Ня страшна мне зусім
Мінулых дзён пазбытая няволя…
Я ад яе уцёк, замкнуўшы за сабою
Жалезныя вароты…
І блукаю цяпер між небам і зямлёю,
Нібы жабрак сьляпы, хаджу я каля плоту
І вобмацкам шукаю долі…
Ужо даўно
Праз чорны дым паўдзённага туману
Гляджу я ў потнае вакно
Вялікай будучыны…
Мне хочацца разьбіць яго… разьбіць і глянуць, —
Якія колеры хварбуюць новы сьвет?..
Вы чуйце: я — поэт,
Але мяцеліцы сьвінцовых куль
Я не баюся…
Схаваныя ў магілах гурбы цел,
Ня многа вырастуць, калі там лягу я…
Наперад рвуся!..
Змагаюся бясконца,
Пакуль
Ня ўбачу яснага з-за хмар няпраўды сонца. Я ведаю, што вас пужаюць крыкі
Маёй душы,
Бо я свабодны сын,
Спрадвеку стогнучых, пакрыўджаных людзей…
Ад слоў маіх загіне бог ваш,
Бог вялікі,
І сьветам уладаць ня будзе ён адзін…
За мною шмат ідзе, — з адвагаю і сьмела!
Чым больш людзей — дарога карацее…
Цяпер я блукаю, шукаю новы сьвет,
Гляджу ў вакно, дзе з кожным днём сьвятлее.
Мой шлях — чырвонай плямы сьлед…
Я — поэт!
І гэтыя сьляды вільготнага пяра,
Чырвонай йстужкаю таксама мітусяцца…
Але мой кліч да вас: „пара!..
Чаго пужацца?!“
1921 г.
|