Заранкі (1924)/Веснавое

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вясна ідзе… Веснавое
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Адрадзілася прырода…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сустракаць пайду вясну…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕСНАВОЕ.

Не!.. я сёньня не засну,
Спатыкаць пайду вясну…
У садочку ля маліны,
Дзе кляновыя галіны
Прытуліліся к кустам, —
Я вясну убачу там.
Між кустоў калматых бэзу
У прынадны кут залезу;
Сяду я на лаўцы там,
Што зрабіў калісь я сам.
Там растуць мае бярозкі.
З іх лісточкаў клейкіх сьлёзкі
На зямлю ляцяць расой —
Зьяюць зорнаю красой.
За смародзіны кустамі,
Што шапочуцца лістамі,
Ад бярозак крыху ў бок
Малады стаіць дубок.
Там і ліпка каля тыну,
Што схавалася ў маліну.
Пасадзіў яе з дубком,
Як малым быў хлапчуком…
А над садам, на прасторы,
Будуць залатыя зоры
Ткаць чароўныя мне сны
І вітаць прылёт вясны.
Сёньня сад ў срэбным бляску.
Скажуць лісьцікі мне казку,
Што з вятрыскам гаманяць,
Аб чым — ночы толькі знаць
Ды поэту, што прыходзе,
Вясны сьветлае на ўсходзе,
З мар снаваць цудоўну ніць
І з прыродай гаманіць…
Не!.. я сёньня не засну,
Спатыкаць пайду вясну!…