Мяжою вузкаю ішоў я родным полем,
Мой хмуры твар чапалі жыта каласы,
Шапталі мне яны чароўну казку волі,
Манілі на прастор — у сьвет жыцьця красы.
Пеў пташак стройны хор у паднябеснай высі,
А на зямлі трашчалі кавалі-стракозы…
Шмат кветак між травы вяночкамі спляліся
І пах свой разьлілі, каб быў я нецьвярозы…
Хацелася мне пець… хацелася маліцца,
Хацелася за ўсё прынесьці сьвету дар…
Зірнуў я ў сіню даль… аж бачу мітусіцца
Між хвалі каласоў дзяўчыны белы твар.
Застукала ў грудзях… туман спавіў мне вочы…
Хацеў я уцякаць, нібы яе ня бачыў…
Яна-ж — жывая здань… Жартуе і рагоча
І бліжай да мяне, падняўшы рукі, скача,
Прыгожы, гібкі стан, а вочы, нібы зоркі,
А валасы — нібы травы шаўковай пук…
І чую раптам я салодкі сьпеў гаворкі,
Які і узбудзіў у грудзях сэрца стук.
„Прыгожы, мілы мой, ідзі у хвалі жыта,
Спазнаеш ласку ты загінуўшай дзяўчыны. З красою гэтых ніў душою будзеш зьліты…
Я веру, дарагі, што тут мяне ня кінеш.
Ці помніш ты лясок, гамонку дрэў шумлівых,
Ці помніш погляд зор у вечнай сіняве,
Калі ў каханьні мне ты кляўся жартаўліва,
Пад зьзяньнем месяца ля рэчкі на траве?
Ці помніш, калі ноч свае паслала чары,
Як шчадна прыхіляў к гарачым губам шчокі?
І рой дзявочых дум разьнёс, як вецер хмары.
І шчасьце ты спазнаў там з птушкай сінявокай,
Спазнаў мяне?.. Няўжо мінулае каханьне
Загінула ў цябе?.. Твой дух жывы
Ня думаў мець са мною тут спатканьне,
Каб шчасьце зноў спазнаць у полі між травы?..
Ідзі ка мне!..“ „Яна!. Загінь-жа ты, загінь…
Яшчэ вясною… ты ў рэчцы затанула…
Але твой твар… твой погляд вочак сініх…
„Ідзі ка мне“ паціху, як тады шапнула…“
Ага, спазнаў!..“ панёсься рогат гучным звонам,
У шуме каласоў далёка дзесь заціх…
„ратуйце!..“ крыкнуў я, нібы шалёны,
Калі сустрэўся зірк яе вачэй жывых…
… І помню, як праз сон я дзіўны сьвіст у полі,
Як віхар гнуў к зямлі калосься ўсе сьцяною,
А ў небе гром грымеў, так моцна, як ніколі,
І некі баль чарцей спраўляўся нада мною…
..................
.................. Калі прачнуўся я — была ўжо ціша ночы…
Нібы крылом якім, зямлю ахутаў змрок…
Мне страшна і цяпер… Здаецца, зноў рагоча.
Як вецер данясе калосьсяў шум здалёк…
Здаецца, бачу я яе нібы жывую,
Здаецца, зноў к сабе, чаруючы, гукае…
І ўспамінаю я дзяўчыну маладую,
Што, кінуўшысь у вір, русалкаю гуляе…
Дзяўчынкаю была… Калісь мяне кахала,
І я яе кахаў, але кахаў на сьмех…
Цяпер яе няма… А здань яе паўстала,
Каб помсту цяжкую мне учыніць за грэх…
1922 г.
|