Перайсці да зместу

Западно-руссизм/РАЗЬДЗЕЛ ПЯТЫ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
РАЗЬДЗЕЛ ЧАЦЬВЕРТЫ Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі
Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч
1929
Крыніца: [1]
РАЗЬДЗЕЛ ШОСТЫ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У гісторыі «западно-руссизма» як асобнай гістарычна-політычнай плыні Міхайлу Каяловічу належыць, бясспрэчна, першае месца. Хоць і раней да яго, на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў, сыстэма русыфікацыі Беларусі праводзілася цьвёрда і акрэсьлена, хоць і да яго працаваў на гэтай ніве гэткі выдатны, «благородный» русыфікатар, як Іосіф Сямашка, аднак, толькі пачынаючы з Каяловіча, мы можам гаварыць аб «западно-руссизме» як аб пэўнай ідэолёгічнай цэльнасьці. Толькі дзякуючы Каяловічу школа «западно-руссов» атрымала сваё канчатковае ідэолёгічнае аформленьне, сваю гістарычна-філёзофічную ўстаноўку. Да яго ўсе спробы навуковага аб’яднаньня Беларусі з Расіяй насілі выпадковы і павярхоўны характар, зьяўляліся больш адміністрацыйным мерапрыемствам, чым глыбока прадуманай і ўсебакова ўзважанай сыстэмай культурнай чыннасьці.

Каяловіч паставіў «западно-руссизм» як адну з важнейшых проблем ня толькі беларускага, але і наогул расійскага жыцьця і прылажыў свае сілы, каб яе канчаткова вырашыць і апраўдаць. Апраўдаць і перад гісторыяй, і перад народам, і перад сваім уласным «западно-русским» сумленьнем.

Куды ідуць гістарычныя шляхі Беларусі — на ўсход ці на захад? З кім яна павінна вязаць свой лёс — з Расіяй ці з Польшчай? Чаму, дзеля якіх прычын Беларусь павінна адыйсьці да «славянскай» Расіі, а не да «лацінскай» Польшчы, і як пры гэтай умове павінна выглядаць Беларусь як пэўная энтографічная асаблівасьць?

Вось кола пытаньняў, якія паставіў перад сабою Каяловіч і якім прысьвяціў, па ўласным прызнаньні, усё сваё жыцьцё. Адказы яго на гэтыя пытаньні заключалі ў сабе і чыста абстрактныя моманты, як, прыкладам, разважаньні над пытаньнем народнага адраджэньня, і чыста практычныя меркаваньні — як, якім шляхам і пры якіх умовах лягчэй за ўсё Беларусі пазбыцца сваёй асобнасьці ў імпэрыі і зьліцца з Расіяй у адно нацыянальнае цэлае.

Пасьля Каяловіча «западно-русской» школе не заставалася сказаць большага: усё патрэбнае яна магла знайсьці на старонках яго шматлікіх навуковых і публіцыстычных прац, а таксама ў яго перапісцы з бліжэйшымі супрацоўнікамі. Пасьля Каяловіча аб гэтай школе можна ўжо разважаць зусім упэўнена, тым больш што ў канцы XIX ст. яна акрэсьлена проціставіць сябе адраджэнчай беларускай плыні, а барацьба паміж абодвума сьветапаглядамі — нацыянальна- беларускім і «западно-русским»— усё больш і больш разьвінаецца.

Ці здолеў Каяловіч вырашыць да канца сваю «западно-русскую» проблему? Ці да канца ён быў упэўнены ў правільнасьці занятай ім позыцыі?

На гэтае пытаньне трудна, зразумела, адказаць акрэсьлена. Канечна, упэўненасьць у правільным вырашэньні гістарычнага шляху Беларусі ён меў. Але таксама, на наш пагляд, меў ён і пэўную долю крытычнага разважаньня, якая выражалася ў разуменьні небясьпекі, якую нясе з сабой беларускі нацыянальны сэпаратызм, разуменьне таго, што гэты сэпаратызм мае пад сабой патрэбную глебу, патрэбныя сілы і адпаведнае тэорытычнае апраўданьне. Каяловіч разумеў, што ягонымі развагамі над «Западной Русью» яшчэ ня вырашана канчаткова справа яе адраджэньня, што ня толькі ў еднасьці з Расіяй, як і ня толькі ў еднасьці з Польшчай, ляжыць яе гістарычны лёс. Ён бачыў, што перад Беларусьсю можа ляжаць яшчэ і трэці шлях — шлях беларускай асобнасьці як ад адной, так і ад другой стараны і ўтварэньня з Беларусі нейкага самастойнага цэлага, якое зойме сярод славянскіх нацый самастойнае месца. Перад яго вачыма была гэткая магчымасьць, і ён яе баяўся.

Разам з гэтым, відаць, сьвядомасьць самастойнай, асобнай прыроды Беларусі перашкаджала яму заняць крайнюю позыцыю ворага этнографічных асаблівасьцямі Беларусі, прымушала яго апраўдваць гэтыя асаблівасьці, якія ён, бязумоўна, любіў; гэтая-ж самая сьвядомасьць выклікала ў ім скептычны стасунак да офіцыйнай вялікарускай дзяржаўнасьці, якую ён па сваёй тэрміналёгіі называў «вялікарускім сэпаратызмам». Ніжэй мы ўбачым, што ў сваіх славянафільскіх разважаньнях і ў барацьбе проці фэдэрацыйнай тэорыі ён ня быў пасьлядоўны. У канцовым выніку наконт таго, як-жа быць з мясцовым этнографічным патрыотызмам, ці ганьбіць яго, ці, наадварот, ставіцца да яго з пашанай,— ён заблытаўся. Заблытаўся таксама, як заблытвалася наогул расійскае славянафільства ў прызнаньні правоў усіх славянскіх народаў.

Каяловіч змагаўся проці фэдэрацыйнага прынцыпу, але разам з тым вызнаваў яго рацыю; змагаўся за адзінасьць Расіі разам з «Западной Русью», але разам з тым высока цаніў гістарычную асаблівасьць Беларусі. Іншымі словамі, ён стаяў у сваіх канчатковых разважаньнях на ўзьмежку таго, што мы называем этнографізмам і нацыяналізмам. Ён старанна адхрышчваўся ад небяспекі пераходу першай стадыі ўсьведамленьня ў другую, баяўся, галоўнае, каб гэты пераход ня быў скарыстаны Польшчай.

«Боязьнь Польшчы» была самай характарнай адзнакай усіх «западно-руссов» наогул. Адных яна прыводзіла ў лягер рэнегатаў і зацятых русыфікатараў Беларусі, другіх, якія адважваліся глянуць на справу больш спакойна, набліжала да прызнаньня нацыянальнай ідэі. Да канца ўтрымлівацца на ўзьмежку было даволі трудна, асабліва з таго моманту, калі думка аб культурна-нацыянальным адраджэньні Беларусі пачала што далей, то больш пашырацца ў навуцы і грамадзтве.

Міхайла Осіпавіч Каяловіч паходзіў з Горадзеншчыны. Нарадзіўся ён у 1828 г. ў мяст. Кузьніца Сакольскага павету і быў сынам незаможнага вуніяцкага сьвяшчэньніка[1]. Як у кожнай вуніяцкай сям’і таго часу, так і ў сям’і Каяловіча захаваўся амаль у незакранутым выглядзе стары беларускі быт, беларуская мова, старадаўнія звычаі, успаміны[2]. Разам з тым у яго сям’і выхавалася надзвычайнае, хваравітае замілаваньне да Расіі як абаронцы ад гістарычнага польскага ўціску. Гэткія цікаўныя зьявы ў старых беларускіх вуніяцкіх фаміліях былі нярэдкія, але яны пакуль што яшчэ мала дасьледаваны.

«Вам, маскалём, незразумела,— піша М. Каяловіч да А. С. Суворына[3],— адкуль у нас, западна-русаў, бярэцца зазноба да Расіі», і расказвае выпадак са сваёй сямейнай хронікі: «пасьля трэцяга падзелу Польшчы мой бацька, тады ўжо сарака трох год, апынуўся за граніцай Расіі, у прускай дзяржаве[4]. Яго маці, а мая бабка, абурылася, што сям’я засталася ня толькі ў Польшчы, але і пад ўладай немцаў і, ня гледзячы на забарону перасяляцца ў Расію асобам мужчынскага полу, ноччу, у куфры з прасьвідраванымі дзіркамі, контрабандным шляхам перавезла майго бацьку праз Нёман і ўрачыста выпусьціла на рускую зямлю».

«Па ўсёй заходняй краіне так званых літоўскіх губэрняў,— тлумачыць Каяловіч «маскалём»,— з даўных-давён адбывалася і адбываецца нязломная народная барацьба, на якую не маглі і ня могуць мець уплыву ніякія вонкавыя здарэньні. Там адбывалася і адбываецца няўнікнёная ў кожны момант народная барацьба тутэйшага беларускага элементу з прышлым элементам польскім. Гэтыя элементы заўсёды там змагаюцца і вырашаюць гістарычныя свае правы, змагаюцца часьцей за ўсё глуха, але ва ўсіх сфэрах жыцьця і на ўсім прасторы гэтае зямлі, у дамох, на камяністых палетках, у трушчобах лясоў, на купінах балот... Я нарадзіўся ў аднэй з гэтых мясцовасьцяў мне знаёма гэтая барацьба»...[5]

Міхайла Каяловіч прысьвяціў сябе гэтай-жа самай барацьбе, на карысьць, як ён думаў, «тутэйшага беларускага народу», проці «прышлага польскага элементу».

Першую асьвету М. Каяловіч прайшоў у супрасьльскай школцы, аднэй з тых школ, дзе моцна яшчэ была сувязь з славутамі Кляшчэлямі — асяродкам асьветнай дзейнасці беларускага гуртка Віленскага унівэрсытэту[6]. Тут-жа, побач з беларушчынай, дзякуючы спакусам Масквы вырасталі сярод вуніятаў перавертні, галоўным з якіх зьявіўся вядомы Іосіф Сямашка (бацька М. Каяловіча быў адным курсам маладзейшы за Сямашку па Віленскай галоўнай сэмінарыі). Зрабіўшы стаўку на Расію і маскоўскае праваслаўе, вуніяцкія рэнегаты ўсю гастрыню свае барацьбы на карысьць новага саюзьніка зьвярнулі проці Польшчы. У барацьбе проці ўсяго польскага, а галоўнае, проці польскага лацінства, яны ўбачылі сваё новае прызначэньне і аддаліся яму з сапраўднай ахвярнасьцю.

У атмосфэры барацьбы гэтых двох станаў — стара-вуніяцкага. які трымаўся карэньняў беларушчыны, шанаваў яе і пагаджаў яе з польскай культурай, і новага, які бачыў сваю будучыню ў сувязі з усёмагутнай Масквой і Пецярбургам, прайшла моладасьць Міхайлы Каяловіча. У атмосфэры гэтае барацьбы ён вучыўся ў мурох Віленскай сэмінарыі, а потым у Пецярбурскай духоўнай акадэміі. Пасьля сканчэньня акадэміі ён некаторы час быў настаўнікам у Рыскай і Пецярбурскай сэмінарыі, а потым з 1859 г. да канца жыцьця займаў катэдру гісторыі ў самай Пецярбурскай акадэміі.

Ня толькі на першых кроках свайго жыцьця — у школе і сэмінарыі, але нават і ў акадэміі Каяловіч адчувае сваю сувязь з краем. Моладасьць Каяловіча і выступленьне на навуковую арэну прыпалі на 50-я гады — час, калі ў Вільні і па ўсёй Беларусі з надзвычайнай шпаркасьцю пашыралася польская асьвета і культура. Разам з ёю, асабліва ў сувязі з вызваленьнем сялянства ад прыгоннай залежнасьці, якое набліжалася, і агульным грамадзкім уздымам у Расіі пасьля Крымскае вайны, паволі вырастала і ідэя беларушчыны. У Вільні, як мы ўжо казалі, у гэтыя часы злажылася акрэсьленая група мясцовых патрыётаў, якія, хоць і лічылі сябе палякамі, былі польскай культуры і бачылі будучыню краю ў сувязі з адраджонай Польшчай, але нацыянальна ці, лепш сказаць, этнографічна адрозьнівалі сябе і ад Варшавы і ад усяго карэнна-польскага. Гэта былі пераважна гадаванцы старога Віленскага унівэрсытэту, блізкія па настроях і думках да яго беларускай профэсуры — Ігната Данілевіча, Міхайлы Баброўскага, Язэпа Ярашэвіча і г. д., людзі, якія жывілі ўспаміны аб Літоўскім княстве, аб гістарычнай асобнасьці краю, якія былі цесна зьвязаны з вуніяй і са ўсёй тэй беларускай стыхіяй, якая ў ёй захоўвалася праз вякі.

Уласнага найменьня, свайго сапраўднага імя гэтая група яшчэ не знайшла — то яна называла сябе «сарматамі», то «крывічамі», па прыкладу Чачота, то часьцей за ўсё — ««літвінамі», г. зн. тэрмінам, пад якім на працягу ўсяго XIX ст. захоўвалася паняцьце беларуса і наогул «тутэйшага» чалавека[7].

Гуртавалася яна навокал рэдакцыі «Кур’ера Віленскага», а на чале яе стаяў энэргічны і таленавіты Адам Кіркор. Тут былі Сыракомля, Вярыга-Дарэўскі, Адынец (які, між іншым, добра размаўляў палітоўску), Маліноўскі, адзін з самых выдатных супрацоўнікаў рэдакцыі, браты Ходзькі, вядомы пісьменьнік Крашэўскі і г. д.

Каяловіч таксама спачатку не ўсьведамляе сабе, хто ён па нацыянальнасьці, і лёгка зжываецца з тэрмінам «літвіна». Так называў сябе яго хросны бацька — Язэп Ярашэвіч, аўтар славутае працы «Obraz Litwy», такжа па традыцыі называе сябе і Каяловіч.

Пасьля сканчэньня акадэміі ён піша ў лісьце да аднаго з сваіх крэўных — Яраслава Анацэвіча[8]: «Вам, напэўна, вядома, што студэнты акадэміі на чацьвёртым курсе пішуць курсавыя працы на навуковую ступень. Я працаваў над гісторыяй вуніі ў Літве, бо гэтая тэма была здаўна роднай і блізкай майму сэрцу як літвіна» (курсіў мой.— Л. Ц.[9]).

Навуковая праца была для Каяловіча найбольш пажаданай; ён рашыў аддацца ёй незалежна ад таго, ці прынясе яна яму матэрыяльныя выгоды, ці не: «Жыцьцё ў навуцы,— пісаў ён у тым-жа лісьце,— незалежна ад якіх-бы то ні было абставін уяўлялася мне ў самых вясёлкавых колерах і ў ёй тоіліся ўсе мае імкненьні».

Аб тым, што Каяловіч быў блізкі да віленскіх «літвіноў» і ставіўся да іх з прыхільнасьцю, сьведчыць яго апінія аб некаторых профэсарох. Ярашэвіч, па яго словах, ёсьць «аўтар найлепшага досьледу аб Літве, які выявіў у ім зусім самастойныя погляды на сваю родную старану, чалавек трывалы ў мысьлях сваіх і пачуцьцях», Нарбут — «дыхае бясхітрасным каханьнем да бацькаўшчыны». З гэткай-жа пашанай ставіцца ён і да Ігната Даніловіча і да Маліноўскага, якія былі, поводле яго нераконаньня, «людзьмі вартымі ўдзячнай памяці патомкаў»[10]. І што асабліва характэрна для Каяловіча, ён называе гэтых вучоных на свой капыл «заходня-рускімі пісьменьнікамі, якія пісалі па-польску» (!). Відаць, што і для яго, зацятага «западно-русса», ідэолёга «Вялікай Расіі» і ў канцовым выніку найбольш пасьлядоўнага русыфікатара Беларусі, былі гэткія моманты ў гісторыі Беларусі і ў агульнай суме краёвых інтарэсаў, якія не дазвалялі яму заняць варожую позыцыю да тых людзей, якія хоць-бы і ў польскай мове, але служылі бацькаўшчыне ўсімі сваімі сіламі. Відаць, ідэалы Даніловіча і Ярашэвіча, г. зн. ідэалы культурнай самастойнасьці Беларусі, незалежнасьці яе ў культурна-гістарычным процэсе ад Масквы і Варшавы, імпонавалі і яго «западно-русскому» сэрцу. Да гэтай тэмы мы вернемся пазьней.

Праца Каяловіча аб вуніі «Литовская церковная уния» (1859- 1862 г.г.), аб якой «ён думаў цэлы год, аб якой марыў у сьне і якая зьяўлялася лепшаю страваю яго розуму»— гэтая праца і энтузіазм, з якім ён за яе прыняўся, былі не выпадковы. Мы ўжо адзначылі, што ў «уніі захоўвалася стыхія беларушчыны і што інтэлігентныя вуніяцкія сем’і былі носьбітамі ідэі беларускай самабытнасьці. На грунце вуніі як асаблівай «мужыцкай веры» беларуская інтэлігенцыя першай паловы XIX в. імкнулася збудаваць будучыню Беларусі — ці то разам з Польшчай, ці асобна ад яе. На вунію мясцовыя работнікі ласьне і глядзелі як на мост да захаду — мост, які іх адначасова адлучаў ад маскоўска-праваслаўнага сьвету.

Але ў вуніі, як гэта дасканала ведалі тыя-ж самыя работнікі і вучоныя, была схована для Беларусі вялізная, гістарычная небясьпека. Вунія з Польшчай — політычная ў Любліне і царкоўная ў Берасьці — гэта два цяжэйшыя этапы беларускай гісторыі, пачатак дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага заняпаду радзімы.

Як было пагадзіць гэтыя дзьве процілежнасьці? І ці ня значыла гэта, што калі перад сучасным грамадзтвам на Беларусі і ў першую чаргу перад беларускім духавенствам, якое было ў той час асноўнай групай інтэлігенцыі краю, будзе яскрава выкрыта гістарычная небясьпека вуніі, ці ня значыць гэта, што гэтае грамадзтва адвернецца ад яе, адвернецца разам з тым ад Польшчы і аберне свой твар і надзеі на ўсход?

Канечна, падобныя мысьлі і настроі павінны былі жыць у сьвядомасьці Каяловіча. Працуючы над гісторыяй вуніі, ён надзвычайна моцна ўгрунтоўваў тое пераконаньне, якое пашыраў Сямашка і яго пасьлядоўцы: збавеньне нашага краю ня ў захадзе, а на ўсходзе, не ў саюзе з лацінскай Польшчай, але ў саюзе з адзінавернай Масквой. Лепшай зброі ў барацьбе з процілеглай сабе ідэолёгіяй Каяловіч ня бачыў: кожная старонка з гісторыі вуніі давала яму бліскучыя прыклады сьмерці Беларусі пад панаваньнем Польшчы.

Вось чаму праца над гісторыяй вуніі сталася прадметам усяго яго жыцьця і вытварыла з яго пасьлядоўнага «западно-русса». Ён бачыў, з якой «неймавернай сілай прыходзілася Сямашку паварочваць вуніяцкія розумы і справы «на ўсход», і, стаўшы ў пачатку сваёй дзейнасьці разам з Сямашкам на ўсходні, праваслаўны шлях, ён зрабіў усё, каб гэты «паварот», чым толькі можна, палегчыць. «Вывучэньне вуніяцкага пытаньня акрэсліла агульныя гістарычныя погляды М. Каяловіча,— зазначае адзін з яго біографаў, проф. І. Філевіч[11],— і гэта зусім зразумела: у гэтай дзедзіне яскравей за ўсё зазначалася супольнасьць беларускай народнай масы з Расіяй: адзіная вера магла пакрываць рознасьць нацыянальнасьці і таму лёс вуніі яўляўся Каяловічу лёсам усёй Заходняй Расіі».

Мы ня будзем разглядаць «Литовской церковной унии» з боку яе навуковай вартасьці. Бязумоўна, па багацьці гістарычнага матэрыялу і распрацоўцы першарадных архіўных крыніц гэтая праца павінна быць прызнана аднэй з лепшых у сваім родзе[12]. Шэраг трапных гістарычных характарыстык, дэталёвае апісаньне ўсіх інтрыг, якімі карыстаўся Рым пры правядзеньні сваіх плянаў, пералік гвалтаў, якія былі ўжываны польскай цывільнай і царкоўнай уладай дзеля сваіх політычных і конфэсыянальных мэт і г. д.,— усё гэта знайшло тут падрабязны адбітак. Для нас у гэтай працы найбольш цікавы даныя аб іезуіцкай школьнай асьвеце, якія да апошніх прац Харламповіча ня трацілі сваёй вартасьці.

На жаль, у сваім досьледзе Каяловіч ня даў, дый па сутнасьці свайго сьветапогляду ня мог даць тлумачэньня агульнагістарычных і соцыяльных умоў зьяўленьня вуніі, якія былі прыведзены ў пазьнейшых больш бесстаронных працах. І асабліва шкада, што праца Каяловіча даведзена толькі да канца XVIII ст. і не захапіла найбольш важнага з беларускага пункту погляду моманту — крытычнага становішча вуніі ў першую чвэрць XIX ст. У гэты момант, як ведама, адбылася трагічная для вуніяцтва спроба, кіраваная славутым беларускім профэсарам-славістым Міх. Баброўскім, абаперціся на Маскву ў барацьбе за адраджэньне вуніі. Гэта быў момант, калі прагадыры вуніі імкнуліся зрабіць яе незалежнай ад каталіцтва і на вуніяцкай рэлігійнай самастойнасьці падняць да жыцьця заняпалую старабеларускую культуру. Спроба скончылася няўдачай. Мікалай І і Блудов скарысталі зварот да сябе вуніяцкіх правадыроў у сваіх уласных мэтах і замест дапамогі іх імкненьням сапхнулі вунію на рэйкі праваслаўя. У малым маштабе паўтарылася нешта падобнае да гісторыі з Багданам Хмяльніцкім, які ў змаганьні з Польшчай спрабаваў абаперціся на маскоўскага князя і даў яму магчымасць прыбраць Украіну да рук.

На жаль, паўтараем, Каяловіч не давёў сваёй працы да гэтага важнейшага моманту і такім чынам ня даў новых матэрыялаў аб апошніх гадзінах вуніі. Толькі значна пазней, пры канцы 80-х гадоў, ён заняўся гэтым пытаньнем, калі выступіў з крытыкай працы П. О. Баброўская (пляменьніка Міхайлы Баброўскага), напісанай акурат на гэтую тэму. Але, як кожная крытыка, заўвагі Каяловіча абмежаваліся пры гэтым вельмі вузкім колам пытаньняў.

Надзеі Каяловіча зрабіцца габінэтным вучоным ня спраўдзіліся ў поўнай ступені. Не пасьпеў ён скончыць сваю «Літоўскую вунію» і заняць профэсарскую катэдру, як разьвінуліся падзеі польскага паўстаньня і захапі ні яго з галавой.

І ня дзіва — польскае паўстаньне скалыхнула ўсю Эўропу. Аб ім пачалі пісаць ня толькі расійскія, але заходня-эўропэйскія публіцыстыя, і ня толькі публіцыстыя, але і політыкі, і пісьменнікі, і гісторыкі, і філёзофы. Уся расійская і эўропэйская прэса, дыплёматыя, урады, усе станы грамадзтва — усё было занята польскай проблемай і пытаньнем расійска-польскіх адносін. Нават славуты Прудон прысьвяціў гэтаму пытаньню вастрэйшы трактат[13]. У цэнтры ўвагі стала, зразумела, Беларусь, «Заходня-Расійскій край», на валаданьне якім заявіла свае правы паўстаўшая Польшча.

Пад уплывам гэтых падзей Каяловіч амаль запомніў аб навуковых досьледах і кінуўся ў практыку «западно-русской» справы. Нядрэнны публіцысты, ён бярэ на сябе правадырства ў тагачаснай расійскай прэсе проці польскага паўстаньня і на старонках пераважна маскоўскіх газэт уздымае штандар «западно-руссизма» на нячуваную па расійскіх умовах вышыню. Тут, у гэтых публіцыстычных выступленьнях, «западно-русская» ідэолёгія Каяловіча выявілася ў сваёй агрэсіўнай проціпольскай істоце. У пазьнейшых навуковых працах, пераважна ў «Истории русского самосознания», была дана яе філёзофія.

Як і трэба было спадзявацца, «западно-русская» пропаведзь Каяловіча пры першых адзнаках паўстаньня адбылася на шпальтах славянафільскага «Дня» і «Русского Инвалида». І. С. Аксаков, адзін з закладальнікаў славянафільства і рэдактар «Дня», яшчэ за некалькі год перад тым быў заняты польскім пытаньнем як адным з труднейшых пытаньняў славянскае політыкі. У 1861 г. яго бліжэйшы супрацоўнік, вядомы славісты В. Ламанскі, які ведаў Каяловіча па Пецярбургу, напісаў Аксакову ў Маскву ліст, у якім раіў запрасіць Каяловіча ў склад супрацоўнікаў іхняга органу.

І. Аксаков з радасьцю ўхапіўся за гэтую думку, бо дзеля асьвятленьня баёвае польскае справы на старонках «Дня» яму не хапала дакладнага спэцыячіста-гісторыка. А. Каяловіч пасьля свае «Літоўскай вуніі» быў у Пецярбурзе ўжо прызнаным спэцыялістам. Запросіны яго мелі, апрача таго, і політычны сэнс. «День», а праз яго ўвесь патрыотычна-славянафільскі лягер Масквы дзякуючы М. Каяловічу ня толькі ўзбагачаўся першараднай навуковай і публіцыстычнай сілай, але набываў прадстаўніка таго самага краю, аб якім ішла спрэчка паміж Расіяй і Польшчай. Рэдакцыя «Дня» набывала ў ім жывога і самага актыўнага прадстаўніка мясцовага «западно-русского» грамадзтва, якое ў асобе М. Каяловіча заяўляла аб нянавісьці да Польшчы і аб сымпатыі да Расіі. Голас М. Каяловіча ў польскім пытаньні ня быў голасам маскоўскага імпэрыялізму, які папрок палякі і іх прыхільнікі ў Эўропе кідалі па адрасу вернападданых славянафілаў, але гэта быў нібы «голас народу», нібы апінія самае Беларусі.

Для посьпеху барацьбы і «об’ектыўнасьці» полемікі гэтая абставіна мела выключна важнае значэньне: у стасунку да славянафільскай Масквы рэнегацтва Каяловіча адыгрывала тую-ж самую ролю, якую, як мы паказалі вышэй[14], адыгрываў Гаворскі пры Муравьёве.

Тады-ж у лісьце 13 верасьня 1861 г. І. Аксаков пісаў Каяловічу: «Я вельмі рады пасрэдніцтву Ламанскага, які даў мне прыемную надзею мець вас сваім супрацоўнікам. Я ніяк ня хочу абмяжоўваць вас у выбары прадмету, але жадаю, аднак, шчыра растлумачыць, якой дапамогі я чакаю ад вас у даную мінуту, ці лепш, якое цёмнае пытаньне патрабуе калі не вырашэньня, дык асьвятленьня ад вашых ведаў і дараваньняў. Для нас цяпер важнейшае за ўсё пытаньне польскае і пытаньне аб граніцах польскіх. Я ўжо даўно, тры гады назад (у 1858 г.), хацеў падняць гэтае пытаньне з тым, каб ціхамірна разьмежавацца з палякамі, але тады мне гэта не ўдалося. Думаю, што цяпер удасца. Адносіны Літвы і Беларусі да Польшчы могуць быць патрэбным чынам акрэсьлены толькі пры дапамозе гістарычных, статыстычных і этнографічных даных. Расійская так званая асьвечаная публіка адзначаецца абсолютным невуцтвам ва ўсім, што не надрукованы ў гістарычных падручніках Вэбэра або ў географ» Бальбі і Рыттэра, а значыць, ва ўсім, што датычыць гісторыі і географ» Польшчы, Літвы, Белай і Чырвонай Русі. А як мая газэта прысьвечана справе нашае народнае самасьвядомасьці, дык дапамога гэтых людзей, як вы, для яе вельмі каштоўна. Вы, можа быць, па чутках, склалі сабе няправільнае паняцьце аб маім патрыотызьме і аб славянафільстве наогул. Запэўняю вас, што мы ўмеем сумяшчаць замілаваньне і веру ў народ рускі са строгім і бесстароньнім судом над старажытнай і сучаснай Русью і здольны глядзець у твар ісьціны бяз страху, а таму вам у гэтым сэнсе няма чаго непакоіцца»[15].

У другім лісьце І. Аксаков піша: «Для таго, каб даць месца свабоднаму голасу двух-трох людзей, як вы, варта ўжо выдаваць газэту. Я цалкам і ўсім сэрцам вам спачуваю. Вы ўбачыце, што пад сьцягам сапраўднай (истинной) Масквы як прадстаўніцы ўсяе Русі могуць стаць у брацкім саюзе і Вялікая, і Малая, і Белая, і Чорная, і Чырвоная Русь, і Літва ды інш.»[16].

У гэтых лістох характарны абзац, у якім І. Аксаков, ня ведаючы яшчэ дакладна поглядаў М. Каяловіча на славянафільства, наперад робіць яму нібы ўступку, нібы вызнае правы тых «провінцыяльных інтарэсаў' краю», асаблівасьцямі якога М. Каяловіч ганарыўся. Пазней, калі рэдактар «Дня» бліжэй пазнаёміўся з гэтым «літвінам», яму ня прышлося прасіць прабачэньня і падкрэсьліваць сваё прызнаньне «асаблівасьцямі Літвы» і яе «ўнутранай самабытнай сілы». Пазьней яму прышлося толькі падтрымліваць і падштурхваць Каяловіча да сьмелай працы: «Не зьвяртайце ўвагі ні на што, дарагі супрацоўнік! Няхай шыпіць злаба і клевята! Няхай узбройваецца проці вас пецярбурскі псэўда-лібэралізм: так і павінна быць!.. На вас ускіпяць злабой тысячы чалавек, але памятайце, што вы можаце ажывіць і падняць цэлы край» (курсіў мой.— А. Ц.[17]).

М. Каяловіч з вялікай ахвотай адгукнуўся на запросіны І. Аксакова і, пачынаючы з 1861 г. аж да 1865 г., зьмяшчае на шпальтах «Дня» шмат вялікіх і малых артыкулаў па ўсіх пытаньнях тагачаснага беларускага жыцьця. Першыя артыкулы, надрукаваныя да польскага паўстаньня, былі агульнага, большай часткай даведачна-гістарычнага характару («Люблінская вунія Літвы з Польшчай», «Аб заходня- беларускіх брацтвах», «Весткі з Беларусі» ды інш). Але з першых дзён паўстаньня той яго артыкулаў карэнна зьмяніўся: гістарычныя спраўкі і нататкі ўступілі месца політычнай пропагандзе, і са старонак «Дня», а потым «Русского Инвалида» ды інш. маскоўскіх газэт у Беларусь панесьліся заклікі да «западно-руссов» з’організавацца і даць адпор падняўшаму зброю полёнізму.

М. Каяловіч зрабіўся сапраўдным, прызнаным абаронцам і вястуном заходня-расійскае справы. На яго зьвярнулі ўвагу, полемічныя выступленьні яго рабілі моцнае ўражаньне як на Беларусі, сярод русафільскіх груп, так асабліва ў абедзьвюх сталіцах.

«Артыкул ваш аб заходня-рускіх справах меў посьпех бліскучы і разам высьветліў для публікі няяснае для яе пытаньне адносін Літвы да Польшчы»... «Артыкул ваш зрабіў у нашым грамадзтве вялікі эфэкт, усе ад яго ў захапленьні» і г. д. пісаў І. Аксаков Каяловічу ў Пецярбург. «З нецярплівасьцю чакаем далейшых матэрыялаў»[18].

Літаратурная дзейнасьць «западно-русского» публіцыстага прывабіла «Дню» шырокага чытача, і Аксаков зайздросна ставіцца да супрацоўніцтва Каяловіча ў іншых выданьнях[19]; ён рэзка гэта яму выгаварвае: «Вашая рэўнасьць да заходняга краю (курсіў мой.— А. Ц.) прымушае вас шоргацца ва ўсе бакі і гэта падкопвае ваш аўтарытэт, парушае стромкасьць сыстэмы і шкодна адзавецца на самым краі. Было-б больш карысьці, калі-б агонь вашае батарэі быў сконцэнтраваны ў адным месцы»[20].

Выступленьні Каяловіча па беларускім пытаньні сапраўды былі для тагачаснага маскоўскага і наогул расійскага чытача навіной. Яны прычыніліся нават да таго, што рэдакцыя «Дня», у захапленьні прад неспадзявана «адкрытай» Беларусьсю, зьвярнулася да яе ад імя расійскага грамадзтва з «грамадзкім маніфэстам», у якім прасіла прабачэньня, што Расія «забылася на Беларусь», забылася на яе цярпеньні і барацьбу з Польшчай у мінулым і цяпер гатова выкупіць сваю памылку асаблівай уважлівасьцю да яе патрэб. Беларускае, ці, лепш кажучы, «западно-русскае», пытаньне зрабілася ў Маскве модным, як ніколі[21].

Польскае паўстаньне дало магчымасьць Каяловічу выказаць рад сваіх прынцыповых поглядаў на беларуска-польскія адносіны і на ўмовы пазбаўленьня Беларусі ад польскіх уплываў.

Перш за ўсё ён высьвятляе свой стасунак да памянёнай вышэй мясцовай «літоўскай» партыі. Ён лічыць нават абавязковым пазнаёміць расійскага чытача з гэтай, па яго выразу, «польскай партыяй лепшых людзей». Для нас гэтая справа прадстаўляе выключны інтарэс, бо яна, калі можна гэтак сказаць, выяўляе самую «душу западно- руссизма»; дзеля чаго мы спынімся на ёй крыху падрабязьней.

«Перш за ўсё я лічу патрэбным пазнаёміць вас,— піша Каяловіч у рэдакцыю «Дня»,— з кірункам думак лепшых людзей, прадстаўнікоў польскае партыі ў нашых мясцовасьцях[22]. Паводле іх пераконаньня, народу беларускаму пагражае тая самая небясьпека, як і народу польскаму, ад несправядлівых дамаганьняў на верхавенства (преобладание) расійскай нацыянальнасьці. Яны цьвердзяць, быццам беларусы ніколі ня былі дый ня хочуць быць расійцамі і ў той-жа час яны адмаўляюцца ад намеру апалячваць беларуса. Паводле іх слоў, гісторыя вырабіла для беларусаў асобную нацыянальнасьць і вярнула ім тую самую веру, якая існавала да падзелу цэркваў пад вярхоўным адзінствам рымскага папы: захаваньне ў чыстасьці і недатыкальнасьці гэтае нацыянальнасьці і гэтае веры стварае сьвяты абавязак польскага народу. Яны кажуць, што кожны з гэтых народаў (беларусы і палякі) валадае ўсімі ўмовамі для самастойнага і сваяадменнага разьвіцьця і мае на гэта поўнае права, якое, на няшчасьце, яшчэ не ўвайшло ў сьвядомасьць народных мас. Апошняя абставіна ня толькі зьмяншае, але робіць яшчэ настойлівей абавязак, які накінуты ім гісторыяй. Вось чаму граніцы 1772 году, паводле іх слоў, складаюць для палякаў першую і самую галоўную ўмову іх політычнага адраджэньня. Згадзіцца на аддзяленьне літоўскіх і беларускіх зямель ад адміністрацыйнага адзінства з Польшчай таксама немагчыма для палякаў, як немагчыма чалавеку адмовіцца ад частак уласнага цела. Яны хочуць усіх пераканаць, у тым ліку і саміх сябе, што ў літоўска- беларускіх провінцыях дваранства ня хоча і ня мае патрэбы абяртацца ў польскае, што яно прыняло мову і цывілізацыю польскую толькі часова, для разьвіцьця ўласных (г. зн. беларускай мовы і цывілізацыі), і што нават сваё чыстае каталіцтва яно заменіць вуніяй, калі народ вызнае яе сваёй пануючай верай».

«Агульная калісьці па ўсёй Русі патрыярхальная ўсходняя вера,— кажуць гэтыя людзі,— гэтак розьніцца ад цяперашняга расійскага праваслаўя, як вада ў крыніцы ад тае, што цячэ ў гарадзкіх рыштакох. Але гэтая патрыархальная вера быццам канчаткова зьнікла з твару зямлі: у Расіі яна, бачыце, ня існуе, а на ўсходзе яна заціснута магомэтанствам; значыць, адзінае збавеньне ад схізмы — вунія»[23]

Як бачым, Каяловіч дае тут характарыстыку віленскіх «літвіноў» вельмі трапную і справядлівую. Да пытаньня аб мясцовай партыі Каяловіч вяртаецца яшчэ ня раз. «Падарожнічаючы мінулым летам па Заходняй Расіі,— піша ён у другім месцы[24],— я сустракаўся з шмат кім з тамтэйшых жыхароў, якія лічаць сябе палякамі. Усе яны лёгка заўважалі, якія мае пераконаньні. Агульна прыняты ў гэтым краі, нястрыманы польскі тыранічны дэспотызм вымагаў ад іх, каб мае параконаньні сустракаліся з нянавісьцю. Так звычайна і бывала пры першым спатканьні. Але я станоўча сьцьвярджаю, што, за пэўнымі выключэньнямі, я стала пераконваўся, што гэты дэспотызм больш вонкавы, што пад яго лушпайкай, якая часта з вялікай натугай трымаецца, я бачыў амаль усюды чыста славянскае закаханьне да праўды і здольнасьць сумленна крытыкаваць уласнае зло — польскую распусту ў Заходняй Расіі. Ня ведаю, які цяпер сапраўдны настрой тамтэйшых нібы-та палякаў і як думаюць, прыкладам, тыя людзі, з якіх адзін, нават у прысутнасьці староньніх людзей, скончыў сваю прамову, пачатую ў імя Польшчы, так: «мы для Польшчы перасталі быць дзецьмі нашай роднай маткі літоўскай зямлі»[25].

Які-ж стасунак самога М. Каяловіча да гэтае групы?

У адным месцы ён ня верыць ёй, высьмейвае яе панскі выгляд, яе падробку пад мужыка; у другім — гаворыць аб ёй у паважным тоне, нават больш таго — ад паводзін гэтых «лепшых краёвых людзей» чакае амаль не збавеньня краю ад канчатковай загубы.

Ня верыў Каяловіч гэтай групе таму, што ня верыў у Польшчу. Ен не вызнаваў прыорытэту польскай цывілізацыі, навукі і культуры на Беларусі; не вызнаваў тут правоў польскай дзяржаўнасьці, якая гэтак аславіла сябе ў эпоху заняпаду Рэчы Паспалітай; ён быў ворагам польскага каталіцтва як антытэзы праваслаўя, а галоўнае — ня верыў польскаму шляхецтву і польскай інтэлігенцыі, у якой бачыў стан, органічна варожы народу, стан, які «адмовіўся ад свае народнасьці». Ён ня бачыў дый не хацеў бачыць магчымасьці замірэньня паміж гэтымі варожымі станамі. У прадстаўнікох мясцовай польска-беларускай партыі ён бачыў усё тых-жа «паноў», а ў спробах замірэньня, якія пачаліся з боку мясцовага грамадзтва пасьля сялянскай рэформы, бачыў няшчырасьць і фальшывасьць.

«У нас, на Беларусі,— піша Каяловіч у «День»,— адбываецца цяпер вырашэньне вялікага пытаньня: на гістарычную сцэну выходзіць народ, які на працягу доўгага часу здольны быў проціставіць напору чужых яму стыхій толькі пасыўную сілу,— народ бедны, прыгнечаны, загнаны, здробнены фізычна і моральна. Паглядзеце на змучаны твар тутэйшага селяніна, на яго нізкі рост і худое цела, на лахманы, у якія ён апрануты, на пасьпешнасьць, з якой ён кідаецца вам пад ногі, а пасьля цалуе руку,— паглядзеце, і вам будзе зразумелай тая процьма зьнявагі, у якой ён апынуўся... Пакінуты грамадзтвам, якое ў сваю чаргу пакінула сваю народнасьць,— грамадзтвам, у руках якога была калісьці і ўлада, і сіла, ён цярпеў моўчкі і ніхто ня чуў яго стогнаў. Толькі ў апошні час у сувязі з посьпехам сялянскае справы народ беларускі зьвярнуў на сябе ўвагу польскае партыі. Крыхапа-крысе яна пачала разумець, што гэты загнаны, цярплівы народ складае сілу вельмі грунтоўную, з якой ёй ня шкодна пасябраваць».

«І вось пачалося збліжэньне, якое мела мэтай выкараніць з памяці народнай усё яго мінулае, усю суму яго цярпеньняў і гора. Перш за ўсё трохдзённая паншчына была заменена двохдзеннаю; гэта была адзіная сапраўдная ўступка сялянам з боку ўласьнікаў. Пасьля... пасьля вяльможныя паны пачалі часьцей паказвацца ў кругу сялян і ласкава гутарыць з імі на іх роднай беларускай мове, апраналіся самі і апраналі сваіх жонак і дочак у тоўстае шэрае сукно хатняга вырабу. Зьявіліся на беларускай мове і нават сьпяваліся патрыотычныя гымны, перакладзеныя з польскага або нанова складзеныя для сялян. У прыдачу да гэтых гымнаў былі напісаны на мясцовай мове вершы, у якіх высьмейвалася (?) дараваная сялянам воля, малявалася яскравымі фарбамі нянавісьць да сталых ворагаў іх — Маскалёў і г. д.[26]

«Не магу зразумець,— прызнаецца Каяловіч,— мэты ўсіх гэтых вершаў, бо паміж сялянамі іх зусім ня было відаць, ня ведаю; гэтыя тонкасьці былі недаступны для мяне».

Тут Каяловіч, бязумоўна, маніць. Ён, канешне, добра разумеў істоту і сэнс гэтых вершаў, як добра разумеў выключна важнае значэньне ўсяго мясцовага руху. Аб гэтым сьведчаць надзеі, якія ён ускладаў на «тутэйшых лепшых людзей» у сувязі з паўстаньнем і якіх ён заклікаў адумацца і дапамагчы народу знайсьці сапраўдны, адзіна верны для яго шлях.

«Я разумею,— кажа ён у другім месцы,— сілу польскага дэспотызму, якім раней (да вызваленьня сялян і да паўстаньня) былі скуты шляхетнейшыя пераконаньні гэтых людзей. Я разумеў (тады) агідную неабходнасьць іхняй двудушнасьці. Але цяпер, калі народ паўстаў, зьяўляецца ня менш моцная, толькі не агідная, неабходнасьць скінуць гэтую двудушнасьць і замяніць яе голаснай перад усім сьветам заявай аб сваіх сапраўдных думках і пачуцьцёх. Няўжо, сапраўды, усё, што лічыць сябе ў Заходняй Расіі польскім, так дэморалізавана Польшчай, што з яго ня можа скласьціся нават малая партыя людзей, якая адважылася-б паказаць усім, што яны ня ўмерлі для свайго народу, што яны здольны жыць ягоным гістарычным жыцьцём»[27].

Гэта быў ужо заклік да стварэньня ўласнай партыі — тэй самай, якая-б лічыла здрадай орыентавацца на Польшчу ў сваім жаданьні «жыць згодна з народам, з яго гістарычным жыцьцём», але якая ня лічыла-б здрадай «паказаць усім, што яна ня ўмерла для народу», калі пойдзе з Расіяй. Каяловіч заклікаў да ўтварэньня гэтае партыі і, па ўсіх даных, лічыў сябе адным з яе прадстаўнікоў.

У яго разуменьні гэтая «западно-русская» партыя павінна была-б насіць мужычы, дэмократычны характар і ў гэтым сэнсе проціставіцца панскай ці напоўпанскай партыі «лепшых людзей», якія не хацелі рваць з Польшчай, з памешчыцкім станам і наогул са ўсім тым, з чым народ вёў сваю гістарычную соцыяльную і нацыянальную барацьбу. Складацца гэтая «народная партыя» павінна была-б таксама з мясцовых людзей, але з тых, якія орыентаваліся-б на ўсход, вязалі сваю будучыню з расійскай культурай, з вызваленьнем сялянства, са зьнішчэньнем улады польскага двара, г. зн. з праваслаўнага папоўства, вясковых настаўнікаў, сэмінарыстых і наогул дробнага службовага люду.

Разам з тым ён папераджаў сваіх супраціўнікаў, што калі яны — «па прыродзе сваёй рускія»— ня пойдуць з народам проці Польшчы, дык яны разьвяжуць гэтаму народу пакуль што стрыманыя інстынкты для расправы з імі тымі спосабамі, якія народу толькі даступныя:

«Калі мы ня ведаем і ня ўпэўнены, што ўсе, якія лічаць сябе ў Заходняй Расіі палякамі, дадуць верную гарантыю свае спакойнасьці, дык як стрымліваць народ, як адважыцца на такую справу, якая можа хоць і фальшыва, але моцна пераканаць народ Заходняй Расіі, што там і палякі і рускія ў адну дудку дзьмуць і проці яго?»[28].

На якіх-жа ўмовах маглі палякі на Беларусі і тыя, што «лічаць сябе палякамі», пагадзіцца з народнымі масамі? Свой погляд на гэтае пытаньне Каяловіч выказаў у сувязі з тымі адрасамі, якія пачалі хутка пасьля пачатку паўстаньня паступаць ад мясцовых зямляўласьнікаў. Напалоханыя чырвонай пропагандай Каліноўскага, яны сьпяшаліся, як вядома, заявіць сваю вернасьць цару, каб пазбавіцца ад альтэрнатывы — набыўшы незалежную Рэч Паспалітую, пазбыцца ўласных маёнткаў.

«Палякі Заходняй Расіі выказалі свае політычныя адносіны да Расіі»,— піша М. Каяловіч. «Яны верны нашай дынастыі і ствараюць адно цэлае з Расіяй. Дазволена, аднак, думаць, што гэтага мала. Яны павінны былі-б выказаць ня толькі політычныя свае адносіны, але і народныя. Нам патрэбна ведаць, якія адносіны яны думаюць мець да «западно-русского» народу. Нам патрэбна, каб яны далі нам сваю народную програму.

«Мінула сто год, як пала дзяржаўная ўлада Польшчы ў Заходняй Расіі. Мы ня можам думаць, каб у гэтыя амаль сто год палякі Заходняй Расіі толькі і раб пі, што марылі аб адбудаваньні ў гэтым краі Польшчы. Шмат хто з іх валадае скарбамі краю, шмат хто вельмі адукаваны, уважліва назіральны: не маглі яны ня ўдумацца ў сэнс мінулых часоў і ня прыйсьці да сьвядомасьці, што ў Заходняй Расіі немагчыма Польшча, не маглі яны ня прыдумаць якой-небудзь іншай тэорыі свайго становішча тут... Калі-ж няма такой тэорыі, калі ў «западно-русских» палякаў ня можа быць іншай тэорыі, апрача польскай, дык... delenda est Carthago!— яны павінны зьбірацца да хаты, у сваю сапраўдную Польшчу»[29].

Як бачым, Каяловіч не акрасьляе, у чым павінна быць выражана гэтая «народная тэорыя». Ен не дагаворвае свае думкі, баіцца яе выказаць. Дый трудна яму, прававернаму «западно-руссу», найглыбейшым акрэсьленьнем якога было не нацыянальнае пачуцьцё, а пачуцьцё рэлігійнае, адказаць на гэтае пытаньне. Яно магло завесьці яго залішне далёка — да прызнаньня Беларусі, як гэткай, і Каяловіч спыняецца на пажаданьні-запытальніку.

«Ці ня значыць гэта (адшуканьне новай тэорыі) вымога каб яны выракліся свае народнасьці?— пытаецца ён.— Ці не патрабуецца, каб яны пакінулі нават сваю веру і зрабіліся-б праваслаўнымі? На гэта мы адкажам: мы, сапраўды, ад усёй душы жадалі-б, каб яны, прынамсі, успомнілі (курсіў наш.— А. Ц.), што не заўсёды яны былі палякамі і лацінянамі і што ў тыя старыя часы, калі яны ня былі палякамі і лацінянамі, яны часта блізка стаялі ля народу і выпрацоўвалі шмат добрага народнага»[30].

Толькі «ўспомніць» аб гэтым, для Каяловіча было, зразумела, мала. Мясцовыя палякі павінны былі «ўспомніць» сваё мінулае, каб зрабіцца, па прыкладу самога Каяловіча, «западно-руссамн» і праваслаўнымі. Сярэдзінны шлях, шлях вуніі, на якім, як мы бачылі, згаджаліся сыйсьціся з Каяловічам «дзеля народу» «мясцовыя людзі», быў не для яго. «Западно-руссизм» і змагаўся з вуніяй як са скрытым пераходам да каталіцтва. Вымагаючы ад процілежнага лягеру «хоць-бы ўспамінаў» аб старым, Каяловіч проста спадзяваўся, што далей іх «пераможа час», што пры далейшым адыходзе іх ад Польшчы, ад каталіцтва і польскай культуры іх «перасіліць дзівосны ідэал праваслаўнага мінулага іхняй бацькаўшчыны, прад якім нікнуць усе польскія ідэалы ў Заходняй Расіі»[31].

З тагачасных «лепшых мясцовых людзей, якія згаджаліся зьмяніць каталіцтва на вунію, мала хто аддаўся «гістарычным успамінам» па рэцэпту Каяловіча[32]. Што-ж датычыць «іншай тэорыі», аб якой ён клапаціўся, дык, як убачым ніжэй, яна знайшлася крыху пазьней, але знайшлася ў выглядзе, мала падобным да ідэалу «западно-руссизма»,— у форме народніцкай ідэі беларускага нацыянальнае адраджэньня.

Так безнадзейна выглядала спроба «западно-руссизма» вырашыць першую проблему беларускага жыцьця — проблему народна- культурную.

Яшчэ больш заблытанай і зусім нявырашанай засталася ў «западно-русской» програме наступная проблема — соцыяльна-клясавая.

Трэба аддаць справядлівасьць М. Каяловічу, што пры першых сваіх разважаньнях аб лёсах краю ён адразу і рашуча схапіў істотную адзнаку соцыяльнага становішча Беларусі — процілежнасьць інтарэсаў польскага пана-памешчыка і беларускага мужыка-селяніна. Яму быў зразумелы сваяадменны «дэмократызм» беларускага пытаньня ўжо тады, калі ён чытаў свае «Лекции по истории Западной России», і ня з пункту гледжаньня гісторыі пануючых станаў, а з пункту гледжаньня «самотнага простага люду». Ён нават апраўдваўся за гэта прад сваімі «высокімі» слухачамі[33], папераджаючы, што «гісторыя западно-русского» дэмократызму ня ёсьць адмоўнае зьявішча, што ён ня зьбіраецца «праводзіць у ёй тэорыю соцыялізму», але што гісторыя Беларусі ёсьць «шуканьне западно-русским» народам свайго «западно-русского» дваранства замест польскай шляхты, сваёй дрэўняй, роднай, праваслаўнай арыстакратыі» замест арыстакратыі апалячанай і акаталічанай».

І першае, аб чым ён руба пачаў цяпер пісаць, дык ласьне аб гэтым.

На чый бок стаць: на бок дваранскага стану, які бунтуе, ці на бок бяспраўнага народу, які пачаў расправу з панамі, карыстаючыся агульнай разрухай? Ва ўмовах дваранскай монархіі адказаць на гэтае пытаньне было нялёгка, і Каяловіч бясьсільна ходзіць навокал яго, часамі абмаўляючыся выразамі, ад якіх славянафілаў кідала і ў жар і ў холад.

«Якая жахлівая дылема — біць або сваю, або польскую сілу ў Заходняй Расіі»,— разважае ён на тэму аб масавых выступленьнях сялян проці памешчыкаў. «Але ці-ж гэта навіна? Яна здаўна і добра знаёма людзям, што блізка стаяць да інтарэсаў і да кіраўніцтва ў Заходняй Расіі. У адным з данясеньняў віленскага кіраўніцтва прабіўся выраз, што ўлада пастаўлена ў вялізарную труднасьць тэй абставінамі, што прыходзіцца прыводзіць да паслухмянасьці верных Расіі сялян тым людзям (памешчыкам), якія самі паўстаюць проці гэтае Расіі. Вось вам дылема і сьвядомасьць труднасьці выйсьці з яе! Народ, пачынаючы выступаць масай, ня можа трымацца ў межах чыстай свае справы і не пераходзіць у палкія, неразумныя крайнасьці... Што-ж аднак рабіць? Часы Хмяльніцкага і гайдамацкай вайны ясна паказваюць, што «западно-русский» народ ня бачыў іншага выхаду з гэтай дылемы, як даручыць свой лёс казацкай зброі. Няўжо нават цяпер Вялікая Расія, збагачаная пладамі заходня эўропэйскай цывілізацыі, застанецца таксама бясьсільнай?»[34].

І прад духоўнымі вачыма пабожнага акадэміка-славянафіла Каяловіча малюецца стары, выпрабаваны ў гісторыі спосаб — той самы, аб якім ён неасьцярожна спамянуў,— гайдамацкі. Праўда, ён заклікае для барацьбы з паўстаўшай Польшчай «силу русского духа», ён заклікае да «нравственных начал», якія выяўляюцца ва «ўсёдаруючым праваслаўі», успамінае аб «гістарычнай нацыянальнай жывучасьці народнай стыхіі», але ўсё гэта па яго ўласным прызнаньні — «надзеі, сьветлыя і трывалыя, але ўсё-ж т’кі надзеі». «Што-ж рабіць сёньня, заўтра? Справа не чакае»— і Каяловіч адказвае: «Народ павінен мець сваю організаваную сілу. Ён павінен быць узброены. З прычыны аграмаднага абшару краю і раскіданасьці насельніцтва народу немагчыма мець скрозь сталую абарону ад паўстанчых бандаў, і таму трэба мець народнае апалчэньне, якое, як усім відаць, само сабой ужо складаецца: народная энэргія шукае выхаду»[35].

Каяловічу ня Якава за свой мілітарызм, але ён ім захоплены: «першы раз выходзяць з-пад майго літаратурнага пяра вайсковыя меркаваньні, і калі я магу чым-небудзь апраўдаць гэтае непаразуменьне, дык толькі тэй сьвядомасьцю, што насталі часы, калі народная справа Заходняй Расіі непарыўна зьвязваецца з вайсковай. Мячы і пер’і за адно і разам! Які час!.. Быццам паўстаюць часы Хмяльніцкага, калі казакі і кіеўская акадэмія дзеялi разам як адна сіла. Нібы-то аднаўляюцца бліжэйшыя да нас часы гайдамацкай вайны 1768 году, калі епіскап Гервасій і ігумен Мельхіседэк Яворскі падрыхтоўвалі падзелы Польшчы»[36].

Аднак захапленьне гайдамацкай расправай палохае і самога Каяловіча, і ён шчыра ці ня шчыра, але сьпяшаецца вытлумачыць, што сучасная гайдамаччына, да якой ён фактычна падбухторвае і той «народны рух», які пачаў разьвівацца сярод беларускага сялянства і дзякуючы якому сялянства пачало падводзіць разьлікі з памешчыкамі,— што гэта «зусім ня тое, як гэта хочуць прадставіць «лжетолкователи». Ён старанна падкрэсьлівае, што ў гэтым народным руху няма элемэнтаў соцыяльнай разрухі, што гэта ня бунт прыгонных рабоў проці папоў, не паўстаньне пролетарыяту проці ўласнасьці і што «чыннасьць сялян усюды законная, прыватная ўласнасьць нідзе не парушана»[37].

Але падобнае запаўненьне было слабой уцехай. Адусюль ішлі весткі аб рэволюцыйнай чыннасьці чырвоных, усюды адчувалася, што калі паўстаньне ня будзе стрымана, дык яно абернецца ў сялянскую рэволюцыю.

«Вашым чытачом, спадзяюся, вядома,— піша ён у «День»,— што ні вы, ні я, ні ўсе мы, публіцысцкія, ня можам стаць на бок разьюшаньня народных антыпатый, ня здраджваючы свайму прызначэньню. Але гэта не перашкаджае мне бачыць наступную бяду. Вялікі прынцып законнай праўды прыводзіць да таго, што шмат польскага зла тоіцца ад улады і дражніць народ, які сьвядомы свайго чалавечага і гістарычнага права — права не цярпець ад яго. З гэткага парадка рэчаў можа выйсьці адно з двух: або народ бязупынна будзе рвацца зьнішчыць гэтае зло і падпадаць за гэта новай адказнасьці прад сваёй законнай уладай, або, бачачы немагчымасьці выкараніць яго (бо ўлада забараняе), пачне ўваходзіць з польскім злом у паразуменьне. З гэтай падвойнай бяды можа вынесьці народ толькі моцны ўдзел у ягонных справах расійскага грамадзтва. Яно паставіць самую ўладу у патрэбу бачыць і караць кожнае польскае зло. Яно пераканае народ, што няма патрэбы ні біць палякаў, ні ўваходзіць з імі ў паразуменьне, бо гэта дасьць яму веру ў свае сілы. Гэтай сілы заходня-рускі народ можа набрацца толькі пры ўдзеле ў яго справах расійскага грамадзтва, у моральная моцы славянскай Расіі». «Моральная славянская сіла Расіі,— кліча Каяловіч,— бязумоўна разьвернецца так шырака і ў такіх дзеяньнях, што яны пераканаюць і заходпя-рускія самародныя сілы і польскія заблудлыя, што нягожа і бязмэтна весьці барацьбу няправільную па ідэі, што справядлівая справа, справа зямлі выйграе і без шалёнай бітвы»[38].

Аднак нават у тым-жа 1863 г. Каяловіч убачыў, што ўдзел расійскага грамадзтва ў народнай «западно-русской» справе нятрывалы, што ён толькі моднае зьявішча; ён зразумеў, што Пецярбург хутка «стаміўся ад узбуджэньня». а расійскаму грамадзтву ўжо абрыдлі «западно-русские» лемантацыі і што мясцовыя ўлады краю ўсё часьцей арыштоўваюць сялян за напады на памешчыкаў.

І Каяловіч, хоць і ўпэўнены ў тым, што патрэбны зварот у пачуцьці і разуменьні расійскага грамадзтва на карысьць заходняга краю адбыўся, аднак галоўнае дасягненьне ў выніку няўдалага паўстаньня бачыць ня ў гэтым звароце, а ў народным усьведамленьні самое Беларусі, у тым, што там «стварылася імкненьне да ўласнага адраджэньня».

«Ітак, факт адбыўся,— упэўнена кажа Каяловіч,— народ беларускі, які доўга быў палучаны з Польшчай духам і крывёю, паўстаў проці гэтае самае Польшчы; ніхто не падгаворваў, ніхто не навучаў гэтаму сялян; гэта было поўнае і разам з тым нястрыманае выяўленьне глыбока-ўтоенай, вякамі ўзгадованай нянавісьці да чужаземнага ярма, гэта было першае імкненьне да ўласнага адраджэньня народу, які адчуў сваю сілу».

«Вось як бліскуча заяўляе тутэйшы народ свае правы на належнае яму месца ў сям’і эўропэйскіх нацыянальнасьцяў— горда кажа ён.— Дарма хочуць прадставіць гэтую вялікую справу паўстаньнем пролетарыяту проці ўласьнікаў; тутэйшы селянін не пролетары — значыць, гэта мапа. Таксама няўдала думаюць растлумачыць гэты рух нянавісьцю былых прыгонных сялян да сваіх гаспадароў. Няма чаго таіцца — у першыя часы было шмат крайнасьцяў якія так рэзка кідаліся ў вочы, што ў першыя часы нават хавалі над сабою законную прычыну паўстаньня,— гэта быў толькі першы выбух народнага гневу»[39].

«Будзьце справядлівы, панове,— зьвяртаецца Каяловіч да тых, хто «лічыў сябе палякамі» і быў расчараваны тэй акалічнасьцю, што народ не пашоў з Польшчай.— Вы думалі, што стагодні прыгон полёнізму прыдушыў у беларусах пачуцьцё ўласнай самастойнасьці, што крывавая вунія, якая пакінула сьляды яшчэ і да гэтае пары. назаўсёды зьнішчыла ў іх сьвядомасьць уласнай народнасьці? Вы жорстка памыліліся, панове, і за гэтую памылку несяце кару! Зразумейце, што гэта ня буйства, і ня помста былых прыгонных людзей проці сваіх гаспадароў, але моцнае выяўленьне рускага духа, які ніколі ня уміраў. Пераканайцеся, што гэта — вырашэньне пытаньня аб народнасьці Заходня-Рускага краю, вырашэньне, гэткае, якога ня прыдумаць ніякім конфэрэнцыям і конгрэсам усіх эўропэйскіх дзяржаў»[40].

Сам «западно-русс», Каяловіч быў моцна пераконаны, што беларускае пытаньне падобным «народным адраджэньнем» было вырашана. Ён быў пэўны, што беларускае сялянства ў сярэдзіне 60-х гадоў усьвядоміла сваю нацыянальную сувязь з Расіян і што такім чынам папярэднія спробы мясцовых «лепшых людзей», якія хацелі-б павесьці народ да адраджэньня разам з Польшчай проці Расіі,— што гэтыя спробы скончыліся фіаска. Наадварот, шляхам процістаўленьня сялянскіх і панскіх інтарэсаў у паўстаньні «дух заходня-рускап народнасьці» запанаваў над старымі сымпатыямі да Польшчы, і дзякуючы гэтаму ў краі ўтварыўся як нельга лепшы грунт для разьвіцьця наогул «западно-русской» партыі[41].

Прагноз Каяловіча аказаўся верным толькі напалову: што датычыць «западно-русского» народнага адраджэньня як масавага руху, дык яго Каяловіч наогул ня прыждаў: яно было, як будзе відаць з далейшага, немагчымым таму, што па ідэі, і па клясавай сутнасьці сваёй стаяла далёка ад шырокіх народных мас. Што-ж датычыць «занадно-русской» партыі, дык працаваць над яе стварэньнем і ўгрунтоўваць яе Каяловічу прышлося цэлых дваццаць год.

У першы момант, г. зн. у гады панаваньня на Беларусі Муравьёва, Каяловічу не пашанцавала замацаваць сваю програму на практыцы. Ня гледзячы на тое, што на яго баку было вялікае кола ўплывовых знаёмых у Маскве і Пецярбурзе, і ня гледзячы на тое, што імя яго зрабілася вельмі популярным сярод беларускага духавенства па ўсёй Беларусі, ён ня здолеў пры Муравьёве заняць кіраўнічая палажэньня ў Вільні. Больш таго, паміж ім і Муравьёвым адразу-ж вызначылася заметнае разыходжаньне.

Справа ў тым, што Муравьёв не падзяляў прынцыповага патрабаваньня Каяловіча абаперці барацьбу з полёнізмам перш за ўсё на «западно-русской» партыі. На погляд Каяловіча, «западно-руссы» былі больш дасьведчаны ў гэтай справе, лепш ведалі мясцовыя абставіны, усе моцныя і слабыя пункты польскіх уплываў; яны былі трывалы ў барацьбе з полёнізмам больш, чым хто-небудзь іншы, і давялі гэта шматвяковай сваёй гісторыяй; урэшце, ім належала першае месца ў гэтай справе як мясцовым ураджэнцам, як мясцовай партыі. Наадварот, з пункту гледжаньня Муравьёва усе мясцовыя людзі былі падазронымі на полёнізм, незалежна ад таго, ці былі яны каталікамі, ці праваслаўнымі; розьніца паміж палякамі і «западно- руссами», а тым больш беларусамі, была, па перакананьні Муравьёва, зусім нязначная. Яго давер’ем карысталіся толькі карэнныя вялікаросы, толькі «истинно-русские люди». Усё, што ня было «истинно-русским», з цэнтральных вялікарускіх губэрняў, усё, на чым ляжала пячатка тутэйшасьці, мясцовай гісторыі і культуры,— усё гэта выглядала ў вачох Муравьёва «палякуючым» і «лацінствуючым». Вышэй мы паказалі, што нават да беларускіх «бацюшак», якія захавалі стары быт, былі раней зьвязаны з вуніяцтвам і ў штодзённым ужытку карысталіся польскай мовай, што нават і да іх Муравьёв і яго адміністрацыя ставіліся падазрэнна і дамагаліся замены іх папамі з Вялікарасіі. Аб іншых слаёх грамадзтва няма чаго і казаць.

Карыстаючыся гэтым разыходжаньнем, ініцыятыву ў Вільні захапіў, як мы бачылі, Гаворскі, які і рэпрэзэнтаваў доўгі час пры Муравьёве і пасьля яго «занадно-русскую» справу на свой капыл. Сваім практычным нюхам Гаворскі зразумеў, што калі для «обрусения» Беларусі былі пасунуты сотні і тысячы чыноўнікаў — вялікаросаў, дык ня так ужо важна было гаварыць аб «мясцовай» партыі: «западно- русская» партыя магла быць створана і не з мясцовых работнікаў.

Каяловіч ня мог дараваць гэтага ні Муравьёву, ні Гаўрскаму. Ня мог ён дараваць ім і таго, што дзякуючы іхняму панаваньню правалілася ў Вільні справа з выданьнем «Народнай Газэты», у проектаваньні якой Каяловіч прымаў у 1862 г. бліжэйшы ўдзел; ня мог дараваць і таго, што Вільня засталася без унівэрсытэту і нават бяз духоўнай акадэміі, як гэта плянаваў папярэднік Муравьёва — ген.-губ. Назімов разам з кн. Шырынскім-Шыхматовым і самым Каяловічам.

У сваіх «западно-русских» клопатах аб «обрусении» Беларусі Каяловіч вельмі крытычна ставіўся да тых гура-вялікарускіх патрыётаў, якія наехалі на Беларусь з мэтай прывесьці яе да парадку, ён усюды, дзе толькі можа, зазначае сваё нездаволеньне гэтай зьявай, прычым заўважае яго амаль ня з першых дзён дзейнасьці Муравьёва. Заўважае ён таксама і казённы, офіцыйны характар «обрусения» Беларусі, які ён як прынцыповы «западно-русс» лічыць шкодным і абразьлівым для свайго «западно-русского» гонару.

«У расійскіх людзях вялікая патрэба Заходняй Расіі. Пайшлі сюды часам найлепшыя асобы, але пашло шмат такіх, якім лепш было-б сядзець сярод сваіх, пад моцным контролем моцнае грамады»[42]

Асабліва рэзка выказваўся Каяловіч аб гэтых справах у прыватнай перапісцы, бо ў газэтах пісаць па падобныя тэмы было нязручна. У адным з лістоў да І. Корнілова ў Вільню ён выказвае абурэньне тэй абставінай што мясцовае начальства не прыняло на службу І. Катовіча, яго добрага знаёмага, чалавека «з соліднай западно-рускай асьветай».

«Мучыць мяне думка, што гэта прыдумана для таго, каб між вамі і мной кінуць яблыка нездаволенасьці і халоднасьці. Я не падыму гэтага яблыка, але не магу сатравіць гэткую дзічызну, нібы масквіч лепшы за «западно-русса»... Я і ад другіх даведваўся, што ў вас (у Вільні) процістаўляюць масквіча і «западно-русса». Вось гэта і значыць русіць Заходнюю Расію кулаком, а ня моральнай сілай, бо няма нічога кулачней, як адмаўляць (у правох) і сьпіхаць па бок гатовую моральную сілу краю”[43].

«Паміж расіянамі і намі няма поўнага адзінства,— зазначае ён у другім месны.— Як стварыць гэтую паўнату? Мне шмат прыходзілася думаць аб гэтым і мне здаецца, што замацуе яе не матэрыяльная расійская сіла, ні нават расійскі розум, а расійская душа, скарбніца якой зьяўляецца надзеяй усіх славянскіх народаў»[44].

Спасылка на «душу» як галоўны паратунак у барацьбе з полёнізмам і як галоўны сродак замацаваньня «западно-русскаго» адраджэньня Беларусі для Каяловіча вельмі характэрна. На матэрыяльны бок справы, г. зн. на тое, што больш за ўсё абыходзіла і цікавіла практычнага Гаворскага і офіцыйную расійскую ўладу ў Вільні, ён зварочваў меншую ўвагу, як пад час паўстаньня, так і пасьля. Ён сам шмат разоў заўважае, што конкрэтныя экономічныя пытаньні, справы мясцовага капіталу, зямлі і зямельнай рэформы яго мала абыходзяць. Адно толькі, як мы вышэй заўважылі, Каяловіч добра разумеў экономічную залежнасьць беларускага сялянскага насельніцтва ад польскага памешчыка; але ён баяўся аб гэтым голасна і да канца гаварыць.

У стасунку да Муравьёва асабіста Каяловіч увесь час захоўваў сьцюдзёнасьць. Калі праз дваццаць гадоў пасьля віленскіх падзей у Пецярбурзе была паднята думка збудаваць Муравьёву помнік, Каяловіч пісаў І. Корпілову: «Вам усім, бліжэйшым супрацоўнікам і сябром Муравьёва, натуральна яму ўсё прыпісваць, але мне, які стаяў крыху паводдаль ад яго і як гісторыку, натуральна глядзець на яго інакш. Там, дзе вы бачыце ўсё ў Муравьёве, я бачу ў ім гістарычнага слугу, а ня творцу справы, якай будавалася і ўсьвядомлівалася і да яго і пры ім»[45].

Тады-ж, з прычыны выхаду ў друку «Записок» М. Муравьёва, Каяловіч зноў ня ўтрымаўся і, даючы дадатную ацэнку дзейнасьці Муравьёва ў Заходнім краі, зазначаў, што дзейнасьць гэтая мела сваёй першапачатковай крыніцай яго, Каяловіча, думкі і програмы. «Лічу патрэбным,— пісаў ён,— выясьніць адно непаразуменьне, якое ў «Записках» Муравьёва зьяўляецца слабым месцам. М. Муравьёв у гэтых «записках» прысвойвае шмат з таго, у чым ён быў толькі выражальнікам думак і жаданьняў лепшае часткі тагачаснага расійскага грамадзтва, якое і зрабіла яго (Муравьёва) неабходным... Галоўнейшыя меры Муравьёва ў справе расійскага будаўніцтва ў Заходняй Расіі былі выказаны да яго назначэньня ў Вільню. Жадаючых пераканацца ў гэтым запрашаем прасачыць за 1861, 1862 г.г. і пачатак 1863 году газэты «День», «Русский Инвалид», «Московские Ведомости», «Вестник Юго-Западной России». Запрашаем прыпамятаць, што ў гэты час накіроўвалася этнографічная экспэдыцыя ў Заходнюю Расію, адбываліся ў Пецярбурзе публічныя лекцыі аб Заходняй Расіі. Нават гэткая тэхнічная рэч, як вядомая ў свой час народная варта (караулы), абдуманы і абвешчаны ў Пецярбурзе ў чыста грамадзкім асяродзьдзі. Муравьёв у сваіх запісках маўчыць аб гэтых грамадзкіх зьявішчах. «Калі,— таямніча зазначае Каяловіч,— з часам выясьніцца сапраўднае паходжаньне і сапраўдны сэнс (?) слоў гасударыні Аляксандры Фёдараўны, сказаных Муравьёву пры яго выезьдзе ў Вільню: «калі-б толькі мы маглі ўтрымаць за сабой хоць-бы Літву»,— г. зн. Заходнюю Расію,— тады зробіцца яшчэ больш ясным уплыў гэтае часьці нашага грамадзянства»[46].

Паданыя словы занадта аўтобіографічныя, каб ня бачыць, якое выдатнае значэньне надаваў сабе ў даным выпадку Каяловіч і што пад адпаведнай «часткай расійскага грамадзтва, якая вызначала ход падзей у Заходнім краі падчас паўстаньня», ён разумеў іменна сябе і сваіх бліжэйшых аднадумцаў. У словах гэтых яскрава выяўляецца роспач чалавека, якога ня прызналі, якога не заўважылі або не хацелі заўважыць; з гэтых слоў ясна відаць, што падобнае нэгліжаваньне яго выходзіла перш за ўсё ад Муравьёва і дзякуючы апошняму.

Насколькі няўдалай была на першым пачатку практычная чыннасьць М. Каяловіча, скіраваная на замацаваньне ў краі ўласнай «западно-русской» партыі, нагэтулькі грунтоўнай была яго навуковая дзейнасьць. У дзедзіне навуковай яго «западно-русская» абарона Беларусі ад польскіх дамаганьняў была па свайму часу выключна аўторытэтнай і ўсебаковай.

Да рэчы, аб адносінах «западно-руссов» да Польшчы як гэткай. Каяловіч ведаў, што польскае грамадзтва бачыць у яго асобе аднаго з найбольш зацятых сваіх ворагаў і ненавісьнікаў, і таму ня раз імкнуўся вытлумачыць сваю позыцыю ў польскім пытаньні. Да гэтага яго прымушала яшчэ і славянафільства, якое, як мы бачылі з лістоў І. Аксакова, вельмі блізка цікавілася вырашэньнем гэтага пытаньня. Каяловіч заяўляе, што ён як «западно-русс» ня вораг палякаў, што ён разумее і спачувае сапраўднай этнографічнай Польшчы, але што ён адносіцца варожа — адмоўна да тэй шляхецкай папска-іезуіцкай Польшчы, якая прагнула і прагне праглынуць Беларусь.

«Я разумею зямлю польскую нават пры апанаваўшай яе неславянскай цывілізацыі. Я магу бачыць на гэтай зямлі польскі элемэнт нават скрозь пякельны змрок заходня-эўропэйскай рэволюцыі і езуіцтва. Па гэтай сапраўднай польскай зямлі, у гэтым сапраўды польскім элемэнце можна бачыць польскае сэрца. Але, пераносячыся адсюль у Заходнюю Русь з думкай аб польскай зямлі, польскім элемэнце і польскім сэрцы, як пераконваюць усіх палякі, я ня бачу і не магу бачыць ні гэтай зямлі, ні гэтага элемэнту (чыстага, сапраўднага польскага), ні гэтага сэрца. Я толькі бачу тут тыранію і зьдзекам вырытыя польскія барозны па рускай зямлі на якіх ня можа быць жыцьця роднаму семені. Я бачу тут разбэшчанае польскае шляхецтва, ператворанае ў арыстократызм, які гэтак ненавідзяць самі палякі. Я бачу тут польскае езуіцтва, якое Польшча сама выкідала ўсімі сіламі як нягодную траву, і толькі набліжаючыся да сваёй гістарычнай сьмерці, усыпала яе пладамі свой хаўтурны паход. На няшчасьце, яна выкідала езуіцтва ў Заходнюю Расію[47]...

Усе свае немалыя веды з гісторыі і этнографіі Беларусі Каяловіч выкарыстаў, каб давесьці перад расійскім грамадзянствам і перад расійскай навукай той факт, што прэтэнзіі палякаў на Беларусь ні на чым не заснаваны. Трэба зазначыць, што вывучэньне Беларусі з расійскага боку пачалося гадоў за 20 перад Каяловічам. Першыя спробы ў гэтым кірунку пачаліся яшчэ ў 30-40-х гадох пры міністры Пероўскім, калі побач з офіцыйнымі статыстычнымі досьледамі ў цэнтральнай Расіі была зьвернута ўвага і па «Западный Край». Аднак працы таго часу былі занадта павярхоўныя, вынікі іх разглядаліся як нейкі канцэлярскі сакрэт і не публікаваліся да агульнага ведама. Тады-ж у розных расійскіх часопісях пачалі зьяўляцца першыя нататкі аб Беларусі, пераважна апісальна-этнографічнага характару. Гэта быў пачатак цікавасьці да «народнасьці»— вынік дзейнасьці Уварова і першых славянафілаў. Больш аўтарытэтна пачаў пісаць аб Беларусі П. Шпілеўскі (1817-1861), які быў родам беларус, з Менскай губэрні, і які быў моцна замілаваны ў беларушчыну. Працы яго, што зьявіліся ў расійскай літаратуры, адзначыліся навіной, хоць і мелі часта сваёй крыніцай друкаваныя польскія досьледы.

Пачынаючы з 50-х гадоў, Беларусь зьвярнула на сябе большую ўвагу Географічнага Таварыства, якое з першага тому сваіх «Этнографічных Зборнікаў» пачало публікаваць адпаведныя матэрыялы. Аднак і ў гэтыя гады весткі аб Беларусі былі выпадковыя і няправільныя, так што для этнографічных справак прыходзілася часам карыстацца старэнькай і невялічкай этпографічнай вартай Шафарыка. Працы беларускіх дасьледчыкаў — І. Барычэўскага, О. Турчановіча і М. Бэз-Карніловіча з пункту погляду навуковасьці таксама мала чаго былі варты; іх хутчэй можна разглядаць як справачпікі па беларускай гісторыі, пераважна царкоўнай, і як зборнікі гістарычных апавяданьняў аб Беларусі.

Больш дакладныя працы афіцэраў генэральнага штабу — А. Коревы аб Віленскай губ.. П. Баброўскага аб Горадзенскай губ. і І. Зеленскага аб Менскай губ.,— хоць і пачатыя пры канцы 50-х гадоў, вышлі ў сьвет ужо з пачаткам 60-х гадоў, калі «Літоўская вунія» Каяловіча была ўжо на руках. Таксама ў гэтую пару ў сувязі з польскім паўстаньнем былі выданы для шырокага чытача вядомыя атлясы Заходняй Расіі — Р. Эркерта і Рыттіха.

Ня гледзячы, аднак, на ўсе пералічаныя працы, аб Беларусі ў шырокіх колах расійскага грамадзтва ведалі вельмі мала. Аксаков казаў правільна, што аб беларускай справе сярод расійцаў існуе поўная нязьменнасьць; ня толькі звычайныя абываталі, але людзі з вышэйшай асьветай, нават спэцыялістыя, лічылі тады тэрыторыю на захад ад Дняпра польскай зямлёй. Што датычыць Горадзенскай і Віленскай губэрняў, дык аб іх няпольскасьці і гутаркі ня было.

Каяловіч як шчыры «западно-русс» прысьвяціў шмат энэргіі, каб зьнішчыць гэткі забабон і акрэсьліць сапраўдную польска-беларускую граніцу. Ён піша артыкулы ў газэты і часопісі, чытае закрытыя і публічныя лекцыі на гэту тэму, публікуе дакумэнты, выдае кнігі[48]. «Документы, аб’ясняющие историю Западной России и ее отношение к Восточной России и Польше» выдаюцца пры гэтым en regard на францускай мове, каб азнаёміць з гісторыяй Беларусі і этнографічнай мяжой яе з Польшчай заходня-эўропэйскую навуку і грамадзкую апінію.

Трэба вызнаць, што працы Каяловіча на высьвятленьні этногрэфічнай і гістарычнай беларуска-польскай мяжы былі вельмі грунтоўныя. Па сутнасьці, толькі ён ды П. Баброўскі маглі лічыцца ў тон час сапраўднымі аўторытэтамі ў гэтай галіне. Калі пазнаёміцца з тагачаснымі досьледамі аб Беларусі, лёгка можна заўважыць, які значны крок наперад быў зроблены дзякуючы навуковай дзейнасьці гэтых двох «западно-руссов» (П. Баброўскага мы таксама далучаем да «западно-руссов», толькі крыху іншага адценьня і ня так напорыстага). Бо, прыкладам, нават у 1861 г. так паважная ўстанова, як «Российское Географическое Общество», офіцыяльна выдала для агульнага карыстаньня працу афіцэра генштабу М. Лебёдкіна, дзе з дакладнасьцю да адзінак гаворыцца аб насельніках Беларусі — драўлянах, палянах, крывічох, валынянах. ціверцах, вуглічах, харватах, яцьвягах і г. д. (харватаў, прыкладам, М. Лебёдкін налічыў у 1861 г.— 17 228 чал., ціверцаў і вуглічаў — 8 398 і г. д.).

Зьвернем увагу на чарговую, надзвычайна характэрную дэталь у працах Каяловіча як правадыра «западно-руссизма». Мова ідзе аб крытыцы этнографічнага атлясу Эркерта, названым «атлясам провінцый, заселеных цалкам ці ў часьці палякамі»[49]. Каяловіч протэстуе супроць самае назвы атлясу і справядліва кажа, што «ўраджоны западно-русс» ніколі так-бы яго не назваў: на жаль,— дабаўляе ён,— гэты мясцовы «западно-русский» пагляд яшчэ вельмі мала ўсьвядомлены і мала атрымаў правоў у навуцы і жыцьці»; Каяловіч дасканала потым выпраўляе недакладнасьці і памылкі Эркерта аб граніцах і лічбах расьсяленьня розных пляменьняў, у тым ліку граніцы беларуска-польскія па захадзе Горадзенскай губэрні, па Бугу і Нёману; правільна выкладае адносіны паміж беларусамі і літоўцамі і г. д., але з грунтоўным недахопам працы Эркерта — з адзнакай веры, якую той кладзе у аснову нацыянальнага акрэсьленьня насельніцтва Беларусі,— Каяловіч згаджаецца.

«Прынцып гэты,— кажа ён,— найлепшы цяпер для падзяленьня жыхароў Беларусі на палякаў і беларусаў; мяне заўсёды дзівяць спробы шмат каго ў нашай літаратуры вырашаць жыцьцёвыя пытаньні ў Заходняй Расіі не на аснове рэлігійнага пытаньня. Я глыбока пераконаны, што пройдзе, прынамсі, сталецьце, пакуль можна будзе ўзяцца за які-небудзь жывы бок «западно-русского» жыцьця, абыходзячы веру»[50]. Праўда, крыху далей Каяловіч згаварваецца, што «шмат якія лаціняне шляхецкага, мяшчанскага стану і ўсё каталіцкае сялянства захоўваюць яшчэ свае самародныя, мясцовыя пачаткі, ня робяцца палякамі. Але,— безнадзейна канчае ён сваё разважаньне,— гэта вельмі складанае пытаньне і разабрацца ў ім трудна» (Курсіў мой.— А. Ц.).

Іншымі словамі, гэта значыць, што калі беларус па веравызначэньні каталік, дык для Каяловіча ён ужо не сапраўдны беларус, ён ужо не «западно-русс», а як-бы напалову паляк. Для Каяловіча вера азначала ўсё — і нацыянальнасьць, і народнасьць, і самую «рускую душу». Як і для Гаворскага, так і для яго «вне православия» не магло быць Расіі, і тыя беларусы, якія ходам гісторыі прынялі каталіцтва і якія нават па ўласным яго прызнаньні захавалі мову і звычай беларускія, тым самым ужо выключаліся з ліку беларускага насельніцтва і аддаваліся Польшчы.

На першы погляд здаецца зусім незразумелым — як гэта такі знаўца Беларусі, як Каяловіч, мог выключаць каталікоў-беларусаў з ліку беларусаў і залічаць іх да палякаў. Аднак факт застаецца фактам. Пазьней мы ўбачым, што падобны вывад быў для Каяловіча як правага славянафіла зусім пасьлядоўны. Ён ня мог далучыць да «единого русского организма», абапёртага ў сваім сусьветным значэньні на праваслаўі, беларусаў-каталікоў. Каталіцтва ў яго вачох было гістарычным азначэньнем нацыі, яно накладала на псыхолёгію народнае масы большы ўплыў, чым мова, звычаі і агульныя географічныя, гістарычныя і экономічныя ўмовы бытаваньня. Праўда, ён не адважваецца канчаткова згадзіцца з сваім уласным прынцыпам, бо занадта добра ведае з жыцьця, што ў нацыянальна-бытавым сэнсе розьніцы паміж беларусамі-праваслаўнымі і каталікамі ніякай няма; для яго пытаньне гэтае «складанае», яму «трудна ў ім разабрацца».

Адзіна, хто падняў у той час голас проці гэтае забойчае для Беларусі тэорыі і скрытыкаваў атляс Эркерта, быў памянёны вышэй П. Баброўскі. Верны «западно-русскому» погляду, ён таксама даводзіць у сваім «Историческом обзоре» аб паходжаньні пляменьняў Горадзенскай губ.[51], што ў тутэйшым краі «амаль з самага пачатку Русі вера і мова славянскіх плямён паміж Прыпяцьцю і Нёманам заўсёды знаходзіліся ў цеснай сувязі з славянскімі плямёнамі, якія жылі на поўнач, на поўдзень і на ўсход ад гэтае губэрні», што Беларусь ёсьць край «русский», і г. д. Але ён не згаджаецца з Каяловічам і з Эркертам, нібы веравызнаньне грае якую-небудзь ролю ў нацыянальным акрэсьленьні Беларусі. Эркерт, па яго словах, «глядзеў на Беларусь па ўражаньнях, якія вынес з палацаў і касьцёлаў, што ляжалі па яго маршруту»[52].

«Адзінай адзнакай для падзелу насельніцтва Беларусі на беларусаў і палякаў можа быць мова,— зазначае П. Баброўскі.— Думка Эркерта, быццам «каталіцкія беларусы па сваіх думках, прывычках і роду жыцьця зусім палякі», ня вытрымлівае ніякай крытыкі».

«Чым, як ня мовай,— заўважае аўтар,— кіраваўся Эркерт пры разьмежаваньні беларусаў ад украінцаў? А тымчасам ён ня хоча прыняць гэтага-ж прынцыпу для разьмежаваньня беларусаў ад палякаў». «Нічога ня значыць, што беларусы, па словах Эркерта, не называюць сябе гэтым сваім імем. Беларусы, ня ведаючы, што яны беларусы, захавалі і ў штодзённай гутарцы, і ў песьнях, і ў прыслоўях свае азначаныя нацыянальныя, лёгічныя формы, свой азначаны характар, свае праявы[53], звычаі і г. д. Беларус-селянін, ці будзе ён праваслаўны, ці каталік (курсіў мой.— А. Ц.), мае свае пераконаньні, сваю моральную філёзофію і перадае гэта разам з мовай сваім дзецям і ўнукам. Ксёндз і памешчык ніколі ня скажуць аб беларусу каталіцкага веравызнаньня, што ён беларус, а скажуць: «літвін». Пагутарце з гэтым літвінам, і вы пачуеце беларускую гаворку. Падчас нашай працы ў Горадзенскай губэрні,— кажа Баброўскі,— мы мелі этнографічныя сьпісы (насельніцтва) ад сьвяшчэньнікаў і ксяндзоў. На сьпісах тых і другіх сяляне, як праваслаўныя, так і каталікі, названы «літвінамі», і тут прыкладзены ўзоры іхняе мовы — вы думаеце літоўскае? Не — беларускае. Ксёндз рабіў гэта таму, што гэтыя беларусы калісьці ўваходзілі ў склад народнасьцяй Літоўскае дзяржавы. Мы бачым тут не політычную памылку, як мысьліць Эркерт, а політычную праўду і вельмі грубую этнографічную памылку».

Ня гледзячы на тое, што меркаваньні П. Баброўскага былі згодны з сапраўднасьцю, погляд яго не адразу знайшоў прызнаньне ў расійскай этнографіі. Нават гэткі паважаны этнограф, як А. Пыпін, і той хутчэй схіляўся ў спрэчцы аб беларуска-польскай мяжы на бок М. Каяловіча, чым на бок П. Баброўскага, нагэтулькі ў сьвядомасьці расійцаў польскасьць заходніх губэрань была зьвязана з каталіцтвам[54].

Няма чаго казаць, што польская навука з радасьцю падхапіла гэтыя прызнаньні і, узмацняючы іх сваёй аргумэнтацыяй, да сёняшняга дня залічае ўсіх каталікоў-беларусаў да палякаў. У гэтым сэнсе правадыр «западно-руссизма» дрэнна прыслужыўся расійскай экспансіі на Беларусі, і пазьнейшыя эпігоны яго ніколі не маглі яму гэтага дараваць[55].

«Утомление» западно-русской модой», аб якім казаў і якога баяўся М. Каяловіч, той спад інтарэсаў да польска-беларускіх спраў, аб якім ён так непакоіўся, надышоў хутчэй, чым хто-небудзь мог думаць. Як мы паказалі вышэй, ужо пры назначэньні Потапова, у 1868 г., па Вільні і па ўсім краі пранесьліся чуткі, нібы Пецярбург зьмяніў свой стасунак да «мятежных» палякаў і замяніў гнеў на міласьць. Гэта была праўда. У Варшаве новы курс зачаўся крыху пазьней, з 1874 г., калі на пост варшаўскага ген.-губ. быў назначаны гр. Коцэбу, крайні консэрватар і адкрыты вораг дэмократычных тэндэнцый[56]. На Беларусі ён пачаўся значна раней — эпохай «патапаўшчыны» і спадам політычнай увагі да заходніх губэрняў, на характарыстыцы якой мы спыняліся ў папярэднім нарысе. «Западно-русским» людзям заставалася ў гэтую эпоху сядзець моўчкі і, схаваўшы свае пераконаньні пад спуд, чакаць лепшых часоў.

Зразумела, справа была тут ня ў «стомленасьці» расійскае ўлады і ня ў «модах» пецярбурскай політыкі. Потапов і яго наступнікі ня былі нечым індывідуальным і ня дзеялі ў краі па сваіх уласных сымпатыях або антыпатыях. Як мы паказалі вышэй, яны проста выконвалі волю паслаўшага іх міністэрства, былі паслухмянай прыладай у яго руках. У сваю чаргу, паслаўшае іх міністэрства, як і наогул урад, былі выразам таго звароту агульнай расійскай політыкі, які вызначыўся пры канцы 60-х і ў 70-х гадоў мінулага веку, калі загароджанае ў сваім клясавым інтарэсе расійскае дваранства пачало дыктаваць цару і ўраду сваю волю.

Польская зямельная арыстакратыя з заходніх губэрняў была шчыльна зьвязана з Пецярбургам і дасканала выкарыстала новую сытуацыю: заявіўшы аб сваёй клясавай солідарнасьці з расійскім дваранствам і дэкляраваўшы прад прастолам шляхам адпаведных адрасоў сваю вернасьць монарху, яна тым самым выбіла зброю з рук сваіх ворагаў «западно-руссов».

І што характэрна — самі «западно-руссы» прылажылі руку да таго, каб паслабіць свае позыцыі. Ніхто іншы, як Каяловіч і яго прыхільнікі сваёй нястрыманай злабой проці ўсяго польскага, сваімі заклікамі да гайдамацкай расправы з панамі і адноўленьня казацкіх войнаў напалохалі Пецярбург і пераканалі яго ў патрэбе як мага хутчэй спыніць антыпольскі курс. Чым больш стараўся Каяловіч і яго прыхільнікі ў Маскве і ў Вільні, чым больш было праяў таго «народнага руху», якім яны ганарыліся і ў якім бачылі адраджэньне заняпалай краіны, тым больш непакоіліся ў міністэрстве ўнутраных спраў і пры двары. «Западно-русская» пропаганда рабіла там зусім адваротнае ўражаньне, чым хацела. Газэта «Весть», выдаваная пад той час у Пецярбурзе і бараніўшая інтарэсы буйнай зямляўласнасьці, адкрыта пачала абвінавачваць Каяловіча ў пропагандзе «сэнсымонізму» і пачала заклікаць уладу палажыць канец яго падбухторчай пісаніне.

У выступленьні «западно-руссов» проці польскага панства абаронцы польскае зямлеўласнасьці на Беларусі бачылі амаль тыя самыя вынікі, як і ад дзейнасьці «чырвоных»: як тыя, так і другія зьбіраліся «біць паноў дубінай» і выкарчоўваць панскія маёнткі. У тым, што «чырвоныя» хацелі рабіць гэта з мэт соцыяльна-рэволюцыйных, а «западно-руссы» — з мэт нацыянальна-расійскіх і патрыотычных,— розьніцы для «охранительных начал» было мала. І «западно- руссам» заткнулі рот.

«Дылема», перад якой бясьсільна стаяў Каяловіч і якую выкладаў гэткай эзопавай мовай, дылема, хто каго мусіць нішчыць: беларускі мужык польскага пана ці польскі пан беларускага мужыка, была вырашана Пецярбургам у 70-х гадох на карысць пана. Ва ўмовах дваранскай імпэрыі іншага вываду наогул зрабіць было нельга — гэтага не разумеў можа адзін Каяловіч у сваім «западно-русским» захапленьні.

Пры канцы 60-х і ўвесь пэрыод 70-х гадоў расійская прэса, як сталічная, так і краёвая, ужо маўчала аб Заходнім краі. У Вільні дажываў апошнія дні «Вестник Западной России» Гаворскага (спыніўся ў 1871 г.); ня было І. Сямашкі — аднаго з найбольш уплывовых і ўпартых «обрусителей»; расьцярушылася і ўся Мураўёўская кампанія.

Палякі пачалі залечваць свае раны. На аснове «высочайшего повеления» 17 мая 1867 году[57] пачалі ўсё больш і больш вяртацца са ссылкі з Сібіры і з далёкіх усходніх губэрань паўстанцы — пераважна шляхта, памешчыкі, менш ксяндзы і ў нязначным ліку сяляне[58].

Політычна і грамадзкі ўвесь край абярнуўся ў нейкі мёртвы абшар. Мясцовыя газэты, так зв. «Губернские Ведомости» былі ў той час чым хочучы, толькі ня прэсай. Нават «Виленский Вестник» — орган і ўласнасьць Віленскай вучэбнай акругі, які заўсёды імкнуўся быць голасам краю.— нават і той у гэтае дзесяцігоддзьдзе нічым не адрозьніваўся ад «Губернских Ведомостей» і справачных «Памятных кніжак». Звычайны выгляд яго аддае глыбокім провінцыялізмам: на першым месцы даведкі аб вэксальных курсах, потым прызначэньні і нагароды па службе, абвесткі і рэзолюцыі віленскай судовай палаты, час ад часу весткі аб праяжджаючых праз Вільню славутых профэсарох, магіках-фокусьніках, артыстах, хроніка крымінальных падзей, офіцыйныя тэлеграмы з Парыжу і Бэрліну і калі-ні-калі «літаратурны фэльетон» на тэму аб «агульназразумелых настаўленьнях проці шаленства сабак» або «аб фізычным і моральным выхаваньні жанчыны па Дарвіну». Хроніка — якая хочаце: маскоўская, тульская, валагодзкая — толькі не мясцовая. Найбольш, канешне, замежная. Агляд замежнай політыкі, інтрыг Бісмарка, каронных прыёмаў ангельскай каралевы Вікторыі. а пры канцы дзесяцігодзьдзя — балканскай і франка-прускай вайны — займаў 3/4 аб’ёму «Вестника».

Аб Беларусі, аб тым, як жывуць і чым дыхаюць усе пяць губэрань знамянітага раней «Заходняга краю», у «Виленском Вестнике» на працягу шэрагу год мы не знаходзім ніводнага слова. Маўляў, Беларусі ня было, маўляў — яна не існавала на карце імпэрыі. Ненормальнасьць падобнага становішча заўважалі нават некаторыя расійскія часопісі. «Виленский Вестник» цалкам прысьвячае свае старонкі загранічнай політыцы і перадрукам з іншых газэт усякіх унутраных паведамленьняў,— казала ўплывовая ў 70-х гадох «Беседа»,— і захоўвае аб краі маўчаньне, годнае лепшага прыстасаваньня. Можа атрымацца ўражаньне, што «западно-русское» пытаньне вырашана тут аканчальна»[59].

Па сутнасьці, яно так і было — беларускае пытаньне было ў тую эпоху вырашана гэтак-жа акрэсьлена, як і ў эпоху паўстаньня, толькі ў адваротным выглядзе; яго папросту выкрэсьлілі са сьпісу актуальных політычных пытаньняў, паставілі над ім крыж. Зусім сьвядома ўлада абярнула ўвесь край у нешта шэрае, у нейкую шэрую пляму, дзе дарма было шукаць якога-небудзь грамадзкага ці культурнага руху. У гэтым ласьне і было назначэньне новага курсу: забыць аб Беларусі, забыць і замаўчаць проблемы яе нацыянальнага і соцыяльнага жыцьця, у тым ліку дражлівую і небясьпечную з пункту погляду паміжклясавага супакою проблему аб польска-расійскіх і беларускіх адносінах.

Замест абгаворваньня мясцовых пытаньняў прэса, улада, а за

імі і ўсё грамадзтва Вільні і провінцыі завялося балямі, вечарамі, афіцыйнымі і прыватнымі пагулянкамі і прыёмамі. Гэтага ў 70-х гадох на Беларусі не бракавала. Больш таго, на фоне агульнай грамадзкай трупехласьці і мярцьвячыны балі і вечары набылі політычны характар: гэтым шляхам краёвая адміністрацыя, пачынаючы Потаповым, за ім Альбедзінскім, Тотлебенам і г. д., імкнулася надаць жыцьцю бястурботны і вясёлы выгляд і разам з тым знайсьці форму замірэньня з мясцовым дваранінам-памешчыкам. У атмосфэры спэктаклю і балю, за зялёным сталом і пры буфэце, лягчэй за ўсё знаходзіліся патрэбныя словы і забывалася ўзаемная варожасьць, выкліканая паўстанчай разрухай.

«У цяперашнюю зіму віленскае грамадзтва асабліва ажывілася»,— патэтычна пачынае сваю навагоднюю перадавіцу «Виленский Вестник» у 1875 г., напісаную, па ўсім відаць, па загаду генэрал- губэрнатара[60]. «Колькі мы памятуем, ніколі ня бывала гэткага мноства баляў і сабраньняў, як у цяперашнім сэзоне. Тэатр наведваецца вельмі старанна, амаль ня гледзячы на якасьць спэктакляў; на сямейных вечарох дваранскага клюбу, а таксама ў афіцэрскім сабраньні лік наведвальнікаў амаль падвоіўся. Шмат хто з прыватных асоб і нават корпорации завялі ў сябе сталыя вечары. Дзякуючы паказанаму настрою грамадзтва ў горадзе аднавіўся гандаль і радасна ажылі трапіўшыя было ў застой модныя магазыны, дамскія краўцы і магазыны з мануфактурнымі і шаўковымі таварамі». І затым даецца тлумачэньне:

«Тлумачэньне гэтай зьяве, г. зн. перамене ў настроях грамадзтва, можна знайсьці часткова ў агульным «умиротворении умов» пасьля перажытых краем узрушэньняў. У большым «умиротворении» розных элемэнтаў грамадзтва і матэрыяльным добрабыце краю, які відавочна разьвіваецца».

Першы прыклад падобнага «умиротворения» мусіў падаваць, канешне, у Вільні генэрал-губэрнатарскі палац. Ён быў цэнтрам увагі ўсяго краю, тут імпэратарская Расія паказвала сваю магутнасьць і бляск, тут мясцовы магнат мог і павінен быў знайсьці агульную мову з адміністрацыяй.

І «Виленский Вестник» аж душыцца казённым запалам пры апісаньні балю ў Альбэдзінскага:

«Вечары ў пана ген.-губарнатара адзначаюцца бляскам і памерамі, недаступнымі для прыватных асоб. Усе пакоі другога паверху вялізарнага ген.-губэрнатарскага дому напаўняюцца натоўпамі гасьцей, лік якіх дасягае часам 400. Вагромістая саля ледзь можа памясьціць усіх танцораў, якія танцуюць кадрыль па дзьве шарэнгі ў 32 пары. Асьвятляецца саля бязьлічным мноствам сьвечак і аздабляецца жывымі расьлінамі і кветкамі. За саляй ідзе алькоў замест гасьціннай для дам, за ім — буфэт, раскошна аздоблены фруктамі, цукеркамі ды іншымі дэсэртамі. Зэ буфэтам — далей пакоі, якія адведзены для карт... Самы баль зьяўляецца цудоўным відовішчам. Мноства дам у раскошных туалетэх, вагромістасьць натоўпу, гукі музыкі і бляск асьвятленьня ўсіх варожыць. Вечар канчаецца раскошнай вячэрай, і госьці вяртаюцца дахаты ўжо а чацьвертай гадзіне раніцы».

«Зразумела,— дабаўляе «Вестник»,— што пры гэтых умовах ген.- губэрнатарскія балі прывабліваюць і гэткіх асоб, якія раней цураліся зносін з віленскай адміністрацыяй. На апошнім балі ўжо было шмат асоб з вышэйшай мясцовай арыстократыі».

Ня дзіва, што «западно-руссы» пры гэткім павароце спраў былі зусім не да двара. Яны былі ня толькі не карысныя, яны былі проста шкодныя, усе гэтыя політыкуючыя папы, сэмінарскія патрыёты, розначынныя профэсары, якія «да сьмерці» хацелі біцца з палякамі- панамі. І замест таго, каб іх падтрымліваць, іх адапхнулі на самы задні плян, раўнаючы часам да зьбянтэжаных «мураўёўцаў у адстаўцы», дзяржыморд, п’яніц і бандытаў. У гэты пэрыод знаходзім шмат скаргаў і жальбаў былых «мураўёўцаў» на ўціск іх з боку новай улады на Беларусі; лаялі іх у той час публічна і не шкадуючы[61].

Прымушаны быў сьціхнуць і кінуць сваю публіцыстыку і М. Каяловіч. Ён зноў адыходзіць у пыл архіваў, зноў вяртаецца да распрацоўкі гісторыі вуніяцтва.

У гэты час, між іншым, у Пецярбурзе, у яго адбылася вельмі характэрная і непацяшальная для «западно-русской» справы размова з Юр. Самарыным, ягоным прыхільнікам і натхніцелем у галіне славянафільства.

«Калі я,— пераказвае М. Каяловіч,— пачаў гутарку з Ю. Самарыным аб розных «западно-русских» няўдачах і аб невыстарчальнай там расійскай дапамозе, ён амаль з жорсткасьцю мне адказаў, што самі «западно-руссы» вінаваты: самі яны павінны былі-б працаваць і папраўляць свае справы».

І Каяловіч меў поўную рацыю, калі ў 1875 г., на агульным сходзе пецярбурскага аддзелу Славянскага Таварыства, з горкасьцю перапрашаў прысутных за тое, што ён дазволіць сабе прыпомніць справы, відаць, зусім забытыя, справы «западно-русские».

  1. Амаль поўная бібліографія крыніц аб жыцьці і творчасьці М. Каяловіча (1828—1891) зьмешчана ў проф. С. А. Венгерава: «Источники словаря русских писателей», т. III, Карамышев-Ломоносов, Петроград, 1914, стар. 240—241. Адпаведныя бібліографічныя спраўкі ёсьць у Историографии Иконникова, у слоўніку Березина, альбоме Семевского, у В. Михневича — «Наши знакомые», у Чистовича — «История СПБ Академии», у «Собрании мнений Филарета», т. IV і інш. М. Каяловіч быў пладавіты гісторык і публіцысты, напісаў і надрукаваў шмат; поўнага падліку яго твораў няма — самыя галоўныя, якія датычаць нашае тэмы, будуць паказаны ніжэй.
  2. Аб гэтым сьведчыць, між іншым, і І. Сямашка: «Увесь грэка-вуніяцкі народ,— кажа ён,— размаўляе мовай беларускай або мала-расійскай, дзеці вуніяцкага духавенства ў доме сваіх бацькоў і па-за ім амаль выключна чуюць гэту мову — яны запамінаюць яе ўжо ў польскіх школах» (Записки І. Сямашкі, т. І, стар. 572).
  3. Перапіска М. Каяловіча з А. С. Суворыным, са збору А. С. Суворына, які захоўваецца ў Публічнай бібліотэцы ў Ленінградзе. Мы выкарысталі для сваёй працы ўсю перапіску правадыра «западно-руссизма», якая знаходзіцца ў Рукапісным аддзеле Публічнай бібліотэкі. Тут ёсьць: а) 48 лістоў і запісак яго да І. Корнілова, з якім ён быў у вялікай дружбе, пачынаючы ад 4 кастрычніка 1866 г. да году сьмерці (1891); б) перапіска з А. С. Суворыным (ад 1880 да 1891 г.), пераважна па справах «Нового Времени», рэдактарам якога быў А. Суворын і ў якім супрацоўнічаў М. К — ч; в) лісты да В. Грыгор’ева (са збору Памялоўскага) і інш. На жаль, увесь багаты 'архіў самога М. Каяловіча пад час рэволюцыі загінуў: удава М. М. Каяловіча (сына М. О.) магла паказаць нам толькі некаторыя асабістыя лісты М. О. да яго жонкі, у якіх знаходзяцца нязначныя даныя для характарыстыкі эпохі і «западно-руссизма». Рэшта архіву, багатая перапіска М. К-ча з рознымі асобамі ды інш., па словах удавы, пад час рэволюцыі «пашла ў печ».
  4. Па трэцяму разьдзелу Польшчы да Прусіі часова адышло Беластоцкае ваяводзтва, у тым ліку заходняя частка Горадзеншчыны. Па Тыльзіцкаму міру і затым па Венскаму Конгрэсу ўсе гэтыя тэрыторыі адышлі да Расіі.
  5. «Народное движение в Западной России», гл. «Русский Инвалид», 1863, № 91.
  6. П. Бобровский «Русская греко-униатская школа в царствование нмп. Александра I», 1890, стар. 333.
  7. Тагачасныя Віленцы, як і ранейшыя дасьледчыкі, акрэсьлена адрозьнівалі «літвіна» ў чужаслове ад сапраўднага літоўца, якога называлі найменьнем жмудзіна. Ігн. Даніловіч («О литовских летописях», «Журн. Мин. Нар. Просв.», 1840, декабрь) гаворыць аб Нарбуце, што ён быў «патрыот туземнага ня-рускага (літоўскага) дыялекту, пісанага готыцкімі рунамі». Нарбут, як вядома, ласьне і цікавіўся жмудзкай старыной, ня-літоўскай, г. зн. беларускай, дакумэнты якой пісаны былі кірыліцай, а ня готыкай.
  8. Памянёны Я. Анацэвіч быў, здаецца, сынам таго слаўнага гісторыка і профэсара Віленскага унівэрсытэту Ігната Анацэвіча (ён-жа Жэгота Онацэвіч), які ўваходзіў у склад беларускага гуртка і быў блізкі да Данілевіча, Баброўскага ды інш. Даніловіч ставіўся да Ігн. Анацэвіча з-вялікай пашанай («вучоны, найбольш дасьведчаны ў літоўскай гісторыі» — «Журн. Мин. Нар. Просв.», 1840, XII), ня гледзячы на тое, што працы яго ня былі надрукаваны. З гэтай-жа павагай ставіўся да яго заўсёды і М. Каяловіч, называючы яго «бядовым старыком, разумным і добрым чалавекам, не адстаўшым, аднак, ад полёнізму». Лёс Анацэвіча быў гэткі-ж трагічны, як і рэшты яго сяброў: выкінуты з Вільні, ён дажываў свае дні ў адзіноце ў Пецярбурзе, дзе працягваў свае досьледы па гісторыі краю. Памёр у 1845 г. у вялікай нэндзы, прычым бясьсьледна загінулі яго багацейшыя рукапісы і матэрыялы, якія ён зьбіраў праз усё жыцьцё (Dr. St. .Morawski «Kilka lat młodości mojej w Wilne. 1818-1825», st. 504). Цікавыя матэрыялы аб Анацэвічу знойдзены мной у архіве б. ІІІ Отделения С. Е. В. Канцелярии, што перахоўваецца ў Маскве — гл. Дело № 164 о студентах Внленск. у-та Захе, Тржанковском и пр. 1828-1834 г. г.
  9. И. Пальмов «Памяти М. О. Кояловіча». Речь в собрании Славянского Общества 1 декабря 1891 г., стар. 6.
  10. Гл. М. Коялович «Прежние воззрения польского писателя Крашевского на б. Великое Княжество Литовское, т. е. Западную Россию». «Журнал Мин. Нар. Просв.», 1884, ч. 225, стар. 88-89.
  11. «Литовск. Еп. Ведомости», 1891, № 35.
  12. Сам М. Каяловіч у пазьнейшыя гады быў ня зусім задаволены сваёй працай, бо ня здолеў у ёй выкарыстаць усіх архіваў. «Грамада архіўных спраў аб вуніі,— пісаў ён у адным з лістоў да А. Суворына,— вымагае яшчэ гэткага-ж жыцьця, як маё, толькі больш дзейнага, каб быць як сьлед распрацаванай» (Ліст ад 3 траўня 1890 г. у Рук. ад. Публ. бібл., са збору А. С. Суворына).
  13. Гл. цікавейшы трактат філёзофа: «Si les traites de 1815 ont cesse d’exisler?» Вытрымкі ў маёй працы: «Адраджэньне Беларусі і Польшча», стар. 148 і далей; амаль поўны тэкст у перакладзе гл. у С. Шалковіча, «Сборник», вып. І, стар. 70-89. Гэты трактат — сапраўдны акт абвінавачаньня польскай шляхты і зямляўласьнікаў, у якім Прудон перасьцерагае Францыю не дапамагаць паўстаньню і рашуча протэстуе проці прэтэнзіі Польшчы ўзнавіць сваю незалежнасьць у граніцах 1772 году.
  14. Гл. разьдз. III.
  15. И. Пальмов «М. О. Коялович»— речь в Слав. Обществе, стар. 24-25.
  16. Пальмов, ор. cit., стар. 25-26.
  17. Ibid., стар. 27. Тут-жа, на стар. 17-23, чытач знойдзе пералік публіцыстычных артыкулаў М. Каяловіча, якія ён зьмясьціў у 1858-1891 г.г. у розных тагачасных расійскіх часопісях і газэтах («День», «Гражданин», «Русский Инвалид», «Правда», «Журн. Мин. Нар. Просвещ.» і г. д.).
  18. И. Пальмов, ор. cit., стар. 28.
  19. Гл. Русский Инвалид», № 91, 1863; «Народное движение в Зап. России». № 17 — «Встреча народности о Зап. России с русской государственностью н великорусской народностью» і інш.
  20. Пальмов, ор. cit., стар. 27.
  21. Гл. А. Пыпин «Истор. русск. этногр.». т. IV, стар. 89-90.
  22. Пад апісанымі «лепшымі людзьмі» М. Каяловіч разумее па ўсіх даных гурток А. Кіркора. Як відаць з лістоў Каяловіча да свае жонкі (мы мелі магчымасьць чытаць гэтыя лісты), ён быў знаёмы з гэтым гуртком і ў 1862 г. гасьцяваў у Кіркора ў Вільні.
  23. «Несколько слов о народном движении в Белоруссии». «День», 1863, № 18.
  24. М. Каяловіч першы раз аб’ехаў Беларусь у 1862 г. Апрача знаёмства з беларуска-літоўскай партыяй, ён блізка зышоўся з тагачасным віленскім ген.-губ. Назімавым і з папячыцелем кн. Шырынскім-Шыхматавым. У сваіх данясеньнях у Пецярбург аб віленскіх справах Шырынскі-Шыхматаў часта спасылаецца па аўтарытэт М. Каяловіча як знаўцы Беларусі. Гл. «Дело об издании в Вильне журнала на родном языке», архив Мин. Нар. Просв. № 37521.
  25. «Народное движение в Западной России», «Русский Инвалид», 1863, № 91.
  26. «Несколько слов о народном движении», «День», 1863, № 18.
  27. «Народное движение в Зап. России».
  28. «Народное движение» etc.
  29. «Верноподданичество поляков Западной России», «День», 1863, № 39.
  30. «День», № 39, 1863 — «Верноподданичество поляков».
  31. ibid
  32. Да асоб, якія пашлі паказаным Каяловічам шляхам, можна залічыць кап. Сенчыкоўскага (іл. А. Жиркевич «Из-за русского языка», «Минская Старина», вып. ІІІ), а таксама кн. А. Друцкага-Любецкага, які ў 1866 г. перайшоў з каталіцтва ў праваслаўе. Свой учынак ён тлумачыў меркаваньнямі шчыра «западно-русскими»: «Я думаю,— пісаў ён,— што нам, рускім па пахаджэньні, продкі якіх былі праваслаўнымі, зварот па праваслаўе — адзіны шлях, які можа прынесьці карысьць краю і паставіць нас самых на натуральную глебу... Даволі нашае крыві і грошай пашло па зусім чужыя нам пляны. Пара перастаць... Углядаючыся ў політычнае становішча, я бачу, з аднаго боку, магутную Расію, з мільёнамі брацкага народу, з другога боку — Польшчу, чужую нам, «западно-руссам». Што дала нам Польшча? Даўгія гады непарадкаў, зьбядненьне, анархію, заняпад навук і забыцьцё нашае народнасьці. Мова, вера, звычаі нашых продкаў — усё заменена полёнізмам і каталіцтвам, якія не далі нам ні шчасьця ў мінулым, ні падзеі на лепшую будучыню. Ці можна хістацца, у які бок прыстаць? У нас нічога няма і не павінна быць з Польшчай, і Варшава для нас і нашых дзяцей — горад чужы» («Виленский Вестник», 1866, № 186). Як бачыць чытач, у словах Любецкага шмат ёсьць падабенства да тых лямантацый, якія ў пачатку веку выказаў Фадзей Кукевіч і якія амаль даслоўна паўтораны ў аргумэнтацыі Каяловіча.
  33. «Лекции по истории Западной России», выд. І, стар. 15 — чыталіся М. Каяловічам у 1863 г. у вышэйшым кругу прыдворнай арыстократыі, сярод якой былі члены царскай фаміліі і князі.
  34. «Народное движение» etc.
  35. Ibid. «Народнае апалчэньне», аб якім гаворыць Каяловіч і якое адыграла нямалую роль пры падбіцьці паўстаньня, было створана, як ведама, М. Муравьёвым. У Пецярбурзе да гэтага «апалчэньня» ставіліся вельмі падазрона, як да чагосьці анархічнага. Створана яно было па ініцыятыве М. Каяловіча, які бачыў у ім выраз «народнае сілы».
  36. «Народное движение» etc.
  37. «Несколько слов о народном движении в Белоруссии», «День», 1863, № 18.
  38. «Народное движение» etc.
  39. «Несколько слов о народном движении» etc. Аб налобным «добрым выніку» паўстаньня М. К-іч зазначае таксама ў публічнай лекцыі ў Географ. О-ве — «Об этнографической границе между Зап. Россией и Польшей», 3 красавіка 1864 г., гл. «Русский Инвалид», 1864, № 27.
  40. «Несколько слов о народном движении в Белоруссии», ibid.
  41. Падобнага пераконаньня трымаліся сьледам за Каяловічам і іншыя «западно-руссы» таго часу. «Ёсьць у нас прыемная зьява,— пісаў адзін з іх, Балвановіч,— гэта беларусы маладога пакаленьня, якія толькі што выступілі на арэну жыцьця, але якія ўжо зусім усьвядомілі сваю рускую нацыянальнасьць. Яны горача любяць сваю бацькаўшчыну, пераконаны, што шчасьце яе заключаецца ў магчыма хутчэйшым зьяднаньні ня з Польшчай, як думаюць некаторыя палякі ruskiej wiary, а з Вялікарасіяй, і ў гэтым сэнсе дазваляюць сабе выказвацца ўжо даволі голасна. На жаль,— дадае корэспондэнт,— становішча іх пакуль што надзвычайна незавіднае: з аднаго боку, палякі і асабліва апалячаныя расійцы накідаюцца на іх градам зьдзекаў, лаянкі і маны; з другога — некаторыя ісьціна- рускія, бог ведае, з якой прычыны, пазіраюць на іх з нейкім недавер’ем і кажуць: «Даруйце, якія-ж яны расійцы, у іх нават і прозьвішчы не з расійскімі канчаткамі» (Я. Балвановіч «Что такое русское общество в С.-З. крае», «Вестн. Зап. России», 1863, июль).
  42. «Об отношении русского общества к Западной России», письмо к редактору газ. «День», 1863, № 27.
  43. Ліст М. Каяловіча да І. Корнілова ад 17 верасьня 1863 г. (У Рукапісным аддзеле Ленінградзкай Публічн. бібліотэкі).
  44. З прамовы М. Каяловіча на агульным сходзе віленскага брацтва, «Вестник Зап. России», 1865—66, кн. 10, разьдз. IV. стар 74—75.
  45. Ліст М. Каяловіча да І. Корнілава ад 5 красавіка 1883 г (У Рукапісным аддзеле Публічнае бібліотэкі) У гэтым лісьце Каяловіч, між іншым, зазначае, што той артыкул, які ён падрыхтаваў да дpукy аб Муравьёве і ў якім выказаў больш падрабязна свой погляд на яго, «прыдзецца схаваць у шуфляду, бо інакш выйдзе разнагалосьсе».
  46. «Минские Еп. Ведомости», 1883, № 15 (неофиц. часть), стар. 150-157: «Оценка деятельности в Зап. России гр. М. Муравьёва».
  47. «Народное движение в Зап. России» ctc.
  48. Галоўныя працы М. Каяловіча ў гэтай галіне: «Документы, объясняющие историю Западной России и ее отношение к Восточной России и Польше» — «Documents servant a ćclaircir 1’histoire des proyinces occidentales de la Russi ainsi que leurs rapports avec la Russie еt la Pologne», 1865; «О расселении племен Западной России» («Русск. Инвалид», 1863, № 114, 486-488; «День». 1863, № 20); «Взгляд г. Эркерта на «Зап. Россию» («Русск. Инвалид», 1864, № 174, «СПБ Ведомости», 1864, № 68 і інш.); «Об этнографической границе между Россией и Польшей» («Русск. Инв.», 1864. № 78 і ў «СПБ Ведомости», 1864, № 77); Этнографічная карта Заходняй Расіі, якая была прыложана да другога выданьня «Лекций по истории Западной России», і інш. Апошняя праца М. К-ча — асноўная ў галіне гісторыі краю. Яна вытрымала тры выданьні — у 1864 і ў 1884 гг. (у апошні год «Лекции» выйшлі два разы пад назвай — «Чтение по истории Западной России»). За гэтую працу М. К. атрымаў у тым-жа годзе вялікую Ламаносаўскую прэмію (гл. ліст. яго да І. Корнілова ад 3 траўня 1884 г. у Рук. аддзял. Публічн. бібліотэкі).
  49. Вышлі два выданьні: у 1863 г. (да паўстаньня) пафранцуску — «Atlas еthnographique des provinces, habitćes еn totalite оu en partie par les Polonais» і ў 1864 г. парасійску, ужо са зьмененай назвай — «Взгляд на историю и этнографию западных губерний России», з атлясам.
  50. «О расселении племен Западного края России» — доклад в Общем Собрании Географического Общества 8 мая 1863 г.
  51. «Материалы для географии и статистики России, собр. офицерами ген. штаба. Гродненская губерния, 2 части, с картами, планами и пр.». Составил П. Бобровский, 1863 г.
  52. П. Бобровский «Можно ли одно вероисповедание принять в основание племенного разграничения славян Зап. России?» («Русск. Инвалид», 1864, № 75, 80).
  53. А. Пыпін памылкова выпраўляе слова П. Баброўскага «правы» па «нравы». («Ист. р. этн.», т. IV, стар. 107, прым.), кажучы, што так будзе «больш вероятно». Баброўскі быў тут больш дазнаным, чым славуты этнограф: беларусы заўсёды мелі свае асобныя мясцовыя правы (сямейнае, зямельнае ды інш.), і Баброўскі гэта дасканала ведаў, таксама як ведаў аб працах Ігн. Данілевіча ў гэтай галіне.
  54. Л. Пыпіна вельмі ўразіла розьніца ў лічбах палякаў на Беларусі па вылічэньнях Эркерта і Баброўскага. Згодна першаму, палякаў у Горадзенскай губ. было ў 1864 г. 270 000 чал., згодна другому — толькі 83 000 чал. «Відаць,— заўважае Л. Пыпін,— Баброўскі справядліва ўказаў на мову і народныя звычаі як на істотныя адзнакі этнографічнае мяжы; але, з другога боку, ня зусім памыляўся і Эркерт — ён ставіў пытаньне на практычны грунт (?) і не без аснаваньня знаходзіў, што пры даных умовах (?) веравызначальная адзнака была можа важнейшай» (гл. «История русск. этногр.», т. IV, стар. 100).
  55. А. Сапуноў у 1909 г. казаў, што «залічаць у лік палякаў беларусаў-каталікоў толькі па тым, што яны каталікі, ёсьць па просту этнаграфічнае грабежніцтва» (гл. «Речь чл. Тов. Думы А. П. Сапунова в заседании за май 1909 г.», асобны адбітак).
  56. J. Grabiec «Dzieje Narodu Polskego», ІІ, st. 222.
  57. Гл. «Голос», 1867, № 139 — «Высочайшее повеление, объявленное шефом жандармов министру внутренних дел 17 мая 1867 года, о прекращении всех дел, касающихся последнего мятежа, и разрешении возвращаться назад».
  58. Большасьць сакрэтных спраў канцэлярыі менскага губэрнатара за 70-я гады, з якімі нам прышлося азнаёміцца пад час працы ў Беларускім Цэнтра-архіве, складаецца з хадайніцтваў былых паўстанцаў вярнуцца дадому і з перапіскі па гэтых справах усякіх адміністрацыйных органаў.
  59. «Беседа», 1871, кн. Х: «Из Сезеро-Зап. края» Д. Миропольского, стар. 202.
  60. «Виленский Вестник», 1875, № 5 (Рэдактар С. Поль).
  61. «Беседа», 1871, кн. Х, 206.