай ёмкай
Людзей палепшыць цёнгля дбаў;
З каханьнем шчырым к чалавеку
Яго заганы маляваў.
Жыцьцё зьвяроў і розных птушак
Любіў ты шчыра, як дзіця, —
І з-пад пяра твайго паўсталі
На сьвет малюнкі іх жыцьця.
Твайго імя нам не забыцца
У доўгім шэрагу вякоў.
Прымі-ж хвалу, пісьменьнік слаўны,
Краіны роднае сыноў!
|