Перайсці да зместу

Западно-руссизм/РАЗЬДЗЕЛ ТРЭЦІ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Западно-руссизм/РАЗЬДЗЕЛ ДРУГІ Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі
Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч
1929
Крыніца: [1]
РАЗЬДЗЕЛ ЧАЦЬВЕРТЫ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





І.

Прычын, дзякуючы якім «Вестник Западной России» мусіў перабрацца з Кіева ў Вільню, было некалькі. Прычынілася гэтаму дрэннае матэрыяльнае становішча, якое было вынікам ня толькі малога ліку падпісчыкаў, але і няўмелага кіраваньня самой часопісьсю. Гаворскі быў дрэнным гаспадаром «Вестника», выдаваў яго неахайна і неакуратна, заблытваў разрахункі. Чарговыя кніжкі яго выходзілі са спазьненьнем на месяц, а то і два-тры, і гэта рабіла на падпісчыкаў дрэннае ўражаньне. Ратуючы журнал, Гаворскі зьвяртаўся за дапамогай да ўсіх знаёмых, але просьбы ў большасьці былі дарэмнымі, бо прыхільнікаў у «Вестника» на Украіне было надзвычайна мала. Сам Гаворскі скардзіўся, што нават сярод украінскага чынавенства і духавенства, якія мелі непасрэдны загад ад вышэйшай улады падпісвацца на «Вестник» за скарбовы кошт, нават і тут ён не знаходзіў падтрымкі. Аб шырокім грамадзтве Кіева і украінскае провінцыі няма чаго і гаварыць. У найбольш жывой і актыўнай частцы яно спачувала лібэральным і украінафільскім часопісям, і груба-патрыотычны «Вестник Западной России» выклікаў з яго боку толькі варожасьць. Да ўсяго — барацьба Гаворскага з украінафільскім рухам у 1864 г. страціла ўжо сваю ранейшую вострасьць. Дзякуючы польскаму паўстаньню правыя ўрадовыя сфэры Пецярбургу, кіраваныя «тройцай» у складзе міністра ўнутраных спраў П. Валуева, обэр-прокурора Сыноду гр. Д. А. Толстого і шэфа жандараў кн. В. Долгорукова, падтрыманыя ў Маскве ўплывовым рэдактарам «Московских Ведомостей» Катковым, узялі гару над пецярбурскімі лібэраламі і пачалі жорсткую кампанію ўціску ўсялякага нацыянальнага руху. Разам з паўстаўшай Польшчай урадовым рэпрэсыям падпала і Украіна, якая так буйна ўзьняла ў пачатку 60-х гадоў працу па сваім нацыянальна-культурным адраджэньні. Згодна формуле Гаворскага, украінская справа была абвешчана «коварной езуитской интригой», нацыянальныя школы, падручнікі на украінскай мове, лекцыі, сходы, спэктаклі, нават казаньні ў царквох паукраінску — усё было прызнана дзяржаўна небясьпечным і забаронена. Пачалася расправа з найбольш актыўнымі украінафільскімі працаўнікамі. Калі ў гэтым сэнсе яшчэ заставалася што-небудзь дарабіць, дык гэтым заняўся «Кіевлянин» — толькі што заснаваная газэта Шульгіна (бацькі сучаснага монархістага), выдаваная ў Кіеве з 1864 г. і таксама прысьвяціўшая свае сілы «барацьбе з украінафільствам і полонізмам». Для нязграбнага «Вестника» зьяўленьне спрытнага і безварункова больш таленавітага «Кіевлянина» было вялікай конкурэнцыяй, і Гаворскі зразумеў, што ён яе ня вытрымае.

Аднак галоўнай прычынай пераезду было тое, што Вільня ў параўнаньні з Кіевам набыла ў тыя часы непараўнальна большае політычнае значэньне. Тут быў Цэнтр агромністага паўстаньня, якое полымем абхапіла ўвесь захад імпэрыі і пагражала яе цэласьці, тут адбывалася крывавая расправа М. Муравьёва з гэтым паўстаньнем і ў вялізным памеры пачала праводзіцца запаветная мара Гаворскага аб зьнішчэньні лацінства і панаваньні праваслаўя. Пры гэтым у Вільні ня было ніводнага пэрыодычнага органу, які мог-бы быць голасам грамадзтва, адбіць думкі і дапамагчы ўладзе ў яе «oxpaнительных» мерапрыемствах. Праўда, у Вільні быў мясцовы офіцыёз, вядомы штодзённы «Виленский Вестник» (ранейшы «Kurjer Litewski — Wileński») на чале з А. Кіркорам. Але, ня гледзячы на зьмены, якія загадаў «Виленскому Вестнику» сам Муравьёв, ня гледзячы на расійскі шрыфт і друкаваньне ўрадовых абвестак, асабісты склад рэдакцыі і ранейшыя шматгадовыя традыцыі перашкаджалі яму ператварыцца ў губэрскія ведамасьці пры ген.-губэрнатарскай канцылярыі. Ён усё неяк захоўваў ня той тон і ня той напрамак. Яшчэ папярэднік Муравьёва — ген.-губ. Назімов характарызаваў «Виленский Вестник» як газэту, якая «ня мела ніякае істотнае карысьці для краю, дзе яна выдаецца», ня гледзячы на тое, што ён меў тады да 3 000 падпісчыкаў, а яго супрацоўнікамі былі гэткія работнікі навукі і літаратуры, як Нарбут, Ярошэвіч, Кандратовіч, графы Тышкевічы, П. Кукольнік, М. Гусев, В. Веселоўскі ды шмат іншых[1]. Не давяраў «Виленскому Вестнику» і Муравьёв. Рэшта часопісаў, як то «Литовские Епархиальные Ведомости», заснаваныя ў 1863 годзе І. Сямашкай, і «Памятная книжка Виленской губернии», рэдагаваная раней Корево, а пасьля М. Сементоўскім, не маглі прымацца пад увагу: «Епархіяльныя Ведомости» як орган спэцыфічна конфэсыянальны, а «Памятная книжка» як штогоднік, які прысьвячаў сябе статыстычна-гістарычным даведкам.

Тымчасам патрэба ў патрыотычнай «истинно-русской» часопісі была ў той момант у Муравьёва вельмі вялікая. Ня гледзячы на тое, што ўзброенае паўстаньне ў краі было задушана, што апошнія правадыры яго Каліноўскі, Здановіч і Дылеўскі скончылі жыцьцё на шыбеніцы, да поўнага заспакаеньня яго было яшчэ далёка. А галоўнае, ня было пераконаньня, што падобнае паўстаньне не паўторыцца ў будучыне, дзеля таго што край пастарому захоўваў тыя-ж самыя адносіны грамадзкіх сіл, у ім панавала тая-ж соцыяльная кляса польскіх памешчыкаў і, што асабліва важна, у ім, ня гледзячы на рэжым тэpopy і гвалту, панавала ўсё тая-ж польская культура.

Усюды, на кожным кроку, адчувалася, што Муравьёв стаіць тут перад моцнай органічнай сілай, якая ў самым карэньні нішчыла трыумф яго шыбеніцкай расправы. Як-ні-як, але яшчэ год перад паўстаньнем Вільня і ўся Беларусь зьяўлялася краем, дзе поўнай крыніцай біла грамадзкае і інтэлектуальнае жыцьцё, дзе маса пытаньняў з галіны літаратуры, політыкі, пэдагогікі і культуры, у шырокім сэнсе гэтага слова, займала мясцовае грамадзтва. Кожны прыяжджаўшы адчуваў сябе ў Вільні ў атмосфэры вялікага культурнага цэнтру. Кніжнае выдавецтва атрымала тут вышэйшае разьвіцьцё, аб якім і ня думалі ў той час у Маскве і Пецярбурзе: у Вільні, прыкладам, было ў 1864 г. 12 друкарань, у Горадні — 5, у Менску — 3. «У той час, як адзіная расійская друкарня пры губэрскім праўленьні (rządowa) была занята пераважна друкаваньнем канцылярскіх блянкаў, справаздач і загадаў мясцовай адміністрацыі, рэшта друкарань, як польскіх, так і яўрэйскіх, выдалі некалькі раз Міцкевіча, Лелевэля ды іншых польскіх пісьменьнікаў, штогодна выпускалі тысячы беларускіх і жмудзкіх лемантароў польскімі літарамі і г. д.»[2]. Ня меншы быў і кніжны гандаль — у аднэй Вільні было 15 кніжных крам і адпаведна ў провінцыі. Па ўсяму краю былі распаўсюджаны бібліотэкі (з якіх бібліотэкі польскіх магнатаў у Шчорсах і Несьвіжу карысталіся эўропэйскай вядомасьцю) — бібліотэкі манастыроў, рэлігійных ордэнаў вышэйшых капітулаў, школ, гімназій і г. д. У той самы час расійская кніга была рэдкасьцю: «Для набыцьця расійскае кнігі, амаль не літаральна, кожны раз прыходзілася зьвяртацца ў Пецярбург або Маскву. За выключэньнем газэт і часопісаў, расійскія выданьні траплялі ў край ня інакш, як у выніку якой-небудзь надзвычайнай падзеі: завязе студэнт або нешта іншае ў гэтым родзе»[3].

Месцы адміністрацыі ў краі займалі амаль выключна палякі, ці, дакладней кажучы, сполёнізаваныя беларусы. Як відаць з лічбаў, сакрэтна сабраных паводле загаду І. Сямашкі ў 1855 годзе, з 723 старшых чыноўнікаў Віленскае і Горадзенскае губэрні 583 было каталікоў, г. зн. людзей, якія гаварылі папольску і праводзілі польскую культуру[4]. На 1 студзеня 1864 году, г. зн. пасьля ўсіх арыштаў, звальненьняў і высылак польскіх настаўнікаў і загадчыкаў школ, іх усё-ж такі заставалася 239 на агульны лік 392[5]. Аб памешчыках і наогул аб прадстаўнікох экономічнага жыцьця Беларусі няма чаго і гаварыць: яны зьяўляліся асноўнай, кардынальнай сілай краю, на якой ляжаў акрэсьлены польскі колёрыт. Экономіка, культура, адміністрацыя — усё знаходзілася ў руках польскай інтэлігенцыі, усё кіравалася ёю. У гэтым сэнсе розьніца паміж Беларусьсю і, прыкладам, Люблінскай або Ломжынскай губ. была вельмі нязначная — розьніца была толькі ў народных масах, якія тут заставаліся беларускімі, а там — польскімі.

Зламаць гэтую агромністую культурную сілу і традыцыю было для Муравьёва справай далёка ня лёгкай — часам гэтая задача была труднейшай за зламаньне і прыдушэньне ўзброенага паўстаньня. Тут фізычным гвалтам і тэрорам мала што можна было зрабіць, трэ’ было ўжываць другіх мер і захадаў. На месцы пастаўленай пад забарону і зьнішчэньне польскай культуры трэ’ было выпрацоўваць новую — і Муравьёв бярэцца за «обрусение Северо-Западного края».

«Для нашага моральнага аўтарытэту, для годнасьці рускага імя, урэшце для вачавіднага доказу, што тутэйшы край сапраўды рускі, а ня польскі, урад павінен усімі мерамі ўзбуджаць і падтрымліваць тут дзейнасьць расійскае думкі і слова»,— пісаў у 1864 г. адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Муравьёва, яго правая рука — І. Корнілов. «Няма чаго ўзбройвацца супроць полёнізму толькі войскамі, пушкамі, паліцыяй тайнай і яўнай. Адны толькі адміністрацыйныя мерапрыемствы выклікаюць протэсты і азлабленьне і павялічаюць непашану, варожасьць і нянавісьць. Трэба, каб расійская думка, расійскае слова і расійская кніга моральна заваявалі гэты край паўсюдых»[6] «Барацьба, якая вядзецца ў цяперашні час у Заходнім краі,— пісаў другі спаборнік Муравьёва і яго намесьнік — К. Каўфман,— ёсьць барацьба інтэлігенцыі польскай з расійскай. Усе захады, якія вабяць у Заходні край расійскі народ, расійскую асьвету, расійскія капіталы, аднолькава патрэбны і карысны для выкананьня высачайшае волі абрусеньня краю»[7]. Паводле пляну Муравьёва, гэтай мэце павінны былі служыць сыстэматычныя мерапрыемствы ўлады як у галіне адміністрацыйнай, экономічнай і рэлігійнай, так асабліва ў галіне культурна-грамадзкай і асьветнай. Побач з выпіскай з цэнтральнай Расіі паліцэйскіх, вураднікаў, вялікарускіх папоў і цэлае процьмы «истинно-русскаго» чынавенства, разам з захаваньнем у краі вайсковага палажэньня і грамады войск пачалося «насаждение» на Беларусі расійскае школы, кнігі і прэсы. Закліканы з Пецярбургу актыўнейшы русыфікатар І. Корнілов быў прызначаны на пасаду папячыцеля віленскае вучэбнае акругі. У гэтых-жа самых «обрусительных» русыфікацыйных мэтах зьявіўся ў Вільню К. Гаворскі са сваім «Вестником Западной России».

Варункі, пры якіх «Вестннк» Гаворскага трапіў у Вільню, вельмі характарныя для перажыванай эпохі і варты, каб на іх спыніцца больш падрабязна.

Як ведама, у 1860-62 г.г. расійскае міністэрства народнае асьветы выпрацоўвала новы статут для сярэдніх і ніжэйшых наўчальных устаноў. Аб сыстэме іх, мэтодах выкладаньня, ролі школьных рад, настаўнікаў і бацькоў, таксама як і аб мове выкладаньня ў школах ніжэйшых ступеняй, ішла тады ў расійскім грамадзтве і навуцы жвавая пэдагогічная дыскусія. Міністэрства асьветы А. Головніна, па свайму часу вельмі лібэральнае, прымала ў гэтай дыскусіі блізкі ўдзел, цікавілася поглядамі пэдагогаў і наогул культурных працаўнікоў і нават выдала зборнік гэтых поглядаў, водзываў і апіній у шасьцітомных «Замечаниях»[8]. У гэтай дыскусіі прыняло гарачы ўдзел грамадзтва на Беларусі, прычым некаторыя відныя яго прадстаўнікі ў пытаньні аб мове выкладаньня ў ніжэйшых школах выказаліся ў тым сэнсе, што падобнай мовай павінна быць матчына мова — польская і беларускі дыялект. Аб гэтым пісаў у міністэрства памянёны вышэй А. Кіркор, рэдактар «Виленского Вестника», каторы «як публіцысты, добра знаёмы з мясцовымі варункамі краю, выказваў грамадзкую апінію найбольш асьвечаных жыхароў, якія ведаюць, што маса насельніцтва Віленскай, Горадзенскай і Менскай губ. гавораць папольску, так зв. «белорусским наречием»[9]; гэтага-ж самага трымаўся і віленскі маршалак Домейко, які пісаў Головніну «прыняць за правіла, каб у народных школах Беларусі гадунцы іх наўчаліся на «господствующем простонародном диалекте»[10]; у гэтым-жа самым сэнсе пісаў новагрудзкі маршалак Брохоцкі, які «выясьніў на кантрактах шляхты ў Новагрудку, што тутэйшы народ менш за палякаў разумее парасійску, а што яго мова ёсьць славяна-польскі дыялект». У падобны спосаб пісала і рэшта дапісчыкаў з Беларусі і Літвы.

Міністэрства Головніна ахвотна прымала гэтыя парады і само трымалася таго погляду, што ў ніжэйшых школах паасобных краін імпэрыі трэба ўжываць мясцовую народную мову. У гэтым пытаньні міністэрства трымалася поглядаў лібэральных славянафілаў, якія ў тыя гады яшчэ не пазбыліся цярпімых, а часам і сярдэчных адносін да народнасьці, незалежна ад таго, ці была яна расійскай, ці якой іншай. Украінафільства шырака скарыстала міністэрскую толеранцыю, і на працягу трох-чатырох год здолела выдаць з дазволу цэнзуры дзесяткі тысяч экзэмпляраў лемантароў, падручнікаў і популярных брошур на украінскай мове і офіцыяльна адкрыць некалькі сот украінскіх народных школ. Што да Беларусі, дык тут справа ня ўсьцігла гэтак хутка пасунуцца наперад як з прычыны больш слабага нацыянальнага ўсьведамленьня беларускага грамадзтва, так і з прычыны надышоўшага польскага паўстаньня. Адно, што рэальна пачало проектавацца на Беларусі, і то па ініцыятыве самога ўраду, гэта выданьне ў Вільні спэцыяльнае часопісі на беларускай мове[11]. Думку аб часопісі горача падтрымліваў папярэднік І. Корнілова тагочасны папячыцель віленскае акругі — кн. Шырынскі-Шыхматов, падтрымлівала і пісала аб гэтым славянафільская прэса ў Маскве. Аргумэнты на карысьць падобных мерапрыемстваў былі, зразумела, сваяадменныя: «Трэба, каб беларускі селянін разумеў гасудараў загад і распараджэньні расійскае ўлады зусім выразна і без непаразуменьняў,— пісаў славянафільскі «День»,— трэба, каб ён адчуў сябе зусім рускім, а для таго ён павінен адчуць сябе перш за ўсё беларусам: разам вылепіць з яго вялікарускага мужыка немагчыма, дый няма патрэбы... Мы лічым дзеля гэтага, што было-б надзвычайна карысна выкладаць першапачатковыя веды і сэнс урадовых загадаў беларускаму селяніну на беларускай мове, наўчаць чытаць і пісаць яго пабеларуску, а пасьля безварункова парасійску і пацаркоўна-славянску»[12].

З тых самых практычных і пераходных меркаваньняў ставіўся да справы кн. Шырынскі-Шыхматов. Ён бачыў, як з кожным годам пашыраўся друк беларускіх кніжак, маліцьвенікаў, казаньняў і г. д. лацінскім шрыфтам, як наплывала гэтая літаратура з Польшчы і Галіцыі і якой популярнасьцю карысталася яна сярод беларускага насельніцтва. Ня гледзячы на свой пераважна рэлігійны зьмест, яна зусім не адказвала «видам правительства», і на фоне рыхтаванага паўстаньня набірала акрэсьлена нелегальны характар. Шырынскі-Шыхматов справядліва здагадваўся, што польскія партыі пачалі карыстацца друкаваным беларускім словам як спосабам у барацьбе з расійскай уладай на Беларусі.

Народная часопісь на беларускай мове, друкаваная кірыліцай, мусіла быць у руках мясцовай улады контрманэўрам. Супроць гэтай польскай пропаганды яна павінна была зьявіцца моцным спосабам для адпаведных уплываў на настроі жыхарства расійскае ўлады ў краі, выразам яе програмы і жаданьняў. Каля гэтае часопісі павінна была стварыцца адпаведная мясцовая партыя, пераважна праваслаўная, скіраваная на падтрыманьне краі ўсяго расійскага і на барацьбу з полёнізмам. Выдаваць гэты орган пастанавілі на манер галіцыйскага «Слова», якое выходзіла ў той час у Львове мяшанай расійска-украінскай мовай і над якой гіронічна насьміхалася левая расійская прэса (прыкл., «Современник»),— «Слово» было органам русафільскае Галіцкае групы і выдавалася дзякуючы грашовай дапамозе з Пецярбургу.

У студзені 1863 г. Шырынскі-Шыхматов атрымаў ад Аляксандра ІІ спэцыяльнае асыгнаваньне на гэтую мэту ў суме 6 000 руб. на кожны год. Была апрацавана програма першае «западно-русское» часопісі, якую проектавалася выпускаць для сялян-беларусаў штомесячнымі кніжкамі ад 4 да 6 друкаваных аркушоў (для Жмудзі пастанавілі выдаваць літоўскую газэту два разы на месяц лацінкаю), і надалі ёй спэцыфічнае імя: «Друг Народа». Выказвалі нават пажаданьне, каб рэдакцыя часопісі кіравалася ня чыноўнікам, але «прыватным грамадзкім дзеячом, які добра ведаў-бы край і інтарэсы мясцовага насельніцтва». Задача часопісі зазначалася ў наступнай пышнай форме: «Народная часопісь для «западно-руссов» павінна ставіць сабе галоўнай мэтай спрыяць інтэлектуальнаму і этычнаму выхаваньню народу «в духе православия, русской народности и преланности престолу» і тым дапамагаць збліжэньню Заходняга краю з супольнай бацькаўшчынай Расіяй для ўзаемнага іх злучэньня сувязьзю грунтоўных інтарэсаў у адно арганічнае цэлае»[13].

Аднак, калі ў маі 1863 г. ў Вільню прыехаў нова назначаны ген.-губэрнатар Муравьёв, справа з часопісьсю стала, а затым і наогул ліквідавалася. Прыблізна ў сярэдзіне таго-ж году па пропозыцыі Муравьёва была склікана нарада, якая аднагалосна прызнала непатрэбнасьць выданьня «Друга Народа» ў беларускай мове і спроектавала выданьне новае часопісі на расійскай мове пад назвай «Русское Чтение».

К. Гаворскі, седзячы ў Кіеве і чакаючы ў пэрспэктыве «долговое отделение», ня мог ня ведаць аба ўсіх гэтых проектах і меркаваньнях. Па працы ў «Вестнике Западной России» з першых дзён паўстаньня ён быў добра зьвязаны з мураўёўскай партыяй у Вільні; апрача таго, былі ў яго тут знаёмыя яшчэ і з часоў выданьня ім неофіцыяльнае часткі «Витебских Губ. Ведомостей». Аднак, пакуль у Вільні быў Шырынскі-Шыхматов, які фактычна больш за ўсіх праводзіў ідэю «Друга Народа», зьявіцца ў Вільню Гаворскі ня мог. Зусім іншая стварылася сытуацыя, калі Шырынскага зьмяніў Корнілов і калі ў ген.-губэрнатарскім палацы загаварылі аб выданьні часопісі на расійскай мове. Тут трэба было ўжо дзейнічаць, і Гаворскі хутка пасьпяшаўся зьявіцца на віленскім кругавідзе. Пераконваць Муравьёва і Корнілова ў патрэбнасьці «Вестника» для Беларусі яму ня прышлося: абодва яны занадта добра ведалі, чым быў Гаворскі ў Кіеве і якую карысьць мог ён прынесьці ў Вільні. Ня цяжка было давесьці ім і тое, што проектаванае «Русское Чтение» цалкам можа быць заменена тымжа «Вестником», бо атэстат апошняга ў сэнсе праваслаўна-расійскім быў зусім пэўны. Апрача таго, за ім была ня толькі выпрацаваная «западно-русская” тэорыя, але і ня менш бліскучая практыка. «Вестник Западной России», як і яго рэдактар, былі з усіх бакоў выпрабаваны.

Так яно і здарылася. Перапіска Муравьёва з Пецярбургам наконт «Русского Чтения» яксьці сама сабой заглохла, і грошы, што былі асыгнаваны на яго выданьне, патаемна пайшлі на падтрыманьне органу Гаворскага.

Рэдакцыя «Вестника» вельмі ганарылася прыхільнымі адносінамі да яе Муравьёва. У аднэй з апошніх сваіх кніжак яна хвалілася тым прызнаньнем і тэй пашанай, з якой ставіўся Муравьёв да іхняга выданьня і да літаратурнай дзейнасьці Гаворскага. «Наша праца прышлася моцна па думцы і сэрцу гр. Муравьёва,— пісала «рэдакцыя» ў 1870 г.— Удыхаючы расійскае жыцьцё ў спольшчаны і злацінены край, ён палічыў патрэбным прызваць і нас да пасільнае чыннасьці на карысьць гэтае вобласьці... Пашана да графа, жаданьне новае дзейнасьці пры новых абставінах прымусіла нас без разважаньня пакінуць шчасьлівую старонку — Кіеў. Мне надта прыемна пажадаць,— казаў нам тады граф,— каб выдаваная вамі часопісь, якая першая з нашых часопісяй адкрыта выступіла на барацьбу з ворагамі Расіі, на барацьбу з крамольным польскім племем, што накіроўвае свае процізаконныя імкненьні на цэльнасьць і адзінства нашае ўлюбёнае бацькаўшчыны, каб гэтая часопісь і ў будучыне з посьпехам працавала на карысьць праваслаўя і рускай народнасьці»[14].

Зьявіўшыся ў Вільні, К. Гаворскі спачатку як-бы зышоўся з А. Кіркорам — у кожным разе першую кніжку «Вестника Западной России» пачаў друкаваць у яго друкарні. Апрача таго, была зроблена абвестка, што рэдакцыі абодвух «Вестников» — Віленскага і Западнага — прымаюць супольна падпіску на свае выданьні. Аднак не прайшло і месяца, як гэтае ненатуральнае знаёмства расклеілася, і Гаворскі зьвярнуўся да сваіх будучых чытачоў з папярэджаньнем, што паміж імі і «Виленским Вестником» «зайшлі некаторыя непаразуменьні» і што ён просіць ня блытаць іх і выпісваць «Вестник Западной России» асобна; разам з тым і друкаваньне апошняга перайшло да іншых друкарань — Ромма або Губэрскага Праўленьня. Відаць, аўтар «Тэкі Віленскай» зразумеў, наколькі Гаворскі для яго непадыходячая пара.

Для А. Кіркора «непаразуменьне» мела непажаданыя вынікі: праз год ён мусіў пакінуць Вільню і перабрацца ў Пецярбург, дзе з 1866 г. разам з вядомым расійскім журналістам Юматовым пачаў выдаваць полёнофільскае «Новое Время». Што да «Вестника Западной России», дык, ня гледзячы на тое, што ён карыстаўся падтрыманьнем з боку Галоўнага ўпраўленьня Паўночна-заходняга краю і друкаваўся часам зараз у некалькіх друкарнях, “выхад яго быў, як і ў Кіеве, вельмі неакуратным і неахайным. Так, прыкладам, другая чарговая кніжка, выданая ў Вільні, азначана верасьнем, а фактычна цэнзурны дазвол на яе быў даны ў лістападзе — значыць, яна вышла са спазьненьнем на тры-чатыры месяцы; чацьвёртая кніжка была нумаравана сьнежнем 1864 г., а фактычна цэнзура дала на яго дазвол толькі ў лютым 1865 г.— і г. д. на працягу ўсіх год. Амаль у кожным нумары рэдакцыя «Вестника» прасіла выбачэньня перад чытачамі за неакуратны выпуск часопісі, чэсным словам абяцалася выдаваць яго сваячасова, ды так і ня здужала стрымаць свае абяцанкі. Як і ў Кіеве, так і тут у Вільні здаралася, што матэрыял у «Вестнику» друкаваўся з чужых газэт і часопісяй без азначэньня крыніцы, за што рэдакцыі прыходзілася адпісвацца перад зьбянтэжанымі аўтарамі.

Першая кніжка «Вестника Западной России» ў Вільні адкрылася традыцыйным «зваротам да чытачоў». Тон гэтага звароту нязвыклы для Гаворскага, спакойны, солідны, бяз вострых слоўцаў аб езуіцкіх інтрыгах і без гістарычных выклікаў супроць лаціна-польскай пропаганды. «Вестник» хоча выглядаць тут ня як зацяты ваяўнічы палякажэрца, а як часопісь, прысьвечаная гісторыі і этнографіі краю.

«Большасьці чытаючых людзей Заходняй Расіі,— гаворыцца ў звароце,— канешне, вядома, што рэдакцыя «Вестника Западной России» перанесла сваё месца побыту з Кіева ў Вільню. Гэтае перасяленьне накладае на рэдакцыю калі ня новыя, дык асаблівыя абавязкі. Не пакідаючы бяз увагі паўдзённы-захад Расіі, яна цяпер павінна зьвярнуць асаблівую ўвагу на гісторыю і этнографію паўночна-заходняй Расіі. Рэдакцыя «Вестника» ведае тыя труднасьці, якія зьвязаны з выкананьнем гэтае задачы,— без староньняй дапамогі, без спачуцьця і ўдзелу ў гэтай справе ўсіх асьвечаных патрыётаў Заходняй Расіі яна яе ня выканае. Труднасьць гэтага падвойваецца тым, што навуковыя багацьці краю раскіданы тут на тэрыторыі каля 1000 кв. вёрст (?) і большай часткай схаваны ў архівах кляштарных, царкоўных і ў прыватных асоб». У зьвязку з гэтым рэдакцыя зварачаецца «да ўсіх любячых гісторыю і асьвету Заходняй Расіі» з просьбай дзяліцца з ёй гістарычнымі матэрыяламі, артыкуламі і мясцовымі этнографічнымі назіраньнямі, параўнаньнем мінулага народнага быту з сучасным, мясцовымі звычаямі, павер’ямі, апісаньнямі вядомых цэркваў, абразоў і г. д. «Этнографія», як быццам, паводле Гаворскага, была даволі орыгінальнай. Пры гэтым рэдакцыя заяўляла, што яна з прыемнасьцю «за гонораріум» прыме для надрукаваньня ня толькі граматы, унівэрсалы і дэкрэты каралёў, але і фундушныя запісы, мэтрычная выпісы і наогул усялякія дакумэнты, якія маюць дачыненьне да гісторыі тутэйшага краю і якія даводзяць, што гаспадары ў гэтым краі — рускія, а палякі — або рэнэгаты, або прыходцы[15].

Да тэмы аб навуковых мэтах «Вестника» Гаворскі вяртаецца яшчэ другі раз, калі гаворыць, што «прыяжджаючым у край вялікарусам трудна разабрацца ў яго гістарычных і этнографічных варунках». Абавязак даць «бесстароньнія» і політычна праўдзівыя тлумачэньні рэдакцыя брала на сябе.

Аднак навуковыя заданьні засталіся для «Вестника» толькі прыгожай фразай. Увесь ён ад першай і да апошняй кнігі нашпігоўваўся ў Вільні тым-жа, што і ў Кіеве: шалёнай злабой на ўсё польскае, нічым нястрыманым жаданьнем зьнішчыць у краі польскі элемэнт і польскі ўплыў ва ўсіх праявах жыцьця, не разьбіраючыся — дадатныя яны ці адмоўныя,— нястрыманай злабой супроць каталіцтва, патрыотычным, пераходзячым усялякую меру прызваітасьці, выхваленьнем мясцовай улады і самай зацятай, крайняй русыфікацыяй. Ён абярнуўся тут у такога абаронцу расійскае ідэі і расійскае ўлады, які горшы за найбольшага ворага.

За ўвесь час выданьня «Вестника Западной России» ў Вільні ў ім было зьмешчана толькі дзесятак-другі аглядаў і артыкулаў на этнографічныя і гістарычныя тэмы, без асаблівых тэндэнцый. З іх найбольш вядомы працы П. Баброўскага: «Физические и нравственные элементы сев.-зап. губерний» і некалькі гістарычных монографій аб гарадох Беларусі; П. Кукольніка — «Исторические замечания о Сев.-Зап. крае»; І. Эрэміча — «Очерки белорусского Полесья»; некалькі нататак М. Максимовича, А. Корэвы, Н. Сементовскага ды інш. дробныя артыкулы. Рэшта матэрыялаў (каля сотні кніг па 200-250 старонак у кожнай) складала хроніка дзейнасьці Муравьёва, выхваленьне яго мерапрыемстваў па выкараненьні польскага элемэнту і русыфікацыі Беларусі; смакаваньня ўсялякага роду распраў і гвалтаў над памешчыкамі і каталіцкім духавенствам, паведамленьні аб абвяшчэньні новых цэркваў, адкрыцьці брацтваў, перадрук «верноподданнических адресов» мясцовага дваранства, апісаньне безьлічы офіцыяльных урачыстасьцяў абедаў, прыёмаў і г. д., пратаколы паседжаньняў урадовых камісій, загады і распараджэньні генэрал-губарнатарства і г. д. І побач з гэтым — багаты архіўны матэрыял, галоўна з гісторыі барацьбы праваслаўя з каталіцтвам, гісторыі перасьледваньня вуніі і «русской народности». Тут, сапраўды, дакумэнтаў, грамат, лістоў і ўсялякіх гістарычных даведак было выдрукавана за сем год існаваньня «Вестника» ў Вільні шмат, прычым некаторыя з іх маюць безварунковую навуковую вартасьць. З першых дзён выданьня «Вестник» заняў становішча «казённой рептилии», якая цалкам была ў распараджэньні ген.-губэрнатарскай канцылярыі і ў распараджэньні епархіяльнага ўпраўленьня Іосіфа Сямашкі. Разам з тым ён павінен быў адыгрываць пры Муравьёве ролю таго грамадзкага голасу, быць выразам тае грамадзкае апініі, без якой усясільны адміністратар ня мог абыйсьціся, ня гледзячы на моральнае падтрыманьне патрыотычнай Масквы. У Пецярбурзе ў яго былі ўплывовыя ворагі, былі ненавісьнікі і скэптыкі, якім незразумела і агідна была шыбеньніцкая політыка ў стасунку да Заходняга краю і польскага шляхецтва і якія ня лічылі патрэбным захоўваць пры сабе сваіх адмоўных поглядаў да Муравьёва[16]. Ня мала выступленьняў было супроць яго і за граніцай, дзе сымпатыі былі цалкам на баку польскага паўстаньня і адкуль ішла энэргічная дыплёматычная інтэрвэнцыя ў расійска-польскае пытаньне[17]. Каб абараніцца ад варожага лягеру і паказаць, што ён абапіраецца ня толькі на сілу расійскага войска, але і на мясцовае насельніцтва, каб давесьці, што яго політыка ідзе на карысьць асноўных мас насельніцтва і сустракае з боку апошняга падтрыманьне, Муравьёв мусіў мець пры сабе «голас» гэтага заходня-рускага насельніцтва, якім і зьявіўся «Вестник Западной России».

З беларускай ідэяй, ці, бліжэй кажучы, з беларускім рухам накшталт украінафільства, Гаворскаму ў Вільні змагацца ня прышлося. Замілаваньне да беларушчыны, якое разьвівалася ў 40-50-х гадох мінулага веку і якое знайшло свой выраз у беларусафілах польскай і расійскай культуры, было тады яшчэ вельмі слабое і не пацягнула за сабой масы, як гэта было з украінафільствам. Творчасьць Яна Чачота, Баршэўскага, Сыракомлі, Э. Тышкевіча, А. Кіркора, Дунін-Марцінкевіча і інш. стварыла, праўда, пэўную плынь у мясцовым грамадзтве і ў мясцовай літаратуры, але паважным фактарам у агульным жыцьці краю не зьявілася. Яна была занадта моцна прасякнута польскім зьместам, занадта была романтычнай, мела сваёй крыніцай сантымэнтальна-панскую ці ў лепшым выпадку навукова-этнографічную зацікаўленасьць да Беларусі як аднэй з польскіх провінцый і таму захапіць мужыка-селяніна не магла. Гэта навуковая і романтычна-літаратурная дзейнасьць ня будзіла ў беларускіх масах пачуцьця асобнасьці іх ад Палякоў, не захапляла сваёй гатоўнасьцю на змаганьне за Беларусь як за нешта асобнае ад Польшчы. Ва ўсёй гэтай творчасьці, за малымі выключэньнямі, выяўляліся адносіны двара да вёскі, інтэлігентнага і лібэральнага пана і шляхціца да мужыка-кмётка. Па сутнасьці ўся памянёная пляяда беларуска-польскіх вучоных, поэтаў і дасьледчыкаў была толькі першым падрыхтоўчым пэрыодам выяўленьня беларускай нацыянальна-культурнай ідэі — пэрыодам надзвычайна яскравым, але толькі падрыхтоўчым.

Больш абяцаючым было, на наш погляд, зьяўленьне беларусафілаў з расійскай культурай, прыкладам якіх можа быць П. Шпілеўскі. Крытычным недахопам беларусафілаў польскай культуры было тое, што яны прыходзілі да Беларусі з мэтай адарваць яе культурна і політычна для Польшчы, тымчасам як беларусафілы, што выходзілі з расійскай культуры, што канчалі расійскі унівэрсытэт, пісалі і думалі парасійску, але адчувалі па-беларуску, мусілі акрэсьляць і адрываць Беларусь ад Расіі для Беларусі. Калі Шпілеўскі і Кіркор аднолькава думалі, што беларуская мова ёсьць дыялект — для першага расійскае, а для другога польскае мовы, дык перавага Шпілеўскага была ў тым, што для прызнаньня беларускае мовы ён павінен быў зрабіць адзін крок, а Кіркор два крокі. Расійская культура была прызнана, расійская мова была дзяржаўна забясьпечана, і рэакцыя да яе з мясцовага пункту гледжаньня прыводзіла беспасрэдна да прызнаньня мовы беларускай, тым-часам як польская культура была падбіта, польская мова ня мела дзяржаўнага прызнаньня і толькі пасьля падобнага прызнаньня магла выклікаць рэакцыю ў форме прызнаньня мовы беларускай як мясцовага зьявішча. На баку беларусаў польскае культуры была, праўда, адна параўнаўчая адзнака — гэта іх рэволюцыйнасьць, іх знаёмства з рэволюцыйна-народніцкай, соцыялістычнай тэорыяй, ідэёвая блізкасьць да нацыянальна-рэволюцыйнай барацьбы і нацыянальнага самавызначэньня на захадзе, у краінах славянскіх і ў Італіі, дзе Гарыбальдзі і Мазіні паднімалі сьцяг дзяржаўнага вызваленьня ласьне на нацыянальнай аснове і дзе чэхі ды іншыя заходня-паўднёвыя славяне змагаліся за свае няпрызнаныя нацыянальныя правы. Але ў беларусафілаў з польскага боку гэтая рэволюцыйна-народніцкая плынь была вельмі слабая — можа, адзін Каліноўскі быў у гэтым сэнсе шчасьлівым выключэньнем, калі лічыць не даведзеным, што ён быў сьвядомым нацыянальна-беларускім барацьбітом. Рэшта іх зьяўлялася проста інтэлігентамі, краёвымі патрыотамі-этнографамі, і беларускага пытаньня ў разрэзе соцыяльным і рэволюцыйна-нацыянальным ня ставілі.

У гэтых, калі можна так выказацца, тактычных позыцыях, залежных ад гістарычных і соцыяльных варункаў, была схована галоўная прычына, у зьвязку з якой параўнаўча больш сьвядомыя беларусафілы польскае культуры не маглі стварыць на Беларусі ў тыя гады шырэйшага нацыянальна-масавага руху. Таксама, як у свой час на Украіне, яны маглі разьвіваць «балагульшчыну» і «хлопаманію», маглі быць (і былі) тым брадзілам, што падрывала ў мясцовага жыхарства давер’е да расійскага самаўладзтва і ставіла пад знак запытаньня правы Расіі на Беларусь, якія ў выніку сваёй творчай дзейнасьцю нішчылі тут расійскі культурны ўплыў і расійскую культурную традыцыю, але самастойным фактарам у нацыянальным вызначэньні Беларусі быць не маглі. Ні беларускі Шэўчэнка, ні беларускі Драгаманаў з шэрагаў шубраўцаў, філёматаў, супрацоўнікаў Віленскага музэю і ўсяе пляяды віленскіх работнікаў у 40-50-х гадох выйсьці не маглі.

У Шпілеўскага, Насовіча (у першы пэрыод яго працы) ды інш. становішча было ў гэтым сэнсе выгаднейшым. Для іх не існаваў орэоль паднявольнай Польшчы, яны ня былі захоплены яе гэроічнай барацьбой за вызваленьне, і таму прыход іх да беларушчыны быў тэорэтычна лягчэйшы. Іх лібэралізм і любоў да Беларусі павінны былі перамагчы толькі гіпноз вялікай імпэрыі і фэтыш праваслаўя, і тады яны траплялі беспасрэдна на беларускіх шлях. У 40-50-х гадох падобны адыход ня быў для беларускага інтэлігента расійскай культуры немагчымы: не забудзьма, што яшчэ ў програме кірыла-мэтодыеўскага брацтва быў прызнаны як асобны штат агульна-славянскае фэдэрацыі побач з расійскім, украінскім, польскім, чэскім і беларускі штат[18], што Бакунін у сваіх «лістох да брацьцяў славян» прызнаваў за Беларусьсю самастойнае месца як незалежнай дзяржавы[19], што падобныя правы прызнаваў Герцэн, што Надеждин акрэсьлена выдзяляў беларускую мову як самастойную славянскую мову разам з украінскай і польскай[20] і г. д. Ідэя беларускага культурнага адраджэньня лунала ў канцы 50-х і ў самым пачатку 60-х гадоў у паветры і знаходзіла моцны адгалосак у агульным грамадзка-культурным уздыме ў Расіі, асабліва ў сувязі з моцным нацыянальным рухам на Украіне. Падняўшая галаву рэакцыя і мураўёўскі тэрор разам з польскім паўстаньнем задушылі яе далейшае разьвіцьцё.

У сувязі з гэтым Гаворскаму і наогул усім «западно-руссам» ранейшае формацыі не давялося прылажыць руку да беларускае справы; у 1864 г. і пазьней яна была лішне заціснута і не выяўлялася ў прыкметных формах. Толькі два разы адгукнуўся Гаворскі на яе, нават ня столькі на самую справу, як на магчымасьць яе разьвіцьця. Першы раз успамянуў ён аб беларушчыне з прычыны інструкцыі народным вучыцялём, якая была выдана Шырынскім-Шыхматовым 12 студзеня 1863 г.

Загадваючы пастаўнікам ніжэйшых школ усімі мерамі распаўсюджваць у школах расійскую грамату і пераконваць сялян у карыснасьці расійскае мовы як мовы вялізарнае імпэрыі, інструкцыя дазваляла ім «пры тлумачэньні незразумелых для дзяцей расійскіх слоў карыстацца матчынай мовай народу, г. зн. «белорусским наречием». Рэдакцыя «Вестника» палкам была солідарна з загадам Цюрынскага і з прычыны тлумачальнага ўжываньня беларускае мовы зазначыла: «Гэта да рэчы! Але наўчаць на беларускім жаргоне — гэта бяссэнсіца, якая, дзякаваць богу, яшчэ ня ўсплыла на розум нікому з беларусінаў»[21].

Другі раз заняўся Гаворскі пытаньнем аб беларускай мове ў сваім артыкуле «Несколько слов о белорусской речи». Рукапіс гэтага артыкулу знаходзіцца ў Беларускім аддзеле Дзяржаўнае бібліотэкі разам з рукапісам А. Сапунова аб самым Гаворскім, прычым невядома, калі ён быў напісаны[22]. Як дакумэнт філёлёгічны, ён, зразумела, мала цікавы — Гаворскі ня толькі ня быў спэцыялістам у гэтым пытаньні, але як гадунец старой вуніяцкай сям’і быў нават ня надта моцны ў расійскай стылістыцы і правапісу. Аднак ён вельмі характарны, як адно з першых, калі ня першае выступленьне «запад но-русскае» школы ў справе беларускае мовы.

«Мова жыве духам народу,— урачыста перафразуе Гаворскі Шафарыка.— Пасьля шматвяковых, цяжкіх цярпеньняў пад ярмом панства і папства беларусы як неразрыўнае цэлае аднэй магутнай расійскай сям’і захавалі шмат у чым рускі дух, які відаць у мове іх. Доўга і рознымі спосабамі імкнуліся палякі і іх ксяндзы спольшчыць беларускі народ: у школах наўчалі папольску, у дамох і касьцёлах гаварылі папольску, але ўсё дарма: польская мова засталася мовай толькі адных паноў ды па часьці дробнай шляхты. Яна не прышчапілася ніяк да тутэйшага тубыльнага народу, які цяпер гутарыць сваёй беларускай падмовай, нічога супольнага ня маючай з польскай мовай. Беларуская падмова як галіна расійскай мовы вельмі блізкая да яе. Простая, размоўная расійская мова зусім зразумела для беларуса, тымчасам як польскую мову, самую звычайную, ён цяжка разумее. Вось чаму ў апошнія гады ксяндзы нацягнулі было ўжо іншыя струны — давай прапаведваць у касьцёлах ужо не папольску, а проста пабеларуску і распаўсюджваць сярод народу рэлігійныя кніжкі на мове, падобнай да беларускай, каб злавіць беларуса ў свае сеткі, хоць-бы падробкай пад яго мову. Ня цяжка давесьці,— падкрэсьлівае Гаворскі,— што беларусы захавалі свой дыялект ані не падобным да польскай мовы, а, наадварот, зусім блізкім да мовы расійскай» — і выкладае затым свае філёлёгічныя назіраньні і абагуленьні, якія маюць занадта дылетанцкі характар, каб іх пераказваць. «Пры распаўсюджаньні расійскае пісьменнасьці», канчаецца артыкул, «беларусы натуральна і лёгка загутараць размоўнай расійскай мовай і з ахвотай выкінуць невялікі лік зьбеларушчаных польскіх слоў, якія і дагэтуль былі лішнімі».

У гэткі прымітыўны спосаб заявіў у першы раз «западноруссизм» свой погляд на беларускую мову — погляд, які з часам набыў грунтоўную — quasi-навуковую аснову, у абарону якога была ўжыта спэцыяльна распрацаваная філёлёгічная аргумэнтацыя і за якім станулі сівыя акадэмічныя аўтарытэты.

Іншыя моманты русыфікацыйнае програмы Муравьёва знайшлі на старонках «Вестника Западной России» больш дакладнае і шырэйшае асьвятленьне. Гэткімі момантамі зьявіліся: «насаждение» на Беларусі расійскае школы, вялікарускага чынавенства, духавенства і зямляўласьніцтва.

У пачатку 60-х гадоў, таксама як і ў ранейшы пэрыёд, народная асьвета на Беларусі знаходзілася цалкам у польскіх руках. Дый гэта і ня дзіва: расійская культура мела тут надзвычайна слабыя карэньні, абапіралася толькі выключна на невялікім ліку насланых з цэнтральных губэрань расійскіх чыноўніках, якія, да рэчы кажучы, абкружаныя навокал польскім грамадзтвам і пажаніўшыся на мясцовых памешчыцах, хутка пазбаўляліся сваёй вялікарускай асаблівасьці і набіраліся мясцовых звычаяў, польскай мовы і польскай культуры. Вышэй было ўспамянута, наколькі вялікі быў лік настаўнікаў польскай культуры ва ўсіх школах Беларусі на пачатку 1864 году. У тым ліку ў гімназіях і прагімназіях на 243 настаўнікі 124 было каталікоў і толькі 84 праваслаўных; у павятовых школах (уездных училищах) на 24 каталікі было 9 праваслаўных і ў народных і парафіяльных школах на 114 настаўнікаў 91 былі каталікі і 12 праваслаўных. Рэшта настаўнікаў былі лютэране[23]. Паказваючы на гэтыя лічбы, ня трэба думаць, што ўсе каталікі-настаўнікі былі палякі па нацыянальнасьці, наадварот, толькі самы нязначны процант іх былі гэткімі, усе яны былі сполёнізаванымі беларусамі. Аднак ад гэтага справа не мянялася — беларусы-каталікі, пераважна дробная шляхта, у школе і па-за школай размаўлялі папольску і гэтым пашыралі польскую культуру на Беларусі. Таксама і настаўнікі праваслаўныя ня былі рускімі па нацыянальнасьці — яны былі пераважна беларусамі, але праз расійскую кнігу і падручнік пашыралі асьвету і культуру расійскую.

Агулам, на расійскай мове школа на Беларусі таго часу складала менш аднэй трэцяй часткі ўсіх школ. Гэта былі звычайна ці парафіяльныя школы, заснаваныя праваслаўным (былым вуніяцкім) духавенствам, ці так зв. «палатские» школы, існаваўшыя за кошт міністэрства дзяржаўнай маёмасьці. За час свайго ўрадаваньня на Беларусі кн. Шырынскі-Шыхматов здолеў адчыніць каля сотні новых народных школ[24]. Настаўнікамі ўсіх гэтых школ былі, за рэдкімі выключэньнямі, мясцовыя людзі (у парафіяльных школах — сьвяшчэньнікі), хоць і праваслаўныя, але мала знаёмыя з сапраўднай Расіян. Да таго яны былі пад моцным уплывам польшчыны, больш ведалі і прызнавалі яе, чым расійшчыну. Зразумела, што як русыфікацыйная сіла яны былі мала прыкметны, і таму Муравьёв разам з Корніловым перш за ўсё ўзяліся за школьную справу, каб прывесьці яе ў належны выгляд адпаведна заданьням усёй іхняй політыкі.

«Временные правила для народных училищ северозападных губерний», што былі выданы Муравьёвым 1 студзеня 1864 г., паставілі школу на зусім нячуваных падвалінах. Галоўнае — гэта тое, што новы закон акрэсьлена не давяраў мясцоваму настаўніцтву, незалежна ад таго, ці было яно каталіцкім, ці праваслаўным. Гэткім давер’ем карысталіся з яго боку толькі «истинно-русские учителя», сапраўдныя вялікаросы з унутраных вялікарускіх губэрань, на якіх не ляжала і ценю якой-небудзь тутэйшасьці і прыхільнасьці да краю. Па-другое, новы закон рабіў цьвёрдую стаўку на праваслаўнае духавенства, зноў-ткі з цэнтральных вялікарускіх губэрань, на якое была ўскладзена задача вышэйшага моральнага кіраўніцтва народнымі школамі на Беларусі[25].

Падобныя прынцыпы цалкам адказвалі сьветапогляду «западно- русса» Гаворскага і ўсёй групы «Вестника Западной России», для якіх «вне православия не было России». Яны таксама падазрона ставіліся да мясцовай, хоць і праваслаўнай, інтэлігенцыі, якая была прасякнута мясцовымі настроямі, была блізка да польскага грамадзтва і знаходзілася пад моцным уплывам польскай культуры. Праваслаўнае вялікарасійскае духавенства для іх было найбольш пажаданым станам, найбольш упартым у барацьбе з полёнізмам.

«Вестник» ахвотна адкрывае свае старонкі для патрыотычных корэспондэнцый провінцыяльных «западно-русских» дапісчыкаў і з свайго боку тэорэтычна ўгрунтоўвае асьветную політыку віленскае вучэбнае акругі.

«Народныя школы зьяўляюцца ў Заходнім краі самым магутным і пасьпяхоўным сродкам да яго абрусеньня»,— кажа «Вестник». «Асьвета тутэйшага народу ў духу праваслаўнае веры і рускай народнасьці прыводзіць да вынікаў верных і моцных. Расійская кніга, расійскія паняцьці, што вынікаюць з гэтых кніг, пад кіраўніцтвам расійскіх настаўнікаў павінны глыбока западаць у сьвядомасьць мясцовага насельніцтва... Можна і павінна прызнаць, што цесная сувязь і грунтоўнае зьліцьцё тутэйшага народу з народам вялікарускім падрыхтоўваецца ў нас тут галоўным чынам праз сыстэму народнай асьветы». Так пісалі дапісчыкі «Вестника» з Горадзеншчыны[26].

Ня менш пераканаўча паведамлялася аб школах у віленскай дырэкцыі. «Народныя школы, толькі што адкрытыя ў Вільні, зьяўляюцца радаснай падзеяй для кожнага расійца. Па іх дадатных выніках заснавана «благоденствие грядущих поколений», у іх захоўваюцца зачаткі таго роднага саюзу, якому прызначана замацаваць навекі непарушную сувязь тутэйшага краю з рэштай нашай неагляднай бацькаўшчыны! Усе мы, расійцы, усе, у кім б’ецца «истинно-русское» сэрца, павінны з прыхільнай увагай сачыць за ходам і разьвіцьцём народных школ і ўсімі залежнымі ад нас мерамі дапамагаць іхняму росквіту. Нельга не аддаць належнага клопатам дырэкцыі народных школ і ўсяго мясцовага расійскага грамадзтва, дзякуючы якім кожны вучань Паўночна-заходняга краю атрымае цяпер цьвёрдае пераконаньне, што край, у якім ён жыве, заўсёды быў і будзе рускім. Ранейшы малапісьменны настаўнік заменены цяпер прыбыўшым з унутраных губэрань; жонкі гэтых настаўнікаў бясплатна навучаюць дзяцей расійскай мове, начальства зрабіла ўсё, што толькі магло,— грамадзтву застаецца заявіць сваю прыхільнасьць расійскай народнай асьвеце тым моральным падтрыманьнем, якое дае новыя сілы ў барацьбе з труднасьцямі»[27].

Калі ў тагачаснай прэсе ўзьнікла полеміка адносна так зв. «царкоўнапрыходзкіх» школ і паўстала пытаньне аб іх скасаваньні ў зьвязку з увядзеньнем земстваў у Расіі, дык Гаворскі і «Вестник Западной России» прыняліся горача бараніць гэтыя школы на Беларусі. Для абароны свайго пункту гледжаньня Гаворскі прыбягае нават да аўтарытэту славутага кальвінскага моралістага Гізо, аўтара статуту першапачатковай школы ў Францыі, які прапаведваў «каб народнае выхаваньне адбывалася ў рэлігійнай атмосфэры».

«Калі настаўнік лічыць сябе незалежным ад духавенства, тады моральнае значэньне школы страчана, і яна недалёка ад таго, каб зрабіцца небясьпечнай для дзяржавы»,— кажа Гаворскі. «Наша духавенства ў агромністай большасьці консэрвацыйнае, яно «благонадежней и благонамеренней» з боку політычнага і моральнага ўсялякага іншага стану, і таму яно павінна быць галоўным кіраўніком школы, яе даглядчыкам, яно павінна контроляваць ня толькі моральны і навуковы напрамак школы, але і спосаб мысьляньня і пераконаньняў самога настаўніка».

«Мы не адмаўляемся ад магчымасьці мець найлепшых настаўнікаў вясковай школы з настаўніцкіх сэмінарый, але мы ня можам раўняць іх да сьвяшчэньнікаў,— пісаў «Вестник».— Некалькі год, праведзеных настаўнікам у сэмінарыі, ня могуць выкараніць недахопаў яго клясы, ня могуць зьнішчыць хібаў яго сьветапогляду, выссанага з малаком мацеры. Скончыўшы сэмінарыю, настаўнік ня можа быць самастойным гаспадаром школы, бо ён Саад яшчэ патрабуе нагляду, кіраўніцтва, бо ён сам з кволымі думкамі, з парыўчатымі, ненормальнымі імкненьнямі сэрца». «Усе ведаюць, з якім давер’ем народ ставіцца да царкоўна-парафіяльных школ, колькі тысяч сыноў сваіх паслаў ён у гэтыя школы... На нашых старонках зьмешчана ўжо шмат фактычных доказаў гэтае ісьціны. Земствы дарма робяць памылку, калі не давяраюць сваёй школы сьвяшчэньніку. Асабліва небясьпечна пакідаць школу бяз зоркага сур’ёзнага і сталага контролю ў Заходняй Расіі, дзе так трудна абараніць школу ад партый, якія варожа ставяцца да праваслаўя і абрусеньня краю»[28].

Безварункова, усе гэтыя лірычна-мэнторскія меркаваньні мелі сваёй крыніцай старыя прынцыпы Іосіфа Сямашкі, якія вызначыліся ў беларускіх губэрнях з часоў зьнішчэньня вуніяцтва, калі царкоўна- прыходзкія школы толькі пачалі заводзіцца. У 60-х гадох пры дапамозе Гаворскага гэтыя думкі толькі ўкладаліся ў новыя формы, набывалі новыя мэты — забясьпекі Беларусі ня толькі ад полёнізму і каталіцтва, але ад нігілізму і прогрэсыўных плыняй.

Агітуючы за «праваслаўныя» школы для беларусаў і вымагаючы ў гэтых мэтах контролю папоў над настаўнікамі, «Вестник Зап. России» імкнуўся яшчэ да аднэй мэты: ён сьвядома блытаў рэлігію з нацыянальнасьцю, наўмысна ставіў знак роўнасьці паміж праваслаўем і «русской» народностью». Як ня было для яго па-за праваслаўем Расіі, так ня было для яго беларуса-каталіка. У гэтым сэнсе «западно- руссизм» цалкам адпавядаў прынцыпу полёнізму, які таксама па рэлігійнай адзнацы акрасьляў нацыянальнасьць. Гэтае пераконаньне нагэтулькі было тады пашырана, што адбілася ў больш паважных працах, як, прыкладам, пры ўкладаньні этнографічнага атлясу Эркерта, які будаваў статыстыку насельніцтва Беларусі на аснове веравызнаньня, а ня мовы[29].

З гэткай-жа адданасьцю падтрымлівае Гаворскі і іншыя пачынаньні мураўёўскае ўлады ў галіне культурнага жыцьця Беларусі.

Ён прымае бліжэйшы ўдзел у разгроме Віленскага археолёгічнага музэю, якому (разгрому) быў наданы характар «преобразования». Пагромная прамова на паседжаньні Археолёгічнай Камісіі 11 лютага 1865 г. А. Сталыпіна, калі гэты «преобразователь» называў Віленскі музэй «помнікам чужаземнага ярма, які з сорамам абыходзяць «западно-русские люди», і заклікаў «западно-русских» людзей «быть неусыпными в борьбе с полонизмом», называецца Гаворскім «гістарычнай, надзвычайнай і нябывалай» па сваім актыўна-патрыотычным значэньні. У другім месцы ён дэтальна апісвае факт разгрому музэю і пералічвае ўсе тыя «крамольныя» экспонаты, якія былі выбраны П. Батюшковым і разасланы ў Пецярбург, Маскву ды інш. гарады Расіі. У ліку гэткіх «крамолаў» аказаліся труба Касьцюшкі, палітон А. Міцкевіча і інш. рэчы[30].

У зьвязку з «преобразованием» музэю і існаваўшай пры ім Віленскай Публічнай бібліотэкі «Вестник Западной России» зьвярнуўся з адозвай «к свежим русским людям, которые прибывают в Западный край для деятельности на пользу коренного здешнего народа», дзе просіць дружна дапамагчы вялікай народнай праваслаўна-рускай справе. «Кожны з гэтых рускіх людзей,— гаворыцца ў адозьве,— што змагаецца тут з лаціна-польскай пропагандай, натыкаецца тут на зьявішчы, якія радуюць сэрца сваёй сувязьзю з карэннай Расіяй, якія зьяўляюцца сьвяшчэннымі помнікамі адзінства духоўных помыслаў і інтарэсаў Заходняй Русі з усёй вялікай Расіяй. Няхай-жа яны ўважліва зьбіраюць і запісваюць гэтыя зьявішчы. Ва ўсіх куткох Заходняй Расіі даволі знойдзецца расійскіх рук і галоў, каб настойліва зрабіць гэтую справу — гістарычнай, політычнай і рэлігійнай сьвядомасьцю давесьці, што мы тут «исконные владыки». Адозва канчаецца заклікам надсылаць усе сабраныя матэрыялы на адрас музэю і бібліотэкі[31]. Да рэчы, ён падмацоўвае гэты заклік зваротам «да ўсіх славян, якія пішуць лацінскім шрыфтам», «да ўсіх славян-лаціншчыкаў», разумеючы пад імі чэхаў, славакаў і славенцаў.

Актыўны ўдзел бярэ Гаворскі і ў выданьні «Книги для чтения на простонародном наречии», у якой, да рэчы кажучы, менш за ўсё было гэтага «наречия». Кніга была рэдагавана яшчэ пры Шырынскім- Шыхматове, і ў першым выданьні, накшталт «Роднае Слова» Ушынскага, зьмесьціла даволі мясцовага пэдагогічнага матэрыялу[32]. У далейшых выданьнях, калі да яе прыклаў руку Гаворскі, яна абярнулася ў патрыотычна-вялікарускую хрэстаматыю, складзеную з апавяданьняў аб маскоўскіх князёх і царох, з царскіх гімнаў, табельных календароў, вялікарускіх песень і г. д. Русыфікатарскае значэньне гэтае «кнігі» выключнае: першае яе выданьне разышлося ў ліку 5000 экз., другое — у 10000 экз., трэцяе — у 20100 экз. і чацьвёртае — у ліку 40000 экз.

Выказваўся Гаворскі таксама і з прычыны організацыі Маладэчанскай і Панявескай настаўніцкіх сэмінарый, якія павінны былі «ўзгадоўваць у настаўнікаў любоў да праўды, самаахвярнае выконваньне законаў і прывязанасьць да расійскай нацыянальнасьці»[33]. Аднак асаблівага захапленьня ў Гаворскага пры гэтым ня было. Па пытаньні аб мясцовай сярэдняй і асабліва вышэйшай адукацыі ён меў асаблівы погляд — надзвычайна характарны выключна для яго «западно-русской» партыі. Выказаў яго Гаворскі з прычыны проектаванага адчыненьня ў Вільні замест унівэрсытэту духоўнай акадэміі. Да думкі адчыніць акадэмію схіляўся Муравьёв, бараніў яе сам Іосіф Сямашка і рэшта працаўнікоў «русского дела». «Дзеля таго, каб обрусіць Заходні край, нам патрэбна,— пісаў «Виленский Вестник»,— узвысіць у ім расійскую народнасьць, рускі дух, расійскую асьвету і г. д. Для дасягненьня нашых нацыянальна- расійскіх інтарэсаў мы павінны прыпомніць і скарыстаць тую практыку з народнай асьветай, якую ў свой час праводзілі тут Адам Чартарыйскі і Фадзей Чацкі. Дзеля гэтага абавязкова патрэбна адкрыць у Вільні духоўную акадэмію з гісторыка-філолёгічным факультэтам; апошні патрэбны для таго, каб выхоўваць на месцы настаўнікаў, даваць ім адпаведную пэдагогічную падрыхтоўку»[34].

Гаворскі адказаў: «Мы не падзяляем гэткага пераконаньня. Пры існаваньні побач з Вільняй, на адлегласьці ўсяго толькі аднаго-двух дзён па чыгунцы, Пецярбурскай духоўнай акадэміі, адкрываць тут акадэмію няма ніякае патрэбы — толькі дарэмная страта грошай. Апрача таго, згрупаваньне ў гэтай акадэміі студэнтаў з заходня- рускіх, у тым ліку з быўшых вуніяцкіх, семінарый шкодна адбілася-б на іх выхаваньні ў сэнсе сучаснага ачышчэньня расійскае мовы ад мясцовых правінцыялізмаў і беларускага акцэнту (курсіў наш.— А. Ц.), ад чаго яны, зьяўляючыся тутэйшымі ўраджэнцамі, ня могуць пазбавіцца ў мясцовых сэмінарыях. Калі пазбавіць іх сувязі з студэнтамі — ураджэнцамі вялікарускіх губэрань, яны ня здолеюць пранікнуцца «истинно-русским духом», расійскім праваслаўем і расійскімі звычаямі і, гэткім чынам, ня будуць магчы пазбавіцца цалкам ад тутэйшай пальшчызны»[35].

Погляд Гаворскага, як вядома, перамог, і віленская духоўная акадэмія адчынена ня была.

Загады і мерапрыемствы Муравьёва аб назначэньні ў Беларусь пасьля паўстаньня расійскіх чыноўнікаў таксама сустрэлі з боку «Вестника Западной России» поўнае прызнаньне і падтрыманьне. Трэба зазначыць, што адозвы, якія пісалі Муравьёв і Корнілов да расійскага грамадзтва — «прыйсьці з дапамогай Заходня-Рускаму краю»,— сустракаліся гэтым грамадзянствам спачатку вельмі сьцюдзёна. «Ня гледзячы на запросіны і вызавы праз папячыцеляў і праз газэты, доўгі час не зьяўлялася ахвотнікаў займаць месцы ў Заходнім краі»,— скардзіцца Корнілов[36]. «Прычыны гэткага зьявішча тлумачацца вельмі проста: служба ў Заходнім краі вымагае ад рускага большае працы, энэргіі і такту, чым у цэнтральных губэрнях. Самае жыцьцё ў павятовым горадзе або ў бедным мястэчку, воддаль ад усяго роднага, сярод людзей, чужых па веры і па пераконаньнях, а вельмі часта проста варожых, зьяўляецца малапацяшаючай. Па-за службай жыцьцё расійскага чыноўніка, поўнае трывогі і няпрыемнасьцяй, абмяжоўваецца вузкімі рамкамі сямейнага або таварыскага гуртка».

Адзіная магчымасьць прывабіць сюды на службу вялікароса — гэта было даць яму як мага большую пэнсію. Грошы — вось чым замест ідэёвасьці і патрыотычнага служэньня інтарэсам імпэрыі пачалі заахвочваць Муравьев і Корнілов расійскае настаўніцтва і чынавенства. «Вестник Западной России» з захапленьнем падхапіў гэтае мерапрыемства: яно як нельга лепш адказвала яго ўласным апэтытам і да пэўнай ступені апраўдвала зьяўленьне яго самога ў Вільні. Програма «обрусения Белоруссии» з гэтага моманту ясна вызначылася не як культурнае ці нацыянальнае заданьне, а як вузка экономічны, папросту сказаць, шкурны інтарэс тых «дзеячоў», што пачалі з 1864 году ехаць на Беларусь на цёплыя месцы, на падвойныя пэнсіі, нагароды, пад’ёмныя, ордэны і г. д.

Панаехала гэтых «дзеячоў», трэба зазначыць, надзвычайнае мноства. «Натоўпы тых, што знаходзіліся пры (ген.-губэрнатары) і по (упраўленьні краем) з кожным днём усё павялічваліся»,— піша ў сваіх успамінах А. Мосолов, чыноўнік асобных даручэньняў пры Муравьёве[37]. Работы для іх у самай Вільні не хапала і шмат каго пасылалі па мясцох проста бяз пэўнага назначэньня, «в распоряжение» губэрнатараў. Імкненьне гэтых паноў да службы было вялізарнае — кожны ехаў сюды ці для таго, каб пралажыць сабе дарогу па службе, ці то для таго. каб паправіць папярэднія памылкі і няўдачы. На провінцыі, расьцярушыўшыся на глухіх куткох Беларусі, уся гэтая чыноўная сіла сапраўды адчувала сябе ня надта добра — мусіла жыць у варожым акружэньні і ад нуды, як кажуць, «піла горкую і гуляла ў карты».

Наплыўшы з глыбіні Расіі адно ў мэтах напхаць сабе кішэню і ня маючы абсолютна нічога стрымліваючага, уся гэтая арава чыноўнікаў, паліцэйскіх, пасярэднікаў, настаўнікаў, а то проста афіцэраў тых бязьлічных жандарскіх і казачых настояў, якія хмарай пакрывалі пасьля паўстаньня «заміраную» Беларусь, унесла у край надзвычайны моральны распад, збэсьціла і спростытуявала грамадзкае жыцьцё ў самых асновах. «Адзінае шчасьце для краю,— піша аб гэтых часох адзін з сучасьнікаў,— была надзвычайная хцівасьць гэтых псэўдапатрыотаў на грошы. Толькі ў хабары можна было знайсьці сабе ў той час паратунак ад гэтае ўлады; трэба было адкупляцца на ўсе бакі, каб пазбавіцца ад вобыскаў, рэвізій, скандалаў, якія пакідалі пасьля сябе сьляды поўнага зьнішчэньня»[38]. Толькі ў рэдкіх выпадках траплялі на Беларусь людзі грамадзкі сумленныя, якія сапраўды хацелі служыць справе, а ня грошам.

Залітая крывей толькі што задушанага паўстаньня, разбураная гаспадарча, змучаная і зьбітая з астоі нормальнага жыцьця, краіна сапраўды стагнала ад гэтае процьмы кар’ерыстых і прайдзісьветаў.

У Вільні ў гэтым сэнсе было крыху больш прызвала. Блізкасьць да вышэйшага начальства і як-ні-як абавязваючая «ідэёвасьць» у барацьбе за «русскую веру и народность» прымушалі чыноўны расійскі элемэнт трымацца тут у рамках больш прызванага грамадзкага і прыватнага жыцьця. Цэнтрам новастворанага расійскага таварыства ў Вільні быў у той час Эўропэйскі готэль, дзе сустракалася ўся расійская колёнія. Тут быў агульны стол, тут адбываліся «патрыотычныя вечары» з пяяньнем расійскіх песень, гімнаў і з традыцыйным камарынскім, тут разам з прыехаўшымі з Масквы і з беларускай провінцыі знаёмымі абгаварваліся ўсе політычныя навіны, мерапрыемствы ўлады, а таксама службовыя прызначэньні. Другім месцам спатканьня расійскага грамадзтва была кватэра Корнілова, салон Е. Потаповой — жонкі віленскага губэрнатара і «попечительницы детских приютов Северо-Западного края». Урэшце, не бракавала і «русавага клуба». На абедах у Корнілова зьбіралася найбольш блізкая кампанія супрацоўнікаў Муравьёва разам з чыноўнікамі Віленскае і Горадзенскае вучэбнае акругі, якія прыяжджалі па справах службы ў Вільню. Тут таксама адбываліся «задушевные беседы» на тэму аб абрусеньні Беларусі, абгаварваліся дасягненьні і недахопы ў гэтай працы, выхоўваўся патрэбны ўзбуджаючы настрой[39].

У Вільні стварылася два сьветы: з аднаго боку, старое польскае грамадзтва, стэрорызаванае, загнанае ў кут, асабліва ў асобе тых работнікаў, якія перад 63-м годам зьяўляліся носьбітамі мясцовай культурнай думкі і творчасьці, пачынаючы старым Нарбутам, братамі Тышкевічамі, Круповічам, энэргічным Кіркорам ды інш., і, з другога боку — грамада вялікаросаў — губэрнатараў, афіцэраў, чыноўнікаў. Удзелам першых была агульнанацыянальная жалоба, забарона выходзіць з дому пазьней пэўных гадзін увечары, грукат барабанаў і жах шыбеніцах процэсій на Лукішкі, разбураныя кнігарні, закрыты тэатр, забарона ўжываць польскую мову ў публічных мясцох, і ў пэрспэктыве — нямінучая эміграцыя з краю, у якім прайшло ўсё жыцьцё, які быў так дарагі,— эміграцыя з роднай Вільні ці то ў Варшаву, ці то ў Пецярбург, а то і за граніцу. Удзелам другіх былі офіцыяльныя парады, казённыя сьвяткаваньні з тостамі «за царя и отечество», ілюмінацыі ў царскія дні, рапорты і камандыроўкі ў сталіцы, рэвізіі па губэрнях з малебнамі і царкоўным хорам, урачысты трыумф над падбітым ворагам. У гэтым лягеры панаваў бесклапотны настрой. «В русском клубе»,— маляўніча расказвае А. Мосолов[40],— ужо з сярэдзіны 1864 г. пачалі даваць штотыдзень сямейныя вечары, а з каляд пачаліся нямінучыя маскарады, завязваліся інтрыжкі, ладзілася язда на тройках, і ўсё стала паходзіць на звычайнае спакойнае жыцьцё. Усе прыбываючыя «молодые люди из хорошего общества» прымыкалі да нашага гуртка» і гэткім чынам стварылася ў Вільні першае, зусім расійскае грамадзтва. На чале яго стаялі, апрача Мосолова, Л. Маков (будучы міністар унутраных спраў), О. Левшын ды інш. «З палякамі мы ня мелі нічога супольнага, мясцовыя дамы абыходзілі нас, нават мясцовыя расійскія чыноўнікі таксама глядзелі на нас падазрона і няпрыхільна».

Гаворскі і рэдакцыя «Вестника Западной России» ўсёй душой належалі да гэтага «хорошего русского общества». Праўда, у гурток вышэйшых чыноўнікаў, у тую асярэдзіна, якая была блізка да Муравьёва і Корнілова, іх ня пушчалі — фігура Гаворскага як зацятага рэнэгата, браўшага цішком грошы з генэрал-губарнатарскае канцылярыі, была, відаць, не да спадобы вышэйшым чыноўнікам, і яны асабліва з ім не таварышавалі. Тым ня менш, ён чэсна служыў ім сваім «западно-русским» сумленьнем і ад душы хацеў быць жывой сувязьзю паміж гэтым чыноўным сьветам і мясцовым жыхарствам.

Асаблівай энэргіяй і асаблівай агіднасьцю адзначыўся Гаворскі сваёй абаронай насланага ў Вільню «истинно-русскага» чынавенства, калі ў другой палове 60-х гадоў пачался рэакцыя супроць мураўёўскага рэжыму і калі ў Пецярбурзе зьявілася прэса, пачаўшая адкрытую кампанію супроць «людоеда»[41]. На чале гэтае прэсы стала газэта «Весть» Скорятіна. Група «Вести», блізка зьвязаная з клясаю буйных польскіх зямляўласьнікаў, што хутка адракліся ад паўстаньня і заявілі аб сваіх лояльнейших адносінах да царскага прастолу, камандыравала рэдактара газэты Скорятіна на Беларусь, у Вільню, і, карыстаючыся яго ўражаньнямі, а таксама далейшымі корэспондэнцыямі з краю, узяла пад сваю абарону польскія інтарэсы і пачала кампанію супроць расійскага чынавенства.

Скорятін не шкадаваў фарбаў для апісаньня тае распусты і тае бяспрынцыповасьці, якія панавалі ў Вільні ў выніку ўрадаваньня новае адміністрацыі. Разам з тым ён з выключнай рэзкасьцю накінуўся на Гаворскага і на «Вестник Западной России». Да кампаніі «Вести» хутка далучыліся «СПБ Ведомости» і «Новое Время», дзе супрацоўнічаў А. Кіркор.

«Басота, сволочь, пустая ноздревщина, непроходимая семинарщина, отребье местной жизни» — вось эпітэты, якія пасыпаліся з пецярбурскае прэсы на Гаворскага, калі Муравьёва зьмяніў Каўфман, стварыўшы, па сьведчаньні сучасьнікаў, «надзвычайную распусту сярод расійскіх чыноўнікаў», і калі за Кауфманам прышоў Баранов.

«Галоўны тормаз, які затрымлівае ў Заходнім краі расійскую справу,— пісаў Скорятін,— зьяўляецца проле тарыят, які складаецца з чыноўнікаў, прыбыўшых сюды на службу на заклік улады», «тыя шкодныя басаногія патрыёты, якія прынесьлі на алтар бацькаўшчыны ў ахвяру сваё жабрацтва дзеля таго, каб здолець прызваіта апрануцца, а будзе магчымасьць — і разбагацець».

Ад імя ўсіх «деятелей русского дела в Западном крае» скорятінскай «Вести» адказваў Гаворскі.

«Чым вінаваты мы,— патэтычна пытаецца ён у чытача,— што большасьць служачых тут чыноўнікаў не капіталістыя і ня буйныя зямляўласьнікі? Чаму багатыры ня былі ласкавы прыехаць сюды на агульны заклік Муравьёва? Можа быць, паны (барины) не зьявіліся сюды дзеля пачуцьця самазахаваньня? Яны заняты турботамі аб сваёй гаспадарцы, прамысловасьцю, мануфактурай і, можа, палічылі за лепшае застацца і забясьпечыць свой матэрыяльны інтарэс перад моральным. Аўтар галаслоўна і гарэзна дазволіў сабе публічна называць тутэйшых дзеячоў расійскае справы «жабракамі і басотай»: большасьць з іх усё-ж такі мае зямельную ўласнасьць і паходзіць са старых фамілій. А калі-б нават чэсны і карысны для бацькаўшчыны чыноўнік жыў аднэй атрыманай па службе пэнсіяй, ці-ж будзе лётным называць яго абарванцам?»

«Дайце сабе адчот у тым, што вы пішаце,— пытаецца Гаворскі ў Скорятіна, пераходзячы ад абароны да паступленьня,— калі праводзіце сынонім паміж расійскім чыноўнікам у Паўночна-заходнім краі і афэрыстам, галадранцам!.. Ці разумееце вы, што гэта значыць чыноўнік? Чыноўнік гэта ёсьць чалавек, які прысьвячае ўсю сваю моральную дзейнасьць рознастайным карысьцям свайго отечества, чалавек, які належыць да аднаго з 14 рангаў, які мае чын, ад якога ён і атрымлівае сваё званьне. Гэткім чынам у поўным сэнсе гэтага слова пад ідэю чыноўніка падыходзяць усе, хто служыць прастолу і бацькаўшчыне, пачынаючы ад канцылярскага чыноўніка да старшыні камітэту міністраў. Толькі галава, гаспадзін нацыі выдзяляецца з групы чыноўнікаў як слуг — служачых. Вялікая большасьць гэтых паважаных дзеячоў паходзіць, як і павінна быць, з тае асярэдзіны. якая больш за другіх мае сродкаў да моральнага служэньня прастолу,— «из дворянскаго, то есть, сословия». Як-бы там ні было, але Скорятін гэтак абражае ўсю корпорацыю моральных дзеячоў Расіі ў гэтым краі, што пакінуць так справу нельга... Мы пераконаны, што начальства і грамада нашых чыноўнікаў патрабуюць адпаведнага разрахунку з ім». «Ён аказвае,— протэстуе «Вестник» у другім месцы,— дрэнную паслугу дваранскай корпорацыі і беспасрэдна парушае найвышэйшы рэскрыпт, які загадвае «спыніць бязьлічныя спробы да ўзбуджэньня варожасьці паміж рознымі станамі. Мы лічым, што корпорацыя чыноўнікаў як найбольш карысны і заслугоўваючы ўсеагульнае пашаны і прызнаньня стан ня выключаны з гэтых богам натхнёных слоў рэскрыпту»[42].

Толькі ў рэдкіх выпадках Гаворскі згаджаецца з тым, што прыехаўшыя на Беларусь чыноўнікі не стаяць на вышыні свайго палажэньня. Дык то ў гэтых выпадках ён ня столькі абвінавачвае блізкі сабе лягер, колькі спрабуе тлумачыць прычыны адмоўнага зьявішча. Аднэй з такіх прычын зьяўляецца, паводле яго пераконаньня, тое, што наяжджаюць сюды людзі большай часткай нежанатыя. «Трэба вабіць сюды, калі ня выключна, дык пераважна, жанатых, абставіўшы іх перавод сюды большымі прывілеямі, бо сярод бесьсямейных пануе звычайна большая ступень распусты, газартовай гульні, п'янства ды іншых вадаў, якія прыносяць хваробы і сьмерць». Пры гэтым «Вестник» падае цікавую статыстыку, з якой відаць, што ў 1864 г. дзякуючы прыліву вялікарусаў з Цэнтральных губэрань мужчын па ўсім Паўночна-заходнім краі было амаль у два разы больш, чым жанчын (на кожныя 7 526 мужч.— 4 769 жанчын, а ў Вільні яшчэ горш: на кожныя 4 643 мужч.— усяго толькі 2 283 жанчыны). Пры гэтым было вылічана, што прырост насельніцтва каталіцкага веравызнаньня, г. зн. нормальна жанатага. быў роўны 1,32 проц., а ў праваслаўнага, якое зьяўлялася пераважна халастым, толькі — 0,4 проц. Наадварот, сьмяротнасьць сярод апошняга была значна большая[43].

Другая бяда — што, прыяжджаючы ў край, «истинно-русския» людзі могуць жаніцца толькі на мясцовых дзяўчынах, а гэта, з пункту гледжаньня Гаворскага і яго «западно-русской» програмы,— рэч зусім непажаданая. І каб захаваць русыфікацыйны элемэнт ад гэткай страты, «Вестник» друкуе цэльную філёзофію нейкага Авдия Востокова — «Наставление русскаго своему сыну перед отправлением его на службу в западные русские области», у якім той піша[44]: «Ты яшчэ малады, сын мой, і напэўна надумаеш калі жаніцца. Трымайся моцна за сэрца і сьцеражыся звабы якой-небудзь полькай. У рамястве вабіць у свае сеці амаль на ўсёй зямлі ня знойдзецца нікога больш дасьціпней і ваблівей палячак. Ня вер, рускі, іхнім фокусам-покусам — з жонкай палячкай ты паселіш у сваім доме пекла. Перш за ўсё, дагаджаючы тваім густам, тваім нахілам і слабасьцям, жонка палячка заўладае табой да таго, што ты прызвычаішся да яе да шаленства, затым яна саб’е цябе са шляху чыстае веры праваслаўнай, зробіць з цябе чалавека індэфэрэнтнага і паволі ўсімі сваімі жаночымі хітрыкамі давядзе цябе ня толькі да злых учынкаў і няправільнасьцяй па службе, але да ліхаімства і зрады дзяржаўным інтарэсам».

Аднак, ня гледзячы на ўсе апраўданьні Гаворскага і меры забясьпекі з боку «Вестника Западной России», «высока-моральная корпорацыя» насланых на Беларусь чыноўнікаў рабілася што год, то больш разьюшанай. Скаргі на яе пачалі раздавацца ня толькі з полёнофільскай пецярбурскай прэсы, супроць яе пачалі ставіцца тыя Віленцы, якія ў параўнаньні з Гаворскім захавалі такую-сякую долю незалежнага погляду на рэчы.

Больш таго, протэсты супроць яго заявілі асобы, якіх мы ніяк не можам палічыць за прынцыповых ворагаў Гаворскага або абаронцаў мясцовых не-расійскіх інтарэсаў. Гэткімі асобамі былі М. дэ-Пулс — рэдактар «Виленского Вестника» пасьля А. Кіркора і... Іосіф Сямашка.

«У Вільні ў тыя часы зьявілася партыя крайніх русыфікатараў (!),— апавядае М. дэ-Пуле,— якую называлі чамусьці «віленскімі клерыкаламі», хоць сярод іх ня было ніводнага чалавека з духавенства (заўвага на «праваслаўны» клерыкалізм Гаворскага). Гэтая партыя патрабавала заўсёды жорсткіх мер і ўпікала ў слабасьці і патураньні гэткіх асоб, як сам М. Муравьёв (!). З боку гэтых русыфікатараў найбольш даставалася мясцовым рускім людзям і тым, што даўно тут ужо абжыліся, якім яны не маглі дараваць іх мінулага, іх ужыўчасьці да Палякоў, іх сімпатый, прывычак і густаў. Ад іх, ад мясцовых людзей замест спакою і міру патрабавалі варожасьці і злобы, і калі не знаходзілі ні таго, ні другога, дык абзывалі іх мянюшкамі палякуючых і апалячаных»[45].

Гэтак-жа нэгатыўна пачаў адзывацца аб «крайніх русыфікатарах» і І. Сямашка — «своя своіх не познаша». Сямашка скардзіўся ў лістох сваіх у Сынод, што некаторыя з прыбыўшых у Заходні край чыноўнікаў з пагардай ставіліся да мясцовага праваслаўнага духавенства, дакаралі яго ў няведаньні праваслаўных статутаў і нават дазвалялі сабе ўмешвацца ў царкоўныя справы. У гэтых скаргах расказваецца, што нейкі гвардыі паручнік Шчэрбов закрываў па сваёй волі без тлумачэньня прыходы і хадзіў па алтары ў кажуху, з палкай; штабс-капітан Крамеров і лейб-маёр Савіцкі самі служылі пад п’яную руку набажэнства, адзеўшыся ў рызы і носячы алтарнае судзьдзё; міравы пасрэднік Логінов лаяў мясцовага папа званаром і т. п.[46].

«Зразумела,— пісаў Сямашка,— патрэбна зьмяніць шмат чаго ў тутэйшым краі, каб зрабіць яго аднолькавым з рэштай дзяржавы. Але трэба памятаць, што прывычкі і звычаі, якія ўкараніліся ў масе народнай праз вякі, патрабуюць гэтаксама стагодняга разумнага дзеяньня. Між тым, гэтыя рознасьці дзякуючы надоечы прыбыўшым сюды расійскім дзеячом былі апошнім часам прычынай сумных зьяў у нашым краі, якія зрабіліся гласнымі і зрабілі шмат на каго вельмі нявыгоднае ўражаньне». «Аднак,— дыплёматычна дадае І. Сямашка,— гэтыя здарэньні няхай не непакояць сьвяты Сынод — яны ня могуць мець залішне шкоднага ўплыву на пасьпяховы ход тутэйшых спраў у расійскім духу»[47].

Гаворскі занадта добра ведаў, што ў справе русыфікацыі Беларусі лепш перасаліць, чым недасаліць,— і таму таксама ня надта непакоіўся «дробнымі непаразуменьнямі» паміж мясцовымі жыхарамі і наехаўшымі вялікаросамі. Ласка апошніх, іхняя дружба былі для яго даражым за ўсё.

Больш даткліва абражаным адчуў ён сябе ў той полеміцы, якая ўзьнікла пры канцы 60-х гадоў паміж «Вестником Западной России» і тым-жа Скорятіным у справе расійскае зямляўласнасьці на Беларусі. Як ведама, аднэй з самых галоўных мер барацьбы Муравьёва з польскім уплывам на Беларусі была конфіскацыя і продаж з публічнага торгу польскіх зямель, у першую чаргу тых памешчыкаў, якія беспасрэдна прымалі ўдзел у паўстаньні. Разам з конфіскатамі да тэй-жа мэты былі скіраваны і іншыя мерапрыемствы, якія, паводле выразу Муравьёва, «білі палякаў па кішэні» і пазбаўлялі іх першараднага экономічнага значэньня ў краі. Гэткімі мерапрыемствамі быў славуты 5-проц. збор з польскіх маёнткаў (ён даходзіў нават да 23 проц.) «дзеля здавальненьня неабходных выдаткаў па політычнаму становішчу краю»[48], абавязаньне даваць лес і дровы на школы і цэрквы, сталыя рэквізіцыі, вайсковыя пастоі і г. д. Разам з гэтым была высунута грандыёзная програма «насаждение» вялікарускае зямляўласнасьці на Беларусі, замест зямляўласнасьці польскай. У сваіх запісках на імя Аляксандра ІІ, наданых 14 мая 1864 году і 5 красавіка 1865 году, Муравьёв выказваецца аб гэтых экономічных мерапрыемствах з самай вострай рашучасьцю — аднолькава, а часам яшчэ вастрэй, чым аб мерах адміністрацыйных і рэлігійных: «Засяляць край расійцамі колькі магчыма сыстэматычней, не выдзяляючы стараабрадцаў, бо яны больш ад іншых захоўваюць расійскую народнасьць; ствараць колёніі з звольненых салдат; біць палякаў па кішэні, каб усё было спакойна; засяляць край вялікарускімі сялянамі, прадаваць усім расійцам, незалежна ад стану, конфіскаваныя, сэквэстраваныя і пратэрмінаваныя ў крэдытных установах землі; вырашыць пытаньне аб правядзеньні мытнай лініі паміж Царствам Польскім і Паўночна-заходнім краем, каб прыпыніць самую думку жыхароў гэтага краю, што яны могуць ствараць калі-небудзь адно цэлае з Царствам Польскім і г. д.[49].

Са ўсіх гэтых экономічных мерапрыемстваў «Вестник Западной России» найбольш популярызаваў лёзунг аб абавязковай продажы польскіх маёнткаў расійцам. У абароне гэтага пункту русыфікатарскай політыкі Муравьёва Гаворскі выказаў і глыбокую гістарычную эрудыцыю і найвышэйшы «западно-русский» запал.

Верны свайму самаўхваленьню, Гаворскі пры гэтым заяўляе, што самая думка аб экспропрыяцыі польскіх зямель у Заходняй Расіі з мэтамі барацьбы з полёнізмам належыць нікому іншаму, як яму. «Пры ўсёй нашай скромнасьці мы павінны зазначыць,— кажа ён,— што ініцыятыва проекту гэтае экспропрыяцыі належыць таму выданьню («Вестник Зап. России»), якое зрабіла выключнай мэтай свайго існаваньня моральныя і матэрыяльныя інтарэсы Заходняй Расіі і якое мас для гэтага спэцыяльныя веды, а таксама сродкі і прыёмы, не заўсёды прыгодныя і даступныя для іншых выданьняў» (?!).

Трэба прызнаць, што, сапраўды, выступленьні «Вестника» па пытаньні аб барацьбе з польскай зямляўласнасьцю і аб патрэбе перадачы зямель з польскіх рук у рукі вялікарускія былі па ўсіх даных першымі ў сваім родзе. «Западно-русская» школа магла дзеля гэтага справядліва ставіць сабе ў заслугу, што яна падняла гэтую думку адначасна, а можа і раней М. Муравьёва.

У запісках, якія апрацоўваў і падаваў расійскаму ўраду М. Муравьёв пасьля першага паўстаньня, нічога не гаворыцца на гэтую тэму. У іх Муравьёв найбольш спыняўся па патрэбе «обуздания развратнаго и буйнаго сословия шляхты», «сословия тунеядцев, привыкших к праздношатанию», на патрэбе выкрасьліць з мясцовага жыцьця нормы Літоўскага Статуту, на адпаведнай рэформе народнае, у першую чаргу вышэйшае, асьветы ў краі («решительно уничтожить гнездилище литовскаго вольнодумства — Виленский университет»), увядзеньні расійскае мовы на ўсе ўстановы, на рэформе царкоўнага кіраўніцтва і г. д. Але што датычыць зямельнае проблемы і «сьвятых правоў» уласнасьці, дык тут Муравьёв быў больш асьцярожны: толькі ў стасунку да тых «опасных и вольнодумных религиозных конгрегаций», якія вызначыліся «асаблівай упартасьцю ў змаганьні», ён прапанаваў спачатку быццам часова, а потым і назаўсёды пазбавіць іх нярухомай зямельнай маёмасьці[50]. Крутых і ўсеагульных мер у зямельным пытаньні Муравьёв пачаў дамагацца толькі ў 1864 годзе, пасьля зламаньня першых этапаў другога паўстаньня.

Гаворскі таксама выступіў з програмай агульнага зьнішчэньня польскай зямляўласнасьці на Беларусі з першых дзён паўстаньня. Дасьледваўшы гэтае пытаньне гістарычна, ён адзін з першых давёў, што спрадвеку палякі ня мелі ў беларускіх межах зямлі і што пачалі яны набываць яе толькі пасьля фэдэрацыйнай вуніі Беларуска- літоўскага княства з Польшчай, калі польская шляхта супроць пунктаў унітарнае ўмовы самавольна, шляхам зрады і гвалту, накінуліся на княства. «Мы павінны цяпер зруйнаваць той пункт апоры, які палякі знаходзяць у захопленай імі зямлі,— прапаведаваў ён у пачатку 1863 г.,— зьнішчыць тыя цэнтры рэволюцыі, тыя гнёзды пропаганды, якія ствараюць навокал нас нявідныя петлі, усьцяж разрываныя намі і ўсьцяж нанова сплятаныя»[51]. Польскае зямляўладаньне на Беларусі павінна быць заменена расійскім, вялікарускім, толькі пры гэтай умове можа быць дасягнута мэта «обрусения» краю. «Пакуль у Заходняй Расіі зямля будзе польскай, там будзе ў тэрыторыяльным сэнсе не Расія, а Польшча, там расійцы будуць тэорэтычнымі, вандроўнымі ўласьнікамі, сёньня «обрусяющими» край, а заўтра ўцякаючымі ў Маскву, Твер, Ташкент»[52].

Але як, у якой форме гэта зрабіць? Якая вялікаруская зямляўласнасьць павінна быць насаджана ў Беларусі — буйная ці дробная?

Па гэтым пытаньні погляды падзяліліся: адны, у тым ліку міністэрства дзярж. маёмасьці і Муравьёв, не рабілі розьніцы паміж формамі зямляўласнасьці і ахвотна дапускалі і тую і другую. Наадварот, вышэйшае дваранства ў Пецярбурзе, якое стаяла ў опозыцыі да Муравьёва, лічыла патрэбным перадаваць польскія маёнткі толькі буйнаму расійскаму капіталу.

Гаворскі заняў у гэтай спрэчцы акрэсьленую клясавую позыцыю, зусім згодную з тэй, на якой ён стаяў пры абароне чынавенства. Як там ён бараніў дробных і сярэдніх чыноўнікаў і гіронічна ставіўся да «буйных паноў, больш зацікаўленых сваімі капіталамі і мануфактурай, чым русыфікацыяй Беларусі», так і тут ён рашуча выступае за дробную зямляўласнасьць.

«У мэтах фактычнага абрусеньня заходняга краю Расіі,— пісаў «Вестник»,— урад выдаў цэлы шэраг пастаноў, накіраваных на тое, каб узмацніць тут расійскую зямляўласнасьць. Нашая прэса агулам спагадна паставілася да гэтага мерапрыемства, але апініі разышліся на пытаньні: якая зямляўласнасьць будзе карысьней для краю — буйная ці дробная? Процілежны нам бок кажа, што ўрад мае на мэце стварыць тут гэткую зямляўласнасьць, якая магла-б проціставіць сябе польскім магнатам, трымаўшых да гэтае пары край у сваіх руках, што быццам, каб даць перавагу расійскаму элемэнту, трэба стварыць тут буйную зямельную ўласнасьць, трэба падтрымліваць ня дробных капіталістах, а буйных».

«Гэта глыбокая памылка,— кажа «Вестник».— Аргумэнтацыя падобнага роду забываецца на адну маленькую акалічнасьць—на вызваленьне сялянства. Калісьці магнаты, сапраўды, маглі трымаць край у сваіх руках, калі была іхняя сіла, права і суд, калі рэшта жыхарства было толькі мэханічным засабам, калі народ ня меў права ні думаць, ні жадаць, быў хлопам, рабочым панскім быдлам. Але цяпер усё зьмянілася... Паглядзеце, што значыць цяпер сярод народу ўчарайшы магнат — ён зьнізіўся амаль да стану ранейшага хлопа-нявольніка, а хлоп амаль падняўся на ўзровень учарайшага магната... А мы ведаем некаторых магнатаў, якія сабралі сёньня хлеб з поля і сена з сенажаці толькі з міласьці кватараваўшага па іх маёнтках войска; яшчэ мы ведаем гэткіх магнатаў, у якіх хлеб на агромністых абшарах так і застаўся не сабраным, а калі сабраны, дык за такую плату, якая прымушае ўспомніць выслоўе — гульня сьвечак ня варта. Праўда,— папераджае «Вестник»,— магнат праваслаўна-рускі, магчыма, ня сустрэне ў Заходняй Расіі гэткай опозыцыі з боку народу, якую сустракае магнат лаціна-польскі. Але гэта рашуча не таму, што ён магнат ці пан, буйны зямляўласьнік, але таму, што ён праваслаўны, расіст, што ў селяніна з магнатам адны прыхільнікі і адны ворагі. Аднак мы сьцьвярджаем, што народ далёка ня так сымпатычна будзе ставіцца да магната, як да дробнага зямляўласьніка-расійца, і што першы будзе мець куды меншы ўплыў на яго, чым апошні. Гэта зусім натуральна. Чым вышэй стан, у якім пастаўлены чалавек, тым меншае спачуваньне ён можа сустрэнуць да сябе з боку чалавека, які стаіць на ніжэйшай ступені грамадзкага значэньня. У іх так мала супольнага, сьветапагляд іхні нагэтулькі розны, сымпатыі, звычаі, прывычкі так разыходзяцца, што суседзтва іх, супольнасьць інтарэсаў мысьлімы адзіна пад умовай звыш-натуральнага прыніжэньня, з боку аднэй стараны, і перараджэньня — з другой. Для беларускага мужычка чым буйнейшы пан, тым ён будзе ставіцца да яго з большым недавер’ем, лукаўствам, тым цяжэй паверыць ён яму, тым далей будзе ад яго трымацца. Што-б ні гаварыў, што-б ні рабіў буйны зямляўласьнік, гэты мужычок будзе глядзець на яго спадылба, будзе лічыць яго паслугі за пастку. Яго паняцьці аб пану склаліся так грунтоўна, над уражаньнем такіх гістарычных зьяў, што ён ня здолее адрозьніць у сваёй галаве ідэю буйнога зямляўласьніка-расійца ад ідэі польскага пана, асабліва, калі які-небудзь буйны зямляўласьнік, соцыяльныя ідэі якога разьвіліся пад уражаньнем геральдычных традыцый XVII веку, з пагардай паставіцца да суседзяў, будзе думаць, што для мужычка занадта шмат гонару працаваць на панскай ніве за адно дзякуй ды за чарку гарэлкі, што тутэйшы мужычок толькі на тое, быццам, і здатны, каб поркацца ў гноі ды працаваць на пана»[53].

«Эпоха панскай вялікасьці мінула,— цьвердзіў Гаворскі,— і буйны расійскі зямляўласьнік хутка пачуе рэакцыю з боку грамады (мужыцкай). Польская інтэлігенцыя вельмі хутка павядзе з ім знаёмства, хутчэй, чым ён з якім-небудзь мужычком, і зраўняе яго расійскі ўплыў на край з нулём. Зірнеце ў гісторыю Заходняй Расіі і вы ўбачыце, каго хутчэй брала на аркан лацінска-польская пропаганда — ці звычайнага сьмяротнага, ці магната?»— пытаецца Гаворскі.

«Дарма таксама гаварыць аб буйным капітале і абагульняць яго з ідэяй буйнае зямляўласнасьці. Капіталы цяпер наогул ня ў буйных зямляўласьнікаў, а ў сярэдняй клясы. А калі-б нават буйны зямляўласьнік і прывёз з сабой з Расіі гэтыя капіталы, дык дарма думаць, што яны пайшлі-б на павялічэньне фабрычнасьці краю, яго гандлю і г. д. Ня гэткія прывычкі і замашкі буйных зямляўласьнікаў — грошы хутка пойдуць у трубу, да таго яшчэ нерасійскую. Самі паны рэдка бываюць у сваіх маёнтках, праводзяць жыцьцё у сталіцах, заграніцай, гувэрнэры псуюць каля іх розум маладога пакаленьня — коратка кажучы, буйны зямляўласьнік ніколі ня будзе спрыяць «обрусению Западной России» ні сваёй асобай, ні сваімі ўплывамі, ні сваёй інтэлігентнасьцю, ні сваімі капіталамі»[54].

Гэтае палажэньне Гаворскі падкрэсьлівае некалькі разоў. «Нам здаецца дзіўнай,— піша ён у другім месцы,— полеміка аб тым, якія зямляўласьнікі патрэбны ў Паўночна-заходнім краі. Пытаньне ня ў тым, якія патрэбны зямляўласьнікі,— патрэбны аднолькава і буйныя і дробныя зямляўласьнікі, але пытаньне ў тым, якія з іх будуць карысьней для абрусеньня краю, якія хутчэй і больш русыфікуюць Заходнюю Расію — буйныя ці дробныя. Ці шмат абрусіць, прыкладам, край зямляўласьнік, які набудзе тут 10-20000 дзесяцін, сам будзе жыць у Вэнэцыі або Мадрыдзе, а маёнтак і расійскую справу даручыць мясцовым ягамосьцям»[55].

«Нам сумна і прыкра ўвесь час даводзіць аб патрэбе ў заходнім краі Расіі расійскае зямляўласнасьці. Дарма гавораць, што пры нашай агульнай беднасьці мы ня можам вылучыць патрэбных капіталаў на ўзмацненьне расійскае зямляўласнасьці на захадзе, не паслабіўшы гэтым зямляўласнасьці і дабрабыту цэнтральных губэрань... Наша беднасьць далёка ня так безварунковая, як шмат каму здаецца сярод расійскіх зямляўласьнікаў. Ёсьць даволі асоб, якія могуць вылучыць частку сваіх вольных капіталаў на вялікую і сьвятую справу тэрытарыяльнага (?) абрусеньня напоўпольскай Заходняй Расіі. Але, апрача гэтых вялікарускіх зямляўласьнікаў, ёсьць яшчэ шмат людзей, якія маюць тыя або іншыя сродкі. Гэтыя людзі — амаль не палова купцоў і некаторая частка чыноўнікаў, якія сабралі на чорны дзень невялікі капітальчык. Гэтыя апошнія, у большасьці забясьпечаныя пэнсіяй за выслугу гадоў, могуць укласьці ўвесь свой капітал без астатку ў зямельную ўласнасьць. Большасьць тутэйшых чыноўнікаў вельмі добра разумее гэты разрахунак, але да пэўнага часу цісьнецца, як кажуць, «пяе Лазара», думаючы атрымаць такі-сякі кавалачак зямлі на больш льготных умовах. Урад ідзе ім цалкам насустрач у форме ўсялякіх пазык і палёгак у выплаце падаткаў, а польскія памешчыкі прымушаны прадаваць свае маёнткі на цане. часта меншай за ацэначную... Гэткім чынам,— задаволена расказвае Гаворскі,— адзін мой знаёмы ўчора купіў адзін з гэтых маёнткаў за 6000 руб. на выплат, тымчасам як у гэтым маёнтку 870 дзесяцін зямлі (у тым ліку 440 дзес. лесу), 12 новых на каменным фундамэнце будынкаў, сад, рыбная сажалка ды інш.».

Дробна-буржуазная пропаганда «западно-русса» Гаворскага сустрэла рашучы адпор з боку абаронца буйной зямляўласнасьці на Беларусі — рэдактара пецярбургскай газэты «Вести» Скорятіна. Ён формальна злавіў Гаворскага на «мужычку, які глядзіць на пана спадылба», і выступленьні супроць магнацтва абвясьціў ні чым іншым, як пропагандай супроць права ўласнасьці наогул, нацкоўваньнем сялянства на зямляўласьнікаў і непашанай да буйной зямляўласнасьці як апірышча царскага прастолу.

Для сваёй контр-атакі Скорятін выбраў вельмі трапны момант: акурат у той час — 13 мая 1866 г., пасьля выстралу Каракозава, быў выданы Аляксандрам ІІ знамяніты рэскрыпт аб «решительном прекращении повторяющихся попыток к возбуждению вражды между разными сословиями» і аб стаўцы царызму на вышэйшы стан дваранства як на клясу найбольш «здоровую, охранительную и благонадежную».

Рэскрыпт 13 мая быў выразам крутога павароту расійскай політыкі ў бок рэакцыі — павароту, які быў выкліканы ўздымам рэволюцыйных настрояў у імпэрыі пасьля скасаваньня прыгоннага быту і вымогамі расійскага дваранства да ўраду палажыць канец гэтаму ўздыму. «Я вызнаю сваім абавязкам,— пісаў у рэскрыпце Аляксандр ІІ,— абараняць расійскі народ ад тых зародкаў шкодных зловучэньняў, якія з часам маглі-б зварушыць (поколебать) грамадзкае добраўстройства». У сувязі з гэтым ён прапанаваў старшыні рады міністраў кн. Гагарыну накіраваць выхаваньне моладзі ў духу ісьцінай веры, павагі да законаў і правоў уласнасьці.

«Доўг усіх прызваных на службу мне і дзяржаве,— казаў рэскрыпт,— складаецца з дакладнага выкананьня сваіх абавязкаў без якіх-бы то ні было ўхілаў ад «видов правительства». Асабліва напіраў рэскрыпт на абарону сьвятых праў уласнасьці і на абарону галоднага носьбіта гэтых праў — дваранства. «Поўная недатыкальнасьць права ўласнасьці ва ўсіх яго відах ёсьць карэнная аснова ўсяго жыцьця. Урад, улада, усё начальства павінна дбаць аб дапамозе здаровым, «охранительным и добронадежным силам», якіх у Расіі заўсёды было даволі і якія заключаюцца ва ўсіх клясах, якім дорагі права ўласнасцьці, права забясьпечанай і абароненай законам зямляўласнасьці».

Цікава, што пры гэтым Аляксандр ІІ не рабіў розьніцы паміж дваранствам і зямляўласнасьцю ўнутрана-расійскай, вялікарускай і зямляўласнасьцю «окраинной», у тым ліку польскай на Беларусі. «Згодна сталым маім жаданьням,— апавяшчаў ён 13 мая 1866 г.,— павінна па ўсіх частках кіраўніцтва зьвяртаць поўную ўвагу на абарону праў уласнасьці і хадайнічаньні, якія датычаць карысьці і патрэб розных мясцовасьцей і розных частак насельніцтва». Павінна спыніць спробы ўздыманьня варожасьці паміж рознымі клясамі і асабліва ўздыму варожасьці супроць дваранства і наогул супроць зямля ўласьнікаў»[56].

«Найвышэйшы рэскрыпт,— карыстаў новую сытуацыю Скорятін,— паказвае, што «здоровые охранительные силы» заключаюцца ў зямляўласнасьці, а ў Вільні нейкія журналістыя прапаведуюць, што ў міравыя ўстановы нельга пушчаць зямляўласьнікаў[57]... Цэлыя старонкі іхняга часопісу перапоўнены злоснымі выбрыкамі і сэмінарскім гумарам супроць вышэйшых клясаў. Яны пропагандуюць, што буйному зямляўласьніку, які прыносіць з сабой гэральдычныя традыцыі 17 генэрацыі!, ня варта зьяўляцца ў Заходні край, што яго ўплывы тут будуць роўны нулю, калі ня горш». «У Расіі,— дадае Скорятін,— усе «здравомыслящие люди» даўно прышлі да пераконаньня, што русыфікаваць Заходні край магчыма толькі пры дапамозе расійскае зямляўласнасьці, але толькі буйное, бо вядома, што гэты край апалячыўся з тае прычыны, што ласьне буйная зямляўласнасьць трапіла у рукі палякаў. Грамадзкая апінія хоча верыць, што мясцовая адміністрацыя рада прыбываючай буйной расійскай зямляўласнасьці, а якіясь журналістыя ў Вільні над казённай пячаткай цьвярдзяць: мы маем усе правы лічыць, што народ далёка ня так сымпатычна паставіцца да магната, як да дробнага зямляўласьніка. Вось якая сустрэча чакае ў краі буйнога расійскага зямляўласьніка пасьля яго прыезду сюды дзякуючы падобнай агітацыі! Калі прыняць пад увагу выказаныя думкі гэтых сэмінарскіх журналістах, дык выйдзе, што паляк, што расійскі магнат — усё адно. Пры гэтым рэдакцыя іхняга часопісу друкуе ў Вільні гэткія радкі, што магнат зьнізіўся сёньня да ступені амаль хлопа, нявольніка, а хлоп падняўся амаль да ўзроўню магната... Няўжо сапраўды ў Вільні і ў краі прароблена ўжо гэткая нівэліроўка? Няўжо дазволена гэтым афэрыстам і галадранцам парушаць павагу да праў уласнасьці, няўжо, урэшце, яны могуць выключаць Заходнюю Расію з-пад забавязаньняў найвышэйшага рэскрыпту?» — злосна пытаецца Скорятін у «западно-русской» партыі.

Выступленьне Скорятіна было падтрымана «СПБ Ведомостями» і «Новым Временем». «У краі шмат войск,— пісала «Новое Время»,— яшчэ большае мноства розных людзей з патрыотычным пачуцьцём, якія старанна «водворяют русские начала» ў краі, якія нішчаць усё польскае, але там няма людзей, якія-б баранілі правы ўласнасьці. Поўнага забесьпячэньня гэтага права ў краі няма, і члены нязьлічаных камісій і тыя-ж самыя патрыёты не бягуць на абарону яго, наадварот, яны выступаюць часта нявыразна... Політычна і нацыянальна цяпер у краі поўны спакой — і цяпер гутарка можа ісьці не аб бунтарскіх бандах, але аб сялянскім пытаньні, аб тым, што адміністрацыя патурае ніжэйшым клясам... Раней строгасьці ў стасунку да памешчыкаў мелі сваю падставу ў прычынах політычных, сёньня прычыны гэтыя ліквідаваны... Аднак, ня гледзячы на гэта, у дзейнасьці паверачных камісій можна заўсёды ўгледзець вядомую соцы яльную пропаганду (ідэй сэнсымонізму), якая можа ў самай бліжэйшай будучыні прывесьці да надзвычайна дрэнных вынікаў».

“Вестник Западной России» на чале з Гаворскім адразу пачуў небясьпечнасьць становішча, створанага для яго гэткім зваротам справы. Выходзіла, дый яно сапраўды да пэўнай меры так было, што паднятая ім пропаганда за дробную расійскую гаспадарку на Беларусі абяртаецца супроць інтарэсаў буйнога капіталу, што на фоне барацьбы з польскай зямляўласнасьцю яго «западно-русская» програма, абапёртая на падтрыманьне беларускага мужыка супроць польскага пана, на процілежнасьці іх нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных інтарэсаў, зьяўляецца парушэньнем асноў соцыяльнага ладу. Мы кажам — так было да пэўнай меры, дзеля таго што, як будзе відаць з далейшага разгляду, «западно-руссизм» безнадзейна заблытваўся ў соцыяльнай проблеме на Беларусі. Разважаючы аб зямельных адносінах паміж беларускім сялянствам і польскім памешчыцкім станам, ён ніяк ня мог выйсьці з зачараванага кола клясавых супярэчнасьцяй, таксама як не магла выйсьці з гэтага кола наогул расійская ўлада на Беларусі. Усе «западно-руссы», пачынаючы ад Гаворскага і канчаючы апошнімі прадстаўнікамі гэтае школы перад рэволюцыяй, добра разумелі, што пазбыцца польскага ўплыву на Беларусі магчыма адзіна шляхам скасаваньня тут польскае зямляўласнасьці і польскае магнацка-шляхецкае клясы; але разам з тым верныя царскай Расіі і яе клясавай уладзе, яны не маглі адкрыта за гэта агітаваць. Калі гэткія прызнаньні былі, дык звычайна справа канчалася маларэальнымі гутаркамі аб «прывабленьні» сюды расійскага зямляўласьніка або туманнымі і расплывістымі намёкамі. Зразумеўшы небясьпеку, Гаворскі накінуўся на варожы лягер са ўсім «сэмінарскім задорам» і разам з тым з максымальным падхалімствам.

«Скорятін думае нанесьці нам канчатковае паражэньне, аднак яго жаданьне застанецца толькі жаданьнем».— казаў ён. «Мы не хварэем на забабоны стану, але і ня ставімся да якой-небудзь клясы «злостно» або варожа. Мы заўсёды былі далёкі ад думкі, ад жаданьня абражаць гэткі паважны стан, як расійскае дваранства. Аднак, як бы ні было глыбака нашае паважаньне да буйных зямляўласьнікаў, мы ўсё-ж такі застаёмся пры нашым пераконаньні, што край больш і хутчэй русыфікуецца дробнымі, чым буйнымі зямляўласьнікамі. Безварункова, асабістыя ўплывы на народ буйнога зямляўласьніка, маёнткі якога сягаюць на дзесяткі вёрст і які ніколі ня будзе жыць у гэтых маёнтках, заўсёды будуць роўны нулю»[58].

«Скорятіну здалося не даволі паставіць нас у адказнасьць перад адміністрацыяй і перад дваранствам, ён хоча нас прадставіць як паручыцеляў найвышэйшага рэскрыпту аб спыненьні варожасьці паміж рознымі станамі дзяржавы. Ці ўзважылі вы фальшывасьць вашага даносу, ці разумееце вы сур'ёзнасць адказнасьці, да якой мы вас паклічам, калі вы яго не давядзеце?! Мы з малаком мацеры ўсасалі ў сябе тыя асновы, якімі прасякнуты натхненны рэскрыпт 13 мая. З таго часу, калі мы пачалі лапатаць словы: бог, цар, Расія,— і дагэтуль мы ўсёй істотай нашай служылі і служым гэтым асновам. «У нас нет сил высказать тот восторг, те слезы, то блаженство, с каким мы читали и лобызали этот незабвенный рескрипт, а вы, Скорятин, позволили себе глумиться над ним, извращать его богомудрые глаголы, делать из его святых слов кощунственное применение к вашим грешным помыслам, клеветать на одних из благоговейнейших его почитателей п провозвестников, глумиться над нашими слезами, нашим восторгом, нашей молитвой...» Мы вас пытаемся — дзе вы знайшлі хонь-бы пень непашаны нашае да права ўласнасьці наогул і да зямляўласнасьці ў прыватнасьці?»[59].

«Скорятін хапаецца некалькі разоў за слова «магнат»,— бараніўся Гаворскі,— але гэтая зброя яго выходзіць тупой і картоннай; яна паказала, што Скорятіну таксама далася філёзофія, як гісторыя, лёгіка і гермэнэўтыка. Слова «магнат» ёсьць слова ня польскае, але агульнаэўропэйскае. Яно абазначае разам і буйнога зямляўласьніка і славутага баярына, асабліва ўплывовую, важную асобу. Гэткая ўсёроўная і, зразумела, пазбаўленая абразы назва адрозьніваецца ў нацыянальным сэнсе эпітэтамі: магнат польскі, магнат расійскі ды інш. У стасунку да расійцаў мы вельмі рэдка ўжывалі слова «магнат», далучаючы да яго акрэсьленьне — «русский, православно-русский». Заўсёды-ж мы ўжываем звароты: «буйны зямляўласьнік», «вялікі буйны памешчык», і толькі адзін раз мы ўжылі слова «барин», калі яно выйшла ў тэксьце больш спадручным. Трэба-ж было Скорятіну прычапіцца хаць да чаго-небудзь, выпутацца з сеці дыялектыкі свайго праціўніка».

“Скорятін хацеў чым-небудзь давесьці, што наш погляд на міравых пасрэднікаў парушае найвышэйшы рэскрыпт. Спроба няўдалася, данос бяз доказаў! Ня гледзячы на вашую пагрозу, мы зноў гаворым, што зямляўласьніку не выпадае быць разгадчыкам спрэчных спраў паміж сабой і сялянствам і зусім упэўнены, што гэта ня толькі не супярэчыць рэскрыпту 13 мая, але і наогул зьяўляецца сьвятой ісьцінай. Дзеля таго і называецца міравы пасрэднік — пасрэднікам, што ён стаіць пасярод зямляўласьніка і селяніна. Іншая справа — міравы судзьдзя. Ён можа быць зямляўласьнікам, знаёмым у тэорыі ні на практыцы з законамі і судаводзтвам. А міравы пасрэднік павінен быць homo nullius, аднолькава адлеглым як ад памешчыка, так і селяніна. Паводле нашага пераконаньня, гэткім пасрэднікам або яго памоцнікам можа быць заслужоны сьвяшчэньнік як чалавек зусім безнадзейны і знаёмы з бытам сваіх вясковых суседзяў».

«Вашая інсінуацыя аб нівэліроўцы ёсьць чысты продукт вашае ўласнае фантазіі, і мы як цьвердзілі, так і цьвердзім, што не нівэліроўка, а мэтаморфоза адбылася ў гэтым краі, і адбылася яна ні ад чаго іншага, як ад няўнікнёнага бегу падзей. Свабода сялян, абавязковы надзел іх зямлёй, уласная ўправа паставілі хлопа па-за залежнасьцю ад пана, па-за ўсялякім уплывам пана на быт і дзейнасьць хлопа. Мінулае паўстаньне, пад час якога хлопы зьявіліся героямі, патрыотамі і мучальнікамі, а паны зраднікамі і забойцамі, канчаткова разарвала тую слабую соцыяльна-экономічную сувязь, якая магла ўтрымацца паміж імі пры іншым складзе політычных адносін”.

«Калі цяпер пан дарма выдаткуе ўсю сваю езуістыку, каб задобрыць хлопа, а гэты апошні адпіхае ад сябе ўмізгіваньні і залёты старога свайго мучыцеля; калі цяпер іншы хлоп хутчэй згодзіцца цярпець нэндзу, чым пайсьці па багаты заработак у пана, калі грошы, урэшце, у гэткай пропорцыі адліваюць ад пана, як прыліваюць да хлопаў,— дык што значыць цяпер для хлопа пан у якіх хочаце адносінах? Мы ня кажам, каб гэтае зьявішча было для нас вельмі прыемным, каб мы не жадалі польскім паном выхаду са створанага становішча, але факт застаецца фактам: зьмена на лепшае для паноў залежыць ад іх самых, ад зьліцьця іх з намі душой і целам, ад пакуты за здраду продкаў».

«Калі мы лічым, што дробная і сярэдняя зямляўласпасьць зьяўляецца лепшым сродкам русыфікацыі Заходняй Расіі, чым буйная, дык ці-ж праз гэта мы не змагаемся за правы ўласнасьці? Гуляйце сабе, шаноўны пане Скорятін, для каго хочаце,— гіронізуе Гаворскі,— але не накідайце п’есе таго сэнсу, якога яна ня мае, і калі вы зьбярэцеся пісаць зноў свае лісты з Вільні, падпісвайце іх — Л. Міраслаўскі, гэтак будзе больш прызвала».

Мы просім прабачэньня ў чытача за вельмі даўгія вытрымкі, прыведзеныя з «Вестника», але робім гэта сьвядома, бо для справы яны вельмі характарныя. З гэтае полемікі ясна відаць, што Гаворскі і рэдакцыя «Вестника», ня гледзячы на ўдалую атаку Скорятіна і яго саноўных аднадумцаў, ня надта страціліся ад таго, што пецярбурскія опонэнты падлавілі іх на «сэнсымонізьме». Прызываючы ў сьведкі ўсіх сьвятых у доказ сваёй бясконцай пашаны да буйнай зямляўласнасьці, яны, аднак, ня здалі сваёй асноўнай позыцыі — абароны дробнай зямляўласнасьці. * * * Знаёмячыся з паданай вышэй спрэчкай, мы спатыкаемся з вельмі цікавым пытаньнем аб тэй эканамічнай аснове, на якую абапіралася «западно-русская» ідэолёгія і аб тым клясавым інтарэсе, які стварыў гэтую грамадзкую плынь.

Разгляд пытаньня даводзіць, што «Вестник Западной России» далёка не выпадкова заняў позыцыю дробнай зямляўласнасьці. Бо хоць Муравьёв і яго партыя цьвёрда праводзілі сваю лінію, аднак дзякуючы опозыцыі Пецярбургу яна часта скрыўлялася. Муравьев, а за ім Кауфман і гр. Баранов ламалі на зямельнай справе сваю кар’еру, і патрэбна была вялікая ўпэўненасьць, каб такой малой пэрсоне, як Гаворскі, утрымацца пры сваім пераконаньні бяз хістаньняў.

«Паўстаньне ў тутэйшым краі можна лічыць амаль ліквідаваным, пісаў Муравьёв 31 жніўня 1863 г. міністру ўнутраных спраў П. Валуеву,— і трэба прыступіць да таго, каб зьнішчыць самы яго корань. Галоўная апора наша ў тутэйшым краі ёсьць вясковае насельніцтва: трэба яго як мага хутчэй уладаваць. Трэба адным ударам пакончыць з памешчыкамі польскага пахаджэньня, зацьвярджаючы на трывалай аснове незалежнасьць сельскага жыхарства»[60]. Крыху пазьней, 17 лістапада таго-ж году ён пісаў з падобным-жа зьместам прыватнае пісьмо Аляксандру ІІ: «Галоўнае — уладаваць быт сельскага насельніцтва і рашуча спыніць шкодны для яго ўплыў тутэйшых паноў. Трэба даць расійцам магчымасьць замацавацца тут»[61]. На гэтую-ж тэму пісаў Муравьёв шэфу жандармаў, князю Долгорукову[62].

Адпаведна выказанаму прынцыпу была апрацована запіска па зямельным пытаньні і проект закону аб конфіскацыях і публічных продажах маёнткаў польскіх памешчыкаў. у якім было цьвёрда зазначана, што «права на льготную пакупку ліквідаваных маёнткаў, на ўсялякія прывілеі і падтрыманьні з боку ўраду» маюць наогул усе расійскія грамадзяне «ня польскага паходжаньня»[63].

Хоць гэты проект атрымаў 5 сакавіка 1864 году санкцыю Аляксандра ІІ, аднак прызнана было «нязручным» апублікаваньне яго поўнасьцю, з паказаньнем на выключэньне асоб польскай нацыянальнасьці. Дзеля гэтага ва ўказе сэнату 3 красавіка 1864 г. жаданьне ўраду, каб конфіскаваныя маёнткі набываліся расіянамі, было вытлумачана не нацыянальна-політычнымі мэтамі, а мэтамі экономічнымі — недахопам на месцы патрэбных для разьвіцьця краю капіталаў: «Дзеля падняцьця заняпалай экономічнай дзейнасьці ў Заходнім краі, прызнаць патрэбным прыцягнуць з іншых губэрняў дзеячоў з «достаточными средствами».

У стасунку да расійскага элемэнту стаўка, як відаць, была зроблена на буйны капітал, на русыфікатараў са значнымі сродкамі. Аднак жаданьне Муравьёва ня было праведзена ў належным маштабе ў жыцьцё, і дзякуючы інтрыгам у Пецярбурзе ён сам мусіў хутка выехаць з Вільні.

Ня лепшы лёс спаткаў і яго наступніка — К. Кауфмана. Новы генэрал-губэрнатар з нямецкай упартасьцю наважыўся правесьці русыфікатарскі плян Муравьёва ў зямельным пытаньні. 23 лютага 1865 году ён дабіўся ад Аляксандра ІІ зацьверджаньня «правіл ацэнкі ліквідаваных польскіх маёнткаў», у якіх правілах прынцып буйнай зямляўласнасьці быў, аднак, захаваны: прымусовай ацэнцы падлягалі толькі маёнткі ад 300 да 1000 дзесяцін, большыя маёнткі падпадалі пад гэтую ацэнку толькі па асобным кожны раз меркаваньні. Для народных настаўнікаў і для валасных пісароў вялікарускага паходжаньня былі пры гэтым прадугледжаны вучасткі ад 30 да 50 дзесяцін. Мера гэтая таксама не дала значных вынікаў — куплялі зямлю звычайна чыноўнікі, якія не сядзелі на зямлі, пераяжджалі з месца на месца і абярталі набытую зямляўласнасьць на мэты спэкуляцыі.

Наступнай мерай была вядомая запіска К. Кауфмана, якую ён апрацаваў для Аляксандра ІІ разам з кіеўскім ген.-губэрнатарам Безанам: «О мерах преобразования землевладения в 9 губерниях Западного края на народно-русских началах». Запіска гэтая па загаду Аляксандра ІІ абмяркоўвалася на асобнай нарадзе ў Пецярбурзе пад старшынствам князя П. Голіцына і тут зноў разыгралася рашучая барацьба паміж прыхільнікамі програмы Муравьёва і яго опозыцыяй, сярод якой былі ня толькі асобы, блізка зьвязаныя з польскай зямляўласнасьшо на Беларусі, але і значная частка расійскай арыстократыі. У выніку запіска была усё-ж прынята, і 10 сьнежня 1865 г. быў прыняты закон аб тым, каб высланыя з Заходняй Расіі ўдзельнікі паўстаньня прымусова ці прадалі ці абмянялі свае маёнткі асобам расійскага паходжаньня на працягу двух год.

Аднак у зьвязку са сваёй напорыстасьцю зьляцеў і К. Кауфман — правядзеньне гэтага закону каштавала яму генэрал-губарнатарскага месца ў Вільні. Інтарэсы буйнога польскага зямляўласьніцтва на Беларусі мелі ў Пецярбурзе ня менш моцную руку, чым партыя мураў ёўская, і справа набыцьця «истинно-русским» элемэнтам зямель ня надта пасоўвалася наперад. Вось офіцыяльныя даныя аб руху расійскай зямляўласнасьці за 51/2 год — ад 5 сакавіка 1864 г. да 1 ліпеня 1870 г.[64] (гл. стар. 89).

Як відаць з гэтае табліцы, ня гледзячы на ўвесь уціск з боку расійскага ўраду, польская зямляўласнасьць страціла за гэты крытычны перыод мала чым больш 10 проц. свайго зямельнага багацьця. Пры гэтым трэба прыняць пад увагу, што гэтыя шэсьць год былі наогул часам крытычным для памешчыцкае зямляўласнасьці — незалежным ад політычных рэпрэсій і зьвязаным з вызвапеньнем сялян. Аб слабым разьвіцьці расійскай колёнізацыі Беларусі ў тыя часы і аб моцнай апорнасьці польскіх памешчыкаў, падтрыманых пэўнай часткай пецярбурскай арыстократыі, аднадушна гавораць усе сучасныя і пазьнейшыя дасьледчыкі. На гэтае-ж самае скардзіўся ня раз і «Вестник Западной России».

Пры гэткіх умовах бараніць расійскую зямляўласнасьць на Беларусі і бараніць дробную зямляўласнасьць у тых рашучых, а часам і рызыкоўных тонах, як рабіў гэта Гаворскі, можна было толькі пры поўным пераконаньні і пры сьвядомым разуменьні свайго клясавага інтарэсу. Мы кажам ласьне аб клясавым інтарэсе «западно-русской» школы, бо, бязумоўна, ён быў, і ён, а ні што іншае, у канчатковым выглядзе акрэсьліваў усю політычную і, калі можна гэтак сказаць, нацыянальную ідэолёгію гэтае школы.

Хто быў у тыя часы ў складзе «западно-русской» школы?

Яе складалі дробныя чыноўнікі, настаўнікі сельскіх і гарадзкіх школ ды гімназій, дробная мясцовая адміністрацыя, пачынаючы ад валаснога пісара і канчаючы пасрэднікам і спраўнікам, праваслаўнае духавенства, прыгародныя мяшчане, наогул тая сярэдняя краёвая праваслаўная беларуская інтэлігенцыя, якая па ліку была вельмі нязначнай, а па свайму грамадзкаму значэньню была значна слабейшай ад мясцовай беларускай інтэлігенцыі польскай культуры. Да яе, зразумела, належала і наплыўшая з цэнтральных губэрань вялікаруская «інтэлігенцыя». якая верхаводзіла справай русыфікацыі, але якая ідэолёгічнага аформленьня для «западно-русской» школы не давала і даць не магла. Экономічна ўся гэта мяшчанска-буржуазная кляса была, за рэдкімі выключэньнямі, незаможнай; значнай зямельнай уласнасьцю і капіталамі, якія адыгрывалі-б якую-небудзь ролю ў гаспадарчым жыцьці краю, яна не ўладала. Яшчэ і да паўстаньня, пры барацьбе на Беларусі польскіх і расійскіх культурных і экономічных уплываў, гэтая дробнабуржуазная кляса расійскай культуры цягнула за Расію, бо з боку ўсясільнай польскай зямляўласнасьці і польскай прамысловасьці яна не магла сустрэць спагадных да сябе адносін, солідарнасьці і падтрыманьня.

Паўстаньне і распачаты пасьля яго разгром польскай экономічнай сілы ў краі раскрылі прад гэтай клясам самыя спакусныя пэрспэктывы. Высокія пэнсіі, наградныя, ордэны, магчымасьць лёгка зарабіць і выбіцца па службе, рэквізыцыі па польскіх маёнтках і па гарадох, бесконтрольны разгул ўсясільнай адміністрацыі, якая абвесьціла вайну ўсяму польскаму, цёплыя месцы адміністратараў, судзьдзяў, пасрэднікаў, паліцэйскіх, настаўнікаў урэшце, вакханалія, якая пачалася ў краі з прымусовай ліквідацыяй польскіх маёнткаў, што прадаваліся з малатка па казённай ацэнцы і якія можна было набыць пры казённых пазыках за чужыя грошы на выплат у некалькі год і без усялякіх падаткаў,— усё гэта разам узятае не магло не захапіць чыноўнай і папоўскай праваслаўнай інтэлігенцыі і не аформіць яе політычнага сьветапогляду. Муравьёв ведаў, што рабі ў, калі ласьне на грунце экономічнай зацікаўленасьці наважыў стварыць у краі сваю спэцыяльную партыю. У гэтым сэнсе ён абапіраўся ня столькі на сялянства як клясавую сілу, а ласьне на гэтую дробна- буржуазную армію чыноўнікаў і валасных пісароў, якую ён вабіў аднолькава і ідэяй расійскай народнасьці і расійскім рублём.

Усе міласьці, усе грашовыя і службовыя выгоды ішлі для іх ад тае ўлады, якая рэпрэзэнтавала Маскву, ішлі ад «великой матушки России» з яе неабмежаванымі матэрыяльнымі магчымасьцямі, ішлі ад Пецярбургу, ад дэпартамэнтаў, міністэрстваў, прыдворных сфэр аж да самага «обожаемого монарха». Ішлі яны, урэшце, ад праваслаўнага сьвяцейшага Сыноду, ад славутага маскоўскага мітрополіта Філарэта, які ня толькі са сваіх конфэсыянальных, але і з агульна-політычных мэт падтрымліваў сыстэму Муравьёва.

Усе паказныя міласьці маглі быць набыты пры аднэй умове — пры служэньні расійскай уладзе, служэньні вялікай імпэрыі і ўзмацненьні яе вялізарнай сілы. Вось гэтыя экономічныя і матэрыяльныя выгоды ласьне і ляжалі ў аснове «западно-русской» школы, якая тым больш ненавідзела ўсё польскае, чым больш перад ёй вырысоўвалася магчымасьць заняць домінуючае, першараднае значэньне на Беларусі.

Вясковы сьвяшчэньнік і гарадзкі настаўнік, Палацкі архіварыус і супрацоўнік «Губэрскіх Ведамасьцяў” — усе гэтыя служылыя людзі кіраваліся загадам губэрнатарскай і архірэйскай улады і ў першую чаргу высоўваліся гэтай уладай на вышэйшыя ступені соцыяльнай драбіны; яны-то і павінны былі ў першую чаргу займаць месца тае шляхты і таго польскага памешчыка, якія выбіваліся са свайго прывілееванага становішча. Прынамсі, «западно-русские люди» са ўсіх сіл імкнуліся тое месца заняць. Паляк-пан мусіў, паводле выразу Гаворскага, пакланіцца «западно-русскому босоногому патриоту». На гэтым грунце і стварылася ў Вільні і наогул ва ўсёй Беларусі 60-х і 70- х гадоў тая атрутная, агідная атмосфэра, на якой пышнай кветкай закрасаваў політычны «западно-руссизм» тыпа Гаворскага, тая «западно-русская» скрайна русыфікатарская політычная партыя, прад якой пасавала і якой унікала больш прынцыповая і культурная група Кояловіча.

Па ступені сваёй экономічнай зацікаўленасьці ў русыфікацыі Беларусі, па шкурніцтву, прадажнасьці, беспрынцыповасьці «западно-руссы» Гаворскага мала чым адрозьніваліся ад вялікарускіх колёнізатараў, для якіх нічога, апрача голага грашовага інтарэсу, не існавала. Паўстаньне на грунт фаворытызму, расійская культурная зямляхласнасьць у «Северо-Западном» краі зусім лёгічна разьвілася ў афэру, спэкуляцыю, кулацтва. Аб дзяржаўных і нацыянальных інтарэсах ня было і ўспаміну. Кожны з прышэльцаў жадаў толькі што- небудзь сарваць у краі і хутчэй пакінуць яго. Палякі часта мелі рацыю, калі казалі аб узорах «маскальскага барбарства», якое прыносілі з сабой гэтыя культуртрэгеры[65].

Паўтараем, Гаворскі сьвядома бараніў дробную расійскую зямляўласнасьць, а ня буйную, бо гэтым самым ён бараніў і формуляваў клясавыя інтарэсы тае сацыяльнае групы, да якой ён сам і яго партыя належалі. У парадку «абрусеньня» зямляўласнасьці яго «западно-руссы» маглі разьлічваць заняць толькі сярэдняе месца — месца магнатаў заняць ім ніяк не выпадала. Гэтаму перашкаджала і адсутнасць у іх соліднага капіталу і прыналежнасьць іх да сярэдняга соцыяльнага стану. У нагароду за пераконаным яны маглі захапіць толькі сярэднюю гаспадарку, параўнальна дробны кавалак зямлі. У сваю чаргу і ўлада была зацікаўлена ў тым, каб чыноўнік і настаўнік набывалі сабе невялічкія маёнткі. У гэткі спосаб вырашалася складаная для расійскага скарбу задача компэнсаваць вялізарную армаду новых служкаў «вялікай Расіі» пэнсіяй за выслугу гадоў, якая пэнсія займала досыць вялікую стацьцю ў дзяржаўным бюджэце. Кожны ген.-губэрнатар дасканала ведаў, што 50-процантная надбаўка для ўсёй гэтай армады не магла быць вечнай — трэ’ было страхавацца на будучыя гады. Падобнай страхоўкай-кампэнсацыяй і павінны былі зьяўляцца дробныя, у 30-50 дзесяцін, зямельныя вучасткі. Аб гэтай абапольнай зацікаўленасьці ў «Вестнику» знаходзім ня мала красамоўных і малюнкавых доказаў.

«Для абрусеньня Заходня-Рускага краю няма іншага спосабу, як ачысьціць гэты край ад польшчызны ачысьціць, зразумела, не запароскім спосабам (sic!), але шляхам надзелу зямлёй расійскіх чыноўнікаў. Мы схіляемся перад гэтай мерай і выказваем вось якое пажаданьне. Дзеля таго што ў апошнія часы зьявіліся ў нашай прэсе чуткі, быццам сума штогодніх дапамог, пэнсій, якія атрымліваюць адстаўныя чыноўнікі ўсіх службаў, зрабілася занадта цяжкой для дзяржаўных фінансаў, дык напэўна знайшлося-б шмат такіх расійцаў, якія заместа пэнсіі ахвотна замацавалі-б за сабой у вечнае ўладаньне конфіскаваныя або сэквэстраваныя маёнткі ў Заходнім краі. Бязумоўна — пэнсіі трэба замяніць вучасткамі зямлі[66].

«Уявім сабе,— марыць «Вестник»,— што ўсе перашкоды асілены — і вось са ўсіх канцоў Расіі едуць у Заходні край чыноўнікі- пэнсіянэры са сваімі сем’ямі, устрайваюцца тут на жыцьцё на вызначаных ім вучастках заводзяць гаспадарку і мала-па-малу ствараюць сваю ўласную інтэлігенцыю, рускую ў рускім краі, прад якой ранейшая польская павінна нямінуча стушавацца. Гэткім чынам расійская зямляўласнасьць у гэтым краі замацавалася-б ня толькі de skripto, але і de facto, і край набыў-бы рускую фізіяномію. Па ліку тутэйшага простага народу гэты край і цяпер рускі, і быў, і будзе рускім, але справа ідзе не аб простым народзе, але аб замене яго тутэйшай крамольнай інтэлігенцыі — чыстай расійскай інтэлігенцыяй. Цяпер шмат якія рускія ня хочуць заставацца на сталае жыхарства ў Заходнім краі, між іншым, таму, што няма тут расійскага грамадзтва, няма дзе адпачыць душой. Гэтая няпрыемнасьць сама сабой зьнікла- б, калі край засяліўся-б расійскімі зямляўлаеьнікамі і, як-бы па знаку чароўнае рукі, хутка адбылося-б жаданае абрусеньне».

«Апрача абрусеньня краю, праз гэтае сапраўднае асталяваньне тут расійскіх сямействаў, мы дасягнулі-б другога жаданага на карысьць людзкасьці рэзультату, асабліва для нашае бацькаўшчыны,— зьнішчылі-б, а то, прынамсі, паменшылі-б лік чыноўнага пролетарыяту. Ёсьць шмат адстаўных чыноўнікаў, якія ня маюць, што называецца, ні кала, ні двара і якіх у выпадку сьмерці хаваюць суседзі звычайна ў складчыну... А дзе-ж пасьля маёй сьмерці будзе жыць мая ўдава і мае дзеці? — горка пытаецца гэткі чыноўнік. Зусім інакш адчуваў-бы ён сябе, калі-б у яго быў невялічкі, гэтак прыблізна дзесяцін у 500, маёнтачак з выплатай на 20 год, а ў гэтым маён тачку ён знайшоў-бы гатовы дамочак і атрымліваў-бы ён з гэтае зямлі сталы, хоць-бы невялічкі, прыбытак... Калі-б у будучыні сямействы гэтых працаўнікоў пажадалі-б разьдзяліцца — тым лепш. Тады яшчэ больш было-б у краі самастойных расійскіх зямляўласьнікаў, і мэта абрусеньня краю зрабілася-б яшчэ бліжэй».

«А каб гэтую мэту наблізіць яшчэ больш,— можна было-б даваць невялічкія вучастачкі ў 100, 50, 30 і нават у 20 дзесяцін у замену пэнсіі гэткім пэнсіянэрам, якія атрымліваюць маленькія пэнсіі ў 300 руб., 200 руб. і менш. У гэткі спосаб дрэўні Рым заводзіў свае колёніі са сваіх заслужоных людзей, якія, замацаваўшыся на вызначаных ім мясцох, з удзячнасьцю казалі: «Deus nobis hoс otium fecit».

«Гэткім чынам, у Заходнім краі Расіі супроць польскай інтэлігенцыі вырасла-б твар да твару расійская інтэлігенцыя, складзеная з адстаўных расійскіх чыноўнікаў з іх сямействамі. А дробныя пэнсіянэры, у тым ліку адстаўныя жанатыя унтэр-афіцэры і салдаты, паселеныя на казённых вучастках, грудзьмі сталі-б супроць дробнай шляхты і, бязумоўна, зацерлі-б яе».

«Наперад, браты, наперад! — упэўнена канчае «Вестник» свае разважаньні на гэтую прыемную тэму.— Прызваныя лёсам божым да заснаваньня расійскага жыцьця ў дрэўнім расійскім краі, будзем варты гэтага вялікага прызваньня. Агульнай нашай працай давядзем гісторыю да таго, каб нашы патомныя назвалі нас сваімі добрадзеямі»[67]

  • * *

Цэлых чатыры гады — ад канца 1864 да 1868 г.— К. Гаворскі і ўся група «Вестника Западной России» адчувалі сябе ў Вільні дасканала і не маглі скардзіцца на адносіны да сябе з боку мясцовае ўлады. Як спачатку М. Муравьёв, так пасьля К. Кауфман і гр. Баранов, ня кажучы ўжо аб І. Корнілаве, лічылі Гаворскага «сваім чалавекам», «сваёй» партыяй, хоць асабіста ня пускалі яго да сябе блізка; у асабістых адносінах ён быў асобай не таго кругу. Падтрыманьне «Вестника» ў форме прымусовай падпіскі, няўласных дотацый і карыстаньня з сакрэтнага фонду было яму забясьпечана, і ўсе мясцовыя опонэнты яго былі заціснуты ў кулак. У гэты час ён мог з гордасьцю крычаць на ўсю Расію, што толькі яму аднаму належыць гонар барацьбы за Заходні край, за яго абрусеньне і зьнішчэньне палякаў.

«Раз і назаўсёды павінны мы цяпер заўважыць,— кажа Гаворскі ў момант найбольшай сваёй «славы»,— што ініцыятыва па вырашэньні так зв. польскага пытаньня належыць не Катковым, не Аксаковым і Каяловічам, як шмат хто дарма думае, а ласьне нам, дакумантальным сьведчаньнем чаго служыць выдаваная намі ў 1837- 58 г. неофіцыяльная частка Віцебскіх Губ. Ведамасьцяў розныя брошуры да 1860 г., а галоўней за ўсё — выдаваны з 1862 г. «Вестник Западной России».

Але вось ужо ў 1867-68 г. зьявіліся першыя праявы заходу яго зоркі. Першай праявай зьявілася гісторыя з запытаньнямі віленскай і пецярбурскай прэсы наконт шасьцітысячнага фонду, на які павінен быў выдавацца народна-беларускі часопіс «Друг Народа»[68]. Першая запыталася аб гэтым «Современная Летопись» (1867 г., № 28), у якой корэспондэнт з Вільні, падпісаны «Белорусс», даводзіў, што адзін нумар гэтага часопісу быў нават выданы, але што цяпер ва ўсім краі яго нельга дастаць на вагу золата. Затым аб гэтым запыталіся «Московские Ведомости», якія ў лісьце да чытачоў казалі, што пытаньне аб выданьні ў Вільні таннай газэты для народу было зьнята, па запэўненьнях адных — дзякуючы дамаганьням пецярбурскіх полёнофілаў, а па запэўненьнях другіх — дзякуючы «клерыкальнай партыі», якая засела ў Вільні і знайшла выданьне «Друга Народа» лішнім, хоць ня лішнім лічыць атрымліваць з дзяржаўнага скарбу шэсьць тысяч штогод. Урэшце, і ў «Виленском Вестнике» (1867 г., № 133) была надрукавана перадавіца, у якой таксама паведамлялася, што карыснай справе выданьня народнага часопісу перашкаджала ўвесь час так зв. «клерыкальная партыя».

Хоць са ўсёй гэтай перапіскі нічога ня вышла і Гаворскі здолеў ліквідаваць няпрыемную гісторыю, аднак, дзякуючы таму, што справа была агалошана, існаваньне «Вестника» было пастаўлена пад знак запытаньня.

Другой адзнакай зьявілася полеміка яго са Скорятіным і наогул з тэй пецярбурскай прэсай, якая ішла вайной супроць рэжыму Муравьёва. Хоць хістаньні ў гэтым пытаньні былі ў Вільні хутка спынены пад уражаньнем заявы гр. Баранова, які на прыёме віленскага дваранства заявіў, каб яно «оставило пустые мечтания» і спыніла распаўсюджваць няправільныя чуткі аб зьмене рэжыму, і хоць Гаворскі, як паказана вышэй, мог трыумфаваць сваю перамогу, аднак яго трыумф і перамога былі часовымі. З пачаткам 1868 г., г. зн. з прыездам у Вільню чацьвёртага па чарзе начальніка краю, ген. Потапова, «Вестник» пачынае ўсё больш траціць ранейшы ўпэўнены тон і на яго старонках усё часьцей пачынаюць зычэць ноткі расчараваньня і пэсымізму. Пад уплывам гэтага настрою Гаворскі пачынае з большай уважлівасьцю ставіцца да «тутэйшага» народу, незадаволены адносінамі цэнтральнай улады да мясцовага духавенства, урэшце, адважваецца заявіць, што паміж наплыўшымі з Расіі расійскімі чыноўнікамі і «тутэйшымі рускімі» ня ўсё добра.

«Пры адносна слабым колькасным элемэнце расійскай інтэлігенцыі ў Заходняй Расіі галоўную ў ёй сілу складае просты народ. На гэтую сілу варта зьвярнуць увагу з боку моральнага, экономічнага і політычнага. Моральны бок заходня-рускага простага люду ў параўнаньні з іншымі ня можа ня радаваць нагледача. Большасьць распаўсюджаных у іншых народаў учынкаў у заходня-русаў разьвіты слаба; гэты народ амаль не знаёмы з раскошай, гвалтам, разгулам. Сямейныя адносіны тутэйшага простага народу не такія дзікія і свавольныя. Зладзействы, разбоі і падпалы тут значна радзей, чым у іншых мясцох. Нават п’янства ня гэтак агідна і ня так шырака разьвіта, як у большасьці вялікарускіх губэрань. Ня гледзячы на малаўрадлівасьць тутэйшых грунтоў і на неўраджаі апошніх год, тутэйшы селянін амаль не цярпеў ад голаду; пры пашырэньні сельскае гаспадаркі і пры высокіх цэнах на рабочыя рукі пролетарыят на вёсцы — зьява амаль нябывалая. Аднак,— застаецца Гаворскі верным сабе,— політычна важнай зьяўляецца толькі праваслаўная частка простага народу, каталіцкая больш цягне да польскага пана, чым да расійскага прастолу».[69]

Незадаволены Гаворскі і новым курсам да праваслаўнага духавенства, «політычная місія якога ня цэніцца нават сваімі», якога абражаюць у недахопах ведаў, добрых намераў і нават «политической благонадежности», гамоняць аб яго адсталасьці, обскурантызьме. «Падслуханае ў сям’і тутэйшага духавенства польскае слова, заўважаны ў яго хаце польскі абраз з лацінскай назвай, нічога нявартае адступленьне ад маскоўскае абраднасьці, нават фасон вопраткі і ўмовы жыцьця жаночага полу — усё гэта ставяць у дакор тутэйшаму духавенству. У зьвязку з гэтым нашае духавенства адсоўваюць ад удзелу ў кіраваньні жыцьцём народу. Нашто гэтак рабіць, нашто капацца ў тым гістарычным пыле, які прыляпіўся да тутэйшага духавенства і ад якога ён ня здолеў пазбавіцца канчаткова? Што нарастала праз вякі, ад гэтага нельга вызваліцца адразу»[70],— паўтарае «Вестник» словы І. Сямашкі.

Заўважае Гаворскі, што і расійскія чыноўнікі ня столькі служаць Расіі, як сабе, што яны «асабліва любяць прыбытковыя месцы», і выражае пажаданьне, каб сярод іх ня было ўглаватасьцяў, інтрыг, зайздрасьці і «каб расійскія ў краі госьці мелі больш пашаны да расійскіх гаспадароў краю».

Відаць, «расійскія госьці» пачалі дапякаць і «гаспадару» Гаворскаму, пачалі і яму вытыкаць «гістарычны пыл».

Праз год зрабілася яшчэ горш, і «Вестник» усё больш, усё настойлівей пачынае скардзіцца на «происки недоброжелателей», на грамадзкую антыпатыю, на тое, што яго перастаюць чытаць. Прызнавацца ў гэтым яму асабліва цяжка таму, што ён лічыць за сабой не адну вялікую заслугу: ён «першы з грознай зброяй гістарычнай ісьціны (гл. вокладку часопісу) пачаў граміць лацінска-польскую пропаганду, выкрыў падземную агітацыю рэволюцыйных партый, раскідаў у гэтых мэтах, таксама як у мэтах абрусеньня краю, дзесяткі тысяч «Бесед к простому народу, живущему на западе России»; зьнішчыў украінафільскую партыю з яе органам «Основой», быў душой і штурхачом народных адрасоў, што «образумили Европу и объединили Россию»; ён першы абвесьціў Герцэна «отъявленным мерзавцем», першы заявіў, што польская сіла ў польскай зямляўласнасьці і што трэба зямлю польскую абярнуць у зямлю рускую, першы зазначыў верны пагляд на ролю расійскае асьветы на захадзе Расіі»[71] і г. д., і г. д.

«І ўсё-ж такі,— прызнаецца «Вестник»,— сумна ўспамінаць, што большасьць нашай прэсы ніводным словам ня выказала спачуцьця нам, не падтрымала «Вестник»... Найбольш шкодна і сумна тое, што «Вестника», які прышоў да сваіх, нават і свае ня прынялі. У яго шмат ворагаў сярод сваіх, сапраўдных рускіх, якія, здавалася-б, павінны былі-б любіць яго і спагадаць яму, а ня выказваць яму нейкую незразумелую антыпатыю»[72].

У чым прычына? — пытаецца «Вестник» і зазначае цэлы шэраг прычын: для адных ён няпрыемны як моцны антыпод полёнізму, для другіх — сваім праваслаўным напрамкам; лібэралы і нігілістыя ня любяць яго за «печатные дерзости», уплывовыя людзі — за грубы тон.

Скаргі і жальбы Гаворскага былі сьведчаньнем канчатковага яго заняпаду. У 1870 годзе гэты «адважны прожэкцёр» моцна захварэў псыхічна і 20 мая 1871 году памёр. Апошнія кніжкі «Вестника Западной России» вышлі пад рэдакцыям рэдактара-супрацоўніка І. Эрэміча — у чэрвені 1871 г.

«Виленский Вестник» прысьвяціў сьмерці Гаворскага 10 радкоў хронікі, а «Літоўскія Епархіяльныя Ведамасьці» — роўна тры радкі.

«Вось нагарода стойкаму барацьбіту за праваслаўе і рускую народнасьць у Заходнім краі!» — горка зазначае з гэтай прычыны А. Сапунов.

  • * *

Трынаццаць радкоў віленскай прэсы аб Гаворскім у дзень яго сьмерці былі зьявай вельмі сымболічнай. За ўсе пяцьдзесят год, што мінулі з таго часу, аб Гаворскім і яго «Вестнике Западной России» было напісана пропорцыянальна яшчэ менш.

У чым крыецца прычына гэтае з’явы? — спытаемся мы ў сваю чаргу. Чым вытлумачыць, што аб часопісу, які выдаваўся на працягу амаль дзесяці год у самую бурную эпоху жыцьця Заходняга краю, аб часопісу, які як-ні-як складае каля сотні кніг і які гэтак нэгатыўна адбіўся на грамадзкім і культурным жыцьці 9 губэрань («сев.-западных» і «юго-западных»),— што аб гэтым часопісе так мала напісана? Сапраўды, ня кажучы ўжо аб прогрэсыўнай расійскай прэсе і літаратуры, якая мела ўсе даныя, каб не заўважаць яго, не ўспамінаць аб ім, але нават і ў так зв. «патрыотычнай» расійскай літаратуры аб К. Гаворскім і «Вестнику» напісана да сьмешнага мала. Мы перагарнулі даволі літаратуры з 60-70-х гадоў, даволі досьледаў і ўспамінаў аб гэтай эпосе і аб тагачаснай Вільні — і толькі ў самых рэдкіх выпадках[73] сустрэліся з весткамі аб ім і з крытыкай на яго. Дзіўна, што нават гэткія асобы, як І. Корнілов у сваіх працах аб мураўёўскім часе, Міловідов у сваіх досьледах аб тым-жа, Жыркевіч у біографічным нарысе акад. Чагіна, аднаго з бліжэйшых супрацоўнікаў М. Муравьёва і Кауфмана, Спрогіс у сваіх успамінах аб Вільні 60-х гадоў, Мосолов, дэ-Пуле, М. Каяловіч, урэшце Іосіф Сямашка ў сваіх вялізных трохтомных запісках і г. д.,— ніхто не ўспамінае імя Гаворскага, ніхто ня спыняецца над яго дзейнасьцю. Няма яго імя ў пратаколах «Северо-Зап. Русского Географического О-ва», заснаванага ў Вільні ў 1867 г., не ўспамінаецца яго асоба і ў перапісцы самога Муравьёва з рознымі асобамі ды ўстановамі. І што асабліва дзіўна, нават бліжэйшая «западно-русская» брація, якой у той час далёка не бракавала ў Вільні і наогул на Беларусі, што яна таксама як- бы цураецца і абыходзіць моўчкі дзесяцігодны пэрыод выданьня «Вестника». Толькі ў пазьнейшых зборніках С. Шолковіча (1887 г.) зроблена невялікае выключэньне: дадзена тры-чатыры артыкулы з «Вестника» і то пераважна даведачнага, а не прынцыповага значэньня.

Недарма А. Пыпін, робячы ў 80-х гадох агляд дзейнасьці газэт і наогул літаратуры ў Вільні пэрыоду Гаворскага, гаворыць аб «Вестнику» як аб ужо забытым выданьні. Недарма яшчэ раней, пры выданьні апошніх нумароў «Вестника», газэта Каткова «Московские Ведомости», спачуваючы, казала аб ім як аб часопісу, які мала чытаюць.

Што да агульнай расійскай літаратуры і крытыкі, якая ў пераважнай сваёй частцы заўсёды кіравалася опозыцыйнымі настроямі ў стасунку да ўраду і яго політыкі, дык тут, як сказана, рэзка адмоўныя адносіны да «Вестника» Гаворскага былі зразумелыя. Якой популярнасьцю мог карыстацца ў 60-я гады «Вестник», калі на яго старонках ішла часам пропаведзь шкоднасьці асьветы для «низших сословий», калі ён прапаведваў царкоўна-славяншчыну, калі ён мяшаў Шэўчэнку з гразёй, Костомарова абзываў «врагом отечества», а вядомага Н. Страхова — бліжэйшага супрацоўніка Достоевскага — лаяў «недоучившимся публицистом» і раўняў яго адначасна з Іудай, з Хамам і Геростратам. Грубы і злосны тон «Вестника», блізкасьць да Муравьёва і яго паліцыі, прывычка канчаць дыскусію ў сваім часопісу даносам на опонэнта ў адпаведны дэпартамэнт — усё гэта рабіла «Вестник» такім органам, з якім мець справу было ня толькі мала карысна, але проста небясьпечна. У вачох усёй расійскай грамадзкасьці таго часу партыя «Вестника Западной России» зьяўлялася якімсьці «мрачным сонмищем», партыяй цёмных пралазаў, якія гатовы былі зьесьці ня толькі Польшу, Палякоў і каталікоў разам з рымскім папай, але якія гатовы былі зьесьці і ўсё расійскае не-казённа-праваслаўнае. Недарма па яго адрасу казалі, што «Вестник Западной России» быў віленскім портрэтам славутага «Маяка» з дадаткам новых «політычных ідэй», што Гаворскі быў беларускім адбіткам Магніцкага і Руніча.

Была і другая прычына, на гэты раз выкліканая ўмовамі мясцовага характару. Калі ў стасунку да агульнарасійскае прэсы і грамадзкага жыцьця «Вестник» Гаворскага захоўваў грубарэакцыйны, паліцэйскі тон, дык у стасунку да «западно-русской» справы ім быў узяты тон фальшывы.

Непопулярнасьць «Вестника» ў тагачасным мясцовым жыцьці на Беларусі, адмоўныя адносіны да яго з боку тых людзей і тых соцыяльных груп, клясавыя інтарэсы якіх ён бараніў, тлумачыцца тым, што ён у сваёй абароне ці, лепш сказаць, у сваім разуменьні «западно-русских» інтарэсаў пайшоў ня тэй дарогай, якой належала, і перайшоў тыя граніцы магчымага і патрэбнага, якія гэтымі інтарэсамі зазначаліся.

Памылка Гаворскага і яго аднадумцаў была ў тым, што яны надалі заданьню русыфікацыі Беларусі залішне чыноўніцкі характар. Падобны кірунак дзейнасьці Гаворскага кідаўся ў вочы ня толькі мясцовым «западно-русским людям», але нават шмат каму з прыехаўшых расійцаў. Так, прыкладам, аб гэтым вельмі рашуча пісаў П. Безсонов, адзін з тых, каго Корнілов выклікаў з Масквы для «обрусения» Беларусі, каму была даручана мураўёўская «реформа» Віленскага музэю і кіраваньне работай Віленскай Археографічнай Камісіі. Безсонов блізка зышоўся з некаторымі віленскімі працаўнікамі з расійскага лягеру, між іншым, з рэдактарам «Віленского Вестника» М. дэ-Пуле, А. Казановічам, нават з дырэктарам маладэчанскай сэмінарыі Забеліным, але вельмі далёка быў ад «мрачнага сонмища» Гаворскага. Не рызыкуючы заявіць свае погляды на месцы ў Вільні, ён па звароце ў Маскву пісаў аб іх наступнае:

«Западно-русских» людзей не жадалі мы вітаць у гэткім мундыры і з форменымі гузікамі. Не корэспондавалі ім у Пецярбург і ня кланяліся ім на месцы. Мы іх шукалі сярод мясцовых ураджэнцаў і сталых жыхароў, якія-б дасьледвалі сваю гісторыю і не пакідалі-б асаблівых адзнак сваёй мясцовай гутаркі. Мы разумелі «русение» і «обрусение» ня ў грубым, гэтак хутка з’агідзеўшым сэнсе, але ва ўздыме мясцовых сіл, прызваных пасоўваць наперад лёсы краю, і пабраціму прынесеных моральных і інтэлектуальных сіл расійскіх. Перамога фразы не прадстаўлялася нам перамогай расійскае справы: «ксяндзоўства, шляхецтва, польскія інтрыгі і пропаганда, злосныя подступы ворагаў, фанатызм і рускі чалавек як герой краю» — усе гэтыя выразы ня ліліся з нашых вуснаў... Політычнае, панашаму, было ня тое самае, што паліцэйскае, а дзяржаўнае — ня тое самае, што чыноўніцкае. Арэндаў, знакаў удзячнасьці, выгодных камандыровак і ўвагі начальства мы не дамагаліся... Займаючыся гісторыяй краю, мы не ўглядалі яе ў апісаньнях патрыотычных сьвяткаваньняў, у клопатах аб асьвеце, мы лічылі, што гэта не адно і тое, што рэгулярна адседжваць «пэдагогічныя вечары». Дасьледуючы на месцы беларускую песьню, мы не дабачылі перамогі расійскае народнасьці, калі хто-небудзь у ап’яненьні садзіўся на берагох Вяльлі ў шырокі круг і пачынаў пяяць «Вниз по матушке по Волге»[74].

Характарыстыка Гаворскага і яго партыі дана тут надзвычайна трапна: ласьне гэта ён, Гаворскі, прадстаўляў сабой «западно-русса» ў форменых гузіках, гэта ён блытаў політычнае з паліцэйскім і дзяржаўнае з чыноўніцтвам, гэта ласьне ён сачыў за патрыотычнымі сьвяткаваньнямі і за «пэдагогічнымі вечарамі» Корнілова, гэта ён разам са сваёй партыяй пяяў у Вільні замест беларускай народнай песьні — «Коль славен» і «Вниз по матушке по Волге». Разам з тым ён старанна ўнікаў назовы «Белоруссия» і вытыкаў сваім корэспондэнтам, калі яны нават слова «Западная» Расія пісалі з вялікай літары.

Мясцовыя работнікі, тыя «западно-руссы», якія не сароміліся свайго беларускага паходжаньня, усе тыя чыноўнікі, бацюшкі, настаўнікі і інш., якіх іхняя мясцовасьць абыходзіла, не маглі быць задаволены гэткім напрамкам дзейнасьці Гаворскага: мімаволі выходзіла, што ня толькі польскае, але і наогул усё мясцовае ня мае ніякае цаны і павінна быць зьнішчана. Выходзіла, што, вызначаючы тут на Беларусі выключна толькі «истинно-русский» элемэнт, «Вестник» Гаворскага адпіхаў на другі і трэці плян мясцовых «западно-руссов», якія хоць і ня лічылі сябе сапраўднымі вялікаросамі, аднак ня лічылі сябе і горшымі за іх як у справе русыфікацыі Беларусі, так асабліва ў справе барацьбы з полёнізмам. Яны справядліва лічылі, што падобны напрамак дзейнасьці Гаворскага яўна ім шкодны, што ён пазбаўляе іх усялякай ролі ў краі і што пры гэтай умове яны ня будуць мець ніякае карысьці ад новага ўрадовага курсу.

Падобнае пераконаньне акрэсьлена падмацоўвалася об’ектыўнымі лічбамі пераходу ў рукі мясцовых чыноўнікаў польскай памешчыцкай зямлі. Чым далей, тым больш рабілася ясным, што ратыфікацыйная кампанія Гаворскага падмацоўвае выключна наехаўшае расійскае чынавенства, вялікарускіх русыфікатараў, і што чым далей, тым больш з рук мясцовых «западно-руссов» высьлізгаюць тыя экономічныя выгоды, якія павінна была-б ім прынесьці вайна з польскім памешчыцкім станам[75].

Рэдакцыя «Вестника» пры канцы сваёй дзейнасьці як-бы агледзелася і, як заўважана вышэй, пачала шукаць новы грунт, пачала абіраць іншы шлях сваёй «западно-русской» пропаганды. У ёй самой як-бы зазначаецца рэакцыя супроць наплыўшых пагардлівых вялікаросаў, супроць іх бясспрэчнага прыорытэту і заціраньня мясцовых работнікаў. Калі ў Маскве пачалі гаварыць, што пераварачэньне вуніятаў на праваслаўе ня мела і найменшага ўплыву на русыфікацыю краю дзеля таго, што ўсе мясцовыя папы засталіся пастарому ўжываць сваю мову, свае звычаі, выхаваныя ў польскім духу, што яны толькі па загаду стараюцца быць расійцамі і што гэткія ня могуць быць карыснымі ў справе абрусеньня Беларусі і павінны быць заменены духавенствам з цэнтральных губэрань,— рэдакцыя «Вестника» (праўда, ужо без Гаворскага, які сядзеў у той час у псыхіатрычнай вольніцы) адважылася цьвёрда стаць на бок «ополяченных батюшек». Яна адважылася растлумачыць, што калі гэтыя «батюшки» гавораць са сваімі старушкамі папольску, дык у гэтым няма нічога процідзяржаўнага. «Мова польская ў вуснах не-паляка мае значэньне не політычнае, а бытавое»,— казаў «Вестник». «Калі ў пэўнай мясцовасьці, дзе насельніцтва гаворыць сваім асобным дыялектам, лічаць абавязковым вывучаць гэты дыялект і калі выкладаньне польскае мовы лічылася абавязковым у кіеўскай акадэміі і ва ўсіх сэмінарыях да 40-х гадоў, дык што тут дзіўнага і злачыннага, што некаторыя сьвяшчэньнікі не забыліся яшчэ польскае мовы і ўжываюць яе часам у прыватным жыцьці. Трэба быць занадта прычэплівым і падазрэнным, каб углядаць у гэтым здраду»[76].

Аднак як расчараваньне агульнымі ўмовамі жыцьця на Беларусі было з яго боку спозьненым, таксама спозьненым быў вызначаны ў канцы існаваньня «Вестника» паварот яго да іншага разуменьня форм і задач «западно-руссизма». Фізіономія Гаворскага і яго групы была залішне выразнай і одзіознай, каб ёй можна было набыць новую форму і новы зьмест. Да ўсяго, група гэтая была ў значнай ступені выпадковай, сабранай ня столькі для служэньня програме, колькі для служэньня сваёй кішэні. Пры ўсіх выпадках апошняя перамагала над прынцыповымі разважаньнямі.

У зьвязку з гэтым дзейнасьць Гаворскага не пакінула пасьля сябе сьлядоў. Як толькі ў Вільні павеяў новы вецер, больш спакойны ў стасунку да палякаў і больш об’ектыўны ў стасунку да мясцовага жыцьця, як толькі спынілася матэрыяльнае падтрыманьне «Вестника» з боку генэрал-губарнатарскай канцылярыі і з боку літоўскага епархіяльнага кіраўніцтва, асірацелага пасьля сьмерці І. Сямашкі,— «Вестник Западной России» сам сабой закрыўся, а грамада яго супрацоўнікаў, усялякіх Сімашковічаў, Казлоўскіх, Кулжынскіх, Зубатычкіных, Маврыцкіх, Вольнэраў, Пахманаў ды іншых, ня менш вядомых літаратараў, рассыпалася бяз сьледу.

Сьцяг «западно-русской» школы і разьвіцьцё яе ідэолёгіі перайшлі ў другія рукі — больш выпрацаваныя і больш адпаведныя вымогам чарговага грамадзкага пэрыоду.

  1. «Живописная Россия», т. ІІІ, очерк VII: «Просвещение и народное творчество в Литве», стар. 134.
  2. А. И. Миловидов «Судьба русской книги в Северо-Западном крае в связи с его культурной историей», стар. 27.
  3. Виленские Губ. Ведомости, 1864, № 1. Па пытаньні аб расійскай кнізе на Беларусі ёсьць процілежныя апініі. Прыкладам, П. Шпілеўскі («Путешествие по Полесью и Белорусскому краю», СПБ, 1858, стар. 66) кажа адваротнае. Пад час падарожжа на Беларусі ён «радаваўся посьпехам асьветы ў ёй, знаходзіў шмат людзей, якія разважалі аб Гоголі і Жукоўскім таксама, як аб Дыкенсу і Тэкэрэю», у дамох знаходзіў расійскія часопісы. Відаць, расійская мастацкая літаратура і прэса знаходзілі тут сабе прызнаньне; адзіна падручнік расійскі ня меў тут збыту.
  4. Сборник Шолковича, т. ІІ, «Причины неуспеха в Зап. крае русского дела», стар. 294.
  5. Сборник «Памяти М. Муравьёва», стар. 5.
  6. И. П. Корнилов «Русское дело в Сев.-Западном крае», письмо И. Деляшову.
  7. Арх. віл. ген.-губ., 1866, № 1541. гл. Миловидов, ор. cit.
  8. «Замечания на проект устава общеобразовательных учебных заведений и на проект общего плана устройства народных училищ», 6 томов, СПБ, 1862.
  9. «Замечание на проект», т. ІІ, стар. 442.
  10. Ibid., т. V.
  11. «Памяти М. Муравьёва», артыкул І. Корнілова: «По вопросу об издании народного журнала в Северо-Западном крае», стар. 164184.
  12. «День», 1863, № 25.
  13. «По вопросу об издании народного журнала», стар. 170.
  14. «В. Зап. России», 1865/6, кн. 12, отд. IV, стар. 339: «Размышления редакции по поводу кончины М. Н. Муравьёва».
  15. «Вестник Западной России», 1864, кн. І.
  16. Адносіны да М. Муравьёва былі рэзка процілежныя. У Маскве ў яго была група прыхільнікаў з віднейшых правых славянафілаў на чале з мітрополітам Філарэтам, Погодиным, Тютчэвым і Катковым, для якіх Муравьёв быў правадыром, «русским богатырем», якая бачыла ў ім збаўцу Расіі, яе гордасьць; у Пецярбурзе, наадварот, да яго адносіліся з няскрыванай антыпатыяй. Увесь арыстакратычны, тытуляваны Пецярбург, прадстаўлены гр. Шуваловым, Кн. Суворовым, кн. Долгоруковым, баронам Лівеном, якія былі блізкія да цара Аляксандра ІІ і стваралі яго інтымны гурток, ставіліся да яго з агідай. Ненавідзелі яго і вышэйшыя чыноўнікі, у тым ліку мін. Унутр. спраў П. Валуев. Муравьёв ведаў аб гэтых адносінах Пецярбургу (гл. П. Барсуков «Жизнь и труды М. Погодина», т. XX, стар. 156; «Записки» Муравьёва, «Русская Старина», 1882, январь, і 1883. т. XXXVI).
  17. Польскаму паўстаньню не спачувала і яго не падтрымлівала з вялікіх дзяржаў толькі Прусія, у якой панаваў погляд Бісмарка. Думкі Бісмарка ў сувязі з польскімі падзеямі — акрэсьленыя і рашучыя. У лісьце да сястры сваёй, зьяўляючыся паслом Прусіі ў Расіі, ён пісаў аб гэтым з жорсткай адкрытасьцю: «Я ўсяляк спачуваю становішчу палякаў, але мы ня можам, калі хочам існаваць, рабіць інакш, чым іх нішчыць; воўк не вінаваты, што ён створаны богам гэткім, якім ён ёсьць, а тым ня менш яго забіваюць за гэта, калі толькі могуць» (Б. Нольдэ «Петербургская миссия Бисмарка 1859-1862», Прагa, 1923, стар. 224). Муравьёв шмат у чым браў прыклад з Бісмарка і пасылаў да яго з Вільні сваіх афіцэраў для выўчэньня сыстэмы прыгнёту палякаў.
  18. В. Семевский «Н. И. Костомаров», «Русская Старина», 1886 № 1. стар. 187-188.
  19. М. А. Бакунин «Русским, польским и всем славянским землям», 1862.
  20. «Энциклопедический лексикон», т. ІХ, 1837, ст. «Великая Россия», а таксама у венскім выд. «Jahrbikher der Literatur», 1841, ВЬ. 95, стар. 191-240.
  21. «Вестник З. России», 1863. февраль, т. ІХ, отд. IV, стар. 230.
  22. Подпісу на гэтым артыкуле няма, але Д. І. Даўгяла кажа бясспрэчна, што артыкул напісаны рукой К. Гаворскага. Аб гэтым сьведчыць і стыль пісьма, вельмі характарны для Гаворскага. У «Беларусах” П. Карскага заўвагі на гэты артыкул няма. Паводле слоў Л. Шлюбскага, ён быццам друкаваўся ў адным з нумароў «Витебских Губернских Ведомостей» (за 1866 г., № 19).
  23. Сборник «Памяти М. Муравьёва», стар. 5.
  24. А. Белецкий «Сорокалетие русской начальной школы в Северо-Западном крае России» (памяти кн. А. Ширинского- Шыхматова), Вильна, 1902.
  25. Л. Міловидов «Памяти И. Корнилова как основателя русской национальной школы в Северо-Западном крае», Вільна, 1911. 1. Корнілов адкрыў за час свайго ўрадаваньня Віленскай акругай 10 павятовых школ (уездных училищ) і некалькі сот народных школ з насстаўнікамі вялікарусамі.
  26. «В. З. Р.», 1867, кн. ІІІ, отд. IV, стар. 406: «Письма из Гродны».
  27. «В. З. Р.», 1864, ноябрь, т. ІІ. отд. IV. стар. 65 і далей. Заўважым, што склад дзяцей у тагачасных віленскіх школах, аб якіх тут ідзе размова, быў пераважна каталіцкі. Так. прыкл., у 6 школах Вільні было 71 праваслаўных і 257 каталікоў. Тое самае і ў стасунку да “русских школ для еврейских детей»; у гэтых «русских» школах былі выключна яўрэйскія дзеці — 622 чал.
  28. «В. З. Р.». 1869, кн. VII, т. ІІІ, отд. IV: «Новое уклонение с пути истины», стар. 9.
  29. Гл. крытыку атлясу Эркерта ў П. Баброўскага — «Русский Инвалид», 1864, N° 174.
  30. «В. З. Р.», 1868, кн. IV, стар. 202.
  31. «В. З. Р.», 1864—65, кн. IV, отд. IV: «К русским людям», стар. 308. Ibid., 1868, кн. ІІ, отд. IV.
  32. Адносіны кн. Шырынскага-Шыхматова да мясцовых асаблівасьцей Беларусі былі больш цярпімымі. Ласьне гэтая цярпімасьць і стала прычынай таго, што ён быў заменены Корпіловым. Пры Муравьёве ён быў у Вільні менш чым год, а затым мусіў падаць просьбу аб адстаўцы. А. Белецкі (гл. яго: «Сорокалетие русской начальной школы», стар. 64) глуха заўважае, што паміж імі былі «некаторые шероховатости».
  33. Н. Знойко «К 50-летию Молодеченской учительской семинарии», «Педагогический журнал». 1914.
  34. «Памяти гр. М. Н. Муравьёва». «К Истории Виленского учебного округа». И. П. Корнилова, СПБ, стар. 171.
  35. В. З. Р.». 1865—66. кн. ІІ, отд. IV. стар. 238.
  36. «Памяти М. Муравьёва», «Общие замечания о Виленском учебном округе», стар. 8.
  37. А. Мосолов «Виленские очерки», 1863-1865.
  38. Е Wasilewski «Wspomnienia г przeszłości», Wilno, 1907, rap. 106. Аб тым жа гл. «Moskiewskie na Litwie rządy (1863- 1869), Krakуw, 1869, стар. 375 — праца анонімная і, відаць, напісаная з чужых слоў.
  39. И. Спрогис «Из воспоминаний об И. П. Корнилове», в записях С -Зал. отдела Русского Географического О-ва, т. ІІ, стар. 263.
  40. А. Мосолов «Віленские очерки».
  41. Мянюшкай «людоеда» ахрысьціў Муравьёва самы злосны яго вораг, тагачасны пецярбурскі ген.-губ. кн. Суворов. Калі яму запрапанавалі ў дзень імянін Муравьёва падпісаць колектыуны адрас-павіншаваньне, ён адказаў: «Я людоедов не чествую». З гэтай прычыны Тютчэв напісаў на кн. Суворова наступны верш з усхваленьнем Муравьёва: Кн. Италийскому, графу А. А. Суворову-Рымникскому.

    Гуманный внук воинственного деда,
    Простите нам, наш симпатичный князь.
    Что русского честим мы людоеда,
    Мы, русские, Европы не спросясь...
    Как извинить пред вами эту смелость?
    Как оправдать сочувствие к тому.
    Кто отстоял и спас России целость.
    Всем жертвуя народу своему.
    Кто всю ответственность, весь труд и бремя
    Взял на себя в отчаянной борьбе —
    И бледное, замученное племя.
    Воздвигнув к жизни, вынес ни себе...

    etc. (курс. наш.— А. Ц.). (М. Лэмке «Эпоха цензурных реформ», 1859-1805, стар. 287).

  42. «В З. Р.», 1865—66. кн. ІІ, отд. ІІІ, стар. 13 і інш.
  43. Ibid.. 1868, т. 6, отд. IV, стар. 265: «О важном значении усиления и развития в Сев.-Зап. крае русскаго семейного элемента».
  44. «В. З. Р.», 1865—66, т. 3, отд. IV, стар. 241.
  45. «Древняя и Новая Россия». 1876, ІІ т., стар. 333.
  46. Гл. у Г. Киприановича «Жизнь Иосифа Семашко — митрополита литовского», стар. 449-450.
  47. Киприанович, ор. cit., стар. 451.
  48. «Сборник статей, разъясняющих польское дело», С. Шелковина, т ІІ. стар. 319: «Три политические записки гр. М. Н. Муравьёва»
  49. Сборник, ІІ, стар. 317. Гэтая мера — утварэньне мытнае мяжы паміж Царствам Польскім і Беларусьсю — у якасьці рэпрэсійнай меры супроць палякаў была ўжыта пасьля першага паўстаньня 1831 году і мела дадатнае значэньне для разьвіцьця гродненскай прамысловасьці на Беларусі.
  50. Сборник Шолковича. т. ІІ. стар. 304-305.
  51. В. З. Р.», 1863, кн. ІІІ, отд. IV, стар. 65. Другі раз гл. 1865-66. кн. 6. стар. 69: «Газетны толкин о землевладении в Западном крае”
  52. «В. З. Р.». 1867. кн. ІІІ: «Странная выходка».
  53. «В. З. Р.», 1865-66, кн. 8, отд. ІІІ: «Крупные и мелкие землевладельцы в Западной России», стар. 31. По поводу газетных толков об этом предмете.
  54. «Крупные и мелкие землевладельцы», стар. 33-34
  55. «В. З. Р.», 185666, кн. ІІ, отд Ш. стар. 19.
  56. Полн. собр законов, т. XII, № 43298.
  57. «Весть», 18GG, № 15.
  58. «В. З. Р.», 1865-66, кн. ІІ, отд. ІІІ: «Ответ Скорятину», стар. 11.
  59. «В. З. Р.», 1863—66, кн. ІІ, отд. ІІІ, стар. 15.
  60. «Русская Старина», 1883, январь, стар. 147—148.
  61. А П. Владимиров «О русском землевладении в Западном крае», стар. 1.
  62. Гл. «Rok 1863 na Mińszczyźnie», выд. Інбелкульту, стар. 151
  63. Пералік законаў ураду па зямельнай політыцы на Беларусі ў той час гл. «Сборник правительственных распоряжении по водворению русских землевладельцев в Сев.-Зап. крае». Вільня. 1870 стар. 344.
  64. «В З. Р.». 1870. кн. 12, разьдз. IV. стар. 105
  65. А. Владимиров, ор. cit., стар. 17.
  66. «В. З. Р.», 1869, кн. 12, разьдз. ІІІ, стар. 15: «Обрусение Западно-Русского края».
  67. «В. З. Р.», I869. кн. 12, разьдз. ІІІ: «Обрусение Зап.-Русского края», стар. 27.
  68. Гл. вышэй, стар. 47—48.
  69. «В З. Р.». 1869, кн. 5. разьдз. ІІІ: «Несколько соображений, вызываемых современным положением Западной России», стар. 9.
  70. «В. З. Р.», 1869, кн. 5, разьдз. ІІІ, стар. 17. Аб барацьбе паміж мясцовым і вялікарускім духавенствам на Беларусі гл. таксама: Е. Орловским «Судьба православия в Гродненской губ.», стар. 233 і інш.
  71. «В. З. Р.», 1870, кн. І, разьдз. ІІІ: «Враждебное чувство», стар. 12.
  72. Ibid., стар. 14—15.
  73. Гл. літаратуру аб Гаворскім. разьдз. ІІ.
  74. П, Безсонов «Белорусские песни», прадмова, стар. XVII-XVIII. Аб адносінах П. Безсонова да Беларусі гл. нашу працу: «Погляд П. Безсонова на беларускую справу», 1922.
  75. Гл. лічбы чыноўнікаў, пабыўшых зямлю на Беларусі, у П. Жуковіча: «О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России», СПБ, 1895, стар. 15. З гэтай статыстыкі відаць, што польскія маёнткі пераходзілі ў рукі вышэйшых чыноўнікаў, якімі зьяўляліся выключна вялікаросы.
  76. «В. З. Р.». 1871, кн. 2, разьдз. ІІІ: «Напрасные обвинения» (по поводу брошюры о бывшем униатском духовенстве), стар 1-15.