Перайсці да зместу

Завіруха (1929)/Песьня беларуса

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пад крыжам Песьня беларуса
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Памяці Алеся Гаруна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня беларуса (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ БЕЛАРУСА

Ні асеньні вецер ў гаю
Вые-завывае,
Беларус аб родным краю
Жаласна сьпявае.

Ў кожнай песьні ён ад сэрца
Праклінае долю,
Жыць ня хоча ў паняверцы —
Рвецца ён на волю.

Няхай ў песьні жальбу чуюць
Аб нашай нядолі,
Можа прыдуць, пашкадуюць,
Дадуць хлеба, солі…

Эх, ня трэба нам ахвяры,
Прасіць вас ня будзем,
Вось, як зьнікнуць гэты хмары,
Самі ўсё здабудзем.

Зьнікнуць хмары, сонца ўзыйдзе
І над нашым краем,
Грамадою тады выйдзем
Песьню засьпяваем.

Каб пачулі лес і поле
І памаглі пеці,
Што жывуць ужо на волі
Роднай зямлі дзеці.

А цяпер ня плач дарэмна,
Беларус, мой браце,
Хоць і кпяць з цябе нікчэмна
Ў тваёй нават хаце.

Хутка прыдзе час-гадзіна, —
Вораг кіне кпіці:
Яму будзе дамавіна,
А мы будзем жыці.

1-IX 1919 г.