Перайсці да зместу

Заранкі (1924)/Вяртаньне ў радзіму

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У купальскую ноч Вяртаньне ў радзіму
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
На прадвесьні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯРТАНЬНЕ Ў РАДЗІМУ.

Вунь за жытнім полем
Ля гары лясістай
Заблішчэла рэчка
Стужкаю срабрыстай.
Рэчка хутка коціць
Ўдаль шумлівы хвалі.
Вунь куточак родны
У блакітнай далі.
Зноў я вас убачыў,
Водныя загоны.
Вунь лясок, ля лесу
Зелянеюць плёны.
Па-над рэчкай сьветлай
Вылунала вёска, —
Туляцца па ўзгорку
Хаты і бярозкі.
Вунь кусты ля рэчкі,
Дзе зьбіраў суніцы,
Дзе паіў кароў я
Шклістаю вадзіцай.
Там вярбінка нізка
Над вадой схілілась,
Дзе, я помню, ў дзецтве
Рыбка так лавілась.
Тут куток мой мілы,
Дзе калісь радзіўся,
Дзе калісь я кволы
Ў гэты сьвет зьявіўся.
Во й садок зялёны,
А за садам хатка,
Дзе калісь я бачыў
Ласкі роднай маткі.
Тут кацілась хваляй
Дзецтва залатое
З мілымі гульнямі,
З шчасьцем, з яснатою;
Кожную тут дробязь
Ўспомніць сэрцу міла.
Тут я ўзгадаваўся,
Ўзмацаваў я сілы.
Цешыўся я шчыра
Хараством прыроды,
Бачыў шчасьце й радасьць,
Бачыў і нягоды.
Пазнаваў людзей тут
І вучыўся жыці,
Шчырых меў я сябраў —
Іх мне не забыці.
Ведаў тут я працу,
Ведаў і спачынак.
Захаваў ў душы я
Сьветлы успамінак.
Чыстым, шчырым сэрцам
Тут спазнаў каханьне…
К табе, родна вёска,
Ляту наспатканьне!..