Перайсці да зместу

Западно-руссизм/РАЗЬДЗЕЛ ДРУГІ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Западно-руссизм/РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі
Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч
1929
Крыніца: [1]
РАЗЬДЗЕЛ ТРЭЦІ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адным з найбольш яскравых і рашучых выяўленьняў „западно-русской“ школы была дзейнасьць часопісу 60-70-х гадоў мінулага веку „Вестника Западной России“, кіраванага Ксэнафонтам Гаворскім. Ласьне К. Гаворскаму абавязана Беларусь агіднейшым тыпам „западно-русского человека“, у якім, як у фокусе, адбіліся найбольш цёмныя рысы панаваньня на Беларусі старога рэжыму.

„Вестник Западной России“ К. Гаворскага, выдаваны ў Вільні ў 60-х і ў пачатку 70-х гадоў, зьявіўся ўпяршыню ў Кіеве. Тут у ліпні месяцы 1862 году вышла яго першая кніжка. Часопіс гэты называўся тады больш шырака: „Вестник Юго-Западной и Западной России“. Тэрмін „юго-западный“ павінен быў сьведчыць, што часопіс прысьвечаны ў першую чаргу „Юго-Западу России“, г. зн. заходняй, ці правабярэжнай, Украіне, якая ў тыя часы менавалася „Юго-Западной Россией“ у адзнаку ад Беларусі, якая менавалася „Западной“ ці „Северо-Западной Россией“.

Вонкавы выгляд „Вестника“ як у Кіеве, так і ў Вільні заставаўся бяз зьмены. На працягу дзесяці год ён выходзіў сшыткамі каля 200 і больш старонак звычайнага часопіснага формату. Пачаў ён выходзіць чамусьці з сярэдзіны году, з ліпня месяца, а таму лічыў свой выдавецкі год і нумарацыю кніжак з ліпня па ліпень. Толькі праз пяць год, з 1857 г., выданьне пачало нумаравацца нормальна — са студзеня па студзень. Ня кожны год меў аднолькавы лік кніжак, і гэта разам з падзелам гадавога выданьня на Томы і разьдзелам кожнай кніжкі на чатыры часткі з асобнай для кожнай з іх нумарацыяй старонак утрудняе карыстаньне „Вестником“. Вокладка „Вестника“ была з тэндэнцыйным малюнкам: на фоне віленскай царквы і помніка Уладзімеру ў Кіеве да натоўпу беларусаў і украінцаў у конфэдэратках зьлятае з нябёс на воблаку алегорычная „гістарычная ісьціна“ з манускрыптам у руцэ: „Откуда пошла русская земля“. Унізе вокладкі — карта Расіі з Беларусьсю і Украінай, паказаная ў важнейшых гарадох, і два фоліянты, на адным з якіх стаіць славянскі надпіс:

„…і рече Олегъ Кіевъ се буди мати градомъ русскимъ“.

Кожная кніжка „Вестника“ падзялялася на чатыры разьдзелы. Першы разьдзел прысьвячаўся старадаўняй гісторыі Беларусі і Украіны, прычым у ім друкаваліся дакумэнты пераважна з гісторыі праваслаўнае царквы на гэтых землях, з гісторыі вуніі, барацьбы праваслаўя з каталіцтвам, старыя граматы, унівэрсалы, прывілеі і наогул архіўны матэрыял, які ў вялізарным ліку адкрываўся тады Віленскай і Кіеўскай Археографічнымі Камісіямі і які знаходзіўся па манастырох і прыватных бібліотэках[1]. Другі разьдзел складаўся з орыгінальных артыкулаў супрацоўнікаў „Вестника“, прычым і тут пераважалі артыкулы на гістарычныя тэмы. Апрача самога К. Гаворскага. які пісаў у гэтым разьдзеле, тут вельмі рэдка можна натрапіць ня толькі на выдатнае, але наогул на вядомае імя. Гэткія асобы, як І. Кулжынскі — гадунец старэтнага расійскага „Маяка“, Саковіч, Навіцкі і г. д., сьведчаць толькі аб тым, што навуковымі імёнамі „Вестник“, як кажуць, ня блішчэў. Адзіна можа толькі імя П. Баброўскага, аўтара вядомай працы аб Горадзенскай губэрні, які друкаваў у „Вестнике“ агляд пад мала зразумелым загалоўкам — „Физические й нравственные элемэнты северо-западных губерний“, можна адзначыць як больш-менш паважнейшае і вядомае імя. Шмат матэрыялаў для гэтага разьдзелу рэдакцыя брала з тагачасных мясцовых „Губернских Ведомостей“ (менскіх, магілёўскіх, віцебскіх) і са сталічных газэт патрыотычнага кірунку — „Вечерней Газеты“, „Домашней Беседы“, „Дня“ і інш. Вельмі часта матэрыял, безварункова чужы, друкаваўся без усялякага подпісу і без паказаньня крыніцы, за што рэптыльнай рэдакцыі прыходзілася пасьля выступаць з тлумачэньнямі і прабачэньнямі.

Трэці разьдзел „Вестника“ прысьвячаўся звычайна самым „злободневным“ тэмам. Тут зьмяшчаліся прынцыповыя рэляцыі і разважаньні рэдакцыі аб бягучым грамадзкім і політычным жыцьці, аб заданьнях улады, аб ролі папоў і ксяндзоў і вялася полеміка з тагачаснай прогрэсыўнай прэсай. Гэты ласьне разьдзел і творыць фізыономію „Вестника“ як „западно-русского“ часопісу і дае галоўны матэрыял для выяўленьня яго пляцформы.

Урэшце, апошні чацьверты разьдзел складаўся з часткі літаратурнай, у якой друкаваліся аповесьці, романы на тэму аб полёнізьме і лацінстве, а часам вельмі дасьціпныя, хоць і не заўсёды мастацкія, сатыры і байкі на „ворагаў“ рэдакцыі; затым ішла бягучая хроніка, складаная зноў такі з выпісак са ўсялякіх газэт і часопісаў. Літаратурнымі імёнамі рэдакцыя „Вестника“ таксама не магла пахваліцца. Вядомы украінскі пісьменнік Куліш супрацоўнічаў з ёй толькі адзін год, пакуль „Вестник“ трымаўся больш прызванага тону ў стасунку да украінскай справы, а таленавіты этнограф Н. Семянтоўскі напісаў для „Вестника“ толькі адну аповесьць таксама ў першы год выданьня. Популярнасьць рэшты літаратурных супрацоўнікаў „Вестника“, як-то: Скурховіча, Калугіна, Вольпера ды інш., ня выходзіла далей мураў рэдакцыі.

Часопіс падпісваў звычайна яго рэдактар К. Гаворскі, але ўжо ў 1867 г. у аддзеле абвестак на выданьне „Вестника“ побач з подпісам Гаворскага стаіць подпіс „рэдактара-супрацоўніка“ нейкага І. Эрэміча. Пачынаючы з 1870 году, калі Гаворскі моцна захварэў, „Вестник“ выдаваў толькі адзін І. Эрэміч, але нядоўга: 17 чэрвеня 1871 г. Гаворскі памёр, і выхад часопісу на чацьвёртай кніжцы спыніўся.

Якім шляхам трапіў К. Гаворскі ў Кіеў, як і з каго склалася рэдакцыя „Вестника“, пакуль што сказаць трудна — у літаратуры аб гэтым зусім няма вестак. Даволі глухія весткі знаходзім мы таксама і аб самой асобе Гаворскага. Толькі ў апошні год перад вайной у „Русском биографическом словаре“, выд. „Исторического Общества“ ў Маскве, зьмешчаны некаторыя даныя аб Гаворскім[2]. Рэшту вестак знаходзім у рукапісным нарысе А. Сапунова аб жыцьці Гаворскага, які нарыс знаходзіцца ў архіве Беларускае Дзяржаўнае бібліотэкі[3].

Ксэнафонт (павуніяцку — Ільдэфонс) Антонавіч Гаворскі нарадзіўся ў 1811 г. на Віцебшчыне і, як большасьць „западно-руссов“ мінулага веку, паходзіў з сям’і вуніяцкага сьвяшчэньніка. Ён атрымаў па свайму часу даволі значную асьвету — скончыў Беларускую грэка-вуніяцкую сэмінарыю (заснавана ў Полацку ў 1806 г.) і Пецярбурскую духоўную сэмінарыю, дзе атрымаў навуковую ступень кандыдата. Пасьля таго ён быў прызначаны настаўнікам у тую-ж Беларускую сэмінарыю, дзе выкладаў самыя розныя навукі: агульную гісторыю, археолёгію, яўрэйскую мову, царкоўнае красамоўства і нават чарчэньне і маляваньне. Калі ў 1837 г. рэвізаваў сэмінарыю Іосіф Сямашка, дык ён аб Гаворскім напісаў у сваім днеўніку гіранічную заметку: „выкладае Гаворскі даволі дрэнна — ён яшчэ слабы“.

На пачатку 50-х гадоў Гаворскі захапляўся беларускай археолёгіяй, рабіў раскопкі на Полаччыне і даваў аб іх зьвесткі ў „Русское Археологическое Общество“ ў Пецярбурзе. За гэтыя працы азначанае „Общество“ абрала яго 20 сакавіка 1852 г. у свае члены-корэспондэнты, а мясцовы Віцебскі губ. статыстычны Камітэт абраў яго сваім пачэсным членам. У 1857-58 г ён рэдагаваў неофіцыяльную часьць „Віцебскіх Губ. Ведамасьцяй“, прычым амаль увесь матэрыял складаў са сваіх прац. Як відаць з уласнай дакладнай запіскі Гаворскага, ён у гэты час, апрача прац па археолёгіі, статыстыцы і па гісторыі царквы, займаўся распрацоўкай матэрыялаў для большага артыкулу: „О влиянии латинизма на судьбу славянских народов в религиозном, этнографическом и политическом отношениях“. Магчыма, што ў сувязі з гэтым ён пазьней напісаў заметку „Несколько слов о белорусской речи“, аб якой мова ніжэй.

Архіўная справа, відаць, вельмі цікавіла Гаворскага, тым больш што давала яму матэрыял для пропаганды яго галоўнай мэты — барацьбы з полёнізмам на Беларусі і з каталіцтвам. У канцы 50-х гадоў ён вельмі ўпорыста намагаўся заняць месца архіварыуса віцебскага архіву і нават меў аб гэтым загад віцебскага губэрнатара. Аднак месца гэта яму заняць не ўдалося, прычым ёсьць ня зусім пэўныя весткі, быццам у гэтай справе яму моцна перашкодзілі мясцовыя палякі[4].

Відаць, у гэты час у сувязі з працай па гісторыі і археолёгіі Беларусі і ў зьвязку з абраньнем яго ў члены „Археологического Общества“ К. Гаворскі бываў у Пецярбурзе і быў блізкі да славянафільскіх, народніцкіх колаў. У Пыпіна ёсьць невялічкая заўвага аб тым, што ен асабіста бачыў К. Гаворскага ў Костомарова. Што павінна было гэта значыць і якім парадкам „полёнофаг“ Гаворскі мог трапіць ва украінафільскі гурток Костомарова — Пыпін зразумець ня мог і зрабіў нават здагадку аб тым, быццам Гаворскі наведваў Костомарова як „соглядатай“[5]. Наколькі правільная здагадка Пыпіна, сёньня радзіць трудна. Магчыма, што было так, але магчыма, што справа стаяла крыху інакш. У кожным разе Пыпін мае тую рацыю, што лічыў Гаворскага на аснове ўсіх сучасных характарыстык за чалавека вельмі нізкай моральнай пробы. Другі дасьледчык, які ведаў Гаворскага асабіста, супрацоўнік „Киевской Старины“ К. Береза таксама гаворыць аб ім у вельмі дрэнным тоне. Раўняючы, яго со славутым „місіянэрам“ Тёмкіным, спрытным афэрыстам і п’яніцам, які марыў у 50-60-х гадох ахрысьціць усё яўрэйства, К. Береза называе К. Гаворскага „прозелітам з вуніятаў, сьмелым прожэкцёрам, які не разьбіраўся ў сродках і марыў абярнуць на праваслаўе ўсіх палякаў Заходняй Расіі“. „Спачатку ён абдурваў Пецярбург, пасьля поўдзень Расіі, а пасьля перабіраўся на паўночны захад. Тут пад апекай М. Муравьёва ён устроіўся адзін час зусім ня блага, але ўрэшце нічога не дасягнуў і скончыў жыцьцё ў вар’яцкім доме. Ахвярай польскае пропаганды ён сам сябе выстаўляў заўсёды і ўсюды і гэтым лоўка маскіраваў свае асабістыя інтарэсы. Аднак не заўсёды польская інтрыга наклікала на Гаворскага перасьледваньні, якія здараліся з ім нават з боку яго ўласнага начальства; прычынаю тут былі даносы ў Пецярбург, якія ён пісаў на гэтае-ж самае начальства“[6].

Што да „Вестника Западной России“, дык ёсьць беспасрэдныя даныя, з якіх відаць, што нарадзіўся ён пры падтрыманьні і па ініцыятыве былога „святейшаго Сінода“. Вельмі блізкі быў да гэтай справы і галоўны „западно-русс“ М. Каяловіч. У адным з лістоў К. Гаворскага, якія захоўваюцца ў рукапісным аддзяленьні Ленінградзкай Публічнай бібліятэкі, напісаным да тагачаснага тав. обер-прокурора Сыноду кн. Урусава, знаходзілі заўвагу, што апошняму належала матэрыяльнае і моральнае падтрыманьне „Вестника“, а можа і самая ініцыятыва. „Выдаваны мной «Вестник»,— піша Гаворскі кн. Урусаву,— больш чым напалову абавязаны сваёй ініцыятывай прадугледжанасці, абгаварэньню і кіраўніцтву «вашего сіятельства». Вы цалкам зразумелі важнасьць яго заданьняў, вы паказалі месца для яго дзейнасьці, вы мяне зрабілі шчасьлівым абяцанкай і моральнага, і матэрыяльнага падтрыманьня «Вестника»[7]. Відаць, у поўным паразуменьні з Урусавым працаваў над стварэньнем першага «западно-русского» часопісу і М. Каяловіч: «Плян і програма «Вестника»,— гаворыць П. Котовіч,— у той час, калі ён быў вядомы суцэльным сваім кірункам, г. зн. у першыя гады свайго выданьня з 1861 г., вышлі з-пад пяра М. Каяловіча»[8].

У Кіеве, прытуліўшыся каля брацкага кляштару на Падоле, К. Гаворскі і ўся рэдакцыя «Вестника» хутка заявіліся як крайняя і зацятая русыфікатарская кампанія. «Наша мэта,— прызнавалася сама рэдакцыя,— ёсьць змаганьне з нігілізмам, з сэпаратызмам, які імкнецца зрушыць непадзельнасьць Расіі, змаганьне за адзіную рускую народнасьць, адзінасьць якой паставіў пад знак запытаньня фэдэралісты Костомаров, і як аснову ўсяго — змаганьне з Польшчай, з яе зраднымі замерамі, з яе хітрым лацінствам».

Перажываная эпоха стварала для гэткай дзейнасьці як ня трэба лепшыя варункі. 60-я гады былі, як ведама, пераломным момантам у жыцьці Беларусі, Украіны і наогул усяе старое Расіі. Прыгонны рэжым дзякуючы накапленьню капіталістычных элемэнтаў у гаспадарцы і цяжкому сельска-гаспадарчаму крызісу завальваўся. Дваранская зямляўласнасьць, збудаваная на старых напоўфэўдальных асновах, гінула, і месца яе займала зямляўласнасьць нова-дваранская, заснаваная на эксплёатацыі больш выгоднай «вольнай» працы земляроба-селяніна. Крызіс экономічнага становішча шляхецка-дваранскае клясы цягнуў за сабой перастаноўку клясавых і соцыяльных сіл у дзяржаве, выхад на сцэну інтэлігенцыі і ўзрост рэволюцыйных настрояў. Побач з часовай страчанасьцю ўлады, з яе шатаньнем і лібэралізмам вырастаў вялізны грамадзкі рух, які быў адзначаны ў Расіі, на Беларусі і на Украіне імкненьнем да народу як адзінай крыніцы здаровага жыцьця, адзінай меркі новай соцыяльнай моралі.

Расійскае грамадзтва, падбітае перад тым рэакцыйным мікалаеўскім рэжымам, які душыў малейшую праяву незалежнае мысьлі, пасьля крымскага разгрому адчула сябе крыху вальней і з адданасьцю пачало «даганяць» Эўропу, ад якой яно так адстала. Шырокі круг ідэй, што бурліў перад тым у Заходняй Эўропе і перш за ўсё ў Нямеччыне, перакінуўся праз кардоны самаўладнай імпэрыі і знайшоў тут сабе голасны водгук. Ідэалістычная філёзофія Гегеля разам з полымнай пропаведзьдзю Фіхтэ, якія стварылі апотэозу нямецкае нацыі; прынцыпы «гістарычнае тэорыі», якая разьвянчала бяздушны і абстрактны формалізм Канта і якая паставіла нацыянальна-гістарычны момант у цэнтры соцыолёгічнага дасьледваньня; дзейнасьць Гердэра, Грыма, Гумбольда ды інш., якія з надзвычайнай любоўю зьвярнулі ўвагу вучанага сьвету на каштоўнасьць народнае творчасьці, народнага быту, мовы, міталёгіі, звычаяў і г. д.,— усё гэта знайшло свой адбітак і сваё ператварэньне ў Расіі. Побач з гэтай ідэалістычна-народніцкай плыньню на расійскі грунт пачалі пераносіцца першыя весьці навуковага соцыялізму, і пад уплывам натхненных ідэй у Расіі пачаў вырастаць малады соцыялістычны рух. Бакунін, Гэрцэн, Міхайлоўскі, Чэрнышэўскі ўзьнялі штандар змаганьня з імпэрыяй царызму, пачалі клікаць моладзь і ўсё жывое на барацьбу за «Зямлю і Волю».

Зьявіліся два вядомыя варожыя лягеры — славянафілаў і западнікаў, з якіх першы ўглядаў гістарычнае прызваньне Расіі і яе збавеньне ад супярэчнасьцяй эўропэйскае цывілізацыі ў звароце да народнасьці, да славянскай самабытнасьці, у зьяднаньні славянства супроць матэрыялістычнага романа-германскага сьвету і які сквапна пачаў выўчаць гэтую самую народнасьць; а другі, наадварот, стаяў за перанясеньне ў Расію заходня-эўропэйскага прогрэсу і яго дэмократычнага ўкладу, рваў ланцугі зацьвілеўшых расійскіх традыцый і больш цікавіўся будучым, чым мінулым днём. Жыцьцё кіпела надзвычайна: навука, прэса, літаратура, публіцыстыка — усё было захоплена нячуваным уздымам, па ўсіх лініях адбывалася «переоценка ценностей». Сялянства вызвалялася з-пад сталетняга прыгону.

На Украіне, якая дзякуючы сваёй сельскагаспадарчай прыродзе асабліва востра перажывала паказаны экономічны крызіс, заняпад дваранскага стану адзначыўся буйным узростам нацыянальнай сьвядомасьці і сьвядомасьці сваёй «асобнасьці» ад Расіі. Што год, то больш украінскі мясцовы рынак падбіваўся ў тыя гады расійскім капіталам і расійскай прамысловасьцю, і гэтая акалічнасьць побач з павялічэньнем пролетарызацыі ўкраінскай вёскі і адыходам у горад значнай колькасьці вясковай беднаты выклікала з боку украінскага дваранства сваяадменную «нацыянальную» рэакцыю[9].

Як-бы ў адказ на пашырэньне славянафільскіх лёзунгаў у Маскве, Украіна пачала пашыраць пераконаньне аб асаблівым сваім прызваньні і аб сваім роўнапраўным месцы сярод іншых славянскіх народаў. Ня гледзячы на ліквідацыю кірыла-мэтодаўскага брацтва, ідэі яго ў Кіеве і Харкаве жылі паранейшаму, жылі яшчэ і тыя дзеячы, якія ў 40-х гадох па прыкладу дэкабрыстых імкнуліся перарабіць расійскую самаўладную імпэрыю на «саюз вольных славянскіх штатаў». Больш таго, дзякуючы зьяўленьню новай соцыяльнай сілы — інтэлігенцыі і агульнай дэмократызацыі грамадзтва — да справы прышлі новыя людзі, якія ня толькі перанялі ідэі ранейшага «казакафільства» і кірыла-мэтодаўцаў, але якія пачалі ператвараць гэтыя ідэі ў жыцьцё, якія пачалі беспасрэднай барацьбой дамагацца політычных праў народу. Ва ўкраінскіх умовах гэтая політычная барацьба падмацоўвалася барацьбой культурнай — за правы родна“ мовы і за нацыянальную украінскую школу.

Па-за межамі Украіны украінафільскі рух знайшоў свой асяродак у Пецярбурзе. Тут згуртаваліся старыя кірілла-мэтодаўцы — Костомаров, Шэвчэнко, Куліш, што вярнуліся са ссылкі; да іх далучылася група новых, малодшых украінскіх патрыётаў, і супольнымі сіламі быў заложаны журнал „Основа“, які адыграў не малую ролю ў аформленьні украінскае вызваленчае ідэі. Карыстаючыся ўласным друкаваным словам, Костомаров у "Основе паднімае вядомую спрэчку з славянафільскім лягерам К. Аксакова і Хомякова аб самастойнай гістарычнай прыродзе Украіны („Мысли о федеративном начале в дровней Руси“, „Две русские народности“, „Правда москвичам о Руси“ ды інш.); Куліш апрацоўвае першую ўкраінскую граматыку і правапіс (кулішоўку) і закладае першыя падваліны навуковай украінскай крытыкі; і часопісу бярэ бліжэйшы ўдзел слаўны Шэвчэнко і малодшыя пісьменьнікі Марка Вовчок, Сторожэнко, гісторыкі і этнографы Антоновіч, Чубінскі, Ефіменко, Максімовіч і г. д. „Основа“ зьяўляецца адначасова выразам буйнага росквіту украінафільства і выразам цеснай сувязі яго з агульным вызваленчым рухам у Расіі.

На месцы, на Украіне, студэнцкая моладзь пачынае „хождение в народ“ з мэтай асьветы вёскі і пропаганды нацыянальнага адраджэньня. Зьяўляецца шмат школ з украінскай мовай выкладаньня, чытаюцца популярныя лекцыі для сялянства, ствараецца народны тэатр, выдаецца масавая популярная літаратура.

Трэба зазначыць, што гэтаму вызваленчаму руху ў першы момант вельмі спачувала польская інтэлігенцыя. У тыя гады польскі элемэнт на правабярэжжы, г. зн. на Кіеўшчыне, Валыні і Падоліі, быў значна большы, чым сёньня, і меў вялікі ўплыў на ўсё культурнае жыцьцё краю. Мясцовыя палякі спачувалі украінскай пропагандзе таму, што разумелі яе антыўрадавы характар, бачылі ў ім протэст супроць ненавіснай ім „Масквы“ і падтрымлівалі яго ў разрахунку на дапамогу на выпадак рыхтаванага паўстаньня. Сярод гэтых палякаў шмат хто лічыў сябе напоўукраінцам і быў пераняты шчырым каханьнем да Украіны як да другой бацькаўшчыны. „Я зьяўляюся сынам маткі Украіны і айчызны Польшчы“,— казаў пра сябе адзін з гэткіх палякаў Багдан Залескі, які імкнуўся сваёй поэтыцкай творчасьцю як- бы стварыць „трэцюю поэтыцкую вунію“ Польшчы ды Украіны. Таксама, як на Беларусі Рыпінскі і рэшта беларуса-палякаў 50-60-х гадоў, украінскія палякі таго часу, асабліва рэволюцыйна настроеныя, зьвязаныя з рэволюцыйным рухам на захадзе, лічылі сябе блізкімі да украінскага „хлопа“, уваходзілі ў яго жыцьцё, выўчалі яго быт, творчасьць, насілі украінскія сьвіткі і стваралі свой „хлопаманскі“ рух, зьвязаны з украінафільствам, ці „хохломаніяй“.

Толькі што заснаваны „Вестник Западной и Юго-Западной России“ К. Гаворскага з галавой кінуўся на барацьбу з абедзьвюма праявамі украінскага грамадзкага жыцьця: з украінафільствам, узгадаваным на расійскай культуры, і з польскай „хлопаманіяй“. Аднак у сваіх заданьнях К. Гаворскі разабраўся не адразу. У першы год выданьня „Вестника“ ён рашуча павёў атаку толькі супроць польскай хлопаманіі, углядаючы ў ёй ксяндзоўскія хітрыкі і здраду дзяржаўным інтарэсам Расіі. Што да украінафільства, ці „хохломаніі“, з боку самых украінцаў, дык тут спачатку Гаворскі ня ўбачыў нічога небясьпечнага і нават стаў на бок тых украінафілаў, якія актыўна вялі змаганьне за украінскую школу і кнігу.

„Несьці асьвету ў народ толькі шляхам аднэй вялікарускай культуры,— пісаў «Вестник» у 1862 годзе[10],— гэта значна пазбаўляць тутэйшага чалавека сродкаў да самаабароны, перашкаджаць тут посьпехам народнае асьветы і амаль цалкам аддаваць наш народ у рукі выпрабаваных і дасьціпных пропагандыстых-палякаў, тым больш што жыхарства паўдзённа-заходніх губэрань больш прызвычаілася і больш разумее польскую мову, чым мову вялікарускую“. Каб унікнуць гэтага, украінафілы, паводле слоў „Вестника“, добра робяць, калі „ўжываюць усіх сіл для наўчаньня народу на яго роднай мове, выдаюць на гэтым «русском наречии» падручнікі і народныя кнігі, найбольш прыстасаваныя да пачуцьцяў, пераконаньняў і патрэб гэтага народу… Дзейнасьць гэтая — амаль выключна дзейнасьць асьветная,— кажа Гаворскі,— яна не заключае ў сабе нічога політычнага, апрача, можа, змаганьня супроць польскай пропаганды і апрача імкненьня выясьніць і ажывіць для ўсяго русінскага (украінскага) племя бліжэйшае яго духу начала, якое зьвязвае ўсіх яго членаў ад Мармароша і Сана да Дона ў адно непадзельнае цэлае і якое стварае натуральнае зьвяно, моцна зьвязваючае гэтае племя з усёй Русьсю“.

Хоць для Гаворскага, як бачым, украінская мова зьяўляецца тут толькі „местным русским наречіем“, украінцы — часткай рускага народу, а Украіна — часткай усёй Расіі, аднак ён прызнае за гэтай мовай свае мясцовыя правы і ня мае нічога супроць яе мясцовага ўжываньня. Ен цвёрда бароніць і тую украінскую моладзь, якая „зраслася душой з рускім народам тутэйшых провінцый, з яго інтарэсамі ды імкненьнямі“ і якая зьяўляецца ні чым іншым, як „узрастаньнем нашай народнай сілы, што вядзе барацьбу з езуіцкімі выхадкамі і намаўленьнямі“. „Неразумна, грэшна і ганебна,— рашуча падкрэсьлівае рэдакцыя,— з падазронасьцю і няпрыхільнасьцю ставіцца да нашай малодшай браціі з-за якіх-небудзь іх крайнасьцяй і захапленьняў“.

Аднак хутка гэткі спагадны погляд Гаворскага на украінафільства рэзка зьмяніўся. Менш як праз год замест усёроўных, а часам прыхільных адносін да яго рэдакцыя „Вестника“ накідаецца на украінафілаў з шалёнай злобай і ўжо ня бачыць розьніцы паміж „хохломаніяй“ расійскага і „хлопаманіяй“ польскага пахаджэньня. Выступленьні Гаворскага на гэту тэму зьявіліся ў 1863 годзе першымі выступленьнямі „западно-русской“ школы па нацыянальным пытаньні, у прыватнасьці па пытаньні аб нацыянальнай мове. Гэтае выступленьне адразу набыло сваю спэцыфічную форму і сваю характарную аргумэнтацыю, якая з таго часу заставалася нязьменнай нават да нашае сучаснасьці. Не зьмяніліся ні словы, у якіх яна была выказана, ні мэты, да якіх яна імкнулася.

Пачалася гісторыя з вельмі нявіннай, на першы погляд, рэчы. У маскоўскай славянафільскай газэце „День“ зьявілася корэспондэнцыя з Харкава, у якой нейкі провінцыял, па ўсіх даных таксама славянафіл, захапляўся мясцовымі народнымі звычаямі, народнымі песьнямі і асабліва украінскай вопраткай. Жадаючы захаваць прыгожы дзядоўскі быт і сьвіткі, закаханы ў самабытныя асаблівасьці Украіны, невядомы корэспондэнт меў пры гэтым неасьцярожнасьць заўважыць, што, па яго думцы, „калі ёсьць дванаццаць мільёнаў народу, які размаўляе маларускай мовай і мае сваю народную літаратуру, дык нельга пазбаўляць гэты народ права карыстацца роднай мовай для самаасьветы і самаразьвіцьця“. Пры гэтым да рэчы высьмейваліся дурноты старон харкаўскай паліцыі, якая аднойчы зьявілася да бацькі корэспондэнта з загадам згаліць бараду „и впредь оную не носить“. Скарыстаўшы корэспондэнцыю, рэдакцыя ад сябе ўспомніла, як калісьці Хомяков з Аксаковым таксама былі абавязаны ў паліцыі падпіскай „русскую одежду в публичных местах не носить“, ня гледзячы на іх жаданьне „быть русскими“ ня толькі па духу, але і па адзеньні[11]

Гэтая жартлівая гісторыйка паслужыла для „Вестника“ прычынам выказаць свае думкі ня толькі аб модзе, але і аб тых народніцкіх настроях, якімі тады дыхала Украіна. Заявіўшы, што „буржуазны касьцюм гораду“ значна лепшы за „прадзедаўскія сьвіткі“, „Вестник“ навальваецца на заўвагу корэспондэнта аб роднай мове і літаратуры.

„З якога гэта часу зьявілася імкненьне наўчаць тутэйшы народ на простам мове і з якой мэтай?“ — пытаецца ён і сам-жа адказвае: "Імкнуцца да гэтага палякі і хахламаны. Першым выгодна падтрымліваць і апалячваць гэтае „наречие“, каб давесьці, што тутэйшы край ёсьць край польскі, і тым самым палажыць пачатак адлучэньня Малай Расіі ад Вялікай. А хахламаны робяць гэта з тэй мэтай, быццам хочуць карысьці для народу, які не разумее расійскае мовы. Але гэтыя імкненьні, кажа крытык, дарэмныя, і ў доказ падае некалькі меркаваньняў: па-першае, што хоць сам народ гаворыць паміж сабой па-мужыцку, аднак называе сябе „руськім“ і быццам нават абражаецца, калі некаторыя сьвяшчэньнікі праматляюць да яго на простай мове; па-другое, што аб гэтай мове не клапоціцца асьвечанае грамадзтва на Украіне, якое гаворыць „наагул расійскай мовай“; па-трэцяе, аб тым, што ўся мясцовая прэса друкуецца на расійскай мове і рашуча протэстуе супроць падобных вымаганьняў, якія вядуць народ, грамадзтва і дзяржаву да раздваеньня і г. д.

Зазначыўшы, што жаданьне хлопаманаў заводзіць родную мову зьяўляецца „чыстай маной“, „Вестник“ пераходзіць да характарыстыкі самых хлопаманаў, якіх, па яго прызнаньню, „ёсьць шмат сярод нашых знаёмых, родных і блізкіх“. „Усе гэтыя людзі выхаваліся ва унівэрсытэтах, належаць да асьветных устаноў і дзеля гэтага менш за ўсіх (!) ведаюць свой народ, сваю родную краіну і яе сапраўдныя патрэбы. Сярод гэтых маладых асоб некаторыя маюць самыя нявінныя пераконаньні — наўчаць народ на простай мове, другія — сабе на ўме, трэція — хапаюць шырэй, гамоняць, што тут павінна быць хахламанія ва ўсім — у наўчаньні, у справаводзтве і ў судзе,— урэшце, ёсьць яшчэ хахламаны фанатыкі, утопістыя, сэпаратыстыя, аб якіх можна толькі сказаць: барані нас божа!“

Забіўшы трывогу з прычыны „Граматыкі“ Куліша, якая пачала ўводзіць тэрмін „Украіна“, і дзейнасьці „Основы“, пераляканы „Вестник“ супакойвае сябе і чытача тым, што „часы уніі ўжо мінулі і адасабленьне мовы, стварэньне на ёй непатрэбнай літаратуры будзе толькі некарыснай спробай, якая імкнецца да здавальненьня асабістых тэндэнцый, а не для патрэб народаў“. Аднак, калі ў газэце „Голас“ зьявіўся тады артыкул Костомарова ў абарону роднай мовы ў народных школах, „Вестник“ прымушаны быў ізноў вярнуцца да гэтае тэмы і зазначыць, што „народ маларускі і беларускі зусім добра разумее чалавека, які правільна гаворыць парасніку, лепш і хутчэй разумее, чым той «винигрет уніатскаго «наречия», які навязваюць яму некаторыя злонастроеныя людзі і які закрывае для мільёнаў украінцаў шлях да прогрэсу і здаровага розуму».

Падобныя выступленьні былі толькі пачаткам. У далейшых нумарох «Вестника» погляд Гаворскага і ўсіх «западно-руссов» усё больш удасканальваецца і ўсё больш робіцца агрэсіўным. «Выдуманая Кулішам і Костомаровым украінская мова і правапіс,— кліча ён,— заснаваны на фэдэрацыйным начале, пры дапамозе якога рускія хутка ня будуць разумець адзін аднаго. Але пазбавіць нас, асьвечаных людзей, расійскае мовы таксама немагчыма, як пазбавіць нас жыцьця… Дарма казаць, што расійская мова незразумела для нашых дзяцей, здараюцца, зразумела, часам іншыя незразумелыя словы, але для гэтага ёсьць тлумачэньні… Няўжо толькі для гэтых некалькіх слоў трэба выдумляць якуюсь асобную мову? Самы процэс распаўсюджаньня граматнасьці будзе паволі памяншаць тыя перашкоды да разуменьня кніжнае расійскае мовы, якія яшчэ існуюць для маларасіян і беларусаў. Праўда, нас цешыць, што галічане вучацца і пішуць толькі на сваім галіцка-рускім «наречии», але гэта ня значыць, што мы павінны браць з іх прыклад. У іх офіцыяльная мова — чужая, нямецкая, а ў нас свой дасканалы і багаты расійскі язык, нам ня трэба ставіць сябе ў беднае становішча галічан. Мы напэўна ведаем, што народ будзе незадаволены, калі яго пазбавіць расійскае кнігі, і дарма будуць нас пераконваць, што гэтае незадаволеньне зьявіцца ў народзе дзеля жаданьня параўняцца з прывілеяванымі клясамі. Гэтае зьявішча тлумачыцца прасьцей і «благородней» — самай дасканаласьцю расійскае мовы, яе «цветущим состоянием». У асьвечанай мове выяўляецца ўнутранае багацьце разумовага жыцьця, як у выпукласьцях чэрапа — выпукласьці мозгу,— вось прычына, дзеля якой кожны самы просты чалавек па інстынкту не захоча разьвітацца з расійскай мовай і перайсьці на грубую краёвую мову, ня маючую літаратурнай вартасьці».

«Таксама няпраўда,— аргумэнтуе «Вестник»,— калі запэўняюць, быццам пачатковым наўчаньнем па расійскіх кнігах выхоўваецца пагарда валасных пісароў і старшынь у стасунку да сялян. Прычына тут ня ў мове, а ў грубых норавах. Значна грунтоўней думаць, што ласьне выключэньнем з круга элемэнтарнага наўчаньня расійскіх кніг мы будзем падтрымліваць гэты рэзкі падзел паміж асьвечанымі і неасьвечанымі, тымчасам як, знаёмячы ўсіх з нашай расійскай мовай у самым пачатку, мы адхілім няспрыяльныя вынікі гэтага падзелу, бо тады адным ня будзе чым пагарджаць перад другімі»… «Быць можа, некаторыя пацяшаюць сябе надзеяй, што авось выпрацуецца маларуская мова і багацейшая маларускай літаратура і заменіць сабой сучасную расійскую мову? Але чым гэта можна давесьці? Тут ёсьць ці бязумства ці зложаданьне, бо з гэтага ўсяго выйдзе палёгка для ўсялякага хаосу»[12].

Далей было яшчэ горш. У сваёй полеміцы з украінафільствам, якое пад прымусам пачатых рэпрэсій не магло ўжо адкрыта бараніцца, «Вестник» Гаворскага пачаў ужываць штораз больш вострыя словы, скончыўшы лаянкай, якая паводле выразу спакойнага А. Пыпіна «перайшла ўсялякую меру літаратурнай прызваітасьці»[13]. «Здаровы розум, загнаны ў нерат авантурай недасьпелых і перасьпелых профэсароў,— выдумаць ні на што не падобную, нічога нявартую украінскую нацыянальнасьць!»— крычаў «Вестник». «Г. Костомаров, які выдаў свае «Оповіданя» на громадські гроши, то зносються для народноі освіти», дарма прыкідаецца ворагам польскай пропаганды: ён і ўсе хахламаны імкнуцца толькі да таго, каб падбіць маларускае «наречие» пад польскую мову. Маларасійскі народ не жадае і не патрабуе наўчаньня сваіх дзяцей на гэтым мужыцкім, кухонным, вуніяцкім «наречии». Хто вам даручыў вымагаць гэта?“ — пытаецца Гаворскі украінцаў. „Хоць мы і не называем яшчэ пакуль вашую апеку над гэтай справай здрадай, але свае свавольствы вы ня маеце права навязваць Малой Расіі, якая ўжо параднілася са старэйшай сястрой адной агульнай расійскай мовай“. Аналізуючы „хохломанию“ ў нейкім „физиологическом опыте“ як масавую грамадзкую пошасьць, „Вестник“ хрысьціць украінафілаў „безумцами“, у якіх з маленства парушана выабражэньне, якія пры „призрачной просвещенности“ ня маюць страха божыя ў сэрцы, выдумляюць новую мову, новую бацькаўшчыну, новую дзяржаву з 15 мільёнамі новых грамадзян, распаляюць страсьці і задумваюць разбурыць „багаславенны парадак рэчаў“.

Скончылася ўся гісторыя звычайным даносам „Вестника“ на пецярбурскае і кіеўскае грамадзтва. „Дзеля таго што хахламанія зьяўляецца моральнай хваробай і вырастае ад недахопу хрысьціянскіх прынцыпаў, дык лепш за ўсё было-б для гэтых хворых царкоўная пакута“, — раіць ён. "Разаслаць-бы іх усіх на Салаўкі, Валаам, на Белаозера пад нагляд богамудрых старцаў на некалькі год — тады-б яны напэўна прышлі-б да розуму і з іх з часам маглі-б выйсьці прызваныя грамадзяне, верныя праваслаўю і „всероссийскому отечеству“.

Гэткімі публічнымі выступленьнямі „Вестника“ нацыянальная проблема ў старой Расіі была закроена на шырокі капыл. Кожная праява мясцовага руху. спроба выдаць падручнік на мясцовай мове, нават самы лояльны этнографічны настрой, паколькі ён ня быў „истинно-русским“, былі залічаны да політычнага сэпаратызму. Разам з гэтым была пушчана для агульнага ўжываньня брудная провокацыйная фраза, быццам нацыянальны рух у Расіі (украінскі і беларускі) зьяўляецца вынікам польскае пропаганды, што ён выкліканы і падтрыманы „чужымі грашыма“, у староньніх мэтах. Дзякуючы скандальным выступленьням Гаворскага дыскусія, якая разьвінулася была на пытаньні аб карысьці ўжываньня мясцовых дыялектаў у навуцы і літаратуры і ў якой прынялі ўдзел выдатнейшыя філёлягі, пэдагогі і гісторыкі таго часу, была рашуча спынена. І калі ў 61-62 г міністэрства асьветы Головніна не ўглядала ў гэтых рухах нічога надзвычайнага, а нават часам падтрымлівала іх і офіцыяльна дазваляла друкаваць кніжкі на мясцовых мовах, дык ужо ў 1863 г. пры міністры Валуеве нацыянальнае пытаньне было абвешчана дзяржаўна небясьпечным і забароненым. Паліцэйскім рэпрэсіям падпалі ўсе школы, у якіх выкладаньне ішло не па-расійску, і па паліцэйскіх дварох пачалі паліць усе не-расійскія падручнікі. Зьдзейсьнілася пажаданьне „Вестника“ і аб пакуце для украінафілаў: некаторыя з іх, як, прыкладам, Коніскі, Чубінскі ды інш., былі выпраўлены ў ссылку.

Для таго каб высьветліць кіеўскі пэрыод дзейнасьці Гаворскага, застаецца адказаць на пытаньне — чым тлумачыцца паказаны вышэй паварот яго ад прыхільнасьці да украінства да злоснай ненавіднасьці? А. Пыпіну гэты паварот быў незразумелы, і ён казаў, што „ня бачыць таго сыгналу, з якога гэты паварот пачаўся“.

Спробу даць тлумачэньне гэтаму пытаньню знаходзім у самым „Вестнику“, у аднэй з яго кніжак, выданых у Вільні. Аднак тлумачэньне гэтае занадта простае, нават дзіцячае. Выходзіць, быццам, што калі кіеўскія і харкаўскія канаводы украінафільскае партыі заўважылі, што орган іх „Основа“ траціць пад сабой у Пецярбурзе грунт, яны пажадалі прыстроіць сваю безнадзейную справу да „Вестника Западной России“, які быў у той час толькі ў зародку, і ў гэтых мэтах „абкружылі К. Гаворскага сваёй увагай і запрапанавалі яму сваё супрацоўніцтва ў яго выданьні“. Выдумкі украінафілаў Гаворскі нібыта прыняў за чыстую монэту, таксама як і іх ласкі і гасьціннасьць, і быў надзвычайна задаволены, што „Вестник“ „ашчасьлівіць“ ўдзелам літаратурных знамянітасьцяў першай велічыні. Але на 4-5 кніжцы „справа выясьнілася і гурток разваліўся“[14].

Гэтая спраўка рэдакцыі „Вестника“ цікава мо’ адно тым, што пацьвярджае паданую намі вышэй заметку Пыпіна, які бачыў Гаворскага ў Костомарова. Відаць, сапраўды, Гаворскі ўваходзіў у канцы 50-х гадоў у гурток Костомарова, быў знаёмы са ўсімі дзейнымі украінцамі і абгаварваў з імі некаторыя супольныя справы. Гэтую спраўку падмацоўвае яшчэ і той факт, што ў 1861 г. Гаворскі езьдзіў у Пецярбург, дзе праводзіў думку аб патрэбе адкрыцьця ў Заходняй Расіі, перш за ўсё пры Кіеўскім унівэрсытэце, катэдры гісторыі Беларусі і Украіны[15]. Урэшце, беспасрэдна сьведчыць аб гэтым успамянуты вышэй удзел Куліша і Семянтоўскага ў першых кніжках „Вестника“. Аднак ва ўсім іншым тлумачэньне рэдакцыі ня вытрымлівае ніякае крытыкі. Дын, па сутнасьці, што значыць „справа выясьнілася і гурток разваліўся“? Ня так ужо вялік быў Гаворскі, каб каля яго хадзіла з просьбамі пецярбурская грамада украінцаў з Шэўчэнкам і Костомаровым на чале. Ня быў гэта талент, ні багаты мэцэнат, які мог-бы даць грошы на выданьне, ні наогул уплывовы чалавек. Член археолёгічнага таварыства і рэдактар „Губэрскіх Ведамасьцям“ — гэтага было яшчэ вельмі мала, каб яго „ласкать“. Хутчэй наадварот, сам Гаворскі хадзіў у гурток Костомарова, каб праз яго знайсьці супрацоўнікаў для свайго часопісу.

На наш погляд, Гаворскі зышоўся з тагачаснымі украінафіламі з дзьвёх прычын: па-першае, у зьвязку з іх рэзка зазначанай варожасьцю да Польшчы і, па-другое, дзякуючы неразуменьню самае сутнасьці ідэі нацыянальнага адраджэньня, якая ў тыя часы была незразумела нават некаторым з нацыянальных дзеячоў. Што да варожасьці да Польшчы з боку украінафільскіх гурткоў, дык яна сапраўды мела месца і часта прымала даволі яскравыя формы. У шмат якіх выпадках самы рух украінафільскі паднімаўся і выпраўдваўся жаданьнем абараніць Украіну ад полёнізацыі, забясьпечыць украінскую культуру перад польскімі культурнымі ўплывамі. Гаворскі меў рацыю, калі пісаў у першых кніжках „Вестника“, што украінская моладзь настроена супроць палякаў, што яна нясе ў народ асьвету ў роднай мове таму, што гэткім спосабам лягчэй было змагацца з мовай польскай. У старэйшага украінскага грамадзтва былі, апрача таго, іншыя аргумэнты за тое-ж самае. Прыкладам, Костомаров, ня гледзячы на добрыя адносіны да цэлага шэрагу польскіх рэволюцыянэраў, з якімі ён быў у ссылцы і з якімі пасьля ня спыняў знаёмства, тым ня менш выступаў у „Основе“ супроць Польшчы, у прыватнасьці супроць яе прэтэнзій на Украіну як на сваю гістарычную спадчыну. („Правда полякам о Руси“ супроць так зв. „тэорыі Духінскага“, які даводзіў, што украінцы — гэта польскае племя, а не маскоўскае фінскацюрскае.) Таксама і Куліш, закранаючы пытаньне аб тагачасных украінска-польскіх адносінах, пісаў, што „украінцы і палякі занадта далёка разышліся ў гісторыі і ў жыцьці яны мімаволі адыходзяць кожны ў свой лягер“.

Падобныя настроі і аргумэнтацыя былі зусім па сэрцу шчыраму „западно-руссу“, і таму ня дзіва, што Гаворскі мог супрацоўнічаць з гуртком украінафілаў. Для яго важна было адно — што яны ішлі барацьбой супроць палякаў, і за гэта ён гатоў быў дараваць ім усялякія „крайнасьці і захапленьні“. Той, хто паднімаўся на ненавісную яму Польшчу — носьбітку „інавернага лацінства“, супярэчнага вялічнасьці праваслаўнае Расіі, быў для яго, як і для ўсіх „западно-руссов“, ужо блізкім, незалежна ад таго, што ён выходзіў пры гэтым з зусім іншых вельмі далёкіх меркаваньняў. Лішнім доказам антыпольскага характару украінафільства была для Гаворскага позыцыя Галіцкіх украінскіх партый. Ён ведаў, што ў Галіччыне здаўна адбывалася зацятая нацыянальная барацьба паміж украінцамі і палякамі і што ўжо ў 1848 г., пад час рэволюцыі, галічане зьвярнуліся да аўстра-венгерскага ўраду з мэморандумам прызнаць за украінскай мовай усе правы мовы дзяржаўнай, завесьці на ёй выкладаньне ва ўсіх школах, дапусьціць яе ў суд і адміністрацыю[16].

Другая прычына, чаму Гаворскі зышоўся з гуртком Костомарова, было неразуменьне ім нацыянальнага пытаньня як гэткага. Таксама, як і шмат іншых сучасьнікаў, ён не зразумеў адразу, што ўжо самы факт разьвіцьця украінскае асьветы і пісьменнасьці ёсьць у варунках расійскага самаўладзтва акт рэволюцыйны. Нават украінцы, асабліва правыя іх колы, што любілі адно толькі этнографічныя адзнакі Украіны, нават яны ня бачылі, што іхняе жаданьне быць адменнымі ад Масквы, захоўваць свой этнографічны твар ёсьць вылам са створаных форм жыцьця, ёсьць руйнаваньне нормальнага парадку. Колькі яны ні стараліся давесьці, што іхнія жаданьні самыя скромныя, што яны ня хочуць „раздвайваць“ расціскае культуры, што ў інтарэсах шырэйшае асьветы народных мас Украіны яны клапоцяцца толькі аб элемэнтарных пачатках культуры,— разгортваньне ідэі нацыянальна-культурнага адраджэньня што раз, то больш даводзіла, што гэткае манілаўскае апраўданьне нічога ня варта. І сапраўды: усьлед за лемантаром для вёскі „хохломаны“ вымагалі падручніка для вышэйшае школы, і пасьля пропаведзі на украінскай мове вымагалі, каб на гэтую мову былі пераведзены адміністрацыя і суд. Недарма Куліш ужо ў 1860 г. называў расійскую крытыку „суседняй крытыкай“ і хваліў Марка Вовчка за тое, што тон „ачышчае ад Маскоўшчыны смак роднага слова“[17]. Справа разгортвалася сама сабой, як-бы па дыялектычнай абавязковасьці, дзеля чаго сярод украінафілаў сапраўды было некалькі градацый, ад „нявінных“ культурнікаў да фанатыкаў і утопістых.

Небясьпечнасьць украінафільства ў гэтым сэнсе дала сябе адчуць ня толькі тут, на Украіне, дзе моладзі прыходзілася вырашаць пытаньне практычна, разам з народам, але і ў Пецярбурзе, калі над ім тэорытычна разважалі людзі, якія далёка стаялі ад фактаў жыцьця. У першую чаргу правая публіцыстыка, з якой дыскутаваў Костомаров і Куліш, правыя славянафілы і рэакцыянэры, якім наогул быў не да смаку клопат аб якой-бы то ні было асобнасьці „Малороссии“, а затым і шмат хто з навуковага лягеру пачалі ўсё больш падазрона ставіцца да ўсяго таго, што рабілася на Украіне. А праз некаторы час зусім адкрыта пачалі крычаць аб пагрозе для расійскай культуры (і дзяржавы!) з боку украінафільства. Спакойныя акадэмічныя разважаньні, што вялі здаўна ў літаратуры Пагодзін, Лаўроўскі, Срэзьнеўскі, Максімовіч ды інш. аб самастойнасьці украінскае мовы, зрабіліся об’ектам публіцыстычнага спаборніцтва і дражлівых абагуленьняў. Ня толькі аксакаўскі „Дзень“, але і такі дакладны спэцыялісты, як Ламанскі, пачалі крыжавы паход супроць жаданьня стварыць украінскую літаратуру, абвяшчаючы яе „найвялікшай бяссэнснасьцю“.

Чалавек практычнага нюху, Гаворскі ня прымусіў сябе чакаць пасьля таго, як у гэткі спосаб загаварыла маскоўскае грамадзтва. Ня толькі ўсьлед яму, але забегшы паперад яго, ён руба павярнуў назад: для яго як „западно-русса“, разглядаўшага украінафільства выключна праз прызму змаганьня з Польшчай, не магло быць іншага выбару, калі зазначылася, што разам з змаганьнем супроць Польшчы украінцы паднімаюць пытаньне і аб барацьбе з Расіяй. Да ўсяго далучыўся яшчэ адзін асабліва важны мотыў — соцыяльны. Пад уплывам бунтарскае поэзіі Шэвчэнкі украінская моладзь, рэкрутаваная ў значным ліку з вёскі, пачала накіроўваць свае сымпатыі ў бок соцыяльна-політычны, пачала набіраць усё больш рэволюцыііны характар і перанесла пытаньне аб мужыцкай і панскай мове ў плашчыню наогул адносін мужыкоў да паноў. Падагрэтая ўспамінамі аб ранейшай гайдамацкай вольнасці, аб барацьбе яе з польскай шляхтай, гэтая моладзь пашырыла сярод украінскага сялянства гутарку аб тым, што Украіна зможа стаць на ногі ў культурным і нацыянальным сэнсе толькі тады, калі вызваліцца ад сацыяльнае і экономічнае залежнасьці ад панства. Агітацыя дапоўнілася проклямацыямі, выступленьнямі, непарадкамі. Ў паветры панесьліся чуткі, быццам маюць паўтарыцца падзеі кіеўскай казаччыны 1855 г. і рэволюцыйна-аграрнае разрухі.

Гаворскі і рэдакцыя „Вестника“ не маглі ня ўлічыць і гэты момант справы. Калі левае украінафільства зазначыла свае клясавыя позыцыі як позыцыі ня толькі сялянска-народніцкія і супроць-польскія, але і як соцыяльна-рэволюцыйныя, якія не рабілі розьніцы паміж памешчыкам палякам і памешчыкам расійцам, Гаворскаму зрабілася ясным, што яго „нігілізм“ большы за яго полёнофобства. Выбару і тут быць не магло і прышлося разам з польскімі памешчыкамі апэляваць да абароны ўлады супроць „православнаго“ украінафільства ў інтарэсе паноў палякаў. Так клясавы інстынкт перамог меркаваньні нацыянальныя, а нават і рэлігійныя.

Усё паданае не выключае, зразумела, здагадкі Пыпіна аб „сыгнале“, які быў дадзены Гаворскаму і загадаў зьмяніць стасунак да украінскага пытаньня. Мы ведаем, што з першых месяцаў 1863 г. зьмяніліся адносіны да украінства і з боку ўрадовых сфэр. Ініцыятыву ў гэтым сэнсе ўзялі на сябе два ведамствы, абавязаныя ратаваць гонар расійскага самаўладзтва,— Сынод і міністэрства ўнутраных спраў. Калі на разгляд Сыноду паступіў для апробацыі украінскі пераклад эвангэльля, ён прызнаў гэтую „затею опасной и вредной“. Да сынодзкай апініі рашуча далучыўся нованазначаны кіеўскі ген.-губарнатар Анненков, які проста напісаў з гэтае прычыны ў Пецярбург, што "існаваньне асобнае украінскае літаратуры і дазвол перакладу сьвятога пісьма на маларускую мову пацягне за сабой у будучыне „отторжение Малороссии от державы Российской“[18]. Вельмі магчыма, што гэты самы Анненков і „ўплынуў“ на Гаворскага ў адпаведным кірунку, тым больш што разьвіцьцё падзей і без таго штурхала яго на новы шлях.

Ня гледзячы на поўную солідарнасьць „Вестника“ з новымі поглядамі на украінафільства, ня гледзячы на яго адданую службу інтарэсам „православия и русской народности“, становішча „Вестника“ з дня на дзень рабілася ўсё горшым. Яго мала хто чытаў, падпішчыкі, спачатку даволі мысьлёвыя, пакрысе адыходзілі ад яго, і тыраж яго падаў. Дрэнна было з матэрыяльнага боку і, што асабліва дзіўна, ня лепш было з популярнасьцю — нават у тых колах, чыноўніцкіх і духоўных, дзе ён павінен быў зьяўляцца прызнаным аўтарытэтам.

У лісьце да свайго „натхніцеля“, кіраўніка Сыноду кн. С. Урусава, Гаворскі пісаў у Пецярбург аб сваім дрэнным становішчы ў самым сьлязьлівым тоне: „Вось ужо год, як «Вестннк» змагаецца з ворагамі нашае веры і народнасьці, вось ужо год, як я «исторгаю» свае сілы ў бойцы з адкрытымі «супостатамі» і са скрытнай мясцовай пропагандай… Да гэтага далучаецца бязвыхаднае матэрыяльнае становішча «Вестника», якое на радасьць ворагаў Расіі паставіла яго на краі загубы. Становішча маё немагчыма апісаць: я мусіў зрабіць неаплатныя даўгі, 1-я кніжка «Вестника» трымаецца пад арыштам у друкарні і я ня ведаю, калі яе выкуплю, супрацоўнікі адзін за адным пакідаюць мяне. Спадзяючыся на абавязковую падпіску заходняга духавенства[19], я выдаваў «Вестник» у ліку 3000 экз., і цяпер у мяне застаецца больш 1000. Ворагі нашыя гэта бачаць і ўрачыстуюць наш блізкі канец“. Адзіная надзея Гаворскага на „его сиятельство“ і на цара: „Вашае сіяцельства,— кліча ён,— да вас, да вашага дастойнага сэрца, да вашае энэргіі зьвяртае свой прадсьмертны енк «Вестник»! Сваёй магутнай уладай, сваёй блізкасьцю да ўсяміласьцівага расійскага монарха ўратуйце ад загубы тое выданьне, якое пры лепшай долі шмат магло-б прынесьці карысьці інтарэсам Расіі і загуба якога ўжо ня можа адбыцца бяз шкоды для нашае веры і народнасьці… Умаляю вас адшукаць сваім вынаходлівым розумам і начальніцкім «благоусмотреніем» сродкі на падтрыманьне «Вестника», абаранеце мяне ад даўгавой турмы“[20].

Падобным-жа чынам скардзіцца Гаворскі на сваё цяжкое становішча і ў лісьце да супрацоўніка „Вестника“, свайго друга арх. Анатолія Мартыноўскага. „Барацьба з хлопаманамі і нігілістамі,— пісаў ён,— выклікала нянавісьць да нас з іх боку. А дзеля таго, што партыі іх у Пецярбурзе магутныя і маюць адкрытых абаронцаў у асобах некаторых міністраў (Галавіна), дык мне прыходзіцца шмат цярпець розных няпрыемнасьцяй па выданьні часопісу. Быў час, калі яго мелі намер нават забараніць. Малы лік падпіскі не дае мне магчымасьці выдаваць далей часопіс, і калі яна не павялічыцца, дык прыдзецца яго спыніць. Наш урад, які часта сыпле грашыма цэльнымі тысячамі дарма, без малейшай карысьці для грамадзтва, ня даў ніякай падтрымкі «Вестнику»; нават нашае праваслаўнае духавенства, гонар якога гэтак сьмела бароніць часопіс, засталося ўсёроўным і адвярнулася ад яго, ня гледзячы на загад Сыноду выпісваць яго ня з уласнай кішэні, а з царкоўных сум… Я зьнемагаю пад берамем працы цялесна і душэўна, я трапіў у неаплатныя даўгі, і калі бог не пашле нам нечакана якой-небудзь дапамогі, дык у пэрспэктыве бліжэйшае будучыні бачыцца мне даўгавое аддзяленьне — звычайная нагарода ў нас у Расіі самаахвярных дзеячоў“[21].

Як паказалі падзеі, Гаворскі не дарма спадзяваўся на „нечаканую дапамогу“. Яна прышла, праўда, не ад бога, але ад ня менш магутнага ў тыя часы чалавека — ад усясільнага віленскага ген.-губарнатара М. Муравьёва. Усьцешаны „западно-русс“ замест даўгавога аддзяленьня трапіў у Вільню, і дзейнасьць „Вестника“ Гаворскага распачалася на Беларусі.

  1. Між іншым. А. Сапуноў у сваіх нататках аб К. Гаворскім (гл. ніжэй) сьведчыць, што некаторыя архіўныя матэрыялы, друкаваныя ў „Вестнике“, пасьля загінулі.
  2. „Русский биографический словарь“, Русск. Истор. О-во, Москва, 1916, стар. 433—434.
  3. Адзначаны нарыс разам з рукапісам Гаворскага выкарыстаны мной пад час прчцы ў бібліотэцы, за што прыношу шчырую падзяку дырэктару бібліотэкі Я. Сіманоўскаму і загадчыцы Беларускага аддзелу Ю. Бібіло. Нарыс з некаторых прычын цікавы. Як відаць з цэнзурнага дазволу, зробленага на орыгінале рукапісу, біографія Гаворскага зложана была А. Сапуновым да выданьня працы Гаворскага „История Полотской Епархии“. Цэнзурны дазвол (6 сакавіка 1917 г.) і друкарскія нататкі на орыгінале сьведчаць, што гэтая біографія і праца Гаворскага ўжо набіраліся да друку і павінны былі быць зьмешчаны ў „І-м выпуске Трудов Витебского Церковного Историко-Археологического Общества“. Аднак за рэволюцыяй уся справа спынілася. Нарыс складзены Сапуновым старанна, на аснове розных крыніц (архіва Віцебск, дух. сэмінарыі за 1857—1861 г.г., Zapowiedzi przed-slubionych) б. Ушацкага вуніяцкага касьцёлу, спраў Віленск. дваранскай апекі, запісак мітр. Сямашкі, і, што асабліва цікава, са ўспамінаў М Шніпоўскага, б. вучня Гаворскага і са ўспамінаў Ю. Ф. Рыдзеўскай, 100-летняй старухі, роднай сястры жонкі Гаворскага Юдзіфі (ці не таму казалі, што Г. быў жанаты на яўрэйцы?). На жаль, апошнія крыніцы, вельмі важныя з боку высьвятленьня абстаноўкі, у якой вытварыўся гэты найбольш заядлы „западно-русс“, зусім ня выкарыстаны; прынамсі, адпаведных указаньняў мы ў нарысе Сапунова не знаходзім. Па ўсіх даных, Сапуноў пісаў біографіку Гаворскага з мэтай як-небудзь абяліць яго прад гісторыяй пасьля тэй забойчай характарыстыкі, якую даў яму ў сваім часе А. Пыпін (гл. „История русской этнографии“, т. І, стар. 90-97).
  4. „Труды Киевской дух. академии“, 1887, июль, стар. 335 і наст.
  5. А. Пыпин „История русск. этнографии“, т. IV, стар. 94-95, прим
  6. Ліст К. Гаворскага да кн. С. Н. Урусава з Кіева ад 8 верасьня 1863 г. у Рукап. аддз. Публічнай бібліотэкі ў Ленінградзе; Тут-жа два лісты яго да І. Корнілова: першы — ад 11 мая 1862 г. з Кіева і другі — ад 6 верасьня 1866 г. з Вільні.
  7. «Киевская Старина», 1884, июнь, стар. 213.
  8. «Литовские Епарх. Ведомости», 1891, № 35, стар. 278.
  9. М. Яворський «Украіна в епоху капіталізму», вип. перший — Пэриод початковоі акумуляциі, Харків, 1924
  10. «Вестник Юго-Западной и Западной России», 1862-63, том ІІ, отдел IV, стар. 139 і наст.
  11. У 1848 г. міністрам унутр, спраў быў выданы нават асобны цыркуляр аб забароне насіць бароды. Аб гэтым здарэньні ў „Семейной хронике“ С. Т. Аксакова ёсьць цікавыя радкі: Прыходзіць канец надзей на „русское направление“,— пісаў ён, абураны урадавым цыркулярам,— „упэўніўшыся, што нас мала, паважылі задушыць нашую групу“ (гл. П. Милюков „Из истории русской интеллигенции“, стар. 69-70).
  12. «Вестник», 1863, кн. ХІІ, отд. ІІІ, стар. 113 і наступн.
  13. А. Пыпин «Истор. русск. этногр.», т. IV, стар. 95.
  14. „Вестник“, 1871. кн. І, отд. ІІІ. стар. 2.
  15. „Вестник“, 1803, кн. І, стар. 84.
  16. 1 „Основа“, 1862, апрель.
  17. „Хата“, альманах, Харків, 1860, стар. VIII—XIV.
  18. С. Щеголев „.Украинское движение как современный этап южно-русского сепаратизма“. Киев, 1912, стар. 58.
  19. Згодна сакрэтнага загаду Сыноду, духавенства заходніх губэрань мусіла падпісвацца па «Вестник зап. России» ў парадку абавязковым. Аднак, як відаць са скаргаў Гаворскага, духавенства літоўскай і валынскай епархій ня выпісвала і 100 экз. Самым галоўным падтрыманьнем «Вестника» быў загад ген.-губ. Назімава і віл. папячыцеля Шырынскага-Шыхматава, згодна якому гэты часопіс павінен быў выпісвацца за скарбовы кошт ва ўсе школы і бібліотэкі на Беларусі. Вось чаму да ванны «Вестник» можна было знайсьці амаль у кожнай школе былой Віленскай вучэбнай акругі (гл. ліст Гаворскага кн. С. Урусаву ад 8 верасьня 1863 г.).
  20. Ліст К. Гаворскага кн. С. Урусаву ад 8 верасьня 1863 г. (у Рукап. аддз. Ленінградзкай Публ. бібл.).
  21. „Киевская Старина“, 1882, май, стар. 235—238.