Перайсці да зместу

Завіруха (1929)/Я зноў — дзе поле каласамі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Русалка ⁂ Я зноў — дзе поле каласамі
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Вясну пяю
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я зноў — дзе поле каласамі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Я зноў — дзе поле каласамі
Свайму поэту б‘е паклон,
Дзе між зялёных паясамі
Спавіты вузкі мой загон.

Я зноў — дзе вольхам і бярозам
Купае сонца галаву
І жменяй згорнутыя сьлёзы
Расою сыпле на траву.

Я зноў — дзе птушак пералівы
Зьвіняць, як струнаў перабор,
Дзе чорнай хмараю дажджлівай
Стаіць на ўзгорку шумны бор.

Я зноў — дзе рэчкі і выгары
Блішчаць люстэркай між балот,
І новай глебе шэпча чары
Вясёлым громам небасход.

Гляджу ў заплаканыя вочы
Старых жабрачак — родных хат,
Дзе па-над стрэхаю рагоча,
Мяне спаткаўшы, вецер-хват.

Я з ім па краю пранясуся
І прывітаю вольну шыр,
І песьняй ліры памалюся
На незасеяны пустыр.

На сенажаці паначую:
Там буду коняй вартаваць…
Расклаўшы вогнішча, хачу я
Начлег мінулы ўспамінаць.

Дзіцячых год вярну я гульні
Скакаць я буду праз агонь,
Пакуль ня спудзіцца вадгульлем,
На небе месяц — белы конь.

Нясьпелым жытам сінявокім,
Як родны сын, а ня чужы,
На мора траў пайду далёка
З касою вострай па мяжы.

Там ліры гук і посьвіст косаў
Злучу ў адзін нячутны хор.
І на балоце сьлед мой босы
Прыгожы вытапча узор.

Ад зморы соладка спачыну,
На сене сьвежым задрамлю,
Як неба ў чорную аўчыну
Зашые сонную зямлю.

Калі-ж у марах мне — поэту
Пашле натхненьне ціхі змрок,
Як з васількоў блакітных летам,
бавы я з вобразаў вянок.

10-VI 1922 г.