Западно-руссизм/РАЗЬДЗЕЛ ШОСТЫ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
РАЗЬДЗЕЛ ПЯТЫ Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі
Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч
1929
Крыніца: [1]
РАЗЬДЗЕЛ СЁМЫ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ня гледзячы на глухі, пазбаўлены якога-б то ні было грамадзкага жыцьця, пэрыод 70-х гадоў на Беларусі, ня гледзячы на перамогу рэакцыі і казённай офіцыяльнай сфэры, якая шэрым пакрыцьцём лягла на Беларусь і зусім захавала ад вока біцьцё народнага пульсу[1], недзе ў народных глыбінях, пад саламянай страхой курнай сялянскай хаты, у старасьвецкіх засьценках зьбяднелай беларускай шляхты, як і раней, жыла і паціху гарэла сьвядомасьць таго, што ні вызваленьне сялян ад прыгону, ні полымя крывавага паўстаньня, ні расійская адміністрацыя з яе чыноўнікамі, школамі, войскамі і турмамі, ні, урэшце, сьвісткі паравозаў, што панесьліся дзікім чортам па лясох і балотах Беларусі,— што ўсё гэта не вырашае спрадвечнае загадкі краіны, не нясе ёй канчатковай блізкай і зразумелай праўды. Народныя масы ўсёроўна ставіліся да ўсіх гэтых навін і вонкава, толькі споверху іх успрыймалі. Як сто гадоў прад тым, яны маўкліва працавалі, слухалі і чагосьці чакалі.

Яны, праўда, бачылі, што жыцьцё нібы зьмяняецца; яны разумелі, што на іх насоўваецца нешта новае, але што гэта новае павінна сабой азначаць — яны не разумелі. Адно для іх было ясна: старая Польшча, тая «польская справа», якая панавала на гэтых землях столькі часу і ў еднасьці з якой шмат хто ў краю марыў аб больш свабодным і поўным жыцьці і ўглядаў нешта сваё ўласнае, тутэйшае,— што гэтая старая Польшча памерла і ад іх адыходзіць. Адыходзіць на захад, недзе за Буг да мазураў, да карэннай польскай зямлі, адыходзіць цалкам да Варшавы.

На месца гэтае польскасьці, яны бачылі, насоўваецца са ўсходу нешта новае, мала ведамае і знаёмае, але непераможна-моцнае — насоўваецца «Расія».

Ішла Расія па чыгунках, па нязьлічоных станцыях, што аселі па Беларусі на самых неспадзяваных мясцох, ішла паравозамі і вагонамі ў асобе машыністаў, кондуктараў, інжынэраў і падрадчыкаў з какардамі і форменымі гузікамі; ішла па судох, па казённых палатах і ўсіх гарадзкіх установах; ішла па паліцыі, па валасных кіраўніцтвах; перавальвалася ў сотнях тысяч пудоў грузаў, што наплывалі ў край чыгункай, ракой і шасой; насоўвалася ў вялізным звароце гандлю ў банках, у банкірскіх канторах; ішла па пошце; наварачвалася сотнямі воінскіх цягнікоў, нагружаных салдатамі з гармонікамі, з заліхвацкімі чужымі песьнямі; замацоўвалася ў дывізыённых штабах, у вялізарнейшых інтэнданцкіх складах і вайсковых кашарах, дзякуючы якім Беларусь абарачывалася ў нейкую бясконцую крэпасьць; урэшце, пачала ўсё больш і больш націскаць яна па царквох, школах, кнігах.

Усё, што было новага, напорыстага, пэўнага ў сябе, усё, што звысака і з пагардлівым зьдзіўленьнем глядзела на тутэйшае «лапацонскае»,— усё гэта было «Расія».

Якая яна была сапраўды гэтая «Расія», што яна з сабой прыносіла беларускай вёсцы і архаічнаму шляхоцкаму двару, дакладна ня было вядома. Пры канцы 70-х і з пачаткам 80-х гадоў Расія толькі пачынала наплываць сюды, яна падрыхтоўвалася да чагосьці большага, да ўсеагульнага, усебаковага ахапленьня. Але было ўжо ясна, што гэтае ахапленьне пачынаецца, што яно нямінучае.

Жалезны закон экономічнага разьвіцьця рабіў сваю справу. Расійскі капіталізм з пачаткам 80-х гадоў перарос граніцы пецярбурскай і маскоўскай мануфактуры і пасьля падрыхтоўчага окумуляцыйнага пэрыоду і пашырэньня на ўсход і поўдзень пачаў наступаць непераможнай пятою на захад, на Беларусь. Гэта ён — расійскі капітал — пачаў кідаць на Беларусь сотні цягнікоў, тысячы тон тавараў, безьліч гандлёвых агентаў, чынавенства, паліцыі, папоў, салдат. Тое, што на працягу цэльнага стагоддзя было не пад сілу імпэратарскаму расійскаму ўраду з яго крывавым дэспотычным рэжымам,— ператварэньне Беларусі з польскага краю ў край «истинно-русский»,— тое бяскроўна і бяз шуму пачаў рабіць расійскі капітал з яго фабрыкамі, заводамі і канторамі.

І вось пад вясковай страхой, у шляхоцкім засьценку, ды ў стара- сьвецкім панскім двары на Беларусі адчулася небясьпека. Загастрылася старое, спрадвечнае пытаньне, якое скрозь стаяла над краінай і ў часы Рэчы Паспалітай, і ў часы цара і прыгону: што-ж ёсьць тут, на месцы, ад чаго адхілілася і ад чаго пачала адыходзіць Польшча і куды насоўваецца Расія?

Што значыць «тутэйшы край» і «тутэйшы народ»?

Так у самую заняпалую пору «патапаўшчыны» па Беларусі падрыхтоўвалася і нараджалася ўзвышаная ідэя прыгнечанае мужыцкае беларускае нацыі і адбывалася ўсьведамленьне самастойнасьці беларускай нацыянальнай культуры.

Тое, што цягнулася праз гады, дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі, тое, урэшце, знайшло само сябе, знайшло сваё імя, вырвалася полымем зпад попелу мінулага.

Мы гаворым аб дзейнасьці Багушэвіча і пачатку беларускага культурнага сэпаратызму. Першыя праявы гэтае сьвядомасьці мы адносім значна далей, чым гэта прынята, мы адносім яе да першых дзесяцігодзьдзяў XIX веку, калі у мурох Віленскага унівэрсытэту залажыўся гурток беларускіх (рутэнскіх) адраджэнцаў у асобах Ігната Даніловіча, Міхаіла Баброўскага, Язэпа Ярашэвіча ды іншых. Праявы яе мы бачым затым на ўсім працягу XIX ст.— ад прац Яна Чачота да вершаў Дуніна-Марцінкевіча. Але першае сапраўднае выяўленьне беларускае ідэі і сьвядомае зацьверджаньне яе як ідэі не провінцыяльна-польскай і не провінцыяльна-расійскай, а самастойнай, незалежнай ад таго і другога боку мы адносім да 70-х гадоў, да дзейнасьці Багушэвіча.

Беларускае адраджэньне як кожнае соцыяльнае зьявішча не магло быць вынікам голай ідэі, не абапёртай і ня зьвязанай з тымі экономічнымі прычынамі, якія яго выклікалі. Сама па сабе ідэя гэтая і не магла зьявіцца. Яна магла толькі зарысоўвацца як пэўная альтэрнатыва, як пэўная потэнцыяльная магчымасьць, але яна не магла знайсьці сабе месца ў жыцьці як рэальны грамадзкі фактар. Вось чаму ідэя беларускага культурнага адраджэньня лунала ў паветры на працягу ўсяго XIX стагодзьдзя і, аднак, не набыла рэальнай формы: для гэтага ня было адпаведных матэрыяльных умоў. Тае клясы шляхецка-дваранскай, якая ў мінулым заўсёды зьяўлялася носьбітам нацыянальнай ідэі (прыкл., на Украіне, у Польшчы, Чэха-Славакіі, у паўднёвых славян і г. д.), на Беларусі ня было. Ці, лепш кажучы, яна была, але ў стане дэнацыяналізаваным, поў-польскім. Зьвязаная адзінай натуральнай сельскай гаспадаркай з рэштай Польшчы, складаючы з ёй у экономічным сэнсе адно цэлае, яна з прычыны чыста об’ектыўных умоў не магла пазбыцца сваёй польскасьці і вярнуцца ў беларускую нацыянальную стыхію. Усе спробы яе ў гэтым кірунку былі і заставаліся толькі спробамі. Польшча душыла Беларусь сваім зямельным капіталам з такой сілай, што, як мы зазначылі, нават Расійская імпэрыя з усёй грамадой яе дзяржаўных, політычных і культурных засабаў нічога тут не магла парабіць. Мы ведаем, як рашуча спынялася колёнізацыйна-русыфікатарская політыка Кацярыны ІІ, як гэткім-жа фіаско скончыліся спробы Мікалая І і які мізэрны вынік даў разгром другога польскага паўстаньня: польскасьць як праява польскай экономічнай сілы ў краі заўсёды перамагала і зводзіла на нішто ўсе афіцыяльныя наскокі расійскай політычнай улады.

Няма чаго даводзіць, што ў адносінах да беларускасьці экономічная сіла польскага зямельнага капіталу была непараўнальна большай. Выбіцца з-пад яе ўплыву беларускасьць не магла ні пры якіх умовах. Ад Буга і да Дзьвіны і ад Нёмана да Дняпра на працягу апошніх стагодзьдзяў усё жыцьцё Беларусі было прасякнута польскай культурай, польскай мовай, усюды панавала польская кніга і асьвета. Ня кажучы ўжо аб памешчыцкім двары, як і наогул аб шляхце, нават такі стан. як папоўства, і тое да 70-80-х гадоў на Беларусі размаўляла папольску і жывіла свой сьветапогляд польскай навукай і літаратурай.

Адзіна, што магла рабіць і што, сапраўды, рабіла беларускасьць ва ўмовах польскага экономічнага акружэньня і выкліканага ім акружэньня культурнага,— гэта падтрымліваць свае мясцовыя звычаі, ня цурацца сваёй мясцовай мовы, падымаць і ўсьведамляць па меры магчымасьці беларускага селяніна як адзін з элемэнтаў магчымага адраджэньня Польшчы.

Кожны шляхціч, кожны пан, які адчуваў сябе беларусам, мог іменна толькі адчуваць гэта і ня мог ператварыць гэтае адчуваньне ў чыннасьць. Яму занадта цяжка была парваць са стагодняй польскай традыцыяй, стаць тварам супроць Польшчы, г. зн. супроць права Польшчы на Беларусь. Для таго каб магло гэта стацца, каб беларускі дробны шляхціч мог стаяць тварам супроць Польшчы і падняць супроць яе барацьбу, як васал супроць сувэрэна, для гэтага патрэбна было адно з двух: або каб ён быў рэволюцыянэрам, здольным на змаганьне незалежна ад рэальнасьці свайго ідэалу і далёкасьці канчатковай перамогі, або каб сіла Польшчы, у даным выпадку сіла экономічная, была парушана на бе арускай зямлі. Трэба было, каб сама Польшча «адмовілася» ад сваіх гістарычных прэтэнзій на Беларусь.

Першым праломам экономічнага значэньня Польшчы на Беларусі было вызваленьне сялян. Але дасьледнікі нашае экономічнае гісторыі[2] справядліва даводзяць, што погляд, быццам вызваленьне сялян глыбока парушыла польскі зямельны капітал на Беларусі, памылковы. Бязумоўна, гэта так. Сур’ёзна парушыліся польскія ўплывы на Беларусі толькі ў сямідзесятыя гады, калі творчыя сілы польскага капіталу сконцэнтраваліся ў карэннай Польшчы і калі там, каля лодзінскіх і варшаўскіх фабрык, пачала вырастаць польская буржуазія. І самым паважным крызісам гэтага ўплыву быў аграрны крызіс канца 80-х і пачатку 90-х гадоў, які па часе супаў на Беларусі з надыходам сюды шырокай расійскай фабрычнай прамысловасьці. Тады толькі, у гэтыя годы, інтарэсы польскага капіталу канчаткова пахіснуліся і пачалася апошняя барацьба паміж імі і інтарэсамі расійскага капіталу.

У гэтым сэнсе эпоха рэакцыі 70-х і пачатку 80-х гадоў была пераломнай. І вось на гэтым экономічным пераломе — адыходу польскага капіталу з Беларусі і набліжэньня надыходу расійскага — і зазначыўся крытычны момант у гістарычным жыцьці Беларусі, калі ў асобе сваіх выдатнейшых прадстаўнікоў яна знайшла сама сябе.

Было-б вельмі цікава прасачыць, калі і пры якіх умовах складаўся сьветагляд Ф. Багушэвіча і калі з-пад яго пяра выходзілі першыя прызнаньні і лёзунгі беларускага нацыянальнага адраджэньня. Пытаньне гэтае недасьледванае і, на жаль, з прычыны загубы архіву Багушэвіча, бадай, ці будзе калі раскрыта[3].

Але можна напэўна сказаць на аснове аналізу яго твораў і знаёмства з настроямі тагачаснай эпохі, што да сваіх пераконаньняў поэта дайшоў дзякуючы няўдачы польскага паўстаньня, у выніку таго расчараваньня ў панскіх ідэалах паўстаньня, якое (расчараваньне) было характэрна шмат для каго з беларускіх яго ўдзельнікаў; і, урэшце, на наш погляд, самае галоўнае — дзякуючы таму, што ходам жыцьця сама Польшча была адціснута далёка на захад да сваіх этнографічных межаў[4].

Беларусь упяршыню пазбылася польскай экономічнай моцы і выкліканага ёю гіпнозу польскай культуры.

Інтэлігентны беларус у гэты момант упяршыню мог глянуць на сьвет сваімі ўласнымі вачыма, без акуляраў польскасьці.

Зразумела, што гэта быў погляд мужыцкі і глыбока народніцкі. «Здаралася і мне чытаць кніжкі якогась пана Марцінкевіча,— піша Ф. Багушэвіч,— але ўсе яны, як-бы сьмяючыся з нашага брата, пісаны». У гэтых словах сялянская Беларусь канчала са старон ідылічнай беларуска-польскай традыцыяй. Уся творчасьць поэты — у сялянскай нядолі, у процілежнасьці мужыка пану, у шуканьні тае казачнае крыніцы — «напіўшыся з якой, яго народ будзе вольным».

Першыя крокі беларускага руху ці, лепш кажучы, падрыхтоўка гэтага руху не працякала асобна ад тагачаснага разьвіцьця ведаў і агульна-грамадзкіх настрояў. Так зв. «вайна за вызваленьне славян» 1877-78 г. выклікала ў расійскай навуцы значную зацікаўленасьць да славянства наогул і была аднэй са значных пабудак да этнографічнага вывучэньня славянскіх народаў. Працы Пыпіна, Спасовіча і шмат іншых паставілі славянскую этнографію ў Расіі на вельмі высокую ступень і выклікалі адпаведны ўздым этнографічных досьледаў на мясцох, у тым ліку і на Беларусі. 80-я гады вызначаюцца шпаркім разьвіцьцём беларускай этнографіі і павялічанай зацікаўленасьцю да беларускае народнасьці як об’екту навуковага вывучэньня. Фактычна кажучы, з гэтых год можна і трэба пачынаць беларускую этнографію, якая пачала разьвівацца мясцовымі беларускімі сіламі. Гэта адно ўжо спрыяла разьвіцьцю думак аб культурнай асобнасьці Беларусі сярод шырэйшых колаў яе грамадзтва. Вядомы гістарычны факт, што этнографічная зацікаўленасць да таго або іншага народу вельмі сьцісла зьвязваецца з ідэяй яго нацыянальнага адраджэньня, а так зв. «этнографічнае» разуменьне нацыі зазвычай перарастае ў разуменьне нацыянальнае. Падобнае зьявішча наглядалася акурат і на Беларусі ў разгляданую эпоху, калі этнографічныя працы П. Безсонова. І. Насовіча, П. Шэйна і інш. давалі новы грунт і лішні аргумэнт для разьвіцьця беларускай нацыянальна-культурнай ідэі.

Падобнае-ж спагаднае значэньне мела і народніцтва, якое шырокай хваляй разьлілося ў тыя дзесяцігодзьдзі па Расіі і якое, бязумоўна, адбівалася па Беларусі. Хоць нашыя архівы, з прычын ад іх незалежных, і не багаты на адпаведны матэрыял, аднак некаторыя з іх мы знаходзім. З гэтых матэрыялаў відаць, што хоць значнага руху «ў народ» на Беларусі дзякуючы яе соцыяльна-нацыянальным асаблівасьцям ня было, але беларуская моладзь, пераважна мясцовае студэнцтва, з запалам накідвалася на народніцкія поэмы Некрасова, дыхала любоўю да «меншага брата» — мужыка, стварала гурткі, у якіх патаемна распаўсюджвала нелегальную літаратуру, перапісвала забароненыя вершы, вяла гарачыя гутаркі аб долі народа і краю.

Урэшце, вельмі значны ўплыў мела на Беларусь і нацыянальнакультурная праца на Украіне. Украінскі рух перажываў у тыя часы наймацнейшы ўціск, і украінскае слова падпадала яшчэ большай забароне, чым беларускае. Аднак, ідэя украінскага адраджэньня, што паўстала яшчэ ў 40-50-я гады ў кірыла-мэфодыеўскім брацтве, не заглохла і ў гэтыя гады. У 1872 г. закладаецца ў Кіеве трупа Старыцкага, Карпэнко-Рудога і Крапівніцкага, якая на працягу дзесяцігодзьдзя разьяжджае па гарадох і вёсках Украіны і «будзіць любоў да роднага слова».

Вядома, што Багушэвіч жыў у тыя часы на Украіне і, трэба думаць, блізка ведаў аб гэтай культурнай чыннасьці. У гэты-ж час у Кіеве, пад кіраўніцтвам вядомага этнографа Чубінскага, які толькі вярнуўся з ссылкі, працуе «Юго-Западный отдел Русского Географического Общества» (вельмі розны ад нашага віленскага!), у якім концэнтруюцца ўсе культурныя сілы Украіны; у мэтах нацыянальнакультурнага будаўніцтва аддзел зьвязваецца з украінскімі ўстановамі Львова. Пасьля закрыцьця аддзелу і поўнай забароны украінскае літаратуры (да 1881 г. нават спэктакляў і нотных сьпеваў), асноўваецца новы цэнтр барацьбы за адраджэньне — на эміграцыі, у Жэнэве.

Да Беларусі не маглі не даходзіць чуткі аб нацыянальнакультурнай дзейнасьці на Украіне, не магла не даходзіць і пропаганда жэнэўскае «Грамады». Не дарма апошняя казала ў сваіх адозвах, што «яна не разумее украінскага вызваленьня бяз гэтага-ж вызваленьня польскай, літоўскай, беларускай і інш. нацыянальнасьцяй». Ёсьць сьведчаньні, што ў складзе жэнэўскай «Грамады» ў пачатку 80-х гадоў былі і некаторыя з беларусаў, а зьяўленьне ў 1884 г. сярод беларускіх студэнтаў Пецярбурскага унівэрсытэту літаграфаванай часопісі «Гоман»[5], у якой ясна гаворыцца аб патрэбе для Беларусі аўтаноміі, можна паставіць у беспасрэдную сувязь з украінскім «Гуртком Трынаццаці», які консьпірацыйна існаваў сярод украінскае моладзі Пецярбургу з 1883 па 1890 г. Гурток гэты называў сябе «групай украінскіх соцыялістых-фэдэралістых», завязваў сваю дзейнасць з кірылаўскім таварыствам, з шэўчэнкаўскай «Основой» і фэдэралізмам Костомарова і меў вельмі выразную радыкальную політычную програму. Між іншым, § 7 гэтае праграмы літаральна паўтараў вымогу жэнэўскай «Грамады» вызваленьня беларускай нацыянальнасьці — як нацыянальнасьці, якая разам з украінскай, польска-літоўскай і г. д. «зьяўляецца бяспраўнай у культурных адносінах». Экономічная частка програмы вымагала соцыялізацыі прамысловых прадпрыемстваў і зямлі[6].

І калі ў 1887 годзе ў Менску каля рэдакцыі «Минского Листка» сабраліся маладыя энтузіястыя — Ян Няслухоўскі, Ал. Слупскі і М. Доўнар-Запольскі і офіцыяльна, пасьля цэнзурнай цеганіны, прыступілі да выданьня «Северо-Западного Календаря» з наяўным беларускім ухілам, зрабілася ясным, што, ня гледзячы на лютую рэакцыю і слабыя сілы, справа адраджэньня краіны вышла з падпольля на шырокі сьвет[7].

За гэты пэрыод часу «западно-руссизм», як мы паказалі вышэй, знаходзіўся таксама ў заняпадзе. Але таксама, як і беларуская нацыянальная ідэя, ён не заглух, але набіраў моцы і афармляўся. Ад такога чалавека, якім быў М. Каяловіч, не маглі ўкрыцца тыя процэсы, якія праходзілі на Беларусі; ён іх пільна наглядаў, а наглядаючы, усё больш непакоіўся. Ён адчуваў, як побач з пасіленьнем «западно-русских» імкненьняў, над выхаваньнем якіх ён і яго аднадумцы з гэткім запалам працавалі ў 60-х гадох, на Беларусі вырастае зусім процілежны рух — пакуль што можа і ня рух, але нейкі няўлоўны настрой, абапёрты на мясцовым самастойным пачуцьці і зьвернуты супроць казённай Расіі. Седзячы ў Пецярбурзе і атрымліваючы весткі з краю, ён ведаў і аб беларускіх гурткоў, і аб беларускіх вершах, што хадзілі ў шматлікіх рукапісах, ведаў і аб рэволюцыйных закліках, што пашыраліся сярод пецярбурскай студэнцкай моладзі з «заходніх губэрняў».

Адусюль веяла «духам сэпаратызму». Ня толькі ў проклямацыях украінскіх і беларускіх фэдэралістых, ня толькі ў пропагандзе народніцкіх і соцыялістычных партый — «дух сэпаратызму» дзьмуў нават з солідных навуковых выданьняў, больш таго — аб ім разважалі ў беларускіх царкоўных брацтвах[8]. Тое, аб чым так клапаціўся Каяловіч перад паўстаньнем і пад час яго, «каб мясцовая партыя» альбо «партыя лепшых польскіх людзей» на Беларусі адмовілася ад ідэалаў вялікае Польшчы, адхілілася-б ад тварэньня польскае культуры на беларускіх землях і прыняла «новую програму»,— нарэшце сталася. Але сталася зусім ня ў гэткім выглядзе, як аб гэтым марыў «западнорусспзм»: адмовіўшыся ад служэньня польскасьці, «мясцовыя людзі» польскай культуры не пачалі служыць расійскасьці, але пачалі аддаваць свае сілы мясновай-жа ідэі — беларускай. У «новай програме» ня было ўсхваленьняў польскага гістарычнага генія, але ня было фіміаму і расійскаму пачатку; ня было пакланеньня рэволюцыйнай констытуцыі 3 мая, але затое зьявіліся ня менш небясьпечныя дэструкцыйныя намаганьні. Адно зло было варта другога.

Трэба было ратаваць становішча, пакуль ня было позна. Трэба было даць «западно-руссизму» гэткі зьмест і кірунак, каб яму не пагражала аднекуль узьнікшая пагроза «мясцовага сэпаратызму». Трэба было ня толькі ўтрымаць стары лёзунг «обрусення» Беларусі — лёзунг, як разумеў шмат хто з «западно-руссов», залішне казённа-патрыятычны і бяздушны, але ўгрунтаваць яго навукова і ўдыхнуць у яго жывы і паваблівы настрой. Абскурантызм быў тут недарэчны і шкодны — гэта ўсе добра бачылі, барацьба вымагала чагосьці больш паважнага і творчага.

За гэтую задачу ўзяўся зноў такі М. Каяловіч — галоўны павадыр і ідэолёг «западно-русспзма». Уся яго праца ў 80-я гады, дзейнасьць у «Славянском Обществе», публічныя лекцыі і даклады, артыкулы ў «Новом Времени» і іншых тагачасных часопісях і газэтах, солідны том «Истории русского самосознания», праца ў камісіі па організацыі школьнай асьветы на Беларусі, жвавая перапіска з кіраўнікамі расійскай політыкі, урэшце, тыя гурткі, якія ён тварыў навокал сябе ў Пецярбурзе і на мясцох з беларускай моладзі і са сваіх прыхільнікаў,— усё гэта служыла аднэй мэце: ідэолёгічна аформіць «западно-русснзм» як пэўную гістарычную і політычную школу.

Перш, чым перайсьці да аналізу «западно-русской» ідэолёгіі, пасябруем з Каяловічам у падарожы, якую ён зрабіў па Беларусі, калі ў ёй ужо зьявіліся «нанова маладыя зялёныя пабегі «западно-русспзма» — г. зн. калі адыйшла ў прочкі знамянітая «патапаўшчына» і калі Аляксандар ІІІ, умацаваўшыся на ўсерасійскім прастоле, абвясьціў, што «Расія існуе для рускіх».

Падобная падарожа будзе нам ня толькі цікавай — яна будзе карыснай дзеля больш рэльефнага выяўленьня тых настрояў і ўражаньняў, растлумачыць і перамагчы якія закліканы быў «западнорусснзм» на сваім жыцьцёвым шляху.

Ехаў Каяловіч на Беларусь, як і заўсёды езьдзіў, ня толькі дзеля прыемнасьці падыхаць сьвежым, родным паветрам, ня толькі, каб адпачыць пасьля трупэхлых пецярбурскіх канцылярый і лекцый у акадэміі, але дзеля таго. каб разам з тым праверыць свае вывады і на справе, сярод жывых людзей, замацаваць і пашырыць свае пераконаньні. Кожная яго падарожа была зьвязана з гэткімі праверачнымі і агітацыйнымі мэтамі. Ён аб’яжджаў вялізныя абшары, размаўляў, па ўласным прызнаньні, са шмат сотнямі людзей, вывучаў краіну з пункту гледжаньня барацьбы з полёнізмам і распаўсюджаньня «западно-русских» поглядаў, «углядваўся ў вочы моладзі, у якой сьвіціўся аганёк інтэлектуальнай і моральнай сілы», зьбіраў патрэбных людзей навокал сябе, аб’еднываў іх, раіў, вырашаў найбольш заблытаныя пытаньні, надаваў веры, усюды, дзе толькі можна, ствараў сярод іх гурткі сваіх прыхільн каў. У гэтым сэнсе сярод іншых «западноруссов» Каяловіч пры ўсёй сваёй эрудыцыі і навуковай паважнасьці быў і найбольш энэргічным і рухавым дзеячом-організатарам[9].

Падарожа яго ў 80-х гадох — гэта жывая кніга грамадзкага жыцьця Беларусі таго часу.

Што-ж ён знайшоў у ёй? Якія суцяшальныя старонкі раскрыліся прад яго «западно-русским» вокам? Якія дасягненьні сваёй справы ён убачыў на віленскім і менскім грунце?

Агульнае ўражаньне ад падарожы — ня радаснае. У Вільні, напрыклад, у 1885 годзе,— усё ва успамінах.

«Жыва ўспамінаюцца мне і поэтычнае натхненьне тагачасных рускіх людзей, калі на хвалях Віліі з лодак і на Антакольскіх узгор’ях нярэдка гучэла артыстычнае харавое рускае пяяньне... То быў час ген.-губ. Кауфмана — час вялікага абуджэньня сіл і багацейшых плянаў па ўсіх бакох заходня-рускага жыцьця. Цяпер у Вільні і ўсюды ў Заходняй Расіі шмат «русских людей» у параўнаньні з тым, што было дваццаць год таму назад. Але ў гэтых людзях далёка няма таго абуджэньня, таго ажыўленьня ў выясьненьні і вырашэньні істотных задач заходня-рускага жыцьця, якое было дваццаць год назад. Усё асунулася, ахоплена нейкай апатыяй»... «Як пазбавіцца заходнярускім людзям гэтага апатычнага настрою?» — пытаецца Каяловіч і адказвае: «Для ўсяго так з в. «северо-западного» края Расіі няма мясцовага навуковага цэнтру і непарушна з ім зьвязанага літаратурнага руху. У Вільні няма ні унівэрсытэту, ні акадэміі, ні ўплывовага органу друку. Пытаньняў, якія патрабуюць вышэйшага разуменьня і распрацоўкі, процьма, а іх не разумеюць, ня ведаюць, як з імі быць. Мясцовая ўлада самым жыцьцём выклікаецца на клопат хоць чым-не будзь замяніць адсутнасьць у Вільні вышэйшай абуджаючай сілы — вышэйшае школы, але на пытаньне, што-ж з гэтага выходзіць, мы атрымлівай адказы, якія выклікалі ў нас смутак і панурасьць. Застаецца пажадаць, каб у Вільні хутчэй надышлі лепшыя часы для навуковай дзейнасьці[10].

Гэтыя-ж самыя думкі прыходзяць Каяловічу ў галаву з прычыны тагачаснай прэсы: «Ніводная са сталічных газэт не займаецца сыстэматычна Заходняй Расіяй. Шмат хто бачыць у гэтым вялікае зло і не разумее, чаму так ёсьць? Матэрыялаў для працы безьліч... але шматгадовыя назіраньні застаюцца асабістай заслугай і рэдка калі выходзяць за межы цеснага гуртка сяброў».

Яшчэ цяжэй адчуваў сябе падарожнік, разьяжджаючы па беларускай провінцыі.

«Калі вы разьяжджаеце па малых гарадох і вёсках Заходняй Расіі, з расійскім поглядам на тамтэйшых людзей і іх справы, дык першыя ўражаньні здольны прывесьці вас да самых безнадзейных вывадаў»,— ніша Каяловіч. «Нешта тут нанова будуецца і недабудаванае перадаецца другім для сканчэньня, а часьцей для пераработку а то для зусім новай будовы. Па ўсіх павятовых гарадох завяліся клюбы, а ў іх унівэрсальны сродак людзкае супольнасці — карты. На сходах «русских людей» павінна было-б быць узбуджэньне расійскае думкі, а ў павятовым горадзе няма ніводнае кніжнае крамы, і вучні гарадзкой школы ня ведаюць, дзе дастаць расійскую кніжку»[11].

«Але на гэтым не канец цяжкім рускім думам»,— разважае аўтар. «Усюды ўсё часьцей і часьцей чуецца польская мова — у клюбе, у хаце і на вуліцы. Малады паляк-студэнт, прыехаўшы з С.Пецярбургу на канікулы, з аплёмбам шуміць у паштовай канторы, чаму яму не адказваюць папольску на яго польскую мову, абзывае «нявежамі» расійскіх чыноўнікаў і заяўляе, што толькі нічога не разумеючы ў гісторыі, можна казаць, што тут няпольскі край... Можа калі-небудзь расійскі гістарычны гэні і створыць тут нешта новае. Але цяпер усё гэта пакуль хаос і бязладзьдзе».

Каяловіч згодзен з лёзунгам Аляксандра ІІІ — «Россия для русских», але разам з тым думае, што Заходні край — Беларусь павінна быць для «западно-руссов», для «местных русских людзей». І ён зноў вяртаецца да старой тэмы аб «обрусении».

«У нас так многа заняты абрусеньнем гэтае краіны, але, на жаль, абрусеньне разумеецца часьцей за ўсё самым няправільным і загубным чынам. Абрусеньне разумеецца ня так, што трэба падмацоўваць, ажыўляць і папаўняць тутэйшых рускіх людзей, а так, што іх трэба замяняць новымі рускімі людзьмі. Ад гэтага выходзіць вялікая блытаніна,— разважае Каяловіч.— Мы бачым у Менску, у цэнтры Беларусі, малдаван-абрусіцеляў»,— і расказвае сьмешную сцэнку, якую ён бачыў на менскім рынку, калі нейкі селянін, уцякаючы ад дужэйшага малдаваніна, крычаў: «Ратуйце, туркі б’юць»[12].

«З рускага пункту гледжаньня трэба, зразумела, з радасьцю вітаць кожную новую рускую сям’ю у Заходняй Расіі. Але калі гэта робіцца ў буйных памерах, гэтак кажучы, па адміністрацыйнаму загаду, дык выходзіць вельмі нядобра»... Тыя-ж думкі прыходзяць Каяловічу ў галаву і з другой прычыны: «Трэба, каб ва ўсіх момантах жыцьця была ўзноўлена сувязь заходняй Беларусі са ўсходняй, каб слабейшыя часткі гэтае краіны знаходзілі сабе падпору і ўзмахваньне ў больш дужых. Офіцыяльная сфэра папаўняецца прыежджымі з Расіі, але прыежджыя ня могуць напоўніць усіх месц, дый нядобра гэта было-б».

І вось на фоне ўсіх гэтых сумных назіраньняў Каяловіч трапляе на апошняе зьявішча, на навіну, якая ўзбуджае ў ім асаблівую трывогу. Імя гэтага зьявішча — сэпаратызм. Не на знаёмы яму «беларускі» або, лепш сказаць, «польска-беларускі» сэпаратызм, а на свой уласны, «западно-русский», не надуманы палякамі, але ўзгадаваны тут-жа, на ўласным «западно-руским» карэньні.

«На ўсім прасторы Заходняй Расіі сёньня разгартаецца падвойны сэпаратызм — заходня-рускі і вялікарускі, прычым адзін з іх, заходня-рускі, прымусова заганяецца ў саюз з палякамі. «Русские люди» ў Заходняй Расіі цяпер займаюцца географіяй, генэолёгіяй і нават фізыолёгіяй, але з такога боку, які ня мае ніякіх адносін да навукі. Яны разьбіраюцца, хто адкуль паходзіць і на што канчаецца яго прозьвішча — на «ов» ці на «іч». Адны гавораць: хто са ўсходу Расіі, той носьбіт поўных расійскіх асноў жыцьця, хто з захаду,— той напоўрускі, «палякуючы» або «вуніяцтвуючы». Другі бок плоціць роўнаважнай монэтай: хто з захаду, той сумленны, прыстойны чалавек, а хто са ўсходу, той гультай»[13].

«Пад гэтымі дробнымі лаянкамі захоўваецца вельмі сур’ёзнае разьяднаньне,— прызнаецца Каяловіч: — Я шмат з кім гутарыў на гэтую тэму і перадаю свой погляд. Расійскі народ складаецца з трох пляменьняў: вялікарусаў, маларосаў і беларусаў. Гэта — факт расійскага жыцьця; даўно ён існуе і, бязумоўна, будзе існаваць далей, пакуль у Расіі будзе просты народ. Зьмяніць яго ніхто ня мае ўлады і, зразумела, за гэта ніхто ня возьмецца, калі ў яго ёсьць які-небудзь толк у галаве. Але зусім іншая справа, калі мы гаворым аб расійскай так зв. інтэлігенцыі і аб тых асьветных шляхох, якія вядуць да расійскага інтэлігентнага жыцьця. Тут не павінна быць падзелу па плямёнах і мясцох нараджэньня. Усе мы, расійскія інтэлігентныя людзі, навучаліся размаўляць і размаўляем аднэй і тэй самай расійскай літаратурнай мовай, выхоўваліся на адных і тых самых нашых расійскіх пісьменьніках, на агульна-расійскіх паданьнях і звычаях. Бязглузда было-б нам дзяліцца на племянныя групы, а тым больш праводзіць гэты падзел у народ. Гэта псавала-б расійскае народнае адзінства і перашкаджала-б разьвіцьцю простага народу ў кожнай племяннай групе» (курсіў наш.— А. Ц.).

«Трудна зьмерыць зло, якое выходзіць нават ужо цяпер ад нашага інтэлігенцкага сэпаратызму (курсіў наш.— А. Ц.). Ім ужо займаюцца ня толькі адны пустыя галовы, што шукаюць асабістых выгад, але і добрыя людзі, і вынікі гэтага падзелу вельмі часта балюча адбіваюцца на тамтэйшым жыцьці. Але яшчэ важней будуць вынікі, калі гэты сэпаратызм пачне разьвівацца лёгічна і накіруецца ў Беларусі ў тоўшчу простага народу, як гэта ўжо робіцца на Украіне. Ня трэба забываць, што для гэткага кірунку адразу-ж знаходзяцца няпрошаныя апякуны».

«Шмат хто з заходня-рускіх людзей, як старэйшых, так і малодшых, вельмі занепакоены разьвіцьцём сярод іх гэтага «западно-русского» сэпаратызму і імкнуцца паказаць усім, што яны стаяць вышэй за яго... З радасьцю я сустракаў гурткі, дзе нават не падымаюцца прамовы, хто са ўсходу, а хто з захаду, але ўсе складаюць адно. Гэта тыя гурткі, у якіх захоўваецца дарагое імя І. С. Аксакова, дзе захоўваецца славянафільства — лепшы расійскі сьветагляд... І я скрозь прыходзіў там да думкі, што калі-б я ніколі ня быў славянафілам, дык зрабіўся-б ім пасьля гэтае падарожы па Заходняй Расіі»[14].

Так, пасьлядоўна, крок за крокам, прыводзіць нас Каяловіч да галоўнейшай ідэі западно-руссизма — да ўсератуючай ідэі славянства.

  • * *

З прычыны таго што славянафільства адыграла галоўную ролю пры ідэолёгічным афармленьні «западно-руссизма», зьяўляецца патрэбным даць кароткае напамінаньне аб сутнасьці гэтае тэорыі.

Славянафільства зьявілася вынікам двух момантаў у гісторыі мысьлі: па-першае, узьнікненьня вялікае зацікаўленасьці да славянства як да асобнае групы эўропэйскіх народаў і, па-другое, ідэалістычнай філёзофіяй Шэльлінга-Гегеля і яе асноўнае ідэі аб сусьветным духу. У расійскім выражэньні славянафільства зьявілася сьветапоглядам расійскага сярэдняга дваранства, якое ў 40-50-х гадох мінулага стагодзьдзя перажывала крызіс прыгону ў валаданьні сялянствам і пераходзіла да новых, капіталістычных формаў сельскае гаспадаркі. У гэтым апошнім сэнсе славянафільская тэорыя адбіла клясавую сутнасць настрояў і думак пэўнае часткі расійскага грамадзтва сярэдзіны XIX в.— іменна тае яго часткі, якое «на тармазох» спускалася да новачэснага капіталізму і якое пасьля рэформаў абярнулася ў галоўную астою расійскае політычнае рэакцыі.

Зацікаўленасьць да славянства ўпяршыню зьявілася сярод чэскіх вучоных славістаў канца XVIII і пачатку XIX в.— у працах Даброўскага, Юнгмана, Ганкі і інш. У гэты час разьвіваны эўропэйскі капіталізм пачаў «сьвідраваць» славянскія аграрныя краіны і «абуджаць» іх ад ранейшае сьпячкі. Пад уплывам новых эканамічных варункаў і пачалося нацыянальнае самаакрэсьленьне адсталых славянскіх народаў — іх нацыянальна-культурнае адраджэньне.

Памянутыя прадстаўнікі чэскага адраджэнчага руху сваімі глыбокімі досьледамі ў галіне мовазнаўства і славянскае гісторыі адкрылі як-бы новую старонку ў існаваньні славянства, якое ў Эўропе да таго вызнавалася нейкай ніжэйшай расай, ня здольнай падняцца на вышэйшыя ступені цывілізацыі. У вялікай колькасьці славянства эўропэйская навука ўглядала толькі фактар рэгрэсу і глядзела на славян толькі як на «гной» для перадавых эўропэйскіх нацый: «славянскія пляменьні займаюць залішне многа мейсца на эўропэйскім контынэнце,— казаў Гэрдер,— у параўнаньні з тым значэньнем, якое яны маюць у гісторыі».

Гэтак-жа нэгатыўна ставіўся да славянства і Гегель, адмаўляючы ім нават права на якое-б то ні было месца ў сусьветнай гісторыі: sie (slaven) zahlen nicht melir in der Weltgeschichte,— sie sind rechtlos, казаў ён.

Вельмі хутка досьледы першых чэскіх славістых сталі вядомыя ў Расіі. Дзякуючы ўплывоваму мэцэнату гр. Румянцаву і аматару славянскіх старажытнасьцяй (пасьля міністру асьветы) А. Шышкову, якія былі асабіста зьвязаны з чэскімі славутымі і дапамагалі ім у працы, у Расіі адразу пасьля сканчэньня наполеонаўскіх войнаў пачала разьвівацца любоў да ўласнага славянскага пачатку, да ўсяго «стара-рускага». Гэтая плынь ня мела спачатку тых соцыяльнаэканамічных корняў, як на захадзе, у Эўропе, і была праявай спэцыфічнай ідэёвай рэцэпцыі, або так зв. філіяцыі ідэй, якая заўсёды здараецца ў жыцьці нацый. У тагачасных расійскіх варунках ідэалістычнае захапленьне славяншчынай было рэакцыяй да францушчыны, якая апанавала абсолютна ўсе бакі грамадзкага жыцьця, а затым выразам рэакцыі політычнай, заснаванай на прынцыпах венскага кангрэсу і створанага ім «сьвяшчэннага саюзу».

Праца А. Шышкова — «Рассуждение о старом н новом слоге» была ў гэтым сэнсе паваротным момантам. Прысьвечаная, здаваласяб, толькі філёлёгічным пытаньням — барацьбе супроць сэнтымэнтальнага стылю Карамзіна і яго манеры ўводзіць у расійскую мову шмат францускіх слоў, гэтая кніга разам з заклікам вярнуцца да літаратурных традыцый Дзяржавіна і Сумарокава зьявілася і політычным дэвізам: заклікам да «ўласнай», расійскай стыхіі, да свайго народнага стылю і да адмовы ад малпавых запазычаньняў з Эўропы, з яе «праклятым духам рэволюцыі — якабінствам»[15].

Пад знакам гэтага павароту праходзілі 20-я гады. Узьнікла барацьба ня толькі двох літаратурных, але соцыяльна-політычных кірункаў. І хоць сэнтымэнталізм па інэрцыі яшчэ панаваў над розумам і пачуцьцём пераважнай большасьці грамадзянства, хоць моладзь, асабліва жаночая яе частка, яшчэ пралівала сьлёзы над разьвітаньнем Гэктара з Андрамахай і над «Беднай Лізай», аднак ужо сам аўтар гэтых твораў, модны Карамзін, адчуўшы сілу новых настрояў у палітыцы, маўкліва перайшоў на бок новага курсу[16]. Замест ранейшага космополітызму пачалося так зв. «русское направление» якое ў пэрыод цараваньня Мікалая І і міністэрства Уварава дасягнула асаблівага размаху. Адным з выдатнейшых прадстаўнікоў гэтага кірунку ў 20-30-х гадох зьявіўся С. Т. Аксаков — аўтар «Семейной хроники» і бацька І. С. Аксакова, аб якім успамінаў і на якога як на галоўны аўторытэт спасылаўся, як мы бачылі, М. Каяловіч. Кніга Шышкова зрабіла на маладога тады С. Аксакова выключнае ўражэньне: «Я увераваў,— піша сп аб гэтым цікавым моманце,— у кожнае слова яго кнігі, як у сьвятыню. Мой расійскі кірунак і варожасьць да ўсяго чужаземнага ўзмацніліся сьвядома, а цёмнае пачуцьцё нацыянальнасьці вырасла да выключнасьці».

«Русское направление» С. Аксакова было толькі элемэнтарнай праявай славянафільства. Гэта было замілааньне роднай мовай, родным словам і песьняй, расійскім звычаем, вопраткай, праваслаўнай царквой і папом побач з непрыхільнасьцю і нават гарачай нянавісьцю да «французишки из Бордо», з яго буклямі, прылізанай манернасьцю і штучнасьцю; гэта быў «русский дух» у літаратуры, «добрая дваранская традыцыя» — у фамільным жыцьці, доўгія баярскія бароды, дублёныя зіпуны і бабровыя шапкі — у грамадзкім быце. Належную дань гэтаму захапленьню аддаў, як ведама, і Пушкін. Свайго апогея дасягнула яно ў патрыятычным кульце Масквы і ўсяго маскоўскага — у дзейнасьці С. Глінкі і Загоскіна.

Гэтым самым была ўжо дана аснова славянафільства — створаны быў, гэтак кажучы, псыхолёгічны і грамадзкі грунт для яго. Філёзофія славянафільства была выпрацавана наступнымі яго прадстаўнікамі — Хомяковым, Кірэеўскім і К. Аксаковым, якія далі і вышэйшае тлумачэньне расійскаму нацыяналізму. Тут была ўжо ня толькі любоў да старога быту, ня толькі офіцыяльная мікалаеўская «народнасьць», але глыбокая навукова-гістарычная сыстэма, абапёртая на правым гегельянстве.

Ідэю Гегеля аб гісторыі як праяве сусьветнага духу, яго пропаведзь аб «абранасьці» нямецкае нацыі як адзінага сапраўднага носьбіта гэтае ідэі Хомяков і Кіраеўскі перанесьлі на расійскі грунт і стварылі тэорыю аб асаблівай «абранасьці» Расіі як носьбіта ідэі славянства. Было зусім натуральным, што ласьне Расія павінна была быць прызнанай гэткім носьбітам — ні Чэхія, ні Польшча, ні паўднёвыя славяне не маглі тады мець гэткай прэтэнзіі, хоць спробы на ўстанаўленьне свайго прыорытэту ў славянстве ў іх былі. Так, напрыклад, Міцкевіч у пэрыод свайго «місініянства», падпаўшы пад уплыў вядомага містыка Тавянскага, усімі сіламі прапагандаваў Польшчу як галоўнага «гэній славянства»[17]. Расія, па яго пераконаньні, зьяўлялася «адмоўным полюсам славянскае ідэі», бо яна страціла элемэнты старой славянскай «Русі», якія давалі ёй права на славянскае імя, «ататарылася» і «абфінілася». Сьледам за Лелевэлем Міцкевіч цьвердзіў, што сучасная яму Расія ёсьць найбольшая процілегласьць славянскай ідэі, што «назва Расіі нічога не азначае і зьяўляецца тэрмінам чыста дыплёматычным»[18].

Дамагаліся прызнаньня сваёй першаступнёвасьці сярод славянства і чэхі.

Аднак усім гэтым прэтэнзіям не хапала самага важнага і істотнага: усе яны ня былі абапёртыя на дзяржаўнай самастойнасьці, а іхнія краіны ня мелі ўласнай палітычнай волі, а разам з тым ня мелі і волі культурна». У той час як Расія, карыстаючыся вялізарнейшай тэрыторыяй і нелегальнымі эканамічнымі рэсурсамі, мела разьвязанымі рукі і для культурнага будаўніцтва, Чэхія была ўціскана Габсбургамі, паўднёвыя славяне знаходзься пад турэцкім ярмом, а Польшча была расшматана паміж трох імпэрый. Па праву дужага Расія і пераняла на сябе ролю правадыра славянства.

Апраўдаць сусьветнае значэньне славянства, у даным выпадку Расіі, было для ідэолёгаў славянафільства параўнаўча ня цяжка. Калі Гегель мог ставіць у аснову нямецкае нацыі як носьбіта апошняй стадыі разьвіцьця «сусьветнага духу»— розум, моц творчага інтэлекту, дык Хомяков і Кірееўскі паставілі на першы плян пачуцьце, веру, глыбіню інтуіцыйнага ўяўленьня сьветабудовы. Халоднай абстрактнасьці і разумовасьці захаду была процістаўлена цяплыня пачуцьцёвага ўспрыйманьня ісьціны; пыха каталіцтва была пры гэтым заменена «смирением» праваслаўя, а заходня-эўропэйскі эканамічны індывідуалізм — усеагульным «мірскім» прынцыпам знамянітае расійскае «общины». Праваслаўе — у дзедзіне філёзофска-моральнай і «община» — у дзедзіне экономічна-соцыяльнай — вось што зьявілася ў вуснах правадыроў славянафільства падвалінай для прызнаньня за Расіяй асобнай ролі ў гісторыі. Ні першага, ні другога на захадзе ня было, і першае, і другое было найяскравейшай антытэзай усходу, яго асаблівасьцю, узгадаванай стагодзьдзямі. Гістарычна растлумачыць разыходжаньне сусьветных шляхоў романа-германскіх народаў і народаў славянскіх было для ідэолёгаў славянафільства ў Расіі тым лягчэй, што, як ведама, культура Заходняй Эўропы была абаперта на культурнай спадчыне Рыму, а культура Расіі і пераважнай большасьці славянскіх зямель — на паралельнай спадчыне Бізантыі і орыентальнага эльлінізму.

Для тэорытычнага ўмацаваньня славянафільства з першых дзён яго зьяўленьня бракавала аднэй рэчы — гэта невядомасьці славянства ў навуцы, невыстарчальнай навуковай вывучанасьці яго як у цэлым, так і паасобку. Калі правадыром славянафільскае ідэі прыходзілася бараніць свае позыцыі, яны скрозь натыкаліся на гэтую акалічнасьць і прымушаны былі згаджацца, што тут, у галіне дасьледваньня славянізму, прад імі ляжыць неабмежаванае поле для працы. Ужо першыя славутыя, як мы заўважылі, зьвярнулі ўвагу на гэта і прабудзілі інтарэс да славянства. Славянафільства 40-50-х гадоў гэтую працу значна пашырыла і паглыбіла. Па ўсіх галінах веды — гісторыі, археолёгіі, філёлёгіі, этнографы і г. д. зазначылася нябывалае зацікаўленьне да проблемы славянства, да паасобных славянскіх народнасьцяў. Захапіў гэты рух ня толькі расістаў — грунтоўнейшымі досьледамі заняліся польскі і украінскія вучоныя. Жывы адбітак знайшло сабе гэтае захапленьне і ў нас, сярод беларускіх вучоных Вільні.

Вывучэньне славянства было бясспрэчным дасягненьнем славянафільскага руху. У гэтым сэнсе — у сэнсе вывучэньня славянскіх народаў з боку іх этнографіі, ня з боку іх нацыянальнае культуры, а ласьне з пункту гледжаньня этнографічнага як паасобных этнографічных адзінак, славянафільства адыграла значную і дадатную ролю. У параўнаньню з іншымі культурна-грамадзкімі плынямі Расіі, як, напрыклад, «западничеством», славянафільству належыць у гэтым сэнсе, бясспрэчна, першае месца.

На гэтым, маўляў, «этнографічным грунце» ў пэрыяд раньняга славянафільства сярод лепшых прадстаўнікоў расійскага, польскага, украінскага і беларускага грамадзтва зьявілася пачуцьцё і нацыянальнай салідарнасьці, сьвядомасьць так зв. «роўнасьці ў славянстве». Урэшце тады-ж зазначыліся і больш канкрэтныя спробы разьвязаць проблему славянства ня толькі ў галіне гістарычна-этнографічнай, але і ў жыцьці, паставіць яго ня толькі як пытаньне навукі, але і як пытаньне політыкі. Лібэральны этнографізм перарастаў пры гэтым свае спакойныя рамкі, пазбываўся сваёй тэатральнай дэкорацыйнасьці і ператвараўся ў пякучае, дражлівае і палітычна небясьпечнае зьявішча. Тут мова ішла ўжо не аб этнографічных аздобах таго ці іншага славянскага племя, не аб яго археолёгічных помніках, і не аб яго поэтычным мінулым, але аб яго праве на самастойнае політычнае існаваньне, на разьвіцьцё ўласнай нацыянальнай культуры ва ўсіх яе выяўленьнях і, урэшце, на ўласную незалежную дзяржаву. Аднак у гэтай нацыянальнай, не этнографічнай пастаноўцы славянскаму пытаньню вырашыцца ня было суджана. Залежыла гэта ня столькі ад тэорытычнай непасьлядсупасьці славянафільства, колькі ад яго клясавае сутнасьці — сутнасьці, якая акрэсьліла сабой далейшае паводжаньне славянафілаў у гэтай крытычнай справе.

Як мы зазначылі вышэй, філёзофія славянафільства мела непасрэдныя карэньні свае ў гегельянстве. Прагрэс людзкасьці, абапёрты на дыялектычнай «зьменнасьці» і «цякучасьці» гістарычных падзей, удасканаленьне гісторыі шляхам разьвіцьця супярэчнасьцяй і далейшага іх сынтэзу, новыя прынцыпы ў эканоміцы, у навуцы і тэхніцы, якія былі натуральным вынікам тэй-жа гегелеўскай дыялектыкі,— усё гэта было прынята расійскім грамадзтвам, калі яно адчувала патрэбу выбіцца з-пад задушлівай апекі цяжкога мікалаеўскага рэжыму. Большасьць славянафілаў па свайму клясаваму паходжаньню зьяўлялася акурат гэтай часткай грамадзянства. Яны тварылі той сярэдні памешчыцкі стан, які быў высока асьвечаным, які разумеў патрэбу пакончыць з аджыўшымі адсталымі формамі напоў-фэодальнай гаспадаркі Расіі, які прызнаваў няўнікнёнасьць і эканамічную неабходнасць адмены прыгоннай залежнасьці сялянства ў мэтах больш дасканалага гаспадараваньня, у мэтах больш эфэктыўнай эксплёатацыі рабочай сілы. Славянафілы-памешчыкі, а гэткіх была пераважная большасьць— Хомяков, Кірееўскі, Аксаков, Кашалёв, Чэркаскі і інш., вымагалі разьвіцьця народнай асьветы, пры гэтым ня толькі гуманітарнай, але і рэалістычнай і агрономічнай, разумелі выгоднасьць прыстасаваньня агрономічнае тэхнікі да ральлі, стаялі за лёнданскую сеялку, за машынную апрацоўку зямлі — за ўсё тое, што прыносіў капіталістычны захад, адкуль ішлі ўсе гэтыя жыцьцёва патрэбныя ўдасканаленьні[19]. Сваім клясавым інстынктам яны разумелі патрэбу разьвіцьця капіталізму ў Расіі, каб падняць прыбытковасьць сваіх маёнткаў, каб аздаравіць сваю дваранскую клясу, якая пачала загніваць ва ўмовах мікалаеўскай рэакцыі і «эўропофобіі». Гэты правільна зразумелы клясавы інтарэс і быў прычынай прагрэсіўнасьці славянафільства, у гэтым тоіўся сэкрэт так зв. «левага славянафільства», левай, а часам нават рэвалюцыйнай яго фразы.

Але апрача гэтага боку быў і другі. Славянафіл-памешчык разумеў, што заходня-эўропэйскі капіталізм з яго машынамі, фабрыкамі, заводамі і разьвіцьцём незалежнай ад поглядаў ураду веды прынясе з сабой у Расію крытыку існуючага ладу, што пад уплывам яго пахіснуцца старыя прывілеі зямельнага дваранства ў манархічнай дзяржаве і будзе пастаўлена на карту самае існаваньне гэтага стану як галоўнай правячай клясы. Яны разумелі — дый ня толькі разумелі, але і бачылі, што паралельна разьвіцьцю капіталізму ў Расіі вырастае новая сіла, сутна-рэвалюцыйная — рабочая кляса, якая як грозны запытальнік уздымалася над вялізнай імпэрыяй.

Вось чаму расійскі дваранін-славянафіл ня мог цалкам аддацца новым ідэям: ідучы насустрэчу вымогам часу, ён ішоў аглядаючыся, бо палохаўся вынікаў яго ў сябе ў хаце. Разам з тым ён дасканала разумеў, што яго паратунак у «обожаемом монарху», які яму ніколі ня здрадзіць, што штых і нагайка ўсерасійскага градавога — найлепшая гарантыя яго ад усялякіх соцыяльных закалотаў. Таму-то і жылі ў душы памешчыка-славянафіла дзьве істоты: прагрэсіўнага наватарааграрыя, які хацеў ісьці ў нагу з векам, і фэодала-прыгоньніка, які не давяраў гэтаму веку і корчліва хапаўся за «голубой мундир» каханага імпэратара.

Падобная падвойнасьць славянафільства ўсьцяж біла ў вочы: з аднаго боку, у ім была ясна выражаная аполёгія «русскому началу», аполёгія Расіі як процілежнасьці згніламу і трупехламу Захаду, абарона манархіі як астоі ўсератуючага праваслаўя і дваранскіх прывілей; з другога боку, у ім былі элемэнты буржуазных уплываў разьвіванага капіталізму, якія цягнулі за сабой крытычны стасунак да гэтае манархіі, опозіцыю існуючаму рэжыму, парваўшаму, пачынаючы з Пятра І, з старадаўняй славянскай патрыархальнасьцю,— «вольныя мысьлі», процістаўленьне «зямлі — дзяржаве», ідэя «народнасьці, незалежнай ад урадовае ўлады», ідэя аўтаномнасьці кожнага паасобнага «народнага організму». Цыркуляр міністэрства народнае асьветы, выданы Уваравым у 1847 г., зусім справядліва заўважаў, што «в словенофильстве есть две стороны: одну злонамеренные люди могут употреблять на возбуждение умов н распространение опасной пропаганды, а другая является святыней нашей веры, самобытности и народного духа».

Левае славянафільства асабліва пашырылася і сапраўды пачало набываць характар «опасной пропаганды» пад час рэволюцыйных падзей у Эўропе 1846-48 г.г. Вядомы маскоўскі славянафіл Самарын быў у гэты час нават пасаджаны ў крэпасьць, а Іван Аксаков, будучы натхніцель нашага Каяловіча, падпаў пад арышт. Значна выразьней, чым у Расіі, разьвінулася ў гэты час славянафільства на Украіне, якая па сваім гаспадарчым умовам хутчэй схілялася да перайманьня заходня-эўропэйскага капіталізму і якая ў зьвязку з гэтым больш убірала ў сябе ішоўшы адтуль дэмократычны лібэралізм. Нацыянальная асаблівасьць Украіны штурхала пры гэтым украінскае дваранства і інтэлігенцыю на шлях нацыянальнага самаакрэсьленьня, на шлях барацьбы за сваё «народнае вызваленьне». «З ростам капіталізму, абуджэньне славянскіх народнасьцямі хутка адгукнулася на Украіне і падняла з летаргічнага сну народную думку і пачуцьці»,— пісаў тады Костомаров Гэрцэну. «Зьявілася жаданьне адрадзіць сваю народнасьць, што ўмірала пад кнутом маскоўскім і санкт-пецярбурскім, і аднавіць сваю літаратуру». Славянская ідэя, зазначае Костомаров, хутка набыла на Украіне адменныя ад Масквы рысы і апранулася ў ясную форму фэдэрацыйнага саюзу славян, у якім-бы кожная нацыянальнасьць захавала свае асаблівасьці[20].

Адзначаная ідэя і была замацавана ў програме кірыламэфодыйскага брацтва, дзе разам з незалежнымі штатамі расійскім, польскім, чэскім, украінскім і г. д. знайшла сабе месца і Беларусь — беларускі штат. Гэткі-ж фэдэрацыйны лёзунг для вызваленых ад чужога ўціску славян быў выкінуты і на славянскім зьезьдзе ў Пр азе, у 1848 г. На жаль, справа тым і кончылася: паўстаўшая Прага была разгромлена нямецкімі пушкамі і зьезд быў разагнаны. Год перад тым у Расіі жорсткімі мерамі было ліквідавана кірыла-мэфодыйскае таварыства.

У Маскве справа разьвінулася інакш. Расійскі дваранін ня мог ісьці ў сваёй «любові да сялянства» гэтак далёка, як ішлі прадстаўнікі паняволеных нацыянальнасьцяй. У той час як Чэхія, паўднёвыя славяне, Польшча, Украіна і г. д. падымаліся на адкрытае змаганьне за сваё нацыянальнае будучае, расійскі дваранін, памешчык і інтэлігент цікавіўся славянскай ідэяй бяз гэткага вызвольнага, дынамічнага інтарэсу. Адзін толькі Бакунін, актыўны удзельнік праскага зьезду, і Гэрцэн прымалі удзел у славянскім руху ласьне з гэткімі вызвольнымі, рэволюцыйнымі мэтамі. Толькі, можа, яны адны з прадстаўнікоў расійскага славянафільскага народніцтва ў сваіх лістох «да ўсіх славянскіх братоў» вызнавалі права на нацыянальна-політычнае самаазначэньне ўсіх славянскіх народаў — у тым ліку украінцаў і беларусаў. Рэшта маскоўскіх славянафілаў рэзка адмежавала сябе ад гэткіх скрайніх поглядаў. Іхняе фронды супроць існуючага ладу і цьвёрдасьці ў вырашэньні «славянскае проблемы» хапала толькі датуль, пакуль не стваралася колізія з інтарэсам Расіі, вялікай дзяржавы. Рэволюцыя 1848 году адпугнула ўсіх гэтых паноў сваімі пэрспэктывамі, пагрозай аддзяленьня Украіны, Польшчы і Беларусі, і яны тут-жа знайшлі агульную мову з уладай. Недарма інцыдэнт з Самарыным і Аксаковым быў абвешчаны непаразуменьнем і яны былі выпушчаны на волю пасьля асабістай гутаркі з Мікалаем І.

«Роўнасьць у славянстве» пачала ў Маскве ўсё больш замяняцца памянутай вышэй пропаведзьдзю аб выключнай «абранасьці Расіі». «Вялікая Расія» ўсё больш рабілася асноўнай тэмай славянафільскіх лямантацый, пры чым вялікарускае племя пачало выстаўляцца як найбольш здольнае і магутнае. Нават А. Грыгорьев, які, здавалася, найбліжэй з іншых славянафілаў падышоў да разуменьня нацыянальнага пытаньня, нават і той скаціўся ў балота безагляднага ўсхваленьня «вялікарускага духа». Разважаючы ў сваіх вядомых нататках аб Гогалі, аб праве кожнага народа («народнага арганізму») на аўтаномію і захапляючыся «мясцовым грунтам» украінскае літаратуры, якая, па яго пераконаньні, была «голасам вядомае глебы, маючай права на прызнаньне», ён кончыў свае разважаньні ў 1856 г. характэрнай заявай: «Глыбока спачуваючы рознаплеменнаму славянству, мы ўпэўнены ў асаблівай дасканаласьці (превосходстве) вялікарусаў перад іншымі».

Калі не магло славянафільства вырашыць нацыянальнае пытаньне ў славянстве да 1863 г., калі для гэтага бьпі спрыяйныя об’ектыўныя ўмовы (пэрыяд лібэральнага ўрадаваньня Аляксандра ІІ 18561861 г.г.), дык тым больш не магло яно яго паставіць і вырашыць ў наступную эпоху, пасьля польскага паўстаньня. З гэтага моманту яно ўсё больш і больш пачало адыходзіць у права і скідаць з сябе, па выразу Градоўскага, ранейшыя «лібэральныя аздобы». Чым далей, тым больш пачало спраўджанне пэсымэстычнае прароцтва І. Аксакова, які казаў, што з часам славянафільства адвярне ад сябе маладое пакаленьне і застанецца пры сымпатыях адно толькі архіерэяў, манахаў і сьвяшчэннага Сыноду.

Данілеўскі і Леонтьев, пазьнейшыя эпігоны славянафільства, аканчальна аформілі яго рэакцыйную сутнасьць згодна «охранительной» ролі дваранства ў Расіі пасьля рэформаў. Данілеўскі ў сваёй працы «Россия и Европа» абярнуў жывую істоту нацыі як гістарычнай умоўнасьці ў нейкі нярухомы «тып», пераносячы па простай аналёгіі натуралістычную клясыфікацыю Дарвіна сюды, у дзедзіну міжнацыянальных суадносін. Па яго тэорыі, кожны народ для таго, каб лічыцца нацыяй у вышэйшым сэнсе гэтага слова, павінен быць ласьне гэткім сталым, нязьменным «тыпам», маючым сваю «ўласную ідэю». Калі гэтага няма, калі народ ня здолеў у гісторыі знайсьці сваю «ідэю», ён траціць права на прызнаньне, застаецца мёртвай, этнографічнай масай. Адсюль быў адзін крок да праграмы Леонтьева: абвесьціць Расію найбольш дасканалым і закончаным «тыпам» у славянстве і патрабаваць, каб яна была забясьпечана ад эўропэйскага псаваньня, каб яе не кранулася атрута захаду з яго клясавай барацьбой, рабочым пытаньнем і соцыялістычным рухам. З гэтай мэтай ён і высунуў сваю знамянітую формулу аб патрэбе «падмарозіць Расію»— трымаць яе ў становішчы сваеадменнага палітычнага анабіозу.

На тым і скончыліся славутыя спробы славянафільства вырашыць «праклятае пытаньне» аб адносінах славян паміж сабой. І калі апошні абаронца яго, Градоўскі, .хацеў узнавіць у 70-х гадох у сьвядомасьці расійскага грамадзтва разуменьне славянскага «брацтва» як «жывую рознастайнасць у ідэальным адзінстве» і даводзіў, што гэтае адзінства не павінна забіваць законнага імкненьня паасобных славянскіх нацый да ўсьведамленьня і абароны сваёй асобнасьці, дык гэта была ўжо бяспомачная мэтафізыка або простая гульня словамі[21]. Рэальнага, дзейнага зьместу ў гэтых апраўданьнях тады ўжо быць ня магло, «Златоверхая Масква» — цэнтр дэспатычнае дваранскае манархіі — не магла цяпер ужо нікога падмануць. «Вольные славянские орлы», аб якіх марылі першыя славянафілы, цяпер ня толькі мусілі схіляць свае галовы перад «старшим северным орлом», але па-просту без галавы і бяз пер’яў сядзяць у клетках прускіх, аўстрыйскіх і расійскіх.

Арганічнай перашкодай вырашэньню між-нацыянальных адносін у славянстве была абарона славянафіламі праваслаўя і расійскае «общины». Ні першага, ні другога заходнія і паўднёвыя славяне ня мелі, нават беларусы і украінцы, якія жылі побач з вялікаросамі, часта ня мелі гэтых адзнак. Каб прызнаць іх «роўнымі» сабе, трэба было адно з двух: або знайсьці якую небудзь іншую, больш агульную адзнаку, або прызнаць, што ўсе «не-праваслаўныя славяне», таксама як і ўсе славянскія пляменьні, пазбаўленыя «общиннаго начала», — не сапраўдныя славяне. У апошнім вывадзе славянафілы пайшлі гэтым другім шляхам і пры ўсіх заігрываньнях сваіх з палякамі, чэхамі і г. д. патаемна марылі аб адным — аб зьліцьці ўсіх іх пад бэрлам расійскага праваслаўнага цара. Аб украінцах і беларусах пры гэтым і гутаркі ня было: самой прыродай яны былі разгляданні як падданыя Расіі і нязьменная частка «единого русского народа». У славянафільскай концэпцыі ім пакідалася права толькі на этнаграфічнае прызнаньне, г. зн. за імі прызнавалася права на мясцовы, народны дыялект (наречие), які не павінен пераходзіць у літаратурную апрацоўку, на народную песьню, казку, сялянскую вопратку, наогул, на вясковы быт. Славянафільства сьвядома замыкала гэты этнографізм у межах вёскі, бо вышэйшае разьвіцьцё яго, пераход яго ў нацыянальную культуру ў шырокім значэньні гэтага слова азначала «расшчэпленьне» адзінай расійскае культуры і політычны сэпаратызм.

  • * *

«Западно-руссизм» стыкнуўся са славянафільствам яшчэ да польскага паўстаньня. Але ўмовы для яго разьвіцьця ў тон час былі вельмі адменныя. Па-першае, ён сам яшчэ ў тыя часы быў, як кажуць, у эмбрыянальным стане, толькі набіраў свае рысы і аргумэнтацыю; па-другое, і гэта галоўнае, абставіны часу мала спрыялі яго разьвіцьцю. У Вільні ў 40-50-х гадох панаваў мірны настрой. Політычная бура 31-га году была забыта ці, прынамсі, адгучэла. Цэнтр політычнага жыцьця перанёсься на эміграцыю, у польскія гурткі Парыжу і Брусэлю, а мясцовае грамадзтва, апанаванае політычнай апатыяй, цалкам прысьвеціла сябе культурнай рабоце. Асабліва гэта датычыць 50-х і пачатку 60-х гадоў, калі пасьля няўдалай Крымскай вайны спала мікалаеўская рэакцыя і калі ў паветры насіліся першыя павевы надыходзіўшай «эпохі рэформ».

У Вільні ў гэты час мы бачым шэраг пэрыодычных выданьняў («Teka Wileńska» і «Radehast» А. Кіркора, «Atheneum» Крашэўскага, «Kurjer Wileński» Марцыноўскага ды інш.); адно за другім зьяўляюцца паважныя дасьледваньні, пераважна гістарычныя, зьбіраюцца ў вялізным ліку статыстычныя, этнаграфічныя ды інш. матэрыялы, штодзённая прэса мае сур’ёзны характар і выдаецца ў нязвычайна вялікім ліку; усё грамадзтва з цікавасьцю сочыць за гэтым навуковым і літаратурным рухам, які концэнтраваўся вакол памянёных рэдакцый, каля Архэолёгічнай Камісіі і Віленскага музею.

Уся ўвага гэтага руху накіроўвалася тады на Беларусь, наогул, на «Літву». У вывучэньні краю шукалі збавеньня ад політычнага ўціску і жадалі знайсьці апраўданьне свайму існаваньню. Гэта была сваяасаблівая даніна краю — яго народу і гісторыі, жаданьне бліжэй пазнаёміцца з ім, будзіць у народзе прыхільнасьць да сябе і праз гэта ўзмацніць сувязь Беларусі з Польшчай. Аднак вынікі гэтае працы былі зусім адваротныя: чым далей і глыбей выяўляўся перад вачыма тагачасных віленскіх культурных работнікаў вобраз Беларусі, тым больш рабіўся ён няпольскім і тым больш самі яны пазбаўляліся чыста-польскага погляду на свой край. Можна напэўна сказаць, што ў сярэдзіне мінулага веку ў Вільні адбылася ў гэтым сэнсе «пераацэнка цэннасьцяй», і чым далей, тым больш мясцовыя дасьледчыкі станавіліся, за малымі выключэньнямі, на мясцовы, як яны называлі, «літоўскі» грунт.

Гэтая «літоўскасьць» была, па сутнасьці, старой «русчынай», гэта было скрытае прызнаньне «Русі», у даным выпадку Белай (і Чорнай), і гэта добра разумелі і браты Тышкевічы, і Маліноўскі, і Марціноўскі, і асабліва Кіркор. Адсюль іх прыхільны стасунак да спроб беларускай літаратуры, адсюль тая «мясцовая партыя лепшых палякаў», аб якой мы казалі раней. Праз «літоўскасьць», праз беларушчыну і «русчыну» наогул яны мімаволі зьвязваліся з расійскай навукай і грамадзтвам, у першую чаргу са славянафіламі.

«Пяцідзесятыя гады нашага сталецьця,— піша сьведка тагачаснага віленскага жыцьця, славянафіл П. Безсонов,— былі шчасьлівыя. Староны (палякі і расійцы), асуджаныя вечна змагацца ды спрачацца, але нічым не абавязаныя ненавідзець адна адну, пачалі рашуча шукаць збліжэньня, якой-небудзь магчымасьці жыць і працаваць разам. Політычнае мінулае, некалі зьвязаўшае іх суровай сілай і назвай «Літвы», азвалася зноў. Усе пачалі ўжываць назву «Літвы», літоўцаў, літоўскага і над гэтай назвай дзейнічаць. Паляк абярнуўся ў «літвіна», а Русь адзягалася «Літвою» — формула прымірэньня была простая і натуральная»[22].

Сапраўды, ёсьць цэлы шэраг фактаў, якія даводзяць, што паміж польскім грамадзтвам на Беларусі і грамадзтвам расійскім былі ў той час спакойныя адносіны, а нават адбывалася блізкае супрацоўніцтва. Так, прыкладам, Пагодзін не спачуваў тады яшчэ перасьледваньням польскай мовы і прытрымліваўся таго пераконаньня, што расійская мова з часам і бяз прымусу набудзе значэньне інтэрнацыянальнай славянскай мовы[23]. Аксаков, Хомяков ды інш. славянафілы прымалі ўдзел у віленскіх выданьнях, падтрымлівалі з віленскімі работнікамі жывую перапіску па розных пытаньнях; нават Катков і той адказваў на расійскія лісты з Вільні Кіркору (Janu ze Sliwina) папольску і ставіў сабе гэтую абставіну ў 1858 г. у асаблівую заслугу[24]. З свайго боку, Кіркор, Тышкевіч, Маліноўскі ды шмат хто яшчэ ўдзельнічалі ў расійскіх выданьнях, корэспондавалі ў маскоўскія газэты і зьяўляліся членамі розных навуковых расійскіх таварыстваў. Крашэўскі, Сыракомля, Адынец і інш. клапаціліся аб перакладзе на польскую мову расійскіх пісьменьнікаў і самі рабілі пераклады з Пушкіна, Лермантава, Дзяржавіна[25]. Характарнай постацяй гэтага пэрыоду можа быць вядомы В. Спасовіч, па паходжэньні беларус-мянчук,— тыповы прадстаўнік мяшанай польска-расійскай культуры, які ў сваёй асобе ды ў сваіх працах імкнуўся «примирить непримиримое» і быць мастком паміж польскім і расійскім берагам.

«Западно-руссизм» ня меў пры гэтых умовах падставы заяўляць аб сваёй агрэсыі. Паколькі «рускасьць» (праз адно «с») сустракала ў краі агульнае прызнаньне, яму ня было за што ваяваць, тым больш што рахманы славянафільскі кірунак у сталіцах загладжваў усе вострыя канты офіцыяльных польска-расійскіх адносін. З «западно-русским» поглядам у Вільні тады лёгка мірыліся ці, лепш кажучы, мала зьвярталі на яго ўвагі. Пад сынонімічным імем «Русь-Беларусь-Літва» зыходзілі для навуковай работы былы рэдактар «Кур. Віленскага» Антон Марцыноўскі і сьвяшчэньнік Карсакевіч, памешчык Нарбут і чыноўнік губэрскага праўленьня Яхімовіч, граф Тышкевіч ды архімандрыт Гэласі[26]. Таму вось, калі М. Каяловіч у 1859 г. ў сваёй працы аб гісторыі вуніі характарызаваў Крашэўскага як гісторыка, які «глядзіць на Беларусь вачыма «западно-русса», апошні не протэставаў супроць падобнае характарыстыкі[27].

Паўстаньне 63-га году і выкліканая ім барацьба за Беларусь у корані зьнішчылі гэты ідылічны малюнак.

Па месцы ранейшай лагоднасьці ды нэўтральнасьці ў расійскапольскіх адносінах паўстала зацятая варожасьць. Тут то і выплыў «западно-руссизм» са ўсёй сваёй антыпольскай агрэсыяй. Яго славянофільская аснова не перашкаджала наступу на палякаў — хутчэй наадварот, яна надавала яму большай упэўненасьці. Блізкасьць Каяловіча да гуртка Аксакова і Каткова таксама спрыяла ваяўнічасьці «западно-руссизма» бо, як ведама, і Аксаков і Катков, забыўшыся на свае польскія лісты да Кіркора, дзякуючы паўстаньню перакаціліся ў крайня-патрыотычны лягер і зрабіліся зацятымі абаронцамі праў расійскага цара на паўстаўшую Польшчу.

Свае ідэолёгічныя позыцыі «западно-руссизм» зазначыў падвойна: па-першае — безагляднай ганьбай усяго польскага на Беларусі і, па-другое — бязьмернай хвальбой Расіі, як ідэалу, у якім тоіцца ўвесь сэнс, уся сутнасьць існаваньня Беларусі. Ад канца 60-х да канца 80-х гадоў, гэта значыць па працягу больш як дваццаці год, цягнулася гэта работа, так што пры канцы сталецьця «западно-русская» школа ўжо была нечымсьці акрэсьленым і да пэўнай меры — закончаным. Як і ў іншых справах, і тут галоўную работу прарабіў Каяловіч[28].

Заўважыўшы, што польская нацыя з даўных часоў пачала пашырэньне на ўсход, у межы Беларусі ды Украіны, і што гэтае пашырэньне яна праводзіла адначасна шляхам экономічнае і культурнае заваёвы гэтых краін, Каяловіч сьцьвярджае, што ўвесь сэнс польскае цывілізацыі на Беларусі, увесь сэнс гістарычнага польска-беларускага сужыцьця выяўляліся адзіна ў тым, што беларускі народ усё ніжэй набліжаўся да стану «грубае масы», якая павінна была служыць чужому дзяржаўнаму ідэалу; разрыў, які стаўся на Беларусі паміж ніжэйшымі і вышэйшымі станамі па лініях нацыянальнай, рэлігійнай і культурнай і які прычыніўся да політычнага заняпаду краіны; тое становішча, што беларускія народныя масы «стаяць тут у вялікай адзіноце» і ня маюць жаднага выхаду да лепшага жыцьця: тая страшэнная процьма зьдзеку і пагарды, з якой наплыўшы польскі арыстакратычны элемэнт на Беларусі праз вякі ставіўся да мясцовага беларускага элемэнту; прадвечная варожасьць паміж панскім чваром і беларускай сялянскай хатай,— усё тое адмоўнае, па што было багата беларускае мінулае,— усё гэта, паводле пераконаным Каяловіча, прынесла і стварыла на Беларусі Польшча. «Западно-руссизм» даў усім гэтым зьявам акрэсьленьне і тлумачэньне.

У вачох «западно-руссов», працятых злабой да польскай панскай культуры на Беларусі, трацілі сваю павабнасьць нават бясспрэчна сьветлыя моманты беларуска-польскай гісторыі — тыя часы і тыя людзі, якія мусілі ў памяці краю захавацца як нешта дадатнае. Так, прыкладам, Каяловіч скэптычна ставіцца да ўтварэньня «Эдукацыйнае Камісіі» і да спроб палегчаньня становішча хлопства пры канцы XVIII ст., кажучы, што «польскае жыцьцё ня так складалася ў гісторыі, каб самі палякі маглі выпрацаваць нешта сапраўды добрае для народу»; ня бачыць ён нічога асаблівага і ў констытуцыі 3 мая, у якой «ня было свабоды веры і ня было свабоды хлопства»[29]. У стасунку Лелевэля і тае дэмократычнае плыні ў польскай навуцы і грамадзтве, якое адбіў у сваім часе гэты найвыдатнейшы прадстаўнік польскае гістарычнае мысьлі, Каяловіч трымаецца таксама адмоўнага погляду. «Натуральна было-б чакаць,— кажа ён,— справядлівых адносін да Беларусі з боку тых пісьменьнікаў, якія належаць да так зв. польскае «народнае партыі», у тым ліку перш за ўсё ад таленавітага Лелевэля. Але што-ж мы знаходзім? Лелевэль сапраўды кляйміць польскую арыстократыю за тое, што яна падбівала правы народу. Але дзе-ж народ у Лелевэля? Ен знаходзіць яго ў той-жа польскай шляхце, уласьціва кажучы, у ніжэйшай шляхце. У ён ён бачыць выраз народнае (польскае) сілы. Для заходня-рускага народу, паводле яго пераконаньня, носьбітам жыцьця ды цывілізацыі зьяўляецца кожны паляк. Ён як-бы знарок прыніжае, зьніштажае ў Літве і наогул у Заходняй Расіі ўсе старажытныя праявы самабытнага разьвіцьця цывілізацыі. Гэта каб паказаць, што Заходняя Расія ўсім абавязана Польшчы. У яго, дый наогул у польскіх пісьменнікаў, заходня-рускае жыцьцё прадстаўляецца грубаю масаю, якая павінна быць апрацаванай паводле пачаткаў польскае цывілізацыі»[30].

Нічога дадатнага ня бачыць «западно-русснзм» і ў постаці Міцкевіча. Думкі Каяловіча па гэтым пытаньні вельмі цікавыя: «Каб уявіць сабе самотнасьць тутэйшага народу, яго (духоўную) адзіноту, падамо,— кажа ён,— адзін прыклад. У Навагрудку, у Менскай губэрні, у краі беларускага насельніцтва, нарадзіўся поэта — прызнаны вялікі поэта — Міцкевіч. Усе поэтычныя натуры, асабліва вялікія, маюць супольную ўсім ім і самую звычайную паміж імі асаблівасьць — чуласьць да сапраўдных народных цярпеньняў, да хворых бакоў народнага жыцьця. Яны бачаць іх здалёк, глыбока іх адчуваюць і гавораць аб іх з уласьцівай ім сілай. Міцкевіч ня бачыў, не разумеў, не адчуваў хворасьцям заходня-рускага жыцьця, ня стаў на баку забітага, загнанага народу, але зрабіўся шляхецкім польскім поэтам» (курсіў мой.— А. Ц.)[31].

З гэткім-жа скэптыцызмам ставіцца Каяловіч і да спробы беларускага гуртка ў Віленскім унівэрсытэце — Данілевіча, Ярашэвіча ды інш., «якія прыходзілі да сьвядомасьці, што і самі яны не палякі, а тым больш ня польскі народ іхняй краіны». Апавядаючы аб тым, як гэтыя людзі «надумаліся аднавіць самастойнасьць Заходняй Расіі на аснове старой ідэі політычнае незалежнасьці Літвы», Каяловіч папераджае, што галоўнай памылкай іх было пераконаньне, быццам патрэбную самастойнасьць Беларусь можа выпрацаваць пры польскай цывілізацыі, быццам цывілізацыя гэта можа пранікаць сюды натуральна, бяз жаднага гвалтоўнага прыгнёту мясцовых народных асаблівасьцяй.

«Політычная назалежнасьць Заходняй Расіі,— кажа ён,— немагчыма, і яшчэ больш немагчыма яна, калі можна так сказаць, пры польскай цывілізацыі. Тады гэтая самастойнасьць скончылася-б тым самым, чым яна канчалася раней,— прыкладам, у XVI ст., калі Літва зьлівалася з Польшчай... Беларусь нагэтулькі бедная, што ня можа дапускаць непатрэбных тэорый і лятуценьняў. Ёй трэба вырашаць толькі самыя істотныя, канечна патрэбныя пытаньні, дый беларускае племя такое блізкае да вялікарускага, што ніякі сэпаратызм ня можа мець у ім сілы»[32]. І каб давесьці на прыкладзе немагчымасьць польскабеларускага сужыцьця, Каяловіч з асаблівай увагай спыняецца на постаці вядомага украінскага дзеяча Куліша, які пад канец свайго жыцьця расчараваўся ў Польшчы і замяніў сваё ранейшае захапленьне польскай культурай прызнаньнем расійскага дзяржаўнага прыорытэту. Прыклад «полёнафіла» Куліша павінен быў сьведчыць «западно-руссам», што саюз з Польшчай і арыентацыя на польскую цывілізацыю прынцыпова немагчымы для кожнага «па істоце рускага», хоць-бы ён быў і беларусафілам[33].

«Западно-руссизм» ня верыў Польшчы, ня верыў спробе польскага грамадзтва на Беларусі знайсьці супольную мову з беларусамі, засыпаць роў гістарычнага разыходжаньня паміж імі, які стварыўся ў мінулым. Гэтыя спробы здаюцца «западно-руссам» фальшывымі, за імі яны бачаць усё тыя-ж скрытыя імкненьні захапіць Беларусь, падначаліць яе сваёй волі.

«У сучасны момант,— піша Каяловіч у 1884 годзе,— палякі ў Заходняй Расіі стараюцца зблізіцца з тутэйшым народам і прывабіць яго на свой бок. Яны кажуць, быццам паважаюць беларускую народнасьць, што жадаюць нават, каб гэтая народнасьць разьвівалася і стварала сваю пісьменнасьць, друкавала кніжкі на сваім дыялекце. Але ў той самы час яны кажуць, што польская народнасьць гістарычна творыцца і павінна тварыцца, пасоўваючыся на ўсход,— г. зн. што беларус, атрымліваючы асьвету, павінен рабіцца палякам»[34].

Тут сваячасна паставіць адно пытаньне: што павінны былі-б рабіць «западно-руссы», калі-б мясцовая польская думка спачувала беларускай справе шчыра, калі-б яна шчыра хацела дапамагчы адраджэньню беларускага краю і беларускай культуры? Нельга сказаць, каб пры канцы мінулага веку гэткіх зьяў ня было. Яны былі і нават ня так ужо рэдка. Падупаўшаму пасьля другога паўстаньня польскаму элемэнту на Беларусі ня было куды падзецца. Як мы заўважылі вышэй, Польшча ў гэты пэрыод была адціснута поступам жыцьця на захад, да сваіх этнографічных межаў, і польская мысьль зьняверылася ў магчымасьці барацьбы з расійскім царызмам. Аднак яна не хацела аддаць Беларусь Расіі, і таму адзіным выхадам заставалася прызнаньне Беларусі як самастойнай краіны. Вось чаму мы бачым, большасьць беларускіх адраджэнцаў таго часу выходзіла з шэрагаў мясцовае інтэлігенцыі польскай культуры.

Як у гэтым выпадку глядзелі на справу «западно-руссы»? Ці ня мусілі яны — абаронцы «русчыны» на Беларусі — прызнаць і вітаць гэты факт?

Гэтае пытаньне вельмі паказальнае і выяўляе самую сутнасьць «западно-русской» ідэолёгіі. Для адраджэньня беларускае культуры было тады ўсё роўна, хто-б і з якіх меркаваньняў яе ні падтрымліваўбы, абы толькі яна магла разьвівацца. Ці паляк, ці расіец ішоў насустрач нацыянальнаму ўсьведамленьню краіны, ніякае прынцыповае розьніцы ў гэтым ня было. Важны быў толькі самы факт самазнаходжаньня Беларусі, важна было, каб яна вызвалялася з-пад польскай культурнай залежнасьці. І калі-б «западно-руссизм» цаніў беларускасьць самую па сабе, калі-б ён бачыў у Беларусі нешта каштоўнае само па сабе, ён мусіў-бы прызнаць дадатнай падобную зьмену ў настроях мясцовага польскага грамадзянства. Больш таго, калі-б ён жадаў захаваць старую «рускасьць» на Беларусі, а не ператвараць яе на «расійскасьць», дык ён павінен быў-бы вітаць абярненьне мясцовых палякаў на беларусаў.

Аднак гэтага ня сталася. «Западно-руссизм» у канчатковым вывадзе ласьне таму цягнуў Беларусь да Расіі, што ня бачыў у Беларусі самастойнага пачатку. Ён ня бачыў для беларуса магчымасьці захаваць свой нацыянальны твар пры дальнейшым разьвіцьці суседніх культур, а значыць, і не хацеў клапаціцца аб гэтым. У апошнім сваім вывадзе ён бачыў у Беларусі толькі пераходны этап паміж Расіяй і Польшчай, г. зн. ішоў у гэтым пытаньні сьледам за ідэолёгамі «Вялікае Польшчы», якія здаўна казалі, што «нацыянальнасьць русінаў не зьяўляецца чымсьці акрэсьленым, а толькі полем бітвы паміж дзьвюма варожымі нацыямі — расійскай і польскай»[35]. Стоячы на гэтым грунце, «западно-руссизм», натуральна, аддаваў сымпатыі Расіі.

«Калі-б,— наўчаў Каяловіч,— палякі нават шчыра казалі, што ператварэньне беларуса ў паляка павінна адбывацца свабодна, бяз прынукі, дык і тады кожны разумны беларус павінен быў-бы задумацца, ці ня лепш у такім выпадку зрабіцца вялікарусам, а не палякам, ці ня лепш зьліцца з магутнаю, спакойнаю Расіяй, чым са слабой, бясконца хваляванай Польшчай». Гэта, паводле пераконаньня Каяловіча, тым больш павінна мець месца, што, «калі хто з беларусаў пераймае расійскую асьвету ды мову, дык ня робіцца праз гэта ворагам свайго племя, з якога вышаў, а, робячыся палякам, ён абавязкова дрэнна ставіцца да свайго племя»[36].

Так быў упяршыню сфармуляваны «западно-русский» аргумэнт аб «вялікай і магутнай Расіі» — аргумэнт, які пры далейшым разьвіцьці беларускага вызваленчага руху зрабіўся нам такім знаёмым. Так упяршыню ў 80-х гадох было растлумачзна і апраўдана рэнегацтва беларусаў на карысьць Расіі і абвешчана «неразумным» і процілежным інтарэсам народу рэнегацтва на карысьць Польшчы.

Яшчэ больш цікавым зьяўляецца пытаньне, як-жа Каяловіч і яго група глядзела на беларускае нацыянальнае адраджэньне, паколькі апошняе зазначалася самастойна? Мы паказалі вышэй, што пры пачатку 80-х гадоў, г. зн. у пэрыод, калі «западно-русская» школа набывала сваё канчатковае ідэолёгічнае афармленьне, беларускі культурна-нацыянальны рух ужо выяўляўся ў пэўных організацыйных формах. Як-жа ставіўся да яго Каяловіч, калі гэты рух, як вядома, ня схіляўся на бок Польшчы, а ставіў сабе мэтай дасягненьне беларускай самастойнасьці незалежна ад палякаў?

На гэта запытаньне мы знаходзім адказ у адным з баявых артыкулаў Каяловіча, прысьвечаных змаганьню з беларускім сэпаратызмам. Тут Каяловіч ня толькі даў тэорэтычную формулёўку «западно-русского» погляду на адраджэньне Беларусі, але і практычны рэцэпт, як да гэтага адраджэньня ставіцца, каб ня трапіць у «сеці полёнізму». Як убачым, Каяловіч і тут ня ідзе насустрач Беларусі, а калі і ідзе, дык зноў-ткі з утоеным жаданьнем бачыць яе ў непарушнай органічнай сувязі з Расіяй[37].

«Апошнім часам увага польскіх завадыяшаў,— піша ён,— зьвяртаецца зноў на Беларусь. З Варшавы праз Кракаў прышлі запросіны беларускай моладзі пакахаць сваю бацькаўшчыну, разьвіваць яе самабытнасьць і дзеля гэтага ствараць гурткі і набліжацца да народу. І што асабліва нова і зьдзіўляе — гэта, што польскія дабрадзеі Беларусі выключаюць натуральную небясьпеку, быццам яны думаюць апалячыць гэты край. Не! Яны жадаюць яму самастойнага разьвіцьця ў шэрагу іншых славянскіх народаў».

Як заўсёды, так і цяпер Каяловіч ня верыць шчырасьці гэтых запросін. Ён бачыць у ім чарговую спробу зацягнуць беларускую моладзь на служэньне «будучай славе і гонару лацінскай Польшчы». «Не адразу, аднак,— кажа ён, — справы пойдуць проста ў польскі бок. Ім суджана прайсьці наступны процэс: пачнуцца яны з беларускага сэпаратызму. Больш шчырыя і чыстыя беларускія юнакі, г. зн. больш рускія (праваслаўныя?), загавораць прасьцей, ясьней аб самастойнасьці Беларусі і яе сэпаратыстычных патрэбах. Гэтым яны кінуцца ў вочы ўраду, падпадуць яго перасьледваньням і з гэтае прычыны самі адчуюць няпрыхільнасць да Расіі. На гэтым падрыхтаваным грунце пачнецца соцыялістычны засеў і надыйдзе відочная гібель для больш рускіх (!) маладых сіл Беларусі. Тады ўжо будзе зганьбавана для расійскае моладзі гэтага краю самая любоў яе да сваёй бацькаўшчыны. Дзеля чаго ўсё гэта патрэбна? Патрэбна гэта на выпадак новае смуты».

Як-жа ўсё-ткі было трымацца беларускай моладзі, якая хацела-б незалежна ад польскіх «запросін» кахаць Беларусь і клапаціцца аб яе будучыні? Каяловіч адказвае на гэтае запытаньне станоўча. «Няўжо зза таго, што завадыяшы польскае справы зрадна заклікаюць беларускую моладзь да разьвіцьця Беларусі, гэтай моладзі трэба кінуць любіць сваю бацькаўшчыну і спусьціцца ў вір чэрствага жыцьця? Зразумела, ніхто гэтага ня будзе раіць, хто адчувае ў сабе жывую душу і бачыць яе ў моладзі. Няўжо з-за ваўкоў у лес не хадзіць? Не,— трэба кахаць бацькаўшчыну і думаць аб ёй, але не па ўказцы польскай, а сапраўды самабытна, паруску. Толькі ў адзінстве з Усходняй Расіяй любоў да Беларусі можа мець законнае і плённае выяўленьне» (курсіў мой.— А. Ц.). «На ўсход Беларусь цягне народнае адзінства крыві,— паўтарае Каяловіч свой звычайны аргумэнт,— і вораг народу той, хто будзе паўставаць супраць гэтага адзінства. З усходу прынесены Беларусі гэткія даброты, як падзелы Польшчы і вызваленьне ад прыгону. А што прышло з захаду? Яўрэі, езуіты, вунія, гібель народнае інтэлігенцыі, сыстэма батрацтва, прыгоннае становішча ды інш. Для сумленнага разумеючага становішча і патрэбы сваёй бацькаўшчыны беларускага юнака ня можа быць хістаньняў, куды ісьці — на ўсход ці на захад».

Каб пастанова беларускае моладзі ісьці на ўсход была цьвёрдай, каб ня было тэорэтычных хістаньняў, Каяловіч дае «некалькі практычных заўваг», як яго трэба разумець. Асноўны, непарушны фундамэнт беларуска-расійскага аб’яднаньня — па яго словах — гэта праваслаўнае духавенства на Беларусі; у ім і ў яго дзецях — галоўная надзея «западно-руссизма».

«Гісторыя Беларусі так склалася,— кажа Каяловіч,— што да гэтага часу духавенства гэтае краіны, што-б пра яго ні думалі і як-бы ні было сумна яго становішча, ёсьць самая надзейная крыніца народнай інтэлігентнай сілы, а беларускія паповічы — самае надзейнае апірышча для правільнага разьвіцьця Беларусі ў будучыні (курсіў мой.— А. Ц.). Да іх могуць далучацца і тыя маладыя людзі, што выходзяць у інтэлігентную клясу з беларускага народу. Гэта самыя натуральныя, гістарычна аб’яднаныя сілы, і хто іх разьяднае, той дрэнна разумее патрэбы Беларусі. Потым дзеля таго што Беларусь і гістарычна і этнографічна сьцісла зьвязана з Літвой, дык і літоўская моладзь становіць самы блізкі элемэнт да вышэйпаказаных. Хоць за Літвой ёсьць вялікі гістарычны грэх у стасунку да Беларусі, іменна той, што яна дапусьціла злучэньне Літоўскага княства з Польшчай, але побач з тым стаіць адвечнае дружнае яднаньне Літвы і Беларусі, і літвіны ня раз энэргічна абаранялі ад Польшчы самабытнасьць Літоўскага княства. Вось лепшыя элемэнты для правільнага будучага разьвіцьця інтэлігентных сіл Беларусі. Толькі пры трываласьці і згоднасьці іх да іх могуць далучацца бяз шкоды для Беларусі лепшыя сілы з польскае і яўрэйскае моладзі гэтага краю, а не наадварот, чаго вельмі хочацца правадыром польскае справы».

Так выглядала ў вуснах Каяловіча «практычная» плятформа «западно-руссизма» ў адносінах да ідэі беларускага адраджэньня, як гэткага. Сёньня ня трэба даводзіць яе недарэчнасьці і дурноты.

Змагаючыся з Польшчай, «западно-руссизм» усе свае надзеі пакладаў на ўсход. Беларусь, паводле пераконаньня «западно-руссов», спрадвеку цягнула на ўсход, мела з Усходняй Расіяй адзіны нацыянальны корань, адну ўсходня-славянскую глебу, адну кірылаўскую грамату і тую-ж самую гістарычную спадчыну ў выглядзе бізантыцкіх і стараорыентальных уплываў. Гэты погляд «западно-руссы» ўпарта імкнуліся правесьці ў расійскай навуцы супроць поглядаў навукі польскай, якая даводзіла блізкасьць Беларусі да Польшчы. «Заходнюю Расію трэба ведаць і разумець па-расійску, г. зн. не па-польску»,— пісаў і заклікаў Каяловіч у 1864 г. «Трэба глядзець на яе з сярэдзіны расійскае дзяржавы — з усходу на захад, а не наадварот, і пры вывучэньні яе мінулага ды сучаснага становішча трэба таксама накіроўвацца ад расійскае асярэдзіны». «На жаль,— дадае ён,— яшчэ і цяпер ёсць у гэтым вялікая патрэба, дзеля таго што ня толькі расійская гістарычная навука, але такая дакладная ў гэтым сэнсе дысцыпліна, як этнографія, доўгі час глядзела на Беларусь праз акуляры польскасьці»[38].

«Беларусь з сярэдзінай Расіі зьвязвае моцная ды жывая сувязь»,— цьвердзіць ён. «Туды яе непераможна цягне і «русская вера» вялізнай большасьці насельніцтва, і расійская мова, і расійскі гандаль, больш важны для краіны, чым гандаль з заходнімі суседзямі. Гістарычная, народная цяга Заходняе Расіі да Усходняй выяўлялася ў шмат якіх выпадках нават і тады, калі гэта Заходняя Расія знаходзілася пад чужой уладай»,— кажа Каяловіч[39] і выкладае сваім чытачом цэлы шэраг аргумэнтаў і даведак, якія мусілі пракапаць, што «западно-русские» людзі прымалі непасрэдны ўдзел у будаваньні Расійскае дзяржавы, змагаліся з яе ворагамі і працавалі над стварэньнем агульнарасійскае культуры.

Сэнс падобнай аргумэнтацыі быў падвойны: беларусам ён павінен быў сьведчыць аб іх еднасьці з Расійскай імпэрыяй, а прадстаўніком расійскае ўлады ды політыкі мусіў даводзіць, што беларусы — у даным выпадку «западно-руссы» — маюць права быць роўнымі грамадзянамі імпэрыі таксама, як і вялікаросы. Даводзячы супольны ўдзел Беларусі ў агульнарасійскай гісторыі, «западно-руссы» гэтым самым баранілі сваё права займаць у ёй не апошняе месца. Пры тых скэптычных адносінах да беларусаў, якія панавалі ў Расіі пры канцы веку, падобнае імкненьне было зусім зразумелым.

Чарговым заданьнем «западно-русской» ідэолёгіі была спроба давесьці адзіную нацыянальную прыроду Беларусі ды Расіі. Трэба зазначыць, што ў другой палове XIX ст., пачынаючы ад 60-х і канчаючы 70-мі гадамі, пытаньне нацыянальнае, зьвязанае з нацыянальнымі ды этнографічнымі адзнакамі паасобных краін Расійскае імпэрыі, было пастаўлена даволі актуальна. Прычынілася гэтаму некалькі фактаў: па-першае, славянафільства з яго зацікаўленасьцю да «народнасьці», потым лёзунгі фэдэралізму, якія былі ўведзены ў програмы рэволюцыйных народніцкіх партый, самы народніцкі рух з яго ідэалізацыяй простага народнага быту і ўрэшце грунтоўнае разьвіцьцё этнографіі; з вонкавых прычын не малы ўплыў на пастаноўку нацыянальнага пытаньня мела расійска-турэцкая вайна «за вызваленьне славян». У сямідзесятыя гады пытаньне аб нацыі даволі выразна ставілася ў полёноі украінафільскіх працах Пыпіна і Спасовіча, у работах славістага Ламанскага, у Костомарова і асабліва ў Градоўскага, які ў тагачаснай лібэральнай часопісі «Беседа» друкаваў шэраг артыкулаў а проблеме нацыі і дзяржавы[40]. Ня раз прысьвячаліся гэтаму пытаньню публічныя лекцыі і дыспуты ў сталіцах, асабліва Пецярбурзе. Можна лічыць, што пасьля эпохі дэкабрызму гэта быў адзіны пэрыод у гісторыі расійскае грамадзкае думкі, калі яна цікавілася складанай нацыянальнай проблемай.

У сувязі з гэтым трэба прызнаць, што аргумэнтацыя «западноруссов» на тэму аб нацыянальным адзінстве Беларусі з Расіяй выглядзе даволі элемэнтарна. Прынамсі, ад Каяловіча, які хацеў быць і сапраўды лічыўся ідэолёгам «западно-руссизма», можна было-б чакаць у гэтым кірунку большага. Уся сутнасьць яго разважаньняў на гэту тэму зыходзіць да апрыёрнага палажэньня, быццам усе тры народы ўсходня-славянскага племя — беларусы, украінцы і вялікарусы — ствараюць «один русский народ». Ні акрэсьленьня паняцьця нацыі, ні разуменьня таго, чым зьяўляюцца і які сэнс маюць бясспрэчныя этнографічныя ўласьцівасьці кожнага з гэтых пляменьняў, хаця-ж бы павярхоўнага аналізу тае розьніцы, якая заўважалася паміж Беларусьсю і рэштай імпэрыі нават староньнім гледачом — нічога гэтага мы ня знойдзем на старонках Каяловіча ды ў іншых «западно-руссов» яго часу. Яны старанна абыходзяць усе магчымыя шурпатасьці ды няяснасьці ў гэтай справе і сьвядома іх не зачапляюць. Тактыка, якая найлепш сьведчыла аб слабасьці іх тэорытычнай аргумэнтацыі.

Пераважны націск беларуска-расійскага адзінства Каяловіч кладзе на мінуўшчыну, бачачы яго яшчэ ў летапісным пэрыодзе славянскай гісторыі. «Сьвядомасьць адзінства,— кажа ён,— відаць у нашых летапісцаў, прычым яна ідзе далей дзяржаўнасьці і абымае больш унутраныя зьявы нашага гістарычнага жыцьця. Наш пачатковы летапіс добра ведае адзінства ўсіх славянскіх пляменьняў, якія насялялі Расію. Мала таго, ён добра ведае адзінства ўсіх славянскіх пляменьняў, хоць-бы яны былі і па-за межамі Расійскае дзяржавы»[41]. Прымітыўны летапісны сказ аб «племенах словенскіх» і «изыцах словенскіх» набывае ў вуснах гэтага «западно-русса» надзвычайную вартасьць, і з яго ён выводзіць першааснову беларуска-расійскага адзінства. Той фэкт, што на прэцягу вякоў Беларусь жыла зусім асобным жыцьцём, што яна мела ўласную дзяржаву, стварыла ў мінулым свае самастойныя шляхі культурнага і політычнага разьвіцьця, знаходзіць, праўда, у Каяловіча прызнаньне, і ён сам ня раз кажа, што «западно-русский» народ жыў сваім жыцьцём, меў сваю гісторыю, свае ўспаміны і г. д. Але ўсё гэта прыўносіцца ім толькі для таго, каб, паказаўшы пэўную значнасьць Беларусі, прыраўнаць яе да Усходняй Расіі.

Этногрэфічных уласьцівасьцямі Беларусі ён таксама не адмаўляе, але зноў-ткі ў апошнім вывадзе яны служаць у яго ўсё тэй-жа мэце — агульна-расійскаму адзінству. Для Каяловіча існуе нейкая абстрактная расійская этнографічная еднасьць — нешта супольнае вялікаруска-украінска-беларускае, нейкі агульны «нацыянальны сынтэз», які вырастае ў процэсе гісторыі і які трэба сьвядома берагчы. З гэтага гледзішча, г. зн. з гледзішча этнографічнага росту Расіі, у яго ласьне «вынікаюць трывожныя думкі аб сэпаратыстычных імкненьнях у адносінах паміж трыма рускімі пляменьнямі»[42].

Пытаньне аб этнографічным, а значыць, і нацыянальным адзінстве Беларусі з Расіяй зьяўлялася для «западно-русской» ідэолёгіі такім істотным, што Каяловіч, не спадзяючыся на свае ўласныя сілы і на свой аўторытэт у змаганьні з «сэпаратыстычнымі імкненьнямі», зьвяртаецца да аўторытэту аднаго францускага дасьледчыка Расіі — Леруа Болье. Гэтаму няпэўнай вартасьці вучонаму Каяловіч прыпісвае выключную эрудыцыю і веданьне расійскіх спраў разам з надзвычайнай бесстароннасьцю і жаданьнем дазнаць праўду.

Да адзінства Расіі Леруа Болье падыходзіць тым шляхам, які найбольш адказваў «западно-русскому» пачуцьцю,— шляхам адзначэньня мясцовых уласьцівасьцяй і сынтэтычнага іх абагуленьня. Ён абапіраў сваю тэорыю на натуралістычных асновах, што таксама вельмі імпонавала «духоўнаму» сьветапогляду Каяловіча.

Згодна тэорыі Леруа Болье, цалкам перанятай «западно-руссизмам»[43], Расія зьяўляецца адзінай на ўсім сваім эўропэйскім прэсторы дзякуючы прыродным умонам. Географічны квадрат паміж Уральскім сьцягам, Бальтыкай, Чорным морам і Ледавітым акіянам зьяўляецца натуральным контурам вялікае дзяржавы. Адкрытасьць з усіх бакоў і адсутнасьць прыродных перашкод не даюць шматлікім народам Расіі магчымасьці трымацца паасобку і ствараць асобныя дзяржавы. Наадварот, гэты фактар прымушае іх уваходзіць паміж сабой ва ўзаемныя зносіны, зьмешвацца паміж сабой і паслабляць сваю індывідуальнасьць. Вялікая Усходня-Эўропэйская раўніна як-бы самым фактам свайго існаваньня прадугледжвае стварэньне вялікае адзінае дзяржавы.

Натуральным цэнтрам гэтай вялікай дзяржавы зьяўляецца Масква, якая павінна займаць гэтае месца таму, што знаходзіцца ў географічнай сярэдзіне ўсёй прамысловай тэрыторыі.

Розьніцы паміж трыма ўсходня-славянскімі народамі — вялікарусамі, беларусамі ды украінцамі — францускі аўтар, а за ім і правадыр «западно-руссизма» не заўважаюць ці, лепш кажучы, не надаюць гэтай розьніцы значэньня. Гаспадаром «русской земли» павінен быць вялікарос, бо гісторыя найбольш выхавала яго ў гэткім «правадырным» выглядзе, зрабіўшы яго больш здольным колёнізатарам; аднак у вялікароса няма такіх чыстых славянскіх рысаў, як у беларуса, з прычыны таго, што пры колёнізацыі ўсходніх абшараў першы стыкнуўся з азіяцкімі пляменьнямі і стварыў пераходную ступень паміж Эўропай ды Азіяй[44]. Натуральна, што пры консолідацыі расійскае нацыянальнасьці вялікарос закліканы адыгрываць першую ролю, як у Нямеччыне прусак або ў Італіі п’емоньцец. Вельмі да спадобы «западно-руссам» было прызнаньне Леруа Болье, што «адзіны народ Расіі мае свой уласны гені, прычым у аснове яго цывілізацыі ляжыць бізантыйскі элемэнт, процілежны заходня-эўропэйскаму, або рымскаму».

Гэткімі былі галоўныя тэзы «натуралістычнага падыходу» да прынцыпу адзінства Расіі, а значыць, і сувязі з ёй Беларусі — тэзы сёньня занадта старыя, але ў свой час даўшыя для «западно-русского» сьветапогляду quаsі-навуковую аснову. На жаль для «западно-руссизма», ён ня мог цалкам абаперціся на аўтарытэт Леруа Болье, бо апошні ў сваім гістарычным аналізе ды ў прогнозе будучага Расіі зьбіўся з раней абранай лініі: не згаджаўся з дадатнай роляй расійскага аўтократызму, бачачы ў ім праяву някультурнасьці, ня бачыў нічога, апрача пусташы, ў славутным «маскоўскім пэрыодзе» расійскай гісторыі, а ў расійскай «общине» — horribile dictu — бачыў спрыяючую акалічнасьць для разьвіцьця ў Расіі соцыялізму. Гэтыя апошнія вывады былі ўжо пэўнай данінай францускага дасьледчыка «западніцтву» ды народніцтву.

Пытаньне аб «общине» наогул разрывала «западно-русскую» канцэпцыю адзінства Беларусі з Расіяй. «Общины» як пэўнай формы зямлякарыстаньня на Беларусі ніколі ня было; тут спрадвеку былі разьвіты індывідуальныя, падворныя формы сялянскага зямлякарыстаньня, так што ня было жаднай прычыны распаўсюджваць на Беларусь гэтую спэцыфічна вялікарускую адзнаку. Ня было дзеля гэтага рацыі бачыць у беларускім жыцьці тыя соцыяльныя ды політычныя элемэнты, якія славянафільства, а з ім і «западно-руссизм» выводзілі з «общинного порядка» Расіі: так зв. «уладу зямлі», сувязь народу з уладай і тую «ўнутраную праўду» Расійскае дзяржавы, якую шукалі славянафілы. Індывідуальна-парлямантарны лад Беларусі эпохі Літоўскага Статуту з дамешкай фэўдальна-арыстократычных элемэнтаў пазьнейшага беларуска-польскага пэрыоду рэзка адрозьнівалі Беларусь ад Расіі на працягу шмат вякоў. «Западно-руссизм» у асобе Каяловіча сьвядома закрываў вочы на гэтыя яскравыя гістарычныя факты, таксама як не хацеў бачыць яшчэ больш рэльефнага факту — большай гістарычнай сувязі Беларусі з Заходняй Эўропай, чым з Маскоўскім княствам. У даным выпадку становішча «западно-руссизма» было цяжкім, бо разам з адзначэньнем асаблівасьці гістарычнай прыроды Беларусі, якая (асаблівасьць) давала падставу называць Беларусь «Заходняй» Расіяй, ён мусіў так асьцярожна азначаць яе, каб не парваць самых істотных карэньняў сувязі яе з Расіяй Усходняй. Каяловічу гэта было тым цяжэй зрабіць, што ён быў дасканала азнаёмлены з досьледамі аб Беларусі польскіх гісторыкаў, якія не разглядалі Беларусь інакш, як сускладную частку Польшчы.

Галоўнай падвалінай адзінства Беларусі з Расіяй было праваслаўе, супольнае для іх абедзьвюх. Вось чаму ўся гістарычная аргумэнтацыя Каяловіча прасычана фактамі ды спраўкамі з беларускай царкоўнай гісторыі. Але і тут «западно-руссизму» не шанцавала, бо на Беларусі, як ведама, апрача праваслаўя, здаўна было распаўсюджана каталіцтва, ня кажучы ўжо аб вуніі, якая існавала з канца XVI ст. да сярэдзіны XIX ст. і ў пэўным разуменьні была сваяадменнай «беларускай мужыцкай верай»[45]. Праўда, «западно-руссизм» з надворнага боку лёгка вырашаў гэтую веравызнальную супярэчнасьць: як мы бачылі вышэй, ён проста ня лічыў беларусаў-католікаў за сапраўдных беларусаў і аддаваў іх Польшчы. Але гэта была вялікая нацяжка, яна занадта біла ў вочы кожнаму не асьлепленаму праваслаўным патрыотызмам і тым псавала прынцыповую паступовасьць «западно-русской» ідэолёгіі. У гэтым сэнсе славянафільства з яго аполёгіяй праваслаўя рабіла занадта адносную, а можа нават дрэнную паслугу «западно-руссизму».

Адно, у чым славянафільская тэорыя адыграла для «западноруссизма» дадатнае значэньне і ў чым нібы вызначаўся лёгічны выхад з усёй проблемы Беларусі як «Заходняй» Расіі, гэта — у шанаваньні мясцовых „асаблівасьцяй». У гэтым славянафілы сапраўды ніколі не грашылі і заўсёды знаходзілі прымірэньне, калі не з этнографічна-нацыянальным, дык этнографічна-краёвым пунктам гледжаньня. Яны ніколі не падымалі рукі на мясцовыя звычаі, мову, народны быт і г. д., наадварот, яны настойвалі на іх захаваньні ды магчымым разьвіцьці.

Каяловіч ведаў гэтую спрыяльную для «западно-русской» програмы акалічнасьць і старанна яе падкрэсьліваў. Яна павінна была падымаць «западно-руссизм» у вачох усіх тых на Беларусі, хто ня цураўся сваёй роднай мовы і не хацеў ставіць сваю беларускую, г. зн. «западно-русскую», істоту ніжэй за вялікарускую або якую іншую. «Славянафілы,— казаў Каяловіч,— пры ўсёй сваёй увазе ды высоўваньні расійскага жыцьця не маглі не паважаць самабытных мясцовых і пляменных асаблівасьцяй. У славянафільскай тэорыі знаходзілі сабе ўтульнае месца (курсіў мой.— А. Ц.) асаблівасьці і беларускага жыцьця, да яе пачалі цягнуцца лепшыя прадстаўнікі народнасьці польскай, літоўскай, латыскай»[46].

Больш таго, славянафілы пры ўсіх іхніх клопатах аб славянскім адзінстве ніколі быццам не адмаўляліся ад эвэнтуальнага разьвіцьця паасобных славянскіх народаў, у тым ліку ад разьвіцьця іхняе мовы. Расійская мова не магла быццам стаяць перашкодай на гэтым шляху, дзеля таго што не рознаадменная форма, але адзіны славянскі зьмест павінен быў зьяўляцца асновай агульна-славянскага яднаньня.

«Славянафілы,— кажа Каяловіч,— выясьнялі роднасьць і адзінства агульна-славянскага жыцьця ды імкненьняў, прычым толькі некаторыя з іх, як, прыкладам, Погодзін, занадта дамешвалі да гэтае справы расійскую дзяржаўную ўладу, дзеля чаго шмат каму здавалася, нібы славянафілы жадаюць дзяржаўнага зьліцьця ўсіх славян. Іншыя прадстаўнікі тэорыі выпраўлялі гэтую памылку. Не адмаўляючыся ад дзяржаўнае расійскае дапамогі («содействия») патрэбам славянства, яны клапоцяцца, уласна кажучы, аб унутраным адзінстве славян і толькі паказваюць на расійскую мову як на найбольш адпаведны спосаб для посьпехаў гэткага аб’яднаньня. У гэтым пытаньні некаторыя славянафілы становяцца на самы гуманны пункт гледжаньня і лічаць, што пры гэтым процэсе можа адбывацца абагуленьне ўсіх лепшых асноў славянства і ў быце і ў мове, не выключаючы і расійскага быту ды мовы»[47].

Такім чынам выходзіла, што Каяловіч прынцыпова згаджаўся з магчымасьцю ўступкі агульна-расійскай культуры на карысьць іншых славянскіх культур. Ён ня бачыў абсолютнай абавязковасьці падпарадкаваньня ўсіх славянскіх народаў ды пляменьняў Маскве, але даваў ім пэўную ў гэтым сэнсе свабоду. «Абагуленьне» славянства магло адбывацца на якой хочучы пляцформе, «не выключаючы» расійскага быту і мовы,— гэткі быў найбольш крайні, «гуманны», паводле выразу Каяловіча, падыход славянафільства.

Калі справа стаяла так, дык у «западно-русской» орыентацыі на Маскву не павінна было быць нічога прымусовага і гвалтоўнага. Сувязь Беларусі з Расіян выглядала зусім свабоднай і ідэолёгічна апраўданай, тым больш што Беларусь, захоўваючы ўсе свае мясцовыя адзнакі і перш за ўсё мову, магла разьвівацца і займаць «утульнае месца» ў славянстве хоч на расійскай, хоч на сваёй уласнай, хоч на якой-небудзь іншай славянскай аснове.

Як на выражэньне падобнага «гуманнага» разуменьня справы, Каяловіч з гонарам паказвае на павуковую чыннасьць мясцовых беларускіх дасьледчыкаў, пачынаючы Насовічам, Юшкевічам, Мікуцкім і г. д., якія з замілаваньнем ставіліся да «народнай (беларускай) самабытнасьці», трымаліся славянафільскіх пераконаньняў, а значыць, былі «западно-руссами». З свайго боку, Каяловіч згаджаецца, што гэтая «народная самабытнасьць» вымагае няўнікнёнага «глыбокага вывучэньня народнага быту, як ён ёсьць, са ўсімі яго асаблівасьцямі»[48].

Адсюль быў адзін крок да прызнаньня фэдэралістычнае ідэі. Апошняя ў тым выглядзе, як яна ўпяршыню выявілася ў гісторыкаў украінскае школы («южно-русских историографов»), ласьне і паклала ў аснову разуменьня Расіі як шматлікае па нацыянальнасьці дзяржавы прызнаньне і пашану краёвых асаблівасьцямі ды праў. Уся фэдэралістычная програма ласьне і зьявілася на гэтай краёвай народніцкай аснове, і першыя славянафілы — «южно-руссы» — на Украіне былі ў той самы час і першымі фэдэралістамі[49]. Паміж абедзьвюма тэорыямі было шмат супольнага, і таму здавалася натуральным, што і «западноруссы» як мясцовая плынь, абапёртая на прызнаньне «западности» Беларусі як складовай часткі Расіі, адчуюць гэтую сувязнасьць і стануць на фэдэралістычны пункт гледжаньня.

Падобнае адчуваньне, бязумоўна, мела месца. Але яно было ў «западно-руссов» такім слабым і, з другога боку, у фэдэралізьме было для «западно-руссов» столькі одыёзных момантаў, што ўсьведамленьне органічнае супольнасьці паміж імі зусім зьнікача. Як часта здараецца, так і тут узаемная ідэолёгічная блізкасьць выклікала на справе зацятую варожасьць, і мы бачым, з якой нястрыманасьцю Каяловіч полемізуе з фэдэралістымі і бароніць «адзінства Расіі». У гэтай патрыотычнай справе, у барацьбе супроць украінскіх «хлопаманаў», «мазепінцаў», украінафілаў ды інш., ён вельмі блізка набліжаецца да Гаворскага.

Аднак і ў даным выпадку аргумэнтацыя «западно-руссизма» звыкла расплывістая. Жадаючы скрытыкаваць навуковую вартасьць фэдэралістычнае концэпцыі і падняўшы з гэтай мэтай няўдалую полеміку з Костомаровым,[50] Каяловіч не знаходзіць нічога больш дакладнага, як даводзіць, нібы-то фэдэралістыя «надавалі большае (?) значэньне славянскаму адзінству, чым расійскаму», і ў сувязі з гэтым «высоўвалі украінскія асаблівасьці больш, чым гэта трэба і можна было рабіць». Што павінна было значыць гэтае «больш» і на якой граніцы трэ’ было спыняцца пры падобным вызначэньні, Каяловіч не казаў. Дык сказаць, зразумела, ня мог: «высоўваць асаблівасьці» можна было толькі ў тым памеры, у якім яны об’ектыўна існавалі.

Першыя украінскія вучоныя (Максімовіч, Бадзянскі) не рабілі, паводле пераконаньня Каяловіча, так. Яны хоць і прысьвячалі свае сілы пераважна Украіне, але разам з тым узвышалі «обще-русское единство» заўвагамі наконт агульна-славянскага адзінства. Але што павінна было абазначаць падобнае «падвойнае» адзінства ў агульнарусізьме і ў славянстве — Каяловіч зноў-ткі бясьсільны быў растлумачыць. З яго боку гэта была пустая славянафільская фразэологія, жаданьне прыкрыць туманным выразам сваё рэакцыйнае пераконаньне.

Сапраўдны сэнс фразэолёгіі раскрываўся тут-жа, у спасылцы на «малороса» Гоголя, у творах якога, паводле выразу Каяловіча, «ясьней за ўсе выявілася панаваньне ідэі адзінства рускага народу над усімі яго племяннымі асаблівасьцямі» дзякуючы таму, што «ён пісаў на агульна-расійскай літаратурнай мове і яркімі фарбамі маляваў адзіную, вялікую Расію»[51].

Выходзіла, што ўся славянафільская філёзофія «западно-руссизма» зводзілася да «общерусского литературного языка».

Аднак і на гэты раз «западно-руссизм» ня вытрымаў паступовасьці; заўважаючы блізкасьць фэдэрацыйнай школы да славянафілаў, ён ня мог адмовіць ёй у сваім прызнаньні. І што важна, ён хваліў яе за тую самую навуковую чыннасьць, якая ў тагачасных украінафіла была ні чым іншым, як акадэмічным выразам «культурнага сэпаратызму». «Нашыя маларасійскія фэдэралістыя,— пісаў Каяловіч,— або, як іх інакш называлі, сэпаратыстыя, члены маларускае партыі, пры ўсіх сваіх прадузятых поглядах да вялікарусаў мімаволі далучаліся да славянафілаў. У галіне вывучэньня народнага быту, які як зьява натуральная не падлягае гвалтоўнай пераробцы, шмат працаваў Костомаров, Куліш, Чубінскі, Антановіч і г. д. Усе яны «адкрылі шмат мясцовых асаблівасьцяй» і прынесьлі карысьць навуцы тым, што сквапным вывучэньнем унутранага быту народу дапамаглі выясьненьню асаблівасьцяй яго духу»[52]...

У чым-жа тоілася гэткая падвойнасьць «западно-руссизма», якая, як відаць з гэтай вытрымкі, з аднаго боку, прыводзіць яго да прызнаньня дадатнае ролі фэдэрацыйнага прынцыпу, а з другога — углядае ў ім свайго заклятага ворага? Каяловіч сам дае нам адказ на гэтае запытаньне. Разважаючы над сутнасьцю і гісторыяй узьнікненьня фэдэралістычнай ідэі, ён дае зразумець, што галоўная шкоднасьць яе ня ў тым, што яна «хацела вызначыць зусім іншыя погляды на нашы старыя гістарычныя часы і з гэтай мэтай высоўвала на першы плян у навуцы маларускае племя», але што яна разам з тым высоўвала «практычныя вымаганьні, супярэчныя ўваленаму адзінству Расіі». Гэтыя «практычныя вымаганьні», паводле слоў Каяловіча, складаліся з вымаганьняў для Украіны асобнае азбукі, перакладу на украінскую мову ўрадовых актаў і загадаў, украінскіх падручнікаў у школах, разьвіцьця самастойнай украінскай літаратуры і г. д.[53]

Вось у гэтых «практычных вымаганьнях» і тоіўся ўвесь сакрэт разыходжаньня «западно-руссйзма» з фэдэрацыйнай тэорыяй! Полеміка на навуковыя тэмы і гістарычныя досьледы Костомарова аб дзьвсх расійскіх народнасьцях ня былі з пункту гледжаньня «западно русснзма» небясьпечнымі для культурнага і дзяржаўнага адзінства Расіі. Да пэўнай меры «западно-руссйзм» сам дазваляў сабе падобныя вольнасьці, калі рэтроспэкцыйна гаварыў аб «дзьвёх паловах Расіі» — заходняй ды ўсходняй. Што-ж датыча «практычных вымаганьняў», якія рабіў нацыянальны рух з гэтых рэтроспэкцый, дык тут справа стаяла зусім інакш. Гэта была ўжо не навука, не гістарычная тэорыя, але практыка — тая політычная практыка, якая няўхільна прыводзіла да дзяржаўнага сэпаратызму і да рашчапленьня расійскага культурнага адзінства.

«Западно-русс» Міхайла Каяловіч, які стаяў на ўзьмежжы гэтага адзінства з боку Беларусі, які ўсё жыцьцё клапаціўся аб яго захаваньні, дасканала бачыў і разумеў небясьпеку падобнай «практыкі». Ён добра разумеў законамерную сувязнасьць гэтых «практычных вымаганьняў», ведаў, што бязьвінная азбука і падручнік па мясцовай мове, ня гледзячы на ўсю іх элемэнтарнасьць, цягнуць за сабой далёкасяжныя вынікі. Ён бачыў і баяўся, каб і беларускі рух, пачаўшы прачынацца ў пераломны пэрыяд 70-80-х гадоў, не набраўся гэткіхжа «практычных вымаганьняў», ня стаў на шлях утварэньня сваёй самастойнай літаратурнай мовы і сваёй нацыянальнай культуры.

У гэтым і быў увесь сэнс. Полеміка Каяловіча з фэдэралістычнай тэорыяй ясна паказала, якую цану мелі ўсе славянафільскія лемантацыі «западно-руссов» і абяцаньні агульна-славянскага адзінства незалежна ад вялікарускага верхаводзтва. Яна паказала разам з тым, чаго была варта пашана «западно-руссов» да мясцовых асаблівасьцяй і куды вяла пропаведзь іх аб «утульным месцы» Беларусі ў Расійскай імпэрыі. Калі пытаньне а праве паасобных пляменьняў, у даным выпадку украінскага і беларускага, пачало ставіцца ня ў тэорыі, а на практыцы, калі справа даткнулася нават ня права на політычную самастойнасьць, а на сваю ўласную школу ды кнігу, г. зн. на элемэнты самастойнасьці культурнай, «супольнасьць у славянстве» адразу зьмянілася на «зьліцьцё ў вялікарускасьці». Так простае пытаньне аб мове, пастаўленае практычна, выкрывала фальш глыбокадумнай тэорэтычнай фразэолёгіі.

«Западно-русская» аполёгія адзінства Беларусі з Расіяй знайшла сабе чарговы выраз у 80-х гадох у выступленьні Каяловіча супроць ні тому «Живописной России». Тут сутыкнуліся паміж сабой два погляды на Беларусь: адзін мясцовы — польскі, які рэпрэзэнтаваў Адам Кіркор, галоўны аўтар памянёнай кнігі, і другі — «западно-русский», які бараніў Каяловіч.

ІІІ том «Живописной России», у якім былі даны ўсебаковыя нарысы Беларусі ды Літвы, зьявіўся расійскім перакладам прац Кіркора — «Litwa а Ruś w historycznym, geograficznym, statystycznym i archeologicznym opisie», надрукаваных дзесяць год перад тым (1875) у варшаўскім часопісу «Opiekun Domowy». Пісаў гэтую работу Кіркор, будучы ўжо заграніцай, і таму на ёй ляжыць пячатка асабліва прыгожай закаханасьці аўтара да сваёй бацькаўшчыны. Разам з тым ад яе старонак навявае старасьветнай, дапаўстанцкай эпохай 50-х га- доў, калі польская культура на Беларусі разьвівалася бяз жадных перашкод.

Ня дзіва, што ў 80-х гадох, у момант новага ўздыму русыфікатарскіх тэндэнцый на Беларусі ды яшчэ ў расійскім перакладзе, гэтая праца зрабіла ўражаньне анахронізму, а людзям патрыотычна настроеным, перш за ўсё «западно-руссам», дала не малы матэрыял для новага паходу на ўсё польскае. Ня мала масла ў агонь падліў нейкі Лібэровіч, адзін з членаў выдавецкае фірмы Вольфа, у выданьні якой выходзіла «Живописная Россия», які даводзіў, нібы гэтая праца была распачата ў мэтах польскіх, што да супрацоўніцтва ў ёй запрошаны пісьменьнікі, прыхільныя да Польшчы[54].

Каяловіч наваліўся на Кіркора з усім «западно-русским» запалам. «Галоўным будаўніком польскае будоўлі на Беларусі,— пісаў ён,— зьяўляецца Кіркор — чалавек аднолькава расійскае і польскае асьветы, у якога пад выглядам гуманнасьці і навуковасьці ўсюды скрозіць вялікая няпраўда і фанатызм у стасунку да ўсяго «русского». Кідаецца ў вочы і плян выданьня «Живописной России» — не ад цэнтру Расіі — «унутранай Расіі, населенай цэльным расійскім народам, зярна Расіі і ў сэнсе гістарычным, і ў этнографічным, і ў экономічным», а з «окраин». Кіркор, паводле сьцьвярджэньня Каяловіча, цалкам паўтарае ранейшыя польскія погляды і дамаганьні на Беларусь; ён рупна выстаўляе ўсё добрае польскае і закрывае ўсё дрэннае; у стасунку да Расіі ён, наадварот, трымаецца процілежнага правіла — закрывае зусім гістарычную цягу Заходняй Расіі да Усходняй і з няўтомнай паступовасьцю раскрывае расійскія гвалты ды паўстаньні супроць Расіі». Ва ўсім відаць яго галоўнае заданьне — «разарваць усялякую сувязь Заходняй Расіі з Усходняй». У сувязі з гэтым ён быццам нездаволены езуітамі, чаму яны завялі на Беларусі вупію, а ня проста наварочвалі беларускі народ на лацінства, і з асаблівай дакладнасьцю ды ўвагай спыняецца на тэй частцы беларускае інтэлігенцыі, якая апалячалася[55]. «Адкрыў я новую жахлівую польскую махінізацыю,— пісаў тады Каяловіч Корнілову.— Разьбіраю трэці том «Живописной России», у якой нахабна выбіваецца ўсё расійскае ў Заходняй Расіі»[56]. У гэтым апошнім выступленьні Каяловіча супроць Кіркора ня было ўжо і ценю ранейшай блізкасьці яго да старавіленскіх настрояў. За 20 з лішкам гадоў, якія прамінулі з таго часу, калі ён бываў у Кіркора ў Вільні ў гасьцёх, паміж абодвума кірункамі вырасла вялізная сьцяна разыходжаньня: у той час, калі Кіркор усё яшчэ жыў па чужыне старымі ўражаньнямі ды паняцьцямі і ня прыняты кракаўскай Польшчай як свой заставаўся старым дарэформенным «літвіном», Каяловіч, захоплены «общерусской» стыхіяй, цалкам пазбыўся ранейшага мясцовага колёрыту.

Чым далей, тым болей «западно-руссизм» М. Каяловіча набіраў «истинно-русских» рысаў і станавіўся ў цэнтры агульнарасійскае рэакцыі. У якасьці профэсара Пецярбурскай дух. акадэміі, у «Славянском Обществе», у Этнографічным аддзеле «Географического Общества», у Камісіі па організацыі народных школ на Беларусі — усюль ён «ратует за благо Западной России» — у справы яе «вбивает русский гвоздь»[57]. Гэтай-жа мэце ён служыць у супрацоўніцтве з Саблерам, Победоносцевым, Корніловым і Суворыным — тагачаснымі кіраўнікамі расійскае рэакцыі. Навокал яго ў гэтыя гады ствараецца цэлая група бліжэйшых прыхільнікаў, яго ўласных гадунцоў,— прафэсароў Скаблановіча, Завіткевіча, Філевіча, Цьвятаева ды іншых прадстаўнікоў «западно-русской» школы.

Аднак і ў гэты час, пры канцы жыцьця, у зэніце свайго «западно-русского» ўплыву, Каяловіча не пакідае нейкая няўпэўненасьць. Ён бачыць цяжкасьці на тэй «западно-русской» дарозе, па якой, паводле яго пераконаньня, Беларусь ідзе, і яму не дае спакою тое нявыразнае зьмешваньне, якое творыцца ў краі пад націскам расійскай і польскай культуры. З апошняй падарожы па Беларусі ў 1886 г., седзячы ў провінцыяльнай пружанскай цішы, ён апісвае старому сябру Корнілову свае далёка невясёлыя ўражаньні[58]:

«Цяжка быць тут рускаму нават і цяпер... Маладое пакаленьне простага народу значна адрозьніваецца і зьвяртае ўвагу сваім расійскім разьвіцьцём, але страшны цяпер час для гэтага ўзрастаючага народу. Ён выходзіць у інтэлігенцкае жыцьцё і шукае ўзораў, а ўзоры... расійскія часьцей за ўсё дрэнныя... Пасьля гэтага што-ж значыць наш уплыў на народ? А тымчасам жыцьцё ўсё настойней ды настойней высоўвае пытаньне, каму панаваць (тут) — расійскаму грамадзтву ці польскаму. Вы ўсьцяж бачыце, што селянін, які адыходзіць ад сваёй стыхіі,— адзін размаўляе з вамі нашай літаратурнай мовай, другі — чыста польскай гутаркай і абодва трацяць свае сьвіткі... Што выйдзе з усяго гэтага змяшэньня, я бязупынна задаю сабе пытаньне, і хоць веру, што пераможа Русь, аднак, колькі будзе хістаньняў, мучэньняў і згубы дарэмнай».

Цяжка сказаць, што думаў Каяловіч, пішучы гэтыя радкі, і чаму шкадаваў ён зьнікаючую беларускую «сьвітку». Ці шкадаваў ён у ёй сваё мінулае, аддаючы даніну сэнтымэнтальнаму ўспаміну маладосьці і беларускай старыне, якая зэўсёды мае здалёку прыгожую вабнасьць, ці, можа, прыходзілі яму ў галаву іншыя, больш «практычныя» меркаваньні — аб гэтым можам толькі здагадвацца. Як-бы там ні было, але і тут, пры ўспрыняцьці конкрэтнага беларускага жыцьця канца 80-х гадоў, «западно-руссизм» не знаходзіў сабе належнай уцехі.

  1. Для таго каб пазнаць усю агіднасьць панаваўшай у той час на Беларусі расійскай казёншчыны, вельмі карысна прачытаць хоць-бы ўспаміны А. Жыркевіча аб акад. Н. Чагіне, зьмешчаныя ў «Записках Сев.-Зап. отделения Географ. О-ва», 1911, кн. 2, стар. 165-231. Акад. Чагін — гэта ўвасабленьне рэжыму старон расійскай культуры на Беларусі за ўвесь доўгі час ад 1863 да 1909 г., аўтар нязьлічоных казённых сабораў і цэркваў, якія пакінуў на Беларусі стары рэжым. Паклоньнік Чагіна — А. Жыркевіч папісаў успамін пасвойму таленавіта, так што ў асобе Чагіна ўстае прад намі ўвесь стыль тагачаснай эпохі.
  2. М. Довнар-Запольский «Народное хозяйство Белоруссии».
  3. Вядома, што сын нашага поэты — продукт пазьнейшай эпохі звароту польскіх прэтэнзій па Беларусь канца XIX і пачатку XX ст.— быў крайнім зоолёгічным польскім шовіністым і адмовіўся аддаць зацікаўленым асобам архіў бацькі. Гл. Юры Алелькавіч «Стары Менск у беларускіх успамінах», «Беларусь», 1920, №2. Аб шовіпізьме Багушэвічасына гл. полеміку, што ўзьнялася паміж польскай нацыяналістычнай газэтай «Goniec Wileński» і «Виленским Вестником» па пытаньні аб польскай культуры на Беларусі ў 1908 г. (ліст Б-ча з прычыны заснаваньня ў Вільні «Польскага т-ва культурнае працы»).
  4. З тым. што разьвіцьцё адраджэнчае ідэолёгіі Фр. Багушэвіча прыпадае на 70-я гады, а не на 80-я, і тым больш не на 90-я, калі ў Кракаве зьявілася «Дудка беларуская», згодзен таксама вядомы дасьледца творчасьці пісьменьніка, проф. М. Піотуховіч. У яго аналізе ўмоў узьнікненьня беларускае нацыянальнае ідэі ў 70-я гады адсутнічае толькі важнейшы элемент, паказаны намі,— гэта паслабленьне экономічнае залежнасьці Беларусі ад Польшчы, адыход яе экономічнае моцы ў карэнную Польшчу. Гл. М. Піотуховіч «Францішак Багушэвіч як ідэолёг беларускага адраджэньня і як мастак». Працы Бел. Дзярж. унів., 1925, асоб. адбітак, стар. 24.
  5. Пытаньне аб «Гомане» застаецца да гэтага часу яшчэ мала высьветленым у нашай гістарычнай літаратуры, прычым некаторыя дасьледчыкі (У. Ігнатоўскі «Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX ст.», стар. 190) называюць месцам яго выданьня Менск, іншыя (прыкладам, М. Гарэцкі — «Гісторыя бел. літаратуры», 1924, стар 222) Пецярбург.
  6. С. Щеголев «Украинское движение как современный этап южно-русского сепаратизма», 1912, стар. 66—67.
  7. Аб гэтым гл. наш артыкул: «Першы народны каляндар на Беларусі».
  8. Думку аб тым, што брацтвы па Беларусі могуць зьявіцца адным з элемэнтаў краёвага сэпаратызму, распаўсюджвалі па пецярбурскіх політычных салёнах прадстаўнікі варожага «западно-руссам» лягеру. У сувязі з гэтым І. Корнілов пісаў рэдактару «Московских Ведом.» М. Каткову наступныя цікаўныя радкі: «Дзіўлюся, як гэта знаходзяцца людзі, якіх непакояць брацтвы і якія думаюць, што гэтыя установы могуць прыняць які-небудзь політычны характар? Думаю, што гэтыя страхі надказаны польскай партыяй. Заходня-рускі край гэтак зьнясілены моральна, што пажадана, каб хоць брацтвы далі яму некаторую долю трываласьці. Непакояцца політычных тэндэнцый і сэпаратызму па заходняй граніцы проста сьмешна! Які тут сэпаратызм, калі Беларусь, якая сьпіраецца з мацнейшымі народнасьцямі і стыкаецца з польскім грамадзянствам, ня здолее трымацца на сваіх нагах. Яна можа трымацца толькі апіраючыся на Расію і схіляючыся да яе. Яна ніколі ня будзе нагэтулькі дужай, каб ёй прышло ў галаву дамагацца самастойнасьці» (гл. матар’ялы І. Корнілова «Русское дело в Сев.-Западном крае», стар. 41. ліст да М. Каткова і П. Леонтьева). У гэткім-жа духу пісаў М. Каяловіч Батюшкову, які знаходзіў, што брацтвы не патрэбны цяпер, калі «ўрад не варожы народу, што яны могуць аб’яднацца ў супроць-урадовыя організацыі (гл. зборнік лістоў яго ў Рукап. аддз. Публічн. бібл.).
  9. Усе гадунцы Літоўскай дух. сэмінарыі лічылі абавязкам бываць у М. Каяловіча ў хаце. «Документы, объясняющие историю зап,-русскаго края», былі перапісаны імі. Бліжэйшымі яго вучнямі былі выдатнейшыя «западно-руссы» — Філевіч, Балвановіч. Крачкоўскі, Катовіч, Жуковіч, Дземяновіч і г. д. Да вучняў яго належаў і памянёны вышэй «мужыцкі ксёндз» — Сенчакоўскі, які быў узгадаваны Каяловічам у духу старога каталіцтва, незалежнага ад рымскага папы» (А. Жиркевіч «Из-за русского языка», «Минская Старина» т. III, XXIV).
  10. М. Коялович «Поездка в Западную Россию», «Церк. Вестник», 1886, № 45-52, тут цытуецца па асобным адбітку.
  11. Ibid. «По уездным городам и селам», стар. 18.
  12. М. Коялович «Поездка в середину Белоруссии», «Церк. Вестник», 1887, № 3-4.
  13. Аб гэтым «западно-русском сепаратизме» Каяловіч пісаў у другім месцы і даваў яму тлумачэньне. Справа была ў барацьбе паміж мясцовымі сьвяшчэньнікамі і тымі, што наяжджалі ў Беларусь з унутраных губэрань. «Назьбіралася,— пісаў ён,— ужо нямала варожасьці паміж гэтымі двома лягерамі. Быў нават гэткі выпадак: на адным школьным зьезьдзе дэпутаты падзяліліся на дзьве партыі — вялікарусаў і «западно-руссов». Мянюшка адным была — маскалі, кацапы; другім — палякі, вуніяты. Гэтае зьявішча абарочваецца ўжо ў востры сэпаратызм, якім ужо карыстаюцца для эгаістычных мэтаў». «Минские Еп. Ведомости», 1883, № 1-2; «Состояние православного духовенства на зап. окраине России».
  14. М. Каяловіч «Поездка в Зап. Россию», стар. 29-30
  15. А. Кочубинский «Начальные годы русского славяноведения». (Адм. Шишков и канцлер гр. Румянцев). Одесса, 1877. Карамзін зло высьмейваў славянафілаў, кажучы, што яны «голѣмые иретолковники, иже отрѣвают все иже есть русское и блещаются блажение сіяніем славяномудрія». Шышкоў першы атрымаў у літаратуры мянюшку «словенофила», пры чым гэтая назова была ў вуснах сучасьнікаў сынонімам абскуранта. Адзін тагачасны пісьменьнік, Макаров, напісаў нават камэдыю — «Обращенный словенофил», у якой гэрой-«словенофил» і яго друг «пэдант» выведзены круглымі дурнямі (И. Ягич ««История славянской филологии», стар. 160).
  16. П. Милюков «Из истории русской интелигенции», артык. аб славянафільстве.
  17. D. Т. Grabowski «Polska а Słowiańszczyzna», W-wa, 1927.
  18. А. Гильфердинг. Собр. соч., т. ІІ, стар. 63—64 (вид. 1868 r.)
  19. «Русская историческая литература в классовом освещении». Сборник статей с предисловием М. П. Покровского, вып. I, 1929; П. Рубинштейн «Славянофилы».
  20. «Колокол», 15 января 1860 г., л. 61, стр. 499: «Украина».
  21. А. Градовскнй «Национальный вопрос в истории и литературе», гл. IV, стар. 307.
  22. П. Безсонов «Белорусские песни», прадмова.
  23. Н. Барсуков «Жизнь и труд М. П. Погодина», т. V, стар. 219.
  24. Гл. цікавую нататку аб гэтым у «Новом Времени», 1870, № 55. У гэтай нататцы А. Кіркор, між іншым, цьвёрда называе сябе «ня прыродным палякам, а беларусам».
  25. Гл. «Журнал Мін. Нар. Просв.» за 1859 г.. стар. 203, смесь.
  26. Гл. «Журн. Мин. Внутр. Дел» за 1843 г., ч. ІІ, стар. 269-270.
  27. Гл. «Журн. Мин. Нар. Просв.», 1883, № 225, стар. 88-89: «Прежние воззрения польского писателя Крашевского на бывшее Литовское княжество, т. с. на Западную Россию».
  28. Першае акрэсьленьне «западно-русского» разуменьня беларускага пытаньня было дана ім у памянёных вышэй «Лекциях по истории Западной России» (I864-1884); потым гэтай мэце служылі: История русского самосознания» (1893), прамовы ў Славянском Обществе: «Историческая живучесть русского народа и ее культурные особенности» (1883), «По поводу кончины Ю. Самарина» (1876) ды інш.; урэшце, шмат якія артыкулы і дасьледваньні, раскіданыя ў тагачаснай прэсе — «Журн. Мин. Нар. Просвещения», «Дне», «Церк. Вестнике», «Русском Инвалиде», «Гражданине» і г. д. Галоўная праца М. Каяловіча — «Ист. русск. самосознания» хоць і выклікала ў расійскай журналістыцы шумную полеміку, аднак не знайшла прызнаньня сваёй павуковай вартасьці (гл. «Исторический Вестник», 1897, т. 68, стар. 905-906).
  29. «Лекции по истории Зап. России», 1864, стар. 354.
  30. «Лекции по истории Зап. России», 1864, сгар. 19.
  31. «Лекции», стар. 13-14
  32. Каб прасачыць эволюцыю поглядаў Каяловіча на пытаньне аб незалежнасьці Беларусі на працягу дваццаці гадоў, варта параўнаць абзацы, прысьвечаныя гэтаму пытаньню ў першым і трэцім выданьні яго «Лекций по истории Западной России» — выд. 1864 г., стар. 25-27, і выд. 1884 г., стар. 17-19
  33. «История русского самосознания», 1893, стар. 423—424.
  34. «Чтения», стар. 10.
  35. Пыпин «Польский вопрос в русской литературе», «Вестник Европы», 1880, октябрь, стар. 681-687.
  36. «Чтения», стар. 10.
  37. М. Коялович «Польское приглашение белорусского юношества к сепаратизму», «Литовские Еп. Ведомости», 1882, № 10, стар. 78-80. Дзеля таго што дасьледаваньне гэтага пытаньня выходзіць па-за рамкі нашае цяперашняе працы, мы закранаем яго толькі мімаходзь, паколькі яно зьвязана з «западно-руссизмом». Заўважым, што, па нашых даных, гутарка ідзе тут аб тых праявах беларускага руху ў 1882 г., у якіх прымаў удзел Спасовіч у Пецярбурзе і Кіркор у Кракаве. У сувязі з гэтым у 1884 г. адбыліся ў Вільні сярод студэнтаў Віл. наст. інстытуту арышты, аб чым мы ўспамінаем ніжэй; адбываліся арышты і сярод беларускай моладзі ў Пецярбурзе.
  38. «Чтения», прадмова, IV, стар. 3.
  39. «Чтения», прадмова, IV, стар. 4.
  40. Артыкулы А. Градоўскага друкаваліся ў «Беседе» з 1871 па 1873 г. У апошнім годзе яны вышлі ў аднэй кнізе «Национальный вопрос в истории и литературе».
  41. «История русск. самосознания», стар. 19.
  42. «Историческая живучесть русского народа и её культурные особенности», гл. зборнік «Первые 15 лет существования С.-Петербургского Слав. Благ. Общества», 1868-1883, стар. 746-755.
  43. Леруа Болье падарожнічаў па Расіі 4 разы ў 1872-1882 г.г.; вынікам яго падарожаў зьявілася кніга «V Empir Russe. Le pays et les habilanls», 1881-1889; у Каяловіча яна вылажана ў «Истории русск. самосознания», гл. XVIII («Научное изучение естественных условий русской жизни»), стар. 395-407. Ня трэба блытаць аўтара гэтай працы Leroi Beaulieu Анатоля, публіцыста і профэсара гісторыі ў «Бсоіе libre des scienses poliliques», з братам яго Пьер-Полем Леруа Болье — экономістым, вядомым сваімі варожымі выступленьнямі супроць піонэраў навуковага соцыялізму.
  44. Характэрна, што аб беларусах Леруа Болье кажа, што яны менш прыгнечаны суровым кліматам ды ўсходнім дэспотызмам і захоўваюць больш асабістай годнасьці, незалежнасьці ды індывідуальнасьці, чым вялікаросы. («Ист. р. самосознания», стар. 400). Погляд на беларусаў як племя здольнае і культурнае падзялялі ў расійскай літаратуры Беляев, Соловьев і асабліва Кавелін, які лічыў, што вялікарускае племя самае някультурнае ў параўнаньні з насельніцтвам Заходняй Русі (Собр. соч., т. І, стар. 348 ды інш.).
  45. В. Антонович «Монографии по истории Зап. и Юго-Зап. России», т. І, стар. 337.
  46. «История русск. самосознания», гл. XIV, стар. 255.
  47. Ibid., стар. 256.
  48. «История русск. самосознания», стар. 423.
  49. Гл. запіску Костомарова, прадыктаваную Белоозерской; В. Синявский «Ник. Ив. Костомаров», «Русская Старина», 1886, т. І. стар. 87-88.
  50. Гл. «История русск. самосознания», разьдз. XIX, федеративная теория, стар. 416-427. Н. Костомаров адказаў на выступленьне Каяловіча ў Вестнике Европы», 1885, N° 4, стар. 876 і далей — «По пoвoду одной книги». Між іншым, цікава, што М. Каяловіч адзін час уваходзіў у склад кастамараўскага гуртка і прыводзіў туды сваіх вучняў, як, прыкл., Ю. Крачкоўскага («Отчет Вил. Публ. библиотеки» за 1903 г.).
  51. «Ист. русск. самосозн.», стар. 415.
  52. Ibid., стар. 424.
  53. Ibid., стар. 415.
  54. Выхад т. ІІІ «Живописной России» аднавіў супроць Кіркора новую хвалю інсінуацый і абвінавачаньняў. Пісалі аб гэтым у шмат якіх газэтах за 1884 г. («День», «Литовск. Еп. Ведомости», «Kraj», «Вил. Вестннк», «Русь»). Заўвагі аб гэтым гл. у Н. Янчука ў «Кратком очерке жизни и деятельности А. К. Киркора» («Древности», т. XII, асоб. адбітак, стар. 18-19). Брошуры Лібэровіча, якую цытуе Каяловіч («Русь», 1884, № 13),— «Stara Polska w malowniczym оpisie», Краков и Петербург, 1883 г., мы нідзе не знайшлі. Няма яе і ў Ленінгр. Публ. бібліотэцы і ў Бібліотэцы Усесаюзнай Акадэміі Навук.
  55. Гл. «История русск. самосозн.», стар. 407-414. Ёсьць падстава лічыць, што выступленьне Каяловіча супроць «Живописной России» падбухторвала ўсе іншыя выступленьні проці Кіркора і прычынілася хуткаму спыненьню гэтага каштоўнага выданьня.
  56. Гл. лісты да І. Корнілова ад 11 красавіка 1887 г. і ад 29 лістапада 1889 г.
  57. Ліст ад 12 студзеня 1884 г. у Рук. аддз. Ленінгр. Публ. бібліотэкі.
  58. З ліста Каяловіча да Корнілова ад 1886 г. 17 ліпня з г. Пружан (Рук. аддзел Ленінгр. Публ. бібліотэкі).