Надходзіў час зімы сьцюдзёнай,
Плылі над краем цёмны хмары,
Зьмяніўся колер траў зялёных,
Замоўклі жабы у выгарах.
Халодны вецер дзьмуў з паўночы
І песьню жальбы пеў у полі;
Чарней, як сажа, сталі ночы,
А ўдзень туманна, як ніколі.
І чуюць птушкі — холад, сьцюжа
Краіну раптам агартаюць…
Са смуткам ў грудзях яны гужам
У край чужацкі адлятаюць.
Апошні погляд поўны жалю
На родны кідаюць палетак…
Назад іх вабяць руняў хвалі,
Чароўны пах асеньніх кветак.
А вецер сьвішча… стогне… плача…
Сьнег беліць родныя загоны,
Мароз-траскун на полі скача,
Ён птушак не здагоніць.
Цёпла тут. Сьнягі ня ўюцца.
Спачываюць птушкі,
Але штосьці не пяюцца
Песьні-весялушкі.
Па дарозе ў край далёкі
Шмат хто з іх загінуў,
І тут ім няма палёгкі, —
Не свая краіна.
Цераз моры-акіяны
Думка іх нясецца
У той бок, дзе край каханы,
Цяжка дзе жывецца.
Яны ведаюць: там бура
Гнёзды раскідае,
Поле роднае віхура
Сьнегам замятае.
Яны знаюць: жыць там трудна
Вераб‘ю, сініцы…
А вясны чакаць як нудна!
Вясна толькі сьніцца.
Але вераць, вераць птушкі,
Думка іх ня згіне…
Сьпяюць песьні-весялушкі
На сваёй краіне.
Ад берагоў ракі далёкай — Ніла
Лятуць вясёлымі яны,
У родны край, дзе ўсё так сэрцу міла,
Дзе сонца бліснула вясны.
„Вясна! Вясна!“ Яны запелі песьню,
Лятуць на родны свой загон…
Пад хмарамі спляліся птушкі цесна,
Ня моўкне сьпеваў перазвон.
Гараць агнём пабачыць вольны нівы,
На родны узьляцець прастор…
І ў ясны дзень, і ноччу палахлівай
Нясуцца шляхам вечных зор.
Цяпер нішто, нішто іх ня пужае,
Забылі блуканьня цяжар,
Бо ведаюць — іх родны кут чакае,
Дзе сонца сьвеціць — волі дар.
І толькі сум, як змрок які нахлыне,
Калі ўпадзе хто з-пад нябёс,
Агорне жаль, што мілай тэй краіне
Жыцьця свайго ён не данёс.
Праходзіць сум… Ізноў яны нясуцца
На родны край, дзе зьнікнуў цень…
Ад песьні іх лясы там скалыхнуцца, —
Вітаць якою будуць дзень.
Па вузкіх загонах поля,
З высокіх гор
Струйкі пабеглі паволі
На вольны прастор.
І траўка каўром аксамітным
Краіны убрала абшар;
На небасхіле блакітным
Няма хмар.
Новай вясны
Кветкі на сенажаці…
Ужо прыляцелі яны,
Дзе зямелька—маці.
На гнязьдзе, раскіданым бураю,
Бусел клякоча…
Ластаўка ўецца віхураю —
Над хатаю новай клапоча.
Жаўранак звоніць
Над вольным аратым…
Цяпер яго ястраб ня зловіць…
Крумкач не ўзаўецца над хатай…
Калі-ж і падымецца хмара
Над роднаю, вольнаю нівай, —
Дожджык патушыць пажары,
Зробіць зямлю урадлівай…
Сьцюжа зімова мінула,
Бура пакінула выць…
Вясна на наш край заглянула, —
Мы будзем жыць!
26-III 1922 г.
|